ўвагу ён аддаваў пажарнай — праводзіў парады і рэпетыцыі: ішоў наперадзе сваёй дружыны ў зіхатлівай касцы, мундзіры з галунамі, з кіркаю пры боку. Шкляр Мейська нёс за ім сцяг з надпісам: «Смерть красному петуху!», Я не разумеў гэтай метафары, думаў, яны сапраўды рэжуць кашэрных пеўняў. За сцягам маршыравалі маладзейшыя кавалі, стальмахі, мяснікі, шапачнікі і краўцы ў брызентавых куртках, з кіркамі, бусакамі і драбінамі. Следам запрэжаныя балагольскімі коньмі грымелі дзве помпы і чатыры рассохлыя бочкі.
На пажар дружына паспявала толькі заліваць галавешкі, затое звону, крыку, вэрхалу, лаянкі хапіла б на тры пажары.
Трывога не пакідала мястэчка аж да восені. Падпальшчыка «застукалі» выпадкова з пляшачкаю газы і запалкамі за стопкаю ўдавы Супрыніхі. Ен разам з усімі хадзіў вартаваць — цікаваў самога сябе. Адскочыць часам па патрэбе, пусціць «чырвонага пеўня» і бяжыць з крыкам: «Пажа-а-ар!», памагае выносіць рэчы і тушыць. Дзе ж тут здагадаешся? Суддзі дапытваліся, навошта ён гэта рабіў, а ён і сам толкам не ведаў, плёў несусвеціцу: «Хораша ж вельмі гарэла». Звалі яго Іван Глінь, было яму гадоў дзевятнаццаць, у чацвёртым класе праседзеў тры зімы і завяршыў асвету, і на работу не надта налягаў. Далі яму пяць гадоў «Допра» (так домам папраўчьіх работ звалі турму). Адседзеў сваё, дамоў вяртацца не адважыўся. Звалокся некуды і — з канцом.
Местачкоўцы памагалі пагарэльцам будавацца, стаць на ногі, давалі прытулак, хлеб і да хлеба, увесну пазычалі насенне. Так спрадвеку і жылі.
Пад восень яшчэ адна навіна скаланула мястэчка. 3 хаты ў хату пакацілася пагалоска: «Анучнік купіў аўтобус».
Каравачнік Тэйхехе з маладосці на лядашчым коніку збіраў па вёсках рыззё, косці, капыты, дзіравыя чыгункі, патэльні, бляхі, аўчыны, сушаныя грыбы і ягады. Хадзіў у зашмальцаваным лапсердаку, латаных портках і стаптаных ботах. Дзяцей была поўная хата, вароты ледзь ліпелі, двор заглушыла крапіва і рамонак. I на табе — Тэйхехе з Масквы прыехаў на ўласным аўтобусе. Не машына, а дом на колах з вокнамі, дахам, ззяе светла-жоўтаю фарбаю, наперадзе — блішчастыя літары «АМО». Шафёр ад шапкі да батфортаў і чаравікаў увесь у скураным. Машына без каня сама едзе, з-пад хваста выпырхвае сіні дымок, спераду квакае дудка. Пракацілася па мястэчку, а следам рос і рос натоўп. Ен запоўніў утравянелы двор каравачніка, людзі запрудзілі вуліцу. Найбольш дзівіліся, як гэта так Тэйхехе забагацеў. Гэта колькі ж трэба грошай на такое дзіва дзіўнае?
Мужчыны пад'юджвалі адзін аднаго: «Кідай калупацца ў гнаі, едзь па сёлах збіраць караўкі—-паравоз купіш». «От табе і Тэйхехе! Саламонава галава! На д'ябла цяпер трэсціся на балаголе? Сеў на мяккую лаўку — жых і ў Бабруйску. От будзе аграбаць грошыкі!» — «Каб ён ад каросты адграбаўся, каб пранцы даелі ўсё кодла гэтага ганэфа*»,— клялі анучніка балаголы. Ен жа з іх здзіраў апошнюю кашулю. Гэта ж трэба — за адзін раз дваццаць пасажыраў, а ён збіраўся па два разы на дзень упраўляцца.
3 хаты выйшаў гаспадар, дробны, скурчаны, няголены, у абвіслых портках, рудых стаптаных ботах і пачаў прасіць, каб павыходзілі з двара. Хто хоча ехаць, няхай прыходзіць заўтра зранку і ў абед будзе ў горадзе. Але ніхто не паварушыўся. 3 вуліцы падыходзілі і падыходзілі людзі. Раней на Тэйхехе ніхто не зважаў: пасля паездак па сёлах вакол яго стаяў устойлівы смурод, а цяпер каравачнік стаў самы вядомы і багаты ў мястэчку чалавек. Толькі і гаворкі было пра яго.
Каб разагнаць натоўп, вылез шафёр, доўгаю ручкаю завёў машыну. Яна зачыхала, загула, задрыжала, раўнула дудка, і аўтобус павольна пакаціўся да варот. Спалоханыя людзі пачалі разбягацца.
«Бабы, караўкі, караўкі! Каму фарба, каснікі, гузікі, гаплікі?» — нехта дражніў новага глускага капіталіста. «Яшчэ наездзішся на сваёй падле і накрычышся. Мы з цябе, шлімазул*, з самога спусцім шкуру на караўкі»,— не сунімаўся балагольскі галава Шолам Гіцька.
Людзі павольна разыходзіліся, а ў кожнай хаце і на рынку толькі і гаворкі было пра Тэйхехе і ягоны аўтобус. Ніхто не верыў, што на караўках можна столькі зарабіць. Чаго толькі не прыдумлялі! Казалі — на сваім гародзе адкапаў поўненькі чыгунок золата, нехта прыдумаў, што на пагарэлішчы панскага двара збіраў старое жалеззе і там знайшоў скарб. Больш за ўсіх бедавалі балаголы. Мужчыны пацвельвалі Шолама: «Цяпер вам хана. Запрагай свайго ардэна ды едзь караўкі збіраць, можа, забагацееш». Шолам спакойна адказваў: «Навошта ў чалавека адбіраць хлеб? От пабачыш, праз месяц ён зноў на падле паедзе».
Не ўсе рваліся ў аўтобус. Часам пыталіся адзін у аднаго: «I ты паедзеш?» — «А чаму не? Садзіся і за траяк каціся, як пан, на мяккім сядзенні».— «А як перакуліцца, касцей не збярэш».
Не доўга раскашаваліся местачкоўцы ў Тэйхахавым аўтобусе. Калі асвойталіся і пераселі з балагольскіх будаў на мяккія сядзенні, забедавалі балаголы. А машына рабіла па два рэйсы на дзень.
Насупраць Барысаўшчыны балаголы перакапалі дарогу, равок прыкідалі хлудам і прысыпалі пяском. Надвячоркам у яго і забурыўся аўтобус. 3 лесу выскачылі людзі з пазавязванымі тварамі, каламі павыбівалі вокны, папрапорвалі шыны. Яны засіпелі, і аўтобус асеў. Так рабілі неаднойчы. Тэйхехе перарабіў аўтобус на грузавік. Дабілі і яго. Добра, што не збыў сваю клячу. Запрог яе і паехаў з сяла ў сяло: «Бабы, караўкі, караўкі, косці, рогі, капыты».
святы
Перад Калядамі набожныя пасцілі, недавяркі скароміліся, але ўсе аднолькава чакалі свята.
3 восені кожны гаспадар у цесным катушку трымаў кормніка, пеставаў і выгладжваў яго, пакуль не пакруглее хіб і не заплывуць вочы. Каляды без свежыны — не свята. У мястэчку быў самы лепшы і спрытнейшы свінабой Грышка Рачкоўскі, па мянушцы «Матуз». Ен жыў у канцы прырэчнай вуліцы ў пуставатай стадоле разам з незамужняю сястрою Матронаю і сам гадоў да сарака ніяк не мог дабраць пару. Трохі латаў людзям боты, абрабляў кавалак поля. Самая «касавіца» ў Грышкі пачыналася перад Калядамі. Кожны местачковец хацеў, каб яго кормніка закалоў і разабраў толькі ён. Тыдні за два да свята пісаліся да яго ў чаргу.
Прыходзіў ён на досвітку. У прасоленай торбачцы ляжалі доўгая швайка, калодачка з цвічком высмыкваць шчаціну і вострыя нажы.
Як толькі Грыша заходзіў у двор, свінні чулі сваю бяду і ўсчыналі страшэнны лямант і віск.
Калі Грышка з'яўляўся ў нас, я ўцякаў на другую вуліцу, затыкаў вушы, каб не чуць віску свайго рахманага пестуна. 3 ім свінабой упрауляўся імгненна: хапаў за пярэднюго нагу, куляў кормніка на спіну і заганяў швайку акурат у сэрца, дзірачку затыкаў завостраным шпунтам, спрытна выдзіраў шчаціну. Пасярод двара ўжо трашчала вогнішча. Пад звязаныя капыткі кормнікаў засоўвалі доўгі кол і круцілі тушу над агнём. Каб не лопалася шкурка, яе дасмальвалі запаленымі саламянымі вехцямі. Пачарнелую тушу аблівалі гарачай вадою, укрывалі саломаю, каб лепш адапрэла. Цяпер ужо і ў дзяцей праходзіў жаль да кормніка — садзіліся верхам на мокрую і цёплую салому і адпарвалі будучую свежыну. Скідалі салому, Грышка доўгім нажом саскрабаў чорныя стружкі, пад імі выступала жаўтавата-ружовая шкурка.
Калі не было надта вялікага марозу, у двор выносілі шырокую лаву, на ёй, як найлепшы анатам, Грышка разбіраў кабана: адымаў шынкі, лапаткі, ашыек, як кажух, здымаў сала, выразаў каркавіны і паляндвіцы, разбіраў усё да костачкі і да жылачкі. Паражніліся толькі кішкі і выкідалася жоўць. Разбіраючы, свінабой лепшыя кавалачкі аддаваў гаспадыні, і на прыпечку ўжо сквірчэла верашчака — поўная патэльня смакаты.
Работа закончана: квадраты сала ахалонваюць на лаве, кумпякі, каркавіны і паляндвіцы складаюцца ў дзежачкі з каляндраю, салетраю і кменам вылежвацца да першых сонечных дзён, у сакавіку іх павесяць пад дах абветрывацца і падсыхаць, а перад Вялікаднем задымяць вяндлярні.
На стале чакае свінабоя запацелая пляшка, верашчака і стос ячных або грэцкіх аладак. Выпілі, памянулі кормніка, пажадаў Грышка, каб вялося ў хляве і не зводзілася на стале. Гаспадыня напакавала Грышкаву торбу свежыною (у нас кажуць «дала бонду»), у кішэню сунула траячку, і пайшоў Грышка на другую вуліцу, а калі ўправіцца, дык і ў трэці двор — свежаваць кабана. Увечары чуваць, як Грышка вяртаецца з работы з адною песняю: «I піць буду, і гуляць буду, а смерць прыдзе, паміраць буду». На ганку брата сустракае Матрона і без асаблівай злосці лае яго па-яўрэйску. Яны часта гавораць і лаюцца на мове Майсея, толькі мацюкі сыплюць без перакладу.
Адлучаны на цэлае дзесяцігоддзе ад родных мясцін, я нічога не ведаў пра лёс Грышкі Рачкоўскага. Вярнуўся і адразу пайшоў па ўсыпаным чародамі гусей выгане да абмялелай Пцічы. Здалёк пазнаў доўгую пляскатую Матрону. Яна прыкметна пастарэла, але спрытна збірала ў прыпол гусінае пер'е і пух. Пазнала мяне, калі загаварыў. Паселі на ўдзірванелым беразе, глядзелі на павольную плынь па жаўтапеску, на чародкі вёрткіх уклеек. Матрона расказвала: «Як толькі ўсчаўся яжоўскі хапун здурнеў Грышка і ўскруціўся жаніцца. Падкацілася да яго тая флюндра Цугеліха. Я кажу: «На чорта табе завязваць свет, каб грызціся з гэтаю халяваю?», а ён знай сваё — «От, кажа, забяруць у кутузку, будзе каму сухар і махоркі перадаць. Ты ж не вельмі пабяжыш». Многіх тады ні за што пазабіралі, не абмінулі і савецкіх начальнікаў, а самастаяцельных хадзяеў пад чыстую выкацілі. Грышку там, відаць, месца не хапіла. I што ты думаеш, як дарваўся, дык да вайны аж трох хлопцаў настругаў. Прыйшлі немцы, спярша ў гумне на вышках хаваўся, потым вылез, ацерабіўся. Нехта вазьмі і падтыкні, што е такі свінабой спрытны. Яны ж ласыя былі на свежыну. Залыгалі Грышку, і пайшоў ён пластаць пазабіраных у людзей кормнікаў і надворных, парасятак і, не дасі веры, паросных. Загадалі паставіць вяндлярню. Самі жэрлі вяндліну і перлі шынкі ў тую Германію. А як падышоў фронт, немцы лахі пад пахі ды ходу. Тут Грышка і закруціўся. Хапаецца за галаву ды порткі падсмыквае: «Гэта ж мне за падсобніцтва Калыма свеціць, чаго добрага, і куля ў патыліцу». Забраў сваю Цугеліху, пахапаў смаркачоў сваіх і ўрэзаў следам за фрыцамі. Паехаў — як у пельку боўтнуў, ні слуху, ні духу. Жывыя ці не, нават не сасніліся ні разу. Да мяне прыстаў аўдавелы Супрун, хлопчыка скідалі, так і перабіваемся ўтраіх».
Многа яшчэ гадоў калывалася на выгане доўгая Матроніна постаць сярод парадзелых чародак гусей. У апошні прыезд ужо не сустрэў яе. Суседка паказала Матроніну магілку з невысокім крыжыкам.
I зноў прыпомніліся перадкалядныя смаленні кабаноў, сытыя, шумныя і вясёлыя зімовыя святы.
Задоўга да Каляд, тоячыся ад «канкурэнтаў», а мы дык і ад настаўнікаў, збіраліся ладныя хлопцы і падлеткі з вечара і да поўначы рабіць калядныя звёзды. (У дачыненні да іх ніяк не пасуе слова зорка.) Мы былі вучнямі, піянерамі, камсамольцамі, таму і хаваліся, каб не ўбачылі, ніяк не дачуліся ў школе і ў атрадзе наша адступніцтва ад «перадавых ідэй атэізму». Нам такі ўдзяўблі ў галаву, што Бога няма, а не зрабіць звязду і не пакалядаваць было вышэй нашых сіл.
Пяцёра нас збіралася ў хаце Мішы Куляшэўскага. Там мы не заміналі і нам ніхто не замінаў: Мішаў бацька качагарыў пры паравіку, што круціў млын і дынаму, маці нешта начамі вартавала, вось мы і раскашаваліся самі па сабе. Я нядаўна бачыў здымкі калядных звёздаў з розных куткоў Беларусі, а такіх, як рабілі ў нас, не сустрэў. Дзвюх падобных на ўсё мястэчка не было. Рабілі «крыварожкі», з прамымі ражкамі, большыя, меншыя, размаляваныя адна за другую мудрэй і прыгажэй, з брыжамі, кутасамі, кожная лёгка круцілася і свяцілася з сярэдзіны. 3 лета шукалі старое сіта або рэшата, абечка (обад) разразалі на дзве палавінкі, адну скручвалі шырэй, другую вузей, моцна іх злучалі рэечкамі на паўметра адну ад аднае, у пярэдні заганялі дзве доўгія планачкі на адлегласці прыкладна сантыметраў восем, а ў меншае абечка ўстаўлялі накіраваную наперад адну рэечку і звязвалі іх. Выходзіў ражок зоркі. У каго выходзіла шэсць, у каго восем ражкоў. Паперу размалёўвалі анёламі, кветкамі, а мой таварыш Жэня Бухавец налаўчыўся па памяці маляваць партрэт Гогаля. Аўтару «Мёртвых душ» дамалёўвалі анёльскія крылцы, і ён упрыгожваў звязду. Пярэдняе колца заклейвалі малюнкам прыгожага круглага твару, аблямаванага брыжамі з каляровай паперы, гэта азначала — Сонца, у тыльнае колца ўстаўлялася круглая дошчачка з дзірачкаю і ўтулкаю для крука, праразалася і прымацоўвалася фортачка. Праз яе ўстаўлялася і запальвалася свечка. Пакуль рабілі звязду, у кожнага было столькі выдумкі, столькі старання, вынаходніцтва, каб яна была найпрыгажэйшаю. Бакі і ражкі размалёўвалі дзівоснымі кветкамі і арнаментамі, крыжамі і баранчыкамі з тае аўчарні, дзе нарадзіўся Хрыстос. Уся звязда некалькі разоў прамазвалася алеем, высыхала і станавілася празрыстаю, як шкляная. Ва ўтулку ўстаўляўся жалезны крук на доўгай палцы. У звяздзе запальвалася свечка, на ўтулку наматвалася вяровачка, і асветленая звязда пачынала круціцца. Для нас гэта было найпрыгажэйшае відовішча.
Пакуль звязда сохла на гарышчы, развучвалі калядныя песні. Яны пераходзілі з пакалення ў пакаленне звездароў. Спявалі і, хоць забі, нічога не разумелі: «Скиния златая ў коўчэг завітая, радуйся, прысна дзева, оли клени з Раждеством тваім». Пяцёра нас былі звязаныя адною тайнаю. Вечарамі збіраліся ў Мішы, нібыта вучыць урокі, а самі ўсё няньчылі сваю звязду, дараблялі і ўпрыгожвалі яе. I яшчэ ў нас з'явіўся таемны занятак. Нехта з мінскіх студэнтаў прывёз і паказаў мне падобную на нейкую магію варажбу. Называлася яна незнаёмым словам «спірытызм». Ой, як мы захапіліся ёю! Здавалася, увайшлі ў сувязь з нейкімі незямнымі нябачанымі сіламі, верылася, што яны прысутнічаюць побач, ведаюць лёс кожнага з нас, чуюць нашы пытанні і адказваюць на іх.
Бралі вялікі аркуш паперы. Пасярэдзіне зверху малявалі нейкі кабалістычны значок, потым пісалі ўсе літары алфавіта, знакі прыпынку, лічбы да дзесяці, злева наўкасы — слова ДА, справа — НЕТ. Відаць, той чысты ці нячысты дух быў абавязкова рускі, хоць нашы беларускія пытанні разумеў беззаганна. Пераварочвалі сподачак, на ім малявалі завостраную стрэлку і прысоўвалі яе да кабалістычнага значка, кожны клаў пальцы на беражкі сподачка, засяроджана маўчаў і глядзеў на сподак. Апаноўваў ціхі страх, вярзлося, што нехта нябачны прытаіўся ў змроку хаты. Стрыечны брат расказваў, што ў вопытных спірытаў круцяцца сталы і стукаюць ножкамі, што некаторыя ўмеюць выклікаць дух славутых людзей. На іх пытанні адказваюць Напалеон, Талстой і Пушкін.
Пакуль трымалі пальцы на сподачку, рабілася вусцішна, вецер рыпне аканіцаю — здаецца, нейкая здань стаіць ля парога. Раптам у цішыні, пры ўкручанай лямпе сподачак скранаецца з месца. Ад напружання дрыжалі гарачыя пальцы. Сподачак поўз да слова «Да». «Ці буду я шчаслівы?» — пытаўся мой лепшы друг Андрэй Юркевіч. Сподачак торкаўся стрэлкаю ў літары і даваў жаданы адказ. Пыталіся, хто якой дзяўчынцы падабаецца. Сподак не памыляўся — называў чаканае імя.
Часцей мы «варажылі» ў Андрэевай хаце. Каля дзвярэй у куце стаялі кросны. Андрэеў бацька быў найлепшы ў раёне ткач. Ткаў ён кужэльнае палатно, сурвэткі з узорамі, стракатыя посцілкі, сукно з клеткамі ўсіх колераў жанкам на андаракі. Наляскаўшыся бёрдамі, спаў на печы, маці хадзіла да суседак вечараваць, а мы з Андрэем выпытвалі ў сподачка свой лёс, і ён быў шчодры на добрыя адказы. У Андрэя лёс склаўся куды шчаслівей за мой, але і ў яго былі гора і страты, як і ў кожнага на нашай пакутнай зямлі.
Тады мы былі летуценнікамі. Пасля «таямнічых» сеансаў дапазна хадзілі па пустой Мінскай вуліцы, углядаліся ў зорнае неба і марылі пра вялікія светлыя гарады, хоць яшчэ і чыгункі не бачылі, пра сваю неверагодна яскравую будучыню і верылі, што наперадзе толькі шчасце, што заўтра будзе лепш, як учора, пазаўтра — лепш, як сёння.
Мары заставаліся марамі, а кожны дзень трэба было памагаць бацькам — насіць ваду, пілаваць дровы, выкідаць гной, адкідаць снег і сколваць лёд. Часам хадзілі на піянерскія і камсамольскія зборы, слухалі палымяныя прамовы важатых і гарлалі: «Наш паровоз вперед лети, в коммуне остановка. Иного нет у нас пути, в руках у нас винтовка». А паравоз той бачылі толькі ў нямым кіно, і гарады нашых мараў і сноў — на маленькім экране ў нардоме. У тую пару летуценняў мы ўсяму радаваліся, усім верылі і чакалі дзівосаў светлага жыцця, усім захапляліся — самадзейнымі спектаклямі, піянерскімі паходамі, калядаваннем з звяздою. I тут была таямцічасць і канспірацыя. Трэба было хавацца, каб ніхто не дазнаўся пра наша звездаванне: калі б дазнаўся дырэктар школы, павыключалі б усіх з сямігодкі, з піянераў і з камсамола. Таму, калядуючы, апраналіся ў чужыя транты і шапкі, знарок горбіліся і накульгвалі. Бяспечней было пайсці ў суседнія вёскі і ў засценкі, дзе не было канкурэнтаў і шчодрыя гаспадары больш кідалі ў торбу механошу.
Хаваючыся, ставілі калядныя ёлкі. I яны былі «опіумам для народа». Начальства заўсёды клапацілася пра народ і прыдумляла забарону за забаронаю. А без ёлкі і свята не свята. Елкі былі, а цацак — аніякіх. 3 каляровай паперы склейвалі ланцугі, чаплялі выразанкі з колішніх калядных паштовак, вешалі загорнутыя ў блішчастую паперу арэхі, а на самым версе з разгорнутымі крыламі кардоннага анёла, на галінках — маленькія свечачкі. У хаце пахне лесам і воскам. Бацькі да поўначы ў царкве. На лаве пад абразамі ў сене стаіць гаршчэчак з куццёю — крутою панцаковаю кашаю, а ў печы і на стале — дванаццаць посных страў: бурачковы або грыбны квас, смажаная рыба, пражаныя на патэльні вушкі — пельмені з грыбамі, піражкі з капустаю, журавінны кісель, узвар на грушах і слівах, а ў цэнтры — паставяць куццю.
Вечар таямніча-сцішаны. На вуліцы рыпіць чысты снег, на зледзянелых шыбах пераліваюцца ўзоры. Чакаю бацькоў і глытаю слінкі, а сам пакаштаваць не адважваюся.
Апоўначы прыходзяць з вячэрні бацькі, ад іх пахне марозам, ладанам і алеем ад крыжыкаў на лбах. Яны імі дакранаюцца да майго лба — перадаюць «мірапамазанне» і мне. Запальваем свечкі на ёлцы і садзімся за стол куццяваць. Успамінаю тую посную «тайную вячэру», і нічога смачнейшага, здаецца, не каштаваў.
Заўтра першы дзень Каляд. Чакаюць яго ад самай восені. Усе разгавеюцца скаромінаю, памчацца з бомамі і шамкамі шлюбныя тройкі, з хаты ў хату пойдуць «дарагія госцейкі», запрашаліся не «патрэбныя», а дарагія сэрцу людзі, а мы, як толькі сцямнее, запалім сваю «крыварожку», падумаем, каб не забрысці ў чужую «парафію», і пойдзем па падвоканні круціць звязду і спяваць «Дзіваедна» і «Скінія златая». Адспяваем, вынесуць добры кавал пірага, скрыль сала або колца ўсмажанай каўбасы. Здаралася, і прагоніць каторы гаспадар: «Правальвайце! Былі ўжо, былі. Дзе на вас набярэшся?» Перапыняем на паўслове песню, зняважаныя, ідзём далей да багацейшага і шматдзетнага гаспадара, ды і ходзім крадком, каб не пазналі і не выказалі лютаму да забабонаў Ананневу. Бывае, і ў хату пусцяць павесяліць дзяцей, пачастуюць з каляднага стала і ў торбу механошу нешта ўкінуць. Ім у нас быў Саша Куляшэўскі, ціхі і разважлівы малодшы Мішаў брат. Ен прайшоў усю вайну, быў камендантам Вены і загінуў зусім выпадкова пасля пераможных салютаў.
Па мястэчку звёздаў хадзіла, можа, з паўсотні. Канкурэнцыя была жорсткая: сыдуцца, бывае, дзве, барзджэй тушы свечку і ўцякай за чужую браму. А не схаваешся, наляцяць з крыкамі: «Тыла! Тыла!”, паб'юць у пэтлахі звязду і крук закінуць у студню, а то і торбу адбяруць. Так мы ад Каляд да Вадохрышча хадзілі з звяздою, спявалі незразумелае, не лішнімі былі і падаянні. Месцамі звязда прагарала, губляліся кутасы і брыжы, латаную і падмаляваную, хавалі на гарышча да наступных Каляд.
Ад першага дня Каляд аж да посту мястэчка гуло святочнымі застоллямі, скокамі, вяселлямі, песнямі падпітых шаўцоў, кавалёў, ганчароў і хлебаробаў, царкоўныя званы склікалі на ранішнюю імшу, на абедні і вячэрні.
У адзіным доме на ўсё мястэчка была ёлка з сапраўднымі фабрычнымі цацкамі. Праз затканае марозным узорам акно ад запаленых свечак зіхацелі, пераліваліся праменямі чырвоныя, зялёныя, сінія, аранжавыя, залацістыя шары, люстраныя зорачкі, нябачаныя цацкі і цукеркі. Жыў там страхавы агент Васіль Грудзінскі. Многа гадоў ён недзе служыў у Мінску, жонка і дачушка Таня былі гарадскія, апраналіся і гаварылі не па-тутэйшаму. Галадуха прыгнала і іх на радзіму гаспадара, на колішняе бацькава селішча. Занялі яны дом на дзве палавіны: у адной была страхавая кантора, у другой жылі самі. Таня насіла плюшавыя капары, пальцечкі з пелярынамі, белатварая, з ружовымі шчочкамі і блакітнымі вочкамі, была падобная на ёлачнага анёла.
Аднойчы яна ўгледзела мяне пад сваім акном з разяўленым ротам, спытала, чаго стаю. Я нешта невыразнае прамармытаў і хацеў даць драла, яна спытала, як мяне зваць, і паклікала ў пакой. Там я аслупянеў ад зіхоткай ёлкі, упершыню ўбачанага мяккага крэсла, блішчастай шафы, ад нейкага нянаскага паху ў пакоі. Праз некалькі хвілін мы скакалі і бегалі вакол ёлкі, яна частавала цукеркамі і хрустамі. Потым мы з ёю вучыліся ў адным класе. Праз гады ў Мінску лёс нас звёў пад адным дахам на некалькі шчаслівых месяцаў, а бяда і беззаконне разлучылі назаўсёды, кінуўшы ў розныя пасткі аднаго і таго ж пекла.
Можа, каб не тая гарадская ёлка, нашы б сцежкі не сышліся, Таня б не зведала столькі гора праз мае пакуты.
Магчыма, асабістае ўспомнілася не дарэчы, але кожны ўспамін мае свой працяг і сувязь з сучаснасцю. Так і ў мяне.
Калядныя святы завяршаліся Вадохрышчам. За папамі натоўп людзей з пратэсамі, крыжамі і свечкамі ішоў да ракі. Ускрай шырокай палонкі стаяў выпілаваны з лёду вялікі крыж. Яго аблівалі бураковым сокам, і ён гарэў на сонцы і прамяніўся крыштальнымі гранямі.
Зіхцелі залататканыя рызы і крыжы, з кадзільніц курыўся ладанны дым, спяваў царкоўны хор. Святары асвяцілі ў проламцы густую цёмную ваду. Парафіяне кінуліся да яе з пляшкамі, збанкамі, гладышыкамі — набіралі свянцоную ваду на ўсе выпадкі жыцця — пілі ад немачы, ад пераляку і ўроку, апырсквалі скаціну, каб Бог бярог і даваў. Дзіўна, але па некалькі месяцаў стаяла свянцоная вада, як толькі што набраная. Над палонкаю курылася пара, ад марозу барвовела сонца, а спраўны гаспадар Ілля Кроцік пад'язджаў на жарабку, скідаў валёнкі і вялікі чорны кажух, сцягваў кашулю і ў адных нагавіцах басанож паволі ішоў па снезе і коўзкім лёдзе, хрысціўся над палонкаю і кідаўся ў віратлівую плынь цёмнай вады. Ныраў, задаволена крактаў, фыркаў, на другім баку палонкі мужчыны падавалі яму рукі, струменямі сцякала вада, а Кроцік ішоў паволі, весела ўсміхаўся, гукаў аднаго, то другрга знаёмага: «Давайце, хлопцы! Гэта ж такая любата». Нацягваў на мокрае цела кажух і валёнкі, валіўся ў вазок, шлёпаў ляйчынаю,і жарабок з месца кідаўся ўскач, толькі следам курыўся снежны пыл.
Канчаліся калядныя святы. Мы зноў нехаця збіраем падручнікі і сшыткі, ідзём слухаць блытаныя і нудныя ўрокі Ананнева пра Парыжскую камуну, Канвент, Дантона і Рабесп'ера. 3 гэтага пачыналася вывучэнне гісторыі, канчалася Вялікім Кастрычнікам. Мы нічога не чулі пра Івана Каліту, Грознага і Барыса Гадунова, пра хрышчэнне Русі, пра вайну 1812 года, не ведалі дынастыі Раманавых, ні Суворава, ні Кутузава. 3 радасцю я чакаў урокі беларускай і рускай літаратуры, малявання і спеваў, баяўся матэматыкі — не давалася яна мне з першага класа. Ды і будыніна школы мала вабіла нас — доўгая стадола, скіданая з панскіх свірнаў і афіцын, сцены неатынкаваныя, толькі прамазаны пазы і забелены шэраю вапнаю, цёмны калідор заканчваецца адзіным акном, па абедзве рукі — класы, парты пазбіраны з дарэвалюцыйньіх школак, у цесным катушку ледзьве месцяцца нашы «шкрабы», і сесці няма дзе кожнаму, а яны ўсе розныя.
Увосень з Мінска прыехала маленькая, як лялечка, кучаравая і золатавалосая Зося Саламонаўна Карчан выкладаць рускую мову і літаратуру. На ёй, як уліты, сядзеў сіні жакецік, ад баціставай кофтачкі святлела ў класе. Разам з ёю прыехаў высокі, светлавалосы, у хромавых ботах, сініх галіфэ і талстоўцьі матэматык і фізік Раман Іванавіч Курбыка. Ён не шкадаваў ні часу, ні сіл, каб кожны з нас стаў па меншай меры Лабачэўскім. Высокая, поўная, з абліччам прыгожым, як кроў з малаком, у прасторнай карычневай сукенцьі Таццяна Іванаўна Шыманоўская адкрывала нам хараство роднай мовы і літаратуры. Калі яна нам чытала «Курган» або «Сымона-музыку», часам у вачах паблісквалі слёзы, а голас цішэў да шэпту, нават самыя свавольнікі сядзелі, як прылепленыя. “Настаўніца”, «Родныя шдяхі», «Выпісы з беларускай літаратуры», маладнякоўскія кніжачкі і літаратурныя дадаткі амаль да ўсіх газет зачароўвалі нас хараством роднага слова, вершамі Багдановіча, Гаруна, Чарота, Дубоўкі, Труса і Пушчы.
Інтэлігенцыя лічыла гонарам і адзнакаю адукаванасці гаварыць па-беларуску, усе ўстановы, ад сельсавета да ЦК КП(б)Б, працавалі на мове свайго народа. Гурткі самадзейнасці ставілі «Збянтэжанага Саўку», «Мікітаў лапаць», а найбольшым поспехам славіліся «Чырвоныя кветкі Беларусі» Васіля Гарбацэвіча.
Таццяна Іванаўна ведала, што папісваю вершыкі, і, калі атрымлівала свежыя часопісы, запрашала да сябе на кватэру, частавала чаем і мы разам чьіталі і абмяркоўвалі мінскія літаратурныя навінкі.
Школаю і настаўнікамі кіраваў былы кавалёрыйскі палітрук, выпускнік рагачоўскіх педкурсаў Гаўрыла Ананнеў. Як яго зваць па бацьку, ніхто не ведаў, бо настаўнікаў у пару майго вучнёўства звалі «Дзядзька Курбыка», «Цётка Карчан», «Дзядзька Ананнеў». Яго тлумачэнні «грамадазнаўства» нагадвалі казарменную «словесность». Хадзіў ён у вельветавай талстоўцы, галіфэ і ботах, чорны чуб завіваўся колцамі, да ўсіх настаўнікаў Ананнеў звяртаўся на «ты», «тыкаў» і старому спалоханаму Уладзіміру Кандратавічу Сыцьку, аднакашніку Якуба Коласа па Нясвіжскай семінарыі. Бяздзетны стары настаўнік аддаваў душу чужым дзецям, а мы, паганцы, часам не разумелі яго дабраты і кпілі з мілага Уладзіміра Кандратавіча. На ўрок ён прыносіў скрыпку, іграў і спяваў разам з намі «Вясна, вясна, жаданая, ты прыйдзеш зноў, ты вернешся» і расказваў пра аўтара гэтых простых і дзівосных слоў — юнага Коласа, Костуся Міцкевіча.
У школе вучыліся пераросткі. У сёмы клас часам хадзілі прызыўнікі і дзяўчаты на выданні. Вечарамі яны патаемна збіраліся ў каго-небудзь на кватэры, шчыльна зачынялі аканіцы; пад мандаліну і гітару скакалі, гулялі ў фанты з пацалункамі, потым парамі разыходзіліся, доўга шапталіся і перабіралі пальчыкі на чужых лавачках і ганках.
Ананнеў ведаў пра гэта і з падлеткаў сабраў каманду шпіёнаў. Яны шасталі па падвоканні, падглядалі, падслухоўвалі, зашываліся ў бэзавыя кустьг, каб дазнацца, пра што шэпчуцца хлапцы і дзяўчаты. Часам палохалі іх нечаканым крыкам. Найбольш актыўныя беглі да дырэктара. Тады ён сам падкрадаўся да «вяртэпа», падглядаў праз пічьіліну, урываўся ў хату і разганяў вечарынку. Назаўтра кожнага выклікаў у настаўніцкую і з салдацкім гумарам і досціпам асабліва дапякаў дзяўчатам. Карчан і Шыманоўская спрабавалі ўшчуваць яго. Але дзе там! Ён бэсціў заступніц, што абараняюць распусту.
Дырэктар любіў без запрашэння з'яўляцца на кватэры да настаўнікаў, правяраў іх кніжкі, дапытваўся, хто да іх ходзіць, аглядаў сцены: «Пачаму у тибя нет палтрэтав таварыщей Ленина и Сталина? Не вижу и перваистошников марксизма-ленинизма. Апалитична! Апалитична у перывад абастроннай класавай барбы». Цярпелі яго наскокі, і ніхто не адважваўся паказаць яму на дзверы.
А мы жылі сваім жыццём, сваімі клопатамі і захапленнямі: разам з Раманам Іванавічам майстравалі дэтэктарны радыёпрыёмнік, а калі спружынкаю на крышталіку намацалі радыёхвалю і ў кругленькім навушніку пачулі ледзь улоўны галасок: «Увага. Гаворыць Менск, радыёстанцыя РВ-10 імя Саўнаркома БССР», ад радасці ўсе заскакалі. У слату і ў завёю пасля заняткаў я бег у школу «на радзіва». Нас не цікавіла, што гавораць, хвалявала, дзівіла самое гаварэнне, магія неверагоднасці: як гэта так, я сяджу ў цёмным пакойчыку і пад гул завірухі чую, што гавораць у Менску. Праз шумы і трэск радыёхваляў пазнавалі знаёмыя галасы, здавалася, яны даходзяць з нейкага дзівоснага незямнога свету. Раптам у мяне сэрца застукала асабліва моцна, да болю прыціснуў навушнік і пачуў знаёмы голас майго стрыечнага брата паэта Янкі Бобрыка. Ен вучыўся ва універсітэце і падзарабляў да стыпендыі на радыё. Заміраючы ад радасці, слухаў, як гаварылі і чыталі свае вершы Трус, Кляшторны, Туміловіч і Звонак. Кожнае іх слова здавалася вяршыняй мастацтва.
Заўсёды пасля Каляд з нецярплівасцю чакаў студэнцкіх канікулаў. Шмат глускіх хлапцоў і дзяўчат раз'ехалася вучыцца ў Рагачоўскі педтэхнікум, мінскую прафшколу, на медычны і педагагічны факультэты Дзяржаўнага універсітэта. Мае стрыечныя браты Коля і Янка былі студэнтамі — адзін медфака, другі літаратурна-лінгвістычнага факультэта. Янка пісаў вершы і «гаварыў у радзіва». Іх прыезду я чакаў з нецярплівасцю. Хваляваліся дзядзька і цётка. У клеці повен кубел свежыны, пабелена столь, вышаравана падлога. 3 балаголам адпраўлены ў Бабруйск два кажухі і валёнкі: зімы стаялі лютыя і завейныя. У студэнцкіх пальцечках пазаходзіліся б душы і паадляталі ногі, а ехаць блізкі свет, аж пяцьдзесят вёрст у халоднай будзе на ператалочанай саломе паміж бочак і скрынак з таварам для глускіх крамнікаў.
Абоз балаголаў на заінелых конях у мястэчка ўязджаў надвячоркам. Рыпелі шырачэзныя развалкі з усланымі снегам будамі, спы-няліся каля крамак, выгружалі прывезены тавар, без экспедытараў, без накладных, бабруйскія і глускія гандляры давяралі балаголам на слова. I не было выпадку, каб нешта ў дарозе прапала. А маіх братоў Шолам Гацька адразу вёз дадому, не ленаваўся зайсці ў двор, стукаў у браму і крычаў: «Іван, а Іван, прымай сыноў. У пятніцу з цябе шабасоўка!» У кажухах, заінелыя, увальваліся расчырванелыя ад марозу, настылыя, але вясёлыя Коля і Янка. Я ляцеў ім насустрач, абдымаў за сярэдзіну аднаго і другога і ад радасці слова не мог вымавіць. Успамінаю і цяпер тыя самыя дарагія ў маім жыцці сустрэчы. Янка мне даваў паднесці перавязаны вяровачкаю ладны пакунак. Я ведаў — маладнякоўскія кніжачкі, аблямаваныя малюнкам дубовых лісточкаў з жалудамі і партрэцікамі маладых і прыгожых паэтаў. 3 гэтых пакункаў я адкрываў для сябе «Вершы» Труса, кучаравага юнака ў скураной куртачцы на партрэціку, «Там, дзе кіпарысы» Дубоўкі, і ўступ да паэмы помню да гэтага часу. Сустрэўшыся з сівабародым Уладзімірам Мікалаевічам у 1958 годзе пасля нашых вымушаных пакутных вандраванняў, я па памяці прачытаў яго даўнейшыя вершы. Дубоўка расчуліўся да слёз, што яго яшчэ ведаюць і памятаюць. Успамінаю нібыта ўбачаныя сёння кніжачкі Пушчы, Чорнага, Вольнага, асабліва развесяліла «Асцё» Кандрата Крапівы. Я ўсё яго вывучыў на памяць і часам дэкламаваў нават «салёныя» вершы на школьных вечарах.
Цэнтральнае бюро «Маладняка» даручала членам арганізацыі распаўсюджваць свае выданні ў мястэчках і ў сёлах. Янка саромеўся прапаноўваць іх на продаж. Яны стосікам ляжалі на лаве пад абразамі, хто хацеў, браў чытаць і вяртаў назад, блізкім знаёмым Янка раздаваў за так. Прывозіў ён і кніжкі рускіх паэтаў. Зімою 1926 года я ўпершыню пачуў слова — Ясенін. Янка прывёз часопіс «Красная нива» з партрэтам на ўсю вокладку маладога прыгажуна. Увесь нумар быў прысвечаны жыццю і трагічнай смерці паэта. На здымках — Ясенін у труне, тысячы масквічоў ідуць за яго дамавінаю, факсіміле яго вершаў— запомніўся выразны дробны почырк і кожная літара паасобку. Уразіў верш Пятра Арэшына:
Кликну, кликну с горя,
А тебя уж нет.
В черном коленкоре
На столе портрет,
Вековая просинь — наша сторона,
Если Пушкин — осень, ты у нас — весна.
3 таго студзеньскага вечара я палюбіў Ясеніна на ўсё жыццё, гэтую любоў потым палічылі злачынствам і пабольшылі мне пакаранне.
У 1974 годзе трапіў на радзіму Ясеніна. Як зачараваны, стаяў на парозе «овина», дзе пісалася славутая «Анна Снегина» і ў доме Кашынай, што стала правобразам гераіні паэмы,
Чытаю шчымліва-пранізлівыя вершы Ясеніна, слухаю ў выкананні японскага квартэта «Клён ты мой опавший» і зноў успамінаецца першае адкрыццё паэта ў той аснежаны зімовы вечар і мой незабыўны брат і настаўнік Янка Бобрык. Яму не суджана было сказаць у нашай паэзіі і часцінку таго, што мог сказаць да свайго апошняга прыстанку на Піскароўскіх могілках.
У тую шчаслівую падлеткавую пару Янка мне адкрыў Блока і Хлебнікава, паэмы Сяльвінскага. А потым, у пяцідзесятыя гады, мне пашчасціла шпацыраваць па ялцінскіх бульварах і ўзбярэжжы з аўтарам «Пушторга» і «Улялаевыцшы», чытаць яму па памяці: «И вот вышел Дылда, голый, как язык. И если мать родила его в сорочке, то он снял и ту. Короче, на нем были только одни усы». А Сяльвінскі расказваў, як яго білі за гэтыя паэмы, як яго суцяшаў і падтрымліваў Маякоўскі. «Всё это ерунда. Ловчите, только бы не расстреляли».
Янкава захапленне паэзіяй перадалося і мне: я пісаў і пісаў вершы, падобныя на маладнякоўскую лірьіку, з санцавеямі, буравеямі, лілеямі і васількамі, таямнічым і палкім каханнем, якога яшчэ і не ўяўляў. Хай бы сабе пісаў, цешыўся напісаным, дык не, напаў сверб паказваць сваю пісаніну іншым. Цэлыя слупкі майго рыфмавання змяшчала наша школьная насценгазета.
Выпускалі мы яе вялікім гуртам, прыдумлялі частушкі на вучняў, часам празрыстыя намёкі на настаўнікаў. Лёня Адзінец так размалёўваў кожную калонку, такія смешныя шаржы прыдумляў, што на ўсіх перапынках каля насценгазеты тоўпілася амаль уся школа. Меншыя цягнуліся на дыбачках, адцягвалі пярэдніх, каб толькі зірнуць на малюнкі, пярэднія чыталі ўголас, і ўсе рагаталі.
Для маіх вершаў насценгазеты было мала, і я надумаў выпускаць «грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі» часопіс. (Так жа пісалася на ўсіх друкаваных выданнях.) Мастак знайшоўся адразу — мой добры таварыш Косця Навіцкі. Маляваў ён нават лепш за Адзінца. У часопіса павінны быць аўтары. А дзе іх узяць? Адзін жа ўвесь нумар не запоўніш. I я пачаў вербаваць сваіх сяброў па каляднай звяздзе ў літаратуру, угаварыў пісаць Любу Тычыну і Ядзю Крыжаноўскую. Назбіраў на першы нумар; чаго не хапала, дапісваў сам пад рознымі прозвішчамі расліннага паходжання — Бярозка, Дубок, Шыпшына, Крушына. Усё было, як у сапраўдным часопісе — вершы, апавяданні з працягам, жарты, нават хроніка: хто над чым працуе. Усё — як у «Маладняку» або «Узвышшы».
А дзе і як друкаваць? Часопіс жа на сцяну не павесіш, у яго павінен быць тыраж. I пайшоў я ў райком камсамола. Ен займаў два пакоі ў былым папоўскім доме. Айца Аляксея з сям'ёю і ўсімі бэбахамі выкінулі на вуліцу. Патуляўся ен па добрых людзях і ўзяўся будавацца на пустой няўдобіцы за нашаю школаю. Піла і сякера, склюд і фуганак аж ігралі ў яго руках. Да восені накрыў хату, печ склаў, агарадзіўся і службу ў царкве не кідаў. Будавацца людзі добрыя памагалі, і ніхто капейкі не ўзяў. А ў былым папоўскім доме пакоі пазаймалі ў галіфэ і ў скуранках партыйныя райкомаўцы. У камсамоле сядзеў добра знаёмы мне Ізя Вальфсон, пры ім была машыністка Дзіна. Да іх я і з'явіўся. Ізя дазволіў вечарамі друкаваць свой часопіс. Дзіна ўдружыла некалькі старонак капіркі і цішком паказала, дзе ў шафе ляжыць нелінаваная папера: «Бяры, каб не надта кідалася ў вочы».
Машынка брала толькі тры экземпляры, і я дапазна ў пустым пакоі ляпаў адным пальцам сваю пісаніну. Косця намаляваў вельмі прыгожую вокладку з «арыгінальным» загалоўкам «Золак». Зрабіў ілюстрацыі да «прозы», застаўкі і канцоўкі да вершаў. Пасля доўгіх пакут тры экземпляры першага нумара я прынёс у школу і паказаў Таццяне Іванаўне. Яна ўсё прачытала, ухваліла і пахваліла, і пайшоў наш «Золак» з класа ў клас. Аўтары адчувалі сябе імяніннікамі, часам звярталіся адзін да аднаго па псеўданімах. I так падабалася гэтая гульня.
Асабліва налягаць на вучэнне не было калі: насценгазета, часопіс, дэтэктар ды яшчэ драмгурток. I мы дараслі да папулярнейшай драмы Васіля Гарбацэвіча «Чырвоныя кветкі Беларусі». У ёй былі цудоўныя песні і карагоды, вяселле Надзейкі і Андрэя Блажко, арышт дукорскіх партызан, расстрэл герояў з доўгімі прамовамі над магілаю, залп і слёзы на сцэне і ў зале, пасля заслоны — гучныя і доўгія воплескі. Артысты ад шчасця аж адурэлі, верылі ў свае таленты. За ўсё мы браліся, скрозь паспявалі, а вучыліся на «зд» (здавальняюча). Акруговы цэнтр Бабруйск здаваўся за светам — ноч і паўдня ехаць балаголам. Там выходзіць газета «Камуніст» і літаратурны дадатак «Вясна», філія «Маладняка» ёсць у кожнай акрузе, і альманахі свае выдаюць. I ў Бабруйску выйшаў «Уздым». У дзядзькі выпрасіў паўрубля і купіў сабе зялёную кніжыцу з аратым на вокладцы. Усё ў Бабруйску рэдагаваў, здавалася, недасяжны Міхась Лынькоў. " '
Цішком я перапісаў свае вершыкі і паслаў у «Камуніст». I пачаліся пакуты чакання. Кожны нумар разгортваў — а раптам убачу сваё імя. Чакаў-чакаў і, як у нас казалі, усе жданкі паеў.
На пошце вечарамі лісты і газеты выдавалі праз акно. Збіраліся людзі, паштар выгукваў прозвішчы, калі было некалькі аднолькавых, дадаваў мянушку. Лісты і газеты пераходзілі з рук у рукі да адрасата. Я, нібыта так сабе, кожны раз спыняўся каля пошты. I раптам пачуў сваё прозвішча і імя. Закалацілася сэрца. Гэта ж быў першы ў жыцці ліст, адрасаваны мне. На канверце аддрукавана: «Рэдакцыя газеты «Камуніст». Нецярпелася і страшна было прачытаць уласны прысуд. Забег за рог і акуратна адклеіў ліст. На рэдакцыйным бланку дробненькім почыркам чырвоным чарнілам было напісана: «Паважаны таварыш... У вашых вершах ёсць цікавыя думкі, іскры здольнасці, але яны яшчэ слабаватыя. Магчыма, некаторыя надрукуем». Далей ішлі парады добра вучыцца і чытаць класікаў, і подпіс — Міхась Лынькоў.
Я ледзь не ашалеў ад шчасця: сам Лынькоў называе на «вы» і абяцае нешта надрукаваць. 3 гэтага дня не прапускаў ніводную газету, і ўсё дарэмна. Калі ўжо страціў надзею, прыйшоў «Камуніст» з літаратурнаю старонкаю. У ніжнім куточку стаяла маё імя і прозвішча пад скарочаным і падгабляваным маім вершыкам «Восень». Гэта было маё першае свята, а яшчэ большае, калі па пошце прыйшоў перавод на тры рублі. Я адчуў сябе багацеем і ледзь не ўвесь клас частаваў газірованаю вадою, а дзяўчат яшчэ і марожаным.
Не ведаю, ці ўсе местачкоўцы трымаліся пастоў, а святкавалі ўсе без выключэння, шырока, з размахам і непадробнаю весялосцю. Да Вялікадня шылі абновы дарослым і дзецям. Местачковыя краўцы, шаўцы, шапачнікі і «мадзісткі» да поўначы сядзелі за варштатамі. Мне бацька заказваў новыя чаравічкі, картовыя штонікі, белую ў пасачкі кашульку, з абрэзкаў ад штаноў — шапачку-васьміклінку.
Паненкі прыбіраліся ў новыя сукні, белыя кофтачкі, зграбныя спаднічкі, блішчастыя лодачкі. Пад стрэхамі свіронкаў і стопак петралі на сонцы кумпякі, кілбасы, паляндвіцы, каркавіны і лапаткі. Ад Каляд яны вылежваліся ў духмяным расоле, а з першых сонечных дзён віселі ў падстрэшшах. Ніхто іх не пільнаваў, не здымаў на ноч, і не было выпадку, каб хто паквапіўся на чужое.
Тыдні за два да Вялікадня над гародамі цягнуўся ядлаўцовы дымок. У вяндлярнях даходзіла — ружавела, карычнявела, слязілася кроплямі тлушчу вяндліна. Ад духу казытала ў носе, і кожны глытаў слінкі. А пакаштаваць — барані Божа: вялікі ж пост.
Расталі зімовыя сумёты, каламутнымі бурчакамі збеглі талыя воды, і разлілася ціхая Пціч ад ускраінных свірнаў да дальніх дубнякоў і хвойнікаў, затапіла лазнякі і ракітнікі. Мора і мора! Канца-краю не відно, а над разводдзем ашалелыя ад вясны, сонца і бяскрайняй іскрыстай прасторы вады з крыкам, шумам крылаў узлятаюць і недзе далёка знікаюць чароды гусей і качак.
Вясна. Надзея. Чаканне цяпла, дабра і радасці. Пахне адталая зямля, на гародах паляць леташняе бадылле, капаюць грады. Зялёнаю шчоткаю да сонца цягнецца рунь.
Пасвяцілі вярбу. Настала страсная субота. У кожнай хаце напечана, наварана, насмажана на цэлы тыдзень. Высокія кулічы з шафранам і ваніллю, тварожныя паскі з разынкамі, не менш як капа чырвоных яек, абавязкова начыненае, з хрусткаю, ружоваю шкуркаю парасятка і цэлы кумпяк, сакаўны і ружовы, на стале. Каб свята святам было і ў бяднейшых, суседзі ім зносілі хто колькі мог.
Суботнім вечарам ідуць і едуць здалёк людзі ў царкву з лубянымі каробкамі, кошыкамі, вянзэлкамі, поўнымі велікодных прысмакаў.
Пасярод царквы — плашчаніца — «Христос во гробе сущий». У высокіх падсвечніках гараць сотні тоўстых і тонкіх свечак. Пахне воскам і ладанам. У царкву не прашыцца. Людзі моўчкі чакаюць паўночнага набажэнства. На цвінтары вакол царквы расстаўляюць раскрытыя каробкі і кошыкі. Чаго там толькі няма!? Пакладзена ўсяго па кавалачку, чым багатая хата.
У поўнач запальваюць вялікае панікадзіла, пачынаецца набажэнства. Ударылі ў званы, хор і ўсе вернікі пяюць: «Христое воскресе из мертвых, смертию смерть паправ». Неўзабаве на цвінтар выносяць плашчаніцу, пратэсы, крыжы і свечкі. Ў светлай рызе ідзе бацюшка, за ім дзяк, прыслужнікі і хор. Крапідлам з вялікае чашы поп свеціць расстаўленыя на зямлі паскі.
Мужчыны і падлеткі з-за пазух выпускаюць галубоў, узлятаюць ракеты феерверкаў, заходзяцца званы, хор спявае «Христос воскресе». Урачыстым перазвонам адклікаецца суседняя Багаяўленская царква.
Раз'язджаюцца і разыходзяцца толькі раніцай. Усе спяшаюцца дамоў разгавецца велікоднаю скаромінаю. За сталом збіраецца ўся сям'я. Усе «хрыстосуюцца». Сустрэўшы на вуліцы і таго, з кім быў у сварцы, спыняюцца, цалуюцца і даруюць усе крыўды.
Хто б ні зайшоў у хату, садзяць за стол і частуюць усім, што на ім стаіць. Калі чалавек спяшаецца, даюць з сабою яйка і кавалак пірага. Хлапчукі знарок бегаюць з хаты ў хату «хрыстосавацца» і назбірваюць ладныя пачастункі.
.Тры святочныя дні царква зачынена, але ў першы дзень Вялікадня не сціхаюць званы ва ўсіх храмах. На цвінтары, на вуліцах, на вале сталыя і малыя гуляюць у біткі: спачатку «куштаюць» яечка на зубах, падстаўляюць, другі б'е спачатку наском, потым пухою. Разбітае яечка праіграна. Знаходзіліся майстры рабіць «смалянкі», але іх хутка выкрывалі, адбіралі выйгрышы і давалі па мардасах. Гулялі ў біткі на кожнай вуліцы, лузгалі гарбузікі і арэхі, частаваліся цукеркамі і халвою.
Апошні такі тыдзень запомніўся з 1930 года.
♦ ♦
У наша ціхае мястэчка ўвосень ваенкамат сабраў сотні тры навабранцаў. Як салдат, іх рассялілі па хатах на пастой. Разбілі на ўзводы і роты, прыставілі да іх камандзіраў запасу.
На рыначнай плошчы пачалася страявая падрыхтоўка. Маршыравалі па вуліцах з прысвістам і песнямі «Чубарики-чубчики» і «Вы не вейтеся, черные кудри, над моею больной головой». На ўсіх было не болей дзесятка вучэбных вінтовак. Іх па чарзе перадавалі пад каманду: «Н-а-а пле-е-чо!» «К но-о-ги-п!» «Выпад вперёд. Коли!»
Паслухмяныя вясковыя хлопцы дружна маршыравалі, галасіста спявалі і свісталі. Жылі на харчах, прыпасеных з дому. Калі бульба і сала канчаліся, падкормлівалі сердабольныя гаспадыні: ніхто б не сцерпеў, каб у хаце сядзеў галодны чалавек.
Маршыроўкі канчаліся, і вось-вось збіраліся распусціць навабранцаў. У нядзелю базар раз'ехаўся рана. Плошча апусцела. Крамнікі падмяталі прыступкі і замыкалі дзверы.
Нібыта па камандзе, на плошчы сабраліся бадай усе навабранцы. Пра нешта пагаманілі, пакрычалі і рушылі на зачыненыя крамы. Пасля пажару ў 1920 годзе яны былі збіты з дошак унахлёст, і не надта моцныя стаялі дзверы. Дужыя хлопцы выдзіралі прабоі, збівалі завалы і замкі, некаторыя аддзіралі дошкі і лезлі ў крамы. Падняўся страшэнны вэрхал: «Ламі! Крышы! Бі буржуяў!» «Нэпма-нам хана!» Крамнікі ад страху разбегліся, пазашываліся куды каторы.
У мястэчку было не больш як пяць міліцыянераў. Яны паткнуліся без пісталетаў, каб чаго добрага, не адабралі, пасвісталі, паўгаворвалі, а рады даць не маглі.
3 крамаў навабранцы выносілі і раскідалі скруткі тканін, аддзіралі кавалкі аксаміту на парцянкі, шпурлялі ў натоўп каробкі з карункамі і каснікамі, выкочвалі бочкі і на ўсе бакі раскідалі селядцы, у паветры ляталі звязкі тараноў і абаранкаў, выцягнулі дзежку «гоніку» (патакі) і сёрбалі яе кубкамі.
На рынак збегліся падлеткі і падбіралі з зямлі нейкія дробязі, дарослыя сварыліcя, каб не бралі чужога.
У канцы рынка, наводшыбё, стаяла дашчаная будка. У ёй Шандаровіч прадаваў дзёгаць, ворвань, каломазь і газу. Будку разбілі. На слупах трымаўся толькі дах. Бочкі паперакульвалі і залілі дзёгцем усю падлогу.
Местачкоўцы падыходзілі паглядзець, як бушуюць навабранцы, а браць параскіданае не адважваліся: усе ж бачаць — сораму не абярэшся. А вось у Шандаровічаву краму заходзілі многія. Ступіш — дзёгаць па самыя халявы. Мужчыны задарма адмочвалі перасохлыя і парыжэлыя за лета боты.
Пагром не сунімаўся аж да вечара. Пад нагамі хрусталі цукеркі, пернікі і шкляныя каралі, блыталіся каснікі і карункі, ляталі селядцы з суседняй крамы.
Уціхамірыць навабранцаў спрабаваў добры шавец Саша Бунцэвіч. Ен быў камандзірам узвода, а рады так і не даў: разбушаваліся і не суняць, а калі стаміліся і пачалі разбрыдацца, убачыў Бунцэвіч на зямлі добрыя юхтовыя выцяжкі. Падумаў: нехта ўсё адно забярэ, і панёс дадому. Потым ён казаў, што ведаў, з чыёй крамы, і хацеў вярнуць назад, але так і не сабраўся.
Бунт навабранцаў скалануў увесь раён. Пачалі шукаць вінаватых. А дзе ты іх знойдзеш? Хто ў нядзелю ўвечары, хто ў панядзелак досвіткам разышліся навабранцы па сёлах. А пакараць некага ж трэба. I знайшлі-такі: нехта бачыў, як Бунцэвіч нёс выцяжкі. Яго і забрыталі. Як ні даказвалі сведкі, што ён сунімаў бунтаўшчыкоў, нічога не памагло. Пацярпеў невінаваты: «подстрекателю» далі тры гады.
ГОД ПЕРАЛОМУ
Мястэчка і навакольныя вёскі жылі сваімі гаспадаркамі. Панскую зямлю Саветы раздалі былым парабкам і малазямельнікам — гектар пахаці і гектар сенажаці на кожнага едака, будаваліся пасёлкі, надзелы наразаліся так, каб нікому не было крыўдна, што аднаму дастаўся лепшы гектар, а другому — жаўтапесак ды галімы падзол. Такі быў загад наркома земляробства Прышчэпава. Потым, праўда, ён заплаціў галавою за тое, што раздаў зямлю ў гаспадарскія рукі, што за два-тры гады людзі разжыліся, што ўсяго выстарчала сабе і людзям на продаж. Кожны пры кароўцы гадаваў цялушку, развялі пародзістых свіней, авечак, курэй, качкі жыравалі да першага лёду. Усё было сваё — масла і скварка, сыры і яечкі, воўна на валёнкі і аўчына на кажух. Затое не разгіналіся ад цямна да цямна, пеставалі кожную цалю зямелькі мудрэй за любімае дзіцятка.
На сенажаці выкарчоўвалі кустоўе, зразалі куп'е, выдзіралі асот, каб і травінка не прапала, пракопвалі канавы на забалочаных нізінах. Па загону поля, па шнурку сенажаці здалёк было відно, чаго варты гаспадар. Нават па стогу пазнаеш, хто яго звяршыў: вастраверхі з пукатымі бакамі, абгрэблены, прычэсаны і прыгладжаны з мастакоўскім густам, прыціснуты доўгімі віцамі склаў улюбёны ў работу чалавек. А ў пустадомка стаіць ускудлачаны, скасабочаны, падпёрты калом недаробак.
А касьба станавілася ўсеагульным святам. Успамінаю лугі на беразе Пцічы. Варта было аднаму выйсці з касою, як праз два-тры дні ад дарогі да самага лесу ўвесь луг звінеў ад мянташак, стракацеў белымі прапацелымі кашулямі. Ад усходу сонца да змяркання завіхаліся касцы адзін перад адным, стараліся гнаць пракос у пракос з суседам, абысці яго. Не было калі ўцерці лоб, прамачыць засмяглыя губы глытком вады. Палуднаваць суседзі садзіліся разам. На кужэльны ўціральнік выкладалі скрылі ружовага сала, свежыя і ледзь прысоленыя гуркі, лусты хлеба з кляновым пахам — усё, што ў каго было. Разуваліся, каб ачахлі натомленыя ногі, гаманілі, пад'юджвалі адзін аднаго бяскрыўднымі кепікамі, расказвалі вясёлыя і салёныя гісторыі і анекдоты.
На заходзе сонца хавалі косы пад свежую кашаніну, выпраўляліся дамоў хто пешкі, каторы верхам або на возе. Дома яшчэ трэба ўправіцца ў хляве і каля хаты, загнаць, напаіць скаціну, накалоць дроў, прыпнуць на свежаскошаным паплаўцы каня. Пасля вячэры засне гаспадар салодкім сном у пуні на ахапку свежага сена.
Разбіваць пракосы, варушыць кашаніну і грэбці высыпалі на луг усе ад старога да малога. Жанкі ва ўсім белым спрытна згортвалі валкі, вялікімі пярэбірамі клалі копы, мужчыны на доўгіх насілках іх зносілі да адзёнка, і раслі, як лялькі, за стогам стог. Калі часам захмарыць і загрыміць, а ў некага няўпраўка, кідаліся памагаць сусед суседу.
Па дарозе дадому над лугамі перагукалася песня з песняю, звонкія жаночыя галасы аж звінелі ў паднябессі. Кожны быў рады ад добра зробленай работы, што да вясны будзе сытаю кароўка, а конь не прыстане ў дарозе з возам дроў ці сена.
Праз шмат гадоў мне давялося плысці па палескіх рэках. Бяскрайнія заліўныя лугі ад Гомеля да Брэста зараслі лазою і алешнікам, паміж кустоў там-сям тырчалі сцежары над пляскатымі стажкамі. Разгаварыўся з калгаснікамі: «Як гэта вы, мужчыны, дапусціліся, што ўвесь луг зарос хмызам?» — «А каму яго карчаваць? Загаду няма, а за дурную работу працадня не налічаць, дый чаго вельмі ўлягаць за тыя палачкі. Налічваюць за плошчу, а кусты — палёгка касцу, меней намахаешся. Абыходзім іх метры за тры. Брыгадзір іншы раз гаўкне, а я яму — «аб ламачча касу парвеш». Маўчыць. На цямочку скокну ды вакол кустоў навыбіваю на добрую лясёнку. Глядзіш, на паўзімы кароўцы і нанашу». Слухаў, і зрабілася балюча і горка, што разам з зямлёю аднялі ў хлебароба любоў да яе, і самае страшнае — страчаны сорам і сумленне. А без любові і сумлення не будзе шчасця на Зямлі. Уціскам прымусілі мужыка выкручвацца, хлусіць, цягнуць усё, што можна, каб неяк перабіцца на сваіх сотках і скупых працаднях.
I яшчэ ўспомнілася і падумалася: у гады майго ранняга юнацтва зямлі ў Беларусі засявалася куды больш, як цяпер. У Мінску жытнёвыя палі падыходзілі да вайсковых могілак на Даўгабродскай і да Кальварыі, за лесам, што стаў паркам Чэлюскінцаў, гайдалася жыта, расла бульба і былі вялікія сажалкі з люстраным карпам. Там, дзе Салігорск з яго камбінатамі, шахтамі і атрутнымі тэрыконамі, каласілася слуцкая пшаніца, на месцы Наваполацка пры мне пад забудову скасілі недаспелую грэчку і лён. А Лукомль, Светлагорск, Белазёрск, дзесяткі гарадоў і гарадкоў выраслі на колішніх урадлівых палях. Я ўжо не кажу пра спустошанае, запяшчаненае Палессе, пра атучаныя вадасховішчы, у якіх ужо і жабы не крумкаюць. Я не супроць індустрыялізацыі і новых, экалагічна чыстых гарадоў. Я — пра другое.
Нават у трыццатыя гады плошчы пад збожжам былі большыя, як цяпер. Ні трактароў, ні камбайнаў, ні грузавікоў ніхто і ў вочы не бачыў. Былі толькі рукі, плуг, серп, каса ды цэп і яшчэ — сумленне і самы найвялікшы спрадвечны дар — любоў да зямлі, да працы, нястомнае старанне і найвялікшае задавальненне зробленым, здабытым сваімі рукамі.
Даспявала ніва, гаспадар гладзіў колас, каштаваў зерне на зуб. А толькі яно нальецца, выспее, зацвярдзее, казаў: «Пара». Ужо назублены сярпы, на веснавых росах выбелены кужэльныя кашулі, і досвіткам, нібы чароды галубіц, зляцеліся на поле жнеі, забліскалі сярпы — зроблены зажын, пастаўлены першы сноп, пяць снапоў пад каптуром — бабка, а недзе кажуць — мэндлік. Дзесяць бабак — капа. Капа за капою, і поле ўкрылася бабкамі ўмалотнага жыта, пшаніцы, ячменю, аўса, а там і проса пазгінала цяжкія пэндзлі.
Немудрашчы полудзень, каб лягчэй згіналася, і зноў пабег сярпок: за калівам каліва, за жменькаю жменька, за капою капа. Сыдуцца надвячоркам жанкі на ўзмежку, выпрастаюць здранцвелыя спіны, падзьмухаюць на сколатыя шындзёламі рукі, вытруць асмужаныя сонцам змакрэлыя шчокі, зірнуць на ўстаўленыя бабкамі загоны: Уга! Колькі нарабілі за дзень гэтыя ручачкі. Ужо над лесам павісла вялікае сонца, ветрык з поля дыхае пахамі збожжа, прывялых рамонкаў і валошак.
Выходзяць па пожні жанкі на дарогу. На кожным плячы срэбным маладзічком блішчыць серп, і сонечны зайчык на ім дагарае чырвоным золатам. Не згаворваючыся, самая галасістая заводзіць:
Хопіць, сонейка, паліць
Бо сярэдзіна баліць,
Ой, мл-о-о-сна.
Падхопліваюць высокія звонкія падгалоскі:
Я да мілага пайду,
На пракосе упаду,
Ой, ро-о-о-сна.
Плыве над полем, над пыльным шляхам гарэзная песня, а ёй з далечы азываецца другая:
Ой, пад дубам, дубам
Чабор расцвітае,
А ў новай крыніцы
Вада прыбывае.
Яе перахопвае трэцяя:
Ой, пара дамоў, пара
Ужо й пара мінаецца.
3 усіх бакоў заліваецца поле песнямі, нібыта ні стомы, ні спёкі не было, засмяглыя вусны павільгатнелі і паружавелі. Павольна ідуць жанкі суладна з песняю, над шляхам плыве пазалочаны сонцам пыл. Вечар. Спачывае поле, тухне ў вёсцы апошні агеньчык. На золку зноў — у поле на работу, цяжкую, радасную, поўную паэзіі.
А снапы звозім з бацькам толькі надвячоркам і пры святле месяца, каб адволгла калоссе, і на загон і дарогу каб не выплыла ні зярняці. Я падаю снапы, бацька кладзе іх каласамі на сярэдзіну, прыціскаем рублем, увязваем вяроўкаго, усю дарогу снапы падпіраю віламі, каб на выбоіне не перакуліўся воз. У гумне снапок да снапка складаем у застаронкі, шамаціць сухая салома, звіняць тугія каласы.
За якія два тыдні маленькім сярпом зжата ўсё поле, падабраны каласкі, нідзе не страчана ні зярняці, а што і ўпала, падбяруць куры і гусі. I так з краю ў край — ад Белавежы да Акіяна.
Цяжкая, у поце і пыле, праца ад цямна да цямна, але як добра на душы, калі абмалочаны першы пасад, прывезены з млына куль цёплага мліва, калі пахне і вылазіць з дзяжы цеста новага ўраджаю, калі лягуць на лаву румяныя боханы гарачага хлеба з чарнушкаю і кменам, з хрумсткаю скарыначкаю.
У сёлах звычайна казалі: «Прыйшла Прачыстая — ўсё поле чыстае». Ні снапа, ні каліва, ні зярняці, ні бульбіны ў полі не асталося. На градах толькі тырчаць белыя капусныя храпкі, а тугія рыплівыя качаны талакою сшаткавалі жанкі. Досвіткамі гахаюць на таках цапы, густа зелянее рунь, спахмурнеў і стаіўся бязлісты лес, прымаразкі ўкавалі зямлю, грукочуць колы па ўкатаных каляінах — людзі прыпасаюць на зіму дровы, падвозяць сена да першых зімнікаў. Цяжкая, але радасная і спорная праца, вядомая мне з дзяцінства, запомнілася на ўсё жыццё.
У працы хлебароба жыла замешаная на поце паэзія.
♦ ♦
Як толькі ўсталяваліся Саветы, у мястэчку з'явіўся сярэдняга росту чалавек у заношаным, падперазаным шынялі, ботах, круглай лямцавай шапачцы, крыж-накрыж і па баках аблямаванай чорнаю стужачкай. За плячыма ў брызентовым футарале вісела скрыпка. Кожнага новага чалавека ў мястэчку заўважалі адразу. Гэтага навасельца з даволі прыгожым тварам, дагледжанаю, кароткаю сіваватаю бародкаю звалі Васіль Васільевіч Ваўчок. Гаварыў ён, як па пісанаму, на правільнай гарадской мове. У гразкім, з вялікаю калюжынаю завулку, пуставаў яго бацькоўскі дом.
Казалі, Ваўчок юнаком некуды з'ехаў з дому, нібыта разам з Леніным вучыўся ў Казані і стаў інжынерам-маставіком, доўга жыў у Тыфлісе, але чамусьці так і астаўся бабылём, толькі ніколі не разлучаўся са скрыпкаю і ласкава называў яе «Гандзяю». Так і казаў: «Мая Гандзя». У сваім прасторным, адсырэлым і халодным доме ён адчыніў толькі адну аканіцу і жыў у вузкім, цьмяным ад густога кляновага вецця пакойчыку.
Васіль Васільевіч хадзіў на ўсе сходы, мітынгі, лекцыі, цярпліва слухаў абяцанні шчаслівай будучыні, а ў канцы, ні ў кога не пытаючы, пачынаў іграць «Інтэрнацыянал» і «Беларускую марсельезу». Усе ўставалі і пачыналі дружна спяваць. Некаторыя лічылі яго «бзікаватым», але ўсе паважалі за адукаванасць і дабрату. Ён нідзе не служыў, нічога не рабіў і неяк жыў — казалі, за нейкія заслугі меў добрую пенсію, а то і ранейшыя запасы. Вясною і летам длубаўся на дзвюх градках, а болей яму і не трэба было.
Увесну пасярод завулка разлівалася крынічка, падтапляла дом і двор Ваўчка. Ён у пустых пакоях паадрываў маснічыны і наслаў кладкі на сухое. У канцы мая, калі людзі адсеяліся, а да касавіцы было яшчэ далёка, каля дома Ваўчка сышлося і з'ехалася з паўсотні мужчын і жанок з навакольных вёсак. Васіль Васільевіч сабраў іх на асушку крынічкі і паабяцаў добра заплаціць. Ён выйшаў у белым палатняным касцюме, вынес на трынозе астралябію і бярэма завостраных вешак, расказаў сваім рабочым, што каму рабіць, у канцы сыграў «Гандзю», доўга ўзіраўся ў акуляр, расставілі вешкі, і закіпела работа: грабары капалі глыбокую канаву, возчыкі адвозілі зямлю і засыпалі калюжыну. Усе палуднавалі з сваіх торбачак, а Васіль Васільевіч даваў цэлы скрыпічны канцэрт.
Местачкоўцы хадзілі паглядзець на дзівосы каля Ваўчковай крыніцы і пад'юджвалі грабароў: «У абед паіграў вам, сыграе ўвечары — вось і ўся плата».— «Не, такі совесны чалавек не ашукае»,— не верылі нанятыя.— «У яго, апроч скрыпкі, за душою — ні шэлега».
За тыдзень ваду адвялі да рэчкі, крынічку зараўнялі жвірам, завулак стаў сухі і праезджы. Ваўчок склаў дакладную ведамасць на ўсіх работнікаў і пайшоў у райвыканком па разлік. Там пасмяяліся, як стары ашукаў дюдзей, і растлумачылі, што на такія глупствы ў выканкоме грошай няма. «Добраўпарадкаванне мястэчка для вас глупства? Навошта ж вы тут сядзіце? Толькі збіраць падаткі? Я ваш клопат узяў на сябе». Так і не дамогся Васіль Васільевіч нічога ў райвыканкоме. Кожнаму работніку выдаў рахунак на яго заробак і запэўніў, што разлічыцца да капеечкі. «Не дадуць Саветы, дом прадам, а расплачуся. Вось толькі з'езджу ў Менск».
I паехаў з «Гандзяю» за плячыма. Дзе быў, каму што даводзіў, каму іграў, каго ўпрошваў, Ваўчок не расказваў. Людзі здагадваліся: «Не іначай, да самога Чарвякова падаўся». Пра Чарвякова ў народзе хадзілі легенды — усе верылі ў яго дабрату, увагу і дапамогу. Хадакі ішлі да яго з усяе Беларусі. Што яму даводзіў Ваўчок, невядома, але неўзабаве ў райвыканком паступілі сродкі на аплату добраўпарадкавання мястэчка, праведзенага інжынерам Ваўчком.
Без радыё і павестак людзі дазналіся пра добрую навіну і сышліся на асушаную вуліцу. Ваўчок у белым касцюме ўсіх павёў у райвыканком. На ганак вынеслі стол, за яго сеў касір і дакладна па ведамасці Васіля Васільевіча разлічыўся з усімі работнікамі. Ваўчок стаў на верхняй прыступцы, зняў грузінскую лямцавую шапачку, нізка ўсім пакланіўся, падзякаваў за давер і працу, пажадаў дабра і шчасця, на развітанне сыграў любімую «Гандзю».
Так бабылём дажыў свой век у пустой хаце Васіль Васільевіч. Вуліца, што некалі звалася Крынічкаю, набыла новую, нейкую вельмі ж рэвалюцыйную назву, ад колішняй калюжыны не засталося і знаку.
Хто ўспомніць незвычайнага інжынера Ваўчка на сённяшняй вуліцы Камуністычнай?
***
3 газетных загалоўкаў і заклікаў, выступленняў райкомаўцаў пакацілася з вёскі ў вёску, з хаты ў хату новае страшнае слова — «калгас». Што гэта такое, ніхто сабе не ўяўляў.
З'яўляліся з раёна талмачы і агітатары. «Калгас — гэта ўсенароднае шчасце, жыццё і праца адною сям'ёю. Каня і вала, цяжкую працу селяніна заменіць трактар»,— аж захліналіся наезджыя прапаведнікі, налаўчыліся і свае і падаліся па вёсках і засценках раёна.
Каб пераканаць, аднекуль прыгналі першы трактар — невялікую смярдзючую газаю тарахцелку з трыма плугамі. Паглядзець на дзіва дзіўнае збеглася палова мястэчка. Мурзаты трактарыст у будзёнаўцы і абшмулянай скуранцы выехаў на здзірванелы выган, заклаў плугі і пагнаў тры глыбокія баразны. «А, братка ты мой, гэта ж ён за дзень тры валокі ўздзярэ»,— дзівіліся местачкоўцы. Трактар праараў два кругі і стаў каля натоўпу. На трактарыстава седала ўзлез у кепцы і пукатым пенснэ старшыня райвыканкома Мышалоў. Прыслалі яго аднекуль кіраваць намі. Пра выбары тады і не чулі: усіх прызначалі зверху. Мышалоў любіў ездзіць па сёлах, а потым ягоны фурман пацяшаўся, што гаспадар раёна ніяк не адрозніць авёс ад ячменю, грэчку ад проса, лубін ад гароху. «Мышалоў, а мышэй не ловіць»,— кпілі вяскоўцы.
3 трактара Мышалоў гучна крычаў, бытта на некага сварыўся, і ўсім абяцаў багатую і лёгкую жытку, як толькі ўсе папішуцца ў калгас. Мужчыны круцілі галовамі: «Што праўда, то праўда — дзярэ зямлю добра. Хай бы араў за плату, а лезці ў калгас страшна. Кажуць, усё трэба здаць, і каня, і кароўку, і свінчо, і плуг, і калёсы, аброць і атосы, а сам астанешся босы. Ці брэшуць, ці праўду кажуць, і баб абагуляць».— «Гыгы-гы, от ета любата,— іржалі распуснікі,— абрыдзее жана, у калгасе — свежына». Мышалоў распінаўся пра калгаснае шчасце, а мужчыны чухалі патыліцы — як гэта аддаць угноены, уроблены, выпеставаны загон, раскарчаваны паплавец, хіба ж расстанешся з цягавітым і рахманым канём, з малочнаю кароўкаю, з пароснаю свінкаю. Ты сабе сам гаспадар, а там пазірай у рот чорту лысаму і рабі, што загадае.
Не давалі «ўпаўнамочаныя» спакою і начамі: зганялі мужчын у адну хату. Ад цяжкага духу і махорачнага дыму хліпала і тухла лямпа, на шкло дзеля цягі клалі скепачку і дзяўблі і крычалі адно і тое ж, як лёгка і заможна ўсе зажывуць у калгасе. А ўпарцяцца толькі ворагі савецкай улады — кулакі, падкулачнікі і сабатажнікі, падпявалы і варожы элемент. А таго, хто замінае ісці наперад, змінаюць на дарозе і ліквідуюць як клас. Гаспадары ўпіналіся. Хто мог абагуліць толькі ката ды звяглівага цюцьку, пісаўся адразу. Яго хвалілі, ставілі ў прыклад, саджалі за стол побач з агітатарам. А людзі пасмейваліея: «У такога рабоцькі не знойдзеш і аброцькі». Такія «сазнацельныя» калгаснікі палохалі астатніх: хто ўпражэцца ў адны пастронкі з абібокам? Лайдакі і пустадомкі знаходзіліся ў кожнай вёсцы і рабіліся апораю ўпаўнаважаных, галоўнымі камбедаўцамі і памагатымі загоншчыкаў у калгасны рай.
Людзі ўпіналіся, а ўпаўнаважаныя люцелі, суткамі трымалі на сходах упрэлых у кажухах, ачмурэлых у махорачным дыме гаспадароў. «Вораг калгаса — вораг савецкай улады, а што робяць з ворагам? Ліквідуюць як клас». Змарнелыя людзі засыналі ў задусе, ім бліскалі ў вочы ліхтарыкамі, тыцкалі пад нос спіс і аловак, а ў другой руцэ пабліскваў наган. «Калі хочаш жыць, пішыся, а не, да сёмага калена выкарчуем». Упаўнаважаных прыціскалі райкомы, а тых — большыя начальнікі. I пакацілася страшнае слова «раскулачванне».
Палахлівыя павялі, плачучы, выпеставаных Вараных і Буланых, Малінак і Ласачак на калгасны двор, а ў загарадзі — ні сянінкі, ні саломінкі. Равуць, мыкаюць, грызуць кару на асінавым жэрдзі, а гаспадыні галосяць, як па нябожчыках.
Упаўнаважаныя з камбедаўскімі пустадомкамі начамі складалі спісы на раскулачванне. I на іх быў план. Усё па плану ў планавай гаспадарцы. Нехацімца — сюды яго, надта бойкага на язык — у каталажку і ў Сібір, каб астыў трохі. Падкулачнік упісацца ўпісаўся, старую кабылу здаў, а маладога жарабка справадзіў да нейкае далёкае радні. I гэтага — да пазногця. Камбедаўцы ўспаміналі ўсе крыўды і помсцілі кожнаму сыцейшаму за сябе. Доўжалі спісы на раскулачванне самых нястомных гарапашнікаў. «Мае хлеб да новага, кубел сала, значыць, багацей. Ліквідаваць яго. А той сына вучыць у горадзе, эге, не наш элемент, на пана хварэе, і яго ў спіс».
Праз балотца, рукою падаць ад нас, стаяў засценак Лучкі. Там жылі чатыры браты Прылуцкія, Мажэйкі і Сеўрукі — патомныя гарэтнікі, нястомныя і дбайныя гаспадары. Яны любілі і пеставалі зямлю, і яна ім аддзячвала за клопат буйным коласам і поўнаю баразною на бульбяным полі. Дамы ў засценку ладныя, пад гонтаю, ганачкі з каляровымі шкельцамі, падлогі маляваныя, былі самавары і фікусы, сем'і — вялікія, рабацяшчыя, саветы на кожную душу прырэзалі па гектары ад панскіх фальваркаў. I не разгіналіся на іх старыя і малыя ад цямна да цямна. Ледзь прыпаўзе чалавек з поля, памыецца, павячэрае і рады, што столькі зрабіў, што ні каліва не пайшло ў глум. Таму і жылі па-людску, мелі хлеб і да хлеба, сваё кужэльнае палатно, сукно свае работы і зрэб'е, добра вырабленую шкуру на юхтовыя боты і мяккую, хоць у вуха кладзі, аўчыну на футра да пят і на паўкажушак з аблямоўкаю. Куплёны толькі паркаль на дзявочыя блузкі, каснікі, гаплікі ды гузікі, а так — усё сваё, уласным мазалём загараванае.
Саветы адкрылі дарогу ў навуку, і пацягнуліся сыны і дочкі засцянкоўцаў у Горы-Горкі, у Чырвоны Бераг на аграномаў вучыцца, у Мінск — на дактароў і настаўнікаў, у Віцебск — на ветэрынараў. А з'едуцца на лета, аж гай гудзе ад работы на полі і ў лузе, вечары звіняць песнямі, і ўсё наскімі, даўнейшьші і новымі. У нядзелю ідуць студэнты ў мястэчка ў кужэльных вышыванках з чырвонымі паясамі і рэжуць усё па-інтэлігентнаму, усё па-беларуску.
Вярсты за чатыры ад нас, за лесам, другі засценак — Гарадзішча. Там два роды — Карбуты і Забелы, гаспадары з гаспадароў. Кожны сам сабе аграном і заатэхнік, чыталі парады ў «Беларускай вёсцы» і ў бабруйскім «Камунісце» і спрадвеку ведалі, што, калі і як рабіць, засвоілі ад прадзедаў не чапаць чужога, не крыўдзіць ні бліжняга, ні дальняга, пусціць пад дах і накарміць падарожнага, калі няўпраўка, памагчы суседу. У іх быў адзін «кодэкс», адна «канстытуцыя» — сумленне і сорам, ды яшчэ грэх перад Богам, перад Страшным судом. Як людзі рабілі, так і мелі: ні каліва не заставалася ў полі. Някрасаў на Яраслаўшчыне ўбачыў адзіную «несжатую полоску» і з такім болем напісаў на ўсе вякі шчымлівы верш. Што б ён напісаў цяпер?
Асабняком у Гарадзішчы жылі браты Шулякоўскія — Сымон і Алімпій. Высокія, статныя, даўганосыя і чырванатварыя старыя кавалеры. Даўней яны недзе служылі «па пісьменнай часці». Даношвалі колішнія фрэнчы з абшытымі сукном казённымі гузікамі, хромавыя боты і абвіслыя галіфэ з леямі. Браты былі дужыя, працавітыя і неразлучныя. Яны гуляючы ўпраўляліся са сваім невялічкім надзелам. У гарачую пару памагалі суседзям. У старым, не надта дагледжаным доме, без жаночых рук і вока, стаяў хрыпаты з вялікаю трубою грамафон, самавар, паточаны шашалем камод і поўная старых кніг шафа.
Браты кожную нядзелю і ў вялікія святы ішлі ў местачковую царкву. Усіх яны ведалі і з кожным пачціва віталіся. Сымон казаў: «Маё пачценія», Алімпій: «Здравія жалаю», і кожны дакранаўся да блішчастага казырка форменнай фуражкі з кантамі. Да Шулякоўскіх з усіх навакольных вёсак ішлі пакрыўджаныя, і яны ахвотна пісалі каліграфічнымі почыркамі «Прошення», «Ходатайства», «Кассационные жалобы» і давалі юрыдычныя кансультацыі ці не па “Своду законов Российской империи».
Першы ўдар калектывізацыі прыйшоўся па абодвух засценках. Райком, райвыканком і камбед вынеслі канчатковы прысуд — ліквідаваць як клас. За два дні апусцелі хлявы і хаты: патрушчыі абцасамі абразы, пазабіралі гаршкі, патэльні і дзіцячыя цацкі. Засцянкоўцам нават не прапанавалі ісці ў калгас. Яны б, мабыць, і пайшлі б, і выціналіся б, як і на сваім полі. Зайздрасць затачыла камбедаўцаў, што людзі жывуць па-людску, і пусцілі іх першых пад нож вынішчэння. 3 усімі раскулачылі і братоў Шулякоўскіх. За што? Казалі — за грамафон.
Самы трагікамічны «кулак» быў Косцік Яновіч з Жукавічаў. Апрача васьмярых дзяцей і пары караслівых падлаў, хаты з глінабітнаю падлогаю, шарачковай світы і сырамятных маршчакоў, у яго больш нічога не было. I раскулачылі. Косціка згубіла цыганская натура: любіў ён ездзіць па кірмашах і мяняць коней. Узаб'ецца на аднаго і ладнага, ну, і трымаў бы яго. Дык не, як толькі дачуецца дзе пра кірмаш, аж трэнчыць яго, ляціць туды, а там цыганы падпояць і аблапошаць — увапруць дзве падлы. Лямантуе жонка, смяюцца людзі, а Косцік апраўдваецца: «За лета выгуляюцца, яшчэ якія стаеннікі будуць». Часцей ад тых стаеннікаў заставаліся толькі аброць ды пуга. Потым узаб'ецца яшчэ на дзве падлы. За кірмашамі не было калі рабіць, поле зарастала бярэзнікам і хвойнікам. «Уга, у Яновіча аж паўвалокі зямлі і пара коней — форменны кулак»,— вырашылі камбедаўцы і сельсаветчыкі.
А паглядзіш на Косціка, плакаць хочацца: зімой і летам адны зрэбнікі, на галаве круглы год адна магерка, глыбока запалыя вочы пад калматымі брывамі глядзелі палахліва, апалыя шчокі добра калі раз на месяц аскрабаў зломкам касы. Мітуслівы, вечна затурканы, ён заўсёды некуды спяшаўся і гаварыў, глытаючы словы. Косцікавы дзеці ад Каляд хлеба не бачылі ў вочы.
На кулакоў спускалі разнарадкі зверху, даводзіліся кантрольныя лічбы да сяла і сельсавета. Дзе хочаш бяры тых кулакоў, а раскулачвай, абдзірай да меднага крыжа і гузіка. Асабліва завіхаліся адзін перад адным наезджыя ўпаўнаважаныя, камсамольцы і камбедаўцы. Тым толькі загадай, роднага бацьку абдзяруць. І-дэй-ны-я ж! Галоўнае — выканаць адказнае заданне партыі і ўрада, быць непрымірымым да класавых ворагаў, палітычна спелым і бязлітасным. Наезджыя дзеля прыклёпу, што нібыта сам народ раскулачвае, бралі двух камбедаўцаў і грамілі «кулацкія гнёзды».
Адкуль жа браліся тыя беднякі, калі савецкая ўлада ўсім аднолькава дала зямлю, на разжытак пазычала грошы, насенне, стварыла таварыства «Гаспадарка» па продажы машын у растэрміноўку. Сяляне адразу браліся за розум, гарбелі ад цямна да першай зоркі, а гультаеча аціралася абы-дзе, прагульвала апошняе, прападала на сходах, гарлала гучней за ўсіх і казырылася сваёй беднасцю, бо не багацце, а беднасць была ў пашане. I ўлады «беднякоў» лічылі сваёю апораю, чым бяднейшы, тым лепшы. Серадняк здаваўся небяспечным, падазроным, непаўнацэнным, і дзяцей яго не вельмі бралі ў навуку, і самому казалі: «Асадзі назад». I дамагліся ўсеагульнай беднасці.
Упаўнаважаныя вельмі ж фарсілі ў абшмуляваных скуранках, кубаначках з зоркаю, у старшага — у кішэні ліхтарык і наган. Да брыгады раскулачвальнікаў дадавалі пару міліцыянераў. Граміць засценак або вёску пачыналі адразу з абодвух канцоў. Гора кацілася, як сустрэчны пажар. Гаспадарам давалі дзве гадзіны на зборы. Жанкі круціліся, як аглавушаныя, не цямячы, што ўхапіць. Людзі ж не ведалі, куды іх гоняць. Каб знаццё, замест абразоў узялі б пілу, сякеры і рыдлёўкі. Скаціну, куфры з трубкамі палатна і кашулямі на смерць, жорны, сталы і чыгункі — усё апісвалася на карысць дзяржавы, а куды праз гадзіну знікала, ніхто не ведаў.
Жывёла чула нядобрае ў ляманце гаспадароў, раўлі каровы, мэкалі авечкі, вішчалі свінні. Калі вывозілі гаспадароў, залыгвалі скаціну і валаклі ў абагулены статак.
«За што такая кара?» — пыталіся людзі. «За тое, што гаравалі, за работаю свету Божага не бачылі, што зямельку ўраблялі, як пух, каб карміла ўсіх». Галасілі, енчылі, цалавалі вуглы і парогі, і не снілася нікому, на якую пагібель іх гоняць, куды валакуць нямоглых старых і маленькіх дзетачак, у якой вечнай мерзлаце датлеюць іх костачкі.
Асабліва раскулачвальнікі люцелі пасля «накачак», «інструктажоў», «справаздач» і «прапрацовак». Часта «кудлачылі» суседа, з кім жылі побач, разам раслі і таварышавалі, гналі дзяўчат, да якіх заляцаліся. Можа нешта і трымцела ўсярэдзіне, але і знаку не падаваў, калі зрываў рушнікі, кідаў на сані падушкі. «Класавая свядомасць, непрымірымасць і нянавісць» засляпілі вочы, аглушылі душу, замарозілі сэрца.
«Што ж вы робіце, недавяркі? Гэта ж і звяры літасць маюць — ляжачага не грызуць. Куды ж нас жанеце з дзедаўшчыны ды бацькаўшчыны?» Іх нават не пускалі на клады апошні раз пакланіцца крыжам і магілам продкаў.
Першую рату раскулачаных звезлі ў мястэчка ў сярэдзіне сакавіка. Ударыла ранняя адліга. Дарогі — ні санныя, ні калёсныя, снег набрыняў і пажоўк, па застылых калюжынах пайшла верхаводка, каляіны заплылі гразёю. Базарную плошчу забілі фурманкі з дробным скарбам, старымі і дзецьмі. Дужэйшым да Бабруйска — ісці пёхатою.
Над упрэлымі конікамі курылася пара, па снежным жужалі яны ледзь цягнулі ў незваротную дарогу сваіх гаспадароў. Дацягнуць да Бабруйска і вернуцца шалудзівець і караслівець, гібець у халодных і галодных стайнях. А гаспадары знікнуць невядома куды, развеюцца пылам, імёны іх забудуцца назаўсёды.
Памятаю, як Косцік Яновіч прасіўся ў ахоўніка: « А братачка, пусці скокнуць да цёткі Бобрычыхі. Можа, кулідкаю хлеба разжывуся, каб дзеці з голаду не пазаходзіліся». Злітаваўя-такі канваір, пусціў бо куды ж ён ад дзяцей дзенецца. Дала яму цётка Зося бохан хлебе і скрутачак здору, перахрысціла пакутніка і правяла за вароты, выціраючы фартухом вочы.
На базарнай плошчы з раскулачанымі быў і лепшы мой друг Кастусь Навіцкі, першы ў класе вучань і здольны мастак. Раскулачылі яго айчыма. Залыгалі і пасынка. Я ведаў, што ён там, у гэтым жахлівым натоўпе; хадзіў навокал, а міліцыянер папярэдзіў: «Зойдзеш, і цябе разам з імі пагоняць». I не пусціў. А там стаяў стогн і енк. Парадкавалі няшчаснікаў да паўдня. Нарэшце рушыў абоз. Першыя сані ледзь сунуліся па мокрым, змешаным з пяском снезе. Яны былі пры выездзе з мястэчка, каля нашай школы, а хвост яшчэ круціўся на плошчы. Побач з коньмі ішлі мужчыны і маладзіцы, над усімі былі відны браты Шулякоўскія з торбачкамі за плячыма.
Уся школа высыпала глядзець на гэтае страшнае відовішча. Разам з бацькамі ішло некалькі нашых аднакласнікаў. Здалёк я пазнаў Косцю Навіцкага. Прыгожы, як дзяўчына, падлетак у шэрай суконнай світцы, унурыўся і не глядзеў па баках. Ад бяды ці ад сораму? Але за каго, за сябе ці за тых, што гналі сумленнейшых гаспадароў у невядомасць? Каля школы Косцік падняў галаву, і нашы пагляды сустрэліся. Я паклаў яму руку на плячо і пайшоў побач. Мы маўчалі, пакуль не з'ехалі ў даліну. Косця спыніўся: «Я табе напішу». Мы абняліся і рассталіся назаўсёды. Я доўга глядзеў услед, пакуль не праехаў увесь абоз і не знік у мітульзе сцішанага шэрага дня. Я разумеў, што назаўсёды развітаўся з лепшым другам. Гэта была першая ў маім жыцці балючая страта. Я не ўсё разумеў і не ўяўляў, на якую пагібель кінулі камісарчыкі гэтых сумленных нястомных гарэтнікаў і карміцеляў нашых. I сярод іх быў Кастусь. А мы ж з ім марылі пра светлыя палацы камуністычнай будучыні, пра свой шчаслівы лёс. I вось гэты летуценнік хлюпае па калатушы разбітай дарогі ў невядомасць, і ніхто не ведае, за што і каму гэта трэба. Кара —за нястомную сумленную працу.
Праз паўгода прыйшоў першы ліст з-за Ўрала. Пра сябе Косцік нічога не пісаў, распытваў пра школу, пра таварышаў, прызнаваўся, што вельмі сумуе па родных Усцярхах, па сваёй хаце і школе, успамінаў усіх настаўнікаў. Было яшчэ некалькі лістоў, а потым і мяне закруціла жыццё.
Амаль праз шэсцьдзесят гадоў у Глуску падышоў да мяне мужчына, назваўся пляменнікам Навіцкага і прывёў да свае мамы. Яна адна выжыла з гэтага працавітага роду і вярнулася, каб назаўсёды астацца ў роднай зямельцы. Колькі было ўспамінаў і слёз, нават цяжка расказаць. Прыбіліся яны ў глухое таежнае сяло. Талент ссыльнага хлопчыка заўважылі нават там і паслалі вучыцца ў абласны горад. Вярнуўся і стаў мастаком у раённым доме культуры. Маляваў партрэты Леніна, Сталіна і ўсіх членаў палітбюро. Мяняліся яны часта, так што работы Кастусю хапала. У першы месяц вайны забралі Косцю на фронт. Прыйшлі чатыры лісты. Пятаю была пахаронка.
Калі ў сталым веку лёс і мяне закінуў у Паўночны раён Сібіры, у гаворцы з мясцовымі людзьмі я ўспомніў той «год вялікага пералому» і пачуў: «А как же, привозили в урман тощих и убогих кулаченых и калеченых. Под ёлкой выворатят з саней, а сами — айдати. Ребятёшки воют, поди шенки, а у баб и слёз нетути. Снега выше репицы, мороз-трескун, а у них ни тёплой лопатины, ни харчу вовсе нет. Так и загибались. К весне почитай умолкла и опустела тайга, У кого справные мужики были, да не дураки, струментишко кой-какой прихватили, начали землянки долбить, дерева валить да костры жечь, кое-как вселились да обустроились. Тайгу корчевали, а новина — хоть на хлеб мажь. Через года три-четыре семьи разжились, а перед войной-то, Отечественной, обратно горемык за болото выслали».
На Тэгеранскай канферэнцыі ў 1943 годзе Сталін хваліўся Чэрчылю, што ў часе калектывізацыі «ліквідавана 10 мільёнаў (хто лічыў?) кулакоў. Большая частка знішчана, трэцяя частка адпраўлена ў лагеры».
Так зніклі Лучкі, Гарадзішча, Малінава, Усцярхі, Дварэц — тысячы засценкаў, вёсак і сёл. А колькі іх па Беларусі? Колькі па ўсёй краіне?! Атрады раскулачвальнікаў, як кажаны, наляталі на сонныя вёскі і за нейкага паўгода — год вынішчылі самы працавіты, сумленны і таленавіты народ — сялянства, якое з веку ў век ведала нораў зямлі, характар кожнага палетка і загона, любіла і пеставала кожны ўзгорак, кожную балацінку, размінала ў далонях кожную грудку, палівала потам кожную баразну. Рэшткі абагуленых дзесяцігоддзі гарбелі за «палачкі».
Калі знік за ўзгоркам той жалобны абоз, насунулася чорная хмара і прыкрыла ўсё, засеяла поле драсёнам і шындзёламі, спустошыла душы, адняла сумленне. На ўсіх навалілася ўтрапенне і страх. Кожны мог апынуцца побач з Косцікам Яновічам у тым смяротным абозе. Але трэба было неяк жыць, каб не надта разжывацца, прывыкаць, як да паншчыны, да новых парадкаў. Раённыя начальнікі жывасілам заганялі ў калгасы. У сёлах засталася бядота і сераднякі, яны ўпіналіся, як толькі хапала хітрасці і змогі: мужчыны разбягаліся, куды каторы — хто ў Данбас, хто на Асінбуд, хто ў Бабруйск на біржу працы, прыстройваліся брукаваць дарогі, капаць кан'авы.
Хаты раскулачаных хлясцелі разнасцежанымі дзвярыма, з іх, з клецяў і свіронкаў камбедаўцы валаклі ўсё, што можна дацягнуць, сабе. Адразу пад чужы дах пераходзіць адважваліся не ўсе, каб людзі не паролі вочы, каб не лічылі юдамі і хрыстапрадаўцамі. У каго сумлення зроду не было, займалі пустыя хаты і пазагнюшвалі іх за якога паўгода.
Ад фальварка, што побач з нашым пасёлкам, асталіся нечапаныя афіцына з кухняю і пральняю, спіжарня, доўгая парабецкая хата, абора і цялятнік пры ёй. Ад панскага дома пакінулі зарослы скрыпенем падмурак, а за ім — вялікі, ужо запушчаны сад. Кветнікі заглушылі палын і крапіва, старыя яблыні дасыхалі, увесну сад яшчэ квітнеў, улетку згіналася голле ад ігруш-фунтовак і сапажанак, яблык-папяровак і чырванабокіх жытнікаў.
У пачатку калектывізацыі ў мястэчку было створана «Таварыства па ўладкаванні яўрэяў на зямлю» — скарочана «ОЗЕТ». Праводзіліся латарэі і пазыкі на карысць гэтай арганізацыі, агітатары заклікалі яўрэйскія сем'і брацца за плуг і сявеньку. У мястэчках працавалі яўрэйскія школы; педінстытут і тэхнікумы рыхтавалі настаўнікаў для гэтых школ. У нашым раёне здаўна ў Бярозаўцы і Казловічах аралі, сеялі, жалі і касілі, насілі зрэбнікі і кажухі дзесяткі два яўрэйскіх сем'яў. У рэшткі суседняга фальварка з мястэчка пераехала даволі многа маладых і пажылых яўрэяў, і свой калгас назвалі «Штэрн». Абралі старшыню, энергічнага і пракіднога Моню Урыцкага, «ОЗЕТ» забяспечыў плугамі, баронамі, калёсамі, саньмі, купілі кароў, коней, у цялятнік паставілі семнаццаць завадскіх цялушак. 3 вясны ўзяліся за работу. Калі што не ладзілася, пыталіся ў нашых пасялкоўцаў — колішніх панскіх парабкоў. «Штэрну» нарэзалі зямлі і сенажаці былых засцянкоўцаў, аддалі колішні панскі сад і ўсю забудову. Працавалі новыя калгаснікі старанна і мірна, без сварак і звадак, старшыню слухаліся, як бацьку ў добрай сям’і.
Надвячоркам у пятніцу, няхай хоць заходзіць хмара на сухую кашаніну ці на ненакрытыя бабкі, штэрнаўцы канчалі работу — зайшоў шабас. У любы прыпар — субота выхадны. Пабрытыя, прыбраныя калгаснікі ідуць у сінагогу, балазё, да мястэчка трохі больш за два кіламетры. Як ні ўгаворваў Урыцкі — ні старыя, ні маладыя ад суботы не адступіліся. Нашы пасялкоўцы кпілі з іх і ў гарачую пару не ведалі ні нядзелі, ні Сёмухі, ні Іллі, ні Міколы. Хапалі ўсё за пагодаю.
Аднаго разу ў ліпеньскую спёку абедаў я каля расчыненага акна. Бачу — над колішнім панскім садам цягнецца стаўбун чорнага дыму. Сказаў маме, а яна супакоіла: «Мабыць абрэзанае ў садзе сухое голле штэрнаўцы паляць».— «Сёння ж,— кажу,— субота. У шабас ніхто і свечкі не запаліць». А дым гусцее. Выскачыў на дзядзінец, гляджу: уга! Цялятнік наскрозь полымем свеціцца, ужо і кроквы павытркаліся, заняўся і плот, чаго добрага, агонь да афіцыны дабярэцца. I нідзе ні душы. Усе калгаснікі зранку ў сінагозе, а цялят ад заедзі загналі ў хляўчук нанятыя пастушкі, распалілі кацёл у кормазапарніку, самі разбегліся.
Сонца смаліць, бачу, у полымі яшчэ кідаецца цялятка. Каля афіцыны на дрывотні згледзеў у калодзе сякеру, ухапіў, паперасякаў жэрдкі, каб далей не пайшоў агонь, а да цялятніка не падступіцца, крычу: «Пажар! Пажар!» А хто пачуе? Двор — як падмецены. Не, за густымі прысадамі бэзу ў расчыненым акне колішняе парабкоўскае хаты нешта пярэстае мятнулася. Дзякаваць Богу, што аказаўся сведка, што не я падпаліў цялятнік. У ярмолцы і паласатым талесе кавыляе падслепаваты Гілер — адзіны даглядчык калгаснага дабра. Ен высмыкнуўся з талеса, мітусіцца, бегае, заломвае рукі: «О, вейс цу мір! Гот! Майн Гот!» 3 цялятніка — ні гугу, толькі цягне смажані-наю і гарэлаю поўсцю. Асунуліся кроквы, праваліўся дах, зажалела лісце недалёкіх яблынь.
Відаць, на сенажаці людзі ўгледзелі дым і хто конна, хто пехатою прыджгалі на пажар. Кожны думаў, ці не гарыць яго хата. Недзе знайшліся вёдры, закруціўся калаўрот студні, мужчыны паўзлазілі на дах афіцыны, пабеглі з рук у рукі вядро за вядром, вадою палівалі дах і сцены, а на іх выступілі і пацяклі буйныя кроплі смалы. Дым угледзелі і ў мястэчку. Бразгаючы ў медны звон, з дзвюма помпамі і бочкамі вады прыляцела добраахвотная пажарная дружына, але тушыць ужо не было чаго. Сярод галавешак датлявалі рожкі і раздутыя бакі цялятак. Папырскалі з помпаў па гарачай сцяне афіцыны і пачалі дапытвацца, з чаго загарэлася, хто заганяў цялят і распальваў запарнік. Шукалі Гілера, а ён ад страху некуды знік. Першы сведка быў я і расказваў тое, што бачыў. Урыцкі хапаўся за галаву і толькі разводзіў рукамі.
Пасля пажару «Штэрн» пратрымаўся да сярэдзіны зімы, і ўсе калгаснікі вярнуліся назад у свае местачковыя хаты, зберажоныя і дагледжаныя старымі бацькамі. Аташчалых кароў і коней перадалі слабейшым калгасам.
А камсамольцы і старэйшыя вучні зацята і апантана агітавалі за калгасы, праводзілі культпаходы ў суседнія вёскі, разыгрывалі агіткі, спявалі частушкі, дэкламавалі вершы: «Ня ўдасца Апанасу адкруціцца ад калгасу», «Свет у кут — менш пакут», «Будуйце лазні» і самыя салёныя раздзелы «Бібліі» Кандрата Крапівы. Яна з нумара ў нумар друкавалася ў «Беларускай вёсцы».
Мы былі апоеныя ружовым сіропам абяцанняў і спадзяванняў на блізкае шчаслівае жыццё, ні ў чым не сумняваліся, усё прымалі на веру, кожнае друкаванае слова было законам для нас — у ім, толькі ў ім ісціна і святая праўда. Мы бачылі жорсткасць раскулачвання, цвёрдых заданняў, нэндзу ў першых калгасах, але апраўдвалі выпадковымі недахопамі, нетыповасцю, верылі, што недзе нябачаны росквіт і суцэльнае шчасце. Гэта быў усеагульны гіпноз, нейкае ачмурэнне. Сумняваліся толькі мудрыя старыя. Да нас часам заходзіў мамін дзядзька Ілля Агейчык. «Біблію» ён ведаў назубок, пераказваў цэлыя старонкі і заканчваў сваю пропаведзь: «Прыйшоў анціхрыст, пусціў на людзей замарачэнне. Скора Архангел пратрубіць канец свету і стануць жывыя і мёртвыя на страшны суд». Мы пасмейваліся са старога дзівака, а ён быў мудрэйшы за нас.
На мястэчка наваліліся змрок і страх. Раслі падазронасць і недавер, людзі асцерагаліся хадзіць да суседзяў, гаварыць на вуліцы. Лепшыя хлебаробы калаціліся, каб не трапіць у спісы на раскулачванне, абуваліся ў атопкі, лапленыя кажушкі, пераставалі галіцца, прыслухоўваліся да кожнага рыпу і стуку.
Каля рыначнай плошчы, на сцяне рагавога дома, вывесілі «чорны спіс лішэнцаў». Выбарчых правоў пазбаўляліся былыя гандляры, уласнік аптэкі і гарбар, гаспадар лазні, мяснікі, папы, два дзячкі, званары і нават колішнія пеўчыя на клірасе. Выяўлялі ўсё новых і новых лішэнцаў, і спісы раслі з кожным днём. Калоцячыся, кожны шукаў у іх сваё прозвішча.
У школе лішэнцамі станавіліся дзеці лішэнцаў: іх выключалі з піянераў і з камсамола як «пралезшых ворагаў», абкладалі платаю за вучэнне, не прымалі ні ў адзін гурток, выстаўлялі ў калідор з урокаў грамадазнаўства. Іх пачалі цурацца лепшыя сябры. Маленькія ізгоі трымаліся асобна, як зачумленыя, як затраўленыя звяркі. Гэта лічылася неабходнай барацьбой за класавую чысціню, за выкарчоўванне варожых элементаў.
А мы ў нардоме ладзілі канцэрты і спектаклі, грымелі «прафсаюзнікі-сіняблузнікі», у падкасаных штоніках замест трусоў рабілі «піраміды» ў выглядзе пяціканцовай зоркі, самы маленькі ўзлазіў на плечы вышэйшаму, узнімаў чырвоны сцяжок, і ўсе да болю ладоняў ляскалі ў ладкі. Нам з маленства ўбівалі жорсткасць, не любоў і спагаду да чалавека, а непрымірымасць, калі ён не такі, як мы, мы крычалі: «Заўжды гатоў да барацьбы!» Мы, няздатныя хлусіць, верылі кожнаму слову казённых ідэолагаў, іх прымітыўнай хлусні.
На Кастрычніцкія і Майскія святы калона дэманстрантаў адкрывалася карнавальным шэсцем — неслі транспаранты: «Смерць кулакам-міраедам!». Апранутыя папамі, ксяндзамі, таўстапузымі буржуямі, царскімі афіцэрамі ішлі актывісты драмгуртка, вытрэнчваліся, касавурыліся, выкручваліся, як толькі маглі. Адны рагаталі, разумнейшыя шкадавалі іх.
3 першых савецкіх гадоў у мястэчках і ў сёлах пачалося суцэльнае захапленне тэатрам. Ніхто ў нас не бачыў прафесійных спектакляў, сапраўдных дэкарацый, а прага да акцёрства расла. Ігралі ў хатах-чытальнях, пустых гумнах, у большых школьных класах. Нават на базарнай плошчы збілі памост, запнулі яго посцілкамі і давалі «пастаноўкі» з шаблямі, стрэламі, допытамі, шалёным каханнем.
Тэатральная эпідэмія асабліва захапіла ўсіх пасля прыезду, а дакладней, прыходу ў мястэчка Галубка
Достарыңызбен бөлісу: |