Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1921–1941 гг.).
Пачатак падрыхтоўкі кадраў гісторыкаў у БССР звязаны з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, пастанаўленне аб арганізацый якога было прынята 25 лютага 1919 г. Арганізацыйныя работы, аднак, зацягнуліся ў сувязі з часовай акупацыяй Мінска польскімі войскамі. Афіцыйнае адкрыццё БДУ адбылося 30 кастрычніка 1921 г. г. Дарэчы, першая лекцыя, якую прачытаў ва універсітэце гісторык Дзмітрый Пятровіч Канчалоўскі, называлася «Пра сусветную гісторыю», а першым рэктарам стаў У.І.Пічэта.
Першапачаткова падрыхтоўка гістарычных кадраў ажыццяўлялася на грамадска-педагагічным аддзяленні факультэта грамадскіх навук (першы дэкан У.М.Ігнатоўскі). Сама ідэя падобных факультэтаў была прапанавана старшынёй Камісіі ВНУ пры Наркамаце асветы РСФСР М.М.Пакроўскім. Выкладанне там вялося з пазіцыяў марксізму-ленінізму, а сярод педагагічных работнікаў і студэнтаў пераважалі камуністы.
У 1922 г. грамадска-педагагічнае аддзяленне было рэарганізавана ў сацыяльна-гістарычнае і ўвайшло ў склад педагагічнага факультэта універсітэта. На яго сацыяльна-гістарычным аддзяленні (1 – 2 курсы) у 1922/1923 навучальным годзе займаліся 357 студэнтаў ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў. Кафедры ў той час існавалі ўмоўна. Часам яны складаліся з аднаго прафесара. Але тэрмін «гісторыя» гучаў у назвах кафедраў: гісторыі заходнееўрапейскай літаратуры, усеагульнай гісторыі, гісторыі рэлігіі і Старажытнага Ўсходу, гісторыі Беларусі, рускай гісторыі і інш. Пад уплывам беларусізацыі 65 % навучальных курсаў выкладалася на беларускай мове, 20 % – на рускай, 15 % – на яўрэйскай. Усе экзамены і залікі сдаваліся на беларускай мове.
Дзякуючы намаганням прафесара Пічэты ва універсітэцкай адукацыі пачэснае месца занялі такія дысцыпліны, як гісторыя Беларусі, гісторыя народнай гаспадаркі БССР, гісторыя рускага і беларускага права. У цэнтры гэтай працы стаялі М.В.Доўнар-Запольскі, У.М.Ігнатоўскі, Ф.Ф.Турук, Д.А.Дудкоў, К.І.Кернажыцкі, В.Д.Дружчыц, М.М.Шчакаціхін, пра якіх з удзячнасцю ўспаміналі першыя студэнты сацыяльна-гістарычнага аддзялення педагагічнага факультэта.
Для ўмацавання выкладчыцкіх кадраў у БДУ Наркамат асветы РСФСР накіраваў туды групу вучоных-гісторыкаў – У.М.Дз’якава, Д.А.Жарынава, М.М.Нікольскага, У.М.Перцава, А.А.Савіча. Таксама СНК РСФСР у 1921 г. прыняў спецыяльны дэкрэт аб адкліканні з установаў РСФСР ўраджэнцаў Беларусі. 7 ліпеня 1931 г. на базе педагагічнага факультэта БДУ была створана самастойная навучальная ўстанова – Вышэйшы педагагічны інстытут. Ён складаўся з трох факультэтаў, у тым ліку сацыяльна-эканамічнага. У ім на пачатак 1931/1932 навучальнага года вучыліся 160 студэнтаў. Факультэт складаўся з гістарычнага і эканамічнага аддзяленняў. У 1933 г. на сацыяльна-эканамічным факультэце была створана кафедра гісторыі СССР і БССР пад кіраўніцтвам акадэміка В.К.Шчарбакова.
16 мая 1934 г. выйшла пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб выкладанні грамадзянскай гісторыі ў школах СССР». На яе падставе сацыяльна-эканамічны факультэт быў падзелены на гістарычны і геаграфічны факультэты. Першы набор на гістарычны факультэт у 1934/1935 навучальным годзе складаў 175 чалавек, з іх на гістарычнае аддзяленне – 100 студэнтаў. Дэканам быў прызначаны акадэмік В.К.Шчарбакоў. На факультэце былі арганізаваны кафедры гісторыі ВКП(б), гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, гісторыі СССР і БССР, новай і найноўшай гісторыі. Працавалі 18 выкладчыкаў. Кафедра гісторыі СССР і БССР вылучылася з кафедры ўсеагульнай гісторыі ў 1936 г. На ёй працавалі А.П.П’янкоў, Д.А.Дудкоў, Ц.С.Гарбуноў. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, у 1940 г. была створана першая універсітэцкая праграма курсу «Гісторыя Беларусі», выкладчыкі прынялі ўдзел у падрыхтоўцы дапаможніка «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». У 1939 г. на гістфаку адбылася абарона першай кандыдацкай дысертацыі.
З другой паловы 20-х гг. асноўнай формай падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі становіцца аспірантура. 6 жніўня 1927 г. СНК БССР зацвердзіў «Палажэнне аб навуковых работніках вышэйшых навучальных установаў і навуковых установаў БССР». На падставе гэтага дакумента была адчынена аспірантура ў БДУ і Інбелкульте, а з 1930 г. – у Інстытуте гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. У ліку першых аспірантаў БДУ былі вучні У.І.Пічэты – А.Бурдзейка, Ф.Забела, К.Кернажыцкі. У аспірантуру маглі паступаць асобы, якія мелі вышэйшую гістарычную адукацыю. У адпаведнасці з палажэннем аб арганізацыі аспірантуры не менш чым палову аспірантаў павінны былі складаць выхадцы з рабочых і сялян ва ўзросце да 37 гадоў. Першапачаткова паступаючыя прадстаўлялі рэферат па гісторыі і праходзілі субяседаванне па асноўных грамадскіх дысцыплінах (дыялектычнаму матэрыялізму, палітычнай эканоміі, ленінізму, гісторыі класавай барацьбы, гісторыі партыі). Пазней былі ўведзены ўступныя экзамены па грамадскіх навуках і гісторыі. Тэрмін навучання для аспірантаў складаў тры гады. У першы год навучання вывучалі дыялектычны і гістарычны матэрыялізм, ленінізм і гісторыю ВКП(б). Другі год адводзіўся на вывучэнне гісторыі КП(б)Б і рэвалюцыйнага руху ў Беларусі. Трэці год аспіранты самастойна распрацоўвалі навуковую гістарычную праблему і прымалі ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці. Ужо з другога курсу ўсе аспіранты абавязкова павінны былі займацца выкладчыцкай дзейнасцю.
Для атрымання вучоных ступеняў кандыдата і доктара навук уводзілася публічная абарона дысертацыяў. Аднак ступень доктара навук магла прысуджацца і без абароны вучоным, вядомым сваім укладам у развіццё навукі. Таксама ступень доктара навук аўтаматычна прысвойвалася акадэмікам саюзных і рэспубліканскіх Акадэміяў навук. У сакавіку 1937 г. у БДУ быў створаны Вучоны савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацыяў па гістарычных навуках. Яго праца садзейнічала росту нацыянальных навуковых кадраў.
Достарыңызбен бөлісу: |