Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



бет4/24
Дата24.02.2016
өлшемі1.41 Mb.
#16654
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24

Спецыфіка горада была ў тым, што ён адзіны ў свеце не меў сухапутнага транспарту, які замяняўся водным. Замест праезжых вуліц Венецыя карысталася каналамі з умацаванымі берагамі і чатырма сотнямі мастоў, але без набярэжных. Дамы стаялі на сваях і навісалі над вадой, а для праходу гараджанаў адводзіліся вулачкі шырынёй не больш за два метры.

Венецыя – гэта горад невядомай раней канцэпцыі. Побач з Рымам яна ўжо ў Сярэднявеччы, раней за іншыя гарады планеты, стала турыстычным атракцыёнам. Дасюль захавалася назва набярэжнай Цыцак, уздоўж якой з вокнаў публічных дамоў высоўваліся прастытуткі, аголеныя па пояс. Іх налічвалася ў горадзе 11 тысяч. Багацце гораду прыносілі не промыслы, а гандаль і сэрвіс. Венецыя стала радзімай казіно, статыстычнай навукі і падаходнага падатку. Тут у ХІV ст. з’явілася ўпраўленне грамадскай санітарыі і гігіены, таму і смяротнасць была ніжэйшая, чым дзе яшчэ. Цэны на ежу знаходзіліся пад кантролем. Адстаўныя служачыя атрымоўвалі пенсію. Горад сфармаваў своеасаблівы сярэдні клас. У сваім развіцці Венецыя апярэджвала іншыя гарады на цэлую эпоху.

Увогуле, гэта быў час, калі ўзрастала эканамічнае значэнне гарадоў. У іх наладжваліся сістэмы падаткаў, фінансаў, грамадскага крэдыту, мытні, дзяржаўных займаў, вэксаляў, бухгалтэрыі. У Венецыі першыя каштоўныя паперы былі выпушчаныя ў 1167 г. У Барселоне (1401), Венецыі (1407), Генуі (1408) запрацавалі першыя банкі. У Генуі ўжо з канца ХІІ ст. сталі ціснуць залатыя манеты, а пазней вынайшлі падвойнае рахункаводства (дэбет – крэдыт). Значны ўклад у эканамічнае развіццё гарадоў Сярэднявечча ўнеслі дынастыі яўрэйскіх купцоў Медзічы з Фларэнцыі, Фугераў з Аўсбурга, а таксама Вельзераў з Нюрнберга. Адным з галоўных цэнтраў пражывання яўрэйскага купецтва была Венецыя.

Вылучаліся сваім рамесна-гандлёвым характарам і гарады Фландрыі. Самым бойкім гандлёвым цэнтрам заальпійскай Еўропы стаў горад Бруге (што азначае мост), які ў ХІІІ ст. славіўся сваімі сукнамі, вырабленымі з англійскай воўны. У яго рачны порт, галоўны ў Еўропе на Паўночным моры, заходзілі марскія караблі (прычалы мелі дахі). А калі ў 1338 г. была пракладзеная першая колавая дарога праз Альпы, гандлёвае значэнне горада імкліва вырасла. Ён меў рэгулярную дыліжансавую сувязь з Венецыяй. У першай палове ХІV cт. у Бруге пражывала 80 тысяч чалавек. Але напрыканцы стагоддзя горад пачаў чэзнуць з прычыны эканамічнага крызісу, войнаў і абмялення ракі.

Большасць тагачасных гарадскіх паселішчаў заставалася ў моцнай эканамічнай залежнасці ад вёскі. Горад слаба урбанізаваў вёску, а вось вёска часцей рабіла гарады вясковымі, аграрнымі. Гараджане свае запатрабаванні часткова задавальнялі коштам уласных гарадскіх земляў. У ХІ ст. гарадскому цэнтру з трыма тысячамі жыхароў для таго, каб пражыць, неабходна было панаваць над тэрыторыямі дзесяці вёсак – агулам 8,5 кв. км. Дзякуючы неземляробчым заняткам горад мог пракарміцца толькі ў выключных выпадках – пры наяўнасці буйнога міжнароднага гандлю. Здаралася, што ў працэсе каланізацыі, як і за часам Старажытнай Грэцыі, услед за новымі гарадамі ўзнікалі і новыя вёскі, якія кармілі гараджанаў і служылі ім эканамічнымі базамі для выжывання.

Самым вялікім горадам Германіі ў ХV ст. лічыўся Кёльн. Ён меў каля 20 тысяч жыхароў. Аднак тыповы сярэднявечны горад быў невялікага памеру (1–2 тысячы чалавек, зрэдку да 5–10 тысяч чалавек). У некаторых з іх жылі не больш за 400 чалавек. Такія гарадкі (stetchen мястэчкі) густа (не далей як за 30–40 км адзін ад аднаго) пакрывалі тэрыторыю еўрапейскіх краінаў, ствараючы эканамічны каркас для гандлёвай дзейнасці і ўсялякіх камунікацый з улікам магчымасцяў гужавога транспарту. Тавары плаўна “перацякалі” ад гарадка да гарадка. А сяляне пры такой гушчыні гарадскіх паселішчаў маглі вельмі лёгка з любой вёскі на працягу дня дабрацца да горада, каб прадаць свае тавары і вярнуцца дахаты.

Нягледзячы на эканамічы крызіс у Еўропе, у ХІV ст. свой залаты век перажывала Прага. Гэта звязана з ператварэннем горада ў 1355 г. у сталіцу Рымскай імперыі нямецкага народа. Да канца стагоддзя быў пабудаваны знакаміты цяпер Пражскі Град (замак, плошча, касцёл, ратуша) у стылі позняй готыкі. У 1348 г. тут адкрыўся першы ва Усходняй Еўропе універсітэт.

У ХV ст. у Еўропе з’явіўся шэраг новых фактараў росту гарадоў. Па-першае, істотна пашырыўся міжнародны гандаль, што спрыяла ўзнікненню буйных гандлёвых гарадоў. Найперш гэта былі партовыя цэнтры, якія бурна развіваліся, асабліва пасля Вялікіх геаграфічных адкрыццяў.

Па-другое, якраз у той час пачалі складвацца абсалютысцкія манархіі і нацыянальныя дзяржавы. Узнікалі магутныя імперыі, іх сталіцы з каралеўскімі дварамі напаўняліся багаццем і людзьмі. З дапамогай артылерыі і скарбаў гарадоў манархі ламалі сепаратызм правінцыйнай знаці. Сцены замкаў іх гаспадароў ужо не ўратоўвалі ад артылерыйскіх ядраў. Рэгулярныя войскі каралёў руйнавалі палацы і рабавалі непакорлівых. З ростам магутнасці дзяржаў гарады сталі карміцца дзякуючы дзяржаўным заказам. Складваўся саюз гарадоў і манархаў супраць сепаратызму феадалаў.

Па-трэцяе, набірала моц Адраджэнне (Рэнесанс). Заваяваўшы Рымскую імперыю, еўрапейскія варвары спачатку не маглі ацаніць і ўспрыняць культуру гэтай дзяржавы. Разуменне прыйшло толькі ў XІV ст. Антычная культура адраджалася на новым фундаменце, на больш высокім узроўні. Яе фізіялагічная цялеснасць выціскалася хрысціянскай духоўнасцю. Адраджэнне дало магутны штуршок для развіцця гарадоў. Рэнесансавыя змены ў забудове выявіліся найперш у малых гарадах, дзе знаходзіліся багатыя заказчыкі. Папа рымскі Пій ІІ фінансаваў мадэрнізацыю свайго роднага горада Корсігнано і даў яму новае імя Піенза. З вялікіх гарадоў першым пачаў мадэрнізавацца Рым. На заранку Адраджэння з’явіліліся універсітэцкія гарады: Оксфорд у Англіі, Падуя ў Італіі і інш. Пашыраўся свецкі тэатр, ствараліся прафесійныя трупы. Важным і абавязковым элементам горадабудавання станавіліся гарадскія плошчы, якія пачыналі выкарыстоўваюцца не толькі для гандлю, але і для адпачынку, прагулак, а таму ўпрыгожваліся статуямі, шыкоўнымі будынкамі, храмамі. Культурна-асветніцкая функцыя гарадоў станавілася адной з галоўных. З ХV ст. гараджане-кніжнікі займелі акуляры.

Можна вылучыць тры найважнейшыя вынікі развіцця гарадскога жыцця сярэднявечнай Заходняй Еўропы:

1. З дапамогай гарадоў адбылося поўнае засяленне ўсёй заходнееўрапейскай прасторы. Праз заснаванне новых гарадоў адбывалася ўнутраная каланізацыя свабодных земляў, а таксама і знешняя (на ўсход ад Эльбы).

2. Узнікла густая сетка невялікіх гарадкоў, якія побач з іншымі стваралі камунікацыйны каркас для эканамічнага развіцця кантынента. Тая сетка гарадоў у значнай меры выкарыстоўваецца дагэтуль. Адначасова малыя гарады служылі адміністрацыйнымі центрамі і найчасцей знаходзіліся ў залежнасці ад феадалаў ці буйных гарадоў. У Францыі існавала 32 тысяч камун на чале з гарадскім цэнтрам, у Італіі – каля 8 тысяч, у Германіі – каля 3 тысяч.

3. Сфармавалася гарадская ідэнтычнасць. Гараджане дакладна і з гонарам называлі сябе па імі свайго роднага горада: венецыянцы, бругцы, кардоўцы. “Горад – гэта стан душы, збор звычак і традыцый, паводзінаў і пачуццяў…”– пісаў у 1925 г. Роберт Е. Парк.

Як бачым, нават у аграрнае Сярэднявечча вёска не адсунула заходнееўрапейскія гарады на задні план. У той перыяд роля гарадскіх паселішчаў у грамадска-палітычным прагрэсе была выключнай. Калі ў ХІ ст. у Еўропе адрадзіўся горад, пачалося ўзвышэнне цэлага кантынента. Калі ў Паўночнай Італіі гарады дасягнулі росквіту, наступіла эпоха Адраджэння. Такога росквіту гарадоў, які назіраўся ў Заходняй Еўропе, не ведаў ніводны іншы рэгіён. І што цікава, практычна ўсе сярэднявечныя гарады Еўропы захаваліся да нашых дзён.

У той час як еўрапейскія гарады станавіліся эканамічна самадастатковымі і палітычна вольнымі, на Усходзе і ў Азіі яны заставаліся аграрнымі. Ужо Марка Пола, які падарожнічаў у 1274–1291 гг. па Кітаі, адзначаў, што Венецыя і іншыя гарады Еўропы нічым не саступаюць кітайскім. Павялічваць свае багацці ім перашкаджала дэспатычнасць дзяржаўнай улады і адсутнасць свабоды. Усход не ведаў этапу закрытага горада. Усходні адкрыты горад адразу ж трапляў пад апеку дзяржавы. Усталёўвалася поўнае падпарадкаванне гараджанаў імператарскай уладзе. Гэта былі гарады адначасова і адкрытыя, і падпарадкаваныя. У іх пераважалі абарончая і адміністрацыйная функцыі. Большасць насельніцтва складалі рамеснікі і гандляры, але іх промыслы заставаліся пераважна на дробнатаварнай стадыі. Захоўвалася бездань паміж жыхарамі палацаў і асноўнай масай гараджанаў. Таму ў сваім развіцці гарады Усходу пачыналі адставаць ад гарадоў Захаду (Еўропы).

Арабскія гарады выступалі эканамічнай базай для ваеннай экспансіі мусульманскага свету на еўрапейскі кантынент. Доўгі час (да 1453 г.) гэты ваенны націск стрымлівала Візантыйская імперыя. Яе сталіца Канстанцінопаль была ўмацаваная грандыёзнымі сценамі, узведзенымі імператарамі Канстанцінам (у 330 г.) і Тэадорам (у 414 г). Вада падавалася ў горад праз падземныя акведукі і захоўвалася ў вялікіх цыстэрнах. У той самы час гарады Блізкага Усходу спрыялі пашырэнню на еўрапейскі кантынент ведаў пра антычную спадчыну. Некаторыя антычныя тэксты захаваліся толькі ў перакладзе на арабскую мову.

Многія старонкі пазаеўрапейскай гісторыі застаюцца ўсё яшчэ не вядомымі. У 2008 г. навуковая экспедыцыя знайшла ў джунглях Амазонкі рэшткі паселішчаў, якія сведчаць аб існаванні ў Паўднёвай Амерыцы да прыходу еўрапейцаў густанаселеных гарадоў з высокімі сценамі і дасканалай планіроўкай. Іх паглынулі джунглі ў выніку вынішчэння гарадскога насельніцтва каланізатарамі.
3. Гарадскія паселішчы Беларусі ў ХI–XV стст.
3.1. Перыяд Кіеўскай Русі. ХІ ст. – сярэдзіна ХІІІ стагоддзя
Перыяд Кіеўскай Русі ў беларускай гісторыі практычна супадае з высокім Сярэднявеччам у Еўропе (ХI–ХІІІ стст.). На тэрыторыі сучаснай Беларусі ў той час усталёўваўся феадальны лад жыцця, аграрная цывілізацыя. На варце новых парадкаў узніклі гарады-крэпасці. Шляхі ўзнікнення іх былі розныя:

1. Спачатку гарады з’яўляліся на месцы племянных гарадзішчаў і селішчаў каменнага веку.

2. Пазней гарады вырасталі з баярскіх двароў.

3. Гарады вырасталі і на месцах княжацкіх крэпасцяў-замкаў для абароны памежжа ад нападу ворагаў.

Практычна ўсе гарадскія паселішчы Беларусі з’яўляліся ўздоўж рэк, што, як капіляры, пакрывалі беларускую зямлю і служылі адзіным надзейным сродкам зносінаў. Таму і назвы большасці беларускіх гарадоў паходзяць ад найменняў рэк: Полацк – ад ракі Палаты, Віцебск – ад Віцьбы, Пінск – ад Піны, Слуцк – ад Случы і інш. Некаторыя гарады названыя ў гонар князёў: Тураў – князя Тура, Ізязлаўль (Заслаўе) – Ізяслава, Барысаў – Барыса.

Асаблівую эканамічную выгоду мелі гарады, што ўзнікалі на валоках – там, дзе найбліжэй сыходзіліся розныя рэкі. Такія гарады ў ІХ—ХІІ стст. хутка ўзбагачаліся дзякуючы міжнароднаму гандлю з Візантыяй, Арабскім Халіфатам і Скандынавіяй. Гандлёвы шлях паміж Поўднем і Поўначчу – “з варагаў у грэкі” – праходзіў якраз праз рэкі беларускіх земляў: па Дняпры, Заходняй Дзвіне і часткова па Бярэзіне і Нёмане. Горадаўтваральная роля гэтага міжнароднага гандлёвага шляху была надзвычай важная. Візантыя і Скандынавія выяўлялі вялікую зацікаўленасць у пашырэнні цывілізацыі ўздож беларускіх рэк, што іх звязвалі. Візантыйцы давалі грошы, вікінгі – ваяроў і зброю. Гэта паспрыяла ўтварэнню першых беларускіх дзяржаў і гарадоў, якія і пачалі выступаць гарантамі бяспекі гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”. Адначасова гарады самі ўцягваліся ў міжнародны гандаль. Ёсць падставы сцвярджаць, што гэты гандаль стаў асноўнай крыніцай багаццяў першых беларускіх княстваў, як і ў паўночнаітальянскіх гарадах-дзяржавах.

З ХІ ст. працэс горадаўтварэння на беларускіх землях адбываўся больш хуткімі тэмпамі: Берасце згадваецца ў летапісе ў 1019 г., Віцебск – у 1021 г., Орша і Менск – у 1067 г., Друцк – у 1092 г., Пінск – у 1097 г., Слуцак і Копыль – у 1116 г., Клецак і Барысаў – у 1127 г., Рагачоў і Гомель – у 1142 г., Мазыр – у 1155 г., Мсціслаў – у 1156 г., Новагародак – у 1116 г., Рэчыца – у 1213 г., Нясвіж – у 1223 г., Слонім – у 1251 г., Ваўкавыск – у 1252 г., Капыль – у 1274 г., Кобрын – у 1287 г. і г. д. З раннефеадальным перыядам беларускія гісторыкі звязваюць каля 35 гарадоў. Насамрэч гарадскіх цэнтраў магло быць і болей. Ёсць меркаванне, што ў ХІІІ ст. колькасць гарадоў даходзіла да 50. Чаму не пра ўсе ведаем? Справа ў тым, што шматлікія валасныя цэнтры гарадскога тыпу, якія тады найбольш поўна прэзентавалі эканоміку і культуру абшчынаў з іх родавымі і язычніцкімі традыцыямі, не заўсёды, як ужо адзначалася, траплялі ў поле зроку летапісцаў, калі там не было замкаў-крэпасцяў. У 2006 г. археолагу Сяргею Расадзіну ўдалося знайсці спачатку ў архіве, а потым і ў зямлі раней невядомы горад Казіміраў. У перыяд Кіеўскай Русі ён знаходзіўся ў цяперашнім Рэчыцкім раёне.

Тагачасныя гарады падзяляліся на дзве асноўныя часткі. У цэнтры знаходзіўся дзяцінец (дзядзінец) – умацаваная частка горада, дзе жыў князь з дружынай, размяшчаліся адміністрацыйныя і культавыя пабудовы, узводзіліся жылыя дамы вярхушкі грамадства (святароў, буйных купцоў, прадстаўнікоў адміністрацыі). Абарончую сістэму складалі прыродны ландшафт (высокі бераг ракі, абрыў, а часам балота) і штучныя ўмацаванні (земляны вал, драўляны зруб і драўляныя вежы). Неўмацаваная частка горада называлася пасадам, дзе жылі і працавалі рамеснікі, чорнарабочыя, іншыя прадстаўнікі нізоў грамадства. Найбольш буйныя гарады мелі вакольны горад, які займаў прамежкавае становішча паміж дзяцінцам і пасадам. Ён меў пэўныя ўмацаванні і засяляўся сярэднім класам гараджанаў: багацейшымі рамеснікамі (ювелірамі, кузняцамі), дробнымі купцамі, іншым служылым людам. У асобных гарадах вылучалася гандлёвая плошча, звычайна размешчаная каля рачной прыстані. Планіроўка была кольцава-радыяльнай. Ад дзяцінца ў розныя бакі разыходзіліся вуліцы, ці, як тады казалі, канцы. Існавалі канцы ювеліраў, кавалёў, шаўцоў. Відаць, гэтая традыцыя рассялення прыйшла ў старажытнабеларускія гарады з гарадскіх паселішчаў Усходу.

Будавалі гарады па-ранейшаму цалкам з драўніны: драўлянымі былі княжацкія палацы, жылыя пабудовы, цэрквы, дрэвам брукавалі вуліцы. Драўніна была асновай гарадской гаспадаркі. Гарады прэзентавалі драўляную цывілізацыю ўсходніх славянаў.

Першай камяніцай на беларускіх землях была полацкая Сафія, пабудаваная ў 1062–1066 гг. Тым не менш, як гэта ні парадаксальна, фрагменты драўлянай гарадской забудовы з часоў Кіеўскай Русі захаваліся дасюль. У Брэсце існуе музей старога горада. Рэшткі драўлянага горада былі знойдзеныя і ў Мінску пры будаўніцтве станцыі метро “Няміга”. Затопленая, перавільготненая глеба ўсё добра захавала.


Склалася своеасаблівая іерархія гарадоў:

1. Валасныя цэнтры адлюстроўвалі надзвычай вялікую этнаграфічную стракатасць і эканамічную разнастайнасць беларускіх земляў. Вакол кожнага валаснога цэнтра існавала нейкая адметная супольнасць людзей.

2. На фоне валасной разнастайнасці ўзвышаліся гарадскія цэнтры княстваў. Іх грамадская роля была такая велізарная, што ад назвы горада паходзіла і назва княства: Полацк – Полацкае, Тураў – Тураўскае, Смаленск – Смаленскае. Адметную вагу ім надаваў княжацкі двор. Княжацкія гарады карысталіся найбольшымі прывілеямі, мелі самыя моцныя крапасныя сцены, атрымоўвалі даніну з валасцей і мытныя зборы ад гандлю. Княжацкія сталіцы выступалі аплотам хрысціянскай веры, якую беларускія землі прынялі ў Х ст. У іх збіралася веча, якое выбірала князя. Рамеснікі забяспечваліся надзейнымі заказамі. Пры княжацкіх дварах зараджалася элітарная, або прафесійная, культура (будаўніцтва храмаў, маляванне абразоў). Гарадскія цэнтры княстваў звычайна мелі ўласнае летапісанне. Яны ўступалі ў міжнародны дыялог з суседнімі княствамі, далёкім арабскім светам, Візантыяй, Скандынавіяй і Заходняй Еўропай.

3. Прамежкавае становішча паміж валаснымі і княжацкамі цэнтрамі займалі цэнтры княжацкіх удзелаў. Туды пасылаліся на “княжанне” княжацкія сыны. Гэтыя гарадскія паселішчы звычайна прэзентавалі правінцыйную культуру, правінцыйныя традыцыі, але па меры развіцця гаспадарчай дзейнасці нярэдка і самі станавіліся на чале княстваў, якія вырасталі з былых удзелаў. Такім чынам феадальная раздробленасць спрыяла росту колькасці гарадоў і павышэнню іх грамадскай ролі.

У сукупнасці цэнтры воласцей, удзелаў і княстваў стваралі ў ХІ–ХІІ стст. даволі гарманічную этна-культурную прастору і дастаткова знітаваную эканамічную сістэму (прасторавы каркас) жыццядзейнасці беларускага этнасу.

Найбуйнейшым сярод княжацкіх гарадскіх цэнтраў быў Полацк. У ХІ–ХІІ стст. горад займаў каля 80 гектараў і меў да 10 тысяч гараджанаў. Ён вылучаўся развітай планіровачнай структурай і складаўся:

з пасялення на беразе Палаты (пачатковае гарадзішча),

умацаванага драўлянымі сценамі-гароднямі з вежамі Верхняга замка, што стаяў у вусці Палаты і Заходняй Дзвіны,

Вялікага пасада на правым беразе Заходняй Дзвіны,

пасада пад назвай Запалоцця (за ракой Палатай).

Толькі ў Полацку, побач з Кіевам і Ноўгарадам, быў узведзены храм Святой Сафіі. Археолагі знайшлі ў гэтым горадзе рэшткі дрэнажнай сістэмы. Часам Полацкім называюць увесь раннефеадальны перыяд ІХ–ХІІІ стст. Ад Полацка паходзіць першая на беларускіх землях мадэль палiтычнай нацыi – палачане.

Асобнае месца ў Кіеўскай Русі займаў Ноўгарад. Ён уваходзіў у Ганзейскі гандлёвы саюз гарадоў, быў крайнім пунктам на Усходзе ў гандлі паміж Захадам і Усходам па Балтыйскім моры. У ХІІІ ст. там налічвалася 20 тысяч жыхароў. Гэты горад быў галоўным супернікам Полацка ў барацьбе за лідэрства ў рэгіёне рассялення крывічоў. Ноўгарадская рэспубліка доўга захоўвала незалежнасць ад Масквы. Ратавалі ўзведзеныя ў 1380 г. мураваныя гарадскія сцены. У 1951– 1962 гг. археолагі раскапалі ў Ноўгарадзе 9000 кв. метраў і выявілі 1150 драўляных будынкаў, 28 драўляных насцілаў на галоўнай вуліцы горада, якія мяняліся кожныя 18 гадоў, а таксама 400 берасцяных грамат. Усё так цудоўна захавалася па той самай прычыне, што і ў старадаўніх гарадах Беларусі. Сучасныя рускія гісторыкі ўсё больш схільныя лічыць калыскай рускай цывілізацыі не Кіеў, а Ноўгарадскую зямлю. Гэта стала актуальна ў сувязі з праблемай падзелу спадчыны Кіеўскай Русі паміж украінцамі і рускімі.

У жыцці грамадства старажытнабеларускіх княстваў гарады адыгрывалі вялікую ролю і выконвалі шмат функцый. З іх найважнейшай была ваенна-абарончая. Акрамя таго, гарады выступалі рамеснымі, гандлёвымі, адміністрацыйна-фіксальнымі (мелі адміністрацыю для сельскіх акругаў і склады для захавання даніны), культурна-рэлігійнымі цэнтрамі. Толькі ў гарадах будаваліся храмы, перапісваліся кнігі, ствараліся ювелірныя вырабы, кавалася зброя. Гарады выступалі праваднікамі хрысціянства на беларускіх землях. Вясковае насельніцтва старажытнабеларускіх княстваў доўгі час заставалася язычніцкім.

У ХІ ст. (перыяд арабскіх дырхемаў) па інтэнсіўнасці міжнароднага гандлю старажытнабеларускія гарады, відаць, апярэджвалі еўрапейскія, за выключэннем паўночнаітальянскіх, бо мелі надзейную сувязь з Візантыяй і Арабскім Халіфатам. Ды і ў ХІІ ст. нашы гарады мала ў чым саступалі гарадам еўрапейскай лясной паласы (Польшчы, Германіі, Англіі, краінаў Скандынавіі). Асабліва славіліся вырабы гарадскіх рамеснікаў са шкла: маёлікавы посуд, мазаічныя пліткі, цацкі, якія вызначаліся адметным трохколерным каларытам і разнастайнасцю формаў.

Праўда, з аслабленнем Візантыі аслаблі і старажытнабеларускія гарады, асабліва пасля таго, як татарска-мангольскія захопнікі перакрылі Дняпро, а тым самым і гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”. Найбольшыя страты панеслі гарадскія паселішчы Прыдняпроўя і Прыдзвіння. Феадальная ж гаспадарка, якая б памнажала гарадскія багацці, на думку некаторых даследчыкаў, у перыяд Кіеўскай Русі яшчэ канчаткова не склалася.

Увогуле, поспехі эканамічнага развіцця гарадскіх паселішчаў даўняй Беларусі не варта перабольшваць. Малалюдныя, драўляныя, яны выглядалі з пазіцый цяперашняга дня цацачна і дэкаратыўна, часта гарэлі. Можа, таму манголы ў ХІІІ ст. і не пайшлі на Беларусь: не было чаго рабаваць. Эканамічны горад еўрапейскага ўзору на беларускіх землях да пачатку ХІІІ ст. яшчэ не склаўся. Дакладней, пачатак быў добры, але з заняпадам Візантыі беларускія гарады не маглі своечасова пераарыентавацца на міжнародны гандаль з Заходняй Еўропай праз Ганзу, а таму і пачалі чэзнуць, адставаць ад заходнееўрапейскіх. Балтыйскае мора ад Полацка адрэзалі крыжакі, заснаваўшы ў 1201 г. у вусці Заходняй Дзвіны Рыгу.

Усходнеславянскія гарады не сталі настолькі эканамічна магутнымі, каб уратаваць усходнеславянска-візантыйскую цывілізацыю ад разбурэння, да якога спрычыніліся татара-манголы. Гэтым гарадам не ўдалося паўтарыць поспех заходнееўрапейскіх гарадоў, адбіўшых атакі качэўнікаў. Да татара-мангольскага нашэсця гарады Кіеўскай Русі выступалі фарпостамі еўрапейскай цывілізацыі на Усходзе. Але потым працэс інтэграцыі перарваўся. Царская Масква адгароджвалася ад Захаду, праводзіла палітыку самаізаляцыі. І такая сітуацыя існавала да рэформаў Пятра Вялікага на пачатку ХVІІІ cт.

3.2. Перыяд фармавання і росквіту Вялікага Княства Літоўскага


Перыяд Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) у беларускай гісторыі (сярэдзіна ХІІІ ст. – 1569 г.) у асноўным супадае з познім Сярэднявеччам у Еўропе (ХІV–ХV стст.). Утварэнню ВКЛ папярэднічаў эканамічны ўздым прынёманскіх гарадоў у ХІІІ ст. Не выключана, што значны ўклад ва ўзнікненне новага цывілізацыйнага цэнтра на беларускіх землях – ВКЛ – унеслі перасяленцы з Захаду, палабскія славяне, дакладней, іх прафесійныя ваяры, якіх, на думку Здзіслава Сіцькі, называлі “літва”. Гэты беларускі даследчык спрабуе даказаць, што памянёныя перасяленцы паспрыялі з’яўленню ў Панямонні новых гарадоў і разбудове былых, ператварэнню Наваградскага княства ў ВКЛ, а Наваградка – у сталіцу новай дзяржавы.

Наваградак быў у сярэдзіне ХІІІ ст. адным з самых багатых гарадоў на беларускіх землях, бо стаяў на суднаходным Нёмане і вёў паспяховы гандаль з заходнееўрапейскімі дзяржавамі праз Кёнігсберг. Купецкія дамы Наваградка, як на Захадзе, рабілі мураванымі, з шклянымі вокнамі. Таму не выпадкова, што такі багаты горад вырваўся з-пад палітычнага прыгнёту Валыні і стаў першай сталіцай ВКЛ. У Наваградку адбыліся хрышчэнне (у 1251 г.) і каранацыя (у 1252 г.) Міндоўга. На тэрыторыі сучаснай Літвы горада, які змог бы стаць дзяржаватворчым цэнтрам, проста не было. На думку Здзіслава Сіцькі, там увогуле гарады яшчэ не ўзніклі. Існавалі гарадзішчы. На ўсходзе Беларусі гарадскія паселішчы ў той час, як памятаем, перажывалі эканамічныя цяжкасці ў сувязі з заняпадам гандлю з Візантыяй і Арабскім Халіфатам. Нават пасля пераносу сталіцы ў Вільню Наваградак захоўваў статус аднаго з галоўных грамадска-палітычных і культурных цэнтраў дзяржавы. Пасля стварэння ў 1316 г. Літоўскай мітраполіі ён на два стагоддзі стаў царкоўна-рэлігійнай сталіцай ВКЛ і буйным ўсходнееўрапейскім цэнтрам праваслаўя.

Літоўска-наваградскія мітрапаліты вялі працяглую і зацятую барацьбу з Масквой за кананічную ўладу на ўсіх усходнеславянскіх землях. І што важна, яны выступілі ініцыятарамі уніі паміж праваслаўем і каталіцызмам. У лютым 1422 г. у гэтым горадзе кароль Уладзіслаў Ягайла у чацвёрты раз уступіў у шлюб – з беларускай князёўнай Соф’яй Гальшанскай. І толькі яна прынесла каралю доўгачаканых наследнікаў – сыноў Уладзіслава і Казіміра – і тым уратавала дынастыю Ягелонаў. А было каралю ў той час 72 гады…

Працэс адасаблення гарадоў ВКЛ ад вёскі і вызвалення ад феадальнай залежнасці заняў працяглы час. На думку знанага гісторыка Валянціна Голубева, да сярэдзіны ХVI ст. гарадская абшчына яшчэ не аддзялілася канчаткова ад сельскай. Жыхары горада і воласці разам выплачвалі падаткі, сумесна карысталіся землямі і ўгоддзямі, разам супраціўляліся ўціску з боку ўраднікаў, падавалі супольныя скаргі. Толькі падчас рэалізацыі аграрнай рэформы 1557 г. (Валочнай памеры) і адміністрацыйнай рэформы гарадскія абшчыны ў адміністрацыйна-падаткавым плане аддзяляліся ад абшчынаў сельскіх. Гэты працэс ахапіў спачатку дзяржаўныя гарады, а пазней – і прыватнаўласніцкія.

Гарады, якія дасягалі значных эканамічных поспехаў, атрымоўвалі з рук вялікага князя літоўскага магдэбургскае права, а пазней – і з рук феадалаў, на землях якіх яны стаялі. Гэтае права ўзнікла ў ХІІІ ст. у нямецкім горадзе Магдэбургу – адсюль і назва. Яно стварала рэжым найлепшага спрыяння для жыццядзейнасці гарадоў пры феадалізме, абараняючы гараджанаў ад свавольства феадалаў і дэспатызму манархаў. Гарадскія абшчыны мелі гарадскі герб, судовы імунітэт, вызваленне ад воінскай павіннасці і некаторых падаткаў, манапольнае права на рамесную і гандлёвую дзейнасць у межах гарада, права на валоданне зямлёй, у тым ліку лугамі і лясамі па-за гарадскімі сценамі. Жыхары гарадоў набывалі права на самакіраванне – магістраты на чале з войтам і бурмістрам.



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет