Асноўныя паняцці:
Верв, феадалізм, князь, дружына, баяры, вотчына, памесце, кармленне, даніна, феадальная рэнта, смерды, закупы, радовічы, ізгоі, халопы (чэлядзь), палюддзе, пагосты, рамяство, гарады, дзядзінец, пасад, торг, купцы, шлях “з вараг у грэкі”, валокі, крывічы, дрыгавічы, радзімічы, яцвягі, літва, варагі, дзяржава, Полацкае княства, Тураўскае княства, Русь, Кіеўская дзяржава, феадальная раздробленасць, удзельныя княствы, веча, міжусобныя войны, тысяцкі, пасаднік, крыжакі, Ордэн мечаносцаў, Тэўтонскі ордэн, Лівонскі ордэн, мангола-татары, Залатая Арда, хрысціянізацыя, дваяверства, царква, епархія, стараславянская мова, кірыліца, дойлідства, манастыр, скрыпторый, раманскі стыль, летапіс.
Кантрольныя пытанні і заданні:
-
Назавіце асноўныя рысы сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх зямель у 9 – 13 стст.?
-
Якія Вам вядомыя тэхнічныя ўдасканаленні ў сельскай гаспадарцы ў 9 – 13 стст.?
-
У чым палягае адрозненне паміж родавай і тэрытарыяльнай (суседскай) абшчынай?
-
Што такое феадалізм? Якія шляхі ўзнікнення феадальнай уласнасці на зямлю вы ведаеце?
-
Што такое даніна? Якім чынам адбываўся збор даніны ў сялянскіх абшчынах?
-
Якія катэгорыі залежнага сялянства Вы ведаеце?
-
Чым выклікана аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі?
-
Назавіце даты першых узгадак пра гарады Беларусі. Якія функцыі выконваў сярэднявечны горад?
-
З якіх частак складаўся ўсходнееўрапейскі сярэднявечны горад?
-
Па якіх рэках ляжаў шлях “з вараг у грэкі” і што па ім перавозілі?
-
Якія племянныя саюзы і гарадскія цэнтры сталі асновай для фарміравання першых княстваў на тэрыторыі Беларусі?
-
У сувязі з якімі падзеямі ўзгадваецца першы вядомы полацкі князь Рагвалод?
-
Які характар мелі ўзаемаадносіны Полацкага княства з Кіеўскай дзяржавай у 10 – 11 стст.? Дайце агульную характарыстыку.
-
Калі Полацкае княства дасягнула найвышэйшага палітычнага росквіту? З дзейнасцю якога князя ён звязаны?
-
Што такое феадальная раздробленасць? Якія яе прычыны і вынікі на тэрыторыі Полацкага княства?
-
Што такое веча? Пасля якіх падзей Полацкая зямля фактычна становіцца вечавой рэспублікай?
-
Якія іншыя княствы, акрамя Полацкага, існавалі на тэрыторыі Беларусі і ў чым іх асаблівасці?
-
Назавіце асноўныя адрозненні дзяржаўна-палітычнага ладу Полацкага і Тураўскага княстваў.
-
Якія Вы ведаеце крыжацкія ордэны? Калі яны з’яўляюцца ў Прыбалтыцы і якімі былі асноўныя мэты іх дзейнасці?
-
Назавіце асноўныя падзеі, звязаныя з барацьбой Полацкага княства з крыжакамі?
-
Калі Полацкая зямля страціла на карысць крыжакоў Кукейнойс і Герцыке?
-
Якія беларускія гарады былі спалены мангола-татарамі ў сярэдзіне 13 ст.?
-
Ці зведалі беларускія землі мангола-татарскае ярмо?
-
Чаму і як на беларускіх землях была прынята хрысціянства?
-
Які характар мела хрысціянізацыя на беларускіх землях? Што такое дваяверства?
-
Якую ролю мела прыняцце хрысціянства для развіцця пісьмовасці на землях Беларусі?
-
Якія асаблівасці характэрныя для полацкай архітэктурнай школы?
-
Якія помнікі беларускай архітэктуры 9 – 13 ст. дайшлі да нашых дзён?
-
Якія помнікі кніжнага і выяўленчага майстэрства 9 – 13 стст. Вам вядомыя?
-
Якіх Вы ведаеце дзеячоў культуры Беларусі 9-13 ст.?
Тэмы дакладаў і рэфератаў:
-
Шлях “з вараг у грэкі” і яго роля ў эканамічным развіцці беларускіх зямель.
-
Першыя гарады на тэрыторыі Беларусі: іх становішча і функцыі.
-
Грашовая сістэма на тэрыторыі Беларусі ў 9 – 13 стст.
-
Варагі і іх роля ў фарміраванні дзяржаўнасці ва Ўсходняй Еўропе.
-
Веча і яго роля ў грамадска-палітычным развіцці раннефеадальных княстваў на тэрыторыі Беларусі.
-
Смаленскае княства ў 9 – 13 стст.
-
Барацьба полацкіх князёў з крыжакамі ў першай палове 13 ст.
-
Кірыла Тураўскі: жыццё і творчасць.
Тэма 3: Утварэнне і грамадска-палітычнае развіццё Вялікага княства Літоўскага ў другой палове 13 – першай палове 16 стст.
-
Утварэнне ВКЛ.
-
Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у другой палове 13 – 14 стст.
-
Крэўская унія і яе сацыяльна-палітычныя вынікі.
-
Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у 15 – першай палове 16 стст.
-
Дзяржаўны лад, органы кіравання ВКЛ
3.1. Утварэнне ВКЛ.
Канцэпцыі фарміравання ВКЛ. У асяроддзі гісторыкаў існуе некалькі канцэпцый таго, якім чынам і на аснове якой этнічнай групы ўзнікла Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых зямель.
1) Паводле найбольш распаўсюджанай у літоўскай і савецкай гістарыяграфіі канцэпцыі ў 13 ст. адбываецца “літоўскае заваяванне” (В. Пашута, Е. Ахманьскі, Е. Гудавічус). Балтамоўныя літоўцы заваявалі паслабленыя феадальнай раздробленасцю ўсходнеславянскія княствы і падначалілі іх сваёй уладзе. Гэтая канцэпцыя мае вытокі ў ідэалогіі маскоўскіх цароў 16 – 17 стст. для абгрунтавання сваіх тэрытарыяльных прэтэнзій на землі Беларусі і Ўкраіны, а таксама ў літоўскім нацыянальным руху 19 ст.
2) Канцэпцыя “Русі Літоўскай” узнікла ў расійскай імперскай гістарычнай навуцы 19 ст. (С. Салаўеў). Яна падкрэслівала тое, што ўсходнеславянская ў асноўнай сваёй масе “Русь Літоўская” няўдала супернічала з “Руссю Маскоўскай”. Прычым само існаванне беларусаў, украінцаў і іх інтарэсы ў мінулым адмаўляліся.
3) Канцэпцыя “Літоўска-рускай дзяржавы”, распрацаваная расійскім гісторыкам М. Любаўскім на пачатку 20 ст. Усе ўсходнеславянскія народы паводле гэтай канцэпцыі называлася “рускімі”, без размежавання на беларусаў, рускіх, украінцаў. За імі прызнавалася другарадная, але важная роля ў стварэнні ВКЛ.
4) Канцэпцыя “Беларуска-літоўскай дзяржавы”, распрацаваная ў 1920-я гг. беларускім гісторыкам У. Ігнатоўскім. Яна сцвярджала, што беларусы адыгралі вядучую ролю ў эканамічным і культурным жыцці (большая частка тэрыторыі і гарадоў ВКЛ, дзяржаўная мова ВКЛ), а літоўцы склалі аснову войска, княжацкіх і магнацкіх фамілій ВКЛ.
5) Канцэпцыя “Беларускай дзяржавы”, распрацаваная гісторыкамі беларускага адраджэння у 1920-я і 1980-1990-я гг. (В. Ластоўскі, М. Доўнар-Запольскі, М. Ермаловіч). Яна сцвярджала, што беларускі этнас быў вядучым стваральнікам ВКЛ; гістарычная Літва – гэта землі сучаснай заходняй Беларусі ад Маладзечна да Новагародка, а сучасныя чыста балцкія землі (Жамойція) былі заваяваныя ёй у 15 ст.
6) Канцэпцыя “Поліэтнічнай ці кантактнай паласы” (А. Краўцэвіч) створана ў беларускай навуцы ў наш час. Яна прадугледжвае прыблізна роўны ўдзел у дзяржаватворчых працэсах у Верхнім Панямонні балцкіх і славянскіх элементаў. Лічыцца, што з 19 ст. гарады рэгіёну былі славянскімі (Новагародак, Вільня, Гародня), а сельская ваколіца заставалася балцкай. Гіпотэза пацвярджаецца археалагічнымі знаходкамі, тапанімікай і тым, што ў Сярэднявеччы ядро дзяржавы называлася “Літвой”, пад “Руссю” разумелася Падзвінне і Падняпроўе, а балцкая Жмудзь была далучана да ВКЛ канчаткова толькі ў 15 ст.
Большасць даследчыкаў згодныя з тым што асноўнымі прычынамі і перадумовамі стварэння ВКЛ сталі:
1) неабходнасць сумеснай абароны ад крыжацкай і мангола-татарскай агрэсіі;
2) наяўнасць моцнай дзяржаўнай і вайсковай традыцыі ва ўсходніх славян, пры тагачаснай слабасці іх раздробленых на удзелы княстваў;
3) высокі ўзровень эканамічнага і сацыяльнага развіцця рэгіёну, назапшванне багаццяў, сацыяльная дыферынцыяцыя, якія эліце неабходна было падтрымліваць і абараняць пры дапамозе моцнай дзяржавы;
4) наяўнасць у Верхнім Панямонні і Падзвінні традыцыі мірнага супрацоўніцтва паміж балцкім і славянскім насельніцтвам і распрацаванасць механізмаў міжэтнічных кантактаў.
Цэнтрам аб’яднання княстваў на тэрыторыі Беларусі становіцца Новагародак, а таксама прылеглыя да яго землі балцкіх плямёнаў Літвы. Да сярэдзіны 13 ст. Новагародскае княства знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства. У межах Новагародскага княства вылучаюцца ўдзельныя княствы: Ваўкавыскае, Слонімскае, Здзітаўскае і інш.
Прычыны ўзвышэння палітычнага значэння Новагародскай зямлі:
-
найбольш развітая сельская гаспадарка на тэрыторыі сучаснай Беларусі;
-
высокі ўзровень развіцця рамяства (асабліва апрацоўкі жалеза, каляровых і каштоўных металаў);
-
наяўнасць развітых гандлёвых сувязяў у рэгіёне;
-
тэрыторыя знаходзілася ў аддаденасці ад тэатраў баявых дзеянняў і не пацярпела ад набегаў крыжакоў і мангола-татараў.
Другім цэнтрам утварэння адзінай дзяржавы становяцца землі балцкіх плямёнаў, размешчаных на сумежжы з Новагародскім княствам. Галоўную ролю сярод іх меў саюз плямёнаў Літвы. Сярод гісторыкаў няма адзінства адносна таго, дзе знаходзілася тэрыторыя Літвы ў 13 ст. Асноўныя версіі:
-
паўднёва-усходняя частка сучаснай Літвы;
-
землі на захадзе сучаснай Беларусі (паміж Навагрудкам, Слонімам і Мінскам);
-
тэрыторыя на сумежжы сучасных Беларусі і Літвы.
У першай палове 13 ст. сярод літоўскіх плямёнаў адбываецца працэс утварэння дзяржаўнасці; пад палітычны ўплыў Літвы трапляюць суседнія балцкія плямёны аўкштайтаў, дзяволтвы, нальшчанаў і інш., якія знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай усходняй Літвы і паўночна-заходняй Беларусі. Устанаўліваюцца саюзныя адносіны Літвы з балцкімі плямёнамі жамойтаў (паўночна-заходняя частка сучаснай Літвы) і яцвягаў. У 1230 – 1240-я гг. адбываецца працэс фарміравання адзінай Літоўскай дзяржавы. Вярхоўным князем у ёй становіцца Міндоўг, які праводзіць палітыку падначалення сабе асобных балцкіх плямёнаў і княстваў. Для ўмацавання сваёй улады ў Літве Міндоўг працяглы час знаходзіўся ў саюзніцкіх адносінах з Галіцка-Валынскім княствам.
Каля 1246 г. Міндоўг быў абраны князем у Новагародку: такім чынам новагародскае баярства разлічвала з дапамогай Літвы пазбавіцца залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства, а Міндоўг з дапамогай Новагародскага княства разлічваў умацаваць сваю ўладу ў Літве. У 1248-1249 гг. ён з дапамогай новагародскага войска праводзіць актыўную барацьбу, накіраваную на ўмацаванне сваёй улады ў балцкіх землях. Перспектыва стварэння новай моцнай дзяржавы ў рэгіёне выклікала занепакоенасць суседніх дзяржаў. Супраць дзяржавы Міндоўга ў 1248 – 1249 гг. выступіла кааліцыя, у склад якой уваходзілі Галіцка-Валынскае княства, Лівонскі Ордэн і некаторыя балцкія княствы, а таксама канкурэнты Міндоўга ў Літве на чале з Таўцівілам. Сіламі кааліцыі ў 1248 – 1254 гг. было ажыццёўлена некалькі паходаў на Новагародак і землі Літвы.
З мэтай разбурэння кааліцыі Міндоўг праводзіць перамовы з пасланнікамі рымскага папы, абяцаючы ўвядзенне хрысціянства ў Літве. У 1253 г. Міндоўг карануецца ў Новагародку ў якасці каталіцкага караля Літвы. У выніку быў заключаны мір з Ордэнам, паводле якога Міндоўг прызнаваў уладу крыжакоў у Жамойці. Тады адбылося перамір’е з Галіцка-Валынскім княствам. Паводле яго, князем у Новагародку становіцца галіцкі княжыч Раман Данілавіч.
У 1258 г. уладу ў Новагародкім княстве захапіў сын Міндоўга Войшалк. У 1260 г. пачынаецца паўстанне жамойтаў супраць крыжакоў. Выкарыстаўшы гэтую акалічнасць, Міндоўг разрывае саюз з Ордэнам, адмаўляецца ад каталіцызму і разам з атрадамі палачан пачынае вайну супраць крыжакоў. У бітве на возеры Дурбэ 1260 г. войскі Міндоўга і жамойтаў разбіваюць крыжакоў. У выніку на пачатку 1260-х гг. пад уладай Міндоўга знаходзілася дзяржава, у склад якой уваходзілі Літва і прылеглыя да яе балцкія землі, Новагародская зямля, Жамойць. Пазней гэтая дзяржава атрымала назву Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.
Такім чынам, у сярэдзіне 13 ст. пад уплывам шэрагу сацыяльна-эканамічных і палітычных фактараў на тэрыторыі Панямоння пачынаецца фарміраванне новай дзяржавы, якая склала аснову Вялікага княства Літоўскага. Цэнтрамі фарміравання новай дзяржавы сталі Новагародская зямля і балцкае племянное княжанне Літва.
3.2. Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у другой палове 13 – 14 стст.
Першы кіраўнік дзяржавы, якая стала асновай Вялікага княства літоўскага Міндоўг быў забіты ў выніку змовы балцкай знаці ў 1263 г. На кароткі час уладу атрымлівае жамойцкі князь Транята (1263 – 1264). Аднак у 1264 г. ён таксама быў забіты. Вялікім князем становіцца старэйшы сын Міндоўга Войшалак (1264-1267).
Падчас свайго княжання Войшалк прытрымліваецца саюзу з Галіцка-Валынскім княствам і нават прызнае намінальную залежнасць ад яго ў якасці новагародскага князя. У межах Літвы ён праводзіць жорсткую барацьбу супраць рода-племянной знаці, далучае да новай дзяржавы землі дайновы, нальшанаў і гальшанаў (вакол Крэва і Гальшан). У 1265 г. васальную залежнасць ад ВКЛ прызнае Полацкае княства. У рэлігійных адносінах Войшалк з’яўляўся праваслаўным і актыўна садзейнічаў распаўсюджанню праваслаўя сярод балцкага насельніцтва (заснаванне Лаўрышаўскага манастыра). У выніку змовы валынскіх князёў у 1267 г. Войшалк быў забіты. У 1267 – 1270 гг. на чале ВКЛ знаходзіцца валынскі князь Шварн Данілавіч.
Наступным вялікім князем становіцца Тройдзень (каля 1270–1282). Ён лічыцца прадстаўніком балцкай язычніцкай знаці і, як мяркуюць, пераносіць сталіцу дзяржавы з Новагародка ў Кернаў. Асноўныя накірункі знешняй і ўнутранай палітыкі Тройдзеня:
- канчатковае пазбаўленне васальнай залежнасці Новагародскай зямлі ад Галіцка-Валынскага княства;
- барацьба з крыжакамі за геапалітычнае панаванне ў Прыбалтыцы (на некаторы час ВКЛ удалося падпарадкаваць землі балцкіх плямёнаў земгалаў і селаў у сярэднім Падзвінні пасля паспяховай Ашэрадэнскай бітвы 1279 г.);
- барацьба з агрэсіяй мангола-татараў пры падтрымцы Галіцка-Валынскага княства, якое ў гэты час трапляе ў залежнасць ад Залатой Арды і з яе дапамогай спрабуе аднавіць уладу ў Новагародскай зямлі (у 1274, 1275 і 1277 гг. аб’яднаныя валынска-татарскія войскі ажыццявілі тры буйныя паходы на Новагародак і Літву, аднак былі адбітыя);
- барацьба з Мазовіяй (славянскае княства на паўночным усходзе Польшчы) за памежныя тэрыторыі; далучэнне да ВКЛ Слонімскага і Гарадзенскага княстваў, а таксама часткі тэрыторый яцвягаў;
- перасяленне ў ВКЛ у 1277 – 1280 гг. часткі прусаў і яцвягаў, якія ўцякаюць пасля няўдалага паўстання супраць Тэўтонскага ордэна ў Прусіі 1276 г. у Верхняе Панямонне і Пабужжа.
Наступным вялікім князем становіцца Віцень (каля 1293 – 1316). Асноўныя накірункі знешняй і ўнутранай палітыкі ВКЛ падчас княжання Віценя:
- жорсткая барацьба з Тэўтонскім і Лівонскім Ордэнамі (паходы Ордэна на Гародню 1296, 1305, 1306 (двойчы), 1307 (тройчы), 1314 гг.); у барацьбе з крыжакамі вылучаецца ваенны талент гарадзенскага ваяводы Давыда Гарадзенскага); усталяванне ваеннай мяжы паміж ВКЛ і Тэўтонскім Ордэнам па р. Нёман;
- ваенныя сутыкненні з Польскім каралеўствам за кантроль над памежнымі тэрыторыямі (паходы на польскія землі 1294, 1295, 1300, 1306, 1307 гг.);
- барацьба супраць жамойцкай знаці, якая імкнулася адасобіцца ад ВКЛ (падаўленне жамойцкага паўстання 1294 г.);
- канчатковае далучэнне да ВКЛ Полацкага княства (1307). Полацк заключыў з ВКЛ дамову (рад), паводле якой князь працягваў прызначацца толькі са згоды мясцовага веча; гандлёвыя дамовы горад заключаў самастойна; за злачынствы на тэрыторыі ВКЛ палачан маглі судзіць толькі ў Полацку прадстаўнікі гараджан – фактычна захавалася шырокая аўтаномія.
Пры Віцені ў якасці агульнадзяржаўнага герба была ўведзена “Пагоня”.
Пераемнікам Віценя становіцца Гедымін (1316 – 1341). У 1323 г. ён пераносіць сталіцу ВКЛ у Вільню. Асноўныя накірункі палітыкі ВКЛ падчас праўлення Гедыміна:
-уключэнне ў склад ВКЛ Віцебскага, Менскага, Турава-Пінскага, Берасцейскага княстваў, Падляшша;
- спробы распаўсюджання палітычнага ўплыву на Наўгародскую і Пскоўскую рэспублікі; далучэнне да ВКЛ Таропецкага і Ржэўскага княстваў;
- барацьба з крыжацкімі Ордэнамі (пастаянныя ўзаемныя набегі), падтрымка Рыжскага арцыбіскупства ва ўнутранай вайне з Лівонскім Ордэнам;
- заключэнне ў 1325 – 1330 гг. ваенна-палітычнага саюзу з Польскім каралеўствам, скіраванага супраць Тэўтонскага Ордэна (вынікам сталі некалькі паспяховых паходаў супраць крыжакоў);
- удзел у барацьбе за падзел спадчыны Галіцка-Валынскага княства, якое спыніла сваё існаванне ў 1330-я гг., што прыводзіць да разрыву саюзу з Польшчай (сын Гедзіміна Любарт становіцца князем на Валыні);
- захаванне свабоды веравызнання ў ВКЛ для праваслаўных, католікаў і паганцаў; спробы стварэння асобнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Новагародку (1317 – 1330); спробы распаўсюджання каталіцызму ў ВКЛ (зварот да рымскага папы 1323 г. з выказваннем намеру рыняцця каталіцызму, запрашэнне ў ВКЛ каталіцкіх манаскіх ордэнаў і мяшчан з каталіцкіх краін).
Пасля гібелі Гедзіміна ў 1341 г. вялікім князем стаў яго сын Яўнут (1341-1345). Аднак у выніку змовы іншых князёў на чале з Альгердам і Кейстутам ён быў скінуты.
Падчас праўлення вялікага князя Альгерда (1345 – 1377) ВКЛ дасягае сваёй найвышэйшай магутнасці. У гэты перыяд існавала пэўнае двоеўладдзе: Альгерд княжыў у Вільні і Віцебску, валодаў пераважным палітычным уплывам ва ўсходняй частцы ВКЛ, яго брат Кейстут княжыў у Троках, Гародні і Берасці і меў пераважны палітычны ўплыў у заходняй частцы ВКЛ. Асноўныя накірункі знешняй палітыкі ВКЛ падчас праўлення Альгерда:
- далучэнне да ВКЛ тэрыторый сярэдняга Падняпроўя, Мсціслаўскага і Бранскага княстваў (1358 – 1359);
- паяпяховая барацьба супраць Залатой Арды ў 1350 – 1360-я гг.; пасля бітвы пад Сінімі водамі 1362 г. да ВКЛ былі далучаны Кіеўская, Чарнігаўская землі, Падолле;
- барацьба з крыжакамі: крыжакі за 30 год здзейснілі больш 100 рэйдаў на ВКЛ, у адказ адбыліся 42 пагоні (пагоня – звычай, калі на абарону краіны збіралася ўсё мужчынскае насельніцтва);
- барацьба за падзел спадчыны Галіцка-Валынскага княства з Польшчай і Венгрыяй (войны 1349-1351 і 1366 гг.); у выніку за ВКЛ была замацавана Валынь;
- барацьба за палітычнае лідэрства ва Ўсходняй Еўропе з Маскоўскім княствам, якое з сярэдзіны 14 ст., абапіраючыся на падтрымку Залатой Арды імкнецца да аб’яднання пад сваёй уладай суседніх усходнеславянскіх княстваў: паходы войска Альгерда на Маскву 1368, 1370, 1372 гг.; барацьба за палітычны ўплыў у Ноўгарадзе, Пскове, Цвярскім, Смаленскім княствах; у выніку да ВКЛ далучаны Вярхоўскія княствы (невялікія княствы ў чарназемнай паласе сучаснай Расіі).
У рэлігійных адносінах Альгерд з’яўляўся праваслаўным, але імкнуўся да захавання рэлігійнага міру паміж праваслаўнымі і язычнікамі ў дзяржаве; дамагаўся стварэння самастойнай праваслаўнай мітраполіі ў ВКЛ.
Такім чынам, к канцу княжання Альгерда ВКЛ з’яўлялася адной з буйнейшых дзяржаў у тагачаснай Еўропе, якая ахоплівала тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, большай часткі Украіны, некаторых абласцей Расіі і Польшчы. Можна вылучыць асноўныя шляхі ўключэння асобных княстваў і тэрыторый у склад ВКЛ:
- заключэнне дагавораў з асобнымі княствамі на добраахвотнай аснове (напрыклад, Полацкае княства);
- устанаўленне васальных адносін праз дынастычныя шлюбы (напрыклад, Віцебскае княства);
- ваеннае заваяванне (напрыклад, Кіеўская, Чарнігаўская землі, Падолле).
К канцу 14 ст. Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае ўяўляла з сябе федэратыўны саюз асобных удзельных княстваў на чале з вялікім князем літоўскім. Першапачаткова ва ўдзельных княствах захоўваліся мясцовыя княскія дынастыі, пазней іх замянілі розныя галіны пануючай літоўскай дынастыі.
Асобныя княствы і землі мелі вялікую самастойнасць. Кожнае з іх мела ўласныя органы кіравання, войска, падатковую сістэму, права і традыцыйныя звычаі, нават рэлігію. Асноўным прынцыпам далучэння да ВКЛ быў “даўніны не рушыць навіны не ўводзіць”, што дазваляла старой эліце захаваць уладу ў княствах. Падпарадкаванне ўдзельных княстваў вялікаму князю літоўскаму выяўлялася ў наступных з’явах:
- выплата даніны;
- адзіная знешняя палітыка;
- сумесныя ваенныя паходы.
3.3. Крэўская унія і яе сацыяльна-палітычныя вынікі.
Пасля смерці Альгерда вялікім князем літоўскім становіцца старэйшы сын Альгерда ад другога шлюбу Ягайла (1377 - 1392). Супраць гэтага выступіў старэйшы сын ад першага шлюбу Андрэй Полацкі, які знайшоў падтрымку ў Пскове, Маскве і Лівоніі, аднак пасля аблогі войскам Ягайлы Полацка вымушаны быў эміграваць (1378). Але палачане таксама прагналі стаўленіка Ягайлы, яго брата Скіргайлу (1379), і туды неўзабаве вярнуўся Андрэй. У 1381 г. супраць Ягайлы ўзняў паўстанне Кейстут (1381 – 1382), які на некаторы час здолеў захапіць уладу. Аднак у 1382 г. Ягайла з дапамогай Тэўтонскага Ордэна, палачан, віцеблян і віленцаў вярнуў уладу. Кейстут быз вераломна забіты ў замку ў Крэве, а ягоны сын Вітаўт уцёк да крыжакоў. За аказаную падтрымку Ягайла перадаў Тэўтонскаму Ордэну палову Жамойці.
Ягайлу ўдалося вярнуць сабе ўладу, аднак становішча яго было хісткім. Супраць яго працягвалі барацьбу моцныя канкурэнты – Вітаўт і Андрэй Полацкі, якія мелі моцную падтрымку сярод баярства ў адпаведна заходняй і ўсходняй частках краіны і абапіраліся на знешнепалітычныя сілы (крыжацкія Ордэны, Маскоўскае княства). Баяры ВКЛ патрабавалі гарантый свайго пануючага сацыяльнага становішча. У дадзеных умовах Ягайла знайшоў знешнепалітычнага саюзніка ў абліччы Польскага каралеўства, вынікам чаго стаў заключаны палітычны саюз. Сярод асноўных прычын дадзенага саюзу можна вылучыць наступныя:
-
агульная для Польшчы і ВКЛ небяспека з боку крыжакоў;
-
імкненне Ягайлы заручыцца падтрымкай Польшчы ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ў ВКЛ;
-
імкненне каталіцкай царквы шляхам уніі ВКЛ з каталіцкай дзяржавай распаўсюдзіць каталіцызм на новых тэрыторыях.
Формай саюзу стаў дынастычны шлюб. У 1382 г. пасля смерці польскага караля Людвіка Баварскага каралевай была абвешчана яго малалетняя дачка Ядвіга. Шляхам шлюбу Ядвігі з Ягайлам польская палітычная эліта імкнуліся атрымаць пасады і землі ў ВКЛ, знайсці моцнага партнёра у барацьбе супраць нямецкай экспансіі.
15 жніўня 1385 г. у замку Крэва быў падпісаны дзяржаўна-палітычны саюз паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам – Крэўская унія. Асноўныя палажэнні Крэўскай уніі:
- Ягайла ў выніку шлюбу з польскай каралевай Ядвігай станавіўся польскім каралём;
- Польскае каралеўства і ВКЛ аб’ядноўваліся ў адну дзяржаву на чале з адзіным манархам, праводзілі сумесную знешнюю палітыку. Пры гэтым кожная з дзяржаў захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самастойную ўнутраную палітыку;
- Ягайла абавязваўся ахрысціць у каталіцкую веру язычніцкае насельніцтва ВКЛ.
Акт Крэўскай уніі быў падпісаны шэрагам буйнейшых прадстаўнікоў палітычнай эліты ВКЛ. У сакавіку 1386 г. Ягайла стаў польскім каралём пад імем Уладыслаў ІІ. Ягайла, а таксама значная частка знаці ВКЛ прынялі каталіцызм.
У 1387 г. па ініцыятыве Ягайлы ў ВКЛ было створана каталіцкае Віленскае біскупства; пачалося масавае хрышчэнне язычніцкага балцкага насельніцтва ў каталіцкую веру. У 1387 г. Ягайла выдаў прывілей, паводле якога князі і баяры, якія пераходзілі ў каталіцызм, атрымлівалі правы недатыкальнасці асобы і маёмасці, поўнай уласнасці на іх родавыя маёнткі з правам свабодна распараджацца імі, залежныя ад баяр сяляне вызваляліся ад шэрагу дзяржаўных павіннасцяў. Правы баяр-католікаў, такім чынам, прыраўноўваліся да правоў шляхты Польскага каралеўства, што падкрэслівала інтэграцыйную палітыку Ягайлы.
Разам з тым аб’яднанне з Польшчай і ўвядзенне каталіцызму выклікала незадаволенасць палітыкай Ягайлы з боку значнай часткі арыстакратыі ВКЛ, асабліва праваслаўнага веравызнання. Гэта выкарысталі палітычныя канкурэнты Ягайлы ў барацьбе за ўладу ў ВКЛ. У 1386 – 1387 гг. супраць Ягайлы распачынае вайну Андрэй, што скончылася яго паражэннем. У 1388-1392 гг. адбываецца грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі Ягайлы і Вітаўта, якога падтрымлівалі крыжакі. У выніку Ягайла быў вымушаны пайсці на саступкі. У 1392 г. было падпісана Востраўскае пагадненне. Паводле яго, Вітаўт атрымліваў уладу ў ВКЛ у якасці намесніка Ягайлы, які па-ранейшаму лічыўся вялікім князем літоўскім. Фактычна ў выніку пагаднення рэальная ўлада ў ВКЛ перайшла да Вітаўта, які пачаў праводзіць самастойную палітыку ў адносінах да Польшчы.
Такім чынам, Крэўская унія стала падзеяй, якая вызначыла ўцягванне Вялікага княства Літоўскага ў арбіту цеснай інтэграцыі з Польскім каралеўствам і ў палітычную сістэму заходнееўрапескага каталіцкага свету. У той жа час унія не прывяла да трывалага дзяржаўнага аб’яднання ВКЛ і Польшчы; яе рэальным вынікам сталі дынастычны (адзінства кіруючай дынастыі) і знешнепалітычны саюз дзвюх дзяржаў.
Достарыңызбен бөлісу: |