Раздзел IV. “Вялікае прыпірышча” Макееўшчына вельмі старая. Можа ад пачатку свету



бет1/8
Дата20.06.2016
өлшемі445 Kb.
#148807
  1   2   3   4   5   6   7   8

Раздзел IV. “Вялікае прыпірышча”

Макееўшчына вельмі старая. Можа ад пачатку свету.


Апалёнія Бубен, адна з старэйшых жыхарак

Вёска Макееўшчына стаіць на невысокай выспе, акружанай з трох бакоў разложыстай далінай ракі Шчары з паплавамі ды забалочанымі гаямі. І сапраўды можна ўявіць, што калісьці, пасля патопу, тут магла прыстаць барка з нейкім родам Маккавееў. Ад іх і пайшла назва вёскі – Макееўшчына. Аднак больш верагодна, што тут асела некалькі родаў з тых жа мекленбугскіх ваяроў, што заснавалі Дарава і Літву. Але і такім выпадку Макееўшчыне каля тысячы гадоў. То і не дзіва, што за такі працяглы час тут склалася грамада мужных, свабодалюбівых людзей, якія не толькі баранілі ўласныя жыццё і жытло, але і давалі прытулак пакрыўджаным ды гнаным.

І менавіта макееўшчынцы з жыхарамі суседняй вёскі Гарбачы яшчэ падчас Першай сусветнай вайны пабудавалі сабе капліцу, з якой і пачалося адраджэнне Дараўскай парафіі.

Заснаванне Макееўшчынскай парафіі




Dekretem Władzy Diecezjalnej z dnia 10 lipca b.r. zostały erygowane parafie w dekanacie Baranowickim: Makiejowszczyzna..”*


Miesięcznik Diecezji Mińskiej. Nowogródek, Pińsk, 1925. № 1-7. C. 13.

Ні ў даведніках, ні ў архівах не ўдалося знайсці звестак пра хоць бы нейкія старадаўнія культавыя збудаванні ў Гарбачах ды Макееўшчыне. Але, пэўна ж, былі там завадатары супольнай малітвы. Пані Апалёнія Бубен расказала, што ў Гарбачах жыў адзін набожны чалавек, называўся Гальяш. Ён клапаціўся пра духоўнасць аднавяскоўцаў, збіраў вернікаў на ружанцовую малітву ды часам выконваў нават пэўныя функцыі святара. Яна згадала такі выпадак.

У 1915 годзе сям’ю Апалёніі спасцігла бяда: ад выбуху нямецкага снарада, які трапіў у іх хату, загінулі яе бацька ды чацьвёра дзяцей. Тады ўратаваную трохмесячную Польцю занеслі ў схрон да Гальяша. І ён там яе „ахрысціў з вады” – ахрысціў, як умеў, бо лічыў, што так трэба зрабіць. Пасля, як скончылася вайна, маці завезла Польцю ў Сваятычы і там яе ахрысціў ксёндз паводле адпаведнага каталіцкага абраду.

У той час быў такі загад царскага ўраду, каб людзі з набліжэннем фронту пакідалі свае сядзібы і падаваліся ў бежанства. Так і ў вёску Гарбачы прыблукаў ксёндз з сваім „рухомым і нерухомым” скарбам. Старэйшая жыхарка Макееўшчыны пані Ванда Віктаровіч згадала, што гэта быў ксёндз Ян Даўгіс. Дарэчы, у кнігах Дараўскага касцёла сустракаецца такое прозвішча.

Ён у першы год нямецка-расейскай вайны прыблукаў у Гарбачы і стварыў там часовую капліцу. Безумоўна, пад ягонай апекай будавалася і капліца ў Макееўшчыне. Там жа для яго паставілі і невялікую клябаню. Так ксёндз Ян Даўгіс стаў заснавальнікам новай парафіі – Макееўшчынскай. Можна смела сказаць, што ён спрычыніўся і да выхавання гарбачоўцаў ды макееўшчынцаў на сапраўдных хрысціянаў. Не выпадкова менавіта ў Макееўшчыне знаходзілі надзейны прытулак святары з далёкіх краёў і з суседняга Дарава. Не выпадкова рэлігійнае жыццё Дараўскай парафіі адрадзілася менавіта тут, а парафіяльная грамада самой Макееўшчынскай капліцы ўжо дзевяноста гадоў выхоўвае вернікаў паводле Хрыстовай навукі ды ўзносіць хвалу Богу.

Некаторыя звесткі пра першага макееўшчынскага пастыра ўдалося знайсці ў архіве. Там захоўваецца “Фармулярны спіс пра службу пробашча Дукшцігалскага касцёла ксяндза Яна Даўгіса за 1904 год”.

“Ксёндз Ян Даўгіс, 31 год, з сялянаў. Вучыўся з 1884 года па 1890 год у Мітаўскай (г. Елгава, Латвія. – З.С.) губернскай гімназіі, а з 1896 года па 1900 год у Магілёўскай рыма-каталіцкай Духоўнай семінарыі. Высвенчаны на ксяндза ў 1900 годзе. З 1900 года прызначаны вікарым касцёла Святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбурзе. У 1901 годзе прызначаны часова на пасаду пробашча ў Бабінавічах. У 1902 годзе прызначаны часова на пасаду пробашча Чэрэйскага касцёла. І ў тым жа годзе камандзіраваны ў сяло Фашчоўка часова на пасаду пробашча. У 1903 годзе прызначаны вікарым Менскага рыма-каталіцкага катэдральнага касцёла. У 1905 годзе прызначаны пробашчам Дукшцігал-Слабадскога касцёла. Пад следствам, штрафаваны не быў. Аклад 5 класа. Ці адпавядае пасадзе ? – Дакладна так.”

Як вынікае з гэтай скупой біяграфіі, ксяндза Яна Даўгіса часта пасылалі замяняць пробашчаў. І з гэтымі даручэннямі ён добра спраўляўся, а таму пазней быў прызначаны вікарым Менскай катэдры.

Пакуль што застаецца невядомым, з якой нагоды і адкуль ксёндз Ян Даўгіс трапіў у Гарбачы. Выпадае дапусціць, што яго маглі накіраваць у Дарава, але на час ягонага прыезду Дараўскі касцёл ужо быў разбураны. Зрэшты, нельга не звярнуць увагу на звестку, што ксёндз Ян Даўгіс быў вікарым касцёла Святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбурзе. Пры нагодзе ўспомнім і пра Казіміра Ваньковіча, вікарыя Санкт-Пецярбургскага касцёла Святога Станіслава, які трапіў у Дарава раней. Нагадаем, што напярэдадні Першай сусветнай вайны часова служыў у Дараве і Антоні Ганіч, колішні вікары касцёла ў Царскім Сяле каля Санкт-Пецярбурга, дзе была летняя імператарская рэзідэнцыя.

Вядома, такое супадзенне можа быць выпадковым. Але трэба сказаць, што не ў кожную святыню на Беларусі прызначалі святароў непасрэдна ад алтара сталічнага касцёла. Дарэчы, раней ужо згадвалася, што ў Дарава амаль адначасова з Казімірам Ваньковічам прыслалі ксяндза Леанарда Кавэцкага, і яны ўдвух адрадзілі некалькі каталіцкіх парафіяў. І ў гэтым факце бачыцца паслядоўная палітыка касцельных уладаў дзеля адраджэння колішніх парафіяў. Але магла існаваць яшчэ нейкая асаблівая, яўная ці таемная, лучнасць далёкага Дарава з Санкт-Пецярбургам, дзе ў той час знаходзіліся адміністрацыйны цэнтр Магілёўскай арцыдыяцэзіі ды Духоўныя акадэмія і семінарыя.

Зрэшты, як там ні было, а ксёндз Ян Даўгіс працяглы час апекаваўся былымі дараўскімі парафіянамі. Пра яго і будаўніцтва капліцы ў Макееўшчыне расказала пані Ядвіга Бубен:

– Ксендзавых коней і кароў зычлівыя гарбачоўцы пабралі ў свае хлявы. Коні, ведаю, стаялі ў Міхала Віктаровіча. А самому Яну Даўгісу знайшлі прытулак у Альжбеты Бубен – Альжбетэчкі, як яе называлі аднавяскоўцы. Муж Альжбеты працаваў на чыгунцы, а таму змог пабудаваць сабе вялікую, прасторную хату. І калі сталася патрэба, Альжбета з дочкамі перабралася ў кухню, а ў адзіным вялікім пакоі хаты і наладзілі часовую капліцу. Старэйшыя парафіяне памятаюць дзве фігуркі анёлаў, якія, відаць, аздаблялі алтар. Там ксёндз Ян Даўгіс праводзіў набажэнствы ды спаўняў неабходныя абрады. Там ён ахрысціў немаўлятка Яніну, дачку млынара Юзафа Віктаровіча. Дарэчы, і пазней, калі ксёндз Ян Даўгіс паехаў у сваю парафію, у Альжбецінай хаце збіраліся аднавяскоўцы для супольнай малітвы. Там жа ладзілі маёвыя і чэрвенскія набажэнствы.

Некалі ні ў Гарбачах, ні ў Макееўшчыне, хоць там жыло шмат каталікоў, не было свае капліцы. Маліцца хадзілі і ездзілі ў Дарава, там жа вянчаліся і хрысцілі дзяцей. Але ў вайну дараўскі касцёл згарэў. Тым часам адышоў фронт, папрыязджалі людзі з бежанцаў. І колькі ім за гэты час перажыць давялося – аднаму Богу вядома. Шмат хто і назаўсёды застаўся ў чужой зямлі. Хоць бы Імшу заказаць за іх душы, а таксама выспавядацца ды і памаліцца – няма дзе. А ўжо нават і зямля была пад пляц для пабудовы святыні.

Жыў тут у Макееўшчыне адзін чалавек – Вінцэнты Бубен, разумны, вучоны. Ён быў гарбаценькі, свае сям’і не завёў. І думаў ён, што пры касцёле і веку дабудзе. То яшчэ за Мікалаем быў апісаў сваю зямлю на касцёл.

Пачалі гаварыць людзі, што перш трэба будаваць хоць бы капліцу. Але з чаго? Ды, дзякаваць Богу, знайшоўся спосаб.

Як на Шчары стаў фронт, то ад станцыі Пагарэльцы да лініі фронта рускія праклалі дарогу, для якой на балоце недалёка ад Гарбачоў была насыпана грэбля. І калі фронт адступіў адсюль, людзі сталі раскопваць тую грэблю. І сапраўды выявілася, што гэта не грэбля, а нібы маставая, бо там не толькі была насыпана зямля, але і былі пакладзеныя расколаныя напалам бярвенні – плашчакі. І тады нехта з гарбачоўцаў прапанаваў зрабіць з тых плашчакоў капліцу.

Тыя плашчакі былі занадта тонкія, а таму з іх нельга было рубіць сцены. То вырашылі будаваць капліцу «ў шулы», бо гэтым спосабам можна зрабіць больш прасторны і доўгі будынак. У зямлю закапалі старчаком шулы – драўляныя слупы, у якіх з двух бакоў былі высечаныя пазы. У гэтыя пазы і закладваліся канцы адпаведна абчасаных плашчакоў. Такі спосаб значна аблегчыў будаўніцтва, і ўжо неўзабаве на макееўшчынскім выгане стаяла крытая саломаю капліца, невялікая: пятнаццаць на шэсць метраў.

`– Тая капліца толькі так называлася, а была як павець, – успамінае пані Апалёнія Бубен. – Яна то была вялікая, але не мела столі і была падобна больш на стадолу. І калі ксёндз меўся прыехаць і наказваў праз каго-небудзь, што ў нядзелю будзе набажэнства, то мы ішлі і выганялі вераб’ёў, бо яны там ляталі.

Тую капліцу ўспамінае і пані Яніна Віктаровіч:

– Я ніколі не забудуся, як у той даўнейшай капліцы хораша было. І сягоння бачу: пан Езус свечачку трымае, а сонца як засвеціць праз шчыліну і якраз на тую свечачку. І яна ўжо нібы гарыць…

Але вернемся да аповеду пані Ядвігі Бубен.

– Капліцу пабудавалі, але не было алтара і не было каму і не было з чаго яго зрабіць. І тут мой тата дапамог маміным аднавяскоўцам, бо яна была з Гарбачоў, а замуж пайшла ў Літву.

Калі мы, ды і ўсе літоўскія людзі вярнуліся з бежанцаў, з-пад польскага горада Ломжы, то першы час жылі ў нямецкіх бункерах і такіх крытых акопах. У адным нямецкім акопе пасяліліся чатыры сям’і. У ім немцы былі абсталявалі капліцу: хоць і вайна была, а нямецкім салдатам было дзе маліцца. Гэтая капліца была ўкопана па вокны ў зямлю. І ў сярэдзіне ўсё было зроблена хораша, каб можна было і свечкі, і кветкі паставіць. І мы, дзеці, рвалі кветкі і прыносілі туды. Там нашыя літоўскія жанчыны маліліся, адгаворвалі ружанец. Стаяў там і алтар. Мой тата і падказаў гарбачоўцам забраць яго. Так у макееўшчынскай капліцы з’явіўся і алтар. І праслужыў ён доўга.

Пачалі людзі старацца, каб прыслалі ім ксяндза. Купілі нават дамок у Баранавічах, перавезлі яго ў Макееўшчыну, каб была і клябаня. Неўзабаве і ксёндз прыехаў. (Верагодна, пані Ядвіга мела на ўвазе ксяндза Яна Даўгіса, але то мог быць і даваенны дараўскі пробашч ксёндз Казімір Ёдка, бо ягонае імя сустракаецца ў кнігах Дараўскага касцёла за травень 1916 года. Прыязджаў у Макееўшчынскую капліцу і ксёндз Кардзіс, пробашч Сваятыцкага касцёла.)

Не прайшло і дзесяці гадоў – пачала тая капліца хіліцца. Зроблена ж яна была на скорую руку. Падгнілі тыя тонкія шулы. Вось-вось разваліцца. І вымушаныя былі Макееўшчынскую капліцу разабраць, каб часам яна не развалілася сама ды не нарабіла бяды. Хацелі пабудаваць у Макееўшчыне касцёл на тым месцы, дзе капліца стаяла. Урэшце макееўшчынскія парафіяне пагадзіліся, што лепш сініца ў руках, чым журавель у небе.

Намовілі архітэктара Жаландкоўскага зрабіць праект, і ён склаў план і зрабіў чарцёж новай капліцы. Зрабілі добры падмурак. Выбралі лепшыя плашчакі, купілі недзе стары будынак і ў 1925 годзе пабудавалі новую капліцу, але невялікую, як хатка. Таго ж году Дыяцэзіяльныя ўлады сваім дэкрэтам ад 10 ліпеня зацвердзілі Макееўшчынскую парафію і далучылі яе да Баранавіцкага дэканату.

Калі ў 1935 годзе прыязджаў біскуп, у яго прасілі дазволу на пабудову касцёла. Але гэтым разам стаў супраць дараўскі ксёндз Станіслаў Шаплевіч. Пазней, як ён у нас хаваўся, то Ясь Бубен, бацька майго мужа Аляксандра, папракаў яго, што не дапусціў, каб біскуп дазволіў рабіць касцёл. То Шаплевіч сказаў, што ён не на гэта думаў, хацеў перш зрабіць у Дараве, а тады вам тут, бо на дзве будоўлі замала сілы…

Пасля, калі дараўскі касцёл ужо асвяцілі, людзі з Гарбачоў і Макееўшчыны намерыліся злажыцца і хацелі будаваць свой, мураваны, вялікі. Захаваўся і малюнак, якім уяўляў той касцёл баранавіцкі архітэктар Браніслаў Іваньчык. Але, відаць, на вялікую будоўлю не хапала сродкаў. Здолелі закласці толькі падмурак.

Пэўны час адміністратарам Макееўшчынскай парафіі быў ксёндз Францішак Уліньскі. Пра яго ўспомніла пані Яніна Віктаровіч.

– Прыслалі нам ксяндза Францішка Улінскага. Ён зусім слабы быў, ледзь жыў. Імшу правіў паціхеньку. Але нашы людзі сталі яго даглядаць. Паправіўся наш ксёндз і нават стаў Імшу спяваць. А пасля яго гаспадыня пані Тэкля прыехала. Яна была з-пад Пінску. Пані Тэкля расказвала, што не ведала, дзе Макееўшчына. Прыехала ў Ляхавічы, пытаецца, як трапіць у Макееўшчыну. А ёй кажуць, што трэба ісці ці ехаць у Вошкаўцы, а там пакажуць. Цэліце, кажуць, убачыце здалёк: там дрэвы вельмі прыгожыя. Пані Тэкля была вельмі добрая да нас, пачала нас вучыць спяваць па-лаціне розныя псальмы. Панапісвала нам лацінскія песні польскімі літарамі. Мы ўдома вывучылі псальмы на памяць і спявалі ў капліцы.
Верасень 1939
Прайшоў амаль год, як польскае войска, дабудаваўшы абарончую лінію, пакінула яе без дагляду і, верагодна, без аховы. Казалі, што памянялася канцэпцыя абароны. Ды з Саветамі была заключана дамова пра ненападзенне. А вось Нямеччына, наадварот, станавілася ўсё больш і больш небяспечнай. Войскі перакідвалі на захад, бо было відавочна, што Гітлер рыхтуецца да захопу Польшчы. Паводле артыкула № 50 Пастановы польскага ўраду ад 9 красавіка 1938 года аб агульным вайсковым абавязку „без працэдуры абследавання, а толькі на падставе дакументаў, станавіліся залічанымі на дапаможную вайсковую службу: а) святары каталіцкай канфесіі; б) законнікі; в) навучэнцы-клерыкі каталіцкіх і праваслаўных семінарыяў”.

Што праўда, дараўскага пробашча і да таго часта бачылі не ў сутане. Як успамінае пан Станіслаў Коктыш, былы міністрант дараўскага касцёла, ксёндз Шаплевіч не толькі апранаў вайсковую форму капітана польскага войска, абуваў боты з астрогамі, але меў і насіў асабістую зброю – бельгійскі браўнінг. Як распавядала пані Анна Янкоўская, ксёндз Станіслаў Шаплевіч быў намеснікам капелана Баранавіцкай вайсковай парафіі. Ён часта, як успамінаюць старэйшыя, менавіта ў вайсковай форме прыязджаў на ўрокі рэлігіі ў Русінаўскую і Гарбачоўскую школы. Зрэшты, часам яму не было магчымасці і пераапрануцца пасля выканання сваіх службовых абавязкаў у гарнізоне. Выпадае, відаць, сказаць, што ксяндзу Шаплевічу, маладому святару, вайсковая форма ўяўлялася прыкметай сталасці, павагі.

Але форма вайсковага капелана і званне капітана польскага войска маглі стаць прычынай трагедыі. Як вядома, савецкія войскі ўвайшлі ў Баранавічы 17 верасня 1939 года. А Дарава ж непадалёк. Як згадала пані Уршуля Пакаленка, таго ж самага дня савецкія кавалерысты пусцілі пасвіцца сваіх коней перад Падлессем, недалёка ад Дарава. І, мабыць, у той жа дзень, як расказаў пан Уладзіслаў Слабчык, савецкі танк напароўся на рэйку процітанкавай загароды і самастойна не мог з яе сарвацца.

Напад Чырвонай Арміі быў настолькі неспадзяваным, настолькі імклівым, што пра ўступленне дараўскага пробашча ў шэрагі польскага войска і гаворкі быць не магло. Капітану Станіславу Шаплевічу заставалася толькі адно: сысці з клябані ды, прынамсі хоць часова, затаіцца, чакаць, як паставіцца новая ўлада да афіцэраў варожага войска. Ламаць галаву, якім будзе тое стаўленне, асабліва не даводзілася. Ксяндзу Шаплевічу, безумоўна, былі вядомы факты пераследу каталіцкіх святароў у Савецкай Беларусі, а таксама чыстак у Чырвонай Арміі, то ён меў уяўленне, што магло чакаць яго асабіста.

Пра падзеі першых дзён пасля 17 верасня расказала пані Апалёнія Бубен, колішняя жыхарка вёскі Макееўшчына. Праўда, яна не памятае, ці ў той самы дзень, ці назаўтра ксяндзу Шаплевічу давялося пайсці з клябані. Відаць, ён дзесьці начаваў і раніцою вяртаўся ў клябаню.

Спаткала яго Мальвіна, але не тая, у якой жыў, і пытае: куды ксёндз ідзе? А ён кажа: дадому. Так яна яму сказала, што ксяндзоў хапаюць, што ноччу таго забралі, і таго забралі.

У тым Мальвініным пераліку было, напэўна, імя пробашча Баранавіцкай вайсковай парафіі ксяндза Антона Александровіча. Як паведамляе ў сваім “Мартыралогу святарства Пінскай дыяцэзіі за гады 1939 – 1956” ксёндз-доктар Эўгеніюш Бароўскі, вядомы даследнік гісторыі Каталіцкага Касцёла на былых усходніх землях Рэчы Паспалітай, ксёндз Антон Александровіч (год нараджэння – 11 ліпеня 1893) быў арыштаваны і загінуў 13 красавіка 1940 года ў Катыні. (У той жа год, толькі ў іншым лагеры загінулі ксёндз Юзаф Мікучэўскі, капелан юнакаў з Мядзведзіч, і ксёндз Станіслаў Курэк, пробашч Ганцавіцкай парафіі.)

То ўжо згадка Мальвінай толькі аднаго ксяндза Антона Александровіча магла пераканаць дараўскага пробашча, што сітуацыя вельмі небяспечная. Ксёндз Шаплевіч быў жа ягоным вікарым. Можна ўпэўнена сказаць, што ў той час Мальвіна Бондар непасрэдна спрычынілася да выратавання ксяндза Станіслава Шаплевіча. Але паслухаем аповед пані Апалёніі.



І ксёндз пайшоў у клябаню, нешта яшчэ ўзяў і пайшлі яны ў Падлессе. Мальвіна яго правяла. А там Казік жыў, і абедзве ягоныя сёстры, што служылі ў ксяндза. І Казік прывёз Шаплевіча да нас у Макееўшчыну.

А па-суседску з намі жыла адна адзінокая Марыя Віктаровіч. Яе брат быў паехаў у Амерыку на заробкі ды не вярнуўся Яна і кажа: Хай ксёндз у мяне пажыве. А як што, буду казаць, што гэта мой брат”. Што ж было рабіць, пагадзіліся. Але як хавацца, то трэба ўсё змяніць, ксяндзова адзенне скінуць…

Скінуў ксёндз Шаплевіч сутану і ўсё сваё, а яна падала яму братава адзенне.

Але дзе ж там скажаш, што брат. Адразу пазналі, што гэта ксёндз Шаплевіч у яе жыве, хаваецца. І людзі хадзілі. То трэба было шукаць нейкай іншай схованкі. А ў нас была стадола. І мая сястра Маня рашыла выкапаць там для ксяндза схронік.

Ужо была восень, збожжа ўсё звезена. Выкінулі з прыстаранка снапы на ток, а там Маня выкапала яму, абклала яе дошкамі і сенам. Наверх снапы зноў злажылі. Прывяла сястра ксяндза ў стадолу. І стаў ён там жыць, пакуль што… У той яме ён не сядзеў, а толькі мог схавацца. Ксёндз мог хадзіць па стадоле, праз дзверы ды праз шчыліны мог на свет глядзець. Але пераважна чытаў там. Кніжкі яму прыносілі Казікавы сёстры Стася і Аршуля.

У нашай той стадоле быў выгараджаны хлевушок, і там мы дзяржалі япручка. Так я нібы есці нясу япручку, а пастаўлю ў вядро талеркі, слоік, і ўсё, што згатую ксяндзу. Дамовіліся і на знак, калі я або сястра ідзе, каб кожны раз не лезці яму ў той схрон. Прыйду, пастукаю: ён ужо ведае, што свае.

Прыходзілі да яго тыя Казікавы сёстры, Стася і Аршуля, што ў яго раней служылі. Мы баяліся, бо людзі ж бачаць: чаго тая Стася ў чужую стадолу ходзіць. Але нічога… Прабыў ён у нас два месяцы.

А ўжо восень, холадна ў стадоле. Хоць мы яму і кажух прынеслі, але ж холадна сядзець. А як зіма настала, то рашылі перавесці ксяндза да суседзяў, да Аляксеевых, як іх у нас называлі. У іх была вялікая сям’я: бацькі, трое сясцёр і хлопец, іх брат. Але ў хаце Аляксеевых быў такі асобны пакоік. Там і ложка стаяла. І жыў у іх ксёндз можа з два тыдні. Дзяўчата яму і есці варылі. І мы ўжо да іх не хадзілі.

Потым апанаваў іх матку страх, што могуць даведацца, дзе хаваецца ксёндз Шаплевіч. А як знойдуць, то не толькі ксяндза забяруць, але ўсіх пабяруць.

І ўночы зрабіла авантуру. Ходзіць, крычыць: Цуд над Віслаю. Смерць над Шчараю”. Спалохаліся яны: будзе крычаць – будуць людзі бегчы. Угаворваюць яе дочкі: Мама, ціха! Мама, ціха!” А яна нікога не слухае. Відаць, нешта ёй у галаве зрабілася. Ну і нам наказалі. Прыбегла і я. Не дамо рады. А потым мужчыны дадумаліся. Казімір наліў халоднай вады ў вялікую мядніцу, падняў яе і паставіў у мядніцу. І яна сціхла.

Але што рабіць? Трэба яго кудысьці забраць. За ксендза і зноў да нас. А ўжо зіма стала. У стадоле не ўседзіш, а хатка наша маленькая, блізка вуліцы. Баяліся мы. Раз прыйшоў Казік Цыкман, які яго вазіў, перагаварыў з ксяндзом і кажа нам: Ксёндз хоча да Арлоўскае”. А тады яшчэ жыў сам гаспадар, Юзаф Арлоўскі. Пагаварылі з Мальвінаю. Прыйшла Арлоўская да нас і кажа: Калі будзеце памагаць мне яго даглядаць, то я вазьму”. Мы згадзіліся, і пайшоў ксёндз Шаплевіч да Арлоўскае.

Там мая сястра Маня выкапала схрон у кухні. І ксёндз хаваўся ў тую яму, як хто ідзе. А зверху заўсёды ставілі два кашы картофлі, каб не відно было тое ямы. Але Арлоўскія жылі далёка ад вуліцы, і да іх мала хто заглядваў. І ад нас яны далёка жылі, бліжай да Гарбачоў. І нам трэба было хадзіць, насіць яму есці. Хоць Арлоўская і давала есці, але ж якая там яда. Наварыць бульбы, а то і з крупамі. А ксёндз жа прывык да іншай ежы. Не ведаю, ці гатавала Мальвіна яму хоць нейкую гарбату. Але ён нічога не гаварыў, маўчаў. Ды бачу я, што змізэрнеў наш ксёндз, сінякі пад вачыма. А потым неяк мне і кажа: Польця, я ўжо не магу гэтай картофлі есці. Мне ўжо ў грудзях баліць”.

Давай я да суседак – яны добрыя кабеты, да давераных людзей звяртацца: давайце што-небудзь ксяндзу. Пачалі людзі прыносіць свяжыну, яйкі, тварог, масла, яблыкі.

Але ніхто не выдаў, дзе хаваецца ксёндз Шаплевіч. Наадварот, усе стараліся як мага аберагчы яго. Вось што расказаў пан Станіслаў Трысцень, сям’я якога жыла па-суседску.

Як ксёндз хаваўся ў Арлоўскіх, то ведалі. І я знаў, бо маці хадзіла. Наша маці звязана была. Яна хадзіла маліцца да Арлоўскіх. Ксёндз Шаплевіч кожнае раніцы Імшу правіў, хоць і хаваўся.

А жанчыны нашы ўжо такія верныя. Не толькі на Імшу хадзілі. Рабілі ўсё, што трэба было дзеля падтрымкі: збіралі і яду, і грошы. Адзін жа чалавек карміць не можа, то збіралі. А яна ўжо нагатаўлівала.

Зналі людзі, што ксёндз у Арлоўскіх. Я сам бачыў: сядзеў ён, сені адчыніўшы, на сонейку. Дзверы адчыніў, а сядзеў у сенцах.

А мы самагонку гналі. Мы схаваліся з адным хлопцам за хлеў, самагонкі паспытаць. Глянуў я – ксёндз сядзіць у сенцах у Арлоўскіх. Той хлопец, хоць і брат дваюрадны, але я думаю, каб жа ён ксяндза не ўбачыў... І я стаў так: спіною стаў да ксендза – перакрыў, каб брат не ўбачыў… Думаю, ксёндз зараз угледзіць і схаваецца… Ксёндз замеціў, што мы за хлявом, і зачыніў дзверы…

У хаце Арлоўскіх, як пацвярждае пані Апалёнія, ксёндз адпраўляў Імшу штодня.

Кожны дзень у пяць гадзін устаём. Завесім вокны. Я яму да Імшы служыла. Хоць яму і цяжка было, але ён не пераймаўся, не падаваў віду. Паправіўся. Неяк я была на рабоце, не магла занясці яму есці, то панясла мая мама. Прыйшла і кажа мне: Але ж ты і ўкарміла яго”.

Пані Апалёнія згадала, як яна выводзіла ксяндза Шаплевіча на шпацыр.

Кожны дзень, як настане вечар, і добра сцямнее, апранае ксёндз стары пінжак, падпяражацца папружкаю. І мы ідзём на вуліцу. Каля хаты Арлоўскіх была дарога. Па ёй ездзілі гарбачоўцы ў лес. І мы па той дарозе ідзём да лесу. А той пары ўжо нікога нідзе не відаць. Паходзім з гадзіну: трэба ж яму на свежым паветры пабыць. Яму непрывычна было многа хадзіць, бо ўсё конна ездзіў.

Расказваюць, што ў ксяндза Шаплевіча было чацьвёра коней.. Пані Галіна Пяткевіч успомніла, што адну кабылу называлі Дуська. Яна нават прыгадала адзін выпадак. Прывезлі хрысціць немаўлятка, дзяўчынку. Ксёндз Шаплевіч і пытае ў бацькоў, як жа будзеце называць дачушку. А яму ў адказ: “Дуська”. А ксёндз смяецца ды кажа: “У мяне кабыла так называецца”. І бацькі мусілі мяняць дзяўчынцы імя.

Як прыйшлі Саветы, то ці не ўсіх ксяндзовых коней забралі. Верным людзям ўдалося ўратаваць адну кабылу, якая мела мянушку Дуда. Ён жа і ў тыя трывожныя і небяспечныя для яго месяцы 1939 года турбаваўся пра сваю верную служку. Тады ёю апекавалася пані Апалёнія Бубен:

Была ў ксендза кабыла Дуда. На ёй звычайна ездзіў у школу на ўрокі рэлігіі. І аддаў мне яе, каб я сваю зямлю арала і глядзела яе. Прывяла яе Мальвіна разам з Казікам, ці можа і сама. То я Дуду трымала ў стадоле Вінцэнта Бубна, таго, які зямлю даў пад капліцу. А потым ажарабілася Дуда.

Адзін раз папрасіў ксёндз паказаць яму кабылу Дуду. Кажа: Я хачу паглядзець, якая яна”. Я ўдзень прывяла Дуду да Арлоўскіх, пад парог хаты. А ксёндз выйшаў на ганак, паглядзеў і кажа: Добра выглядае”. Я кабылу добра глядзела. У нас быў авёс немалочаны, то я давала снапы аўса. А то ўжо вясна стала, трава парасла.

А пасля, як ксёндз паехаў у Русіны, то сказаў мне, каб я аддала тую Дуду Мальвіне. Я і аддала, і жарэбчыка таго аддала.
Адметныя ўмовы Макееўшчыны прывабілі не толькі ксяндза Станіслава Шаплевіча. Як выявілася падчас размоваў з жыхарамі Макееўшчыны ды Гарбачоў, менавіта Арлоўскія прытулілі ў верасні 1939 года трох святароў з Пазнанскага ваяводства, якія, верагодна, вымушаныя былі ўцякаць ад немцаў.

Пра тых святароў згадвала пані Анна Янкоўская. Яна сказала, што ксёндз Шаплевіч патаемна сустракаўся з імі і нават даў аднаму цёплую камізэльку. (Яна ж сказала, што, дзякаваць Богу, усе яны перажылі ліхалецце і праз больш чым дваццаць гадоў ксёндз Шаплевіч адшукаў аднаго з іх ды перапісваўся з імі. Але пра гэта нагадаем далей.)

Пані Уршуля Пакаленка, якая тады жыла ў Гарбачах, добра памятае той час.

Як Cаветы гэтыя прыйшлі, Тэкля прыехала, і з ёю трое ксяндзоў. Гэта былі кардыналы. Тэкля жыла ў клябані – у Макееўшчыне такая маленькая хатка стаяла. Яны ж жылі ў Арлоўскае. Там было ціха, спакойна. А мы хадзілі памагаць Арлоўскай па гаспадарцы, падлогу мылі. Мы падлогу вымыем, павымываем усё, пасціраем. А тыя ксяндзы, каб хоць расказалі што-небудзь. Не! Мы хадзілі туды на ружанец. Яны ж як прыйдуць на ружанец, як укленчаць, то нікуды галавы не схіляць – так шчыра маліліся. Як што трэба, то скажуць, але каб так, як гэта чалавек з чалавекам размаўляюць, яны ні з кім, ні з кім не гаварылі. Ксёндз Рагоўскі прыязджаў, то мы пыталіся. А ён кажа: Ім белы свет не мілы”.



Да Калядаў ім панашывалі з палатна бялізны, кашуляў, а яшчэ тры кажухі ім пашылі. Апранулі як след. І паехалі яны. А нам так і не сказалі, куды іх адправілі. Я пыталася ў таты, чым іх адправілі. А ён толькі адмахнуўся: Ай, дзеці, не трэба, каб вы і зналі”.

. Выпадае меркаваць, што тыя пазнанскія ні то ксяндзы, ні то кардыналы жылі ў Макееўшчыне легальна. Прынамсі, ад сёстраў Віктаровіч, Ванды і Леакадзіі, я пачуў:

Тыя ксяндзы былі кардыналамі, але былі апранутыя ў свецкае. Яны хадзілі па вёсцы, глядзелі, як макееўшчынскія дзяўчаты і жанчыны прадуць, ткуць. Дзівіліся, як гэта простыя вясковыя жанчыны так прыгожа ўсё робяць. Да іншай гаспадарчай працы таксама праглядаліся – ім было вельмі цікава.

І ксёндз Шаплевіч пажадаў перабрацца да Арлоўскіх, пэўна ж, толькі пасля ад'езду пазнанскіх святароў. І пражыў там, як сказала пані Апалёнія, дзевяць месяцаў. Яна, відаць, палічыла ўвесь час, калі ксёндз Шаплевіч хаваўся ў Макееўшчыне.

Сядзіба Арлоўскіх стаяла здаля ад вуліцы, давераныя парафіяне і нават падлеткі надзейна аберагалі таямніцу. Але і энкавэдзісты хадзілі, шукалі. Дарэчы, высочвалі не толькі Шаплевіча. Падчас аднаго з такіх ператрусаў у Гарбачах паранілі нейкага хлопца, што хаваўся ў саломе. Энкавэдзісты паролі салому штыкамі і прабілі яму бок. Але хлопец вытрымаў: ні крыкнуў, ні енкнуў. Таму і не знайшлі.

І Арлоўскія не маглі не ведаць пра тыя ператрусы. І пэўна ж перажывалі, хваляваліся. І не дарма. Вобшук не абмінуў іх хаты. Гаспадыню, як вынікае з сітуацыі, хтосьці ўсё ж здолеў папярэдзіць. Ксёндз Шаплевіч ускочыў у тую яму на кухні. Мальвіна Арлоўская была ў той час адна дома. Але яна паспела закрыць яму-схованку дошкамі і высыпала зверху два кашы бульбы. Пані Апалёнія хоць і не магла вызначыць час, калі энкавэдысты наляцелі на сядзібу Арлоўскіх, але памятае, як усё адбывалася:

– Можа яны дагадваліся, што тут павінен быць ксёндз, можа хто падказаў. Але не знайшлі. Пастаялі, пакруціліся на той кухні ды, дзякуй Богу, пайшлі. Потым я прыйшла, а Мальвіна сядзіць, як труп. І яна потым кажа, што, відаць, ужо шмат ведаюць. І далі знаць у Падлессе Казіку, што яго прывёз. Прыехаў Казік і забраў ксяндза…



Достарыңызбен бөлісу:
  1   2   3   4   5   6   7   8




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет