Вясёлая радасць чакае,
Каму засмяяцца ў бядзе.
Васілю Быкаву ў светлы дзень
Хрыстос васкрос! – і ўваскрасае
Душа, што смутная была,
І з цвёрдай веры выкрасае
Усмешку добрую святла.
Хрыстос васкрос! – лягчэй нябёсам
Трымаць аблокі дум цяжкіх!
Хрыстос васкрос! – спаткацца з лёсам
Дазволіў міг, стаіўшы дых.
Хрыстос васкрос! – грэх цёмны плача
І не саромеецца слёз.
Расцвіў з вярбою кій жабрачы.
Хрыстос васкрос! Хрыстос васкрос!
* * *
Гадавыя
Прайшоўшы свае паравіны,
Сад вушацкі мой
Чуе хаду халадоў:
Караніны ў зямлі,
У нябёсах галіны,
Ствол хавае сляды
Адбалелых гадоў.
* * *
А прымаўка гэтая яўна старая,
Вякамі задымленая, як загнет:
Бог не гуляе,
А свет мяняе.
Але не дужа мяняецца свет.
А раптам Бог у сваю ахвоту,
Каб не старэць,
Каб адпэндзіць спакой,
Такую прыдумаў сабе работу,
Якую не здужаць
Людской талакой?
І ціснуць нашы грахі камянямі,
Не полецца нашай ляноты гарод.
Па прыкладзе Бога
І мы мяняем
Гаршкі на гліну
Ці наадварот?
* * *
Гэта, пэўна, прыкідваў і Ной,
Ад каго з нашчадкаў ягоных
На зямлі застаецца гной,
Хто з'аблічыцца на іконах.
Што больш трэба,
Ці дух, ці гной,
Не адкажа зямля збажыной.
Эміграцыя
Эміграцыя – вечны рух.
Эмігруюць птушкі ў выраі.
А куды
Эмігрыруе дух,
Калі
З цела душа эмігрыруе?
* * *
Сум,
Як прывід старажытнай Грэцыі,
Здаўшыся аднойчы, не знікае.
Толькі дай
Дрывам журбы ўгарэцца,
Дым гняздо саўе над хмызнякамі.
У залёты да спадзеўкі лётай,
Суцяшай душу гадзінай шарай.
Радасць суцішай сваю самотай,
Марай гнеў карай,
Як цёмнай карай.
Час папрасіў
І прала роспач воўну часу,
Счасаную на ваўначосцы
Гняўлівасці ды неціхоцця.
І ткала роспач коўдру часу
На мулкіх кроснах,
Якія Хронас змайстраваў.
І засцілала роспач ложак,
Пакуль Харон смаліў свой човен,
Каб перавезці з часу ў бесчась.
Сасновы сон
Снег лясны ўрачысты, як вясковец,
Што на фэст прыспеў раней за ўсіх,
Свеціцца – аж сосны зелянеюць
Ад святочнай радасці ягонай.
Свеціцца – аж збіўся з панталыку
Малады лясун, бо перазімак
Белаты не бачыў. Атрасае
Рыжыя іглінкі з каўняра.
Снег лясны, як ціхі сон пра маму
І забыты, і наноў саснёны
У сасновай хаце даўніны,
Сніцца… сніцца…
Аж прачнуцца страшна.
* * *
Плылі з блудадзейнага Рыма
З заразай маралі вазы.
Айчына шукала айчыма
І лоб непакорны гузы.
І грукалі здані дзвярыма.
Паганцаў гнялі абразы.
Прарокі праходзілі міма.
І чэрці ўцякалі з лазы.
Світанне сухімі вачыма
Вітала снягі й маразы.
Разгадвала роспач, магчыма,
Загадку слязы…
Засынаючы
Веча мае свой рот –
Ад роспачы круглы звон.
І на веча ідзе народ,
І, як звон,
Гудзе ён.
Звон мае свой язык.
У людзей языкі свае.
Даганяюць адзін аднаго
Зык і сык.
І кожнаму спрыту стае.
Туманеюць галовы.
Ракою плыве чарот.
Вечна галодны
У веча рот.
Незадаволенае, як прыблуднае,
Чэрава –
Не палуднавала,
Не вячэрала
Нідзе.
Таму й гудзе…
* * *
А гарады – як мужчыны ў гадах,
Не спатоліўшыся прыгажосцю,
Пачынаць дбаць
Пра ложак і дах,
Радавацца нехаджаламу госцю.
Позірк – паломнік.
Страх – пілігрым.
Іх разумее здароджаны подзіў.
Віцебск –
Расхрыстаны Ерусалім
Слухае неба
На схілах стагоддзяў.
Відаць…
Відаць, не без падстаў
У радасці й журбе
Ранейшага сябе
Я забывацца стаў.
Ці проста горшы стаў,
Ці лепшы, як сказаць.
Я ўзелянеў, як стаў,
Зарос, як сенажаць.
Забыў, як спіць агонь,
Як трызніць цень труной,
Як сохне свежы гной,
Як пахне потны конь.
Калядныя перагукі
Каляным снегам заслаліся ўзгоркі.
Крыгамі грымнуў мароз нягеглы.
Пралегла па лёдзе калядным
Да зоркі сцежка ўздрыглівая.
* * *
Маё маленства – маё маленства
Айцу, й Сыну, й Духу Святому.
Маё маленства – шчырае ўкленства
Пачутаму сэрцам, нябачнаму Тому,
Што мне дазволіў
Быць госцем свету,
Што неба ў полі назваў Айчынай.
Радком ягонага Запавету
Я вылушчаны на святло ляшчынай,
Якая доляй маёй названа.
І ацянінка яе лісціны
Была даланёю бацькі Івана,
Была хусцінай мамы Куліны…
Не чуе…
Увечарэлы змрок плыве, плыве,
Лагчыны засцілае белым дымам.
Сумёт не чуе,
Як на галаве
Ад сцюжы быльняжынкі сталі дыбам…
На змярканні
Міколу Плавінскаму
Збіваючы босыя ногі
Аб каменьчыкі, аб валуны,
Падаткнуць не паспеўшы
Падол гарачы,
Віцьба бяжыць
Прасіць ратунку ў Дзвіны
Высахлай, спрацаванай прачкай.
Гадзіннік глынае гадзіну
Яшчэ адну.
І ратуша слухае,
Як гук у каменных грудзях сціхае.
Успенская горка
Трымае будыніну, як труну,
І ёй спачувае восень
Яшчэ не глухая.
Дзвіна хоча ў Рыгу з'явіцца
У тумановых шаўках.
У бурштыновых каралях Балтыка
З крывічанкай мусіць лічыцца.
І сучка віцебская
З жыватом у жывых сучках
Вачыма шукае костку.
Пастава рымскай ваўчыцы.
Выкні!
Хмарыцца цёмнааблока.
Выкні, мой настрою.
Песні маміны далёка –
За гарою сырою.
Затрымацца не хацелі,
Як на рэчцы хвалі,
Леты маміны зляцелі –
Вырай даганялі.
Песні спеты,
Зжаты леты –
Не вернуцца з прочак.
Усе цветы пустацветы,
Адзін васілёчак…
Урэшце
Стаміцца ў варажбе,
З самім сабой застацца,
Прывыкнуць да сябе –
Капрызнае мастацтва,
Каб чуць,
Як час звініць,
Як моц бярэ знямога.
Ва ўсім вініць
Сябе самога.
* * *
Адчуваю, сочыць за мною…
Адчуваю, пагляд гарыць…
Адчуваю, дыхае за спіною…
Аж часам загаварыць
Хочацца з Ёю…
Ды трымаюся,
Хоць чакаю…
Бо яшчэ не знікаю…
* * *
Гэтулькі часу на гэтай зямлі
Нас і трывае Адзіны,
Колькі спатрэбіцца нам,
Каб маглі
Нашы грахі й правіны
Перад матулямі выкупіць,
Ды і неўміручасці мала,
Каб пакаяння нямыя пуды
Шаля спагады ўтрымала.
Шчодра нам плоціцца:
Злосцю за злосць
І за пакуту – пакутай,
Покуль ліхвярна душу
Ягамосць
Возьме даўжніцай разутай.
І даганяе матулю душа,
Грэх несучы за сабою.
Там жа, напэўна,
Такая шаша –
Што ні слядоў, ні выбояў…
* * *
Хай слёзы ці бобам, ці градам –
Каза твае долі някозная.
Ужо ты за тым даляглядам,
Адкуль азірнуцца позна.
І як ні круціся, нябога,
Назад не павернеш нічога.
Уперад глядзі,
Дзе блізкаю
Душа твая ўздрыгвае пліскаю.
* * *
Мы сваёю здаволімся пашаю,
Лепшай так за свой век
І не ўбачылі.
Дзеці – роспач дарослая нашая,
Унукі – спадзяванні дзіцячыя.
* * *
Куртаты ўнуччын
І мой цыбаты
Без слоў два цені
Вядуць дэбаты.
Два цені моўчкі
Вядуць размовы,
Унуччын ранішні,
Мой вечаровы.
Трава прыціхла
Ў хатраспляценні.
Лятуць два цені,
Як летуценні.
Бяжыць Дамініччын
За матылькамі,
А мой ніцее,
А мой знікае.
* * *
Душа глядзіць, як цела адмірае,
Надзённая, відушчая яна
Глядзіць з таго нябачнага акна,
Адкуль відаць ёй
Хата з краю раю.
А ведае, паспеецца яшчэ
У хату новую перасяліцца.
Цячэ жывіца,
Сыплецца ігліца,
Пакуль на подруб сосны
Час сячэ.
Каляды
Цераз пушчы, цераз гаці,
Цераз ляды
Абагрэцца куццёю ў хаце
Ішлі Каляды.
Сена грэлася пад абрусамі.
Свечкі грамнічныя не гаслі.
Коні загадвалі гаспадару самі
Мурагом не абносіць яслі.
Не елі й не пілі
Старыя дзяды,
Пільнавалі, калі
Народзіцца зорка Калядная
І маладзік малады
На адлігу ці на халады
Засвеціць каля яе,
Каля аднае.
І мароз хоць раз у жыцці
Запрашалі паспытаць куцці:
– Будзь, мароз, пры сіле,
Толькі нас не ўшчыкні,
Не ўкалупні.
І ты, васілёк, не бойся,
Нябёсся ў жыце! –
Жадалі.
І яшчэ прасілі:
– А вы, вераб'і,
Нашых не малаціце,
Ляціце
На Дзямідавы калапні!
А каля рэчкі
Каля Доўжыцы
Ад спрэчкі прэчкі
Ішлі калядоўшчыкі,
Калядавалі,
Дзякавалі,
Калі давалі.
Ішлі
З торбамі й мяхамі.
Кашалі
Здорам ім махалі
Часам,
Не ўпікалі
Калядоўшчыкаў
Кавалкам ласым.
Запрашаюцца Каляды
За сталы
Крывічанкамі й крывічамі.
З ласкаю
І малы й сталы
Прывячае
Свята наскае,
Крывіцкае.
А над яслямі карова
З ціхімі вачамі
Дыхае сабе
Цёплымі пыцкамі,
А ў каровы зорачка ў ілбе.
Сухары надзеі
Па летах пазнаеш палетак,
Па восені посіні подых.
Вятры па загонах палеглых,
Тугу па струхнелых калодах.
Трымаючы боханаў поўні,
Не грэбуй, багач, сухарамі.
Вясною заўважаны,
Помні –
Зіма твая не за гарамі.
Зіму сустракай праснакамі,
Вясну сухарамі надзеі.
Каб цёпла з зайцамі завеі
Апошнія дні прыскакалі.
* * *
Ці ўчула свой закот чало,
Ці ўжо сябе стаміла праца,
Мяне цікавіць пачало,
Якія сны ў магілах сняцца.
Перанасельнікі магілаў
Па колькі бачаць небасхілаў?
* * *
Сам ад сябе з дакукі лямантую.
Я знелюбеў табе,
Мая душа.
Цябе я абганяў, як бульбу тую,
Сахой тугі
І клаў на дно каша,
Каша, што сплецены
З лазы намераў
Ісці ў няволю, волю даць табе.
Я гэтулькі дарог сабе намераў,
А ты цяляткамі з зоркаю ў ілбе
Ірвешся з вытаптанай тлумам пашы
На іншыя, густыя мурагі,
Дзе ўжо цябе чакаюць берагі,
Да цёмных водаў
Шчокамі прыпаўшы.
Высока
Ные высока самалёт,
Як зуб сцямнелага неба.
Ноч захварэла
Забытай хваробай –
Паветранай трывогаю.
Небу да шчакі прыкласці
Грэнландыю трэба.
А як чалавек
Баліць Богу?
Там і тут
Жыццё маўкліва загоніць у вугал
Перад тым,
Як пакласці на кут.
Жывое дрэва счэрніць на вугаль
Халодны агонь пакут.
І як ні старайся ўкусіць
Свой локаць,
Ты мусіш палохацца
Тут,
Што мала надзеі
Там
Сесці на покуць,
Тут болей гарантыі
Легчы на кут.
* * *
Бальшыня сваякоў і сяброў
Перасялілася ў царства ценяў,
І з кожным годам часцей
Сустракацца даводзіцца з імі,
Гутарыць, смуткаваць, радавацца,
Як і ў гэтым жыцці калісьці,
У снах,
Што маюць трывалую памяць.
Гэта прыходзяць нагадаць пра сябе
Самота,
Старасць
І настойлівы напамін адтуль.
Не дужа!
Не дужа, манашка-каплічка,
Чарнейся ў вячэрняй траве.
Па-ранішняму крынічка
Звініць –
Ёй імя Дамінічка.
У хаце крынічка жыве.
Не рупся, няпоўная брычка,
Каціцца па мулкай жарстве.
Майго развітання крынічка
Звініць –
Ёй імя Дамінічка.
У сэрцы крынічка жыве!
* * *
Як лугавіну каса ні жане,
Хоча адскочыць атавіца.
Ціхну, старэю –
І да мяне
Маміны словы вяртаюцца.
То вытыркаюцца з-за каптура,
То датыкаюцца пысамі,
То да цыбулінага пяра
Цягнуцца –
Земскія пісары.
Быццам адчулі,
Што без мяне
Ім заставацца сіротамі,
Стыць і гарэць
У сваёй старане
Разам з чужымі чародамі.
Дзелімся мы й навіной і віной,
Тужым з вушацкімі доламі.
Я не знікаю,
Бо нада мной
Маміны словы – анёламі.
Дым
Цётка Марыя –
Цёзка біблейскай святой,
У дзявоцтве Міцкевіч,
Як бальшыня вяскоўцаў
З лясной Кавалейшчыны,
У хаце, выстуджанай слатой,
Печ зацепліла –
І з коміна, ад вятроў азалеўшага,
Пайшоў на вуліцу дым.
А цётка Марыя засталася
Пры катлах, пры патэльні,
Пры чапяле.
І, парушыўшы досвіткавы інтым,
Шоргат, бразгат, грукат
Акрэсліўся на святле
Засквараным рухам.
Цётка Марыя грэе хату
І варыць варыва.
Дым вырываецца з коміна,
Як уздых.
Цёзка біблейскай святой
Грэе неба і ў небе хмарыва.
З раніцы клопат пра ўсіх.
На перавозе
Хачу пабыць на перавозе,
Каб перавознік малады,
Не вымаклы ў будзённай прозе,
Бы ў песні той,
Мае гады
Зноў перавёз на ціхі бераг,
Як маладзенькіх жарабят,
На бераг,
Дзе ў сваіх намерах
Святлее ўночы зарапад.
Каб зрання
Вымкнула старанне,
Каб чуць,
Як з восеньскіх такоў,
І нецуглянае іржанне,
І цокат цупкіх капытоў.
Ды, конюх радасці кароткай,
Чакаю свой табун дарма.
Стаю ў руках з пустой аброткай,
А перавозніка няма…
Н а ш ч а
Заходзіць лета
Туман наклаў сырое вета
На вецця перасохлы ўзмах,
І кроў зарэзанага лета
Распырскаў шарахлівы мак…
Сокат
Адсырэў ў аблоках ветах.
Уцякаюць ад навальніцы
Конікі на веласіпедах –
Толькі часта сакочуць спіцы.
Браты
Для хмар
Над дахам ці над вольхаю
Дождж і пажар
Шумяць аднолькава…
Каменьчыкі
Вершы,
Што каменьчыкі марскія –
Мокрыя зіхцяць на далані.
З далані іх захапленне скіне –
Шэрым сохнуць сумна ў глушыні.
Хвораст
Слава,
Быццам з хворасту агонь,
На якім і бульбу не зварыць,–
Хутка загарыцца і згарыць.
…Толькі прысак ападзе на скронь.
Зімее…
Смуга не каецца ў сваёй правіне.
У суравея прападае пыха.
Счарнелыя вулканы кратавіння,
Прысыпаныя снегам,
Стынуць ціха…
Старыя
Стары распяць імкнецца парасон,
Прысеўшы на краёк ламанай лавы.
І парасон свой адчувае скон –
Не слухаюцца і яго суставы.
Райцэнтр
Райцэнтр – абрабаванае мястэчка,
Свянцонае савецкім мацюком,
Як тое велікоднае яечка,
Разбітае фальшывым мацаком.
P.S.
У абліччах старых ведае кожны штрых,
Што на іншы ніхто яго не памяняе.
Узнагароды вясёлы звіняць на жывых
І ціснуць мёртвых ахрыплымі камянямі.
Завулак
Няма чым месту прыкрыць свой плех,
У засені ўзнікнуць бы нанаў.
На шалях ляжаць,
Як нязважаны грэх,
Сцюдзёныя пальцы бананаў.
Кунега
Усё ў кунежна-белым сне.
Бог нават затаіў дыханне.
Ледзь Ён расчулена ўздыхне –
Святла не стане,
Сон растане…
Раптам…
Снегу гэтулькі шмат,
І да таго ён белы,
Што, як таму каню,
Захочацца раптам травы
Сырой, нявыспанай,
Такой – каб аж цуглі пазелянелі.
Пачулася…
Мароз. Прытома. Беласцежжа.
Лянее люты ля мяжы.
І мне пачулася з разбежжа:
Сініцы точаць лемяшы…
* * *
Белая робіцца барада,
Фарба ліняе любая.
Не выцвітае толькі жуда,
Цемра не выгарае.
Ледзьве запусціць жуда кіпцюр,
Выпусціць не пажадае.
Неба ўцямнее,
Як даўні мур,
Ззябне надзея худая.
Стане самога сябе шкада –
Цёмна з душою цяжкою.
Вольна вяльмуецца ў цемры
Жуда
Цемрынай любай дачкою.
Папахадзі
Па лам'і, па хлуддзі,
Збіўшыся з тропу за хаткай,
Выйшаўшы з цемры,
У цемру йдзі
Згадкай святла
І загадкай.
* * *
У глыбіні не мае дна,
Ірвецца – не парвецца,
Бо неўміручая яна,
Таму й душой завецца.
Ідзе балюча па жарстве
Да берагоў Элады.
І той,
У кім душа жыве,
Над ёй не мае ўлады.
Яна парчу,
Як і паршу,
Умее зрынуць смела.
І нельга вынесці душу,
Як дамавіну,
З цела.
Даенне аблокаў
Воўна – аблачына,
Прывязаная чынна
Да прасніцы.
І пралля
Цягне аблачыну за вымя,
Доіць і доіць яе
Пад вуркатанне
Калаўрота й ката.
Цупкі, асачысты струмок
Цячэ й цячэ,
Рэжучы пальцы пралліны
На скіпучыя каляінкі.
І пасля з каляных цуркоў
Цёплае аблачыны
Ткуць адзенне, аблачэнне,
Абвалачэнне,
Пасланае небам самім
Праллям, ткаллям
І ўсім-усім…
Радня
І адварочваецца спіной –
Не цырымоніцца літасць скупая.
І адчуваю, як смела за мной
Блізкай раднёй
Галеча ступае.
Крыўдзіцца дарагая радня,
Што на яе забыўся… да часу!
Хоць, як казалі, радня да дня.
Нішчымніца толькі
Помніць закрасу.
Ад роду не ў воду!
З пустых каўшоў
Накорміш голад хіба дакорам.
Галечу помню –
З галечы прыйшоў,
Ды зноў
Прызнаваць за радню яе –
Сорам!
* * *
Я па чарзе зняволенай вадзе
Па-хрысціянску падстаўляю шчокі.
Наводліў б'е струмень,
Пачаўшы скокі,
І ад яго халоднасці нідзе
Я не схаваюся ні на зямлі,
Ні пад зямлёй,
Пакуль патрэбен стоме
І цень мой не спадобіўся саломе,
Што сціснулі ў аглухлыя кулі.
За ўсіх, хто змоўкнуў,
Гаварыць вадзе,
Пакуль туман ідзе,
Плывуць аблокі.
Падставім шчокі,
Дзень мой яснавокі:
Ручнік дадуць
На незямным судзе…
* * *
Пачынаю восень адчуваць
І вясне не верыць паступова.
І гусцей смуга,
І пастухова
Мне туга нашчадная чуваць.
Кожны з нас, ці ўдачлівы пастух,
Ці няўдаліца,
Сваю радоўку
Адбываць памалу ці падоўгу
Мусім,
Покуль прысак не патух.
Грэецца ля вогнішча бяда,
Лёс пасём свой,
Парабкуем, княжым.
І, галодная, за лёсам нашым
Сочыць ваўкарэзінай жуда.
Выскачыць з рабінавых начэй
Радасці маланка шаравая.
Пераміргваецца з журавамі
Вогнішча самотнае вачэй.
Датрачваю
Спадчыну апошнюю датрачваю,
Спадчыну датклівага маленства.
З рупнасці скупечага шаленства
Я дрыжу над рэштай,
Над астачаю.
Не стае блакітнага, рудовага
Колераў нябеснага спакою.
Крыўда рэжа злою асакою,
Здрада, дзе ні ступіш,
Вывіжоўвае.
Тым жыву,
Што спадчыну датрачваю.
Старасць без пасагу пакідаю.
А душа, вядома ж, маладая
Не жадае
Долю мець жабрачую.
Непадуладны
Жыццю непадуладны сон,
Што снёны кімсці,
Новым стане.
Каб спачувала ране ранне,
За сон схавацца хоча скон.
Бо прыручае сон зямны
Да непрабудна-незямнога.
І сніць груклівы сон дарога,
І сняць павеўны сон званы.
І яўна ведаюць яны:
Ёсць толькі сон
І больш нічога…
* * *
Нада мной дагарэла знічка,
Загадаць толькі я й паспеў, Ці не мерзне мая сінічка,
Ці звініць яе сіні спеў.
Сіні-сіні, як тыя хвалі,
Што прысніцца могуць адно.
Сіні, як нябесныя палі,
Што пярун забівае ў дно.
І пакуль чарнатою жычка
Дом глухі мой не абаўе,
Мне звініць у душу сінічка,
Дамінічкай завуць яе…
* * *
Каб светла стала, так трэба мала,
Бо радасць сочыць за словамі.
Мне Дамінічка прапанавала:
– Давай мяняцца галовамі!
Трымае досыць змроку густога
Мая сівая, балючая.
Хапала шуму, ставала стогну,
Як той вярбіне над кручаю.
Вядома, гэта незразумела
Усмешцы лагоды –
Унучачцы.
Сваю галоўку мяняе смела,
Каб з дзедавай мулкай мучыцца.
Ды, як шчаслівы дурань з дзвярыма,
Нашуся я з прапановаю.
Шкадую ўпотай, што немагчыма
Пабыць з галавою новаю.
А старасць – хцівая маладзіца
Свой клопат адно і ведае.
І Дамінічцы магла б згадзіцца
Яе галоўка светлая.
* * *
Бабульцы нялёгка стаіць
Сваю непатрэбнасць, галечу.
А дзе мая старасць стаіць,
Ці з хлебам,
Ці з торбай заплеччу?
Ці недзе на познім таргу
Лягчэйшы кіёк выбірае?
І сам адказаць не магу,
Не скажа й дамоўка сырая.
Ці гэта на кожным рагу
Я старасць сваю сустракаю,
Ўступаю чаргу па тугу,
За ёй назіраючы з краю.
А старасць шукае мяне,
Я выгляд раблю, што не тая,
Якую, сівеючы ў сне,
Прысніў,
Неадступна ступае.
Мне сталасцю старасць лягчэй
Назваць
І спагадней для слыху.
Змаўкай
Ці, як шлях, язычэй,
Аднолькава радасці й ліху.
Чорны грай
Голова моя машет ушами.
Сяргей Ясенін
Як восеньскі лес,
Галава
Ад чорнага граю цяжкая.
І рэха,
Нібыта знава,
З былой бліскавіцай блукае
Па сцежкай,
Дзе памяць мая
Хадзіла яшчэ маладая,
Цяпер з-пад рукі ручая
Той след
Забыццё выглядае.
Пуляціцца страху сава.
Шуміць
І на страх не зважае,
Як восеньскі лес,
Галава
Чужая
Аж да небакраю.
* * *
Хвалям разгубленага ўспаміну
На цьмяны бераг не прыгайдаць
Здрадай падкупленую хвіліну,
Пра гаць дарозе не прыгадаць.
Уцякаючы ў забыццё,
Як у гета,
Вар'яцеючы ў цішыні,
Памяць сабе заслужыла
Хоць гэта –
Права на выхадныя дні.
Пад ціхую старасць
Звыкаюць сівець аблачыны
І цёпла зрадняцца з дымамі.
Пад ціхую старасць жанчыны
Падобныя болей да мамы
Паглядам, хадою, журбою,
Лагодай, няспешнасцю, стомай
І нават хусцінкай рабою,
І грозьбай да плачу знаёмай.
Таму, пэўна, памяць трымае
Нясмелы акрайчык надзеі,
Каб думаць,
Што мама жывая,
Аднекуль вярнуцца паспее…
Буслова нарачонка
Паэма кону
Крылы не развінуў у палёце,
Адляцелі ў вырай чароды.
Ён зазімаваў на балоце.
Перамерзлі цёплыя броды.
Выйшаў парабак да жывёлы.
Босы бусел ходзіць па снезе.
Белы – як зіма. Невясёлы.
Нават сны не сніць аб начлезе.
Ногі, зябнучы, ппадымае,
То адну нагу, то другую.
Ні парады, ні рады не мае,
Як зіму перажыць даўную.
Глянуў парабак на пакуты
І сказаў, як роднаму брату:
– Не калей раздзеты, разуты.
Буслік! Буслік! Хадзем у хату.
Гаспадыня ткала красенцы
І сказала:
– У хаце пакіньце.
Ён ад холаду ўвесь трасецца.
Ды ў яго ж чалавечыя кіпці…
Пачала ў невядомым страху
Узірацца ў кіпці наўскоса.
Маладзіцы бусел з размаху
Дзюб – і выдзеўб палову носа.
– Бусле! Што ж ты зрабіў ліхое!
Я калекаю засталася.
Бусел кажа:
– Ляці са мною.
Выгаю ўсё па хуткім часе.
–Як ляцець мне, бяскрылай? –
Пытае.
– Апрану цябе, – кажа, – ў крылы.
Выйшлі ў двор,
І хвіліна тая
Таямніцаю ўсё акрыла.
Узняліся ды паляцелі.
І зрабілася цёмна ў хаце.
Достарыңызбен бөлісу: |