Святая Еўфрасіння – Прадслава, Патронка Беларусі



Дата19.07.2016
өлшемі140.98 Kb.
#209468
Святая Еўфрасіння – Прадслава, Патронка Беларусі.
Еўфрасіння – гэта манашае імя Прадславы, дачкі Юрыя Усяслававіча. Аб бацьках Прадславы ведама няшмат. Бацька яе, Юрый, быў маллодшым сынам Усяслава 2 Брачыславіча. Маці Прадславы паходзіла з роду візантыйскіх імператараў Комнінаў. Магчыма нават, што была роднаю сястою імператара Мануіла( 1143 – 1180). Па бацьку ў жылах Прадславы цякла кроў Рагвалода, рагнеды, Ізяслава, Брачыслава і Усяслава Вялікага( Чарадзея). Характар яе дзіўна прыпамінае энергічны і дзейны характар яе дзеда Усяслава.

На свет прыйшла Прадслава, праўдападобна, некалькі гадоў пасля смерці свайго дзеда. Дату нараджэння трэба прыняць не раней 1104 года і, магчыма, не пазней1106 года.

У Прадславы былі яшчэ браты: Вячка(магчыма, старэйшы) і малодшы Давід ды малодшая сястра Градзіслава.

Відаць, што змалку Прадслава вырознівалася сваімі здольнасцямі і характарам. Яна ўжо з ранніх гадоў навучылася грамаце, тады калі ў той час агулам граматнасць была прывілеем нешматлікіх духоўных і князёў.

Настаўнікамі даўней былі амаль выключна духоўныя асобы і перадусім манахі. Падручнікамі былі кнігі рэлігійнага зместу – Святое Пісанне, жыцці святых. Першымі школамі былі манастыры, але князі не заўсёды пасылалі сваіх дзяцей у манастыр па навуку, яны часта запрашалі манахаў да сябе і вучылі дзяцей дома. Ці Прадслава хадзіла вучыцца ў манастыр, ці вучылася дома, у жыццяпісах не ўспамінаецца. Аднак ёсць пэўнасць, што яна адначасна з навукай пазнала і манастырскае жыццё.

Сваімі поспехамі ў навуцы Прадслава здзівіла нават сваіх настаўнікаў і бацькоў. У жыццяпісе кажацца з асаблівым націскам, што “ дзівіўся бацька яе такой любові да навукі”. Яна любіла шмат чытаць, і гэта было яе найбольшаю школаю і прычынілася да незвычайнага для яе веку ўмысловага развою. Да таго яшчэ Прадслава азначала незвычайнаю вонкавою красою, аб якой адназгодна сведчаць жыццяпісы. Таму нічога дзіўнага, што вестка аб мудрай і прыгожай полацкай князёўне расходзілася шырока па – за межы роднага краю.

Да маладое і незвычайнае князёўны суседнія князі пачалі прысылаць сватоў. Калі Прадславе споўнілася 12 год, бацькі, парадзіўшыся паміж сабою, пастанавілі выдаць дачку замуж за нейкага багатага князёвіча.

Ужо пад час першых спробаў сватаўства Праслава адкідала думку аб сужэнстве, аднак бацькі яе, відаць, не прымалі гэтае адмовы паважна. Калі ж бацька аб’явіў Прадславе сваю пастанову выдаць яе замуж, дык Прадслава, нічока не кажучы бацькам, пастанавіла ўцячы тайком ад сужэнства ў манастыр.

Сваю пастанову Прадслава выконвае неадкладна; яна кідае ўсё: багацце, родны дом, абяцаныя почасці і славу, кідае бацькоў, адно толькі хоча – ахвяраваць усё жыццё для Хрыста, быць Яму вернай у найвышэйшай ступені самаахвярнасці. Яна ўцякае ў манастыр, дзе яе цётка, удава князя Усеславіча, была ігуменняю. Магчыма, што гэта нават не быў сапраўдны манастыр, толькі так званая манашая слабодка пры нейкай парафіяльнай царквет ў Полацку, дзе пражывала ўдава з некалькімі манашкамі.

Ігумення доўга не згаджалася прыняць Прадславу, адмаўляючы яе ўсімі спосабамі, паклікалася на яе маладосць, гожасць, суровасць манастырскага жыцця, але Прадслава тут паказалася сапрсўднай унучкай Усяслава Вялікага. На адмовы ігуменні Прадслава казала, што яе нічога дачаснае ў свеце не вабіць, бо яно хутка мінае і краса хутка вяне, як веснавы цвет. І на доказ таго, што яна больш не хоча глядзець на пакінуты свет, Прадслава ўпала перад ігуменняй абліччам да зямлі і не хацела падняцца, аж пакуль ігумення не задаволіць яе просьбы. Тая, бачачы вялікую любоў Прадславы да Хрыста, і непахіснае жаданне служыць Яму, і яе паводзіны, была вельмі расчулена, але, памятаючы, што мае дачыненні з найбольш любай дачкой полацкага князя, азвалася да яе:” Дзіця маё, як я магу выканаць тваю просьбу, калі за гэта твой бацька будзе гневацца на мяне і гней яго зваліцца на маю галаву”. На гэта Прадслава адказала:” Не бойся, валадарка і маці мая, майго бацьку, а бойся Бога”.

Пасля гэткага адказу ігумення згадзілася прыняць Прадславу ў манастыр і, заклікаўшы святара, загадала пастыгчы яе ў манашкі. У пастрыжэнні Прадслава атрымала імя Еўфрасіння, атрымала чорную манашую вопратку. Ад гэтага моманту Прадслава памерла для тагачаснага свету, а нарадзілася Еўфрасіння для духовае працы дзеля роднага краю, замкнуўшыся ў цеснай манашай келлі.

Трэба думаць, што ўцёкі Прадславы бацькі мусілі заўважыць адразу і адразу пачалі яе шукаць. Напэўна, шукалі нядоўга, бо, магчыма, нават сама ігумення паведаміла князю, што ягоная любая дачка цяпер у манастыры пад яе апекаю. Жыццяпіс апавядая, што бацька з жалю рваў валасы на галаве, а маці галасіла наўзрыд, як па пакойніцы. Гэта была першая цяжкая проба для Еўфрасінні на новым жыццёвым шляху. Яна з геройскім супакоем суняла горкія слёзы маці і супакоіла бацьку. Яна просіць бацькоў не сумаваць, а радавацца таму, што іхняя дачка аддалася нябеснаму Валадару. Не прамінаючае дачаснае і вузкаасабістае шчасце спадзяецца асягнуць Еўфрасіння, але вечнае і на гэтым шляху быць памоцнайдля шматлікіх.Колькі мусіла быць жару любові і пераконваючае сілы ў словах юнае Еўфрасінні, можна бачыць з таго, што князі спакойна пагадзіліся з Божаю воляю, падобна, як раней ігумення, і вярнуліся дамоў, а Еўфрасіння асталася ў манастыры, дакладна захоўваючы ўсе правілы і ўпраўляючыся ў посце і малітвах.

Аднак ціхае кантэмплятыўнае жыццё старых чарніцаў не магло надоўга здаволіць дзейны характар Еўфрасінні. У меру яе ўзрастання збольшвалася яе воля да шырэйшае дзейнасці. У хвілінах, вольных ад абавязуючых практыкаў, яна пачынае перапісваць кнігі. Гэтую думку мусілі ёй падсказаць самыя абставіны. Манастыр, у якім яна знаходзілася, быў заложаны нядаўна і, напэўна, патрабаваў нямала кнігаў для хатняга ўжытку. Каб здаволіць гэтую патрэбу, Еўфрасіння ўзялася за працу перапісчыцы. Для перапісвання яна мусіла браць кнігі з адзінае бібліятэкі ў Полацку, якая знаходзілася пры царквы св. Сафіі.

Магчыма, што якраз гэтыя абставіны далі Еўфрасінні новую думку: перасяліцца ў самую царкву св. Сафіі, каб быць бліжэй да бібліятэкі. З гэтаю просьбаю яна звярнулася да тагачаснага полацкага епіскапа Іллі. Той дазволіў ёй, памятаючы, што калісьці пры ерусалімскай святыні такжа пражывалі пабожныя дзевы, між якімі была Найсвяцейшая Дзева Марыя.

У мурах св. Сафіі мусілі быць невялікія келлі: вось у адну з такіх келляў, якую жыццяпіс называе”галубцом”, і перасялілася Еўфрасіння. Тут Еўфрасіння з поўным самазапярэчаннем аддалася духовым практыкам. Найбольш часу аддавала на перапісванне кнігаў, вышыванне аблачэнняў і ўсё гэта пасылала бяднейшым беларускім манастырам і цэрквам. Квлі сама не адольвала ўсіх запатрабаванняў, наймала перапісчыкаў. Гэткім чынам св. Сафія ў Полацку стаецца паважным асветным цэнтрам на Бепарусі. Некаторыя кнігі Еўфрасіння прадавала, але атрыманныя грошы такжа раздавала бедным і ўбогім.

Не толькі перапісчыкі гуртаваліся каля Еўфрасінні, але такжа і ахвотнікі ды ахвотніцы навучыцца граматы. Дзеля гэтага, дзякуючы яе прысутнасці, св. Сафіясталася яшчэ больш люднаю і рухаваю, чым была дагэтуль, муры напоўніліся гоманам. Гэткі гоіан не зусім быў па душы тагачаснаму епіскапу. Магчыма, што і для самое Еўфрасінні не зусім адказвала такое гамарнае асяроддзе, бо мала пакідала ей часу аставацца ў келлі, таму яна задумала аснаваць новы манастыр. Да гэтага далучаецца выразны Божы знак св. Еўфрасінні, што яна мусіць змяніць месца пражыцця. Аднойчы ўначы ёй прысніўся сон, быццам анёл Божы ўзяў яе за руку, прывёў да мясцовасці, званае Сяльцо, дзе была епіскапская метахія( дварэц) з невялікаю дзеравяную царквою св. Спаса, і сказаў:” Тут табе трэба пражываць, бо хоча Бог на гэтым месцы праз цябе спасці шматлікіх”. Гэты сон паўтарыўся тройчы, і таму Еўфрасіння паважна задумалася над ім і цешылася, што хоць у сне бачыла анёла. За гэта яна славіла Бога і пастанавіла прыняць Ягоную волю, кажучы:” Гатова сэрца маё, гатова... як хочаш, Божа, так рабі са мною, Тваёю рабою”. Тае самае ночы епіскап меў зусім падобны сон і раніцою прыйшоў да Еўфрасінні, каб паведаміць аб сваёй пастанове перасяліць яе ў Сяльцо.

Пераход Еўфрасінні ў Сяльцо азначаў заснаванне новага манастыра і прызначанне епіскапскае зямлі гэтаму манастыру. Князі і баяры адобрылі прапанову епіскапа і з свайго боку звярнуліся да Еўфрасінні з радаю прыняць яе.

На дарогу Еўфрасіння атрымала толькі епіскапскае багаславенства і ноччу, каб не звяртаць на сябе ўвагі і адначасна гэтым нясведама выяўляючы свой жаль, пайшла ў назначанае месца ў таварыстве толькі аднае чарніцы, маючы з сабою толькі некалькі кнігаў для малітвы, тры баханцы хлеба і падарожны кій.

Шчыра з слязамі малілася Еўфрвсіння на новым месцы аб багаславенстве і падтрыманні. Малітва яе была хутка выслухана. У новы манастыр пачалі збірацца ахвотніцы пасвяціць усё сваё жыццё на службу Богу. У новазаснаваным манастыры Еўфрасіння была і ігуменняю, і настаўніцаю, але перадусім была жывым прыкладам.

Аднойчы Еўфрасіння папрасіла сваіх бацькоў прыслаць ёй па навуку яе малодшую сястру Градзіславу. Бацькі пусцілі, і яна навучылася ад Еўфрасінні не толькі грамаце, але і любові да духовага жыцця, да захавання дзявоцтва, да службы Богу і народу ў манастырскіх сценах. Калі ўмела калісь Еўфрасіння прамовіць да ігуменні, да бацькоў, дык цяпер змагла хутка знайсці дарогу да сэрца сястры, і тая хутка згадзілася астацца ў манастыры назаўсёды. Нічога не кажучы бацькам пастрыглася ў чарніцы і Градзіслава, прыняўшы імя Еўдакія.

Пад час таго, як манастыр запаўняўся новымі чарніцамі, адначасна раслі вымогі нават да вонкавага выгляду самога манастыра і асабліва царквы.Дзеравяная царква св. Спаса сталася замалою і нездавальняючай, таму Еўфрасіння пастанавіла выбудаваць на яе месцы новую мураваную царкву. Царкву выбудавалі роўна за 30 тыдняў.

Хутка пасля заканчэння царквы св. Спаса Еўфрасіння пастаралася выбудаваць другую мураваную царкву ў імя Прасвятое Багародзіцы, каля якое заснаваўся мужчынскі манастыр. Да нашых часоў ад гэнага манастыра не асталося нават следу.

У звязку з будоваю новых святыняў св. Еўфрасіння пастанавіла здабыць для іх якіясь вызначнейшыя святасці.Паводле тагачаснае візантыйскае традыцыі, на Усходзе меліся тры іконы Багародзіцы, маляваныя апосталам Лукою: Ерусалімская, Царгароскаяі Эфеская.Адну з гэтых іконаў, ужыццяпісе кажацца – Эфескую, і задумала набыць сабе ў Полацк св. Еуфрасіння. Дзеля гэтага яна, шчыра памаліўшыся Богу аб помачы, выслала манастырскага слугу Міхасяў Візантыю з багатымі дарункамі для імператара Мануіла Комніна( 1143- 1180) і патрыярха Лукі Хрызоверга (1156- 1169), просячы іх прыслаць для Полацка Эфескую ікону Багародзіцы, званую Адзігітрыя (Пуцяводніца) .

Імператар і патрыярх, атрымаўшы шчодрыя дары, здаволілі просьбу, але, магчыма, не зусім так, як апавядаецца ў жыццяпісе. Як слушна заўважае Галубінскі, відавочна, яны не прыслалі самага арыгінала іконы, але копію, і то не з Эфескае, а з Царгародскае іконы, якая звалася Адзігітрыя. Магчыма, што якраз гэткае і было жаданне св. Еуфрасінні. З вялікаю радасцю атрымала св. Еуфрасіння гэтую ікону і ўпрыгожыла яе золатам ды дарагімі каменнямі.

Адначасна з іконамі Багародзіцысв. Еуфрасіння атрымала з Канстанцінопаля шматлікія іншыя святасці. Дзеля перахавання гэтых святасцяў яна замовіла ў 1161 г. у выдатнага беларускага майстра Лазара Богшы вартасны крыж.

Крыж мае шасціканцовую форму, велічынёю 51 см. і выкананы з серабра, золата і дарагіх каменняў. Па баках крыжа на сярэбраных пазлачаных бляшках знаходзіцца напіс у царкоўнаславянскай мове, які ёсць вельмі вартасным і рэдкім дакументам з тых часоў. Дзеля нястачы царкоўнаславянскага шрыфту падаём і сам напіс у перакладзе: “У лета 6669( гэта значыць 1161) пакладае Еўфрасіння чэсны крыж у сваім манастыры ў царкве святога Спаса. Чэснае дрэва бязвартаснае ёсць, а акаванне яго: золата і срэбра і каменне і перлы 100 грывен, а да...( тут напіс пашкоджаны) 40 грывен. Каб ніколі не выносіўся з манастыра, не аддаваўся, не прадаваўся. Калі ж хто не паслухаецца і вынесе з манастыра, каб яму не ўспамагаў чэсны крыж ні ў гэтым жыцці, ні ў будучым, і хай будзе пракляты святою і жыватворчаю Тройцаю і святымі 318 айцамі і сямю саборамі святых айцоў, і хай яго спаткае доля Юды, які прадаў Хрыста. Хто адважыцца зрабіць гэта...( зноў пашкоджана) вяльможа, ці князь, ці біскуп, ці ігумення, ці любы іншы чалавек, хай ім збудзецца гэтае пракляцце. Еўфрасіння ж раба Хрыстова, зладзіўшая гэты крыж, прыме вечнае жыццё з усімі святымі”.

На крыжы знаходзяцца выкананыя ў пераградчатай візантыйскай эмалі абразы Хрыста, Багародзіцы і святых, а каля іх адпаведныя напісы. З напісаў такжа даведваемся аб тых мошчах, якія знаходзяцца ў крыжу: 1) частка дрэва, акропленая крывёю Ісуса Хрыста, 2) крыху большая частка дрэва св. Крыжа, 3) камень ад гроба Багародзіцы, 4) частка мошчаў першамучаніка Сцяпана, 5) кроў св. Дзмітра, 6) частка мошчаў св. Панцялеймана.

Думка аб паломніцтве ў Святую Зямлю мусіла з’явіцца ў св. Еўфрасінні пасля атрымання іконы Багародзіцы з Царгорада. Слухаючы апавяданне слугі Міхася аб далёкім і цікавым падарожжы і аб святынях, св. Еўфрасіння праектуе паломніцтва ў Е русалім, каб пакланіцца Хрыстоваму гробу і там памаліцца за сябе і за родны край. Аб сваім намеры яна паведамляе ўсіх сваіх родных.

Які быў шлях гэтага паломніцтва, у жыццяпісе не гаворыцца, але ўспамінаецца, што па дарозе стрэнула” цара, які йшоў на мадзьяраў і адаслаў яе з вялікаю чэсцю ў Царгорад”. З гэтага выходзіла, што яна выбрала шлях сухапуццем, а не тым слаўным водным шляхам” з варага у грэкі, па якім рабіліся вялікія падарожжы”.

Еўфрасіння пасля сустрэчы з імператарам накіравалася ў Царгорад, праўдападобна, у суправаджэнні імператарскіх прадстаўнікоў. Там яе сустракалі з почасцямі, але гэта не затрымала яе доўга ў Царгорадзе. Яна адведала вялікую царкву св. Сафіі, купіла дарагіх кадзілаў, залатую кадзільніцу і, узяўшы багаславенства ад патрыярха, паспяшыла ў Ерусалім.

Набліжаючыся да Ерусаліма, св. Еўфрасіння выслала свайго слугу з просьбаю да тамтэйшага патрыярха, каб адчыніў ёй” Хрыстовую браму”. Тут, праўдападобна, маецца на ўвеце” Залатая брама”, якая знаходзіцца ва ўсходняй часці Ерусаліма з боку Элеонскае гары, праз каторую, паводле пазнейшае традыцыі, Хрыстос перад сваімі мукамі ўрачыста ўваходзіў у Ерусалім у вербную нядзелю.

Увашоўшы праз” Залатую браму” ў Ерусалім, св. Еўфрасіння перапрасіла Хрыста за гэткі крок і разам з усімі сваімі спадарожнікамі пайшла пакланіцца Хрыстоваму Гробу. Туды прыходзілі яны на малітву тры дні падрад. У канцы св. Еўфрасіння абкадзіла Гроб прынесенымі з Візантыі кадзіламі, шчодра абдапрыла святыню, пакінула на Гробе ў дарунак ад Беларусі залатую кадзільніцу і звярнулася да Хрыста з малітваю, каб умерці ў гэным святым горадзе. З усяго паступовання св. Еўфрасінні відаць, што гэтая просьба не была пустым жаданнем славы, але найбольш актам геройства: аддаць жыццё сваё ў ахвяру за родны край, падобна, як Хрыстос аддаў жыццё за ўвесь людскі род.

Малітва яе была выслухана, бо, прыйшоўшы ад св. Гроба ў манастыр св. Багародзіцы, у якім была затрымаўшыся, яна адразу занемагла. Лежучы хвораю, св. Еўфрасіння шчыра дзякавала Богу за тое, што і гэтым разам выслухаў яе малітву, і пачала рыхтавацца да смерці. Перад смерцю яна жадала быць на Іардане, аднак хвароба ўжо не дала ёй магчымасці пайсці туды, дзеля гэтага яна выслала сваіх спадарожнікаў, каб, прынамсі, прынеслі ёй вады з Іардана. Калі тыя вярнуліся з іарданскаю вадою, св. Еўфрасіння ўстала з ложка ім на спатканне, напілася вады, акрапілася ёю і легла зноў ды пачала маліць Бога, каб хутчэй прыняў яе душу.

У часе гэтае хваробы ёй з’явіўся анёл і паведаміў, што Бог выслухаў яе малітвы, прыняў яе ўсю працу і што на спатканне яе душы ўжо чакаюць анёлы ў небе.

З вялікаю радасцю і бязмернай удзячнасцю ўспрыняла св. Еўфрасіння гэтую вестку і паслала ў манастыр св. Савы прасіць тамтэйшага архімандрыта, каб далі ёй месца на пахаванне. Архімандрыт вельмі прыхільна прыняў пасланца, але не мог здаволіць ягонае просьбы, бо, паводле волі св. Савы, у манастыры было забаронена хаваць жанчын. Ён параіў пасланцу звярнуцца ў Тэадозіеў манастыр св. Тэадозія, маці бяссрэбранікаў Кузьмы і Дзям’яна ды іншыя выдатныя жанчыны. Св. Еўфрасіння скарыстала параду і, атрымаўшы згоду тамтэйшага архімандрыта, шчыра дзякавала Богу за такую вялікую чэсць спачываць між святых жанчын. Яна закупіла сабе месца ў прытворы і дамавіну ды спакойна чакала апошняе хвіліны.

Калі на дваццаць чацвёрты дзень хваробы яна адчула блізкі канец, заклікала святара, выспавядалася і запрычашчылася і хутка аддала сваю душу Богу 23 травеня 1167 года.

З чэсцю пахавалі св. Еўфрасінню ў раней закупленным гробе. Невясёлыя вярталіся спадарожнікі св. Еўфрасінні ў родны Полацк, несучы сумную вестку аб смерці святое. Усе палачане з вялікім жалем успрынялі гэтую сумную вестку і пастанавілі святкаваць памяць св. Еўфрасінні, славячы Трынаццатага Бога за тое, што маюць сваю заступніцу ў небе.

Поле дзейнасці св. Еўфрасінні было вельмі шырокае і даволі ўрадлівае. Да гэтага спрычыніліся тры дзейніка: яе ўроджаная здольнасць, высокая асвета і асаблівая ласка Божая. Усё гэта натхняла яе да важных і адважных пачынанняў і, не зважаючы ні на якія перашкоды і цяжкасці, не знеахвочвала яе аж датуль, пакуль не асягала намечанае мэты.

Аб надзвычайных прыродных здольнасцях св. Еўфрасінні сведчыць яе нахіл у ранняй маладосці да глыбокіх разважанняў над сэнсам жыцця; яе нахіл да навукі і лёгкае ўспрыманне граматы, а найважнейшае – дык гэта тое, што яна мела нязломную волю развіць гэтыя свае здольнасці як магчыма найлепш і ахвяраваць іх на службу Богу і народу. Мы бачылі, што ані багацце, ані слава, ані княжыя почасці, ані абяцанкі зямноша шчасця, ані бацькоўская любоў, ані нават слёзы родных і любых бацькі і маці не адвялі св. Ешфрасінні ад пастановы ахвяраваць усё сваё жыццё Богу. Угэтым і ёсць яе веліч, што ўсе свае здольнасці, усе магчымыя почасці і дачасную славу яна сведама і дабравольна прынесла ў ахвяру Богу за свайго народа. асвячэнне і асвечанне

Яна не шкадуе сілаў на развіццё сваіх здольнасцяў, каб гэтым самым яе ахвяра была большая і свяцейшая. Мы бачылі, што св. Еўфрасіння дома атрымала толькі пачатковую асвету, але потым з першага свайго манастыра яна перасяляецца ў Свята – Сафійскую царкву, дзе была вялікая бібліятэка, і там саматужна здабывае вышэйшую асвету, якую тады агулам можна было здабыць, і адначасна дакладае ўсе сілы для пашырэння гэтае асветы між сваіх суродзічаў. Яна не толькі перапісвае кнігі, але такжа і перакладае іх з грэцкае і лацінскае моў на сваю родную, каб гэткім чынам узбагаціць сваю літаратуру. Пад яе рукою кожная чорная літарка на белым аркушу пергаменту замянялася ў ясны праменьчык, які разліваўся цудоўным ззяннем і разыходзіўся шырока па беларускай зямлі.

Божая ласка бачна падтрымоўвала на кожным кроку яе кволыя жаночыя сілы і гартавала да вялікіх учынкаў. Ніводнае яе пачынанне не асталася недакончаным. Уяе жыцці ёсць ясны прыклад, як здзейсніваюцца словы Хрыста:” Шукайце перш валадарства Божага і справядлівасці Яго, а ўсё іншае даложыцца вам”.

За светлым прыкладам св. Еўфрасінні паўставалі, разрасталіся адзін за другім жаночыя і мужчынскія манастыры, пры іх паўставалі школы, прытулкі для ўбогіх, хворых і сіратаў.

З манастыра св. Спаса ў Плацку пачынае ад 12 в. Крынічыць рэлігійнае і культурнае аднаўленне краю. Мы бачылі, што быў сабраны немалы гурток асвечаных манашак – князёўнаў, сёстраў св. Еўфрасінні, якія не шкадавалі сілаў, каб ісці верна следам за заснавальніцаю св. Спаскага манастыра. Трэба думаць, што гэткім жа следам пайшоў і мужчынскі манастыр св. Багародзіцы.

Каб шукаць з людскога гледзішча, у чым быў сакрэт плоднае працы св. Еўфрасінні, дык трэба дагадвацца, што ён быў у своеасаблівым падыходзе да сравы пашырэння асветы і хрысціянства. Яна абрала шлях не змагання з старымі традыцыямі, як гэта рабілі чужынцы на нашых землях, але асвечэння ўсяго таго, што агулам хрысціянства магло асвяціць. Гэты падыход ясна відаць у будове царквы св. Спаса, у якой першы раз у гісторыі беларускае культуры была спалучана мулярская візантыйская тэхніка з тагачасным беларускім народным будаўніцтвам, прычым гэтае народнае будаўніцтва было адухатворанае і накіраванае да высокіх ідэалаў. Тое самае сталася і з народным мастацтвам, якое было спалучана з іканаграфіяю. Гэткім чынам можна было лёгка ахапіць хрысціянізацыю краю аж да найніжэйшых народных пластоў уключна, і гэтым самым быў зроблены паважны крок уперад у гісторыі беларускае культуры агулам і хрысціянізацыі Беларусі ў асаблівасці. Нічога тады дзіўнага, што з іменем св. Еўфрасінні блізка звязаны імёны першага дойліда Івана з Полацка і мастака Лазара Богшы – гэтыя імёны сведчаць вымоўна, што дзейнасць св. Еўфрасінні стварыла добры грунт для развіцця народных талентаў.

Дабрадзейны ўплыў св. Еўфрасінні не абмяжоўваўся толькі рэлігійным і культурным полем, ён следны такжа ў грамадскім і дзяржаўным жыцці. Ужо хоць бы дзеля таго, што полацкія князі былі яе найбліжэйшаю раднёю, між князямі і св. Еўфрасінняю былі вельмі блізкія суадносіны, у якіх часта можна заўважыць дабрадзейны ўплыў святое. Гэты ўплыў перадусім меў на мэце палагодзіць мірным спосабам усякія непаразуменні між князямі,” бо не хацела бачыць, каб былі ў суцяжніцтве між сабою князь з князем, ці баярын з баярынам, ці просты чалавек з сваім бліжнім, але хацела, каб усе былі як адна душа”, - кажа жыццяпіс.

Св. Еўфрасіння была ў блізкіх адносінах не толькі з сваімі князямі, але такжа і з візантыйскім імператарам Мануілам Комніным, з якім вяла карэспандэнцыю ў грэцкай мове.

Шырокае поле дзейнасці св. Еўфрасінні беспярэчна мусіла высока падняць аўтарытэт не толькі Полаччыны, але агулам усяе Беларусі ў вачах візантыйскага імператара і патрыярха, ужо не кажучы аб суседніх княствах.

У канцы трэба зазначыць, што побач усіх пералічаных вышэй учынкаў святое, як малітва, ахвярнасць і самазапярэчанне, разам з падобнымі ўчынкамі яе супадзвіжніцаў, вымольвалі ў Бога тую раўнавагу для Бацькаўшчыны, без якое жыццё стае хаатычным.

Светлы прыклад, ахвярнае жыццё, рухавая дзейнасць, шчырая малітва і бязмежнае самазапярэчанне св. Еўфрасінні прычыніліся для прыгожага росквіту хрысціянскіх цнотаў у нашым народзе, ушляхотнівалі пачуццё дабра і красы, збольшвалі рэўнасць да спасення душы, лагодзілі звычаі і абычаі, уздымалі асвету і культуру беларускага народа – таму так высока цэніць і шчыра любіць народ гэтую сваю святую.

Жыццё і дзейнасць першае ігуменні манастыра св. Спаса ў Полацку Еўфрасінні – Прадславы для ўсіх, хто толькі яе ведаў, былі настолькі цнатлівыя, чыстыя і богабаязныя, што адразу пасля яе смерці ўсе палачане прызналі яе святою і пачалі святкаваць еўную памяць 23 травеня.



У Ерусаліме, дзе памерла св. Еўфрасіння, такжа яе адразу пасля смерці ўважалі святою. Калі адзнаццаць гадоў пасля яе смерці, у 1178 г., манахі з Тэадозіевага манастыра пры набліжэнні туркаў уцякалі з Ерусаліма, дык як адзін з вялікіх скарбаў забралі з сабою мошчы св. Еўфрасінні і перавезлі іх у Кіеў. У расейскай праваслаўнай Царкве святасць Еўфрасінні афіцыяльна была прызнаная толькі ў 1547 г. на Маскоўскім саборы.





Достарыңызбен бөлісу:




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет