Гісторыя Беларусі у 6-ці тамах
Спіс кніг:
Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. Мінск: Экаперспектыва, 2000. (далей ГБ-1);
Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. Мінск: Экаперспектыва, 2002 (далей ГБ-2);
Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII–XVIII стст.). Мінск: Экаперспектыва, 2004.. (далей ГБ-3);
Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII – пачатак XX ст.). Мінск: Экаперспектыва, 2005. (далей ГБ-4);
Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917–1945 гг. Мінск: Экаперспектыва,. 613 с. (далей ГБ-5);
Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 6. Беларусь у 1946–2009 гг. Мінск: Экаперспектыва, 2011. 728 с. (далей ГБ-6).
Найноўшае даследаванне, плён працы беларускіх гісторыкаў, налічвае агулам 3245 друкаваных старонак. Шматтамовае выданне выходзіла з 2000 да 2011 г. – першыя чатыры тамы даволі аператыўна, а астатнія два – пасля пяці- і шасцігадовага перапынкаў. Унутраная структура выдання не выклікае пярэчанняў і адпавядае этапам палітычнай гісторыі беларускіх земляў, і толькі апошні том (які асвятляе падзеі пасля 1945 г.) ахоплівае як часы прыналежнасці рэспублікі да Савецкага Саюза, так і перыяд пасля яго распаду і здабыцця поўнай незалежнасці. Аб’ём асобных тамоў вагаецца ад 344 (т. 3) да 728 (т. 6) старонак, а значыць, адрозніваецца больш як на 100%. Такая з’ява нармальная для падобных серыйных публікацый. Выходзілі тамы па парадку, з адным выключэннем: 3-і том з’явіўся адразу пасля 1-га, што тлумачыцца больш дынамічным у параўнанні з іншымі перыядамі станам даследаванняў знаходжання тэрыторыі Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай. Сярод членаў рэдакцыйнай калегіі, рэдактараў асобных тамоў і іх аўтараў можна бачыць вядомых даследчыкаў – прадстаўнікоў як старэйшага, так і маладзейшага пакалення гісторыкаў, што само па сабе варта ўхвалы. У першых сказах “Уступу” звяртаецца ўвага на значэнне гісторыі ў развіцці народа і развіваецца гэтая думка на прыкладзе пакручастай гісторыі беларускага народа. Заслугоўвае ўвагі той факт, што ніводная эпоха не занядбаная, захоўваецца гармонія паміж асвятленнем даўнейшых і найноўшых падзей.
Храналагічна найдаўжэйшы перыяд часу ахоплівае першы том, падзелены на два раздзелы – 1. Першабытная эпоха, 2. Беларускія землі ў раннім Сярэднявеччы (VI ст. – першая палова XIII ст.), – гэта значыць да ўтварэння першасных формаў дзяржаўнасці (балты і славяне, ус-ходнеславянскія саюзы плямён, Полацкае і Тураўскае княствы ў IX–XI ст.); наступны этап адлюстроўвае гісторыю беларускіх земляў у XII–XIII ст. Апрача палітычных пытанняў, асобна разглядаецца развіццё эканамічнага ўкладу, грамадскага ладу, а таксама культуры, у тым ліку спецыфічныя рысы гэтага абшару, якія ўжо тады сведчылі пра яго самабытнасць. Том падрыхтаваны яе мае быць. Шкада толькі, што ў бібліяграфіі нестае дзвюх фундаментальных прац польскага даследчыка ўсёеўрапейскага маштабу Генрыка Лаўмяньскага – “Даследавання пачаткаў літоўскага грамадства і дзяржавы” (у 2 т.), а таксама яго шматтамовага твора на тэму вытокаў славянства (“Пачаткі Польшчы”), у якім беларускім землям таксама аддаецца значная ўвага. Хоць можна было чакаць іх выкарыстання, асабліва калі ўзяць пад увагу храналагічныя рамкі тома (ГБ-1, с. 335–336).
Дбайна падрыхтаваны, хоць і не такі разгорнуты, як папярэдні, трэці том прысвечаны гісторыі Беларусі ў перыяд пасля Люблінскай уніі. Ён ахоплівае два стагоддзі, на працягу якіх Беларусь разам з Вялікім Княствам Літоўскім апынулася ў складзе Рэчы Паспалітай “абодвух нацый” і ў культурным плане хутчэй задавала тон старажытнай дзяржаве Гедымінавічаў, каб на базе адзінай палітычнай нацыі адаптавацца да павеваў, якія ішлі з Кароны. Тут мы бачым велізарныя змены ў параўнанні з названай на пачатку гэтай рэцэнзіі “Гісторыяй БССР” савецкага перыяду. Дастаткова зірнуць на главу пра вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 г., аўтар якой звяртаецца да ўласнай “адкрывальніцкай” манаграфіі, выдадзенай у 1995 г. і прысвечанай гэтай “невядомай” у ранейшай гістарыяграфіі (калі не лічыць польскіх даследаванняў) больш як дзесяцігадовай вайне (ГБ-3, с. 78–92). З храналагічнага пункту гледжання падача матэрыялу падзелена на тры раздзелы: першы ахоплівае мірныя часы да 1648 г., другі – войны, якія дратавалі грамадства ўсё наступнае стагоддзе, трэці – другую палову XVIII ст.: гады гаспадарчага ажыўлення і адначасова палітычнага крызісу, які прывёў да паступовага паглынання беларускіх земляў Расіяй, што завяршылася разам з трэцім падзелам Рэчы Паспалітай. Заслугоўвае ўвагі апошняя глава, прысвечаная матэрыяльнай і духоўнай культуры эпохі Асветніцтва, у тым ліку: 1) адукацыі і навуцы, 2) літаратуры, 3) магнацкім культурным цэнтрам, 4) мяшчанскай і сялянскай культуры, 5) рэлігійнаму становішчу. У сціслым “Заключэнні” (318–320) Ю. Бохан, адзін з двух (разам з П. Лойкам) рэдактараў тома, падводзіць вынікі ўсяго аналітычнага выкладу і адначасова “з вышыні птушынага палёту” падсумоўвае ўвесь ранейшы гістарычны шлях беларускага этнасу ў эпоху феадалізму; гэта была, як чытаем у апошнім сказе, база для фармавання ў наступным стагоддзі беларускай нацыі. Дадамо – гэтак жа, як і ў іншых спадчыннікаў шматэтнічнай Рэчы Паспалітай.
Чацвёрты том датычыць эпохі, у якой уся Беларусь апынулася ў складзе Расійскай імперыі і як на пачатку гэтага перыяду была сведкам заняпаду Рэчы Паспалітай, так напрыканцы яго перажыла крах імперыі Раманавых. Храналагічная мяжа паміж раздзеламі праходзіць па сярэдзіне XIX ст. (схіл феадальна-прыгонніцкай эпохі і станаўленне буржуазнага грамадства), а завяршаецца выклад апісаннем падзей, што адбываліся напярэдадні Першай сусветнай вайны. Том забяспечаны грунтоўнай храналогіяй (494–501), у якой апошнія даты датычаць пачатай у сярэдзіне 1914 г. “вялікай еўрапейскай вайны” (як называлі спачатку Першую сусветную, у якую канфлікт ператварыўся праз два гады); у наступным годзе краіну акупавалі нямецкія войскі, а ў Вільні была заснавана першая беларуская публічная школа. Для чытача вельмі карысным будзе грунтоўны “Уступ”, які ўтрымлівае крытычнае агляд бібліяграфіі і крыніц. Успрыманне аблягчаецца (гэта датычыць усіх тамоў) сінтэтычным падсумаваннем выкладу, наяўнасцю бібліяграфіі, вышэй-згаданай храналогіі, а таксама паказальнікаў – імяннога і геаграфічнага.
У пятым томе, які ахоплівае перыяд ад рэвалюцыі 1917 г. да канца Другой сусветнай вайны, матэрыял падзяляецца на пяць вялікіх раздзелаў. Першы з іх датычыць ваенных падзей аж да ўтварэння БССР і падпісання Рыжскай мірнай дамовы. Поруч з палітычнымі падзеямі асобна разглядаюцца аспекты матэрыяльнага побыту народа, пытанні культуры, а таксама роля эмігранцкіх элементаў у жыцці народа (36–137). Другі раздзел датычыць гісторыі рэспублікі ў міжваенны перыяд (138–260), у трэцім паказваюцца цяжкія ўмовы “таталітарнай сістэмы”, ці сталінскай дыктатуры, перад пачаткам узброенага канфлікту паміж Нямеччынай і СССР на трэцім годзе Другой сусветнай вайны (261–351). Чацвёрты раздзел (“Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы”, с. 352–448) падзяляецца на тры главы: 1. Эканамічнае і сацыяльна-палітычнае становішча народа, 2. Змаганне за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне, 3. Духоўнае жыццё ва ўмовах паланізацыі. Для польскага чытача гэта асабліва каштоўны раздзел, паколькі ён дазваляе паглядзець на вядомыя яму падзеі з іншага боку, згодна з рымскім прынцыпам “audiatur et altera pars” (“няхай будзе выслуханы і другі бок”). І нарэшце гады вялікай народнай трагедыі – пяты раздзел “Беларусь у Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах” (449–567).
Шосты том апісвае падзеі аж да сучаснасці: выклад завяршаецца на 2009 г. Першы з чатырох раздзелаў (“Пераход ад вайны да міру. Аднаўленне і развіццё эканомікі і культуры”) ахоплівае дэкаду 1946–1955 г. (23–190). Вобразна і разам з тым з грунтоўнай апорай на дакументальныя матэрыялы аўтары апавядаюць пра залечванне ваенных ран, сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, а таксама дэмаграфічныя працэсы (падаецца, з іх варта было б пачаць выклад, тады як на самай справе яны адсунуты амаль што ў канец раздзела) на фоне палітычных і культурных падзей. Другі раздзел ахоплівае ўдвая даўжэйшы перыяд (с. 191–356, да 1970-х г. XX ст.) і апісвае пераадоленне культу асобы Сталіна пасля яго смерці, спробы рэфармавання гаспадаркі, сацыяльна-эканамічнае становішча, змены ў дэмаграфічнай структуры насельніцтва (натуральны прырост, міграцыю з сельскай мясцовасці ў гарады, сацыяльную структуру насельніцтва, а таксама яго этнічны склад). Перапісы насельніцтва, што праводзіліся ў інтэрвале 1950–1970 г., паказалі рост яго колькасці ў БССР з больш як 6,5 млн. да прыкладна 8 млн. чалавек, не лічачы яшчэ 1 мільёна ў іншых частках СССР. У трэцім раздзеле апісваецца чарговае дваццацігоддзе (1971–1991), канец якога супадае з распадам Савецкага Саюза і здабыццём незалежнасці яго раней-шымі ўдзельнікамі (“БССР у перыяд нарастання крызісу і заканчэння існавання савецкай сістэмы (1971–1991)”, с. 358–586).
Чым бліжэй да сучаснасці, тым больш гісторык ператвараецца ў палітолага, бо гісторыя вымагае пэўнай часавай дыстанцыі для ацэнкі падзей. І гэта нам варта мець на ўвазе пры знаёмстве з апошнімі раздзеламі шостага тома. Асабліва з чацвёртым яго раздзелам, які таксама ахоплівае два дзесяцігоддзі – з 1991 да 2009 г. (“Беларусь ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту”, с. 587–682). Унутраная структура раздзела не выклікае пярэчанняў – першая глава прысвечана распаду СССР, другая – асвятленню падзей амаль што да нашага часу. Апошняя падзелена на дзве часткі – першая ахоплівае перыяд парламенцкага праўлення, другая – этап прэзідэнцкай улады. Аўтарам “Заключэння” да шостага тома, а таксама – асобна – да ўсяго выдання выступае яго галоўны рэдактар Міхаіл Касцюк.
Такім чынам, у нашым распараджэнні апынулася цікавая праца некалькіх дзясяткаў даследчыкаў – пераважна вядомых і дасведчаных гісторыкаў. Матэрыялы выдання напісаны з веданнем справы, з апорай на галіновую літаратуру, а таксама першакрыніцы. Без сумневу, гэтая праца паслужыць зыходным пунктам для чарговых даследаванняў і паглыблення ранейшых распрацовак.
Достарыңызбен бөлісу: |