Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю



бет14/23
Дата12.07.2016
өлшемі1.11 Mb.
#194802
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   23

Жыццё і творчасць Янкі Брыля. Уплыў выпрабаванняў Першай сусветнай вайны на лёс бацькоў. Роля беларускай, рускай, польскай літаратуры ў выпрацоўцы эстэтычных крытэрыяў асобы, у авалоданні культурай творчасці. Станаўленне творчай індывідуальнасці пісьменніка. Уздым да вышыняў літаратурнай славы, уганараванне званнем народнага пісьменніка Беларусі (1981) і інш.


Адлюстраванне заходнебеларускай рэчаіснасці ў ранніх творах Я. Брыля. Даследаванне празаікам сацыяльнай глебы, маралі і псіхалогіі ўласніцтва, паказ здаровых народных сіл, якія супрацьстаяць эгаізму, індывідуалізму (апавяданні “Марыля”, “Праведнікі і зладзеі”, “Як маленькі”). Тыповасць, псіхалагічная грунтоўнасць і агульная мастацкая выразнасць нацыянальных характараў у ранняй прозе Я. Брыля, асаблівасці яе лірызму.

Складанасць становішча беларусаў пад уладай буржуазнай Польшчы ў паказе Янкі Брыля (аповесці “Сірочы хлеб”, “У сям’і”). Аўтабіяграфічныя элементы твораў. Маральна-этычныя пошукі герояў у аповесці “У сям’і” (1943—1955). Іх душэўнае высакародства, чалавечнасць, імкненне да разумнага, змястоўнага жыцця. Матывы пратэсту супраць несправядлівага грамадскага ўладкавання (вобраз Івана Бразоўскага, размова пра канцэнтрацыйны лагер Картуз-Бяроза і інш.). Клопаты Я. Брыля аб будучыні Радзімы, пошукі грамадзянскіх сіл для ўсталявання дабра і праўды на зямлі.

Фарміраванне пачуцця чалавечай і нацыянальнай годнасці ў Даніка Мальца (“Сірочы хлеб”, 1942—1956). Мастацкая дасканаласць персанажа, выразнасць аўтарскай пазіцыі. Гуманістычны пафас твора.

Шырокая і пераканальная карціна жыцця і нацыянальна-вызваленчай барацьбы заходнебеларускага народа ў рамане “Граніца”. Выкарыстанне дакументалістыкі, архіўных матэрыялаў у адлюстраванні гісторыі рэвалюцыйных падзей. Мастацкая адметнасць твора (ліра-эпічны характар, навелістычнасць сюжэтна-кампазіцыйнай арганізацыі, асаблівасці апавядальнай культуры, інш.).

Партызанская барацьба супраць фашызму ў кнізе “Нёманскія казакі” (1947). Тэма народнага подзвігу ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў апавяданнях Я. Брыля (“Мой зямляк”, “Казачок”, “Адзін дзень”, “Сцежка-дарожка”, “Глядзіце на траву”, “Апоўначы” і інш.). Адлюстраванне лёсу народа ў гады акупацыі, асаблівасці партызанскага руху ў заходніх раёнах Беларусі. Дакладнасць пісьменніка ў паказе канкрэтных умоў, шляхоў і сродкаў падпольнай і партызанскай барацьбы з фашысцкімі акупантамі. Паэтызацыя мужнасці і самаахвярнасці народных мсціўцаў, патрыятызму і высакародства простага народа. Абвостранасць гуманістычнай думкі, шырокае разуменне народнага гераізму, уменне ўбачыць гераічнае ў звычайным, тонкая псіхалагічная выверанасць і шматпланавасць дзеянняў герояў, насычанасць апавяданняў аб Вялікай Айчыннай вайне грамадска-сацыяльным і маральна-этычным зместам. Выкрыццё ў творах антычалавечай філасофіі фашызму (“Memento mori”, “Ты мой найлепшы друг”, “Дваццаць”, “Маці” і інш.).

Майстэрства Янкі Брыля-апавядальніка. Ёмістасць мастацкай дэталі, значэнне эмацыянальна-ацэначнага слова, багацце яго адценняў. Спалучэнне лірызму і псіхалагізму, пластычнасць малюнкаў (“Гуртавое”, “Глядзіце на траву”, “Яшчэ раз першы снег” і інш.). Гумар і іронія ў стылёвай сістэме Янкі Брыля. Самабытнасць фарбаў, народнасць погляду на свет.

Аповесць “У Забалоцці днее” (1950). Ідэйная накіраванасць твора, праблематыка. Элементы святочна-захопленага, ідылічнага ўспрымання рэчаіснасці. Вобраз Васіля Сурмака. Эпічнае і лірычнае ў раскрыцці падзей, прыёмы тыпізацыі і індывідуалізацыі герояў.

Аповесць “На Быстранцы” (1955) — сведчанне паглыбленага аналітычнага падыходу да адлюстравання будняў калгаснай вёскі 30-х гадоў. Вызначэнне ролі інтэлігенцыі ў пазітыўнай перабудове грамадства. Грамадзянская пазіцыя аўтара ў аналізе негатыўных з’яў жыцця. Канцэпцыя прызначэння літаратуры, ролі пісьменніка ў грамадстве, ролі навукі ў яго развіцці. Вобразы Толі Клімёнка, Максіма, Аржанца. Спалучэнне ў аповесці публіцыстычнага і лірычнага стылёвых пачаткаў. Роля малюнкаў бытавога плана ў раскрыцці ідэйнага зместу твора, у выяўленні індывідуальных рыс характараў герояў. Паэтызацыя кахання.

Павелічэнне ў прозе Брыля элементаў аналітычнасці (аповесць “Апошняя сустрэча”, 1958—1959). Праблемы сяброўства, кахання ў аповесці, пафас маральнай патрабавальнасці і чысціні, беспадстаўнай падазронасці і палітычнай напружанасці ў грамадстве. Вобраз Лёні Жывеня, Алесі, Адама Бухаўца, Чэсі Расіцкай і інш. Асаблівасці канфлікту, сюжэта, кампазіцыі твора.

Раман “Птушкі і гнёзды” (1963). Творчая гісторыя. Аўтабіяграфічныя элементы. Тэма Радзімы і яе мастацкае асвятленне ў рамане. Вобраз Алеся Руневіча. Уплыў жыцця на фарміраванне яго характару, на выпрацоўку патрыятычных поглядаў. Загартоўка героя ва ўмовах цяжкіх выпрабаванняў вайны, палону. Выкрыццё ў рамане фашызму, чалавеканенавісніцкай ідэалогіі. Гістарызм твора, аналітычнасць эстэтычнага даследавання, глыбіня філасофскай думкі, эпічнасць і лірызм. Прыёмы і сродкі тыпізацыі нацыянальных характараў у творы. Асаблівасці стылю.

Стыхія народнага жыцця ў аповесці “Ніжнія Байдуны” (1975). Яскравыя мастацкія вобразы-тыпы: Захар Качка, Іван Бохан-Калоша, Сідар Асмалоўскі і інш. Роля лірычных адступленняў і аўтарскага каментарыя ў аповесці, іх моўныя асаблівасці. Прыём карнавалізацыі, сродкі стварэння камізму ў творы.

“Золак, убачаны здалёк” (1978) — лірыка-філасофская аповесць пра дзяцінства і лёс пакалення, якое гадавалася і сталела паміж дзвюма сусветнымі войнамі. Вобраз Ігара Міхайлавіча — своеасаблівага двайніка аўтара. Прыём рэтраспекцыі. Дзеці і вайна. Агульначалавечая, філасофская праблематыка ў творы. Мастацкая структура і стылістыка аповесці.

Я. Брыль як майстар лірычнай мініяцюры. Яе жанравая спецыфіка і эстэтычная адметнасць. Абвостранасць пісьменніцкага позірку, лірыка-пачуццёвая плынь аповеду, звязаная з непасрэдным выяўленнем уражанняў і перажыванняў, філасофская заглыбленасць думкі, інш. Аўтарская тэхніка пісьма: мастацкі “мазок, які фіксуе імгненне” (Ю. Канэ). Жывапіс словам. Шматтэмнасць лірычных запісаў і мініяцюр з кніг “Жменя сонечных промняў” (1965), “Вітраж” (1972), “Свае старонкі” (1951—1979), “Сёння і памяць” (1985), “На сцежцы — дзеці” (1988), “Пішу як жыву” (1994), “Вячэрняе” (1994), “Дзе скарб ваш” (1997), “Сцежкі, дарогі, прастор” (2001), “З людзьмі і сам-насам” (2003), “Блакітны зніч” (2004) і інш. Асоба аўтара ў гэтых мініяцюрах, шчырая і даверлівая размова з чытачом, глыбіня і гуманізм пісьменніцкага роздуму. Гумар у брылёўскіх мініяцюрах, лаканізм, дасціпнасць, афарыстычнасць іх мовы. Эстэтычныя погляды, грамадзянскае аблічча, асаблівасці мастацкага мыслення Я. Брыля ў яго дзённікавых запісах, іх месца ў творчай біяграфіі аўтара і ў гісторыі беларускай літаратуры.

Фактычная грунтоўнасць і актыўнасць пісьменніцкага самавыяўлення ў нарысавых творах Янкі Брыля (“Партрэт старэйшага таварыша” і інш.).

Стварэнне разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам кнігі “Я — з вогненнай вёскі” (1975). Гістарызм твора. Яго шырокі грамадзянскі рэзананс. Ідэйна-палітычнае значэнне, унікальнасць дакументальнай асновы. Гістарычнае сведчанне народнай памяці аб зверствах фашызму на беларускай зямлі.

Аўтабіяграфізм аповесці “Муштук і папка” (1990). Матыў балючай памяці. Лёс брата пісьменніка Валодзі. Гісторыя адной сям’і як адбітак агульнанароднай трагедыі. Дакументальная аснова твора, асаблівасці пабудовы яго сюжэта.

Творы Я. Брыля для дзяцей. Праблема патрыятычнага і эстэтычнага выхавання. Шматфарбнасць і паэтычнасць брылёўскай прозы для дзяцей, дасканалае пранікненне ў асаблівасці дзіцячай псіхалогіі і іх светаўспрыманне.

Праца Брыля як перакладчыка польскай, рускай, украінскай і іншых літаратур. Роля яго перакладаў ва ўзбагачэнні выяўленчых магчымасцей беларускай літаратурнай мовы. Пераклады брылёўскіх твораў на замежныя мовы.

Творчасць Я. Брыля ў славянскім і сусветным літаратурным кантэксце (А. Чэхаў, Л. Талстой, І. Тургенеў, М. Прышвін, Э. Хемінгуэй, Т. Ман і інш.)

Значэнне творчай дзейнасці Брыля для гісторыі беларускай літаратуры, для развіцця лірычнай плыні ў шматнацыянальнай савецкай прозе. Уплыў творчасці пісьменніка і яго асобы на сучасны літаратурны працэс.



9.5. ПІМЕН ПАНЧАНКА


(1917—1995)

Асоба П. Панчанкі як паэта-грамадзяніна, палымянага абаронцы духоўнасцi i маральнасцi жыцця, выразніка дум і спадзяванняў беларускага народа.

Жыццёвая i творчая бiяграфiя П. Панчанкi, яе незвычайная насычанасць і спалучанасць са сваёй эпохай. Роля родных краявiдаў у фарміраванні пачуцця духоўнай еднасці з радзімай. Ранняе сталенне і пачатак самастойнага жыцця. Настаўніцкая праца, самаадукацыя і завочная вучоба ў Мiнскiм настаўнiцкiм iнстытуце.

Зборнiкi “Упэўненасць” (1938) i “Вераснёвыя сцягi” (1940), увасабленне ў іх тыповага настрою i пачуццяў тагачаснага маладога пакалення. Радасць, рамантычная вера ў чалавечае шчасце, у будучыню. Паэтызацыя працы, калгасных будняў, багатых ураджаяў, услаўленне поспехаў савецкага будаўнiцтва як праява агульнай тэндэнцыi ўсёй даваеннай паэзii. Традыцыя аптымiстычнага светаадлюстравання і паэзія П. Панчанкi. Каханне, радзiма, прырода, праца — асноўныя тэмы даваеннай творчасці паэта. Адметнасць самавыяўлення ў лепшых вершах: пранікнёная мелодыка радка, вобразная яркасць слова (“Журавы”, “Восень”, “У навальнiцу” і інш.). Філасофскі алегарызм і падтэкставасць верша “Зубр”.

Удзел П. Панчанкi ў Вялікай Айчыннай вайне. Праца ў франтавым друку. Агітацыйна-заклікальны пафас прамаўлення. Вершаваная сатыра паэта. Зборнiкi “Дарога вайны” (1943) i “Далёкiя станцыi” (1945) — споведзь пра зведанае, перажытае ў вiхуры грознага лiхалецця. Паэзія П. Панчанкі ваеннага часу — лiрыка суровай праўды, яе трагедыйнае гучанне. Мужнасць i рашучасць лірычнага героя паэта абаранiць родную зямлю. Услаўленне велiчы i няскоранасці народнага духу, сцвярджэнне iдэі свабоды i адраджэння Беларусi. Глыбіня выяўлення чалавечых пачуццяў у вершах “Кожны з нас прыпасае Радзiмы куток...”, “Сiнiя касачы”, “Будуць вечна сады расцвiтаць...”, “Лес асеннi глуха гудзе...” i iнш. Героiка-драматычны пафас балады “Герой”. Вобразная і ідэйная пераклічка верша “Курганы” са славутым “Словам аб палку Iгаравым”.

Адметнасць вершаванага цыкла “Iранскi дзённiк” (1944—1945). Раскрыццё народнага побыту, экзотыкі i хараства краявiдаў паўднёвай краiны (“На Ардабiльскiм перавале...”, “Сустрэча з бярозай”, “Я ўсё пераблытаў...”, “Бутэлька цынандалi”, “Дождж”, “Дэмавенд, галоўная гара iранцаў”, “Караван” i iнш.). Кантраст “чужое — сваё”, выяўленне настальгічных і патрыятычных пачуццяў. Асаблівасці паэтыкі вершаў пра “загадкавы Іран”.

Творчая дзейнасць П. Панчанкi пасля дэмабілізацыі. Праца ў рэдакцыях часопiса “Вожык”, газеты “Лiтаратура i мастацтва”, на пасадзе галоўнага рэдактара часопiса “Маладосць”. Выхад паэтычных зборнікаў “Гарачыя вятры” (1947), “Вершы” (1948), “Прысяга” (1949), “За шчасце, за мір!” (1950). Адбітак часу ў творах паэта. Матывы перамогі, мірнага жыцця, стваральнай працы савецкіх людзей. Моцныя і слабыя бакі паэзіі П. Панчанкi пасляваеннага дзесяцігоддзя. Паэтызацыя радзімы, роднай прыроды, услаўленне вечных, непераходных каштоўнасцей у чалавечым быцці (“Беларусі”, “Вечныя словы” і інш.).

Другая палова 50-х — 60-я гг. — уздым у творчасцi П. Панчанкi. Ідэйна-светапоглядныя змены і іх адлюстраванне ў творах паэта. Крытычная пераацэнка зробленага (“Анкета”). Творчая актыўнасць і грамадзянская мужнасць П. Панчанкi. Выхад зборнікаў “Шырокі свет” (1955), “Кнiга вандраванняў i любовi” (1959), “Нью-Йоркскiя малюнкi” (1960), “Тысячы небасхiлаў” (1962), “Пры святле маланак” (1966) i iнш. Дзейнасць на пасадзе сакратара праўлення Саюза пiсьменнiкаў БССР. Уганараванне П. Панчанкi званнем народнага паэта Беларусі (1973), Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы (1968), Дзяржаўнай прэміяй СССР (1981).

Паэзiя П. Панчанкi як “споведзь веку, прапушчаная праз уласнае сэрца”. 20 стагоддзе ў адлюстраванні паэта: грамадскiя падзеі, сацыяльныя праблемы, пошукi маральнага ідэалу. Роздум пра галоўнае, набалелае, важнае для чалавека. Крытычнае стаўленне да рэчаіснасці, публiцыстычная завостранасць твораў П. Панчанкi. Спалучанасць у творах паэта палiтыкі i гуманiзму, асабiстага i грамадскага. Сацыяльна-маральны імператыў часу ў вершы “Сумленне”. Непрыманне аморфнага, iдылiчнага гладкапiсу, безаблічнасці, сцвярджэнне ідэалаў праўды і сумленнасці. Усхваляваная размова пра мiнулае, лёс чалавека, грамадства, яго будучыню. Грамадзянская наступальнасць слова, маральная бескампрамiснасць паэта, спавяданне гуманізму, высока этычных прынцыпаў жыцця. Сатырычная скіраванасць творчасці П. Панчанкi (“Прыстасаванцы”, “Трэснула, грукнула...” і інш.). Выкрыццё негатыўных з’яў грамадскага жыцця. Асэнсаванне паэтам ваеннага мінулага (“Святочныя салюты”, “Франтавiкi”, “Слова да паэтаў”, “У сорак першым” i iнш.). Выяўленне пачуцця любасці да роднай мовы, сыноўняя трывога за яе лёс (“Родная мова”). Вера ў Леніна, адданасць савецкім ідэалам — адметнасць свайго часу, светапогляду паэта і яго пакалення.

Спавядальны лiрызм, тонкасць эстэтычных уражанняў у пейзажнай i інтымнай лiрыцы. Выяўленне хараства роднага ўлоння, агульнасці, злітнасці лёсу чалавека і прыроды (“Рабiнавы гай”, “На Палессi восень...”, “Асеннімі дажджамі заліло…”, “Паэма майго лесу” і інш.). Настраёвасць паэтычных пейзажаў, музыка слова ў вершах паэта. П. Панчанка як майстар маляўнічага эпітэта, метафарычнага жывапісу. Зрокавыя і гукавыя вобразы ў вершы “Белыя яблынi”, яго рытміка-інтанацыйны лад. Услаўленне ў творы непаўторнай пары маладосці, псіхалагічна праніклівае раскрыццё пачуцця першага кахання. Матывы мацярынства і жаночай долі, сімволіка, касмізм паэтычнага пачуцця ў “Белых яблынях”. Міфасемантыка колеру, багацце паралелізмаў у прыродаапісаннях П. Панчанкі, лiрыка-фiласофская заглыбленасць аўтарскай думкі. Беларускі пейзаж як выток самага глыбiннага i сапраўднага ў душы паэта.

Ідэйна-эстэтычнае развіццё паэзіі П. Панчанкі ў 70 — першай палове 80-х гг. Асноўныя вобразы і матывы, жанравая разнастайнасць зборнікаў “Снежань” (1972), “Крык сойкi” (1976), “Вячэрнi цягнiк” (1977), “Лясныя воблакi” (1985). Заключны этап творчасці (з сярэдзіны 80-х гг.). Тэматычна-праблемная навізна кніг “І вера, i вернасць, i вечнасць” (1986), “Горкi жолуд” (1988), “Высокi бераг” (1993). Кампазіцыйныя і мастацкія асаблівасці пасмяротна выдадзенага зборніка паэзіі “Зямля ў мяне адна” (1996).

Грамадзянскае аблічча паэта: палымяны патрыятызм, праўдзівасць, бескампраміснасць у адстойванні нацыянальных і гуманістычных каштоўнасцей і інш. Зліццё публiцыстычнага і лірычнага пачаткаў, эмацыянальна-тэмпераментны стыль выказвання. Псіхалагічна змястоўнае раскрыццё духоўнага свету асобы. Высокая патрабавальнасць да сябе і сучаснікаў. Маральна-этычныя, гуманістычныя абагульненні П. Панчанкi, афарыстычнасць паэтычнай думкі (“Той дзень прапаў...”, “Мала сказаць: ненавiджу...”, “Я аб дзецях, аб дзецях...” і інш.). Філасафізм панчанкаўскай паэзіі, разважанні пра змест і сэнс чалавечага быцця (“Калі мы губляем час…” і інш.). Канкрэтна-рэалістычны характар светаразумення. Пачуццёва-інтанацыйны характар лірыкі П. Панчанкi. Апавядальна-размоўная манера гаворкі, экспрэсіўнасць і эмацыянальная насычанасць слова, імкненне да палемічнай завостранасці. Узвышана-рамантычнае захапленне прыгажосцю, паэтызацыя рэчаіснасці.

Матывы віны, дакору і пакаяння ў паэзіі другой паловы 80-х — 90-х гг. (“Паэма сораму і гневу”, “У стылі рок”, “Я цяжка захварэў: і грып, і запаленне…”, “Не сярдуйце, не крыўдуйце…” і інш.). Пераасэнсаванне мінулага, перажытага і зведанага. Сацыяльная крытычнасць думкі, пачуццёвая рэакцыя паэта на негатыўныя і разбуральныя тэндэнцыі ў жыцці грамадства. Этычная і грамадзянская пазіцыя П. Панчанкi. Канцэпцыя сучаснай рэчаіснасці, хваляванні пра лёс Бацькаўшчыны, будучыню народа. Драматычны пафас, элегічныя матывы ў вершах пра сучаснасць. Адкрытая публіцыстычная размова з сучаснікамі пра набалелае ў душы, пра надзённае і вечнае. Прароцтвы і папярэджванні пра небяспеку маральнай дэградацыі, паглынання змрочнымi сiламi ўсяго светлага, чалавечага (“Чорныя дзiркi”, “Не раз мы пад крывавымi сцягамi...” і інш.). Развагі пра адраджэнне чалавечага ў чалавеку, пра жыццё, вартае памяцi тых, хто загiнуў на вайне. Думкі пра родную мову, бацькоўскую зямлю, працу, захаванне традыцый народнай этыкі і маралі (“Беларуская мова”, “Не адцураюся, не адракуся”, “Зямля ў мяне адна”, “Развітанне” і інш.).

П. Панчанка як паэт-фiлосаф. Экзістэнцыяльныя матывы ў яго паэзіі. Непрыманне абсурду рэчаіснасці, бездухоўнасцi, разуменне трагічнасці чалавечага быцця.

Экалагізм мыслення П. Панчанкi. Эвалюцыя поглядаў паэта на прыроду: ад эстэтызацыі пейзажу да натурфіласофскага светапазнання. Лiрычная паэзiя прыроды П. Панчанкi: аўтарскія рэфлексіі і медытацыі. Лейтматывы жыта, зор, сонца, жаўранка i iнш. Маральна-гуманістычны характар аўтарскай думкі. Асуджэнне варварскіх, бяздумна-спажывецкіх адносінаў да “зялёнага свету”, раскрыццё антыэкалагічных паводзінаў чалавека, які душэўна збяднеў, страціў меру разумнасці (“Не люблю я слова “пакарыцель”…”, “Лясы i рэкi”, “Лясныя воблакі”, “Сармацкае кадзiла”, “Ветрана i золка...”, “Мы пiльней пазiраем на рэкi...”, “Замоўкнуў жураўліны скрып калысак…” і інш.). Узмацненне трагедыйнасці гучання вершаў на экалагічную тэматыку пасля чарнобыльскай катастрофы. Міфавобразы пячоры і ракі нябыту ў вершы “Аб самым смачным…”. Абвостранае разуменне страты гармоніі і суладнасці ў сучасным свеце, пазмрачнеласць фарбаў, мінорнасць інтанацый у творах паслячарнобыльскага і постсавецкага часу.

Мастацкая сістэма П. Панчанкі ў кантэксце традыцый нацыянальнай і славянскіх літаратур (Я. Купала, Я. Колас, Ф. Дастаеўскі, У. Маякоўскі і інш.). Уплыў П. Панчанкі на творчасць сучасных паэтаў (Г. Бураўкін, С. Законнікаў, С. Панізнік і інш.).


9.6. ІВАН МЕЛЕЖ

(1921—1976)

Значнасць постаці І. Мележа як народнага пісьменніка Беларусі (1972), класіка нацыянальнай літаратуры.

Яго біяграфія. Жыццёвыя ўмовы, літаратурныя традыцыі і ўласны досвед уфарміраванні асобы І. Мележа.

Пачатак творчай працы. Ваенныя дзённікі і запісныя кніжкі. Майстэрства псіхалагічнага аналізу ў ранніх апавяданнях (“Сустрэча”, “У завіруху”, “Такі кароткі водпуск”). Мастацкія набыткі, складанасці творчага росту (аповесць “Гарачы жнівень”, 1946; апавяданні “Перад навальніцай”, “Павел прыехаў”, інш.). Асаблівасці паказу жыцця вёскі ў першыя пасляваенныя гады.

Раман “Мінскі напрамак” (1947—1953, 1967—1973). Творчая гісторыя. Сюжэтна-кампазіцыйная структура твора. Панарамнасць і шматпланавасць пры апісанні вызвалення Беларусі ў красавіку—ліпені 1944 г. Адметнасць эпічнай манеры пісьма пры паказе фронту, акупіраванай Беларусі і савецкага тылу. Захапленне падзеямі. Мастацкая каштоўнасць эмацыянальна-псіхалагічнай манеры аповеду. Майстэрства ў адлюстраванні жыцця вёскі, побыту і працы, стварэнні народных характараў (Шабуніха, Шашура і інш.), раскрыцці чалавечых уземаадносін. Узнаўленне духу часу і канкрэтных гістарычных асоб (вобраз І. Д. Чарняхоўскага). Недастатковая распрацаванасць асобных характараў. Уплыў на асаблівасці рамана грамадскіх і эстэтычных абставін другой паловы 40-х — пачатку 50-х гадоў. Яго месца ў тагачаснай беларускай прозе. Кірункі дапрацоўкі рамана. Роля рамана ў станаўленні творчай індывідуальнасці пісьменніка, асваенні ім буйной эпічнай формы.

Пошукі і творчыя набыткі І. Мележа-празаіка ў сярэдзіне 50-х гадоў (апавяданні “У гарах дажджы”, 1954; “Спатканне за горадам”, 1955; аповесці “Блізкае і няблізкае”, “Дом пад сонцам”, абедзве — 1954). Мастацкая дасканаласць, заглыблены псіхалагізм, эпічная танальнасць і лірызм гэтых твораў. Іх значэнне для будучых адкрыццяў празаіка.

Нарысы пісьменніка “Паездка ў Прагу” (1955) і “Ліпень у дарозе” (1956).

Драматургія І. Мележа, яе праблематыка, жанравыя асаблівасці і месца ў творчасці пісьменніка. П’есы “Пакуль маладыя” (1955), “Дні нараджэння” (1957), “У новым доме” (1957, 1960) у кантэксце тагачаснай літаратуры.

“Палеская хроніка” як галоўная, дарагая і запаветная кніга І. Мележа, твор пра родны палескі край. Творчая гісторыя, задума напісаць цыкл раманаў “Куды вядуць дарогі” пра жыццё беларускага народа на працягу значнага часавага адрэзку. Прататыпы, аўтабіяграфічнасць твора.

Высокая эстэтычная вартасць раманаў “Людзі на балоце” (1961) і “Подых навальніцы” (1964—1965), адзначаных Ленінскай прэміяй (1972). Канцэпцыя жыцця і чалавека ў “Палескай хроніцы”. Выяўленне маральна-этычнага вопыту народа. Натурфіласофія вяскова-сялянскага побыту. Глыбіня і непаўторнасць, шматграннасць і маштабнасць вобразаў Васіля і Ганны. Духоўная веліч, прыгажосць і шматграннасць чалавека ў яго паўсядзённых клопатах, каханні, любові да зямлі, імкненні зразумець сутнасць жыцця і свайго месца ў ім.

Канцэптуальнасць, жыццёвая праўдзівасць і мастацкая змястоўнасць вобраза Апейкі. Гуманістычная сутнасць і трагедыйнасць яго асобы.

Багацце і разнастайнасць людскіх характараў у “Палескай хроніцы”. Дасканалае выяўленне глыбінь і самабытнасці народнага жыцця, духу эпохі, важкае слова пра лёс сялянства ў пераломны перыяд гісторыі, пра падзеі 20-х гадоў і калектывізацыю на Палессі.

Грунтоўнасць аналітычнага, эпічнага пісьма, лірычнасць, паэтычнасць аўтарскага стылю. Псіхалагічная індывідуалізаванасць у паказе характараў. Глыбіня раскрыцця чалавечых узаемаадносінаў. Уменне дакладна намаляваць вобраз героя ў бытавых, сацыяльных і нацыянальных умовах. Пачуццё мастацкай меры пры выкарыстанні пісьменнікам палескай гаворкі. Адметнасць мовы персанажаў, іх паўнакроўнасць і праўдзівасць. Дасканаласць сюжэта і кампазіцыі. Дакументальнасць і мастацкая інтуіцыя ў творы. Змястоўнасць мастацкай дэталі, партрэта, дыялогаў і маналогаў, лірычных адступленняў і пейзажаў, апісання масавых сцэн.

Раман “Завеі і снежань” (1976). Вобраз Башлыкова. Далейшы жыццёвы лёс Апейкі і Ганны. Узмацненне драматызму ў паказе падзей і раскрыцці характараў.

Думка народная ў трылогіі. Усведамленне пісьменнікам складанасці народнага лёсу. Сцвярджэнне духоўнай, маральнай трываласці і несмяротнасці народа ў матэрыялах да раманаў “За асакою бераг” і “Праўда вясны”.

Самабытнасць, народнасць, агульначалавечая значнасць, гістарычны маштаб і гуманістычны пафас трылогіі. “Палеская хроніка” як народная кніга, беларуская нацыянальная эпапея.

“Палеская хроніка” ў кантэксце мастацкага вопыту беларускай і сусветнай літаратур (Я. Колас, К. Чорны, Л. Талстой, А. дэ Бальзак, У. Рэймант, М. Шолахаў, А. Фадзееў, інш.).

Літаратурна-крытычныя выступленні. Кніга “Жыццёвыя клопаты” (1975), адзначаная Дзяржаўнай прэміяй БССР (1976).

Пераклады твораў І. Мележа на іншыя мовы.

Бібліяграфія арыгінальных выданняў. І. Мележ у крытыцы і літаратуразнаўстве.


9.7. АНДРЭЙ МАКАЁНАК

(1920—1982)

Андрэй Макаёнак як класік беларускай драматургіі, народны пісьменнік Беларусі (1977). Поспех яго п’ес на сцэнах СССР і замежжа.

Біяграфія пісьменніка. Умовы фарміравання таленту. Ваенныя выпрабаванні. А. Макаёнак як чалавек, яго рознабаковыя здольнасці.

Першыя спробы ў драматургічным жанры, вострая надзённасць, камедыйна-сатырычная характарыстыка персанажаў у п’есах “Перад сустрэчай” (1950), “Жыццё патрабуе” (1950), “Крымінальная справа” (1951), “Першае пытанне” (1952).

Выдатнае дасягненне А. Макаёнка ў жанры сатырычнай камедыі — “Выбачайце, калі ласка!” (1954). Канфлікт твора, абумоўлены жыццёвымі калізіямі. Вобраз Каліберава — прынцыповая ўдача аўтара. Калібераўшчына як сацыяльная з’ява, Калібераў — тып кіраўніка, які ў рэшце рэшт праз некалькі дзесяцігоддзяў разбурыў вялікую дзяржаву. Моцкін — тып, што адрадзіўся ў асобах “перабудоўшчыкаў” канца 80 — пачатку 90-х гг. Мяккацеласць, слабавольнасць станоўчага героя Ягора Гарошкі. Гіпертрафіраванае развіццё рыс характару ўсіх персанажаў у далейшай савецкай гісторыі. У сувязі з гэтым выключная злабадзённасць камедыі.

“Каб людзі не журыліся” (1957): сцэнічны лёс камедыі. Канфлікт твора, абумоўлены праблемамі ў сельскай гаспадарцы. Вялікі грамадзянскі накал твора.

“Лявоніха на арбіце” (1961): асэнсаванне праблем савецкай рэчаіснасці пачатку 60-х гг. — так званай хрушчоўскай “адлігі”. Неадназначнасць стаўлення аўтара да свайго героя — Лявона Чмыха. Чаму сям’я Чмыхаў жыла заможна? Сучаснае разуменне канфлікту твора. Камедыйнае майстэрства А. Макаёнка ў п’есе: формы камічнага, сюжэтныя перыпетыі, моўная характарыстыка персанажаў.

Творчыя пошукі А. Макаёнка ў канцы 60-х — 70-я гг. Эксперыменты драматурга.

“Зацюканы апостал” (1969) — “п’еса-загадка” (С. Лаўшук). Сінтэтычны жанр твора: трагікамедыя — сатыра — памфлет. Выкрыццё буржуазнасці, заходняга мяшчанства, пошласці ў творы. Характарыстыкі персанажаў: Таты, Мама, Дзеда. Амбівалентнасць вобраза Сына. Сімвалічная універсальнасць вобраза Сына як Дэмагога і Цыніка — правобраза шматлікіх сучасных палітыкаў. Сын — у патэнцыяле Гітлер (Я. Еўтушэнка). Імкненне Малыша да неабмежаванай свабоды як парадаксальны пратэст супраць бездухоўнасці грамадства. Падабенства Сына да Радзівона Раскольнікава і адрозненне яго ад персанажа Ф. Дастаеўскага. Больш вытанчаныя, больш дзейсныя, чым у Раскольнікава, дзеянні Сына ў правядзенні сацыяльнага “эксперыменту” (спачатку ў межах сваёй сям’і). Серыя бесчалавечных эксперыментаў Сына для вызначэння сваёй гатоўнасці да ролі цэзара. Дэмагогія Сына, імітацыя ім вар’яцтва, знешняя пакорлівасць для ажыццяўлення сваіх мэт, яго імкненне схавацца за маскай Гамлета. Выключная сіла прадбачання ў п’есе.

Наватарства трагікамедыі “Трыбунал” (1971) у плане жанру, у вырашэнні праблем гераічнага, у поліфаніі эмацыянальных фарбаў. Традыцыі народнага трагіфарса ў п’есе. Прынцып узаемаадлюстравання ў характарах персанажаў. Псіхалагічнае майстэрства А. Макаёнка ў п’есе, у стварэнні вобраза Цярэшкі Калабка. Гумар у творы.

Сацыяльна-філасофскі і этычны пошук А. Макаёнка ў камедыях апошняга дзесяцігоддзя яго жыцця. Грамадзянская смеласць аўтара ў камедыі “Таблетку пад язык” (1972), пастаноўка шматлікіх праблем тагачаснага вясковага жыцця: адносіны чалавека да прыроды, зямлі; лёс вясковай моладзі ў эпоху навукова-тэхнічнага прагрэсу. Наватарскі драматургічны ход — рэпартаж; сінтэз розных мастацкіх прыёмаў: псіхалагізм, адкрыта публіцыстычныя спрэчкі, вострая сатыра, паэтычны пафас фіналу. Глыбіня прадбачання Макаёнка-мастака ў камедыі “Кашмар” (1979), парадоксы ў творы. Футуралагічныя алюзіі ў трагікамедыі “Пагарэльцы” (1980) — п’есе, якая выкрывала чыноўніцтва, бюракратызм, кар’ерызм, прагу ўлады над людзьмі (Ухватаў, Кудасаў, Клёпкін, Бусько). Своеасаблівасць сюжэтна-кампазіцыйнай будовы п’есы.

Сентыментальны фельетон “Верачка” (1979) — зварот аўтара да галоўных маральных каштоўнасцей народа, сцвярджэнне чалавечнасці і дабрыні, асуджэнне бездухоўнасці.

Філасофскі роздум драматурга пра шляхі развіцця цывілізацыі і чалавека на Зямлі ў п’есе “Дыхайце эканомна” (1982). Паказ гісторыі развіцця чалавечага грамадства ў адваротнай храналагічнай паслядоўнасці: ад сучаснасці да зараджэння цывілізацыі. Выкрыццё эксплуататараў усіх масцей. Сарказм твора ў адносінах да палітыкаў, што ўяўляюць сябе гаспадарамі свету. Выдатнае веданне А. Макаёнкам спружын сусветнай палітыкі і ўвасабленне іх праз умоўнасць. Насычанасць твора палітычнай лексікай, яго інтэлектуальная змястоўнасць.

А. Макаёнак і тэатр. Розныя рэжысёрскія трактоўкі п’ес драматурга. Развіццё А. Макаёнкам традыцый сусветнай драматургіі.

А. Макаёнак як перакладчык.

А. Макаёнак як аўтар кінасцэнарыяў.

Поспех п’ес А. Макаёнка на сцэнах СССР і замежжа.

Асаблівасці драматургічнага таленту А. Макаёнка.

Значэнне А. Макаёнка як аднаго з лепшых сусветных драматургаў 20 ст. у развіцці камедыяграфіі.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   23




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет