ПАЎСЮДНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ АБ АБАРОНЕ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ ЖЫЦЦЯ.
У НЯДЗЕЛЮ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ — МЕКСІКА 2016
З Санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Тэнанго-дэль-Айрэ ў Мексіцы ў нядзелю Божай Міласэрнасці, у Юбілейны Год міласэрнасці і Дзень святасці жыцця, злучаны з урачыстасцю Звеставання.
Мы, абаронцы жыцця, аб’яднаныя ў Міжнароднай кааліцыі «Ад акіяна да акіяна», якая вядзе гістарычнае паломніцтва Маці Божай Чэнстахоўскай праз свет ў абарону жыцця, слухаючы вялікі заклік Марыі бараніць цывілізацыю жыцця і любові ў сучасным свеце;
Стоячы ў прысутнасці Божай Маці перад яе жывым вобразам у Гвадэлупе на гары Тэпеяк ў Мексіцы, а таксама перад пілігрымуючай праз свет іконай Чэнстахоўскай, якую суправаджае абраз Езуса Міласэрнага;
Спадзяючыся, што гэтаксама як Марыя, вялікая заступніца абароны жыцця, аб’явілася ў Мексіцы, каб вырваць загубленых людзей ад кайданоў цывілізацыі смерці, і сёння Яна абароніць цывілізацыю жыцця і любові, якая знаходзіцца пад пагрозай;
Дзякуючы за прысутнасць Марыі, якая ў іконе Чэнстахоўскай правандравала ўжо 165 000 км праз 27 краін і тры кантыненты, абуджаючы сумленне людзей і паказваючы адзіны спосаб для выратавання сучаснага свету;
Мы заклікаем усіх людзей добрай волі ўслухацца ў заклік Божай Маці, і з вялікай любоўю і адданасцю ўключыцца ў абарону цывілізацыі жыцця і любові, якая сёння знаходзіцца пад вялікай пагрозай ва ўсім свеце.
З табой, Марыя, мы абаронім нашыя сем’і, нашых дзяцей і нашу веру, Касцёл Хрыстовы, супакой ва ўсім свеце і нашу будучыню!
Найсвяцейшая Маці, Марыя!
Дзякуем Табе за вялікую пілігрымку ў Абразе Маці Божай Чэнстахоўскай праз свет ў абарону цывілізацыі жыцця і любові.
З 2012 года Ты правандравала ўжо 165 000 км праз 27 краін на трох кантынентах, нібыта чатыры разы навокал свету. Ты шчодра раздаеш ласкі і жыватворчую любоў. Ты паказваеш свету, што вера ў сэрцах людзей усё яшчэ жывая!
Сёння Мексіка перажывае Таямніцу Твайго Наведвання. Мы прыносім Цябе да нашых дамоў, сем’яў і санктуарыяў, аТы робіш нас сапраўднымі абаронцамі жыцця.
«Не бойцеся! — заклікаў св. Ян Павел II — Адплывіце на глыбіню!»
Плыць праз штармавыя воды і бурныя патокі цяжка. Мы ўдзячныя, што Ты, наша Маці, Марыя, заўсёды стаіш побач з намі.Ты для нас — прамяністая Ранішняя Зорка і пэўны Правадыр.
На гары Tэпеяк ў Гвадэлупе Ты сказала святому Хуану Дыега: «Не бойся (...) Ці ж тут не Я, твая Маці? Ці ж ты не знаходзішся пад Маім покрывам? Ці ж не я крыніца тваёй радасці?(...)»
Мы таксама маем запэўненне Твайго Сына: Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку (Мц 28,20).
Нягледзячы на вялікую трывогу, боль і гора навокал нас, Ты вучыш нас жыць у сем’ях, дзе пануе любоў, на ўзор Святой Сям’і з Назарэта. Умацуй нашу веру, давер і паяднанне са сваім Боскім Сынам, чыя міласэрнасць усім нам так патрэбна.
Маці Міласэрнасці, дадай нам сіл. Сённяшні свет патрабуе сведкаў святасці і непарушнасці жыцця кожнага чалавека, асабліва найбольш безабаронных і нявінных дзяцей ва ўлонні маці.
У часы глабальнага нападу на сапраўдную прыроду сям’і мы абавязаны актыўна паказваць цуд сакрамэнту сужэнства, якое становіцца калыскай жыцця і падмуркам Хатняга Касцёла.
З табой, Марыя, мы можам супрацьстаяць адчаю і цывілізацыі смерці, якія прыносіць на свет твой супраціўнік. Прыцягні нас, каб мы пагрузіліся ў малітву Ружанца.
Прасі разам з намі аб ласцы Божай Міласэрнасці, каб мы з вялікай радасцю і верай усклікалі: «Езу, давяраю Табе!» І вымаўлялі словы Вяночка да Божай Міласэрнасці: «Дзеля Яго балеснай мукі будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету!»
Дзякуем Табе, Маці!
Достарыңызбен бөлісу: |