Акадэмiя кipaвання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь Cicтэма адкрытага навучання


Дакладнасць, лагічнасць і дарэчнасць маўлення



бет17/30
Дата05.07.2016
өлшемі1.3 Mb.
#179864
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   30

Дакладнасць, лагічнасць і дарэчнасць маўлення


Дакладнасць маўлення палягае ў сэнсавай адпаведнасці яе асобных слоў, выказванняў знешнім рэаліям, сітуацыям або паняццям аб іх, а таксама ў выкарыстанні адзінак маўлення ў тых значэннях, што замацаваны за імі моўнай практыкай і прадстаўлены ў адпаведных кадыфікаваных лінгвістычных даведніках. Дакладнасць звязана з правільнасцю маўлення, непасрэдна з семантыкай моўных адзінак, лексічнымі і сінтаксічнымі нормамі (параўн.: Лепешаў 1989, 76). Асабліва асцярожна і ўмела трэба выкарыстоўваць шматзначныя словы, не блытаць паронімы тыпу абагульніць і абагуліць, гліняны і гліністы і да т.п. (абагульніць можна толькі думкі, факты, меркаванні і іншыя адцягненыя паняцці, а абагуліць – прылады працы, свойскую жывёлу, мэблю і іншыя канкрэтныя прадметы), размяжоўваць сінонімы (так, сінанімічныя словы зачыніць і закрыць спалучаюцца з рознымі назоўнікамі, першыя, у прыватнасці, з назоўнікамі тыпу дзверы, вароты і да т.п., другое – з назоўнікамі тыпу вочы, твар і да т.п.).

Для афіцыйна-дзелавога і навуковага стылю дакладнасць служыць абавязковым атрыбутам: гэтаму спрыяюць і, як правіла, адназначная лексіка дадзеных стыляў, шматстайныя гатовыя для ўжывання ўстойлівыя звароты, выразы, стандартныя структуры сказаў, адсутнасць эліптычных канструкцый, і, магчыма, самае галоўнае, наяўнасць добра ўсвядомленых, старанна падрыхтава-ных паняццяў, думак, суджэнняў.



Дакладнасць служыць абавязковым кампанентам лагічнасці, з дапамогай якой устанаўліваюцца несупярэчлівыя, паслядоўныя, адпаведныя рэчаіснасці сэнсавыя сувязі паміж часткамі выказвання. Такім чынам, лагічнасць выходзіць за межы слова і праяўляецца ў сказе, у галіне сінтаксіса. Лагічныя сувязі рэалізуюцца адпаведнымі сінтаксічнымі канструкцыямі, у якіх значную ролю адыгрываюць складаныя злучнікі тыпу, таму … што, калі…, то, раз …, так, як толькі …, дык і інш.; парадкам слоў (параўн.: Дзень змяняе ноч, Маці любіць дзіця і да т.п. – на першым месцы знаходзіцца звычайна суб‘ект дзеяння, які, аднак, у пэўных кантэкстах можа быць і аб’ектам; напрыклад, Маці любіць дзіця, а бацьку любіць маці і да т.п.). Лагічнасць праяўляецца таксама ў адпаведнасці выказвання тым або іншым падзеям, з‘явам, фактам знешняй рэчаіснасці, у адэкватнасці думкам, паняццям, суджэнням. Лагічнасць павінна прымяняцца і па-за межамі сказа да выступленняў, дакладаў, артыкулаў і г.д., якія звычайна будуюцца па лагічнай схеме, маюць устойлівую кампазіцыю: уводзіны (уступ) – асноўная частка – заключэнне. Да таго ж асноўныя палажэнні кожнай такой часткі павінны арганічна і лагічна звязвацца паміж сабой.

Дарэчнасць маўлення павінна непасрэдна нітавацца з дакладнасцю і лагічнасцю, і яе сутнасць заключаецца ў выкарыстанні моўных сродкаў з поўнай адпаведнасцю тэме гаворкі, сітуацыі, або кантэксту, мэце выказвання, колькаснаму і якаснаму складу аудыторыі (слухачоў, чытачоў, іх узросту, прафесіі, адукаванасці, полу, настрою, месцу жыхарства і іншым асаблівасцям), выбранаму стылю маўлення, часу і варункам зносін. Недарэчна ўжываць у сяброўскай размове кніжныя, афіцыйна-дзелавыя выразы, і наадварот, у афіцыйна-дзелавым, навуковым стылях – гутарковыя ці прастамоўныя словы, бо гэта можа сведчыць не толькі пра нізкую культуру маўлення, але і выклікаць недавер у слухача (слухачоў) да выказанай інфармацыі.

Чысціня, выразнасць і багацце маўлення


Чысціня маўлення, якое выкарыстоўваецца ў сацыяльным асяродку, у афіцыйных умовах, забяспечваецца найперш адсутнасцю ў ім чужародных літаратурнай мове элементаў, адсутнасцю ў ім паразітычных гукаў і слоў (тыпу, гм, э-э-э, ну, так сказаць, як яго, гэта самае, значыцца і да т.п.), мясцовых слоў, ці дыялектызмаў, прастамоўных лексем і выразаў тыпу быдта, адылі, було, ыгы, глядзь, скапыціцца, мянціць языком, перці пехадралам і да т.п., плеаназмаў і таўталогій тыпу ў верасні месяцу, шэсць штук сталоў, пяць чалавек студэнтаў, поўнасцю запоўнены і да т.п., жарганізмаў тыпу хіла, клёва, філон, здаць хвасты і інш., безпадстаўна ўжытых запазычаных слоў і варварызмаў тыпу о-кэй, стрыт, хаўбек, чао і інш., канцэлярызмаў тыпу як абстаіць справа, скласці мерапрыемства і інш., русізмаў тыпу вучыцель, сражэнне і інш., наватвораў і аказіяналізмаў тыпу ажыгуліўся «купіў аўтамабіль Жыгулі» аступеніўся «стаў кандыдатам навук» і інш., шматкампанентных скарачэнняў і абрэвіятур тыпу Белмаслатлушчснабзбыткантора і інш.

Багацце маўлення лучыцца перадусім з разнастайнасцю ўжытых моўных сродкаў і з як можна радзейшым паўтарэннем адных і тых жа слоў і выразаў, асабліва паўтораў нематываваных, бо абмежаваныя моўныя сродкі, іх паўторнае выкарыстанне сведчаць пра беднасць не толькі маўленчых патэнцый аўтара, але і пра невялікі запас думак, пра слабыя інтэлектуальныя здоль-насці прамоўцы. Выказванне ж адной і той жа думкі рознымі і шматстайнымі моўнымі сродкамі, як правіла, з‘яўляецца вынікам яе многааспектнай і глыбокай асэнсаванасці, добрай засвоенасці, служыць надзейнай падставай для таго, каб вытлумачыць яе ясна, зразумела, данесці па-рознаму ў залежнасці ад складу адрасатаў, аудыторыі.

Беларуская мова надзвычай багата сінонімамі, якія разнастайна характарызуюць найбольш істотныя для нашага жыцця з‘явы, рэаліі і паняццш аб іх. Так, для паняцця, звязанага з гаварэннем, выдзяляецца 73 розных сінонімы (параўн.: казаць, размаўляць, гутарыць, гаманіць, мармытыць, балбатаць, балабоніць, субяседнічаць, чаўпці, вярзці і г.д.), з паняццем «добра» – 70 розных слоў (параўн.: неблагі, станоўчы, дасканалы, варты, выдатны, бездакорны, прыстойны, ладны, дыхтоўны, файны, адменны і інш.), з паняццем «многа» –


66 розных сінонімаў (параўн.: шмат, безліч, цьма, навалам, нямала, па горла, хоць адбаўляй і інш.), а з паняццем «хутка» – 126 розных слоў (гл.: Клышка 1993).

У трохтомным руска-беларускім слоўніку для характарыстыкі, тлумачэння, перакладу 110000 зыходных рускіх лексем выкарыстана звыш 300000 розных беларускіх слоў (Русско-белорусский словарь 1993, т.1, 6), што сведчыць пра надзвычай вялікі лексічны запас беларускай мовы, асабліва калі ўлічыць, што ў згаданы слоўнік не ўключаны мільёны спецыяльных слоў (многія дыялектызмы, тапонімы, уласныя імёны, тэрміны і інш.).

Зразумела, гэта не значыць, што, напрыклад, кіраўнік здольны выкарыстаць усё багацце мовы, бо нават у самых прызнаных майстроў слова, пісьменнікаў, паэтаў, па дадзеных спецыяльных лінгвістычных даследаванняў, адзначаецца прыблізна каля 10–15% агульнаўжывальнай лексікі адпаведный мовы (напрыклад, у творчасці вядомага рускага паэта С.Ясеніна налічваецца 18 900 розных слоў, у моўнай скарбонцы беларускага паэта і пісьменніка Я.Коласа – каля 37 000 розных слоў). Аднак у сваім маўленні трэба імкнуцца, каб наяўны ў адукаванага носьбіта мовы слоўнікавы склад (каля 10–15 тысяч розных лексем) актыўна выкарыстоўваўся ў яго маўленчай дзейнасці ва ўсёй сваёй разнастайнасці і паўнаце.

Выразнасць маўлення звязана з нагляднасцю, вобраз-насцю, малюнкавасцю вербальнага афармлення думак і забяспеч-ваецца дарэчным, умелым ужываннем такіх стылістычных сродкаў, як эпітэты, метафары, параўнанні, фразеалагізмы, парэміі (прыказкі, прымаўкі), перыфразы і інш., каб аптымальна і яскрава данесці да адрасатаў неабходную думку. Фанетычныя і сінтаксічныя сродкі выразнасці вызначаюцца выкарыстаннем усіх інтанацыйных характарыстык маўлення, адпаведнай яснай дыкцыі, рэкамендава-ных літаратурных норм вымаўлення і асобных гукаў, і іх спалучэнняў, ужываннем правільных канструкцый спалучэння слоў і канструкцый сказаў. Усе гэтыя сродкі найбольш поўна праяўляюцца ў зазначаных вышэй стылях: мастацкі, публіцыстычны, у меншай ступені гутарковы. У навуковым і афіцыйна-дзелавым стылях экспрэсія можа тычыцца такіх іх жанраў, як дыскусія, палеміка, лекцыя, вуснае выступленне, рэцэнзія і інш., дзе патрабуецца ацэначная характарыстыка актуальных думак, пытанняў, палажэнняў, што абмяркоўваюцца ў вусных паведамленнях ці публікацыях.

Выразнасць маўлення мае на мэце прыцягваць увагу і інтарэс слухача і падтрымліваць іх увесь час на належным узроўні (гл.: Головин 1980, 186), што дапамагае аптымальна ўспрымаць неабходную інфармацыю. У значнай ступені акрэсленасць думкі вызначаецца кантэкстам, парадкам слоў (параўн. розны сэнс у выразах, якія складаюцца з адных і тых жа слоў: дзесяць чалавек і чалавек дзесяць; Ён проста жыў і Ён жыў проста і г.д.), лагічным ці акцэнталагічным выдзяленнем найбольш важных, значных і актуальных частак выказвання, удалым кампазіцыйным размеркаваннем інфармацыйнага матэрыялу ў выступленні ці публікацыі. Выразнасці цяжка дасягнуць, калі прамоўца гаворыць па паперцы, чытае напісанае. Галоўнай перадумовай экспрэсіўнага маўлення служыць самастойнасць мыслення чалавека, максімальнае праяўленне індывідуальнасці сваёй натуры, цесны кантакт з аўдыторыяй, інтарэс аўтара да выказанага паведамлення, поўная рэалізацыя свайго інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу (не адкладваць на потым тыя ці іншыя думкі, ацэнкі, сродкі іх выражэння і г.д.), і, зразумела, актыўнае выкарыстанне ўсіх моўных сродкаў выразнасці: і фанетычных, і лексічных, і марфалагічных, і фразеалагічных, і сінтаксічных, і стылістычных, і кантэкстуальных.


Кантрольныя пытанні да лекцыі №4


  1. Пералічыце асноўныя стылі мовы.

  2. Назавіце асноўныя кампаненты культуры маўлення.

  3. Што такое дакладнасць маўлення?

  4. Назавіце неабходныя элементы выразнасці маўлення.

  5. Назавіце неабходныя элементы багацця маўлення.


Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   30




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет