Акадэмiя кipaвання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь Cicтэма адкрытага навучання


Паняцце арфаэпіі. Вымаўленне галосных



бет6/30
Дата05.07.2016
өлшемі1.3 Mb.
#179864
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   30

Паняцце арфаэпіі. Вымаўленне галосных


Зразумеласць і дакладнасць вуснага маўлення дасягаюцца не толькі правільнай пастаноўкай націску ў фанетычных словах, неабходнай інтанацыяй выказвання, але і нарматыўным вымаўленнем яе асобных галосных і зычных гукаў, іх спалучэнняў (гл.: ЯНКОЎСКІ 1966). Распрацоўкай агульнаабавязковых норм літаратурнага вымаўлення займаецца раздзел мовазнаўства, які называецца арфаэпіяй. Веданне арфаэпічных норм і карыстанне імі ў паўсядзённым маўленні служыць паказчыкам агульнай культуры чалавека, якой не можа быць без культуры маўлення, а праз маўленне матэрыялізуецца ўвесь духоўны свет чалавека, вызначаецца змястоўнасць і багацце гэтага свету.

Выпрацаваныя і закадыфікаваныя ў спецыяльнай літаратуры (навуковай, даведачнай, вучэбнай) арфаэпічныя нормы знаходзяцца ўвесь час пад уплывам гутарковага спантаннага маўлення, або ўзуса, які служыць антыноміяй нормы і супярэчнасць з якім вядзе з цягам часу да змяненняў у мове. У варунках масавага білінгвізму, што характэрны для Беларусі, найбольш значнаму ўздзеянню беларускія арфаэпічныя нормы падлягаюць з боку рускага маўлення, што прыводзіць да інтэрферэнцыі, у тым ліку і на фанетычным узроўні мовы, і да ўзнікнення трасянкі, дзе змешваюцца рысы беларускага і рускага вымаўлення. Акрамя таго, літаратурныя нормы маўлення аказваюцца пад уплывам асаблівасцяў дыялектнага вымаўлення многіх носьбітаў мовы, а таксама арфаграфіі, калі напісанае слова агучваецца непасрэдна ў абход арфаэпіі. Каб пазбегнуць уплыву ўсіх згаданых фактараў правільнае літаратурнае маўленне павінна бесперарыўна знаходзіцца пад усвядомленым кантролем самога прамоўцы, што патрабуе і значнай увагі і інтэлектуальных высілкаў, бо згодна з прынцыпам эканоміі энергіі, або проста «чалавечай лянотай» (гл.: ПОЛИВАНОВ 1968, 81), кожны чалавек імкнецца гаварыць як яму зручней, з меншымі нама-ганнямі, карацей. Памянёны прынцып прыводзіць звычайна да такой лаканічнасці вуснага маўлення, калі скарачаецца выказ-ванне да эліптычных форм, а ў фанетычным слове больш менш выразна чуюцца толькі націскныя галосныя, у той час як канчаткі слоў могуць страчвацца, гэтаксама як і ненаціскныя галосныя, што рэдукуюцца часам да сваёй поўнай непазнавальнасці.



Арфаэпічныя нормы літаратурнага вымаўлення патрабуюць ад прамоўцы або выразнай артыкуляцыі ўсіх гукаў, або такога іх гучання, якое знаходзіцца ў межах пэўных правіл, выпрацаваных і замацаваных практыкай маўлення і рэкамендаваных у сацыяльным ужытку. Дадзеныя нормы ў адносінах да ўсіх націскных галосных беларускай літаратурнай мовы, а таксама ў дачыненні да ненаціскных і, ы, у зводзяцца да іх выразнага вымаўлення. Астатнія ненаціскныя галосныя рэдуцыруюцца, але таксама не страчваюць усіх сваіх акустычных якасцяў. У адпаведнасці з характэрнай фанетычнай рысай беларускай мовы – аканнем, галосныя о, э, а пасля цвёрдых зычных ва ўсіх ненаціскных складах пераходзяць у а, вымаўляюцца як а, за выняткам не засвоеных іншамоўных запазычанняў і асобных беларускіх лексем (параўн.: інжынер, рэкорд, крывавы і інш.). Гэтыя ж гукі о, э, а пасля мяккіх зычных у першым пераднаціскным складзе пераходзяць таксама ў а, але на пісьме ён перадаецца як я, а сам працэс называецца яканнем (параўн.: лясок, нясу, цяпер і інш.). Пачатковы гук і пасля цвёрдых зычных (акрамя г, к, х ), што стаяць у канцы папярэдныга слова, а таксама ў складаных словах з першай часткай на цвёрды зычны, пераходзіць у гук ы (параўн.: горад [ы] вёска, лес [ы] поле, Іван з [ы] рай, пед[ы] нстытут і г.д., але смех [і] грэх і да т.п.). Пасля галоснага ў сярэдзіне слова перад націскным і вымаўляецца эпентэтычны (устаўны) гук й (параўн.: кра[йі]на, сва[йі]мі і г.д.), які ўзнікае таксама перад націскным і ў пачатку слова, марфемы, пасля апострафа і мяккага знака (параўн.: [йі]голка, за[йі]мжыць, сям[йі], Іль[йі]ч і г.д.). Эпентэтычны й узнікае і пры вымаўленні запазычаных слоў паміж спалучэннямі галосных (параўн.: сацы[йа]льны, ды[йа]лог і да т.п.). У тых выпадках, калі ў канцы папярэдняга слова стаіць галосны гук, і пераходзіць у й (параўн.: хлопцы [й]граюць, на [й]ржышчы, арэхі [й] жалуды і да т.п.). Прыназоўнік у і пачатковы у вымаўляюцца як ў, калі папярэдняе слова заканчваецца галосным (параўн.: [зазвінела ў вушах], [чытала ўчора] і да т.п.).

Вымаўленне зычных


У беларускай мове ёсць зычныя гукі, якія адсутнічаюць у суседняй рускай мове, у прыватнасці афрыкаты дз, дз’, дж, што абазначаюцца на пісьме двума літарамі, але вымаўляюцца як адзін гук. Цвёрдая афрыката [дз] сустракаецца толькі у запазычыных і гукапераймальных словах (параўн.: нэндза, дзынкаць і інш.). Гук [дз’] ужываецца ў беларускай мове значна часцей, чым [дз] і ўзнік на месцы этымалагічнага мяккага [д‘], які ёсць у рускай мове, але адсутнічае ў беларускай (параўн.: дед і дзед, дети і дзеці і інш.). Гук [дж] прыдатны ў асноўным дзеяслоўным формам (параўн.: сяджу, гляджу і інш.), а таксама аддзеяслоўным назоўнікам (параўн.: адраджэнне, пасяджэнне і інш.) і з’яўляецца адносна рэдкім гукам. На мяжы прыстаўкі і кораня сустракаюцца спалучэнні гукаў [дз], а таксама [дж], якія вымаўляюцца асобна (параўн.: пад-земка, ад-жаць і да т.п.). Адсутнічае ў беларускай мове і мяккі зычны [т], на месцы якога вымаўляецца [ц’] (параўн.: кот, але ко[ц’] ік, рот, але ў ро[ц’]е і інш.).

Гук [г] у беларускай мове служыць звонкім фрыкатыўным гукам, які па першай прыкмеце супраць-пастаўляецца глухому [х], а па другой – выбуховаму [к] (параўн.: [г]ор і [х]ор, [г]од і [к]од і інш.). Выбуховы г вымаўляецца толькі ў некаторых словах, запазычыных пераважна з польскай мовы (параўн.: [г]узік, шва[г]ер і інш.). Гукі ж, ч, ш, р вымаўляюцца заўсёды ў беларускай літаратурнай мове цвёрда (параўн.:[ж]ыццё, [ч]орны, [ш]эпт, пе[р]ад і інш.). Гэтаксама цвёрда вымаўляюцца губныя гукі п, б, м, ф у канцы слоў і перад й (параўн.: [б’]йу, цэ[п], се[м], скі[ф], [п’]йаны і інш.). Губна-зубны зычны [в] на канцы слова, а таксама паміж галоснымі перад зычным вымаўляецца як [ў] (параўн.: мова – моў, словаслоў, галава – галоўка і інш.).

Звонкія зычныя ў беларускім літаратурным вымаўленні перад глухімі і ў канцы слоў страчваюць прыкмету звонкасці, гэтаксама як і ў рускай мове, але ў адрозненне ад украінскай (гл.: АНІЧЭНКА 1982, 50), і гучаць як глухія, а глухія перад звонкімі, наадварот, вымаўляюцца як звонкія (параўн.: гора[т], гара[т]ка і ка[з’]ба і інш.). Зубныя зычныя с, з у палажэнні перад мяккімі зычнымі (апрача г, к, х) прыпадабняюцца ім і вымаўляюцца мякка (параўн.: [с’]певы, [з’]лева і інш., але [с]ківіца, [з]гінуць і інш.). Свісцячыя зычныя перад шыпячымі, а шыпячыя перад свісцячымі прыпадабняюцца да адпаведных гукаў, г.зн. да гукаў, што ідуць пасля іх (параўн.: [ш]ытак ‘сшытак’, чэ[с]кі ‘чэшскі’ і інш.). Змякчаюцца перад мяккімі зубнымі зычнымі [дз’], [ц’], [н’], а таксама перад [й] і зубныя гукі [н], [л] (параўн.: [каман’дз’ір], [л’йэ] і інш.), якія, аднак, перад астатнімі мяккімі зычнымі застаюцца цвёрдымі (параўн.: [тонк’і], [палк’і], і інш.). Заднеязычныя [г], [к], [х] перад мяккімі зычнымі вымаўляюцца як цвёрдыя (параўн.: [выгл’ат], [кл’ін], [хл’еп] і інш.). Зычныя гукі ў спалучэнні з й вымаўляюцца падоўжана (гл.: КАРСКИЙ 1962, 446), гэтаксама як зычныя дз, ж, з, л, н, с, ц, ч, ш у становішчы паміж галоснымі (гл.: БЕРНШТЕЙН 1961, 266), што адлюст-роўваецца на пісьме падвоеным напісаннем адпаведных літар (параўн.: палаводдзе, збожжа, рыззё, галлё, карэнне, калоссе, смецце, ноччу, узвышша і інш.). Зубныя змычныя гукі д, т перад афрыкатамі ч, ц прыпадабняюцца ім і вымаўляюцца адпаведна як падоўжанае ч або ц (параўн.: [рак’ечык], [у буцы] і інш.). Перад мяккімі зычнымі [в], [м] гукі [д], [т] змякчаюцца і гучаць як [дз], [ц] (параўн.: [дз’ве], [змярц’в’елы] і інш.). Спалучэнні зычных [зск] вымаўляюцца як [ск] (параўн.: кіргі [ск]і і інш.), а [дск] як [цк] (параўн.: лю[ц]кі і інш.). Спалучэнне зычных [чн] вымаўляецца нязменна (гл.: ЯНКОЎСКІ 1972, 66) згодна з напісаннем (параўн.: гу[чн]ы, бае[чн]ы і інш.).

Аднак на мяжы слоў спалучэнні зычных гукаў не заўсёды падпарадкоўваюцца зазначаным правілам, што залежыць найперш ад хуткасці маўлення, індывідуальных асаблівасцяў прамоўцы і іншых фактараў. Так, шыпячыя перад свісцячымі на стыку слоў могуць мяняцца толькі па прыкмеце глухасці / звонкасці: глухія прыпадабняюцца звонкім (параўн.: [не бол’ж за нас] і інш.), а свісцячыя перад шыпячымі вымаўляюцца як шыпячыя, г.зн. падпарадкоўваюцца агульнаму правілу, якое тычыцца вымаўлення спалучэнняў адпаведных зычных і ўнутры слова, а таксама на мяжы толькі службовых і знамянальных слоў (параўн.: [жахам] ‘з жахам’, але [воз жыта] і інш.). Вымаўленне слоў іншамоўнага паходжання таксама мае пэўныя адхіленні ад норм літаратурнага вымаўлення, бо на адпаведныя словы, напрыклад, не распаўсюджваецца дзеканне (параўн.: дэкада, дыяспара і інш.) і цеканне (параўн.: тэатр, тэзіс і інш.); на месцы афрыкаты дж можа ўжывацца спалучэнне гукаў дж (параўн.: джэм, таджык і інш.).



Такім чынам, у многіх выпадках арфаэпічных норм беларускага літаратурнага вымаўлення пры дэрывацыі слоў і змяненні іх граматычных форм адзначаюцца разнастайныя чаргаванні як галосных (параўн.: аканне, яканне), так і зычных гукаў (параўн.: прыпадабненне гукаў, іх падоўжанае вымаўленне і інш.). Дадзеныя чаргавані назіраюцца ў пэўных пазіцыях гука ў слове, таму называюцца пазіцыйнымі. На якасць вымаўленага гука ўплываюць суседнія гукі, а на якасць галосных дадаткова і іх адносіны да месца націску ў слове (гл.: ЮРГЕЛЕВІЧ, 1974, 47).

Кантрольныя пытанні да лекцыі №2


  1. Назавіце прадмет вывучэння фанетыкі.

  2. Хто з’яўляецца вынаходнікам літарнага пісьма для славянскага пісьменства?

  3. Для чаго выкарыстоўваецца фанетычная транскрыпцыя?

  4. Што вывучае арфаэпія?

  5. Якія зычныя гукі беларускай мовы адсутнічаюць у рускай?


Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   30




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет