Малітва:
Божа, спашлі свайго Духа Святога ў нашыя сэрцы і аднаві ў нас ласку хросту. Перамяні нашыя сэрцы і ўмацуй іх, каб з радасцю сведчылі пра Евангелле. Дапамажы нам паглыбіць нашу веру, каб мы ў еднасці і любові маглі служыць Табе і адно аднаму. Амэн.
Чалавек пытае
Мы пазнаёміліся з сакрамэнтамі агульна. Сёння мы больш падрабязна пазнаёмімся з першым і самым неабходным сакрамэнтам, без якога нельга прыняць іншыя сакрамэнты, — гэта сакрамэнт хросту. Cённяшняя тэма: «Праз хрост мы сталі новым стварэннем».
Час, у якім мы жывём, часта называюць часам вялікіх тэхналогій. Гледзячы тэлевізар і чытаючы газеты, мы знаходзім гэтаму пацвярджэнне. Сярод матэрыяльных дабротаў і вынаходніцтваў, якія існуюць, ёсць тое, што вельмі непакоіць, — гэта ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Усцяж мы чуем пра паглыбленне падзелу паміж людзьмі, пра войны, крыўды...
— Адкуль паходзіць зло, якое мы бачым у сучасным свеце?
Бог адказвае
Божае Аб’яўленне кажа нам, што Божы план быў іншы: людзі павінны былі жыць у згодзе са сваім Стварыцелем і паміж сабой. Павінны былі пераўтвараць свет для супольнага дабра, скіроўваючы яго да Бога. На жаль, людзі абралі іншы шлях, супрацьлеглы волі Божай. Яны зграшылі супраць Бога, а праз свой грэх адышлі ад Яго, адначасова парушаючы гармонію ў свеце. З іх грахом у свет увайшла нянавісць, эгаізм, крыўда, няшчасце, войны, цярпенне і смерць. Праз грэх парадак, устаноўлены Богам, быў парушаны. Аднак Пан Бог спасылае свайго Сына, каб зноў паяднаць чалавецтва з Сабою. Ахвяруючы сябе праз смерць на крыжы, Езус вызваліў чалавецтва з няволі граху і смерці і заключыў новы запавет паміж Богам і чалавекам. У Святым Пісанні чытаем:
«Езус адказаў яму: “Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не народзіцца нанова, не можа ўбачыць Божага Валадарства”» ( Ян 3, 3–5).
— Хто можа ўбачыць Божае Валадарста?
— Што значыць «нарадзіцца нанова»?
Езус праз сваю смерць і ўваскрасенне даў пачатак «новаму стварэнню». Гэта не толькі вялікі дар Божы для кожнага з нас, гэта адначасова і нашае заданне, бо ад моманту нашага хросту мы распачалі ўдзел у «новым стварэнні». Гэтую праўду на XII Сусветным дні моладзі Ян Павел ІІ нагадваў ўсім прысутным (падручнік вучня) .
«Апранутыя ў белае адзенне ў дзень нашага хросту, так, як мы будзем апранутыя ў апошні дзень, мы пакліканы захоўваць яго бляск на кожны дзень і падтрымліваць яго пастаянна праз прабачэнне, малітву і хрысціянскае жыццё. Хрост — гэта знак таго, што Бог спадарожнічае нам на нашым шляху, упрыгожвае нашае жыццё і перамяняе нашую гісторыю ў святую гісторыю».
— Да чаго абавязвае нас святы хрост?
Мы, з’яднаныя з Хрыстом, пакліканыя любіць Пана Бога, жыць ва ўзаемнай любові і еднасці, перамяняць свет дзеля супольнага дабра, скіроўваючы яго да Бога, так, як гэта было на самым пачатку, як гэта павінны былі рабіць першыя людзі. Да такога сапраўднага хрысціянскага жыцця заклікае св. Павел у Пасланні да Эфесцаў:
«Таму, адкінуўшы ману, гаварыце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы члены адзін аднаму. Гневаючыся, не грашыце: сонца хай не зойдзе
ў гневе вашым; і не давайце месца д’яблу. Хто краў, больш не крадзі, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу. Ніякае брыдкае слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала ласку слухачам. Не зневажайце Святога Духа Божага, якім вы запячатаны на дзень адкуплення. Усякая горыч і раздражненне, і гнеў, і крык, і блюзнерства няхай будуць выдалены ад вас разам з усялякай злосцю. Вы ж будзьце адзін да аднаго лагоднымі, міласэрнымі, даруйце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам» (пар. Эф 4, 25–32).
К. прапануе вучням запісаць на дошцы спачатку негатыўныя жыццёвыя паставы, пра якія св. Павел кажа ў сваім пасланні, а потым — знайсці замест іх пазітыўныя, якімі будзем карыстацца ў сваім жыцці (падручнік вучня):
падман — праўда,
гнеў — згода, супакой,
грэх — дабро,
крадзеж — сумленная праца,
мова, што нясе шкоду — мова, якая дае добры прыклад,
зневажанне — шацунак, павага,
раздражненне — супакой,
агрэсія, нянавісць — дабрыня, прабачэнне.
Чалавек адказвае Богу
Судан, адна з найвялікшых краінаў Афрыкі, ужо некалькі дзесяткаў гадоў з’яўляецца месцам, дзе ісламскі ўрад пераследуе хрысціянаў. У адной з ісламскіх вёсак некалькі жыхароў прынялі хрост. Іх адразу аддзялілі ад усёй супольнасці. Мужчынам забаранілі ўсялякія кантакты з суседзямі, а іх жонкам не дазвалялася чэрпаць ваду з агульнай студні. Хрысціянскія сем’і павінны былі выкапаць сабе студню. Праз некаторы час вясковая студня высахла. Тады хрысціяне дазволілі ісламскім братам карыстацца са сваёй крыніцы. А на іх дамах з’явіліся невялічкія табліцы з надпісам: «Тут жывуць хрысціяне», каб кожны ведаў, дзе можна знайсці зычлівую дапамогу (Ks. Z. Trzaskowski „Wspуіczesna Ambona”, Kielce).
Кожны ахрышчаны чалавек пакліканы словам і жыццём абвяшчаць Добрую Навіну, змяняць свет дзеля дабра ўсіх людзей і на хвалу Айцу.
Разважанне:
— Якім хрысціянінам з’яўляюся я?
— Як я выконваю свае абавязкі? Ці можна маю вучобу і працу назваць сумленнай?
— Як я адношуся да іншых людзей?
— Што я прыношу ў сваё асяроддзе?
— Якая мая мова? Якімі словамі я карыстаюся?
Пастанова.
Хатняе заданне:
1. Падчас вячэрняй малітвы падзякуй Богу за дар сакрамэгту хросту.
2. На падставе выказвання Яна Паўла ІІ на XII Сусветным дні моладзі адкажы пісьмова на пытанне: якое заданне стаіць перад хрысціянінам
у сучасным свеце?
Заключная малітва: падручнік вучня
Тэма № 4, VIII кл.
ХРОСТ — САКРАМЭНТ НАВЯРТАННЯ
Дыдактычная мэта: знаёмім з абрадамі хросту дзяцей і дарослых, асабліва звяртаючы ўвагу на моманты, у якіх гучыць заклік да навяртання.
Выхаваўчая мэта: заахвочваем вучняў да няспыннага навяртання.
Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Дз 2, 38. Парадак хросту дзяцей. – Мінск, 2005. Парадак хросту дарослых. Фотаздымкі з хросту, лісты паперы для кожнай з груп, фламастэры.
Метады катэхезы: размова, аналіз тэксту, праца ў групах, незакончаны сказ.
Ход заняткаў
Малітва: Пс 63(62), 2–5.
Чалавек пытае
К. распачынае размову з вучнямі:
— Хто з вас калі-небудзь заблудзіўся, ішоў не па той дарозе?
— Як гэта адбылося?
— Што вы тады адчувалі?
— У каго прасілі дапамогі?
— Як можна згубіцца на дарозе жыцця?
Достарыңызбен бөлісу: |