Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



бет15/24
Дата24.02.2016
өлшемі1.41 Mb.
#16654
1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   24

У сучасным Мінску амаль не засталося забудовы, якая магла б расказаць мінчукам і гасцям сталіцы пра яго сапраўдную мінуўшчыну. Яго архітэктура асацыюецца найперш са “сталінскім ампірам” праспекта Незалежнасці і дэкарацыямі старога горада – Траецкім прадмесцем.

Вялікую шкоду горадам Беларусі нанесла мінулая вайна. У той час як іншыя разбураныя гарады Еўропы (Варшава, Гданьск, Ковентры, Мюнхен) аднаўлялі старую забудову, савецкае кіраўніцтва Мінска нішчыла яе і ўзводзіла новыя будынкі. У 1940-я гг. на праспекце руйнавалі прыгожыя і цэлыя дамы: рэальнае вучылішча ў раёне цырка, дом на рагу з Камсамольскай (супраць КДБ). На пачатку 1950-х гг. знішчылі былую Казённую палату з гадзіннікавай вежай (цяпер – французкае пасольства на пл. Свабоды), бо там падчас вайны размяшчалася смаленскае СД. Разбурэнні працягваліся ў 1960-я гг. Зруйнавалі былыя плаўскія лазні ў Траецкім прадмесці, дом па Інтэрнацыянальнай, што стаяў насупраць будынка першай публічнай бібліятэкі (раён палаца Рэспублікі).

Індустрыя турызму павінна стаць вядучай галіной эканомікі Мінска. У Праграме развіцця турызму ў Мінску на 2006–2010 гг., зацверджанай рашэннем Мінскага гарадскога савета дэпутатаў 31 снежня 2005 г., адзначаецца, што турысцкі патэнцыял Мінска выкарыстоўваецца недастаткова эфектыўна, а наведвальнасць сталіцы замежнымі турыстамі значна ніжэйшая, чым сталіц суседніх усходнееўрапейскіх дзяржаў. Праграма прадугледжвае развіццё гарадскога турызму па ўсіх кірунках: культурна-пазнавальны, дзелавы, транзітны, спартовы, этнаграфічны, падзейны, этнічны (настальгічны), рэлігійны, рэкрэацыйны, спецыялізаваны, альтэрнатыўны, экатурызм. Важным кампанентам гэтай праграмы, дый увогуле праграмы мадэрнізацыі сталіцы, павінна стаць адраджэнне старога Мінска.

Аднаўленне Мінска мусіць пачынацца з вызначэння яго гістрычнай ролі, статуса. У адрозненне ад іншых еўрапейскіх сталіц Мінск, як ужо адзначалася, не мае магутнага гістарычнага патэнцыялу. Таму магчымасці для рэстаўрацыі і надання гораду пэўнай гістарычнай вагі не такія ўжо і вялікія, даводзіцца шукаць яго прывабны вобраз.

Забудова горада адлюстравала некалькі эпох: Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Савецкага Саюза і, нарэшце, незалежнай Рэспублікі Беларусь. Рэстаўрацыя мінулага не павінна абмяжоўвацца толькі савецкай спадчынай. Аднаўленне мусіць скіроўвацца на тое, каб паказаць адметнасці кожнай з мінулых эпох. Рэстаўрацыі падлягаюць не толькі канкрэтныя будынкі, але і цэлыя комплексы з розных перыядаў гістарычнага развіцця. Аднаўленне духу эпох – вось сапраўдная рэстаўрацыя, вартая сталіцы.

Комплексную рэстаўрацыю лагічна пачынаць з двух гістарычных цэнтраў. Па-першае, гэта Замчышча на Нямізе, сучасная плошча 8-га Сакавіка, адкуль пачынаўся Мінск Там важна правесці рэканструкцыю драўляна-зямлянога Замка. Толькі ім можна здзівіць еўрапейцаў і замежнікаў, бо мураваныя замкі ёсць ва ўсіх гарадах Еўропы. Драўляна-земляны замак – унікальны і камерцыйны праект. Па-другое, варты дэталёвага аднаўлення гістарычны цэнтр, які склаўся ў XVI–XVII стст., сучасная плошча Свабоды. Калі ў першым выпадку мы адраджаем цэнтр усходнеславянскай культуры візантыйскага тыпу, то ў другім – заходнееўрапейскі асяродак. І гэта вельмі сімвалічна, тыпова для старога Мінска.

З 2005 г. рэстаўрацыя гістарычнага цэнтра на плошчы Свабоды вядзецца па праекце, распрацаваным інстытутам “Мінскпраект”. Рэалізацыя плана разлічаная да 2010 г. Праект прадугледжвае рэстаўрацыю наступных архітэктурных аб’ектаў: Царква Святога Духа; уніяцкі манастыр XVII ст., які размяшчаўся леваруч ад сучаснага Дома прафсаюзаў Мінскай вобласці; вежа з гадзіннікам, што знаходзілася праваруч ад катэдральнага касцёла Святой Панны Марыі; флігель сядзібы Ваньковічаў на вуліцы Інтэрнацыянальнай; дом на плошчы Свабоды, 19–21 – малы Гасціны двор; гатэль “Еўропа”.

Названыя аб’екты прапаноўваліся для рэстаўрацыі яшчэ ў 1979 г., калі забудова плошчы Свабоды была ўзятая пад ахову дзяржавы. На самай справе было зроблена ўсё, каб поўная рэстаўрацыя гістарычнага цэнтра сталіцы стала немагчымай: праклалі праз плошчу транспартную магістраль, узвялі на яе перыметры (схіл да вуліцы Нямігі) савецкі хмарачос. Сучасныя праектоўнікі падалі ідэю закрыць яго і ўвогуле праспект Пераможцаў з яго сучаснай архітэктурай дадатковай штучнай пабудовай, а пад ёй зрабіць праезд. Яны разлічваюць, што тым самым створаць камерную атмасферу на плошчы Свабоды. Аднак гэта яшчэ больш пагоршыць сітуацыю з рэстаўрацыяй цэнтра, бо замест таго, каб знесці гэты вышынны будынак і такім чынам сапраўды наблізіцца да мінулага, праектоўнікі, наадварот, ускладняюць канструкцыю шляхам штучнай забудовы. Хоць і здаецца, што знішчэнне шматпавярховага будынка – гэта абсурд, але нічога фантастычнага тут няма. Гісторыя ведае падобныя прыклады: у Маскве знесены гатэль “Расія”, які псаваў панараму гістарычнай забудовы.

У план рэстаўрацыі ўваходзіць і гістарычны цэнтр ХІ ст. – Нізкі горад (плошча 8-га Сакавіка). Але замест аднаўлення старога замка і драўляна-земляной крэпасці плануецца правесці ўсяго толькі ўмоўныя межы замка і пакласці ўздоўж берага бетонную пліту – тут, маўляў, контуры даўняга Замчышча.

Рэстаўрацыю трэба праводзіць у адпаведнасці з нормамі, прынятымі ва ўсім свеце. Спецыялісты прапаноўваюць ствараць новыя камерцыйныя цэнтры асобна ад гістарычных. Можна, напрыклад, адвесці для камерцыйнага будаўніцтва раён Чыгуначнікаў, каля Маскоўскай вуліцы. Прыклад развязання праблемы паказалі парыжане: у канцы 1950-х гг. было вырашана будаваць экстравагантныя будынкі за межамі Парыжа, каб захаваць яго гістарычную забудову, – так узнік комплекс Дэфанс. Па такім прынцыпе дзейнічаюць і горадабудаўнікі Вільні, дзе дзелавы цэнтр горада з сучаснымі хмарачосамі расце на правым беразе Нярыса.

Грамадскага абмеркавання праекта рэстаўрацыі гістарычнага цэнтра Мінска не было. Такая заганная практыка цягнецца ад савецкіх часоў. Для сапраўды прафесійнага падыходу, з улікам ведання культуры кожнай з эпох, неабходна далучэнне да працы над праектам шырокага кола спецыялістаў – гісторыкаў, архітэктараў, археолагаў, мастацтвазнаўцаў, рэстаўратараў.

Возмем канкрэтны прыклад – аднаўленне будынка гарадской ратушы. Помнік выглядае, як у 1852 г. Старадаўнюю ратушу спачатку былі перабудавалі (гатычную стылістыку наблізілі да больш класічнага ўзору), а потым разбурылі. Удалая рэстаўрацыя стала магчымай таму, што ў Пецярбургу захаваліся чарцяжы, зробленыя расійскімі архітэктарамі да таго, як ратушу сцерлі з твару зямлі. Адзінае, што выклікае абурэнне, дык гэта “д’ябальскае вока”, якое “вылазіць” з-пад зямлі паміж кансерваторыяй і ратушай. Выдумка сучасных архітэктараў – шкляная пірамідка накшталт егіпецкай, зробленая на ўзор луўрскай, – не адпавядае аўтэнтыцы былой архітэктурнай забудовы. Дарэчы, на гэтым месцы стаяў помнік расійскаму самадзержцу Аляксандру II, які адмяніў прыгоннае права, і той бюст больш пасаваў бы абліччу старога Мінска. Можна было б паставіць і помнік Карлу Чапскаму, які на пасадзе гарадскога галавы мадэрнізаваў Мінск. А губернатарская карэта (скульптар І. Жбанава) з’явілася своеасаблівым напамінам пра нашу былую залежнасць ад Расіі. Ратуша – сімвал заходнеўрапейскіх свабод – і карэта – сімвал расійскага дэспатызму – ніяк між сабой не стасуюцца.

Другі прыклад – аднаўленне гатэля "Еўропа" на перакрыжаванні вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай. Яго новая архітэктура не мае аніякага дачынення да той “Еўропы”, што стаяла на вуліцы Губернатарскай: дабудаваны лішні паверх, зменены вонкавы антураж. Будынак, зроблены з сучасных матэрыялаў, уяўляе з сябе муляж а-ля Парыж і не мае гістарычнай каштоўнасці. Цяпер ва ўсім свеце адмовіліся ад практыкі стварэння муляжоў. На Захадзе кансервуюцца нават руіны. Яны аўтэтычныя таму стагоддзю, калі ўзніклі, і іх поўнасцю не ўзнаўляюць. Кракаўскае прадмесце ў Варшаве, старая забудова некаторых германскіх гарадоў – таксама муляж, але зроблены ў пасляваенны час, калі тое шырока практыкавалася.

Недахоп праекта гатэля “Еўропа” яшчэ і ў тым, што яго пабудавалі не на тым месцы, дзе ён стаяў, а крыху пасунулі ў бок кансерваторыі. Фактычна яго ўзвялі на падмурках былога дома Яна Байкова, дзе месціўся гарадскі тэатр. Тут у 1851 г. адбылася прэм'ера першай беларускай оперы “Сялянка”. Цяпер аднаўленне тэатральнага будынка поўнасцю выключаецца. Муляж “Еўропы” можна было паставіць на тым гістарычным месцы, дзе ён калісьці стаяў. Праўда, давялося б закрыць праезд транспарта з боку праспекта Незалежнасці на вуліцу Леніна, ператварыць яе ў пешаходную зону. Гатэль якраз засланіў бы плошчу Свабоды ад забудовы “сталінскага ампіру”, чым паспрыяў бы стварэнню камфортнага асяроддзя сярэднявечнага горада эпохі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Адна з найважнейшых праблемаў рэалізацыі рэстаўрацыйных праектаў у Беларусі – адсутнаць грошай. У такіх умовах рэстаўрацыя павінна скіроўвацца на адраджэнне асобных аб’ектаў. У першую чаргу трэба аднаўляць нашы храмы: цэрквы, касцёлы, мячэці, сінагогі, малітоўныя дамы – духоўныя цэнтры горада. У сталіцы ёсць шмат цікавых аб’ектаў. Да прыкладу, у 2005 г. на фоне святкавання 60-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў прайшоў незаўважаным яшчэ адзін вельмі важны юбілей – 100-годдзе з пачатку першай расійскай рэвалюцыі 1905 г. Нічога не зроблена для аднаўлення помнікаў таго часу. Калісьці на Прывакзальнай плошчы стаяў помнік расстраляным дэманстрантам – каб яго адрэстаўраваць, хапіла б некалькіх месяцаў. Можна было б аднавіць кавалак царскай “конкі” і зрабіць яе атракцыёнам для турыстаў, пусціўшы па маршруце ад плошчы Свабоды да, скажам, Новараманаўскай слабады, – гэта стала б выдатным камерцыйным праектам. Варта заснаваць музей камунальнай гаспадаркі ў будынках былой электрастанцыі, што захаваліся ля цырка, каб ведаць, як жылі гараджане сто гадоў таму.

Паводле звестак радыё “Свабода”, толькі за апошнія два гады Мінск страціў дзесяткі помнікаў архітэктуры, занесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта пераважна дамы ХІХ ст., пабудаваныя яшчэ цэхавымі мінскімі майстрамі, але ёсць сярод іх і помнікі XVII–XVIII стст.

Цалкам знішчана ўся ацалелая аўтэнтычная забудова вуліцы Гандлёвай (колішняй Зыбіцкай). На іх месцы пабудаваныя каменныя муляжы будынкаў узору канца XIX – пачату XX ст. без захавання планіроўкі і нават памераў. Яны штучныя, прыдуманыя. Гандлёвую вуліцу насяляла яўрэйская галота, што жыла ў драўляных дамках, якія ўвесь час затапляла вадой з ракі. На вуліцы Рэвалюцыйнай (былая Койданаўская) разбурана 5 дамоў XVIII–ХІХ стст., у тым ліку дом № 4, дзе жыў класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Знішчаны дом ХІХ ст. па Калектарнай, дзе адбыўся першы сусветны з’езд сіяністаў, які прыняў рашэнне аб перасяленні яўрэяў у Палестыну, – найважнейшая падзея ў гісторыі сусветнага яўрэйства. Адбываецца масавы знос драўляных будынкаў ХІХ – пачатку ХХ ст. на вуліцы Грушаўскай. Разбурэнні закранулі вуліцы Вызвалення, Герцэна, Інтэрнацыянальнай, Камсамольскай, Сухой, Гарадскі Вал, Паўночны завулак. Праз недагледжанасць – адсутнасць рамонту на працягу ўсяго савецкага перыяду – абвалілася адна з вежаў Пішчалаўскага замка, помніка пачатку ХІХ ст. у стылі класіцызму. У былым прыгарадным маёнтку Лошыца разбураная парадная брама і пашкоджаны гаспадарча-прамысловы комплекс ХІХ ст. Прададзеная сядзіба Сляпянка, якая належала знакамітаму мастаку Валенцію Ваньковічу, і там ужо знішчаны інтэр’еры пачатку ХІХ ст., аўтэнтычная паліваная кафля. Цалкам спляжаны будынак Цэнтральнага аўтавакзала, які быў узведзены паводле даваеннага праекту архітэктара Рубаненкі і ўваходзіў у архітэктурны ансамбль Прывакзальнай плошчы. Пры будаўніцтве новых аб’ектаў у гістарычным цэнтры горада часам не праводзіліся належныя археалагічныя раскопкі, у выніку чаго былі непапраўна пашкоджаны і страчаны культурныя пласты ХІ–ХІХ стст.

Адбываецца камерцыялізацыя рэстаўрацыйных работ. Але павінны быць разумныя суадносіны прыватных і дзяржаўных капіталаў. Сапраўдная рэстаўрацыя падмяняецца ў дадзеным выпадку звычайнай забудовай пад даўніну, што часам суправаджаецца грубым парушэннем заканадаўства аб ахове гістарычнай і архітэктурнай спадчыны. Гістарычная забудова выкарыстоўваецца для пераўтварэння гістарычнага цэнтра ў своеасаблівы “рэтра-сіці”, гандлёвы цэнтр.

Хто яны, сучасныя герастраты? Па-першае, мала дасведчаныя ў гісторыі Мінска. З цягам часу шмат будынкаў дасавецкай архітэктуры было сцерта не толькі з твару горада, але і з памяці людзей з дапамогай наскрозь саветызаванай гістарыяграфіі Беларусі. І толькі дзякуючы руплівай працы асобных гісторыкаў і архівістаў можна даведацца пра багатае мінулае горада, гісторыю яго дамоў, вуліц, плошчаў. Але гэтых ведаў не маюць чыноўнікі ды камерсанты. Па-другое, сучасныя герастраты занадта прагматычныя, прадпрымальныя. Камерцыйны інтарэс прымушае і іх цаніць гістарычную забудову, дакладней, яе вонкавую эфектнасць. Таму ў адрозненне ад сваіх папярэднікаў (рэвалюцыйнага авангарду ў архітэктуры пачатку ХХ ст.) сучасныя мадэрнізатары абяцаюць на месцы разбураных будынкаў узвесці новыя – пад даўніну, яшчэ больш прыгожыя. Аднак на муляжы ніхто з дасведчаных замежных турыстаў глядзець не паедзе. Не заўсёды тое, што будуецца на руінах мінулага, бывае лепшым таму, што новае.
Тэма 5. Сістэмы гарадоў і праблемы невялікіх гарадскіх паселішчаў
План

1. Тэорыя ўзаемаўплыву гарадоў.

2. Фармаванне сістэмы гарадоў Беларусі.

3. Праблемы малых і сярэдніх гарадоў Беларусі.

3.1. З найноўшай гісторыі.

3.2. Дзяржаўная праграма падтрымкі.


1. Тэорыя ўзаемаўплыву гарадоў
Фанабэрыстыя сталіцы і вялікія гарады прывыклі здзіўляць, нібыта іншыя гарадскія паселішчы ствараюць толькі фон для іх славы. Каб зразумець, ці так гэта, разгледзім гарады ў рэгіянальным плане, створым іх калектыўны вобраз, выявім узаемасувязі.

У любым рэгіёне ёсць гарады розных памераў, з рознымі функцыямі. Яны ўтвараюць рэгіянальныя сістэмы (сеткі, каркасы) гарадоў. Жаданне спажыўцоў купіць некалькі тавараў за адну паездку стымулюе канцэнтрацыю гандлю ў адным месцы. Дзеля задавальнення гэтых патрэбаў гарады мусяць пэўным чынам размяркоўвацца ў прасторы.

Нямецкі эканаміст Крышталер заўважыў (у 1930-я гг.), што адлегласць, якую спажывец лічыць прымальнай, каб пераадолець яе для набыцця некаторага тавара, ёсць велічыня пераменная. Так, у газетнага шапіка раён збыту больш абмежаваны, чым у антыкварнай крамы, куды кліент прыязджае здалёк для набыцця рэдкай рэчы. Крышталер дакладна вызначыў, што жыхарам вёсак выгодна мець валасны цэнтр на адлегласці не далей як 4 кіламетры (гадзіна хады), каб за паўдня пехатой паспець туды і назад, пры гэтым заплаціць падаткі, узяць пэўную даведку ў адміністрацыі, набыць у валасной краме рэчы першачарговай неабходнасці. Таксама ён выявіў, што ўсе гарады яго краіны размешчаны прыблізна на адлегласці 40 км адзін ад аднаго, параўнаў з гарадамі іншых краінаў Еўропы – такая ж карціна. Тое самае і ў Беларусі. "Рашотка Крышталера" вядома ўсім горадабудаўнікам. Вяскоўцы мелі неабходнасць у горадзе ў радыусе 20 км ад дома, каб на працягу дня дабрацца да яго на кані, прадаць свой тавар, набыць іншыя разнастайныя тавары, завітаць да доктара, узяць крэдыт у банку і да т. п., і вярнуцца назад. Для задавальнення больш складаных запатрабаванняў насельнікаў узнікалі гарады больш высокага парадку. Яны знаходзіліся на большай адлегласці адзін ад аднаго, іх было меней, але затое яны дасягалі большых памераў і ў іх быў лепшы выбар тавараў. Пераход ад ніжэйшага да больш высокага ўзроўню абслугоўвання насельніцтва завяршаецца ўзроўнем галоўнага горада краіны.

У сукупнасці гарады, ці сістэмы гарадоў, служаць (і тады, і цяпер) задавальненню запатрабаванняў людзей пэўнага рэгіёну ці краіны, а таму ўзаемадапамагаюць у гэтым адзін аднаму, узаемадапаўняюць адзін аднаго. У выніку выканання такой місіі паміж гарадамі складваюцца адносіны, падобныя да іерархічных. Іерархія мае выгляд піраміды. На яе вяршыні знаходзіцца галоўны горад. У залежнасць ад яго трапляюць меншыя гарады, а ад іх – яшчэ меншыя, якія ствараюць аснову піраміды. Месца горада ў гэтай іерархіі вызначаецца яго эканамічнай вагой, эканамічнай значнасцю. У галоўным горадзе канцэнтруецца поўны набор тавараў і паслуг, неабходных для жыхароў рэгіёну ці краіны. У падпарадкаваных яму гарадах гэты набор няпоўны, у гарадах ніжэйшай ступені ён яшчэ меншы і г. д. На тым і трымаецца іерархічная залежнасць. З аднаго боку, сістэма гарадоў збірае сельскагаспадарчую прадукцыю для размеркавання па краіне і для экспарту за мяжу. Гэты паток тавараў ідзе знізу ўверх. З другога боку, сістэма гарадоў размяркоўвае прамысловыя тавары, вырабленыя ў гарадах і замежжы, па ўсёй краіне. Гэты паток тавараў ідзе зверху ўніз.

Пры канкрэтным вывучэнні іерархічнай залежнасці гарадоў іх эканамічную значнасць можна вымерыць рознымі велічынямі: колькасцю насельніцтва, аб'ёмам вытворчасці, гандлёвымі абаротамі, зберажэннямі гараджанаў у банках і г. д. у залежнасці ад таго, які аспект эканамічных адносінаў паміж гарадамі цікавіць даследчыка.

Вылучаюць пяць асноўных ступеняў у сістэмах гарадоў: лакальная, рэгіянальная, нацыянальная, кантынентальная, сусветная. Урэшце, узнікненне любой сеткі гарадоў – гэта фармаванне пэўнага рэгулярна ўпарадкаванага эканамічнага ландшафта са сваімі гарадамі, прамысловымі прадпрыемствамі, камунікацыямі.

Сістэмы гарадоў спецыяльна вывучаюцца ў рамках асобнага кірунку эканомікі – рэгіяналістыкі, які склаўся ў даваеннай Германіі. Існуе некалькі методык даследавання ўзаемазалежнасці гарадоў ці сістэмаў гарадоў. Па меры ўскладнення сістэмаў гарадоў удасканальваліся і методыкі (ад 1880-х гг. і да нашых дзён). Навуковае даследаванне сістэмы гарадоў мае вялікае значэнне для кіравання эканомікай, бо дае магчымасць:

зразумець, як вытворчыя сілы ўплываюць на колькасць гарадоў у рэгіёне ці краіне і чаму адны гарады буйнейшыя за іншыя;

дакладна вызначыць памеры зонаў уплыву горада, што дазваляе выявіць яго канкурэнтаздольнасць, эканамічную значнасць і перспектыву далейшага развіцця;

усвядоміць вядучую ролю поліфункцыянальных гарадоў-цэнтраў;

зразумець прасторавую арганізацыю эканомікі ў асобных рэгіёнах і краінах;

выявіць эвалюцыю сістэмы гарадоў як прасторавай арганізацыі эканомікі развітых краінаў у выніку інтэрнацыяналізацыі эканамічнай дзейнасці ў пасляваенны час.

Апошняе вельмі актуальна для Беларусі. Таму разгледзім змены ў сістэме гарадоў як прасторавай арганізацыі эканомікі пад уздзеяннем інтэрнацыяналізацыі эканамічнай дзейнасці больш падрабязна.

Пачынаючы ад 1980-х гадоў назіраецца якасны скачок у развіцці сусветнагаспадарчых сувязяў. Ён стаў магчымым дзякуючы рэзкаму зніжэнню транспартных выдаткаў. Вядучыя фірмы развітых краінаў ператвараюцца ў транснацыянальныя карпарацыі са складанай арганізацыйнай структурай. У іх вытворчыя і гандлёвыя сувязі ўцягваюцца шматлікія гарады, раскінутыя па ўсім свеце. Адбываецца глабалізацыя эканамічнага жыцця. У выніку сфармаваліся наднацыянальныя рэгіянальныя сеткі гарадоў, якія паступова аб'ядноўваюцца ў адзіную сусветную сетку гарадоў.

К канцу ХХ ст. утварылася прасторавая структура, у якой выразна вылучаюцца тры іерархічныя сеткі гарадоў. Сусветная сетка мае наднацыянальны характар і ўключае сусветныя і міжнародныя поліфункцыянальныя гарады, што ажыццяўляюць каардынацыю прыняцця рашэнняў на ўзроўні міжнароднай эканамічнай эліты. На першым, найвышэйшым, узроўні вядучая роля належыць сусветным гарадам – фінансавым цэнтрам: Нью-Ёрку, Лондану, Токіо. Сінергія (супольная дзейнасць) сусветнай сеткі гарадоў становіцца магчымай дзякуючы фінансавым струменям, каналам камунікацыі, транспартным лініям і культурнай дзейнасці. Другі ўзровень складаюць спецыялізаваныя гарады агульнанацыянальнай значнасці, інтэграваныя ў сетку нацыянальнага маштабу. Нацыянальныя падсістэмы праз вядучы сярод іх міжнародны горад (звычайна сталіцу) уключаны ў сусветную сетку. На трэцім узроўні размешчаны спецыялізаваныя гарады, якія выконваюць вядучую ролю ў субнацыянальных рэгіёнах (абласцях). Яны ствараюць рэгіянальныя сеткі. Ад іх аптымальнай мадэлі залежыць эфектыўнасць усёй нацыянальнай сеткі гарадоў. У Беларусі рэгіянальныя сеткі застарэлі. Выяўляюццца лішнія гарады, якія губляюць эканамічную вартасць і выконваюць толькі адміністрацыйную функцыю. Краіну чакае рэформа адміністрацыйнага ўпарадкавання.

Пры імклівым павышэнні ролі міжнародных гарадоў роля многіх абласных гарадскіх цэнтраў аслабляецца ва ўсім свеце. Адбываецца эрозія іерархічных структур нацыянальных каркасаў гарадоў: узмацняюцца паралельныя сувязі гарадоў аднолькавага рангу, часам маленькія гарады набываюць сувязі непасрэдна з галоўным горадам. Невыпадкова апошнім часам у Беларусі ідзе гаворка пра пазбаўленне абласных гарадоў іх прамежкавай адміністрацыйнай функцыяй паміж сталіцай і раённымі цэнтрамі і падпарадкаванне апошніх непасрэдна сталіцы. Такім чынам, на змену іерархіі гарадоў з яе жорсткай структурай прыходзіць іерархія сістэмаў гарадоў.

Індустрыяльная мадэль сістэмы гарадоў замяняецца постіндустрыяльнай. Іерархічная залежнасць гарадскіх паселішчаў у рамках нацыянальных сістэмаў становіцца менш жорсткай. Фармуецца новая структура каркасаў, дзе ўзровень горада ўжо не вымяраецца памерамі тэрытарыяльнай зоны ўплыву ці аб'ёмам вытворчай магутнасці, а вызначаецца здольнасцю прапанаваць развітую інфраструктуру, эфектыўна ўключыць у сваю эканамічную прастору розныя віды дзейнасці. Удасканальванне сродкаў камунікацый парушае былую іерархічную залежнасць гарадоў, але не вынішчае яе, а замяняе на больш складаную. Таму роля гарадоў у кіраванні эканомікай толькі ўзрастае, бо найноўшыя сродкі камунікацый забяспечваюць яго з адзінага цэнтра практычна без усялякага тэрытарыяльнага абмежавання.

Ствараецца сусветная эканоміка адкрытага ўзору, якая абапіраецца на каркас сусветных гарадоў. Ствараюцца неабмежаваныя магчымасці для прасторавай аптымізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Прадпрыемства можа ўзнікнуць ў любым кутку свету, калі тое выгодна. Праблемаў з кіраваннем не ўзнікае. Цяпер праблема замыкаецца не ў кіраванні, а ў якасці кіравання: яно забяспечваецца глыбокімі ведамі, талентам, прафесійнасцю менэнджэраў.

Праблема перабудовы нацыянальных каркасаў закранае не толькі мясцовыя эканамічныя інтарэсы, але і нацыянальную ідэнтычнасць. У нацыянальных дзяржавах утвараюцца эканамічныя анклавы (гарады), якія ўбудоўваюцца ў міжнародны каркас і ўяўляюць з сябе іншародны элемент у нацыянальным целе дзяржавы. Таму нельга дапусціць, каб частка краіны была нейкім архаічным прыдаткам да дынамічных зонаў, уключаным у сусветную эканоміку.

Як узнікаюць сусветныя гарады? Найбольшыя шанцы, зразумела, маюць сталіцы. Менавіта там імкнуцца стварыць свае офісы міжнародныя фірмы. Робіцца гэта з дзвюх прычынаў: па-першае, са сталіцы лягчэй кіраваць рынкам збыту, які выходзіць далёка за межы нацыянальнай краіны, а па-другое, ва ўмовах магутнага дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку буйныя кампаніі, як правіла, уключаны ў складаную сістэму ўзаемаадносінаў з дзяржаўнымі органамі, размешчанымі ў сталіцах.

Дадатковыя шанцы ператварэння ў сусветны горад дае спалучэнне прамысловасці і паслуг, што характэрна, напрыклад, для Парыжа і Лондана. Невыпадкова большасць сусветных гарадоў гістарычна ўзнікла на базе прамысловых цэнтраў. Вялікае значэнне для набыцця статуса міжнароднага горада мае наяўнасць ў ім вузла авіяліній, а таксама імідж культурнага цэнтра.

Зонамі ўплыву сусветных гарадоў становіцца, па сутнасці, увесь свет. У сукупнасці сетка такіх гарадоў вызначае структуру ўсёй глабальнай эканамічнай сістэмы, размяркоўваючы функцыі і працоўныя месцы паміж гарадамі ўсёй планеты.

Уплыў сусветных цэнтраў распаўсюджваецца на неабсяжныя эканамічныя прасторы праз сістэму цэнтраў-пасярэднікаў другога ўзроўню. Узмацняецца нераўнамернасць развіцця гарадоў: вядучыя цэнтры ўзвышаюцца, іншыя – страчваюць свой уплыў. Гарады, якія не ўваходзяць у міжнародныя сеткі, становяцца аўтсайдэрамі. Так, нават у сярэдняга горада з нядрэнным турысцкім патэнцыялам амаль няма шанцаў самастойна выйсці на рынак збыту ў гэтай сферы: яго турыскія фірмы мусяць убудоўвацца ў сістэму іерархічных сувязяў на правах філіялаў буйных турысцкіх фірмаў, якія працуюць на міжнародным узроўні; адпаведна размяркоўваюцца і прыбыткі.

Такім чынам, на сучасным этапе ў іерархіі гарадоў назіраюцца істотныя змены: 1) індустрыяльная мадэль залежнасці замяняецца постіндустрыяльнай, 2) рашаючую ролю набываюць сусветныя гарады ці сусветная сістэма гарадоў, 3) адбываецца эрозія традыцыйных гарадскіх сістэм (узнікаюць паралельныя сувязі, выяўляюцца лішнія гарады).



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   11   12   13   14   15   16   17   18   ...   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет