Ясяльдзянка з палескага краю



Дата29.06.2016
өлшемі58.01 Kb.
#165745
Выступленне на радыё “Ясяльдзянка з палескага краю” (20 лістапада – 65 гадоў з дня нараджэння Я. Янішчыц)

Сярод зімы сняжыстай,

Сярод вясны вятрыскай

Я вырасла, каб сэрцам

Адчуць цяпло зямлі.

Я. Янішчыц
Гэтымі радкамі пачынаецца радыёнарыс пра таленавітую беларускую паэтку Яўгенію Янішчыц. Запіс гэтага радыёнарыса быў зроблены на Брэсцкай радыёстудыі 20 лістапада 2013г.

Бібліёграф бібліятэкі-філіяла №7 імя У. Калесніка Алена Ігнацьева расказала пра творчасць паэткі, пра тое, што хвалявала яе, і як яе пачуцці ўвасобіліся ў паэтычныя радкі. Яўгеня Янішчыц магла вельмі тонка адчуць тое, што адбываецца ў душы іншага чалавека і вельмі дакладна перадаць ў сваім творы. Вось як, напрыклад, яна перадае боль салдатак, які не дачакаліся з вайны сваіх мужоў.

Тапталі ржышча, секлі буралом,

Жыццём масцілі горасныя кладкі.

Усё радзей за песенным сталом

Збіраюцца трывушчыя салдаткі.
На сукнях адгарэла мурава...

Каторы раз паўторыць цётка Ліда:

«А мой, што пад Берлінам, ў дваццаць два —

Няхай бы хоць вярнуўся інвалідам».


Ах, прад'явіць каму палын-віну?

Другая скажа так, што шэрхне цела:

«Кляну вайну. I Колечку кляну,

Бо лепш яго — нікогачкі не мела».


Счапіўшы рук шурпатых вузлякі,

Адна адной зірнуць балюча ў вочы.

«Не выпалі нам, бабы, мужыкі».

«Не выпалі...» — замужнія прамоўчаць.



Уся паэтычная спадчына Яўгеніі Янішчыц – гэта каштоўны набытак беларускай літаратуры. Яе вершы дапамагаюць абудзіць у чалавеку лепшыя якасці, вытрымаць жыццёвыя перагрузкі, знайсці сярод будзённай шэрасці крынічку светлых пачуццяў.

Сярод зімы сняжыстай,

Сярод вясны вятрыскай

Я вырасла, каб сэрцам

Адчуць цяпло зямлі. – у адным са сваіх вершаў зазначыла Яўгенія Янішчыц. Адчуўшы гэтае цяпло і папусціўшы яго праз сваё сэрца, паэтка данесла гэтае адчуванне да нас у сваіх вершах.

Яна прыйшла ў паэзію ў пачатку 70-х гг., заявіўшы свету, што ў аснове ўсяго жывога на зямлі — любоў, што без яе не магчыма чалавечае існаванне:

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Там заблудзімся ў хмельных травах.

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая простая ява.

Прыручаюцца салаўі,

I змяняюцца краявіды.
Пачынаецца ўсё з любві —

Нават ненавісць і агіда...

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Сто дарог за маімі плячыма.

Пачынаецца ўсё з любві,

А інакш і жыць немагчыма.


Крыху больш за дваццаць гадоў Яўгенія Янішчыц шчыравала на літаратурнай ніве. Друкавацца яна пачала яшчэ вучаніцай Парэцкай сярэдняй школы: першыя вершы былі змешчаны ў пінскай раённай газеце і часопісе «Бярозка». У 1966 г. Яўгенія Янішчыц паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пісьменнік А. Бутэвіч у артыкуле «А самых лепшых час не беражэ» прыгадвае той студэнцкі час, калі вучыўся на адным курсе з Яўгеніяй Янішчыц, Алесем Разанавым, Віктарам Ярацам, Таццянай Шамякінай, Генадзем Пашковым і іншымі будучымі літаратарамі: «Пяць студэнцкіх гадоў, падвышаных чаканай хрушчоўскай адлігай, былі папраўдзе непаўторнымі і незабыўнымі. Бо не толькі лекцыі і семінары набывалі новы сэнс і змест, а і грамадскае жыццё нібыта збаўлялася ад заскарузласці і дагматычнасці. Выкладчыкі ж, здавалася, разам са студэнтамі адчынялі браму сапраўдных скарбаў, мудра скіроўвалі прагных да ведаў і спасціжэння ісціны маіх аднакурснікаў на шлях развагі, роздуму і засваення права самому даходзіць да сутнасці, не спяшацца глытаць сухі камяк чужых высноў. Міхась Ларчанка, Алесь Адамовіч, Алег Лойка, Ніл Гілевіч, Дзмітрый Бугаёў... Іхнія лекцыі былі менавіта гэткім адкрыццём сябе ў новым часе».

Радзіма, Беларусь, дзяцінства – вось тыя крыніцы, якія поўнілі Я. Янішчыц духоўнай энергіяй. Яе вершы, прысвечаныя бацьку, маці, сыну, - гэта старонка не толькі асабістай біяграфіі паэткі, але і лірычнай хронікі, гісторыі беларускага народа. Яны напоўнены пачуццём вялікай чалавечай годнасці.

Вялікая колькасць твораў Яўгенія Янішчыц прысвячае Палессю, роднай вёсцы, аднавяскоўцам. Невыпадкова Г. Бураўкін назваў паэтэсу «палескай ластаўкай». Каларыт родных палескіх мясцін адбіўся ў многіх вершах паэткі. 3 іх можна ўявіць вёскі Велясніцы, Ягадны Хутар, рэкі Ясельду і Лану, землякоў — дзядзьку Арцёма, цётку Клаву, бабулю Паланею. Яўгенія Янішчыц адчувала сябе неад'емнай часцінкай палескага люду і не ўяўляла свайго існавання без каштоўнасцей і маральных ідэалаў народнага жыцця.


Прыедзь у край мой ціхі,

Тут продкаў галасы,

Тут белыя бусліхі

I мудрыя лясы.

Хапае на Палессі

I сонца, і вады.

I што ні двор — то песня,

Што вёска — то сады.
Па травах светла-шызых

Мы пройдзем ля ракі,

Дзе, мыючы бялізну,

Вядуць сваё жанкі.

I будзе песня спета

Пра шчасце і бяду

I будзе падаць лета

У гуллівую ваду.


Прыедзь у край мой ціхі,

Тут продкаў галасы.

Тут белыя бусліхі

I мудрыя лясы.





Ёсць у Я. Янішчыц і вершы пра вайну. Самая страшная навала XX ст. адгукнулася ў творах нашай сучасніцы, якая пра вайну ведае толькі з кніг і ўспамінаў старэйшых людзей. Але, нягледзячы на гэта, ў яе паэтычных радках адчуваецца востры боль таго трагічнага часу. Паэтэса праз гады адчула, якой вялікай трагедыяй сталася для беларускага народа Вялікая Айчынная вайна.

Тапталі ржышча, секлі буралом,

Жыццём масцілі горасныя кладкі.

Усё радзей за песенным сталом

Збіраюцца трывушчыя салдаткі.
На сукнях адгарэла мурава...

Каторы раз паўторыць цётка Ліда:

«А мой, што пад Берлінам, ў дваццаць два —

Няхай бы хоць вярнуўся інвалідам».


Ах, прад'явіць каму палын-віну?

Другая скажа так, што шэрхне цела:

«Кляну вайну. I Колечку кляну,

Бо лепш яго — нікогачкі не мела».


Счапіўшы рук шурпатых вузлякі,

Адна адной зірнуць балюча ў вочы.

«Не выпалі нам, бабы, мужыкі».

«Не выпалі...» — замужнія прамоўчаць.


У роздумах паэткі пра бацькоўскі край, лёс землякоў і аднавяскоўцаў, пра гераічнае мінулае і сучаснасць адчуваецца высокая чалавечая годнасць, павага да людзей.

Вершы Яўгеніі Янішчыц, прысвечаныя каханню, выразна раскрываюць унутраны стан лірычнага героя, яго пошукі і страты, сустрэчы і расстанні, радасці і трывогі, зямную рэўнасць і высокую ўзнёсласць. Яе інтыманая лірыка – адна з лепшых старонак беларускай паэзіі.
Я дыханнем цябе абаўю,

Зберажы гэты промень, і лета,

І жаноцкую рэўнасць маю,

За якой – чысціна на паўсвету.


Я не кінуся шчасця шукаць,

На самоце галубіць патоля.

Буду мудра і светла маўчаць,

Як бярозка між чыстага поля.


Сваю паэзію Я. Янішчыц не ўяўляла адарванай, безадноснай да сучаснага жыцця, людскіх радасцей і трывог, рэальных праблем часу, таму і жыла думкай народнай. Яна прытрымлівалася той думкі, што абавязак паэта — даражыць бацькоўскай зямлёй і быць неадлучным ад народнага лёсу:
I пакуль дыхае планета,

Не вынішчаецца датла

Душа народа і паэта

У шуме жытняга святла.

Літаратуразнаўца Дзмітрый Бугаёў пра месца Яўгеніі Янішчыц у беларускай паэтычнай прасторы сказаў так: “Яўгенія Янішчыц увайшла ў беларускую паэзію так, як гаспадыня ўваходзіць ва ўласны, добра абжыты дом, - свабодна, нязмушана і натуральна”.

І застанецца яна там назаўсёды, бо, нягледзячы на тое, паэтка так заўчасна і трагічна пайшла з жыцця, яе мілагучнае і маляўнічае слова не знікне ў шэрасці забыцця. Яе шчырая і трапяткая душа, хоць і засталася непрыручанай птушкай, дае нам своеасаблівы ўрок душэўнай трываласці, з’яўляецца вышэйшым судом сумлення. І, чытаючы вершы Яўгеніі Янішчыц, адчуваеш якой чысцінёй і шчырасцю наталяецца душа. Дзякаваць Богу, што такая творца наведала нашу зямлю і аставіла нам сваю такую каштоўную спадчыну.


Жыццё, ты стэп, што выгарэў да краю,

Дрыготкі ліст на восеньскім галлі.

I ўсё адно — цябе я абдымаю,

I ўсё адно цябе я бласлаўляю

За боль і рай на песеннай зямлі.

Я. Янішчыц



Складальнік: бібліёграф Алена Ігнацьева

Достарыңызбен бөлісу:




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет