§ 13. Правапіс прыметнікаў.
I. Канчаткі склонаў: 1. Назоўны склон.
ПРАВІЛА 32. а) Назоўны склон адзіночн. ліку.
1) Прыметнікі муж. р. адзіночн. ліку ў поўнай форме пры цьвёрдай аснове канчаюцца на ы, а пры мяккай і пасьля г, к, х—на і, напр.: добры малады конь, аржаны хлеб, жоўты пясок, воўчы зуб, гарачы гаршчок; сіні колер, жытні колас, вясеньні дзень, раньні час, даўні знаёмы; доўгі нос, благі ўраджай, сухі ліст, ціхі вечар, кароткі дзень, мяккі хлеб і г. д.
2) Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў назоўным склоне (на пытаньне—якая?) маюць канчатак—ая—яя: добрая сястра, воўчая лапа, сіняя папера, раньняя вясна.
3) Прыметнікі ніякага роду адзіночнага ліку ў назоўным склоне (не пад націскам) маюць канчатак—ае—яе: добрае дзіця, вялікае возера, сіняе неба, лішняе акно; а пад націскам канчатак будзе—ое: глухое месца, старое гумно.
б) Назоўны склон множн. ліку.
Поўныя прыметнікі множн. ліку ўсіх родаў пры цьвёрдай аснове маюць канчатак—ыя, а пры мяккай і пасьля г, к, х,—канчатак—ія, напр.: новыя сталы, новыя кнігі, новыя вокны; сінія калёры, сінія стужкі, сінія нябёсы; доўгія загоны, благія дзеці, высокія сьцены, вялікія яблыкі, сухія лісьця, глухія вушы, і г. д.
Практыкаваньне 44. Стары верабей на мякіну ня квапіцца. Новае сіта на калку вісіць, а старое пад лавай валяецца. Апошні раз бываю ў вас. Апошняе спатканьне. Чужая хата горай ката. Чужое дабро ня грэе. Жоўтае жытняе поле ціха калосьсем шуміць. Сінія хвалі шумяць і бурляць. Хмурна выглядае стары лес. Узышла ўжо першая вячэрняя зорка. Раньняя птушачка носік цярэбіць, а позьняя вочкі працірае. Сіняе неба стала яшчэ сінейшае. Чую звон я нудны, рэдкі, невясёлы. Ліпы старыя шумяць за сьцяною. Плачуць бязьлістыя ліпы старыя. Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Добрае ляжыць, а злое бяжыць. Лішняя дабрата—дурата. Перастала грэць яснае сонейка. Насталі кароткія туманныя асеньнія дні. Вялікія сьветлыя вокны прыветна глядзелі на вуліцу. Па траве лёталі беленькія і чырвоненькія матылёчкі. Воўчая доля расьце скора. Добрае чуваць далёка, а благое яшчэ далей. Лішняя нітка—палатну завада. Не апалі яшчэ раньнія росы. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы. Чорныя баравікі так і стаялі ў ваччу. Свае леты маладыя ўспамінаці буду. Старыя дубы стаялі спакойна і важна. Нашыя Палескія балоты займаюць сотні квадратных вёрст. На доўгі век, на добрае здароўе. Старыя ластаўкі перасталі палохацца людзей. Кожная грамада птушак выбірала сабе лепшае, выгаднейшае месца.
Практыкаваньне 45. Сьпісаць і прыметнікі падчыркнуць.
Зіма.
Прыйшла зіма халодная, нягодная зіма. Прыцьмілась сонца яснае, прыціх шум баравы. На полі пустка страшная—ні збожжа, ні травы. Сьнег белы мёртва сьцелецца пасьцеляй грабавой. Сапе, шуміць мяцеліца, мяце сьнег, як мятлой. Мароз, як кат бязжаласны, ў лёд рэчку закаваў, стральбой сваёй праклятаю ўлёт слабых птушак б’е, пры хаце і за хатаю спакою не дае.
(Янка Купала).
Практыкаваньне 46. Сьпісаць і падчыркнуць канчаткі ія, ыя.
Ліпы старыя шумяць за сьцяною. Зоры далёкія, зоры бліскучыя ціха гараць над зямлёй. Плачуць бязьлістыя ліпы старыя. Белыя хмаркі па небе плывуць. Мне ўспамінаюцца вобразы мілыя роднага краю, палёў; бедныя вёскі, хаты пахілыя, песьні зялёных гаёў, вузкія стужкі меж залаценькіх, узгорак, курганчык, лясок. Нізка зьвісьлі над зямлёю хмары дажджавыя. Хмурыя елкі панура шумяць. Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Апошнія словы бацька сказаў да Міхася. Вялікія сьветлыя вокны прыветна глядзелі на вуліцу. Здалёк відаць былі зялёненькія стужкі лёну. Некаторыя раньнія птушкі павыводзілі дзетак і клапатліва шчабечуць каля гнязьдзечак, як нянькі каля калысак. Не апалі яшчэ раньнія росы. Зоры, як матылёчкі, трапяталі і дрыжалі ў небе. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы. Чорныя баравікі так і стаялі ў ваччу. Раньнія жаваранкі затрапяталі ў небе крыльцамі. Вясёлыя ды шчасьлівыя ішлі хлопцы дадому. Старыя дубы стаялі спакойна і важна. Глуха шумелі маладыя расьліны. На грудку расьлі прыгожыя чырвоныя красачкі. Нашыя Палескія балоты займаюць сотні квадратных вёрст.
2. Родны склон адзіночнага ліку.
ПРАВІЛА 33. 1) Родны склон адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду не пад націскам канчаецца на ага—яга: добрага чалавека, добрага дзіцяці, сіняга каменя, сіняга шкла; а пад націскам на ога: маладога чалавека, старога акна.
2) Родны склон адзіночнага ліку жаночага роду не пад націскам мае канчаткі: ае (ай)-яе (яй): цікавае або цікавай кнігі; сіняе або сіняй паперы; а пад націскам—ое—ой: маладое або маладой жанчыны; старое або старой хаты.
Практыкаваньне 47. У баязьлівага купца ні грошай, ні тавару. Ня бойся зьвяглівага, а кусьлівага. Нясьмелага ад няўмелага не распазнаеш. Старога вераб’я на мякіну не падманеш. З чужога каня і ў гразі злазяць. Роўны з роўнага цешыцца. Аднаго хіба птушынага малака няма. Па вуліцы пацяклі равочкі каламутнае вады. Цякла крынічка халоднае чыстае вады. Плачуць думкі па вясьне, хочуць лепшай долі. Дзяўчынка прасіла хлеба для свае хворае мацеры. Ня было толькі сіняе стужкі. Ад дваровага злодзея не ўсьцеражэшся. Ад роднага таткі прыемны і латкі. Паслаўшы дурнога, а за ім другога. Аднэй печанай рэдзькі хіба ня ем. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Добрага сабаку на прывязі трымаюць. З гары ў даліну галубкі лятаюць, з белае бярэзіны лісьце аганяюць. Каля суседняга сяла было вялікае возера. У гэтым годзе ня было ні раньняй вясны, ні раньняй зімы. Хто новага ня бачыў, той і старому рад. У мае сястрыцы, у мае роднае—каліна ў дварэ. Пытайся не ў старога, а ў бывалага.
3. Вінавальны склон адзіночнага ліку жаночага роду.
ПРАВІЛА 34. Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў вінавальным склоне канчаюцца на ую—юю: бачу вялікую кнігу, добрую жанчыну, раньнюю зорку, сінюю паперу.
Практыкаваньне 48. Люблю я летнюю месячную ноч. У летнюю ноч вячэрняя зара з ранічнай сходзіцца. Многа работы залатому сонейку ў раньнюю вясну. Маці ў службу выпраўляе родную дзяціну ды украдкам выцірае горкую сьлязіну. Заглядае сонца ўсюды: і ў бедную сялянскую хату, і на пяшчаную горку, і ў малую лагчынку, і ў лес, і на луг, і на поле. Сей у раньнюю вясну, але ня зьбірай у позьнюю восень. Дзяўчына купіла шырокую стужку. Прыемна глядзець на зялёную ніву. Цяжка ехаць у зімнюю буру.
4. Творны і месны склон.
ПРАВІЛА 35. 1. Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку ў творным і месным склоне маюць канчаткі— ым—ім: новым пяром, новым сталом; на новым стале, на новым пяры; сінім колерам, на сінім колеры; сінім небам, на сінім небе;
2. а) Прыметнікі жаночага роду адзін. ліку ў творным склоне бяз націску на канчатку маюць—аю (ай)-яю (яй): босаю або босай нагой; новаю або новай кнігаю; сіняю або сіняй папераю; раньняю або раньняй вясною; а калі націск на канчатку, то будзе—ою (ой): дурною або дурной галавою.
б) У месным склоне прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку канчаюцца на—ай—яй, калі няма націску на канчатку: на босай назе, на новай хаце; на сіняй паперы, аб раньняй вясьне; а калі націск на канчатку, то будзе—ой: у дурной галаве, на старой хаце
Практыкаваньне 49. Пустыя адзінокія могілкі прытуліліся на пяшчаным узгорку. На шырокім і доўгім панадворку было весела і крыкліва. Не шчабячы, салавейка, у зялёным гаі, калі родная сямейка сірацее ў краі! Па ласым кусе я і вады нап’юся. У ліпавым кусьце мяцеліца мяце (сіта). Сядзіць паня на мурку ў чырвоным каптурку— хто ідзе, той паклоніцца (суніца). Кукавала зязюлечка ў зялёным гаі. Кажаны цьвіркаюць тоненькім піскам. У далёкім чыстым небе сьвецяцца зоркі. У цёмным яловым лесе вывела ваўчыха трох ваўчанят. Маладзён едзе ў чысьценькім полі на вараненькім коні. На шырокім полі расла старая купчастая бярэзіна. Будзь старанным, сынку: станеш чалавекам. З разумным пагаворыш—розуму набярэшся, а з дурным—апошні страціш. У маленькім гаршчочку кашка смачненькая (арэх). Высока стаіць яснае сонца на чыстым небе. У цёмным лесе не расло нічога. На беразе рэчкі, на сухім грудзе стаяў стары дуб. Цэлае лета вісеў жолуд на старым дубе. На шырокім полі расла старая груша. У вішнёвым садочку ноч начавалі, у зялёным гаёчку сапачывалі (п.). Ой пад гаем зеляненькім здаўся мне сон дзівенькі! (п.). Рэчка ахінала сяло шырокім сталёвым поясам. На саломцы тонкай, у траве густой сьпее-дасьпявае колас сіратой. (Я. К.). Няхай плачам у сіняй далі песьня разальлецца! (Я. К.). Шкода хаткі мне старэнькай з латанай страхою, што над Нёмнам пахілілась горкай сіратою. Шкода мне зялёнай нівы, што шуміць у полі. Рад любавацца я кветкай убогай. За дурною галавою нагам няма спакою. У сіняй далі слаўся туман. На бітай дарозе трава не расьце. Крыкі знаёмыя, крыкі пявучыя льлюцца вячэрняй парой. Сьціхлі песьні зімняй буры. (Я. Кол.). Шчыраю рукою ўбрала лета ўвесь сьвет. Край неба блішчыць шырокаю чырвонаю стужкай. Раньняю вясною мы выехалі з гораду. На раньняй ральліцы родзіць жыта і пшаніца; на позьняй ральліцы родзіць куколь і мятліца (п.).
5. Аканьне ў канчатках прыметнікаў.
(Бач. прав. 11).
ПРАВІЛА 36. Склонавыя канчаткі прыметнікаў усіх радоў падлягаюць аканьню, напр.:
1) Родны і давальны склон мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку маюць канчаткі: ага—яга, аму—яму: добрага чалавека, новага акна; раньняга часу, сіняга неба; добраму чалавеку, новаму акну; раньняму часу, сіняму небу. (Бач. прав. 33).
2) Родны, давальны, творны і месны склон жаночага роду адзіночнага ліку маюць канчаткі: ае (ай)—яе (яй), ай—яй, аю (ай)—яю (яй): новае або новай хаты; сіняе або сіняй паперы; новай хаце, на новай хаце, к сіняй паперы, на сіняй паперы; новаю або новай хатаю, сіняю або сіняй папераю. (Бач. прав. 33 і 35).
Практыкаваньне 50. Аднаго хіба птушынага малака няма. Каля суседняга сяла было вялікае возера. Добрага сабаку на прывязі трымаюць. У сіняй далі слаўся туман. Сьціхлі песьні зімняй буры. Толькі дзе-ні-дзе жаўцее палоска позьняга аўсу ці ячменю. З поўначы цёмнае, з сіверу дальняга нудная восень прышла. Уляцела ластаўка ў гумно даведацца свайго даўнейшага леташняга доміка. Хто піў салодкае, той горкаму ня рад. К сіняму небу драбін не падставіш. Бяззубаму кепска. К добраму чалавеку можна ісьці на параду. Цякла крынічка чыстае халоднае вады. Рад любавацца я кветкай убогай. Шкода хаткі мне старэнькай з латанай страхою, што над Нёмнам пахілілась горкай сіратою. (Я. Кол.). Прывет з далёкай стараны нам радасна нясуць яны. Шчыраю рукою ўбрала лета ўвесь сьвет. На бітай дарозе трава не расьце. Сам Алесь васьмігадовы, як ліст, скалануўся, бо ў бацькавай прамове страх яму пачуўся. (Я. Кол.). Край неба блішчыць шырокаю чырвонаю стужкаю. Крыкі знаёмыя, крыкі пявучыя льлюцца вячэрняй парой. Раньняю вясною мы выехалі з гораду. Цячэ рэчка невялічка з вішнёвага саду.
II. Прыметнікі памяншальныя і ласкальныя.
ПРАВІЛА 37. 1) Прыметнікі памяншальныя і ласкальныя канчаюцца на енькі, дзе е, як пасьля націску ў аснове (бач. прав. 14): сіненькі, тоненькі, новенькі, як—маленькі.
2) Пасьля зацьвярдзелых зычных гукаў канчатак будзе анькі: харошанькі, прыгожанькі.
Практыкаваньне 51. Віднеліся палоскі гароху з харошанькімі чырвоненькімі ды сіненькімі кветачкамі. Ластаўкі вылепілі харошанькае кругленькае гнязьдзечка. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія рабенькія яечкі. Пшаніца дае бялюсенькую муку. Відаць былі зялёненькія стужкі лёну з сіненькімі галоўкамі. Сіненька, маленька—увесь сьвет адзяе (іголка). Перапаўся, бедненькі, як мядзьвежая лапа. Прыляцелі тры пташачкі чорненькія, як галачкі (п.). Тоненька, сасонка, тоненька! (п.). Хвартушок бяленькі ад сьлёз макрэнькі (п.). Я млода-младзюсенька за табою прапала (п.). Ой, як ночанька ясьнютка! (Я. К.). Кажаны цьвіркаюць тоненькім піскам. Па траве лёталі беленькія і чырвоненькія матылёчкі. Маладзён едзе ў чысьценькім полі на вараненькім коні.
III. Ступені прыраўнаньня.
ПРАВІЛА 38. 1-я ступень—звычайная—мае канчаткі назоўнага склону адзіночнага ліку: зялёны—зялёная—зялёнае; сіні—сіняя— сіняе; сьляпое.
2-ая ступень—вышэйшая—мае канчаткі:
а) ейшы—ая—ае (эйшы—ая—ае): зялянейшы—зелянейшая—зелянейшае, вастрэйшы—вастрэйшая—вастрэйшае.
б)—шы—шая—шае: большы—большая—большае, шыршы— шыршая—шыршае.
3-яя ступень—найвышэйшая—асобных канчаткаў ня мае. Яна выводзіцца: а) з вышэйшай ступені цераз прыбаўленьне прыстаўкі най: найразумнейшы—ая—ае; найзелянейшы—ая—ае;
б) або цераз прыбаўленьне слоў: самы, за ўсіх, ад усіх—да звычайнай і вышэйшай ступені: самы вялікі, самы зялёны; за ўсіх найзелянейшы, ад усіх разумнейшы.
Увага: Некаторыя прыметнікі маюць няправільныя ступені прыраўнаньня: добры—лепшы—найлепшы; благі—горшы—найгоршы; малы—меншы—найменшы.
Практыкаваньне 52. Іншае дараванае даражэйшае за куплёнае. Лепш з добрым згубіць, чымсі з дурным знайсьці. Лепей лычны мір, чымсі раменная справа. Хто дужэйшы, той пружэйшы. Няма лепшай вячэрачкі, як у мамкі за столікам з родным братам-саколікам (п.). Простая лінія—карацейшая адлегласьць. Увесну дні становяцца даўжэйшыя, а ночы карацейшыя. Суніца саладзейшая за чарніцу. Арол—найдужэйшая птушка. Найцяжэйшай дазнаўся я страты. Дуб—самая даўгавечная расьліна. Леў—самы дужшы зьвер на сьвеце. Тыгра трошкі меншы за лева. Слонь—самая большая і самая разумная жывёла ў сьвеце. Заднія ногі ў зайца даўжэйшыя за пярэднія. Самым шчасьлівым жыхаром быў тут камень. На поўначы зіма даўжэйшая і халаднейшая за нашу. Ёсьць такія месцы на поўдні, дзе зіма лічыцца самай прыемнай парою году. Сіняе неба стала яшчэ сінейшае. Кожная грамада птушак выбірала сабе лепшае, выгаднейшае месца. Зоры далёкія, зоры бліскучыя ціха гараць над зямлёй. Уляцела ластаўка ў гумно даведацца свайго даўнейшага леташняга доміка.
IV. Скарочаныя прыметнікі.
ПРАВІЛА 39. 1) Калі аснова скарочанага прыметніка мужчынскага роду канчаецца на злучэньне двох зычных, то паміж гэтымі зычнымі зьяўляюцца не пад націскам галосныя—а—е: горкі—горак, кожны—кожан, поўны—повен, годны—годзен, жадны—жадзен, вінны—вінен; тут ненаціскное е застаецца, як пасьля націску ў аснове (бач. прав. 14).
2) Але калі націск падае на канчатак, то паміж зычнымі зьяўляецца галосны гук о (ё): салодкі—саладок, кароткі—караток, мудзёр, хіцёр.
3) Прыметнікі прыналежныя на ін—ын і на оў, аў (яў) ва ўсіх родах звычайна бываюць у няпоўнай форме, напр.: братаў карандаш, братава кніга, братава пяро; гаспадароў сын, гаспадарова дачка, гаспадарова дзіця; Янкаў брат, Янкава сястра, Янкава дзіця; цётчын агарод, цётчына хата, цётчына парася і г. далей.
Практыкаваньне 53. Сьпісаць і скарочаныя прыметнікі з устаўнымі гукамі а (о)—е (ё) падчыркнуць.
Грозен, да ня боязен. Мудзер лях па шкодзе. Хоць бяздворан, да ўсюды праворан. Дзякуй за полудзень: я і так ня голадзен. Повен хлявец белых авец (зубы). Жадзен (ніхто) з нас няпойдзе туды. Ён нам не патрэбен. Сядзіць мой сакол смуцен, не вясёл. Чоран воран, да ня птах, шэсьць ног, да ня зьвер (жук). Урадзіўся канапель тонак, долаг, валакніст. Ня волен стаў яму белы сьвет. Ні думак, ні песень яго ніхто ня знаў і ня чуў ці не хацеў чуць. Удаўся гарох тонак і высок, і на лісьця шырок. Скажу, пан, табе бяз спорак: мне ўжо твой хлеб стаў горак. Хто абадраны і нагі, к таму ніякай увагі, а адзетага багата мае пан за панібрата. Знаюць, ён крутнёй разжыўся; знаюць, сьлёз людзкіх напіўся, да чэсьць ад усіх яму, калі прыдзе ён к каму. А бядняк душой будзь чэсьцен—ён і злодзей, і бясчэсьцен (з старасьвецкага народнага вершу).
§ 14. Правапіс лічэбнікаў.
ПРАВІЛА 40. 1) Лічэбнікі складаныя пішуцца так, як кожная часьць, калі яна ўжываецца асобна: семнаццаць, восемнаццаць, семдзесят, восемдзесят, дзевяцьдзесят, шэсьцьсот, восемсот, семсот.
Толькі шаснаццаць мае а заместа э, што чуваць у слове шэсьць.
2) Адны парадкавыя лічэбнікі маюць такія галосныя, якія ёсьць у лічных; напр.: дзевяць—дзевяты, дзесяць—дзесяты, сем—семнаццаты, восем—восемнаццаты і г. д.
А другія парадкавыя зьмяняюць галосныя гукі лічных: тры—трэці, шэсьць—шосты, сем—сёмы, сорак—саракавы, дзьвесьце— двухсоты, трыста—трохсоты.
3) Зборныя лічэбнікі падлягаюць аканьню (бач. прав. 11):
шэсьць—шасьцёра, сем—сямёра, восем—васьмёра, таксама і ва ўсіх склонах: шасьцярох, васьмярох, шасьцяром—васьмяром і г. д.; шасьцёх—сямёх—васьмёх, шасьцём—сямём—васьмём і г. д., як і шасьці, сямі, васьмі.
4) Лічэбнікі, зложаныя з словам дзесяць у яго форме дцаць, маюць падвойнае цц (бач. прав. 17,3 і 19,2): адзінаццаць, дванаццаць, дваццаць, трыццаць.
5) Лічэбнікі парадкавыя сваёю формай падобны да прыметнікаў, дзеля таго ўсе іх склонавыя канчаткі аднакія з канчаткамі прыметнікаў; напр.: усе яны (і слова адзін) зьмяняюцца паводле радоў: трэці дзень, трэцяя нядзеля, трэцяе месца; няма аднае або аднэй кнігі; ня бачу трэцяе або трэцяй хаты; бачу трэцюю кнігу; у прыладным і месным склоне мужч. і ніякага роду ўсе парадкавыя лічэбнікі маюць канчатак—ым—ім: першым, адным, другім; пры першым, у вадным, на другім.
Практыкаваньне 54. Семсот сарочак, семсот намётак. Маёй сястры шаснаццаты, а бабцы шэсьцьдзесяты год. Выпускалі трыста шэсьцьдзесят пяць лебядзёў. На гару чацьвёра цягнуць, а з гары адзін сапхне. Два ляжаць, два стаяць, пяты ходзіць, шосты водзіць (чалавек, вушакі і дзьверы). У нашай вёсцы ўсяго семнаццаць двароў, а ў суседнім сяле налічаюць восемдзесят сем. Адкіну бервяно, адкіну другое, выведу жывое (конь і аглоблі) Адным махам семсот забіяхам. Кабыла сівая, жарабя рабое—зьеў воўк абое. Пад адным брылём чатыры браты (стол). На адным палазку зіму і лета езьдзіць. Аднаго бацькі, аднае маткі ня роўныя бываюць дзіцяткі. Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай. Пятае цераз дзесятае. Ёсьць мясцовасьці, дзе бывае дзьвесьце дажджовых дзён на год. Адно кажа—зіма, другое—лета, а трэцяе—а мне ўсё роўна (сані, калёсы і конь). Маленькія дзеці ўміраюць з голаду ўжо на трэці ці на чацьверты дзень. У тыдні сем дзён. Слонь можа насіць пяцьдзесят, шэсьцьдзесят і нават сто пудоў цяжару. Янка Купала радзіўся ў адным годзе з Якубам Коласам—у тысяча восемсот восемдзесят другім годзе.
Задачка 28-ая. Сьпісаць і цыфры ў сказах напісаць словамі.
Год мае 365 дзён, або 12 месяцаў ці 52 тыдні. Самы большы месяц мае 31 дзень, а самы меншы—28. У тыдні 7 дзён, а ў гадзіне 60 мінут. На маладой яблыні ня было ніводнага яблычка, а з старой атрэсьлі 456 штук. У нашай вёсцы толькі 17 двароў, а ў суседнім сяле налічаюць 87. Слонь можа насіць на сабе 50, 60 і нават 100 пудоў цяжару. 4-ая часьць зямной галы занята сушаю. Амэрыку людзі старога сьвету пазналі толькі за 400 год да нашага часу. Гор у 2 і 3 вярсты ёсьць шмат, але сустракаюцца горы і ў 7, у 8, нават 9 вёрст увышкі. Месяц у 50 раз меншы за зямлю. Месяц ходзіць навокала зямлі, і гэтую падарож робіць у 27 дзён і 12 гадзін. Кіт мае да 10 сажняў даўжыні і да 4.000 пудоў вагі. 3/4 паверхні ўсяе зямное галы абліта вадою. Ёсьць у моры месцы ў 13 вёрст глыбіні.
Задачка 29. Сьпісаць і дапісаць канчаткі.
Адкіну бервяно, адкіну друг—, выведу жыв— (конь і аглоблі). У вадн— мацеры пяць сыноў (пальцы ў чалавека). Хто ходзіць рана на чатыр—х нагах, у поўдзень на дзьв—х, а ўвечар— на трох? (дзіця, сталы чалавек і стары). Адн— поясам тысяч— падпіразана (сноп). У вадн— дзежачц— два цесьцечкі (яйцо). На адн— палазку зіму і лета езьдзіць. Дзьв— сьмярцей ня бывае, а раз чалавек умірае. Дз—сятая вада на кісял—. З аднаго вала дзьв— скур не дзяруць. Або— лукі, або— тугі. Два мядзьведзі ў адн— бярлозе ня месьцяцца. Адзін няхай будзе з гарачай вадою, а друг— — з халоднай. Адзін з сошкай, а с—мера з ложкай. Адн— махам с—мсот забіяхам. Адн— рукою вузла не завяжаш. Выпаў перш— сьнег.
§ 15. Правапіс займеньнікаў.
ПРАВІЛА 41. Займеньнікі, за выключэньнем асабовых я, ты, мы і зваротнага сябе, скланяюцца сходна з прыметнікамі; напр.:
1) Назоўны склон займеньнікаў адзіночнага і множнага ліку мае тыя самыя канчаткі, што і прыметнікі: такі стол, такая кніга, такое поле; усякія сталы, усялякія кнігі, усякія пёркі.
2) Родны склон мужч. і ніякага роду мае канчаткі не пад націскам—ага: нашага стала, вашага дабра; а пад націскам—аго—яго: таго каня, таго акна; усяго дома, усяго цела.
Творны і месны склон тых-жа радоў канчаюцца на ым—ім: гэтым пяром, на гэтым кані; кім, пры кім; ім, пры ім; усякім чалавекам, на ўсякім акне.
3) Таксама родны, творны і месны склон жаночага роду адзіночнага ліку маюць аднакія канчаткі з прыметнікамі: нашае або нашай сястры, нашаю або нашай сястрою, пры нашай сястры.
4) Неазначальныя займеньнікі маюць прыстаўку не: нехта, нешта, неякі, неякісь, а адмоўныя—прыстаўку ні: ніхто, нішто, нічый, ніякі, ніводзін, ніводны. (бач. прав. 22, А, 4, і 23, Б, 1).
Але прыстаўкі не, ні пішуцца асобна, калі пасьля іх стане прыназоўнік: ні ў кога няма, не ў чым выйсьці, ні ў якім выпадку, не з кім парадзіцца.
Практыкаваньне 55. Некаторыя расьліны жывуць вельмі доўга. Нехта зламаў некалькі груш. Які сакавік, такі і красавік. Надаелі гэтыя сьпевы. На сваім кані, як хачу, скачу. На гэтым сьвеце, як у карэце. На чым стану—не адстану. Няма тае крамы, каб прадаваліся родныя мамы. Не такое яшчэ дзіва, што карова чорна, а малако сіва. Як хто хоча, так па сваім горы плача. Я знаём з ёю і з яе сястрою. Надвор’я нечага награваць. Не за што сказаць аці, калі няма чаго ў рот узяці. Не карайце нічым, калі капуста ні з чым. Што ў тэй чэсьці, калі нечага есьці. За намі ўсьлед шагае, да нам ні ў чым не памагае. Ніхто з дамашніх не згадае, чым рэчка Костуся займае, якая іх зьвязала сіла, і чым яна так хлопцу міла. Кожны ведае, што ў нашым целе ёсьць трубачкі-жылы. На пастаці нечага стаяці. Прылажэце руку да левага боку вашае грудзіны, і вы пачуеце, як б’ецца вашае сэрца: гэта сэрца разганяе кроў па ўсім нашым целе. Ні за што, ні пра што. Неба—гэта паветра, якое пакрывае з усіх бакоў зямлю. На далёкай вышыні, дзе зямное паветра канчаецца, пачынаецца бязьмежная, неўмагату халодная прастора, у якой ня можа жыць ніводнае зямное стварэньне.
Задачка 30-ая. Сьпісаць і паставіць прапушчаныя літары.
Надаелі гэт— сьпевы. На к—м скрупіцца, а на к—м зьмелецца. На гэт— лета добра і гэта. На нашы— ногі завысокі— іх парогі. На сва—м кані, як хачу, скачу. На св—м хлебе жывеш, калі хочаш, тады і жуеш. На т—м-жа месцы сеў. На ўсё сяло адзін вол, і т—й гол. На ч—м стану—не адстану. Нашто нам ты— пісталеты, калі страляць ня ўмеем? Няма та— крамы, каб прадаваліся родны— мамы. Не тако— яшчэ дзіва, што малако сіва. Па мне сабе хоць воўк траву еж. Сядзелі на гэт— нядзелі. На сва—м пляц— саджу—нікому не плачу. Хто на ч—м сядзіць, той таго і глядзіць. Таткава хата ўс—м багата. Хто з сабою носіць, т—й у друг— ня просіць. Чы— род, таго і рот. Які— мы самі, такі— нашы і сані. Яко— дзерава, так— і клін. Як пры т—м, так і без таго. Як хто хоча, так па сва—м бацьку плача.
Задачка 31-ая. Сьпісаць і дапісаць прапушчаныя літары.
Я знаём з ё— і з я— сястрою. Мы бачылі я— сам— і я— сястру. Надвор’— н—чаго награваць. На лета, да не на гэт—. На пастаці н—чаго стаяці. Не бярыся не за сваё дзела. Ня ўвесь сьвет, што ў аконцы. Ня ў тым сіла, што кабыла сіва, а што возу н— вязе. Не за што сказаць аці, калі няма чаго ў рот узяці. Не на тую нагу бот надзет. Н—чаго песьціцца, калі ёсьць дзе зьмесьціцца. Н—чаго тут варажыць, калі пад бокам ляжыць. Н—хто ня знае, што яго чакае. Н—шта вялікае ў лесе здохла. Рот н—кому не завяжаш. Само н—што ня прыходзіць у рукі. Сядзеўшы, н—чога ня выседзіш. Што ў т—й чэсьці, калі н—чаго есьці. За намі ўсьлед шагае, да нам ні ў ч—м не памагае. Ззаду ні ў кога вачэй ня бывае. Рэшатам золата мераць, а рэшата не за што купіць.
Достарыңызбен бөлісу: |