ЗМЕСТ
Уводзіны ў дысцыпліну “Гісторыя Беларусі”.
Модуль 1. Цывілізацыйная спадчына Старажытнага свету, сярэдніх вякоў і Беларусь.
Тэма 1: Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі.
Тэма 2: Раннефеадальныя княствы на тэрыторыі Беларусі 9 – 13 стст.
Тэма 3: Утварэнне і грамадска-палітычнае развіццё Вялікага княства Літоўскага ў другой палове 13 – першай палове 16 стст.
Тэма 4: Сацыяльна-эканамічнае развіцце ВКЛ 14 - 16 стст.
Тэма 5: Рэлігія і культура ВКЛ у 14 – 16 стст.
Модуль 2. Цывілізацыйная спадчына Hовага часу і Беларусь.
Тэма 6: Грамадска-палітычнае развіццё ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай (апошняя трэць 16 – першая палова 17 стст.).
Тэма 7: Грамадска-палітычнае развіццё ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай (апошняя трэць 16 – першая палова 17 стст.). Падзелы Рэчы Паспалітай.
Тэма 8:Сацыяльна-эканамічнае развіццё ВКЛ у 17 – 18 стст.
Тэма 9: Рэлігія і культура ВКЛ 17 – 18 стст.
Модуль 3. Беларусь у складзе Расійскай імперыі.
Тэма 10: Грамадска-палітычнае жыццё і эвалюцыя палітыкі царызму на землях Беларусі ў канцы 18 - першай палове 19 стст.
Тэма 11: Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове 19 ст.
Тэма 12: Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове 19 ст.
Тэма 13: Сацыяльна-палітычнае жыццё Беларусі ў другой палове 19 ст.
Тэма 14: Фарміраванне беларускай нацыі. Культура Беларусі ў 19 ст.
Тэма 15: Беларусь на пачатку 20 ст. (рэвалюцыя 1905-1907 гг. і перыяд 1907-1914 гг.).
Модуль 4. Беларусь у перыяд сусветных войнаў і рэвалюцый 1914 – 1945 гг. Фарміраванне беларускай савецкай дзяржаўнасці.
Тэма 16: Першая сусветная вайна і рэвалюцыйныя падзеі 1917 г. на тэрыторыі Беларусі.
Тэма 17: Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі ў 1918-1921 гг.
Тэма 18: Новая эканамічная палітыка і палітыка беларусізацыі ў БССР.
Тэма 19: БССР у 1930-я гг.
Тэма 20: Заходняя Беларусь у складзе Польшчы.
Тэма 21: Беларусь ва ўмовах Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны.
Модуль 5. Беларусь у пасляваенны перыяд (другая палова 20 – пачатак 21 стст.). Станаўленне незалежнай беларускай дзяржавы.
Тэма 22: БССР у другой палове 1940 – першай палове 1950-х гг.
Тэма 23: БССР у другой палове 1950-х – 1980-я гг.
Тэма 24: Рэспубліка Беларусь на сучасным этапе развіцця.
Найбольш значныя даты гісторыі Беларусі.
Тэрміналагічны слоўнік.
Спіс літаратуры.
УВОДЗІНЫ
“Гісторыя Беларусі” з’яўляецца абавязковым для вывучэння прадметам ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Рэспублікі Беларусь. Мэта вывучэння дысцыпліны – фарміраванне сацыяльна-асобасных кампетэнцый студэнтаў, што павінна забяспечыць іх самавызначэнне ў сістэме каштоўнасцей, выпрацаваных у працэсе гістарычнага развіцця беларускага народа.
У выніку вывучэння дысцыпліны студэнт павінен ведаць:
1) асноўныя гістарычныя перыяды грамадскага развіця на тэрыторыі Беларусі;
2) асаблівасці эвалюцыі сацыяльна-эканамічных адносін у розныя гістарычныя перыяды на тэрыторыі Беларусі;
3) этапы станаўлення і развіцця форм дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі, вытокі дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь;
4) дасягненні ў развіцці матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа;
5) месца і ролю беларускіх земляў у геапалітычных працэсах у розныя гістарычныя перыяды, месца суверэннай Рэспублікі Беларусь у сучасным свеце.
Студэнт павінен умець:
1) рабіць характарыстыку асаблівасцяў развіцця грамадства на тэрыторыі Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды;
2) вызначаць спецыфічныя рысы сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх зямель у розныя гістарычныя перыяды, тлумачыць прычыны сацыяльна-эканамічных трансфармацый у гісторыі Беларусі;
3) аналізаваць працэс фарміравання і развіцця розных форм дзяржаўнасці і сацыяльна-палітычных адносін на тэрыторыі Беларусі, вызначыць вытокі станаўлення суверэнітэту Рэспублікі Беларусь;
4) тлумачыць уплыў розных культурна-цывілізацыйных фактараў на развіццё беларускага грамадства і вызначаць асноўныя дасягненні ў развіцці матэрыяльнай і духоўнай культуры;
5) характарызаваць геапалітычнае становішча беларускіх зямель у розныя гістарычныя перыяды, аналізаваць месца і ролю суверэннай Рэспублікі Беларусь ва ўмовах глабалізацыі.
Структура вучэбна-метадычнага комплекса ўключае ў сябе два блокі:
1) лекцыйны, які ўтрымлівае ў сабе інфармацыйна-аналітычны матэрыял у межах дысцыпліны;
2) практыкум, які змяшчае кантрольныя пытанні і заданні па асобных тэмах курса, а таксама прыкладную тэматыку дакладаў і рэфератаў у якасці спосабаў засваення дадатковай інфармацыі ў межах курса.
У канцы ВМК змешчаны спіс асноўнай і дадатковай літаратуры, неабходнай для засваення матэрыялу курса, а таксама тэрміналагічны слоўнік і спіс важнейшых дат з гісторыі Беларусі.
Уводзіны ў дысцыпліну “Гісторыя Беларусі”
-
Гісторыя як навука. Прадмет і аб’ект гісторыі.
-
Метадалогія гістарычнай навукі.
-
Асноўныя падыходы да вывучэння гісторыі.
-
Перыядызацыя гісторыі Беларусі.
У.1. Гісторыя як навука. Прадмет і аб’ект гісторыі.
Гісторыя – навука аб заканамернасцях функцыянавання грамадства на розных этапах яго развіцця. Яна ўяўляе з сябе інтэгральную дысцыпліну, якая абагульняе веды аб асноўных накірунках функцыянавання грамадскага жыцця ў часе.
Гісторыя як навука мае сваю спецыфіку ў параўнанні з іншымі як прыродазнаўчымі, так і сацыяльна-гуманітарнымі навукамі.
Адрозненне гісторыі ад прыродазнаўчых навук:
- у межах прыродазнаўчых навук галоўным з’яўляецца ўстанаўленне факту, які потым тлумачыцца з дапамогай пэўных заканамернасцяў; у межах гісторыі факт з’яўляецца вынікам дзейнасці людзей і выступае як унікальная з’ява, што не заўсёды можа быць патлумачана з дапамогай пэўных заканамернасцяў;
- у межах прыродазнаўчых навук пэўны факт устанаўліваецца, галоўным чынам, шляхам эмпірычных метадаў (назіранне, эксперымент і інш.); у межах гістарычнай навукі выкарыстанне дадзеных метадаў амаль немагчымае – вывучэнне гістарычных фактаў адбываецца на аснове розных гістарычных крыніц, якія не заўсёды дакладна адлюстроўваюць падзеі мінулага;
- у прыродазнаўчых навуках даследчык выступае як незалежны назіральнік, што канстатуе факты і ўстанаўлівае заканамернасці; у межах гістарычнай навукі вялікую ролю маюць суб’ектыўныя асаблівасці навукоўца-даследчыка, паколькі гістарычныя факты могуць мець розныя інтэрпрэтацыі.
Адрозненне гісторыі ад іншых сацыяльна-гуманітарных навук:
- гістарычная навука выступае як комплексная навука, якая сістэмна разглядае ўсе падсістэмы грамадства ў розныя часавыя эпохі; гэта патрабуе сінтэзу ведаў з галіны філасофіі, эканамічнай тэорыі, сацыялогіі, паліталогіі, культуралогіі, рэлігіязнаўства і іншых сацыяльна-гуманітарных дысцыплін;
- калі прадстаўнікі іншых сацыяльна-гуманітарных навук вывучаюць асобныя сферы грамадства (эканамічная тэорыя вывучае эканамічную сферу, паліталогія – палітычную і г.д.), то гісторыя вывучае ўсе сферы жыцця грамадства ў іх развіцці ў часе і прасторы.
Асноўныя функцыі гісторыі як навукі:
1) Пазнавальная функцыя: у межах гісторыі адбываецца даследаванне і тэарэтычная апрацоўка шматбаковай інфармацыі аб мінулым грамадства.
2) Практычная функцыя: гісторыя садзейнічае захаванню і практычнай перадачы сацыяльнага вопыту. Крытычнае ўспрыманне мінулага дапамагае зразумець і асэнсаваць, якія з’явы мінулага перайшлі ў сучаснае, дазваляе даследаваць розныя шляхі развіцця грамадства ў перспектыве.
3) Выхаваўчая функцыя: гісторыя садзейнчае фарміраванню светапогляду асобы, складванню самастойных адносін да з’яў сацыяльнай рэчаіснасці.
У.2. Метадалогія гістарычнай навукі.
Кожная навука мае сваю метадалогію.
Метадалогія навукі – гэта сістэма асноўных прынцыпаў і метадаў пэўнай навуковай дысцыпліны.
Прынцыпы – зыходныя паняцці навукі, што вызначаюць асноўныя спосабы вырашэння навуковай праблемы.
Метады – гэта сукупнасць прыёмаў і аперацый, што рэгулююць дзейнасць даследчыка і забяспечваюць вырашэнне даследчыцкай задачы.
Прынцыпы гістарычнай навукі:
Гістарызм – прынцып, у адпаведнасці з якім грамадства вывучаецца ў працэсе развіцця, падчас якога адбываюцца якасныя змены ў розных сферах сацыяльнага жыцця.
Аб’ектыўнасць – прынцып, які патрабуе разглядаць гістарычныя з’явы аб’ектыўна, г.зн. такімі, якімі яны ёсць незалежна ад волі і жаданняў асобных індывідаў.
Сістэмнасць – прынцып, які патрабуе вывучэння гістарычных з’яў у межах пэўнай грамадскай сістэмы, з улікам усёй сукупнасці ўзаемасувязяў і механізмаў іх фунцыянавання.
Метады гістарычнага даследавання:
Агульнанавуковыя:
аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя, абагульненне, абстрагаванне, аналогія, лагічны аналіз.
Спецыяльна-навуковыя:
гісторыка-генетычны метад дазваляе вывучаць з’явы ў працэсе іх развіцця, ад зараджэння да гібелі ці сучаснага стану;
гісторыка-параўнальны метад дазваляе параўноўваць гістарычныя аб’екты ў прасторы і часе, выяўляць падабенствы і адрозненні паміж імі;
гісторыка-тыпалагічны дазваляе выяўляць агульныя рысы ў прасторавых групах гістарычных падзей і з’яў і вылучаць аднародныя стадыі ў іх развіцці;
гісторыка-сістэмны метад дазваляе праводзіць паглыблены аналіз сацыяльна-гістарычных сістэм і раскрываць унутраныя механізмы іх функцыянавання.
Крыніцамі інфармацыі для гісторыкаў выступаюць матэрыялы і знаходкі экспедыцый, раскопак, музейных калекцый, архіваў.
Тыпы гістарычных крыніц:
- пісьмовыя (летапісы, хронікі, карэспандэнцыя і г.д.);
- рэчавыя (музейныя і археалагічныя калекцыі);
- этнаграфічныя (прадметы побыту этнічных культур);
- фальклорныя (легенды, казкі, песні і г.д.);
- вусныя (успаміны непасрэдных удзельнікаў падзей);
- кінафотадакументы;
- фонадакументы (запісы гука).
У.3. Асноўныя падыходы да вывучэння гісторыі.
У сучасных сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах вылучаюць два асноўныя падыходы да вывучэння гісторыі:
- лінейныя (стадыльна-паступовыя); сутнасць іх палягае ў поглядзе на гісторыю як адзіны працэс паступовага, узыходзячага развіцця чалавецтва, у адпаведнасці з якім вылучаюцца стадыі ў гісторыі;
- нелінейныя; сутнасць яго ў поглядзе на гісторыю як працэс фарміравання і развіцця некалькіх самастойных грамадскіх супольнасцяў, кожная з якіх мела сваю самастойную гісторыю.
У межах лінейных вылучаюцца наступныя падыходы:
1) Гістарычныя канцэпцыі Асветніцтва (І. Гердэр, М.Ж. Кандарсэ, Л. Морган і інш.). У іх гісторыя чалавецтва падзяляецца на тры стадыі:
- дзікасць (перыяд панавання прывойваючай гаспадаркі і родавай абшчыны);
- варварства (перыяд пераходу ад родавага да класавага грамадства, узнікнення вытворчай гаспадаркі ў выглядзе земляробства і жывёлагадоўлі, рамяства, пачаткаў гандлю, сацыяльнай няроўнасці);
- цывілізацыя (перыяд, для якога характэрна фарміраванне сацыяльна-класавай структуры грамадства, дзяржаўнасці, гарадской гаспадаркі і культуры, пісьмовасці).
Штуршком да пераходу грамадства ад адной стадыі да другой абвяшчаюцца распаўсюджанне ведаў аб прыродзе і грамадстве.
2) Фармацыйны падыход распрацаваны ў межах марксізму (К. Маркс, Ф. Энгельс і інш.). У аснове яго знаходзіцца матэрыялістычнае тлумачэнне гісторыі, у адпаведнасці з якім галоўнай сферай грамадскага жыцця абвяшчаецца матэрыяльная вытворчасць. Фармацыя – гэта ўстойлівы тып грамадства, у аснове якога знаходзіцца пэўны спосаб вытворчасці. Спосаб вытворчасці, які ўключае ў сябе прадукцыйныя сілы (прадметы, сродкі працы і працоўная сіла) і адпавядаючыя ім вытворчыя адносіны (адносіны паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, абмену, размеркавання і спажывання прадуктаў) абвяшчаюцца базісам грамадства, які вызначае яго спецыфіку. Надбудова (сферы палітыкі, культуры, рэлігіі і г.д.) абвяшчаецца залежнай ад базісу. Усё чалавецтва праходзіць праз некалькі сацыяльна–эканамічных фармацый, якія вылучаюцца на аснове пануючых у пэўным грамадтве вытворчых адносін і правоў уласнасці на сродкі вытворчасці (першабытнаабшчынная, рабаўладальніцкая, феадальная, капіталістычная, а затым пасля пралетарскай рэвалюцыі павінна была прыйсці сацыялістычная-камуністычная). Крыніцай пераходу ад адной фармацыі да другой з’яўляюцца ўнутраныя супярэчнасці ў паміж прадукцыйнымі сіламі, якія пастаянна развіваюцца, і вытворчымі адносінамі, што з’яўляюцца стабільным элементам ў кожнай фармацыі. У перыяды найбольшага абвастрэння эканамічных супярэчнасцяў у грамадстве актывізуецца барацьба паміж сацыяльнымі класамі, якая прыводзіць да сацыяльных рэвалюцый, што становяцца непасрэдным штуршком змены фармацый.
Да моцных бакоў фармацыйнага падыходу трэба аднесці тое, што ён упершыню ў гісторыі сацыяльна-філасофскіх канцэпцый пераадолеў ідэалістычную метадалогію, сцвердзіў агульнасць чалавечай гісторыі, непазбежнасць агульнасусветнага прагрэсу. Але гэты падыход:
а) перабольшваў ролю эканомікі і неадаацэньваў значэнне іншых сфер грамадскага жыцця;
б) абсалютызаваў фактар адзінства чалавечай гісторыі (тыпы фармацый вылучаліся пераважна на аснове аналізу еўрапейскай гісторыі, у той час як на іншых кантынентах вылучэнне падобных тыпаў уяўляецца складаным;
в) абсалютызаваў класавую барацьбу як фактар сацыяльнай дынамікі;
г) галоўную ролю ў аналізе фармацый надаваў аб’ектыўным фактарам і недаацэньваў значэнне суб’ектыўных фактараў.
3) Канцэпцыі тэхналагічнага дэтэрмінізму (Д. Бел, Э. Тофлер і г.д.). У межах дадзенага падыходу вылучаюцца стадыі гістарычнага развіцця ў залежнасці ад панавання на пэўным этапе тых ці іншых тыпаў тэхналогій. У адпаведнасці з гэтым вылучаюць, як правіла, тры тыпы грамадства: аграрнае (даіндустрыяльнае), індустрыяльнае, постіндустрыяльнае.
Аграрнае (даіндустрыяльнае) грамадства характарызуюць:
- вядучая роля сельскай гаспадаркі ў эканоміцы;
- перавага натуральнай гаспадаркі;
- непасрэдны прымус як галоўны сродак ажыццяўлення сацыяльнай улады;
- наяўнасць саслоўнай іерархіі;
- панаванне аўтарытэтаў і традыцый у якасці галоўнага рэгулятара міжасабістых і грамадскіх адносін;
- павольнае развіццё тэхнічнага прагрэсу і яго другасная роля ў працэсах сацыяльнай дынамікі.
Індустрыяльнае грамадства мае наступныя характарыстыкі:
- вядучая роля прамысловасці ў структуры эканомікі;
- прыярытэт таварна-грашовых адносін;
- пераўтварэнне капітала ў асноўны інструмент ажыццяўлення сацыяльнай улады;
- фарміраванне нацый і нацыянальных дзяржаў;
- узнікненне дэмакратычных палітычных інстытутаў;
- пераўтварэнне права ў асноўны рэгулятар грамадскіх адносін;
- урбанізацыя;
- пераўтварэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу ў асноўны фактар развіцця грамадства.
Постіндустрыяльнае грамадства характарызуецца наступнымі рысамі:
- пераўтварэнне навуковых ведаў і інфармацыі ў галоўную крыніцу развіцця эканомікі і важнейшы вытворчы рэсурс;
- пераўтварэнне сферы паслуг у вядучую галіну эканомікі;
- стварэнне інтэлектуалізаванай тэхнікі (аўтаматыка, кампутарныя тэхналогіі);
- развіццё сацыяльнай мабільнасці, павелічэнне значэння ў сацыяльнай структуры тэхнічных спецыялістаў;
- глабалізацыя ў розных сферах грамадскага жыцця.
Нелінейныя падыходы ўвасабляе, галоўным чынам, цывілізацыйны падыход.
Цывілізацыйны падыход фарміруецца ў еўрапейскай сацыяльна-гуманітарнай думцы ў 19-20 стст. (М. Данілеўскі, А. Тойнбі, О. Шпенглер). У ім у якасці асноўнай адзінкі сацыяльнага быцця вылучаецца цывілізацыя. Цывілізацыя – гэта ўстойлівая культурна-гістарычная супольнасць людзей, якая адрозніваецца агульнасцю эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага, духоўнага жыцця, наяўнасцю агульных геаграфічных межаў. Розныя даследчыкі налічваюць ад 8 да 21 цывілізацыі. Да гэтага часу адсутнічаюць адзіныя крытэрыі вылучэння цывілізацый. У аснову аналізу звычайна ставяцца рысы культуры, а эканамічныя і палітычныя асаблівасці прасочваюцца не толькі колькасна, але і змястоўна. Даследчыкі на прыкладзе жыцця культур адрозніваюць агульныя стадыі, якія праходзяць цывілізацыі: нараджэнне, росквіт, заняпад ці вясна, лета, восень, зіма.
Прадстаўнікі дадзенага падыходу вылучаюць, як правіла, два асноўныя тыпы цывілізацый:
Усходні, для якога характэрныя:
- традыцыяналізм;
- вялікі ўплыў рэлігіі на грамадскае жыццё;
- вызначальная роля дзяржаўных інстытутаў у розных сферах жыцця грамадства;
- калектывізм;
- перавага практычных ведаў над тэарэтычнымі.
Заходні, для якога характэрныя:
- рацыянальнасць, арыентаваная на змяненне свету і чалавека ў адпавведнасці з чалавечымі патрэбамі і інтарэсамі;
- спалучэнне інтарэсаў дзяржавы і асобы ў развіцці грамадства;
- панаванне прыватнай уласнасці;
- індывідуалізм;
- арыентацыя на прагрэс грамадства;
- спалучэнне тэарэтычных і практычных ведаў ў форме навукі.
У.4. Перыядызацыя гісторыі Беларусі.
Падзел усяго гістарычнага працэсу на пэўныя кавалкі часу згодна з вызначанымі крытэрыямі называецца перыядызацыяй. Вылучаюцца некалькі асноўных падходаў да перыядызацыі: палітычная, фармацыйная, універсальная.
Палітычная перыядызацыя вылучае перыяды згодна з існаваўшымі на тэрыторыі Беларусі дзяржавамі (В. Ластоўскі, У. Ігнатоўскі, І. Лойка):
Полацкае княства (9-13 стст.);
Вялікае княства Літоўскае (сярэдзіна 13 ст. – 1569 г.);
Рэч Паспалітая (1569 – 1795 гг.);
Расійская імперыя (1795 – 1917 гг.);
Савецкая дзяржаўнасць (1917 – 1991 гг.);
незалежная Рэспубліка Беларусь (з 1991 г.).
Фармацыйная перыядызацыя была пануючай у савецкай гістарычнай навуцы; згодна з ёй вылучаюцца перыяды гісторыі Беларусі ў адпаведнасці з панаваннем той ці іншай фармацыі:
першабытнае грамадства (да 9 ст.);
феадальнае грамадства (9 ст. – 1861 г.);
капіталістычнае грамадства (1861 – 1917 гг.);
сацыялістычнае грамадства (з 1917 г.).
Універсальная перыядызацыя падзяляе гістарычны працэс ва ўсім свеце на наступныя кавалкі:
першабытнае грамадства (3.5 млн. гадоў назад – 5ст. н.э.);
Сярэднія вякі (5 – 15 стст.);
Новы час (16 ст. – 1918 г.);
Найноўшы час (1918 г. (канец Першай сусветнай вайны) – да сённяшняга дня).
Першабытнае грамадства; характарыстыка:
- панаванне абшчыннага тыпу грамадскага ўладкавання;
- выкарыстанне прымітыўных тэхналогій ў гаспадарцы;
- панаванне традыцый ў сацыяльным жыцці.
Сярэднія вякі; характарыстыка:
- фарміраванне класавага грамадства і ўзнікненне дзяржаўнасці;
- развіццё феадальнай сістэмы, карпаратыўнасць сацыяльнага жыцця;
- перавага сельскай гаспадаркі ў эканоміцы;
- панаванне рэлігіі і традыцый у духоўнай сферы жыцця грамадства.
Новы час; характарыстыка:
- цэнтралізацыя і фарміраванне нацыянальных дзяржаў;
- індустрыялізацыя, хуткае развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу;
- генезіс і зацвярджэнне капіталістычных адносін;
- урбанізацыя;
- фарміраванне свецкіх культурных каштоўнасцяў.
Навейшы час; характарыстыка:
- глабалізацыя;
- навукова-тэхнічная рэвалюцыя;
- фарміраванне постіндустрыяльнага, інфармацыйнага грамадства.
Асноўныя паняцці:
гісторыя, аб’ект, прадмет, функцыі, метадалогія, прынцыпы, метады, гістарызм, аб’ектыўнасць, сістэмнасць, гісторыка-генетычны метад, гісторыка-параўнальны метад, гісторыка-тыпалагічны метад, гісторыка-сістэмны метад, крыніцы гістарычнай навукі, лінейныя і нелінейныя падыходы, фармацыя, цывілізацыя, аграрнае грамадства, індустрыяльнае грамадства, постіндустрыяльнае грамадства, перыядызацыя, першабытнае грамадства, Сярэднія вякі, Новы час, Навейшы час.
Кантрольныя пытанні і заданні:
-
Назавіце прадмет і аб’ект гістарычнай навукі.
-
У чым заключаюцца асноўныя адрозненні гісторыі ад прыродазнаўчых і іншых сацыяльна-гуманітарных навук?
-
Якія функцыі выконвае гісторыя як навука?
-
Што такое метадалогія навукі?
-
Што з сябе ўяўляюць прынцыпы і метады навукі?
-
Назавіце асноўныя прынцыпы гістарычнай навукі і вызначце іх сутнасць.
-
Вызначце асноўныя метады гістарычнай навукі і дайце іх характарыстыку.
-
Якія Вам вядомыя асноўныя падыходы да вывучэння гісторыі? Укажыце адрозненні паміж імі.
-
Чым характарызуецца фармацыйны падыход да вывучэння гісторыі? Вызначце моцныя і слабыя бакі дадзенага падыходу.
-
Вызначце спецыфіку тэхналагічнага дэтэрмінізму пры вывучэнні гісторыі. Дайце параўнальную характарыстыку аграрнага, індустрыяльнага і постіндустрыяльнага грамадства.
-
У чым спецыфіка цывілізацыйнага падыходу? У чым палягае яго карэннае адрозненне ад лінейных падыходаў?
-
Што такое цывілізацыя і якія іх тыпы Вы ведаеце?
-
Якія Вам вядомыя перыядызацыі гісторыі Беларусі?
-
Вызначце асноўныя рысы гістарычных стадый паводле ўніверсальнай перыядызацыі.
-
Паразважайце, якая з вызначаных перыядызацый гісторыі Беларусі падаецца Вам набольш абгрунтаванай.
Тэмы дакладаў і рэфератаў:
-
Гісторыя ў сістэме сацыяльна-гуманітарных навук.
-
Фарміраванне і развіццё прынцыпу гістарызму ў гістарычнай навуцы.
-
Канцэпцыя “трох хваляў” у развіцці гісторыі Э. Тофлера.
-
Цывілізацыйная канцэпцыя А. Тойнбі.
-
Фарміраванне беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі.
Модуль 1. Цывілізацыйная спадчына Старажытнага свету,
сярэдніх вякоў і Беларусь.
Тэма 1: Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі.
-
Каменны век на тэрыторыі Беларусі.
-
Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі.
-
Жалезны век на тэрыторыі Беларусі.
-
Першабытны лад і рэлігія на тэрыторыі Беларусі.
У ходзе антрапагенэзу (фарміравання чалавека сучаснага тыпу) на аснове археалагічных знаходак навукоўцы вылучаюць наступныя этапы:
Аўстралапітэк (4-3 млн. гадоў назад);
Архантрап (2-0,5 млн. гадоў назад);
Неандэрталец (500-50 тыс. гадоў назад);
Краманьёнец (чалавек сучаснага тыпу) (ад 40 тыс. гадоў назад).
У гісторыі першабытнага грамадства ў залежнасці ад выкарыстання таго ці іншага матэрыялу для вырабу прылад працы вылучаюць тры асноўныя перыяды:
1) каменны век;
2) бронзавы век;
3) жалезны век.
У розных рэгіёнах свету храналагічныя межы гэтых перыядаў адрозніваліся.
На тэрыторыі Беларусі з’яўленне першых людзей датуецца перыядам 100 – 40 тыс. гг. да н.э.
1.1. Каменны век на тэрыторыі Беларусі.
Паводле выкарыстання асноўнага матэрыялу, з якога людзі рабілі прылады працы, археолагі першым перыядам у гісторыі чалавецтва называюць каменны век (храналагічныя межы на тэрыторыі Беларусі: 100-40 – 2 тыс. да н.э.). У сваю чаргу каменны век падзяляюць на тры перыяды:
палеаліт (ранні каменны век; 100-40 – 10 тыс. да н.э.);
мезаліт (сярэдні каменны век; 10 – 5 тыс. да н.э.);
неаліт (позні каменны век; 5 – 3 тыс. да н.э.).
Палеаліт (100-40 – 10 тыс. да н.э.).
У гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі перыядычна наступае і адыходзіць ледавік, пануе арктычны клімат. Прыблізна 100-40 тыс. гг. да н.э. на тэрыторыю Беларусі прыходзяць першыя людзі. Гэта былі неандэртальцы. Паводле сваіх фізіялагічных параметраў яны ўяўлялі з сябе людзей з сучасным памерам і будовай мозгу, але былі больш нізкарослыя, мускулістыя, з вялікімі надброўнымі дугамі і слабавыражанай сківіцай. Аб пранікненні неандэртальцаў на тэрыторыю Беларусі сведчаць археалагічныя знаходкі каля вёсак Свяцілавічы, Абідавічы, Бердыж. Яны карысталіся грубаабабітымі прыладамі працы – востраканечнікамі, рубіламі, нажамі і іншымі, навучыліся паляваць на маманта, здабываць агонь, будаваць прымітыўнае жытло са скур жывёл. Наступленне новага ледавіку спыніла пражыванне неандэртальцаў на тэрыторыі Беларусі.
Прыблізна 40 – 30 тыс. гг. да н.э. адбываецца адліга і на поўдзень тэрыторыі Беларусі прыходзяць краманьёнцы, якія ствараюць стаянкі каля в. Юравічы (26 тыс. гг. да н.э.) і Бердыжа (23 тыс. гг. да н.э.). У гэты перыяд людзі жылі на невялікіх стаянках па 20-30 чалавек у шалашах і паўзямлянках, якія пакрывалі скурамі і насціламі з дрэва. Іх асноўнымі прыладмі працы былі скрэблы, праколкі, рубілы, наканечнікі дзідаў і г.д. Асноўныя матэрыялы, з якіх яны вырабляліся – косткі жывёл, дрэва, камяні і крэмень. Выкарыстоўваўся агонь.
Галоўнымі відамі заняткаў насельніцтва з’яўляліся загоннае паляванне на буйных жывёл і збіральніцтва. Паляванне ажыццяўлялася калектыўна на мамантаў, паўночных аленяў, шарсцістых насарогаў, тураў, якіх заганялі ў ямы-пасткі і забівалі камянямі і грубаапрацаванымі сякерамі, коп’ямі.
У перыяд палеаліту складваецца першы тып сацыяльнай арганізацыі людзей – родавая абшчына. Род (аб’яднанне людзей аднаго паходжання, што пражываюць на вызначанай тэрыторыі) меў агульныя прыкметы:
- адзінства паходжання;
- агульная (калектыўная) ўласнасць на сродкі і вынікі працы.
Радство ў межах абшчыны вылічвалася, як правіла, па жаночай лініі (матрыярхат). Гэта пацвярджаецца наскальным роспісам і “неалітычнымі Венерамі” (лічацца скульптуркамі жаночых багінь-абярэгаў).
Прыкладна 18 – 10 тыс. гг. да н.э. на тэрыторыі Беларусі адбылося новае абледзяненне, якое прывяло да адыходу людзей.
Мезаліт (10 – 5 тыс. да н.э.)
На пачатку гэтага перыяду ледавік канчаткова адыйшоў і на тэрыторыі Беларусі сфарміравалася рачная і азёрная сетка, выраслі лясы, склаўся сучасны раслінны і жывёльны свет. Тэрыторыя была цалкам заселена, увайшла ў айкумену – паверхню Зямлі, дзе жыве чалавек.
Вядома каля 120 стаянак гэтага перыяду, на якіх пражывала каля 4,5-6 тыс. чалавек. Амаль усе яны знаходзіліся на берагах рэк, каля радовішчаў крэменю. Мезалітычныя стаянкі былі невялікія па памерах, складаліся з шалашоў і зямлянак. Асноўнымі заняткамі насельніцтва з’яўляліся паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Да ліку асноўных вынаходніцтваў дадзенага перыяду належаць:
- лук і стрэлы (дзякуючы ім паляванне набывае індывідуальны характар);
- касцяныя кручкі і гарпуны, драўляныя чоўны (дзякуючы ім узнікае рыбалоўства);
- выраб састаўных прылад працы;
- прыручэнне сабакі.
Асноўнымі відамі матэрыялу для вырабу прылад працы заставаліся крэмень, косткі і дрэва.
У сацыяльнай арганізацыі грамадства ўмацоўваецца родавая абшчына.
Неаліт (5 – 3 тыс. да н.э.).
Да гэтага перыяду вядомыя каля 500 стаянак на тэрыторыі Беларусі, насельніцтва якіх налічвала каля 27-36 тыс. чалавек. Асноўнымі заняткамі насельніцтва застаюцца паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. У той жа час удасканальваюцца прылады працы за кошт новых тэхналогій апрацоўкі крэменю: шліфаванне, свідраванне, паліраванне. Гэта дазволіла ствараць больш якасныя прылады працы; асабліва палепшыліся магчымасці выкарыстання сякер, якія з гэтага часу не прывязваліся да дрэўка, а насаджваліся на яго. Павялічваюцца памеры здабычы крэменю, ствараюцца шматлікія шахты для здабычы крэменю. Пад в. Краснаселле Ваўкавыскага раёну археолагі знайшлі больш 1000 шахтаў па здабычы крэменю, якія заглыбляліся ў крэйду на 5-8 метраў.
Узнікаюць новыя віды дзейнасці – ткацтва і ганчарства. У выніку ўзнікаюць адзенне з тканіны, гліняны ляпны посуд з вострым дном і г.д. У рыбалоўстве на змену выкарыстання гарпуна прыйшлі вуда, кручок і рыбалоўныя сеткі. Асноўныя тыпы жытла ў перыяд неаліту – паўзямлянкі і наземныя жытлы слупавой канструкцыі. З’яўляюцца першыя формы міжрэгіянальнага абмену.
Перыяд неаліту ў сусветным маштабе характарызуецца такой з’явай як неалітычная рэвалюцыя – працэс пераходу ад прысвойваючай гаспадаркі (паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва) да вытворчай. Першымі формамі вытворчай гаспадаркі з’явіліся земляробства і жывёлагадоўля. На паўднёва-заходняй тэрыторыі сучаснай Беларусі з 4 тыс. да н.э. пачынаецца станаўленне матычнага земляробства (сеялі ячмень, лён) і жывёлагадоўлі (прыручаны буйная рагатая жывёла, свінні). На астатняй тэрыторыі да канца неаліту пераважае прысвойваючая гаспадарка.
У сацыяльнай арганізацыі грамадства назіраецца росквіт родавай абшчыны. Павелічэнне прадуктаў харчавання ў выніку ўдасканалення прылад працы прыводзіць да пераходу ад ураўняльнага размеркавання ў межах роду да размеркавання згодна звычаю. Гэта азначала, што лепшы паляўнічы ці рыбалоў мог пакінуць сабе большую і лепшую частку здабычы. Разрастанне родаў прыводзіць да іх падзелу і ўзнікнення плямёнаў – аб’яднанняў некалькіх родаў, якія маюць агульнае паходжанне. Плямёны адрозніваюцца пэўнай агульнасцю матэрыяльнай і духоўнай культуры. Плямёны або аб’яднанні плямён эпохі неаліту атаясамліваюцца з пэўнымі археалагічнымі культурамі. Адрозненні археалагічных культур атаясамліваюцца перш за ўсё з формай і арнаментам глінянай керамікі, якія мелі сваю спецыфіку ў розных плямёнаў. Большасць даследчыкаў лічыць, што з 3 тыс. да н.э. на поўначы і на ўсходзе тэрыторыі Беларусі пераважаюць фіна-угорскія плямёны.
Такім чынам, на працягу каменнага веку на тэрыторыі Беларусі адбываецца фарміраванне чалавечага грамадства, замацоўваюцца асноўныя формы яго прысвойваючай гаспадаркі (паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства) і сацыяльнай арганізацыі (родавая абшчына).
Достарыңызбен бөлісу: |