Мястэчка мястэчка



бет1/5
Дата04.07.2016
өлшемі1.07 Mb.
#177435
  1   2   3   4   5

СЯРГЕЙ ГРАХОЎСКІ

МЯСТЭЧКА... МЯСТЭЧКА...

ЭЛЕГІЯ


ПАЧАТАК

Маё пакаленне ў наіўным юнацкім узросце свята верыла ў блізкую шчаслівую будучыню, у нябачаны росквіт самай перадавой у свеце краіны, апраўдвала нястачы і пакуты ў імя камуністычнага заўтра. А яно, як міраж, адыходзіла ўсё далей і далей. Трывалымі заставаліся толькі гучныя лозунгі ды звонкія бадзёрыя песні. Нам уводзілі ў вушы, што прымус і бяспраўе - найвялікшая воля, хлусня і галеча — праўда з усіх праўдаў, дэмакратыя з усіх дэмакратыяў. Мы верылі, што ад Масквы «да самых да ўскраін» усе думаюць аднолькава, дружна галасуюць за самых лепшых і за самае лепшае, што мы найшчаслівейшыя ў свеце «пад сонцам сталінскай канстытуцыі».

Дэмагагічная хлусня ў прыгожай абгортцы заклікаў, лозунгаў, у чырвані пераходных сцягоў, вымпелаў, узнагарод, званняў, прэмій і ордэнаў розных узроўняў пладзіла агромністую армію прыстасаванцаў, «перадавікоў», «маякоў», «запявалаў». А яны ні ў што не верылі, апрача ўласнае кар'еры. Нахабства, махлярства і падхалімаж — галоўныя якасці дзеля поспеху кар'ерыста. Паплаўком, які трымаў на наменклатурнай паверхні, былі сумніцельныя «корачкі», а дасведчанасць, культура і сумленне — анахранізм для няўдачнікаў.

Мне пашанцавала быць сведкаю не бачаных у гісторыі зрухаў, намаганняў, здзяйснення эфемерных планаў на касцях і крыві цярплівага, ашуканага і заняволенага народа. Я многае бачыў, многае помню і хачу расказаць. Пры мне вынішчаліся сумленныя хлебаробы да трэцяга калена, таленавіцейшыя мае сучаснікі. За папярэднія тры стагоддзі на нашай зямлі не знішчана столькі невінаватых, колькі іх перамалола і адправіла на той свет страшэнная крывавая машына за гады, суджаныя пражыць мне. На маёй памяці без віны стралялі, тапілі, вешалі, распіналі рэвалюцыйных фанатыкаў, інтэлігентаў, цёмных і даверлівых гарапашнікаў; за кратамі гінулі дзеці і звар'яцелыя маці, даведзеныя голадам да вандалізму. Я памятаю іх імёны, прозвішчы і абліччы. А колькі іх было ў жахлівым «Архіпелагу» за калючым дротам!...... ,

Нікому не патрэбныя войны нішчылі і калечылі мільёны ледзь акрыялых юнакоў — цвет нацыі, цвет зямлі нашай, а расквітнелыя нявесты заставаліся векавухамі або мацяркамі ад нараджэння скалечаных сірот.

На маім вяку ачмурэлыя ад фанатызму нішчылі не толькі людзей, а і зямлю, паветра і рэкі, чарназём ператваралі ў гнілыя калюжыны, а сапраўднае мора — у пясчаную пустыню. Ад іх першабытнай валасатай волі гінула птаства, звяры і кветкі, лясы і стэпы, а самае страшнае — вытручвалі ў нашых сэрцах дабрату і спагаду, сумленне і чалавечнасць, міласэрнасць і павагу да чалавека.

На маёй памяці вынішчаліся і знікалі цэлыя народы, іх культура, мова, пісьменнасць, алфавіты, векавыя традыцыі, самая душа чыстых, спагадлівых дзяцей прыроды. I ўсё гэта называлася «непарушнаю дружбай народаў». ,

3 гадамі і я стаў відушчы. А некалі быў наіўны, даверлівы, як і ўсе, ашуканы фанатык «самай перадавой ў свеце» сістэмы. Я быў падхоплены віхурай бесчалавечнай жорсткасці і стаў ахвяраю з вечным таўром пакутніка і прагным да жыцця аптымістам, каб не загінуць у пекле пекла, каб сваім сведчаннем засцерагчы нашчадкаў ад жорсткасці, хлусні, бяздумнага даверу ашуканцам і фарысеям, атлусцелым хціўцам, што сем дзесяцігоддзяў абяцаюць агаладалым шчаслівую будучыню. А яна — усё далей і далей, знікае міражом у краіне галечы мільёнаў гарэтнікаў і некалькі сот тысяч закормленых ашуканцаў, што вялі і прывялі народ да адчаю і здзічэння, узаемнай нянавісці і крывавага ачмурэння, вялі і кінулі над прорвай — «ратуйцеся самі, а мы праз шчыліны танкаў паглядзім, як рэжа брат брата». Але збуцвелыя пастронкі і цуглі трашчаць і рвуцца, а злосць вымяшчае няшчасны народ на няшчасным народзе.

Прымітыў і бяздушша трымаюцца на жорсткасці і ўсеагульным страху. Так дзесяцігоддзямі ўсеўладныя каты з'мянялі адзін аднаго, прыкрываючы свае злачынствы прыгожымі тэорыямі і абяцаннем зямнога раю, кленучыся імем, якому здрадзілі даўно, але ставілі па ўсёй зямлі тысячы помнікаў «мудраму летуценніку» і вынішчалі ўсё, дзеля чаго ён жыў, у што верыў, чым жылі і ў што верылі людзі, не ўяўляючы, да чаго гэта прывядзе народ.

Пры жыцці першай асобы молімся на яе, хоць і бачым, што кароль голы, а пасля смерці даведваемся, што маліліся злодзею і злачынцу. А колькі іх, вядомых і непрыкметных, ходзіць па зямлі, хітра схаваных пад забралам прыгожай хлусні цынікаў, прагных да ўлады і наступнага крывавага балю. Многія даўно відны, але ўсіх яшчэ не дастаць.

Незагойны боль вярэдзіць душу за вялікія і малыя страты, за кожную ахвяру, за зруйнаваныя тварэнні народнага генія, за апаганенае хараство зямлі нашай, за жабрацтва найбагацейшай краіны, якой з ухмылкаю суседзі зграбаюць у працягнутую далонь пацяробкі з сытага стала, каб хоць уратаваць нашых унукаў.

Дробных стратаў не бывае. Загублены метр зямлі не накарміў аднаго чалавека, атручаная крыніца не наталіла смагу змучанага спёкаю, злачынная недасведчанасць «акадэміка» падпісала смяротны прысуд мільёнам карміцеляў і іх нашчадкам, а атручаную зямлю ператварыла ў зялёную пустэльню. Па ёй нячутна ступае смерць. Злачынства спустошыла людскія душы, знявечыла і абакрала гістарычную памяць. Сярод незваротных страт, апрача людзей, зямлі, вады і неба — наша мова, тысячы забытых і забітых слоў, паэтычных найменняў і назваў, а з імі страчана і іх матэрыяльная сутнасць, традыцыі і каларыт. Гора дзецям, што выракліся маці, гора маці, чые сыны, дочкі і ўнукі забыліся, не чуюць, не разумеюць і не шануюць матчына слова і песню. А выгнаннікі і бежанцы на далёкіх кантынентах збёраглі і памяць, і слова, і мелодыю роднай зямлі.

Сярод мноства страт знікла дарагоё мне слова мястэчка, і самое мястэчка страціла свой непаўторны, вякамі складзены побыт, шчырыя адносіны сумлення і даверу, яскравы каларыт мудрых і прыгожых традыцый.

Што ж такое мястэчка?

Дакладнае і ёмістае слова замянілі калекамі абрэвіятур «гарпасёлак», «ПГТ» (пасёлак гарадскога тыпу), а найчасцей— «райцэнтр», з поўным наборам «раеў» — райком, райвыканком, райваенком, райаддзелы, райканторы, райупраўленні, райзагі, райбальніцы, райміліцыі (які там рай?).

Гэты «рай», што ўжо не вёска і яшчэ не горад, спрадвеку звалі мястэчкам. I адразу ўзнікала ўяўленне пра ціхае, невялічкае, часта далёкае ад чыгункі паселішча з дзвюма-трыма брукаванымі вуліцамі, з вялікаю рыначнаю плошчаю пасярэдзіне, з доўгім шэрагам крам і крамак, з шумнымі асеннімі кірмашамі, з адною або з дзвюма цэрквамі, некалькімі сінагогамі. У нас іх звалі «школамі».

Усё неабходнае чалавеку рабілася на месцы здатнымі майстрамі — стальмахамі, кавалямі, гарбарамі, шаўцамі, краўцамі і кажушнікамі, ткачамі і бляхарамі, мулярамі і малярамі, былі маслабойкі, млыны і ваўначоскі, а якія мастакі-ганчары жылі ў мястэчках! У наваколлі яны адшуквалі найлепшыя глінішчы. Мялі, песцілі замес чуйнымі і цёплымі рукамі, прыдумлялі аздобы для сваёй пасуды, падбіралі найлепшую паліву, каб аж зіхацела кожная гладышка.

На рынку доўгімі радамі стаялі гаршкі, глякі, збанкі, гарлачы, спарышы, макатры, паліваныя і размаляваныя, жоўтыя і чырвоныя; яны, здавалася, гарланілі шырокімі і вузкімі горламі: «Вазьмі мяне!». Смольным, дубовым і ліпавым духам вабілі дзежкі і даёнкі, цэбры і ражкі, біклагі і бочачкі, з якіх ні расол, ні нават мёд не прасочацца і кропляю. Найбольшаю абразаю і ганьбаю для майстра было слова — тандэтнік-бракароб. Найвышэйшай пахвалою — совесны чалавек.

За Мікалаеўскім часам кожнае мястэчка было цэнтрам воласці. Ею кіравала Валасное праўленне. Сядзеў у ім выбраны ўсёю грамадою стараста, часам непісьменны, але разумны, сумленны і справядлівы рупны гаспадар. На патрэбных паперах ён ставіў пячатку, распісваўся часам трыма крыжыкамі, а ўсё вялі пісар з памочнікам. Почыркі ў іх былі, як у школьных пропісях, аздобленыя завітушкамі, націскамі і хвосцікамі. Закон у воласці ахоўвалі ўраднік і стражнік, была і «халодная» — цёмны катушок з маленькім закратаваным акенцам. Чаеам трапляў туды добра падпіты рызыкант, канакрад або дробны злодзей. Былі міравы суддзя і агент страхавога таварыства «Россия». Вось бадай і ўвёсь штат воласці, трошкі меншай за цяперашні раён.

Звычайна ў канцы мястэчка стаяла земская бальніца з адным доктарам, фельчарам, сястрою міласэрнасці, сядзелкаю, а па-цяперашняму — санітаркаю. Аптэку трымаў прыватнік правізар.

Саматужнікі местачкоўцы адначасна былі і хлебаробамі — мелі па невялікаму надзелу зямлі, трымалі надворных і кормных свіней, адну-дзве каровы, некалькі авечак давалі воўну, бараніну і шкуры на кажухі. У кожнага харчы былі свае. Куплялі крам, або «чырвоны тавар» — фабрычныя тканіны, газу, дзёгаць, каломазь, соль, цвікі, селядцы, цукар вялікімі сіняватымі галовамі або стаўбунамі, голкі, каснікі, гузікі, косы, паласавое жалеза на шыны для воза, чыгункі, патэльні, халву і цукеркі, юшкі і дзверцы для грубак, парцяную і суконную фарбу. Усяго хапала.

У мястэчку было дзве-тры так званыя перапечкі. На досвітку яны пяклі белыя булкі, халы, абаранкі і пернікі, і ўсё гарачанькае у плеценых кашах, прыкрытых кужэльным уціральнікам або сурвэткаю, разносілі па мястэчку. У кожнай была свая “парафія». Калі няма чым заплаціць, давалі напавер. «Як разжывешся, аддасі. У Амэрыку ж не з'едзеш»,— звычайна казала Алта або Двойра і несла свой кош да суседзяў. Ведала, што яе і грош не прападзе. Людзі верылі на слова і, як толькі заводзіліся грошы, аддавалі ўсе даўгі да капеечкі.

Усе местачкоўцы ведалі адзін аднаго, памяталі бацькоў і дзядоў, былі ў блізкім ці далёкім сваяцтве. Бывала, у некаторых хатах прабой у дзвярах затыкалі трэсачкаю, каб толькі было відно, што нікога ў хаце няма.

Кожнае мястэчка жыло сваімі непаўторнымі традыцыямі, сваім укладам, сваімі байкамі, кепікамі, нязлоснымі анекдотамі пра дзівакаватыя ўчынкі, а ў кожнага местачкоўца была дасціпная мянушка, і яна пераходзіла з пакалення ў пакаленне. Не існавала тады ніякіх анкет, ніхто ні на кога не пісаў характарыстык. Яны былі вусныя і безапеляцыйныя — сумленны чалавек або тандэтнік і паскуднік. Часам вярнуць добрую рэпутацыю і жыцця не хапала.

Сярод палескіх_лясоў і балот стаіць маё мястэчка Глуск. Назва адпавядала яго колішняму стану — глуш, глушэча, глухата. Цяпер гэта даволі бойкі і шумны раённы цэнтр. I завецца ён не мястэчка, а па волі закаснелага чыноўніка з адзіным прынцыпам: «Абы не так, як было», у канцылярскіх паперах значыцца «Пасёлак гарагдскоа тыпу», а скарочана «Г/П». Бясконцае мноства абрэвіятур у нашым побыце нагадвае мармытанне неандэртальца з адных зычных гукаў. Дзе некалі быў валасны стараста і два пісарчукі, цяпер, можа, паўсотня ўстаноў, якія і самі добра не ведаюць, чым займаюцца і што ім рабіць. Галоўнае, пішуць паперы — адны ўгору, у вобласць, у цэнтр, другія — уніз, у сельсаветы, калгасы і саўгасы, у школы і сельскія клубы. Большасць, не чытаючы, падшываюць у папкі, часам пішуць нікому не патрэбныя адказы, і гэта лічыцца работаю.

Я, адзін з апошніх сведак колішняга мястэчка, раскажу, якім яно было ў пару майго далёкага маленства і юнацтва. Не буду трымацца храналогіі — што ўспомніцца цікавае, тое і раскажу.



выток

Хто і калі першы, змораны блуканнем па лясах і балотах, прыстаў на беразе шырокай ціхаплыннай Пцічы наталіць смагу, апаласнуць пыл і пот у празрыстай вадзе? Хто першы прылёг на густы росны дзяцельнік і цёплую лотаць? Наўкол не было ні жывое душы, ні гуку, ні следу. У высокім небе плылі кучаравыя аблокі, пад імі кружыліся ледзь бачныя буслы, над берагамі пранізвалі паветра непалоханыя імклівыя ластаўкі.

Загледзеўся, залюбаваўся наваколлем падарожны, заначаваў пад зорным небам. Да світання ў чаромхавых гаях і алешніках заліваліся салаўі, а ў парнай вадзе ляскалі хвастамі язі, акуні, шчупакі, ліні, плоткі. I назаўтра не зрушыўся з райскага ўзбярэжжа першы падарожны. Дастаў з-за пояса сякеру, насек лазняку і алешніку, скідаў будан, расклаў вогнішча, нацягаў даверлівых рыб на юшку. Каб не страціць голас, загалёкаў на ўсю сілу, пакацілася рэха на той бераг і азвалася ў далёкіх дубняках і хвойніках над крутым пясчаным адхонам.

Далей ісці не было патрэбы. За лета агораў хатку, з гліны зрабіў печ, і паплыў у неба смольны дымок. Перазімаваў на самоце над рыбнаю рэчкаю: глушыў абушком пад празрыстым лёдам шчупакоў, з восені насушыў баравікоў і ягад, назбіраў дзічак, з дроту, прыхопленага ў дарогу, наставіў петляў на зайцоў — была свежына і мяккія шкуркі на рукавіцы і шапку сваёй работы.

Нехта вандраваў, нехта ехаў тымі лясамі, убачыў над рэчкай дымок, завярнуў да яго. Пастаяў, агледзеўся. Навошта ж ад дабра дабра шукаць? Каля першае хаткі стаўлялі буданы, а неўзабаве адна да аднае прыстройваліся часовыя зямлянкі, трысцены, большыя і меншыя дамкі. Пасяленцы ўзорвалі дзірван, карчавалі надрэчныя лясы, абраблялі ляды — абжывалі новае паселішча над ціхаю празрыстаю Пціччу.

А куды ж яна коціць свае хвалі? Што там далей, дзе яна канчаецца? Цікаўныя талакою звязалі плыт, і панесла іх плынь над цёмнымі вірамі, паўз крутыя берагі і дрымучыя лясы. I даплылі да вялікага сяла на правым беразе, у садах і прысадах, з капліцаю на высокім узвышшы, а іх рэчка шырокаю гарлавінаю ўлівалася ў павольную рудаватую плынь. Прыгналі да берага свой плыт, дзе зручней было прыпяць, і назвалі паўнаводную раку — Прыпяць. У вёсцы разгаварыліся з тамтутэйшымі людзьмі і дазналіся, што паселішча іх завецца Багрынаў. «Скуль жа вы, людцы добрыя?» А плытагоны і не ведаюць, што адказаць. ІІаселішча іх і назвы не мае. Толькі і расказалі, што ўкараніліся сярод спракаветнай лясной глушэчы, дзе шмат птаства і дзічыны, а векавыя дубы з небам гамоняць. «Дык, кажаце, жывеце ў глушэчы? Значыць, і зваць глушакамі, а паселішча ваша хай будзе Глусак». Так першыя плытагоны прынеслі свайму паселішчу ўласнае імя, ахрысцілі Глускам. Можа, так, а можа, і не так было, хто ведае?

Потым гісторыкі пра яго запісалі: «Першыя дакладныя звесткі пра Глуск вядомыя з XV стагоддзя. Тады ім уладарылі князі Гальшанскія. Яны былі ў сваяцтве з родам Вітаўта і мелі тут умацаваны замак на беразе ракі Пціч. Акопы гэтага ўмацавання засталіся і да нашых дзён. У 1508 годзе ў Глуску вяліся перагаворы паміж пасланцом маскоўскага вялікага князя Васіля Іванавіча Шыгона-Паджошнага і вядомым літоўскім вяльможам кн. Міхаілам Глінскім, які вырашыў перайсці ў Маскву».

У XVI стагоддзі кн. Гальшанскі падарыў Глуск каралю Сігізмунду-Аўгусту. Ен у сваю чаргу падарыў Яну Хадкевічу. Потым Глуск належаў Чартарыйскім і Палубінскім.

I за маёй памядцю над рэчкаю зялёным пярсцёнкам узнімаўся высокі ўдзірванелы вал. Пасярэдзіне яго аж да хмар даставаў крыжамі белы гмах касцёла. Ён быў відзён за трынаццаць кіламетраў ад мястэчка. Чырвоны шацёр купала заканчваўся кантовым белым стаўбунком з паўкруглымі акенцамі, а над яго стрэшкаю, здавалася, плыве разам з аблокамі зіхатлівы крыж. Ад увахода злева і справа ўзвышаліся стромкія званіцы з крыжамі на дахах. На двух паверхах віселі званы. Уверсе на тоўстай жалезнай восі трымаўся вялізны «дзед» з мяккім і густым басам. Каб ён зазваніў, трэба было з паўгадзіны разгойдваць вось пакуль тоўсты язык ударыць аб край, і тады на ўсё наваколле плыў доўгі меладычны гул, чутны за многа кіламетраў. Ніжэй быў меншы, срабрысты і залівісты, як песня жаўрука, яшчэ ніжэй — маленькія званочкі-сігнатуркі нагадвалі вясёлыя дзіцячыя галасы. Над мястэчкам, над зарэчнымі прасторамі, да Заполля і Калаціч, Падзамша і Хвастовіч плыла суладная мелодыя касцельнага звону. Злева і справа ад базарнай плошчы ўзнімаліся купалы і званіцы дзвюх цэркваў — драўлянай Уваскрасенскай і каменнай Богаяўленскай. На вячэрнюю і ранішнюю імшу клікалі праваслаўных і католікаў касцельныя і царкоўныя званы.

У мястэчку жылі толькі дзве каталіцкія сям'і, затое да рэвалюцыі ва ўсіх маёнтках і фальварках былі панамі католікі, пракідалася і акаталічаная засцянковая шляхта.

Паглядзець на касцельную службу, паслухаць арганы і казань маладога наезджага «пробашча» ахвотна хадзілі местачкоўцы, як на прыгожае відовішча. Праз вітражы пад самым купалам падалі снапы чырвонага, сіняга, зялёнага і жоўтага святла на ўзоры мазаічнай падлогі. У вышыні над уваходам то басавіта-глыбока, то пяшчотна-ласкава гучаў арган. Сівы і сухенькі арганіст Сташэўскі натхнёна іграў і спяваў лацінскія псалмы.

У правым куце на невысокім патаменце ў натуральны рост стаяла скулыітура Святога Антонія, у карычневай сутане з белым каўнерыкам, у ксяндзоўскай камілаўцы, з ружовым сытым тварам і вялікімі ўсмешлівымі вачыма. У ліпені праходзіў фэст у гонар Святога Антонія. 3 блізкага і далёкага наваколля з'язджалася сіла народу не так на набажэнства, колькі на вялізны кірмаш, на ўрачыстае відовішча. Службу правілі наезджыя біскуп і ксяндзы з некалькіх суседніх парафіяў. Да ног Антонія складаліся скруткі кужэльнага палатна, ручнікі, кругі воску, бочачкі мёду, на срэбнай талерцы расла горка грошай, часам паблісквалі пяцёркі царскай чаканкі. У вале быў адзіны уезд на касцельньі кляштар. Каля яго ставілі палаткі, столікі, вялікія корабы з хрусткімі ружовымі пернікамі, бублікамі, цукеркамі ў яскравых абгортках з кутасамі, арэхамі, каснікамі, брошкамі, пярсценкамі, дудкамі, лялькамі. Булкі, вяземскія пернікі, абаранкі, халы, халва прыцягвалі натоўпы людзей.

Абапал дарогі сядзелі жабракі з самаробнымі лерамі і цымбаламі. Яны ведалі ўсе фэсты і кірмашы і цэлымі арцелямі вандравалі з мястэчка ў мястэчка, з сяла ў сяло.

Паміж касцёлам і валам браснявелі дзве сажалкі, аброслыя аерам і жоўтымі гарлачыкамі. Пахілыя дуплаватыя вербы купалі вецце ў пазелянелай вадзе. Увесну не змаўкалі канцэрты зялёных рапух на ўвагрэтых берагах і ў густым жабурынні касцельных сажалак.

Кожную весну Пціч разлівалася ад вала да самьіх далёкіх узвышшаў, зарослых ракітнікам і дубняком. Лугі, выганы, старыца, сухія летам азярынкі залівала вада. У шлюбным ачмурэнні над разводдзем з крыкам праносіліся чароды гусей і качак і знікалі ў блакітнай смузе. Пасля паводкі лугі і выган укрываліся густою травою, лапікамі жоўтай лотаці, а ў азярынках аж кішэлі акуні і плоткі. У сярэдзіне лета, часцей пад вечар, а то і ноччу нечакана аднекуль з-пад Лапічаў падплывалі Даўжэзныя плыты з тоўстага смольнага бярвення. На сярэднім — стаяў будан, перад ім вісеў закураны казан. Асмаленыя сонцам, зарослыя плытнікі ў падкасаных зрэбніках і расхлістаных кашулях прыпіналі да берага плыты, вячэралі, дапазна каля будана тлеў агеньчык і чуліся пад зорным небам доўгія маркотныя песні.

Гэтак жа непрыкметна і ціха, як прыплылі, здымаліся плытагоны у далекую дарогу да паўнаводнай Прыпяці. Там, дзе некалі стаялі плыты, цяпер ходзяць, не разуваючыся, а што такое паводкі, сучаснікі і не ведаюць: спляжылі лясы, асушылі балоты, прыйшлі бясснежныя зімы.

Я памятаю іншыя рэкі, лясы і палі. А што было да мяне, да маіх бацькоу, продкаў, хто тут жыў, што рабілі людзі, якія бушавалі страсці, хто які пакінуў след, хто ставіў гэты касцельны гмах, хто ўзводзіў царкоўныя купалы і ўзносіў крыжы, рэзаў іканастасы, распісваў сцены і адліваў званы, ніхто ніколі не дазнаецца.

Тое, што стаяла і ўпрыгожвала мястэчка вякамі, знікла дазвання пры мне: зраўнялі з зямлёю касцёл і абедзве царквы, раскапалі вал, а ў ім былі таямнічыя ходы, абліцаваныя пліткаю выключнай прыгажосці, археалагічныя каштоўнасці ператрушчылі ў друз і смецце, сцерлі памяць выдатных майстроў і мастакоў мінулых стагоддзяў дзеля футбольнага поля і прытулку выпівохаў. Магілы продкаў зраўнялі бульдозерамі, на іх касцях паставілі аўстастанцыю. Такія мы «пераемнікі» і нашчадкі.

ТОЛЬКІ Ў ПАМЯЦІ

Усё, што раскажу, засталося толькі ў памяці: у цэнтры мястэчка — вялікая рыначная плошча. Пасярод яе — пажарнае дэпо і глыбокая студня пад бетоным каптуром, заліваць пажарныя бочкі. У савецкі час над «пажаркаю» надбудавалі паверх Народнага дому. Зрабілі сцэну, паставілі лаўкі. Часам паказвалі нямыя фільмы, аматары ставілі спектаклі, збіралі людзей на сходы. Аднойчы праводзілі чыстку партыі. Народу набілася поўна-поўненька. За чырвоным сталом сядзелі тры наезджыя «чысцільшчыкі» і клікалі да «споведзі» камуніста. Той выкладваў усё ад маленства да сённяшняга дня. За ім паднімалася якая-небудзь галасістая кабета і ўспамінала ўсе грахі і грашкі парцейца: калі, дзе, з кім выпіў, чыю прыціснуў маладзіцу. Сакаталі бабы, аж пыл ляцеў з мясцовых марксістаў. Чыстка канчалася памяркоўна — каму давалі вымову, каму ставілі на «від», некага пераводзілі назад у кандыдаты.

У будзённыя дні плошча пуставала, а ў нядзелю паміж вазамі — не прашыцца. Над рынкам стаяла гамана, перагукваліся аднавяскоўцы, крамнікі зазывалі пакупнікоў, гучна таргаваліся, кожны хваліў свой тавар. Умельства таргавацца было своеасаблівай рыначнай дыпламатыяй: адны набівалі цану, другія збівалі, прадавец расхвальваў тавар, пакупнік ганіў, але не адыходзіў, калі рэч падабалася. Не патаргаваўшыся, купляць не цікава. Бытаваў асаблівы рыначны фальклор: «Цыган каня за плот валіць, а ўсё хваліць, так і ты свае боты тандэтнай работы. Глянь, перады — да першай вады», «Конь стары і сівы ад хваста да грывы», «А твая карова не дацягне да Пакровы». Торг быў спаборніцтвам красамоўства, досціпу і настойлівасці.

Цяпер ужо ніхто не таргуецца — плоцяць столькі, колькі просяць. Не вельмі прыглядаюцца да куплёнага, хапаюць усё, што ёсць. А тады кожны саматужнік даражыў сваёю маркаю, сваім майстэрствам — рэ-пу-та-цыя-ю. Кожны баяўся слова — тандэтнік. Яно азначала пагібель саматужніка. Таму і стараліся адзін перад адным, каб усё, што выходзіла з яго рук, было трывалае, зручнае і прыгожае, каб боты ніколі не мулялі, сукенка — была як улітая, замок — з «сакрэтам», нож і сякера, як брытва, дзяжа з дубовым дном і ліпавым вечкам.

Чаго толькі не было ў невялічкіх крамках! На паліцах -— усіх колераў шыліноўкі, скруткі сукна і паркалю, карункаў, батысту, атласу, сарпінкі, канаплянкі, былі галёшы на любую нагу, гузікі, гаплікі, касьнікі і папружкі. Усё, што трэба, купляй. Абы грошы.

Дазволеныя каралём Сігізмундам кірмашы шумелі на рыначнай плошчы да канца трыццатых гадоў. Чаго на іх не было! На вазах вішчалі надворныя парсюкі і кормнікі, гергеталі гусі, кудахталі куры і гарланілі пеўні. На задраных угору аглоблях віселі ўвэнджаныя кумпякі, сушаныя кілбасы, паляндвіцы, каркавіны, ашыйкі, на вазах стаялі дзежачкі бурштыновага мёду, ляжалі жоўтыя кругі воску, сушаныя і свежыя сыры, скруткі кужалю, грудкі слязлівага масла ў капусных лістах, брусы ружовага сала, стаялі лубяныя каробкі, поўныя ружаватых яек.

У «ятках» прадавалі свежую ялавічыну, цяляціну і бараніну, пячонкі, почкі, лёгкія — увесь бутар, так званы «збой». У асобных крамах трымалі толькі кашэрнае мяса. Выбірай, якое хочаш, і бяры, колькі трэба. Два «сальнікі» Цімох Адамовіч і рыжабароды старавер Грышка Іваноў у наваколлі куплялі кормнікаў. На рынку і дома гандлявалі свежыною, кілбасамі, шынкамі, вантрабянкамі і паляндвіцамі. Іх прадукцыю разбіралі наезджыя настаўнікі, міліцыянеры, ваенком і чыноўнікі з раённых устаноў, а дабра ўсё прыбывала і прыбывала.

У пару гэтак званай «прышчэпаўшчыны» людзі прагна ўкараніліся ў зямлю: заводзілі «культурныя гаспадаркі», будаваліся, разводзілі сады, добрых кароў і коней, іяркшырскіх свіней, раслі чароды гусей, курэй і качак. «Беларуская вёска» друкавала старонкі «Сам сабе аграном», у бабруйскім «Камунісце» аграном Уліцін вучыў, як даглядаць пасевы, сады і гароды, як ставіць капцы, каб не памерзла і не папрэла бульба.

У дапамогу сялянам у мястэчку стварылі таварыства «Гаспадарка». Яно прадавала ў растэрміноўку параконныя плугі, дыскавыя бароны, малатарні, веялкі, жняяркі, хамуты, сядзёлкі, косы, сярпы, сякеры, цвікі, нават кіт для вокан. Бяднейшыя маглі ўзяць пазыку.

Як толькі ўбяруцца ў сілу травы, каля крамы «Гаспадаркі» не сціхаў звон кос. Кожны чыркаў наском аб камень, прыслухоўваўся, як звініць, спрабаваў лязо на волас, абмацваў палатно, каб не было «лапатухі».

Без загадаў, графікаў, разнарадак, «планаў зверху» кожны ведаў, што і калі яму прыдбаць, калі пара садзіць і сеяць, адкуль найперш пачынаць касавіцу і жніво. Ен быў гаспадар на сваёй зямлі і дбаў пра кожнае каліва і зярнятка.

Ні з вёсак, ні з мястэчка ніхто нікуды не рваўся — з пакалення ў пакаленне жылі на месцы. У Бабруйск ездзілі па пільнай патрэбе: гэта ж блізкі свет — больш за паўсотні вёрст, балаголам ехаць ноч і паўдня. Ды і чаго ад дабра шукаць дабра? Саветы далі зямлю, «Гаспадарка» пасабляе яе абрабіць, купіць завадскіх парасятак, цялушку, трымае жарабца, казалі, арлоўскай пароды. Рабі, жыві, толькі не лянуйся.

Праўда, некаторыя маладыя пачалі падавацца ў Рагачоў на настаўніка вучыцца, у Чырвоны Бераг — на агранома, здатнейшыя аж у Менск дапялі. А прыедуць на вакацыі, у цяньку не туляюцца: бацька не дасць світанне праспаць. Разам з усімі касілі, копы цягалі, стагі вяршылі, збожжа звозілі ў гумны, каб не поснаю была зіма ды і паслаць было што да студэнцкага прыварку.

Мястэчка і наваколлі жылі размераным жыццём, у штодзённых клопатах і працы.

Ад рыначнай плошчы разыходзіліся чатыры гасцінцы — на Бабруйск, на Слуцак, на Лагадаўку і ў глыб Палесся — у Рудабелку, Парычы і Азарычы. Тры вуліцы брукаваныя, а далей цягнуліся пясчаныя, калдобістыя, у дождж гразкія шляхі. На ўсё мястэчка апрача царквы і касцёла было два мурованыя дамы — аптэка Фрыда і крама Майзеля. Цяпер у колішняй аптэцы -— пасялковы савет, у краме — райваенкамат. Некалькі дзесяткаў местачкоўцаў жылі ў прастарнейшых, крытых бляхаю, з маляванымі ганачкамі дамах, а рэшта — хаты, хаткі, хацінкі, пад дахамі з гонты і дранкі, хлявы і гумны, крытыя кулявою саломаю, аброслаю зялёным мохам.

На Слабадзе адна пры адной стаялі кузні. Першая — Тэвеля Эпштэйна. Сівенькі, нямоглы гаспадар толькі здолеў маленькім малаточкам адбіваць па кавадле рытм, а малатамі гасілі два дужыя сыны. Наступнаю была кузня Грыні і Лаўрыка Вярыгаў, за ёю — майго дзядзькі Івана Бобрыка, далей Сцяпана Рабца (у нашы дні яго праўнук, Алесь Жынка, стаў нястомным шукальнікам і прапагандыстам гісторыі беларускай культуры). Наступныя кузні — Паўла Бабака і Цімы Разнарэвіча, за мастком Барыса Голуба і братоў Буеўскіх. Праз вуліцу, каля канавы, стаялі прасторны дом і кузня Шмэркі «Кука». Гэтая мянушка прыліпла да яго за блізарукасць, Пры горане і кавадле стаялі Шмэркавы сыны, а ён часцей сядзеў на лавачцы з газетаю «Дэр эмес» («Праўда»), вадзіў носам па радках і першы ў мястэчку ведаў, што робіцца на свеце, што новага ў Бабруйску і ў мястэчку. Маленькі, тоўсценькі, падслепаваты Шмэрка лічыўся багацейшым з усіх кавалёў, казалі, што ў яго недзе схаваны цэлы гляк залатых чырвонцаў.

Не гневайцеея і не дзівіцеся, што называю прозвішчы глускіх кавалёў. Спытаецеся, каму гэта трэба. Думаю, іх нашчадкам. Кожны каваль быў адмысловы майстра, вынаходнік, выдумшчык, мастак, творца, варты памяці хоць на гэтых старонках. Часам бралі ў рукі падкову або нарог і ўжо ведалі, чыя гэта работа: знаку якасці не было,



Достарыңызбен бөлісу:
  1   2   3   4   5




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет