Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



бет23/24
Дата24.02.2016
өлшемі1.41 Mb.
#16654
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24

У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці здолее беларускі горад нацыянальна крышталізаваць асобу і кансалідаваць нацыю, як гэта зрабіў заходнееўрапейскі горад? Ці можа ён стаць ўзорным горадам дэмакратыі, каб і дзяржава на яго прыклад стала дэмакратычнай? Іншымі словамі, ці зможа ён прайсці той перарваны царска-бальшавіцкай экспансіяй шлях ва ўзаемадачыненнях з дзяржавай, які прайшлі гарады Захаду? Гэта не проста. Тым больш, што той заходні горад, які раней стаяў ля калыскі нацый і цярпліва гадаваў нацыянальную ідэнтычнасць, цяпер становіцца транснацыянальным і транскультурным і нібыта пачынае разбураць нацыянальныя традыцыі.

Думаю, беларускі горад не можа ўступіць у разбуральную фазу, мінуючы стваральную. Працэс глабалізацыі закрануў яго не так моцна, як гарады Захаду. Яшчэ ёсць шанец даурбанізавацца па-беларуску. Аптымізму дадае і тая акалічнасць, што беларусы маюць ліберальную мадэль ментальнасці, тады як, напрыклад, рускія вылучаюцца таталітарнай мадэллю ментальнасці.

На карысць поспеху сведчыць і досвед еўрапейскіх краінаў. Кожная еўрапейская нацыя перажыла ў сваім развіцці паласу сацыяльных канфліктаў, выпакутавала сацыяльную талерантнасць і ўрэшце дасягнула сацыяльна-эканамічнай і духоўна-культурнай кансалідацыі. Вядучую ролю ў гэтым адыграў горад, які пастаянна дэманстраваў неабходнасць узаемадапамогі людзей дзеля выжывання.

Відавочна, што і дэкансалідацыя беларусаў, і дэкансалідацыя сусветнай супольнасці будуць пераадоленыя толькі ў рамках урбанізаванага менталітэту і толькі ў межах гарадской цывілізацыі. Для таго кожны народ мусіць вучыцца карыстацца здабыткамі гарадской цывілізацыі. Урбанізацыя ментальнасці вяскоўцаў вядзе да паступовай ліквідацыі іх супрацьстаяння гараджанам.

Аднак сучасны горад Беларусі выканае сваю кансалідоўчую ролю толькі тады, калі стане беларускім і ўзновіць вельмі прыгожую беларускую традыцыю – пастаянны пошук папараць-кветкі. Гэта нястомны пошук свайго “я”, свайго шчасця, сваёй прыгажуні, каб род беларускі ніколі не перарываўся. Ідэальны беларускі горад можа стаць той папараць-кветкай, на пошук якой патрачаныя стагоддзі.
4. Горад і вёска ў ментальнасці сучаснага гараджаніна
Вёска і горад ствараюць прынцыпова розныя ўмовы для фармавання асобы. Расійскі бальшавізм канчаткова разбурыў беларускі горад, як некалі варвары разбурылі Рым. А небеларускі горад разбурыў, у сваю чаргу, беларускую вёску. Заняпад вёскі азначае паступовае знішчэнне натуральнага суседскага асяроддзя. Знікаюць паняцці роднай хаты, роднага кута. Ва ўмовах гарадскога асяроддзя страчваецца народная (вясковая) супольнасць з яе моцнай групавой салідарнасцю і стабільным маральным ладам. Чалавек пазбаўляецца асноўных арыентыраў, што фармуюць яго асобу і пачуццё прыналежнасці да супольнасці.

Ідэалізаваць беларускую вёску не варта. Яна крыштальна чыстая крыніца для культурнага развіцця нацыі і адначасова зусім не прыдатная для яе палітычнага самасцвярджэння. Палітычныя ідэалы нашай вёскі, як правіла, кансерватыўныя. Таму пакуль горад не падпарадкуе сабе вёску, не пашырыць на яе гарадскую свядомасць, не урбанізуе вяскоўцаў, датуль нельга гаварыць пра адзіную кансалідаваную нацыю. А кансалідаваная, ці урбанізаваная, нацыя ў сучасных умовах – гэта дадатковы рэзерв для паспяховага эканамічнага і грамадскага прагрэсу.

Што ўяўляе з сябе сучасны гараджанін Заходу з яго цалкам урбанізаванай ментальнасцю? Буйны горад на Захадзе складаецца выключна з вольных асобаў. Метрапалітальны чалавек (гараджанін з урбанізаванай ментальнасцю), на думку філосафа Георга Зімеля, усё “падлічвае розумам”. Ён ацэньвае людзей выгодамі стасункаў з імі. У выніку нараджаецца тыповая буйнагарадская ментальнасць. Зімель пералічвае яе асноўныя рысы:

1) перасычанасць (эфект злоўжывання пачуццёвымі ўцехамі і трактаванне рэчаіснасці праз суадносіны з грашыма);

2) стрыманасць уласных антыпатый да іншых і недапушчэнне ўзнікнення відавочных антаганізмаў;

3) касмапалітызм.

Жыццё ў вялікім горадзе, з аднаго боку, непамерна лёгкае і атракцыйнае, з другога – зусім непростае, бо чалавек заблытваецца ў безасабовым культурным змесціве горада, страчвае маральнасць і духоўнасць.

Аўтар гэтых радкоў ніколі не лічыў урбанізаваную ментальнасць ідэальнай, натуральнай з’явай. Гэта ж не што іншае як страшэнная дэфармацыя натуральнай ментальнасці жыхароў сельскай мясцовасці. Ідэальнай і натуральнай ментальнасць магла быць толькі ў вяскоўца. Аднак логіка развіцця свету няўмольная: няма вяртання да вясковай супольнасці. Будучыня свету – будучыня метрапалітальная. Гэта непазбежная рэальнасць. З ёй даводзіцца лічыцца і змірацца.

Ва ўмовах урбанізаванасці нараджаецца настальгія як спроба ўцёкаў з гарадской цывілізацыі. Гэтаму спрыяюць тры фактары: веданне гісторыі, незадаволенасць сучаснасцю, прысутнасць артэфактаў мінулага. У выніку ў гараджанаў з’яўляецца прага стварыць хоць бы часовую супольнасць у выглядзе розных таварыстваў і захаваць пры тым уласную незалежнасць. Мы жывём у горадзе, а міфічная настальгія дае ўпэўненасць, што заўсёды маем магчымасць уцёкаў з гарадскога пекла. Горад ёсць праклёнам, але мы таго не ведалі б, калі б не існавала вёска, хай сабе толькі ў нашым уяўленні.

Горад выявіўся няздольным вынішчыць прыродную матрыцу чалавечай ментальнасці. Гараджане ўсё часцей вяртаюцца да натуральнага побыту – на лецішчы для адпачынку, у катэджы, прыгарады, маленькія гарады на сталае жыхарства. Для беларускіх гараджанаў, як і для вяскоўцаў, па-ранейшаму найважнейшымі застаюцца такія станоўчыя рысы, як адказнасць, дысцыплінаванасць, павага да працы іншых.

Пытанні ментальнасці гараджанаў, уплыву горада на лад мыслення людзей, іх псіхіку набываюць усё большую актуальнасць для беларускай эліты: неабходна зразумець сябе, свой народ, стаць зразумелымі для замежжа. Важнасць тэмы абумоўлена таксама ўскладненнем жыцця ў сучасных гарадах, калі на першы план усё часцей выступаюць сацыяльна-псіхалагічныя праблемы.
Тэма 9. Гарадское самакіраванне
План
1. З гісторыі гарадскога самакіравання.

2. Роля гарадскога самакіравання ў рыначнай эканоміцы ХХ ст.

3. Гарадское самакіраванне ў Беларусі.

3.1. У эпоху мінулай беларускай дзяржаўнасці.

3.2. Пад скіпетрам рускага цара.

3.3. У складзе савецкай Расіі.

3.4. У суверэннай Беларусі.
1. З гісторыі гарадскога самакіравання
Гарадское самакіраванне на Захадзе падрыхтавала эпоху дэмакратыі. У Беларусі такога не адбылося. Каб зразумець прычыны, звернемся да параўнальнага аналізу гісторыі гарадскога самакіравання ў замежжы і нашай краіне.

Гарады развіваліся паступова, і працэс кіравання іх развіццём таксама паступова ўскладняўся. Першыя гарады былі ў поўным падпарадкаванні ўладароў-дэспатаў. Іншая справа – антычныя гарады-дзяржавы (полісы). Яны мелі дэмакратычнае самакіраванне вольных грамадзянаў. Гэтымі гарадамі кіравала агульная для пэўнай тэрыторыі адміністрацыя. Сельскае насельніцтва ўдзельнічала ў справах гараджанаў. Нават у Рымскай імперыі гарадскія абшчыны (муніцыпіі) карысталіся шырокім самакіраваннем.

Заходняя Еўропа мела сваю спецыфіку. У эпоху адкрытых еўрапейскіх гарадоў (V–X стст.) гэтыя паселішчы падпарадкоўваліся землеўладальнікам, на зямлі якіх знаходзіліся. Але і тады стваралася адміністрацыя, якая кіравала горадам ад імя сеньёра.

У перыяд закрытага еўрапейскага горада (XI–XV стст.) сфармавалася гарадское права, крыніцай якога служылі імунітэтныя граматы, дадзеныя гарадам сеньорамі. Існавалі органы самакіравання – муніцыпалітэты. Яны паходзілі ад папярэдняй гарадской адміністрацыі – германскіх ратаў, італьянскіх і французкіх камунаў і г. д. Гарады рабіліся незалежнымі ад феадалаў і нават ад каралёў. Значны ўклад у фармаванне органаў гарадскога самакіравання ўнеслі рамесныя цэхі і купецкія гільдыі. У сваім развіцці яны ў многіх выпадках прайшлі шлях ад першабытнага дэмакратызму (вольны саюз гараджанаў) да поўнага падпарадкавання гарадскому патрыцыяту, а часам і ўладзе тыранаў, як у Венецыі і іншых італьянскіх гарадах. Тады ўжо рамесныя цэхі і ўзброены плебс станавіліся ў апазіцыю да аўтарытарнага кіраўніцтва. У перыяд гаспадарчага крызісу другой паловы ХІV ст. справа дайшла да муніцыпальных рэвалюцый. Муніцыпальны лад гарадоў не быў універсальны. Убаку ад свецкай улады стаяла духавенства. Гарадскія касцёлы, кляштары, каталіцкія ордэны жылі сваімі законамі.

На трэцім этапе гістарычнага развіцця (ХVI–XIX стст.) гарады трапілі ў падпарадкаванне да дзяржавы. У той перыяд толькі гарадскія паселішчы Англіі захавалі сваё самакіраванне і не зведалі страты самастойнасці на карысць каралеўскай улады.

Аднак рост гарадской гаспадаркі ў першай палове ХІХ ст. вёў да павелічэння ролі гарадскога самакіравання. Пачынае складвацца сучасная мадэль гарадскога самакіравання. Прамысловае насельніцтва гарадоў, якое вылучалася адносна высокай адукацыяй, культурнасцю і энергічнасцю, актыўна змагалася за палітычныя і грамадзянскія правы і на працягу ХІХ ст. паўсюль дамагалася таго, што гарады атрымоўвалі дэмакратычнае самакіраванне. Гэта, па-першае, усеагульнае і роўнае выбарнае права (без адрознення паводле полу), па-другое, дастаткова шырокая кампетэнтнасць органаў самакіравання і, па трэцяе, даволі шырокая іх самастойнасць і незалежнасць ад уздзеяння дзяржаўнай адміністрацыі. Праўда, у розных краінах правы гараджанаў абараняліся неаднолькава. Усеагульнае і роўнае выбарнае права было ўведзенае ў Францыі, Швейцарыі, Іспаніі (толькі для мужчынаў), ЗША (у большасці штатаў толькі для мужчынаў), Аўстраліі, Нарвегіі. У астатніх краінах яно абмяжоўвалася яшчэ даволі высокім маёмасным ці падатковым цэнзам. Замежныя падданыя пазбаўляліся права голасу. Толькі ў Англіі яны не адхіляліся ад гарадскіх выбараў, калі пражывалі ў дадзеным горадзе пэўны тэрмін. Аднак паўсюль выбарная сістэма давала перавагу больш заможным пластам гарадскога насельніцтва.

Па меры пашырэння ў другой палове ХІХ ст. дэмакратыі органы гарадскога кіравання павялічвалі аб'ём сваіх кампетэнцый і тым вярталі пэўную частку былой незалежнасці гарадоў ад дзяржавы. Ступень гэтай незалежнасці ў розных краінах таксама была розная. У Англіі гарадскія паселішчы карысталіся амаль поўнай самастойнасцю. Прыкладна ў такім самым становішчы знаходзіліся гарады ЗША, Аўстраліі, Швейцарыі. Супрацьлеглая сітуацыя склалася ў Францыі, дзе ўлада з яе традыцыямі абсалютызму вельмі неахвотна ішла насустрач патрабаванням горада.

Гарадское самакіраванне адрознівалася ад вясковага. Яно было больш шырокае. Аднак ў Францыі, Італіі, Бельгіі, часткова Германіі існавала агульная сістэма камунальнага самакіравання для вёсак і гарадоў.

Такім парадкам, ХІХ стагоддзе – гэта час станаўлення не толькі сучасных нацый, нацыянальных дзяржаў, але і сістэмы гарадскога самакіравання. Але тое было выключна еўрапейскай з’явай. Межы Еўропы супадалі з межамі пашырэння ідэі гарадскога самакіравання.

Заканадаўчым для гарадскіх спраў органам стала дума. Яна распрацоўвала гарадскія пастановы, вызначала гарадскія падаткі і спосаб іх выкарыстання. Складалася дума з галосных (дэпутатаў), выбраных гараджанамі (тымі, што мелі такое права). Яна выбірала гарадскую ўправу (магістрат) на чале з гарадскім галавой (мэрам у Францыі, лорд-мэрам у Англіі, бургамістрам у Германіі). У некаторых гарадах Швейцарыі гарадскога галаву і гарадскую ўправу выбіралі непасрэдна гараджане. Управа была распарадчым органам думы. Яна кіравала гарадской гаспадаркай: гэта асвятленне і брукаванне вуліц, каналізацыя, водаправод, нагляд за гандлем, папярэджванне і тушэнне пажараў, забеспячэнне новых гараджанаў па магчымасці недарагімі кватэрамі, нагляд за прастытуцыяй, паляпшэнне санітарных і гігіенічных умоваў горада, медыцынскае абслугоўванне. Амаль ва ўсіх краінах Еўропы і Амерыкі сярэдняя смяротнасць гараджанаў дзякуючы пашырэнню і ўдасканальванню іх абслугоўвання была ніжэйшая, а стан здароўя лепшы, чым вяскоўцаў.

Буйныя памеры гарадской гаспадаркі і гарадскіх каштарысаў (бюджэтаў) рабілі ўдзел у гарадскім кіраванні вельмі выгодным у сэнсе ўплыву на раздачу канцэсій і месцаў на гарадской службе. Аднак гэта вяло да імклівага пашырэння карупцыі, асабліва ў гарадах ЗША.

Канчаткова дэмакратычная сістэма гарадскога самакіравання склалася ў ХХ ст. Сучасныя гараджане маюць магчымасць праз галасаванне і выбар месца жыхарства ўплываць на каштарысныя рашэнні органаў самакіравання. Аднак і цяпер большасць галасоў не заўсёды гарантыя аптымальнай пастановы. Толькі міжтэрытарыяльная мабільнасць (галасаванне нагамі) дазваляе пазбегнуць прыняцця неэфектыўных мераў. Нарвежскі драматург Генрык Ібсан казаў: "Населены пункт падобны караблю: кожны павінен быць гатовым узяць штурвал у свае рукі". На Захадзе такая сітуацыя насамрэч існуе, хоць і там вялікія гарады спараджаюць вялікую бюракратыю. Таму становіцца актуальнай сапраўды прадстаўнічая дэмакратыя – мінімальная, але сумленная, якая рэпрэзентавала б інтарэсы розных раёнаў і розных пластоў гараджанаў. Іншым чынам наладзіць у вялікім горадзе эфектыўнае кіраванне немагчыма.


2. Роля гарадскога самакіравання ў рыначнай эканоміцы ХХ ст.
Для кіравання сучаснай гарадской эканомікай важна разумець механізм узаемаадносінаў горада і дзяржавы ў рыначнай эканоміцы, ведаць, якую ролю выконвае дзяржава ў рыначнай эканоміцы і як органы мясцовай улады ўпісваюцца ў агульную схему дзяржаўнага кіравання гэтай эканомікай. Амерыканскі эканаміст Масгрэйв вылучае на сучасным этапе (1980 г.) тры тыпы дзяржаўных функцый:

1. Функцыя стабільнасці, калі з дапамогай крэдытна-грашовай і падаткова-бюджэтнай палітыкі рэгулююцца ўзровень беспрацоўя і тэмпы інфляцыі.

2. Функцыя пераразмеркавання даходаў, калі ўзнікае неабходнасць коштам багатых рэгіёнаў падтрымліваць рэгіёны бедныя (праз падаткі і трансферты – прамое фінансаванне).

3. Функцыя размеркавання рэсурсаў, калі дзяржава вырашае што і як вырабляць.

З пералічаных функцый дзяржава дзеліцца з мясцовамі органамі ўлады толькі трэцяй (што і як вырабляць), бо стабілізацыя і пераразмеркаванне даходаў у межах гарада не могуць быць эфектыўнымі. Каб пазбавіцца ад падаткаў, частка заможных гараджанаў могуць пераехаць у іншы горад, дзе яны ніжэйшыя, а гэта аслабляе падаткавыя паступленні. Відавочна, агульнанацыянальная праграма пераразмеркавання больш надзейная. На ўзроўні асобных муніцыпальных пастаноў немагчымая і стабілізацыя эканомікі ўсёй краіны. Горад атрымлівае права толькі на размеркаванне рэсурсаў. Таму не выпадкова, што такія тавары, як транспарт, школы, грамадская бяспека, паркі і скверы знаходзяцца ў падпарадкаванні муніцыпалітэтаў, а не прыватных фірмаў ці вышэйшых органаў улады.

Натуральна, што дзяржава можа перадаць размеркаванне рэсурсаў органам мясцовага самакіравання толькі на выгодных для яе ўмовах. Існуе тры ўмовы, пры якіх гэтая перадача робіцца эканамічна эфектыўнай ці выгоднай для дзяржавы:

1) калі тавары вырабляюцца ва ўмовах існавання натуральнай манаполіі;

2) калі тавар генеруе станоўчы для дзяржавы знешні эфект;

3) калі тавар валодае характарыстыкамі мясцовага грамадскага дабра.

Першы выпадак. Такая манаполія мае месца тады, калі выраб канкрэтнага тавару суправаджаецца адносна вялікім эфектам маштабу. Да прыкладу, каналізацыя патрабуе значных выдаткаў на стварэнне і зусім мізэрных выдаткаў на падключэнне новых карыстальнікаў. Таму сістэма каналізацыі ёсць натуральнай манаполіяй у тым сэнсе, што адзіная служба каналізацыі можа абслугоўваць горад пры меншых сярэдніх выдатках, чым некалькі ўпраўленняў ці фірмаў па каналізацыі адначасова. Спрацоўвае эфект маштабу. Натуральнымі манаполіямі выступаюць таксама водазабеспячэнне, сістэмы кабельнага тэлебачання, тэлефонныя сеткі, грамадскі пасажырскі транспарт. Гэтыя паслугі забяспечваюць гарадскія ўлады самі альбо перадаюць іх прыватным кампаніям. Што лепш? Практыка паказвае: выбар кампаніі праз тэндар.

Другі выпадак. Станоўчы знешні эфект для дзяржавы мае месца тады, калі спажыванне тавару ў адным горадзе стварае выгоды ў іншых населеных пунктах. Знешнія выгоды бываюць розных маштабаў. Так, да прыкладу, ад працы гарадскога універсітэта, паслугамі якога карыстаецца ўся краіна, яны вельмі вялікія. Гораду невыгодна ўтрымліваць універсітэт за свае сродкі для ўсёй краіны. таму ён мусіць знаходзіцца ў дзяржаўным, а не ў муніцыпальным кіраванні. Знешні эфект грамадскай бяспекі таксама вялікі, але яна звычайна знаходзіцца ў руках горада і атрымлівае субсідыі ад дзяржавы. У дадзеным выпадку выгоды горада і дзяржавы ў цэлым ураўнаважваюцца. Праўда, удзел дзяржавы апошнім часам узрастае ў сувязі з узрастаннем мабільнасці злачынцаў. Для эфектыўнай барацьбы з імі патрабуецца каардынацыя на дзяржаўным ці нават на міжнародным узроўні. Пажарная служба, як правіла, падпадае пад кантроль муніцыпалітэтаў, бо выгодная пераважна жыхарам пэўнага горада.

Знешні эфект мае месца і ў тым выпадку, калі спажыванне тавару ў адным горадзе стварае выдаткі ў іншых населеных пунктах. Асобныя гарады часам спрабуюць жыць коштам іншых. Іх лакальныя інтарэсы супярэчаць грамадскім. Тады знешні эфект праяўляецца з мінусам для дзяржавы, а значыць, узнікае неабходнасць дзяржаўнага рэгулявання. Так, у 1970-я – пачатку 1980-х гг. у ЗША былі ўведзеныя абмежаванні на фінансаванне ўтрымання органаў самакіравання і на падаткі. У сувязі з гэтым школы муніцыпальнага падпарадкавання пачалі замяняцца дзяржаўнымі школамі, што адразу знізіла ўзровень адукацыі: класы сталі колькасна большымі, а зарплата настаўнікаў – меншай.

Трэці выпадак. Тавару як мясцоваму грамадскаму дабру ўласцівыя тры асноўныя рысы:

1) пры спажыванні адсутнічае суперніцтва – яго могуць спажываць адначасова некалькі людзей, гэта тавар калектыўнага спажывання (гарадскі парад);

2) ён не мае адпрэчнага характару, гэта значыць нельга пазбавіць людзей, якія за яго не плацяць, магчымасці карыстацца ім (гарадскія вуліцы, скверы, паркі);

3) выгоды ад яго абмяжоўваюцца невялікай тэрыторыяй, не выходзяць за межы горада, гарадскога раёна ці вуліцы (выгоды ад пажарнай службы ці ад асвятлення вуліц дастаюцца мясцовым гараджанам).

Якая ж аптымальная мера падзелу паўнамоцтваў паміж горадам і дзяржавай? Калі дзяржава ўступае кіраванне гарадской эканомікай муніцыпалітэту, а калі кіруе непасрэдна сама? Такой мерай выступаюць гарадскія рэсурсы. Калі яны дазваляюць вырабляць прадукт, хоць і з высокім знешнім эфектам, дзяржава давярае гэта рабіць гораду і тым самым эканоміць сродкі дзяржаўнага бюджэту. Часам рэсурсаў у горада не стае нават на забеспячэнне ўласных патрэбаў. Тады дзяржава ідзе на фінансавую падтрымку такога горада коштам дзяржаўнага бюджэту. Частку рэсурсаў атрымоўвае з яго любы горад. Але чым большая доля мясцовых рэсурсаў у гарадскім бюджэце, тым большая значнасць, аўтарытэт і самастойнасць органаў муніцыпальнага кіравання. Майстэрства муніцыпалітэтаў заўсёды выяўлялася ў балансе інтарэсаў дзяржавы і ўласных гараджанаў.

Відавочна, што муніцыпалітэты выступаюць неад'емнай часткай дзяржаўнага апарату. Гэта адзін з інструменаў дзяржаўнага рэгулявання эканомікай. Свае паўнамоцтвы па зборы падаткаў і размеркаванні рэсурсаў муніцыпальныя органы атрымоўваюць ад дзяржаўнага кіраўніцтва. Назавем іх асноўныя правы і абавязкі ва ўмовах рыначнай эканомікі:

1) уладанне, карыстанне і распараджэнне муніцыпальнай уласнасцю;

2) комплекснае сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё горада;

3) рэгуляванне планіроўкі і забудовы горада;

4) кантроль за выкарыстаннем гарадской зямлі.

Такім парадкам, органы мясцовай улады ствараюцца, па сутнасці, для назапашвання праз падаткі рэсурсаў і размеркавання іх: пракладванне вуліц, забеспячэнне функцыянавання гарадскога пасажырскага транспарту, сістэмы дзяржаўных школаў, а таксама сістэмы правапарадку. Іншымі словамі, яны займаюцца стварэннем дабротаў для гараджанаў. Гарадское самакіраванне нясе адказнасць перад дзяржавай за прадастаўленне гараджанам такіх тавараў і паслуг, як адукацыя, дарогі, паліцыя, пажарная ахова, паркі, сістэма каналізацыі. Па эфектыўнасці і выніках размеркавання мясцовых рэсурсаў і падатковай палітыкі мяркуюць пра паспяховасць дзейнасці муніцыпалітэтаў.

Дагэтуль ідуць спрэчкі пра эфектыўнасць органаў мясцовай улады. Шмат хто лічыць муніцыпалітэты дзейснымі манапалістамі. І для таго існуюць падставы. З аднаго боку, муніцыпальная сістэма найлепш забяспечвае задавальненне самых разнастайных запатрабаванняў гараджанаў. Так, каб не дапусціць з'яўлення бедных жыхароў (насельнікаў маленькіх дамоў) выкарыстоўваецца занаванне, якое прадугледжвае мінімальна дапушчальны памер зямельнага плаца пад збудаванне. З другога боку, муніцыпалітэты застаюцца бездапаможнымі перад праблемамі знешніх эфектаў. Так, мясцовыя ўлады не садзейнічаюць эфектыўнасці вытворчасці мясцовых дабротаў, калі выгоды ад гэтых дабротаў перацякаюць у іншыя раёны (выяўляюцца знешнія эфекты). Аднак ва ўсіх выпадках муніцыпалітэты ва ўмовах рыначнай эканомікі ўздзейнічаюць на гарадскую гаспадарку пераважна праз рыначныя механізмы, прычым найважнейшым сродкам служыць палітыка ў галіне падаткаў.

У гарадах ЗША самыя буйныя выдаткі прыпадаюць на паліцыю, адукацыю, дарогі, каналізацыю і пажарную ахову. Што тычыцца даходаў, то 28% паступае ад дзяржавы, 44% – у выглядзе мясцовых падаткаў і 28 % – збораў з карыстальнікаў гарадскіх паслуг. Калі звярнуцца да мясцовых падаткаў у гэтай структуры, то каля паловы іх прыходзіцца на падатак з нерухомай маёмасці. Другі па велічыні – падатак з абароту, трэці – падаходны падатак.

Сучасную мадэль кіравання гарадской гаспадаркай у краінах Захаду нельга лічыць ідэальнай. Фанабэрысіая каста бюракратаў, якая склалася ў ХІХ ст. і кіравала Еўропай, і цяпер часам праблемы муніцыпальнай гаспадаркі не лепшым чынам. Вылучаюцца дзве радзімы бюракратыі ў Еўропе – Германія і Францыя. Выдатны прынцып нямецкай адміністрацыі – пакінуць для самастойнай ініцыятывы народа ўсё, што ён можа здзейсніць, – не заўсёды захоўваецца.


3. Гарадское самакіраванне ў Беларусі
Як жа складваюцца ўзаемаадносіны горада і дзяржавы ў сучаснай Беларусі? Адказваючы на гэтае пытанне даводзіцца канстатаваць, што яе грамадзяне страцілі традыцыю дэмакратычнага самакіравання гарадоў. Таму беларускі горад выступае не партнёрам дзяржавы, а яе падданым, а яго насельнікі няздольная абараніць свае правы.

Гарадскія землі не маюць цаны. Падатак на зямлю канчаткова не ўведзены. У выніку горад губляе шмат. Сярэднія і малыя гарады знаходзяцца на ўтрыманні дзяржавы. Самі сябе кормяць толькі сталіца ды буйныя прамыслова-гандлёвыя цэнтры, але яны абіраюцца дзяржавай. У 2007 г. падаткі з мінчукоў склалі каля 40% усіх падатковых паступленняў у бюджэт краіны.


3.1. У эпоху мінулай беларускай дзяржаўнасці
У перыяд старажытных княстваў (Кіеўскай Русі) вялікімі гарадамі кіравала веча (агульны сход гараджанаў і жыхароў навакольных вёсак, як у старажытнагрэцкім полісе). Вечавы лад быў характэрны асабліва для гарадоў, якія ўзнікалі на аснове баярскіх сядзібаў. Веча запрашала на службу князёў, прафесійных ваяроў. У суседнім Ноўгарадзе сваё самакіраванне мелі нават вуліцы. На чале стаяў “улічан”, які кіраваў справамі вуліцы, у тым ліку і яе брукаваннем. Штогод “улічане” збіраліся за ўрачыстым святочным сталом, называным “братчынаю”.

З ХІІІ ст. на аснове гандлёвых дагавораў пачало складвацца асобнае гарадское права. Аднак канчаткова яно аформілася ў перыяд ВКЛ пад уплывам Захаду (магдэбургскае права), прававых нормаў Статутаў ВКЛ і традыцыйнага права, якое захоўвалася з часоў існавання ў гарадах вечавога ладу. У магдэбургскіх гарадах ствараўся выбарны орган самакіравання – магістрат. Яму належала вышэйшая выканаўчая і судовая ўлада ў горадзе. Магістрат складаўся з гарадской лавы (суда) на чале з войтам, які прадстаўляў інтарэсы дзяржавы або ўладальніка горада, і рады (савета) на чале з бурмістрам. Рада выконвала адміністрацыйныя функцыі ды займалася маёмаснымі і грамадзянскімі справамі мяшчанаў. У лавах разглядаліся крымінальныя справы і судовыя апеляцыі. Да выбараў кандыдатаў у магістраты прыцягвалася значная колькасць заможных гараджанаў. Абавязковымі патрабаваннямі для кожнага кандыдата былі матэрыяльная забяспечанасць, набожнасць, цвярозасць і справядлівасць. Зацвярджаў абраных прэтэндэнтаў у лаву і раду – войт. Палова месцаў аддавалася праваслаўным, а палова – каталікам. “Радцы”, у сваю чаргу, выбіралі двух бурмістраў – праваслаўнага і католіка. Гарадская бюракратыя з цягам часу поўнасцю захапіла выбары ў свае рукі, адхіліўшы ад гэтай справы гараджанаў. Вышэйшыя гарадскія пасады маглі перадавацца ў спадчыну.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет