Раздзел IV. “Вялікае прыпірышча” Макееўшчына вельмі старая. Можа ад пачатку свету



бет3/8
Дата20.06.2016
өлшемі445 Kb.
#148807
1   2   3   4   5   6   7   8

Вяртанне (Viartannie 1)

Праз месяц пасля прыходу немцаў было вырашана, што ксёндз Станіслаў Шаплевіч павінен вярнуцца ў Дарава і легальна прадоўжыць душпастырскую службу. У Хаткі па яго прыехаў Юзаф Кавальчук і павёз Шаплевіча ў Дарава, павёз па той дарозе, па якой жыхары Хатак і Вялікай Вадзяціны ездзілі ў Русіны і далей, у Баранавічы. Хоць ужо не трэба было тоячыся прадзірацца праз балоцістыя хмызы, брысці ласінымі сцежкамі праз урочышча Лаўрынаў мох, правальваючыся па пояс у дрыгву, ксёндз Шаплевіч сабраў толькі самыя неабходныя рэчы. Прыхапіў і некалькі кніг, а ўсе астатнія папрасіў схаваць:

– Бог ведае, калі яны мне спатрэбяцца, і ці спатрэбяцца ўвогуле. Столькі часу ў парафіі не было пробашча. Занядбана паства, дзяцей не навучаюць рэлігіі. Мне не будзе калі іх чытаць.

Конь бег трушком, але Юзаф Кавальчук раз-пораз падганяў яго. Калі ж мінулі Чаромашнік, паехалі яшчэ хутчэй. Вядома, па дарозе Юзаф пачаў пераказваць усе дараўскія навіны. Бальшавікі як хутка прыйшлі, так хутка і зніклі. Нямецкае войска ў пыле і ляскаце цягам некалькіх дзён імчала ім наўздагон, не затрымваючыся нават каля Шчары.

– Папомніце маё слова, – перарваў яго ксёндз Шаплевіч, – гэтак жа хутка яно будзе ісці назад.

Юзаф Кавальчук здзіўлена глянуў на Шаплевіча.

– Ксенжа Станіславе, вы не бачылі тых нэндзных, не кутых конікаў, на якіх два гады таму прыперлі сюды саветы, вы не бачылі вяроўчатай збруі – такой збруі няма нат у найгоршага нашага гаспадара. Вы не бачылі таго танка, што напароўся на рэйку, калі зухвалы бальшавік пасміхаўся з запораў ды казаў, што сваім танкам пераломіць усе рэйкі, нібыта жэрдкі. Ды як паехаў, так і напароўся. І не мог сарвацца з той рэйкі. Казалі, што нейкую машыну спецыяльна прыганялі. І гэта яны прагоняць немцаў!? Яны спыняць нямецкія машыны і танкі, што некалькі дзён ехалі і ехалі на ўсход!?

– На ўсё Божая воля! У святых кнігах згадана пра такое прароцтва. Дай, Божа, нам яго ўбачыць!

Юзаф Кавальчук пачаў расказваць іншыя навіны. Згадаў пра забойства немцамі савецкіх актывістаў.

– Казалі, што іх катавалі перад расстрэлам. І сагналі нас, з Літвы і Дарава, каб усе глядзелі ды баяліся. Не любіў я ўсіх гэтых бальшавіцкіх агітатараў. Помню, як закіпела ў душы, калі яны з чырвоным сцягам ішлі дзяліць Чыжаву зямлю. А тая гарбачоўка – такая вясёлая сярод іх. Яшчэ і песні спявала. А тут як вывелі іх. Глянуў – сэрца крывёю аблілося. Бедная гарбачоўка. Ад яе прыгажосці толькі каса і засталася. Не мог я глядзець. Скажыце, ксенжа, і чаму гэта Бог не дае людзям такога розуму, каб яны паводле Божага запавету па-людску ўсё рабілі?

– Бог дае ўсім аднолькава шчодра. Людзі ж самі праз сваю зухваласць, гардыню, сябялюбства выбіраюць добрае або злое.

– Часцей зло.

– Не скажыце! Часцей, аднак, дабро. Я, як ксёндз, ведаю. Ды калі і выбіраюць зло, то пасля пакутуюць, як тыя дараўскія бальшавікі перад расстрэлам. Ды, магчыма, і каюцца – хто ведае.

Можна толькі ўявіць, з якой радасцю ўглядаўся дараўскі пробашч у абрысы вёскі Літва, што стала відна, як толькі выехалі з лесу. Юзаф падганяў каня і неўзабаве яны ўехалі на літоўскую вуліцу. Вось так і вярнуўся ксёндз Станіслаў Шаплевіч у Дарава.

Прывезлі, як сказала пані Станіслава Стальмацкая, урачыста. Ды адразу ж абмовілася, што тая ўрачыстасць была даволі звычайнай, па-сялянску простай. Везлі ксяндза не ў карэце, а на звычайным возе, але ўжо не схаваным у саломе ці сене, а адкрыта. Але паслухаем аповед пані Станіславы Стальмацкай:

– Мой родны дзядзька Юзаф Кавальчук паехаў на коніку ў Хаткі па ксендза і ўжэ вязе яго так урачыста праз сяло. А людзей на вуліцы назбіралася многа. Тады наогул у нас у Літве многа людзей было. На адным надворку па дзве хаты стаяла. Не тое, што цяпер: вуліцы пустыя. І ўжо ўсе даведаліся, што ён у Вадзяціне хаваўся. А мой тата занепакоіўся, кажа, ці ж трэба так ужо адкрыта везці. Прывезлі б скрыта, і ніхто б не знаў, адкуль прывезлі.

Радаваліся ўсе. Пайшоў мой тата праведаць ксяндза. Вярнуўся і расказвае, што Шаплевіч гаварыў: гэтыя немцы на Волзе згінуць. Шаплевіч так сказаў: “Я прачытаў «Жыццё святога Станіслава Косткі» і там апісваецца, як немец гэты прыдзе, і як ён на Волзе згіне”.

А мы ж бачылі, як па шашы ў тры рады машыны мо тыдзень ехалі і ехалі. А якое войска, як яны хораша адзетыя… Мой тата ды кажа: “Няўжо гэту сілу, гэта войска да бальшавік пераможа?”

Час быў трывожны, бяды і гора хапала, то людзям асабліва быў патрэбны такі пробашч, як ксёндз Станіслаў Шаплевіч. Яму можна было смела даверыць і таямніцу.

На першым часе акупацыі немцы апроч камуністаў і яўрэяў нікога не чапалі. Ды такая ідылія не доўжылася і год. Паўсюдна ўзнікалі партызанскія атрады, набірала сілу і польская Армія Краёва. Ксёндз Шаплевіч, былы капелан, не мог застацца толькі староннім наглядальнікам. Вельмі верагодна, што ўжо тады з ім наладзілі сувязь жаўнеры Арміі Краёвай з Баранавіч, хоць бы дзеля духоўнай, пастырскай апекі. Дараўскі пробашч не мог не ўсведамляць сур’ёзнасць сітуацыі. Але Шаплевіч не затаіўся, а наадварот, паводзіў сябе незалежна, смела, годна, як належала святару.

Як расказаў пан Мікалай Трысцень, які нарадзіўся і ў маладосці жыў у Гарбачах, у той час ксёндз Шаплевіч выратаваў яго:

– Як прыйшлі немцы, адзін чалавек «накапаў» на мяне ў СД, што, маўляў, я камсамолец. І пачалі мяне эсдоўцы тузаць. А Шаплевіч за мяне заступіўся. Ён пераканаў эсдоўцаў, што я хрысціянін, шчыры вернік, і не быў камсамольцам, а быў супраць. І эсдоўцы адчапіліся.

Варта дадаць, што Мікалай Трысцень не каталік. І ён нават на ўроках рэлігіі не сутыкаўся з дараўскім пробашчам, таму што такія заняткі для праваслаўных вучняў вёў праваслаўны святар. Мікалай Трысцень, як згадвалася, таемна сустракаўся з Шаплевічам у Макееўшчыне. Ён жа не выдаў Шаплевіча Саветам у 1940 годзе, калі аднойчы сустрэўся ды нават размаўляў з ім. І ўчынак ксяндза Шаплевіча можна тлумачыць жаданнем адудзячыць Трысценю. Але ў той час толькі мужныя заступаліся за другога чалавека. Ксёндз Шаплевіч усведамляў сваю святарскую місію ў стаўленні да ўсіх людзей, адказнасць за іх лёсы, што, дарэчы, убачым і пазней.

Але вернемся ў 1942 год. Час быў трывожны, аднак жыццё ішло сваім чарадом. Юзаф Марчык, які жыве ў Літве на вуліцы імя Дзяржынскага, добра памятае падзеі красавіка 1942 года. Тады ён ажаніўся, і ксёндз Шаплевіч даваў яму шлюб. На вяселле ў хату Юзафа Марчыка ксёндз, вядома, не прыйшоў. Грошай за шлюб тады не бралі, то Шаплевічу ў клябаню, як згадвае пан Юзаф Марчык, паслалі карзіну вясельных прысмакаў. Пасланец вярнуўся і прынёс дарункі назад. Ксёндз прасіў падзякаваць за гасцінцы, але сказаў, што не можа прыняць іх, бо вымушаны пайсці з клябані і хавацца. Вядома, што ў тыя красавіцкія і траўневыя дні ксяндза прымала сям’я Несцера. Але, верагодна, тады Шаплевіч стараўся не злоўжываць гасціннасцю парафіянаў.

Як успамінае пан Уладзіслаў Слабчык, у той час яму давялося з нейкай нагоды пайсці на дараўскія могілкі. І там ён убачыў невялікі акопчык, такі як бліндаж, зроблены з мазаік. Заглянуў туды, а там і саломка паслана – нібы хтосьці там ляжаў. А пасля ў размове з ксяндзом Шаплевічам, калі той распавядаў, як і дзе ён хаваўся, Уладзіслаў Слабчык запытаў пра тую схованку на могілках. І Шаплевіч прызнаўся: “Я, кажа, калі-небудзь удзень, калі хто находзіць, то туды хаваўся. Бывала і ўночы туды залезу і ляжу. Ды я ўжо, кажа, буду прасіць Аню, як я памру, каб мяне пахавалі недалёка таго акопчыка.”

З касцельных запісаў вынікае, што 31 траўня 1942 года ксёндз Станіслаў Шаплевіч апошні раз афіцыйна і адкрыта выканаў свой – дараўскага пробашча! – пастырскі абавязак.

Але ўжо ці не першага чэрвеня дараўскі пробашч мусіў уцякаць з Дарава. Пра падзеі таго дня нагадала пані Апалёнія Бубен, якая даведалася пра іх ад самаго ксяндза.

Раніцай ксёндз Шаплевіч ішоў ад Несцераў, у якіх ён начаваў. На дарозе ў клябаню яго сустрэла Мальвіна Бондар і сказала, што па яго прыйшлі немцы з паліцыянтамі ды чакаюць на клябані. Яшчэ ёсць трохі часу, каб успець збегчы: яна зманула няпрошаным гасцям, што ксяндза паклікалі да хворага ў Падлессе.

У нашым аповедзе Мальвіна Бондар згадваецца ўжо трэці раз. То, мабыць, самы час сказаць пра яе добрае слова.





Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет