Гісторыя Беларусі



бет8/35
Дата05.07.2016
өлшемі3.24 Mb.
#179947
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   35

Асноўныя паняцці:

Шматканфесійная дзяржава, рымска-каталіцкая царква, праваслаўная царква, брацтва, Рэфармацыя, пратэстантызм, лютэранства, кальвінізм, антытрынітарызм, Віленскі прывілей 1563 г., Варшаўская канфедэрацыя 1573 г., этнагенэз, народнасць, літоўскі палітычны народ, Русь, Літва, Беларусь, старабеларуская мова, Адраджэнне (Рэненсанс), рэфармацыйныя школы, брацкія школы, кнігадрукаванне, летапісанне, палемічная літаратура, панегірычная паэзія, мемуары, дыярыюшы, готыка, барока, ратуша, батлейка.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Якія асноўныя канфесіі дзейнічалі ў ВКЛ у 14 – 16 стст.?

  2. Параўнайце грамадскае і прававое становішча каталіцкай і праваслаўнай цэркваў у ВКЛ у 14 – 16 стст.

  3. Якая структура замацавалася ў каталіцкай і праваслаўнай цэрквах у 14 – 16 стст. Зрабіце параўнальны аналіз?

  4. Што такое Рэфармацыя? Дзе і калі яна пачалася? Вызначце яе прычыны і наступствы.

  5. Калі Рэфармацыя пачалася ў ВКЛ? Якія сацыяльныя слаі насельніцтва найперш яе падтрымалі?

  6. Назавіце асноўныя рэфармацыйныя канфесіі, якія дзейнічалі на тэрыторыі ВКЛ у 16 ст.

  7. Вызначце асноўныя асаблівасці рэфармацыйнага руху ў ВКЛ.

  8. Што такое рэлігійная талеранцыя? Якія факты пацвярджаюць яе функцыянаванне ў ВКЛ у 16 ст.?

  9. У чым сутнасць Віленскага прывілею 1563 г. і акту Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г.? Ці можна сцвярджаць, што талеранцыя ў ВКЛ мела выключна шляхецкі характар?

  10. Назавіце асноўныя канцэпцыі этнагенэзу беларусаў? Якая з гэтых канцэпцый падаецца Вам найбольш пераканаўчай? Абгрунтуйце сваю думку.

  11. Што такое народнасць? У межах якой дзяржавы ствараюцца прадумовы для фарміравання беларускай народнасці?

  12. Якія тыпы самасвядомасці мелі месца сярод насельніцтва ВКЛ у 14 – 16 стст.? Што азначае паняцце літоўскага палітычнага народу?

  13. Калі фарміруецца старабеларуская мова? Які статус яна мела ў ВКЛ?

  14. Прасачыце эвалюцыю паняцця “Беларусь”.

  15. Паспрабуйце вызначыць, якія фактары спрыялі, а якія перашкаджалі фарміраванню беларускай народнасці ў ВКЛ у 14 – 16 стст.

  16. Што такое Адраджэнне? Які ўплыў яго ідэі мелі на культуру ВКЛ?

  17. Якую ролю адыграла Рэфармацыя ў развіцці адукацыі ў ВКЛ?

  18. Калі ў ВКЛ з’яўляецца кнігадрукаванне? Дзе дзейнічалі вядомыя Вам друкарні ў ВКЛ у 16 ст.?

  19. Каго з літаратараў эпохі Адраджэння Вы можыце назваць?

  20. Якія новыя формы літаратуры ўзнікаюць у 16 ст.?

  21. Які будынак лічыцца другой у свеце пабудовай ў стылі барока?

  22. Якія стылі былі характэрныя для беларускай архітэктуры эпохі Адраджэння?

  23. Якія законы пачынаюць улічваць мастакі ў 16 ст.?


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Фарміраванне самастойнай праваслаўнай мітраполіі ў ВКЛ у 14–15 стст.

  2. Каталіцкія манаскія ордэны ў ВКЛ у 15 – 16 стст.

  3. “Польскія і Літоўскія браты” ў ВКЛ.

  4. Рэлігійная талеранцыя ў грамадска-палітычным і сацыяльна-культурным жыцці ВКЛ 14 – 16 стст.

  5. Паняцці “Літва” і “Русь” у 14 – 16 стст.

  6. Літоўскі палітычны народ: фарміраванне, ідэалогія, самасвядомасць.

  7. Рэфармацыйнае кнігадрукаванне на тэрыторыі ВКЛ.

  8. Грамадска-палітычная думка ВКЛ 14 – 16 стст.



Модуль 2. Цывілізацыйная спадчына Hовага часу і Беларусь.
Тэма 6: Грамадска-палітычнае развіццё ВКЛ у складзе

Рэчы Паспалітай (апошняя трэць 16 – першая палова 17 стст.)

1. Люблінская унія. Яе перадумовы і вынікі.

2. Дзяржаўна-палітычны лад Рэчы Паспалітай і месца ў ім ВКЛ.

3. Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у канцы 16 – першай палове 17 стст.
6.1. Люблінская унія. Яе перадумовы і вынікі.

У сярэдзіне 16 ст. назіраецца працэс больш цеснага збліжэння паміж Польшчай і ВКЛ, вынікам якога стала стварэнне адзінай федэратыўнай дзяржавы. Асноўнымі прычынамі інтэграцыі паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам з’яўляліся:

- імкненне польскай шляхты да пашырэння палітычнага і эканамічнага ўплыву на землі ВКЛ;

- цяжкасці ВКЛ падчас Інфлянцкай вайны: страта Полацка ў 1563 г., неабходнасць ваенна-палітычнай і фінансавай падтрымкі ад Польшчы;

- імкненне дробнай і сярэдняй шляхты ВКЛ атрымаць прывілеі, якімі на той момант карысталася шляхта ў Польшчы, дзе на той час была ўстаноўлена шляхецкая дэмакратыя;

- наяўнасць працяглага досведу папярэдніх уній;

- асабістая воля караля Жыгімонта Аўгуста.

Ініцыятарам уніі з’яўлялася польская шляхта, якую падтрымліваў кароль. Паводле польскага праекта уніі, прадугледжвалася фактычнае далучэнне ВКЛ да Польскага каралеўства. Палітычная эліта ВКЛ пагаджалася з неабходнасцю уніі ў складаных знешнепалітычных умовах, але ў якасці саюза раўнапраўных дзяржаў. Да захавання найбольшай самастойнасці ВКЛ імкнулася групоўка арыстакратыі на чале з Радзівіламі, якая баялася страты сваёй манаполіі на палітычную ўладу. Паводле прапанаванага ёй праекта уніі, прадугледжвалася стварэнне агульных соймаў Польскага каралеўства і ВКЛ для правядзення агульных выбараў манарха і вырашэння ключавых пытанняў знешнепалітычнай бяспекі пры захаванні асобных соймаў, Паноў Рады, дзяржаўнага апарату, судаводства, войска і фінансавай сістэмы. Іншыя групоўкі арыстакратыі, а таксама сярэдняя і дробная шляхта пазітыўна ставіліся да ідэі уніі. У верасні 1562 г. у вайсковым лагеры пад Віцебскам адбыўся з’езд шляхты ВКЛ, сабранай на вайну з маскоўскімі войскамі, які выступіў з патрабаваннямі стварэння супольных соймаў з Польшчай, уніфікацыі прававой сістэмы ВКЛ і Польшчы; аднак, пры гэтым падкрэслівалася неабходнасць захавання самастойнасці ВКЛ (асобныя дзяржаўныя пасады, войска і г.д.).

10 студзеня 1569 г. у Любліне быў скліканы сумесны сойм прадстаўнікоў Польшчы і ВКЛ, на якім вырашалася пытанне уніі дзвюх дзяржаў. Патрабаванні польскай шляхты аб поўным і безумоўным далучэнні ВКЛ да Польшчы былі адхіленыя дэлегацыяй ВКЛ на чале з М. Радзівілам “Рудым”, Я. Хадкевічам, Я. Валовічам, якая пакінула сойм. Пасля гэтага ў сакавіку 1569 г. з мэтай прымусіць палітычную эліту ВКЛ да хутчэйшага заключэння уніі паводле рашэння Жыгімонта Аўгуста да Польшчы была далучана значная частка тэрыторыі ВКЛ: Кіеўшчына, Валынь, Падолле, Падляшша. Шляхта дадзеных зямель падтрымала гэтую акцыю ў спадзяванні на атрыманне правоў і прывілеяў польскай шляхты (за выключэннем шляхты Мазырскага павета, які застаўся ў складзе ВКЛ). Тэрыторыя ВКЛ зменшылася да тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы. Арыстакратыя ВКЛ выказала пратэст супраць падобных дзеянняў і адмаўлялася працягваць перамовы наконт уніі, аднак шляхта ВКЛ на спецыяльна скліканых сойміках выказалася за унію. Таму дэлегацыя ВКЛ вымушана была вярнуцца на Люблінскі сойм і падпісала акт Люблінскай уніі 1 ліпеня 1569 г.

Паводле ўмоваў уніі, ВКЛ і Польскае каралеўства аб’ядноўваліся ў адзіную федэратыўную дзяржаву, якая атрымала назву Рэч Паспалітая (пераклад з лацінскай мовы – агульная справа, рэспубліка). Унія прадугледжвала наступныя палажэнні:

1) У ВКЛ і Польшчы павінен быць адзіны манарх, які адначасова з’яўляецца польскім каралём і вялікім князем літоўскім. Ён абіраецца сумесна шляхтай абедзвюх дзяржаў.

2) Ствараецца агульны вальны сойм Рэчы Паспалітай, асобныя соймы ВКЛ і Польшчы былі скасаваны.

3) Абвяшчаецца адзінства знешняй палітыкі дзвюх дзяржаў.

4) Абвяшчаецца права на набыццё зямельнай маёмасці шляхтай ВКЛ і Польшчы на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

5) Лівонія (Інфлянты) пераўтвараецца ў сумеснае ўладанне ВКЛ і Польшчы (рэальна з 1588 г.), а Курляндскае герцагства становіцца васалам Польшчы і ВКЛ.

6) Абвяшчаецца палітычнае і эканамічнае раўнапраўе шляхты ВКЛ і Польшчы ў межах Рэчы Паспалітай.

7) У ВКЛ захоўваюцца асобная арганізацыя дзяржаўнай улады, заканадаўства, войска, фінансавая і мытная сістэма, а таксама атрыбуты дзяржаўнай улады: герб, пячатка, тытулы.

8) Дзяржаўныя пасады ў ВКЛ і Польшчы маглі займаць толькі мясцовыя ўраджэнцы.



Такім чынам, у выніку Люблінскай уніі ствараецца новая федэратыўная дзяржава – Рэч Паспалітая. Разам з тым ВКЛ захавала значную самастойнасць у межах дадзенай дзяржавы. Унія стала вынікам кампрамісу паміж шляхтай ВКЛ і Польшчы, яна садзейнічала працэсам палітычнага, эканамічнага і культурнага збліжэння дзвюх дзяржаў. Аб’яднанне садзейнічала пашырэнню палітычных правоў і прывілеяў шляхты ВКЛ. Магнаты ВКЛ, хаця і страцілі былыя пазіцыі ў кіраванні дзяржавай, але захавалі свой палітычны і эканамічны ўплыў.
6.2. Дзяржаўна-палітычны лад Рэчы Паспалітай і месца ў ім ВКЛ.

Формай дзяржаўна-палітычнага ладу Рэчы Паспалітай становіцца элекцыйная манархія, пры якой кіраўнік дзяржавы (манарх) атрымлівае ўладу ў выніку выбараў. Са смерцю Жыгімонта Аўгуста (1572) скончылася праўленне ў ВКЛ і Польшчы дынастыі Ягелонаў. З гэтага часу замацоўваецца прынцып пажыццёвага абрання на трон каралёў (вялікіх князёў) з ліку некалькіх кандыдатаў. Як правіла, каралямі выбіраліся прадстаўнікі замежных каралеўскіх дынастый. Працэс выбрання каралёў шляхтай называўся элекцыя.

У палітычнай сістэме Рэчы Паспалітай вядучымі органамі ўлады з’яўляліся кароль і двухпалатны сойм.

Да функцый караля належалі:

- абарона дзяржавы, кіраўніцтва войскам;

- кіраванне правядзеннем унутранай палітыкі;

- ажыццяўленне вышэйшага суда;

- кіраўніцтва адміністрацыйным апаратам дзяржавы;

- кіраванне ажыццяўленнем міжнародных адносін;

- зацвярджэнне заканадаўчых актаў;

- прызначэнне чыноўнікаў на вышэйшыя дзяржаўныя пасады.

Улада караля абмяжоўвалася палатамі сойма. Прававым адлюстраваннем гэтага выступала тое, што перад каранацыяй кароль вымушаны быў зацвердзіць два дакументы – “пакта канвента” і “Генрыкавы артыкулы”, выкананне якіх з’яўлялася ўмовай захавання вернасці шляхты каралю.

Пакта канвента” – акт, у якім пацвярджаліся гарантыі прывілеяў і вольнасцяў дзяржавы, выдадзеных ранейшымі каралямі і вялікімі князямі.

Генрыкавы артыкулы” (назва паходзіць ад першага караля Генрыха Валуа (1573–1574), які іх зацвердзіў у 1573 г.) – акт, які ўтрымліваў палажэнні, што абмяжоўвалі каралеўскую ўладу:

- кароль не меў права прэтэндаваць на перадачу ўлады па спадчыне;

- гарантыі свабоды веравызнання для шляхты ў межах хрысціянства (акт Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г.);

- кожныя два гады павінен склікацца сойм, без згоды якога нельга ўводзіць новыя падаткі і склікаць вайсковае апалчэнне;

- без згоды Сената каралю забаранялася ажыццяўляць міжнародныя справы, прызначаць і звальняць вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў;

- калі кароль не выконваў умоваў “артыкулаў”, шляхта мела права на стварэнне канфедэрацыі (часовага шляхецкага саюзу, накіраванага на дасягненне пэўнай мэты, у межах якога рашэнні прымаліся большасцю галасоў) і арганізацыю ўзброенага выступлення (рокаш).

Вальны сойм Рэчы Паспалітай склікаўся з перыядычнасцю раз у два гады. Нярэдка адбываліся надзвычайныя соймы. Як правіла, сойм працягваўся шэсць тыдняў. Месцам правядзення соймаў звычайна была Варшава. Пасля 1673 г. кожны трэці вальны сойм адбываўся на тэрыторыі ВКЛ у Гародні. Функцыі соймаў:

- выбары караля (элекцыйныя і каранацыйныя сеймы);

- пытанні аб вайне і міры;

- збор і памер падаткаў на ваенныя патрэбы;

- міжнародныя пытанні;

- прыняцце законаў (канстытуцый);

- ажыццяўленне суду па крымінальных справах вышэйшых чыноўнікаў;

- прыняцце хадайніцтваў павятовай шляхты.

Вальны сойм складаўся з дзвюх палат: Сената і Пасольскай ізбы.

Сенат (каралеўская рада і вышэйшая палата) складаўся з ліку ранейшых сенатараў Польскага Каралеўства, а таксама прадстаўнікоў Паноў Рады ВКЛ (каталіцкія біскупы, ваяводы і кашталяны, маршалак найвышэйшы, канцлер, падканцлер, пабскарбі земскі, маршалак дворны). У Сенаце існавала іерархія сенатарскіх годнасцей. Месца першага сенатара займаў гнезненскі арцыбіскуп. Сенатары ВКЛ і Польскага каралеўства засядалі асобна. Падчас пасяджэнняў сойму сенатары не галасавалі, а выказвалі свае меркаванні (вотум) па вынесеных на разгляд пытаннях паводле старшынства. Пасля абмеркавання кароль ці па яго даручэнні канцлер фармулявалі агульнае канчатковае рашэнне паводле пэўнага пытання (яно было не аднадумным, а абапіралася на меркаванне большасці сенатараў, да якога далучаўся кароль). У кампетэнцыю Сената ўваходзіла канчатковае рэдагаванне і зацвярджэнне законаў. У поўным складзе Сенат збіраўся рэдка. Сталым органам з’яўлялася выбраная соймам на два гады рада сенатараў-рэзідэнтаў (пастаянная дарадчая камісія пры каралю, фактычна існавала з 1606 г.), якая складалася з 16 сенатараў (з 1641 г. – 28) і несла адказнасць перад соймам.

Пасольская ізба складалася са 180 паслоў (дэпутатаў), абраных шляхтай. З іх ліку 46 з’яўляліся прадстаўнікамі ад ВКЛ. Выбары дэпутатаў адбываліся на сойміках; у ВКЛ выбіраліся па два паслы ад кожнага ваяводства і павета. На сойміках дэпутатам даваліся інструкцыі, у якіх дакладна вызначаліся палажэнні, якія павінен быў адстойваць на сойме пасол. На пасяджэннях Пасольскай ізбы акрамя паслоў, якія мелі права голасу, прысутнічаць мог любы шляхціц. У Пасольскай ізбе абмяркоўваліся пытанні, прапанаваныя каралём і Сенатам, а таксама выносіліся ўласныя прапановы. Мэтай абмеркавання было дасягненне кансенсусу паводле пэўных пытанняў. Праекты законаў, выпрацаваныя Пасольскай ізбой перадаваліся ў Сенат, які мог уносіць папраўкі, заўвагі, але мог і адхіліць законапраект, што нярэдка прыводзіла да завяршэння сойма без прыняцця рашэнняў.

У дзейнасці сойму існавала права лібэрум вета (аднагалоснае прыняцце рашэнняў). Гэта азначала, што з-за выказанай услых нязгоды аднаго пасла адмяняліся ўсе рашэнні сойму. Упершыню дадзенае права было выкарыстана ў 1652 г. Актыўнае яго ўжыванне ў другой палове 17 – 18 стст. прывяло ў выніку да дэзарганізацыі дзейнасці соймаў.

Вынікам працы сойма з’яўляліся канстытуцыі (ухвалы), якія мелі заканадаўчую сілу. Для іх зацвярджэння патрабавалася агульная згода караля, Сената і Пасольскай ізбы. Прадугледжваліся асобныя канстытуцыі для Польшчы і ВКЛ.

Вялікую ролю ва ўнутрыпалітычным развіцці Рэчы Паспалітай мелі перыяды паміж смерцю або адстаўкай чарговага караля і абраннем новага караля, якія мелі назву бескаралеўі. У гэтыя перыяды фармальным кіраўніком дзяржавы з’яўляўся архіепіскап гнезненскі. Паводле яго загаду падчас бескаралеўя склікаліся тры соймы:



- канвакацыйны – на ім падводзіліся вынікі папярэдняга праўлення, разглядаліся найбольш важныя грамадскія і дзяржаўныя праблемы, вызначалася працэдура выбараў новага караля;

- элекцыйны – на ім праходзілі выбары караля з ліку некалькіх кандыдатаў;

- каранацыйны – на ім адбывалася каранацыя новаабранага караля, які падпісваў “пакта канвента” і “Генрыкавы артыкулы”.

Асаблівасцю канвакацыйнага і элекцыйнага сеймаў было тое, што на іх не дзейнічала права “лібэрум вета”, што давала магчымасць адначасова праводзіць істотныя дзяржаўныя рэформы.

Значную ролю ў сістэме дзяржаўнай улады мелі органы шляхецкага самакіравання – соймікі. Яны ўяўлялі з сябе сходы шляхты пэўнага павета. Існавала некалькі відаў соймікаў:

- перадсоймавыя – збіраліся напярэдадні соймаў для выбрання паслоў на сойм і выпрацоўкі для іх інструкцый;

- рэляцыйныя – збіраліся пасля соймаў, на іх дэпутаты з сойму рабілі справаздачы аб сваёй дзейнасці, прымаліся ўхвалы па рэалізацыі соймавых канстытуцый, а таксама па справах, якія на соймах перадаваліся на разгляд соймікаў (пра згоду на падаткавыя соймавыя ўхвалы, выбранне павятовых зборшчыкаў падаткаў і г.д.);

- дэпутацкія – збіраліся штогод для выбараў суддзяў Трыбунала ВКЛ;

- элекцыйныя – збіраліся для выбараў кандыдатаў у склад земскага павятовага суда і некаторых іншых мясцовых чыноўнікаў;

- гаспадарчыя – збіраліся для вырашэння пытанняў мясцовага гаспадарчага жыцця: размеркаванне падаткаў, выбары падатковых зборшчыкаў падаткаў і г.д. Ва ўмовах дэзарганізацыі дзейнасці соймаў у другой палове 17 – 18 стст. павялічваецца роля соймікаў у арганізацыі грамадска-палітычнага жыцця.

Спецыфічным органам ўлады з’яўляўся Галоўны соймік ВКЛ, існаванне якога падкрэслівала аўтаномію ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. Ён уяўляў з сябе з’ездаў сенатараў і паслоў, абраных на сойм на павятовых сойміках ад ВКЛ, які склікаўся ў Ваўкавыску ці Слоніме. На галоўных сойміках узгадняліся інструкцыі павятовых соймікаў і пазіцыі соймавых паслоў усіх паветаў ВКЛ, а таксама вызначаліся мэты і задачы ўсіх прадстаўнікоў ВКЛ на агульным сойме. Часамі каралём склікаліся асобныя з’езды прадстаўнікоў шляхты ВКЛ (віленская канвакацыя) для вырашэння пэўных пытанняў (галоўным чынам для таго, каб дабіцца ўхвалы на збор падаткаў у тым выпадку, калі такой ухвалы на даваў вальны сойм), а таксама з’езды, скліканне якіх арганізоўвалася сенатарамі або шляхецкай супольнасцю ВКЛ, для вырашэння надзвычайных праблем.



Судовая сістэма ВКЛ захавала ў асноўным структуру, якая склалася да Люблінскай уніі. Вышэйшым апеляцыйным судом замест вялікакняскага суда стаў Трыбунал ВКЛ, створаны ў 1581 г. і замацаваны Статутам ВКЛ 1588 г. Ён складаўся з ліку суддзяў, абраных ад шляхты кожнага павета на штогадовых дэпутацкіх сойміках. Сесіі Трыбунала праводзіліся ў Вільні (для заходняй часткі ВКЛ) і Менску (для ўсходняй часткі).

Заканадаўства ВКЛ ажыццяўлялася на аснове трэцяга Статута ВКЛ 1588 г., які змяшчаў 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. Статут замацаваў тыя формы дзяржаўна-палітычнага ладу, якія склаліся пасля Люблінскай уніі. У той жа час Статут вельмі моцна падкрэсліваў дзяржаўную самастойнасць ВКЛ. У ім нічога не гаварылася аб дзяржаўнай сувязі з Польшчай; вышэйшым заканадаўчым органам улады абвяшчаўся сойм ВКЛ, хаця фактычна дзейнічалі супольныя соймы Рэчы Паспалітай. У Статуце падкрэслівалася самастойнасць дзяржаўна-адміністрацыйнага апарату, пячаткі, войска, фінансавай, падатковай, мытнай сістэмы ВКЛ; забаранялася займанне дзяржаўных пасад і масавае набыццё зямельнай маёмасці асобамі, якія не з’яўляліся ўраджэнцамі ВКЛ (пункт наконт зямельнай маёмасці непасрэдна супярэчыў акту Люблінскай уніі).

У Статуце 1588 г. знайшла адлюстраванне тэорыя дакладнага падзелу ўлада на:



    • заканадаўчую (сойм);

    • выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат);

    • судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды, якія выбіраліся шляхтай і не залежалі ад адміністрацыі).

Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзелу ў ВКЛ вылучаліся ваяводствы і паветы:

Віленскае ваяводства (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі, Лідскі паветы);

Троцкае ваяводства (Гарадзенскі, Ковенскі, Троцкі, Упіцкі паветы);

Новагародскае ваяводства (Ваўкавыскі, Новагародскі, Слонімскі паветы);

Менскае ваяводства (Менскі, Рэчыцкі, Мазырскі паветы);

Берасцейскае ваяводства (Берасцейскі, Пінскі паветы);

Віцебскае ваяводства (Віцебскі, Аршанскі паветы);

Полацкае ваяводства;

Мсціслаўскае ваяводства;

Жамойцкая зямля;

Смаленскае ваяводства (у 1611 – 1654 гг.).

Ва ўмовах элекцыйнай манархіі ўсталявалася шляхецкая дэмакратыя, пад якой разумеецца форма грамадска-палітычнага ладу, паводле якой вызначаўся прывілеяваны статус шляхты як палітычнага народу (польскага і літоўскага) і яго кіруючая роля ў сістэме дзяржаўнай улады. У рашэнні Віленскага сойму ВКЛ 1566 г., на якім быў прыняты другі Статут ВКЛ, было пацверджана, што ўся шляхта ВКЛ з’яўляецца часткай “адзінага высакароднага народа”, абавязак якога абараняць краіну.

Юрыдычна шляхта лічылася адзінай супольнасцю, якая функцыянавала на прынцыпах свабоды і фармальнай роўнасці:

- асабістая недатыкальнасць;

- выключнае права на займанне дзяржаўных пасад і ўдзел ў грамадска-палітычным жыцці;

- свабода веравызнання;

- выключнае права ўласнасці на зямлю;

- раўнапраўе ў межах шляхецкага саслоўя.

Палітычныя рэформы 1560-х гг. і унія з Польшчай прывялі да ліквідацыі пануючага статусу арыстакратыі ВКЛ. Аднак, нягледзячы на фармальную роўнасць, эканамічныя пазіцыі розных слаёў шляхты не былі аднолькавымі. Вылучалася групоўка багатых уплывовых магнатаў, пераважна з ліку ранейшых арыстакратычных родаў, а таксама некаторых прадстаўнікоў разбагацеўшай сярэдняй шляхты (Радзівілы, Сапегі, Агінскія, Пацы, Хадкевічы, Храптовічы і г.д.). Дробная і сярэдняя шляхта трапляла ў розныя формы эканамічнай і палітычнай залежнасці ад магнатаў, пераўтваралася ў яе кліентэлу. Такім чынам, паступова шырокія масы шляхты выкарыстоўваліся ў якасці палітычнага інструмента буйнымі магнацкімі групоўкамі, якія фактычна вызначалі грамадска-палітычнае жыццё дзяржавы. Такая сістэма атрымала назву магнацкая алігархія. Найбольш яскрава яна праявілася ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ у другой палове 17 – 18 стст.

Такім чынам, на працягу апошняй трэці 16 – 18 стст. Рэч Паспалітая ўяўляла з сябе элекцыйную манархію, у межах якой сфарміравалася спецыфічная форма грамадска-палітычнага ладу – шляхецкая дэмакратыя. Вялікае княства Літоўскае захавала значную дзяржаўную самастойнаць у межах Рэчы Паспалітай.
6.3. Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у канцы 16 – першай палове

17 стст.

Рэч Паспалітая на момант яе ўтварэння была адной з самых вялікіх дзяржаў Еўрапейскага кантынента. Яе суседзямі з’яўляліся Маскоўская дзяржава, Крымскае ханства (васал Асманскай імперыі), Свяшчэнная Рымская імперыя, Шведскае каралеўства, Малдаўскае і Трансільванскае княствы.

Пасля смерці апошняга караля і вялікага князя з дынастыі Ягелонаў Жыгімонта Аўгуста першым абраным усёй шляхтай Рэчы Паспалітай каралём стаў французкі прынц Генрых Валуа (1573 – 1574). Аднак у хуткім часе ён з’ехаў у Францыю, дзе заняў каралеўскі трон.

Наступным каралём быў абраны трансільванскі князь Стэфан Баторый (1576–1586). Ва ўнутранай палітыцы ён імкнуўся да ўмацавання цэнтральнай дзяржаўнай улады і войска перадусім для паспяховага завяршэння Інфлянцкай вайны 1558 – 1582 гг. Стэфан Баторый аказваў шырокую падтрымку каталіцкай царкве і асабліва ордэну езуітаў; у той жа час, аднак, прытрымліваўся прынцыпаў рэлігійнай талеранцыі, пацвярджаў правы праваслаўнай царквы, караў удзельнікаў антыпратэстанцкіх пагромаў.

У знешняй палітыцы галоўным накірункам дзейнасці С. Баторыя была барацьба з Маскоўскай дзяржавай за кантроль над Інфлянтамі і адваяванне занятых маскоўскімі войскамі ў 1563 г. зямель ВКЛ. Ваенныя дзеянні паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй аднавіліся ў 1577 г., калі маскоўскія войскі захапілі большую частку Інфлянтаў. Швецыя выступіла ў вайне на баку Рэчы Паспалітай. Паводле рашэння сойма 1578 г., было сабрана вялікае войска, пераважна наёмнае (немцы і венгры). У 1579 г. войскі РП занялі Полацк, а ў наступным годзе – Усвят, Вялікія Лукі, Холм, Старую Русу; у 1581 г. быў узяты ў аблогу Пскоў. Паводле Ям-Запольскага перамір’я 1582 г. ВКЛ вярнула Полаччыну. Пад супольнае кіраўніцтва ВКЛ і Польскага каралеўства адышла большая частка Інфлянтаў, толькі поўнач Эстоніі быў далучаны да Шведскага каралеўства. У выніку вайны насельніцтва Полацка скарацілася да 3 тыс. чалавек, а ў рэгіёне пуставала да 2/3 двароў.

Пасля смерці С. Баторыя (1586) у выніку жорсткай палітычнай барацьбы каралём і вялікім князем быў абраны шведскі прынц Жыгімонт Ваза (1588–1532), які па задумцы магнатэрыі павінен быў аб’яднаць пад сваёй уладай Рэч Паспалітую і Шведскае каралеўства, стварыць дынастычную унію і далучыць паўночную Эстонію да Рэчы Паспалітай. У 1594 г. ён быў каранаваны каралём Швецыі, аднак у выніку змовы на чале з будучым каралём Карлам ІХ Сундэрманландскім у 1598 г. быў пазбаўлены шведскага трона. Гэта прывяло да дынастычнай вайны паміж прыхільнікамі Жыгімонта Вазы і Карла Сундэрманландскага ў Швецыі, якая потым перарасла ў вайну Швецыі і Рэчы Паспалітай.

Унутраная палітыка Жыгімонта Вазы ў першыя дзесяцігоддзі была накіравана на ўмацаванне інстытутаў цэнтральнай улады. Гэта выклікала шырокую незадаволенасць шляхты ВКЛ і Польшчы, вынікам якой стаў узброены рокаш М. Зэбджыдоўскага – Я. Радзівіла 1606 – 1609 гг. Рокаш быў падаўлены, аднак, Жыгімонт Ваза адмовіўся ад планаў цэнтралізацыі ўлады. Падчас каралявання Жыгімонта Вазы праводзілася актыўная падтрымка каталіцкай царквы і ордэна езуітаў. На сенатарскія пасады прызначаліся толькі асобы каталіцкага веравызнання; дзякуючы падобнай палітыцы і езуіцкай прапагандзе большая частка пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты перайшла ў каталіцызм. Паводле ініцыятывы Жыгімонта Вазы, была ажыццёўлена Берасцейская царкоўная унія 1596 г., якая прадугледжвала далучэнне праваслаўнай царквы да каталіцкай, што выклікала востры праваслаўна–уніяцкі канфлікт. У той жа час свабода веравызнання для шляхты была захавана.

Ва ўнутрыпалітычным жыцці ВКЛ падчас каралявання Жыгімонта Вазы абазначаюцца некалькі значных сацыяльных праблем:

- рэлігійныя канфлікты паміж католікамі, праваслаўнымі і пратэстантамі;

- грабежніцкія дзеянні вайсковых наёмнікаў падчас вядзення войнаў і атрадаў казакаў (найбольш значная падзея – казацкае паўстанне Налівайкі 1594-1596 г.);

- праблема арганізацыі фінансавай, падатковай сістэмы, фарміравання, укамплектавання і забеспячэння войска падчас правядзення войнаў.

Асноўныя накірункі знешняй палітыкі ВКЛ падчас каралявання Жыгімонта Вазы:

1) Барацьба са Швецыяй за кантроль над Інфлянтамі. Яе адлюстраваннем сталі войны са Швецыяй 1600 – 1611 і 1617 – 1629 гг. У 1600 – 1611 гг. войскі ВКЛ на чале з Крыштофам Радзівілам і Янам Каралем Хадкевічам сумесна з польскімі войскамі праводзілі паспяховую барацьбу супраць шведскіх войскаў; Інфлянты засталіся пад кантролем РП. Найбольш значнай падзеяй гэтай вайны была перамога войска на чале з Я. К. Хадкевічам пад Кірхгольмам (Саласпілс) у 1605 г. Аднак у выніку вайны 1617–1629 гг. шведскія войскі захапілі Рыгу і большую частку Інфлянтаў. Паводле Альтмаркскага перамір’я 1629 г., да Швецыі адышла частка Інфлянтаў на ўсход ад Зах. Дзвіны з Рыгай і прускія порты. Рэч Паспалітая пазбавілася магчымасці развіваць ваены флот на Балтыцы. У складзе Рэчы Паспалітай заставаліся паўночна-усходняя Лівонія (Латгалія) і васальнае Курляндскае герцагства.

2) Барацьба з Маскоўскай дзяржавай за геапалітычны кантроль ва Ўсходняй Еўропе і за ўладанне сумежнымі тэрыторыямі. У 1600 г. ва ўмовах барацьбы са Швецыяй кіруючыя колы РП прапаноўвалі ідэю палітычнага саюзу з Масковіяй, накіраванага супраць Швецыі і Турцыі, аднак гэты праект быў адхілены маскоўскімі ўладамі. На пачатку 17 ст. у Маскоўскай дзяржаве пачынаецца грамадзянская вайна (“Смута”), у якой удзельнічалі розныя групоўкі баярства, дваранства, казацтва, мяшчанства. У дадзеных умовах шляхта, мяшчане і казакі Рэчы Паспалітай з мэтай уласнага ўзбагачэння актыўна прымаюць удзел у гэтай вайне на баку Ілжэдмітрыя І (1605–1606), а ў 1608–1609 г. удзельнічалі ў паходзе на Маскву Ілжэдзмітрыя ІІ (Ілжэдзітрыі абвяшчалі сябе цудоўнавыратаваным царэвічам Дзмітрыем Іванавічам, які загінуў пры нявысветленых абставінах у дзіцячым узросце) і змагаліся за трон. Карыстаючыся з відавочнай слабасці Маскоўскай дзяржавы, Рэч Паспалітая пачала вайну супраць яе 1609-1618 гг. Ва ўмовах грамадзянскай вайны большасць маскоўскіх баяр у 1610 г. абвясцілі царом Уладыслава, сына Жыгімонта Вазы. У 1610-1612 гг. войскі Рэчы Паспалітай занялі Маскву. Аднак ва ўмовах унутранай барацьбы ў Масковіі войскі Рэчы Паспалітай былі выдалены ў 1612 г. з Масквы. У 1617-1618 гг. войска на чале з Уладыславам Вазам і казацкім гетманам П. Сагайдачным ажыццявіла паход на Маскву, але ён скончыўся беспаспяхова. Паводле Дэўлінскага перамір’я 1618 г. да ВКЛ адыйшла Смаленская зямля, а ў склад Польшчы ўключаны Чарнігаўская і Ноўгарад-Северская землі.

3) Барацьба сумесна з Польшчай супраць Крымскага ханства і Асманскай імперыі за кантроль над тэрыторыямі Ніжняга Падняпроўя і за ўплыў у наддунайскіх княствах (Малдавія, Валахія). Найбольш значнай падзеяй з’яўлялася вайна з Турцыяй і Крымскім ханствам 1620-1621 гг. Кульмінацыйным момантам вайны была Хацімская бітва 1621 г., у якой войскі ВКЛ і Польскага каралеўства атрымалі перамогу.

4) Саюз з Габсбургскай Аўстрыяй. Рэч Паспалітая аказвала дыпламатычную падтрымку Габсбургскаму блоку ў Трыццацігадовай вайне (1618 – 1648), у які ўваходзілі Аўстрыя, Іспанія і шэраг каталіцкіх княстваў Германіі, што супрацьстаялі Швецыі, Францыі, Даніі, Галандыі і пратэстанцкім княствам Германіі.

Новым каралём пасля смерці Жыгімонта Вазы быў абраны яго сын Уладыслаў Ваза (1632 – 1648). Ва ўнутранай палітыцы Ўладыслаў спрабаваў вырашыць асноўныя сацыяльныя праблемы, якія існавалі ў дзяржаве. У 1632 – 1635 гг. адбылася легалізацыя праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай і аднаўленне яе іерархіі, што некалькі змякчыла рэлігійную праблему. Аднак рэлігійныя супярэчнасці не былі цалкам вырашаны. Абвастраецца казацкая праблема; казакі, выступаючы за пашырэнне сваіх прывілеяў, выкарыстоўвалі рэлігійнае пытанне, абвяшчаючы сябе абаронцамі праваслаўя.

У знешняй палітыцы РП падчас каралявання Ўладыслава Вазы найбольш значнай падзеяй стала вайна з Маскоўскай дзяржавай 1632 – 1634 гг. Мэтай вайны была спроба Масковіі вярнуць сабе Смаленскую зямлю. Маскоўскія войскі ўзялі ў аблогу Смаленск, аднак войска ВКЛ здолела зняць асаду. Паводле Палянаўскага міру 1634 г. былі захаваны ранейшыя межы паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай.

Такім чынам, у апошняй трэці 16 – першай палове 17 стст. Рэч Паспалітая, і ў яе складзе ВКЛ, з’яўлялася адной з найбольш уплывовых дзяржаў у Еўропе. Аднак у той жа час унутраныя сацыяльна-палітычныя праблемы (барацьба паміж шляхецкімі групоўкамі, міжканфесійныя канфлікты, казацкая праблема) сталі перадумовамі палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай у сярэдзіне 17 ст.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   35




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет