ПРАВІЛЫ НАПІСАННЯ РАЗАМ, ПРАЗ ЗЛУЧОК I АСОБНА
Каментарыі. У главе 7 выкладзены асноўныя правілы напісання слоў разам, праз злучок і асобна. Гэтыя правілы ў беларускай мове рэгламентуюць правапіс слоў розных часцін мовы (назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў, прыслоўяў і г. д.) і практычна застаюцца нязменнымі ў параўнанні з "Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" 1959 г.
У § 34 выкладзены агульныя правілы напісання разам, праз злучок і асобна. Разам пішуцца складанаскарочаныя словы і вытворныя ад іх (газпрам, фізфак, прадмагаўскі), складаныя словы і вытворныя ад іх з пачатковымі іншамоўнымі часткамі (аўдыявізуальны, веласпорт), словы з першай часткай поў- (паў-) (поўнач, паўяблыка), словы з прыстаўкамі і падобнымі да прыставак пачатковымі элементамі (архіважны, контрагент, міжраённы, панславізм, сінгармонія), словы з першай часткай лічэбнікам (двухбаковы, чатырохразовы). Праз злучок пішуцца словы з часткай паў-, якая спалучаецца з уласнай назвай (паў-Слуцка), а таксама слова-выключэнне контр-адмірал.
Адпаведна праз злучок пішуцца ўтварэнні з паўторам слова для ўзмацнення яго значэння (сіні-сіні, хадзілі-хадзілі), з паўторам слова ў іншай лексіка-граматычнай форме (братка-брацейка, калі-нікалі), спалучэнні блізкіх або супрацьлеглых па значэнні слоў (шум-гам, больш-менш, там-сям). Таксама праз злучок пішуцца складаныя словы, першай (або апошняй) часткай якіх з'яўляецца літара або літарная абрэвіятура любога алфавіта, а таксама лічба любога злічэння (а-часціца, Q-код, мода-2008). Усе гэтыя правілы сфармуляваны дастаткова выразна і не павінны выклікаць цяжкасцей пры карыстанні пісьмовай мовай.
Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на правапіс праз злучок літарных скарачэнняў складаных слоў: сельскагаспадарчы - с.-г., індаеўрапейскі - і.-е. У дадзеным выпадку назіраецца разыходжанне ў напісанні поўнага складанага слова (пішацца разам) і яго літарнага скарачэння, якое ўяўляе сабой першыя літары абедзвюх частак (пішуцца праз злучок).
Таксама неабходна цвёрда засвоіць асаблівасці ўжывання "вісячага дэфіса", які выкарыстоўваецца пасля першай часткі складанага слова пры ўжыванні рада аднародных складаных слоў з аднолькавай другой часткай (газа- і водалічыльнік).
У § 35 выкладзены асноўныя правілы правапісу назоўнікаў разам, праз злучок і асобна. У дадзеным выпадку асаблівую складанасць уяўляе правапіс уласных геаграфічных назваў і іншамоўных уласных імён. Неабходна цвёрда засвоіць правапіс геаграфічных назваў з элементамі на, дэ, сюр (Растоў-на-Доне, Па-дэ-Ка-ле, Булонь-сюр-Мэр); іншамоўных уласных імён з канцавымі часткамі -хан, -паша, -бей і інш. (Асман-паша, Ізмаіл-бей), уласных назваў асоб і геаграфічных назваў з пачатковымі часткамі Ван-, Сен-, Сент- і інш. (Ван-Дэйк, Сан-Себасцьян, Сан-Марына і інш.), а таксама ўласных назваў з артыклямі і часціцамі да, дэ, ла, ле і інш. і словамі дэр, дон, фон, ван (Леанарда да Вінчы, Анарэ дэ Бальзак, Ван дэр Мейлен, Людвіг ван Бетховен і інш.). Асаблівая цяжкасць у гэтым выпадку заключаецца ў тым, што ў іншамоўных назвах іншы раз складана адрозніць, якая частка з'яўляецца, напрыклад, часціцай, а якая – часткай складанага слова. Акрамя таго, згодна з традыцыяй сустракаюцца выпадкі, калі розныя найменні з аднолькавымі часткамі пішуцца па-рознаму (Ван-Дэйк, але: Ван дэр Мейлен, Людвіг ван Бетховен). Фактычна напісанне падобных назваў вызначаецца па спецыяльных даведніках, у тым ліку энцыклапедычных.
Наибольшую цяжкасць у напісанні разам або праз злучок складаных прыметнікаў уяўляюць складаныя прыметнікі з першай часткай прыслоўем (цяжкаўспрымальны, але: дыяметральна процілеглы). Напісанні разам і праз злучок падобных слоў замацаваны папярэдняй пісьмовай традыцыяй, і іх правапіс вызначаецца па слоўніку.
Асобных тлумачэнняў патрабуе п. 4 § 36, што датычыцца правапісу субстантываваных (!) складаных прыметнікаў з першай часткай ваенна-, якія пішуцца разам (ваеннапалонны, ваеннаабавязаны і ваеннаслужачы). Усе астатнія складаныя прыметнікі з першай часткай ваенна- пішуцца праз злучок (ваенна-палявы, ваенна-марскі, ваенна-спартыўны і інш.).
Правапіс лічэбнікаў разам, праз злучок і асобна не складае асаблівых цяжкасцей. Неабходна толькі выразна размяжоўваць ужыванне дэфіса пры напісанні спалучэнняў простых лічэбнікаў для абазначэння прыблізнага ліку (восем-дзевяцъ гадоў, 2-3 гады) і ўжыванне працяжніка пры напісанні спалучэнняў складаных і састаўных лічэбнікаў у аналагічных выпадках (трыццаць пяць - трыццаць сем гадоў, 50 - 60-я гады).
Найбольш складанымі з'яўляюцца правілы правапісу разам, праз злучок і асобна розных груп прыслоўяў, таму іх вывучэнне патрабуе асаблівай увагі на ўроках беларускай мовы ў школе. Пры неабходнасці вызначыць правільнае напісанне разам, праз злучок ці асобна прыслоўяў неабходна звяртацца да спецыяльных слоўнікаў.
Правапіс разам, праз злучок або асобна службовых часцін мовы, часціц і выклічнікаў (§ 39) сфармуляваны дастаткова выразна і не выклікае асаблівых складанасцей.
У цэлым правілы правапісу слоў разам, праз злучок і асобна адносяцца да найбольш складаных у беларускай мове, паколькі тое ці іншае напісанне ў многіх выпадках абумоўлена толькі папярэдняй пісьмовай традыцыяй. Таму пры вывучэнні гэтых правіл неабходна прывіваць вучням навыкі карыстання спецыяльнымі слоўнікамі.
ПРАВІЛЫ ПЕРАНОСУ
Каментарыі. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" ў традыцыйныя правілы пераносу слоў уносяцца пэўныя змены, якія датычацца пераносу слоў са збегам зычных паміж галоснымі. У падобных выпадках у адпаведнасці з новымі правіламі дапускаецца свабодны перанос такіх слоў (гл. п. 2 § 41). Фактычна гэта азначае істотнае спрашчэнне правіл пераносу. Абмежаванні ў падобных словах зводзяцца да наступнага:
- перанос можа ажыццяўляцца на мяжы папярэдняй галоснай і наступнага збегу зычных, але не можа ажыццяўляцца на мяжы папярэдняга збегу зычных і наступнай галоснай (можна пераносіць: ра-змова, раз-мова; за-става, застава, але нельга: разм-ова, заст-ава);
-
нельга адрываць ад папярэдняй галоснай зычныя літары й і ў (трэба пераносіць: сой-ка, праў-да);
-
нельга аддзяляць ад папярэдняй зычнай мяккі знак і апостраф (трэба пераносіць: прось-ба, бур'-ян);
-
нельга раздзяляць пры пераносе спалучэнні дж і дз, калі яны абазначаюць адзін гук (можна пераносіць: па-дземны, пад-земны, ра-дзіма, ура-джай, але нельга: рад-зіма, хад-зіць, урад-жай).
У астатніх выпадках правілы пераносу засталіся без змен.
ПУНКТУАЦЫЯ
Каментарыі. Правілы пастаноўкі знакаў прыпынку паводле Закона Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" застаюцца нязменнымі. У новай рэдакцыі толькі ўдакладнены фармулёўкі правіл пастаноўкі знакаў прыпынку, часткова абноўлены ілюстрацыйны матэрыял, групіроўка матэрыялу.
Таму неабходна асобна адзначыць толькі адзін момант, які датычыцца правіл пастаноўкі кропкі, калі ў канцы апавядальнага сказа ўказваецца аўтар або даецца пашпартызацыя. Гл. п. 2 § 42: Калі ў канцы апавядальнага сказа ў дужках указваецца аўтар або даецца пашпартызацыя, то кропка ставіцца пасля дужак: Жнеі спяваюць у полі, жыта густое жнучы (М. Танк). Госця, маладая дзяўчына, сядзела ў пакоі і ціха размаўляла з маці (У. Караткевіч). Выдатны. паэт і крытык Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай і шырокай адукацыяй, тонкім разумением паэзіі (ЛіМ).
Неабходнасць такога ўдакладнення абумоўлена тым, што ў розных крыніцах назіраюцца разыходжанні ў пунктуацыйным афармленні падобнага роду тэкстаў.
Заўвага. Пашыраны варыянт каментарыяў аўтары плануюць выдаць асобнай кнігай.
Достарыңызбен бөлісу: |