Гісторыя Беларусі


Грамадска-палітычны рух на землях Беларусі ў 1830-1850-я гг



бет14/35
Дата05.07.2016
өлшемі3.24 Mb.
#179947
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   35

Грамадска-палітычны рух на землях Беларусі ў 1830-1850-я гг.

Падаўленне паўстання 1830-1831 гг. прывяло да заняпаду грамадска-палітычнага руху на тэрыторыі Беларусі. Большасць дзеячоў польскага нацыянальна-вызваленчага руху эмігравала. Пераважная частка мясцовай шляхты перайшла на пазіцыі згодніцтва з царскім урадам. У грамадскім жыцці ўзмацняюцца ідэі кансерватызму. Цэнтрамі распаўсюджання кансерватыўных ідэй становяцца польскамоўныя перыядычныя выданні, якія выходзілі як у Вільні (“Рубон”), так і за межамі тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай (“Пецярбургскі штотыднёвік”).

Разам з тым у абмежаваных формах працягвалася дзейнасць польскага нацыянальна-вызваленчага руху. На працягу 1830-х гг. ажыццяўляліся спробы засылкі на тэрыторыю былога ВКЛ эмісараў польскіх эмігранцкіх арганізацый, якія павінны былі ствараць з мясцовых жыхароў узброеныя атрады для разгортвання партызанскай барацьбы. Найбольш значнай такой спробай з’яўляецца “Экспедыцыя палкоўніка Ю. Заліўскага” 1833 г. Аднак істотных вынікаў падобныя акцыі не атрымалі. Большасць эмісараў арыштоўваліся ўладамі.

У 1830-1840-я гг. у розных гарадах былога ВКЛ узнікалі падпольныя арганізацыі польскага нацыянальна-вызваленчага руху: “Садружнасць польскага народа”, якая мела свае аддзяленні на тэрыторыі былога ВКЛ (1835-1837), “Дэмакратычнае таварыства” ў Вільні (1836-1838), “Брацкі саюз літоўскай моладзі” (1846-1849) з аддзяленнямі ў Вільні, Ашмянах, Гродне, Лідзе і Мінску, Мінская тайная арганізацыя (1848-1849). Пераважную большасць членаў дадзеных арганізацый складалі прадстаўнікі радыкальна настроенай шляхецкай моладзі. Дадзеныя арганізацыі разам з патрабаваннямі аднаўлення незалежнасці Рэчы Паспалітай змяшчалі ў сваіх праграмах патрабаванні істотных грамадска-палітычных пераўтаварэнняў у будучай нележнай дзяржаве. Найлепшай формай дзяржаўна-палітычнага ўладкавання абвяшчалася дэмакратычная рэспубліка, у межах якой павінны гарантавацца свабода і роўнасць усіх людзей, падрэслівалася неабходнасць ліквідацыі саслоўных прывілеяў і прыгоннага права. У якасці шляху да рэалізацыі сацыяльна-палітычных ідэалаў сцвярджалася нацыянальна-дэмакратычная рэвалюцыя, рухаючай сілай якой павінны былі стаць усе сацыяльныя слаі грамадства, а не толькі шляхта.

Аднак істотнага ўплыву на грамадска-палітычныя працэсы на землях Беларусі дадзеныя арганізацыі не мелі. Усе яны былі выкрыты царскімі ўладамі, а іх дзеячы рэпрэсіраваны.
Асноўныя паняцці:

Беларускае каталіцкае біскупства, гарадская дума, генерал-губернатарства, губерня, губернскія і павятовыя дваранскія сходы, губерня, мяжа яўрэйскай аселасці, павет, падушны падатак, “разбор шляхты”, рэкруцкая павіннасць, Варшаўскае герцагства, Часовая ўрадавая камісія ВКЛ, Каралеўства Польскае, масоны, польскі нацыянальна-вызваленчы рух, дзекабрысты, філаматы, прамяністыя, філарэты, шляхецкі рэвалюцыянарызм, “Патрыятычнае таварыстыства”, “Бабруйскі план паўстання”, “Таварыства ваенных сяброў”, паўстанне 1830-1831 гг., Віленскі цэнтральны камітэт, “Асобы камітэт па справах заходніх губерняў”, русіфікацыя, “Северо-Западный край”, Полацкі сабор 1839 г., заходнерусізм, “Садружнасць польскага народа”, “Дэмакратычнае таварыства”, “Брацкі саюз літоўскай моладзі”.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Які характар мела сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу на тэрыторыі Беларусі пасля яе далучэння ў склад Расійскай імперыі? Якія былі сфарміраваны адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі?

  2. Дайце характарыстыку сістэмы дзяржаўнага кіравання, якая склалася на тэрыторыі Беларусі ў канцы 18 – пачатку 19 стст.?

  3. Параўнайце прававое становішча шляхты беларускіх зямель да і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай? Якія прывілеі былі захаваны за шляхтай і якія былі страчаны?

  4. Растлумачце, у чым палягала сутнасць палітыкі “разбору шляхты”? Чаму палітыка царызму адносна дробнай шляхты мела рэпрэсіўны характар?

  5. Прааналізуйце, як змянілася становішча гарадскога насельніцтва пасля падзелаў Рэчы Паспалітай? Якія новыя павіннасці былі ўведзены для мяшчанства?

  6. У чым адлюстроўвалася ўзмацненне эксплуатацыі сялянства пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі? Якім чынам змяніліся дзяржаўныя павіннасці сялянства?

  7. Вызначце асноўныя накірункі палітыкі царызму ў дачыненні яўрэяў? Паспрабуйце растлумачыць, чым было абгрунтавана з боку царскіх улад увядзенне мяжы яўрэйскай аселасці?

  8. Параўнайце прававое становішча рымска-каталіцкай і ўніяцкай цэркваў у Расійскай імперыі? Растлумачце, у чым палягае прычына адрозненняў?

  9. Растлумачце, чаму царскія ўлады захавалі на тэрыторыі сваёй дзяржавы дзейнасць ордэна езуітаў, нягледзячы на яго роспуск паводле ініцыятывы папства?

  10. Якія пазіцыі займалі прадстаўнікі палітычнай эліты былога ВКЛ напярэдадні вайны 1812 г.?

  11. Якія характар мелі баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў першы перыяд вайны 1812 г.? Растлумачце прычыны першапачатковых перамог французкага войска?

  12. Які характар мелі адносіны розных груп насельніцтва Беларусі да французкіх улад на акупаванай тэрыторыі? Растлумачце прычыны і матывы тых ці іншых адносін?

  13. Прааналізуйце асноўныя накірункі палітыкі французкай адміністрацыі на землях былога ВКЛ? Вызначце характар і матывы дадзенай палітыкі?

  14. Вызначце характар баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі ў апошні перыяд вайны 1812 г.? Растлумачце прычыны паражэнняў французкага войска?

  15. Якія вынікі прынесла вайна 1812 г. для розных груп насельніцтва Беларусі?

  16. Чым можна растлумачыць ажыўленне грамадска-палітычнага жыцця на землях былога ВКЛ у другой палове 1810 – пачатку 1820-х гг.? Якія ў гэты час функцыяніруюць грамадскія арганізацыі?

  17. Прасачыце, якім чынам змянялася палітыка царызму ў адносінах да “польскага пытання” на працягу другой паловы 1810 – першай паловы 1820-х гг.? Да якіх гэта прывяло палітычных наступстваў?

  18. Якія накірункі меліся ў межах апазіцыйнага руху на тэрыторыі Беларусі ў першай палове 1820-х гг.? Якія паміж імі меліся агульныя рысы і разыходжанні?

  19. Ахарактарызуйце сацыяльныя і ідэйныя асновы польскага нацыянальна-вызваленчага руху першай паловы 1820-х гг.? Растлумачце сутнасць ідэі шляхецкага рэвалюцыянарызму?

  20. Растлумачце, хто такія дзекабрысты? Дайце характарыстыку ідэалогіі і сацыяльнага складу дзекабрысцкага руху.

  21. Вызначце прычыны і перадумовы паўстання 1830-1831 гг.

  22. Якія мерапрыемствы ажыцяўляліся паўстанцкімі ўладамі Польшчы ў 1830-1831 гг.? Вызначце характар дадзеных мерапрыемстваў?

  23. Якія палітычныя плыні меліся сярод удзельнікаў паўстання 1830-1831 гг.?

  24. Якія тэрыторыі ахапіў паўстанцкі рух у 1830-1831 гг. ў Беларусі? Якія сацыяльныя групы насельніцтва пераважна ўдзельнічалі ў паўстанні?

  25. Якія можна вылучыць асноўныя прычыны паражэння паўстання 1830-1831 гг.?

  26. Якія можна вылучыць асноўныя накірункі палітыкі царызму пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг.?

  27. Абгрунтуйце прычыны ўзмацнення русіфікатарскай палітыкі царызму пасля паражэння паўстання 1830-1831 гг.?

  28. Паспрабуйце вызначыць, якія сацыяльныя групы насельніцтва на тэрыторыі Беларусі найбольш пацярпелі ў выніку рэпрэсіўнай палітыкі царызму ў 1830-1850-я гг. і чаму?

  29. Чым можна растлумачыць змены ў канфесійнай палітыцы царызму ў 1830-1850-я гг.?

  30. Які характар меў польскі нацыянальна-вызваленчы рух ў 1830- 1850-я гг. на тэрыторыі Беларусі?


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Фарміраванне расійскай сістэмы дзяржаўнага кіравання ў Беларусі ў канцы 18 – пачатку 19 стст.

  2. Шляхта Беларусі ў пачатку 19 ст.

  3. Яўрэі Беларусі ў канцы 18 – першай палове 19 стст.

  4. Дзейнасць ордэна езуітаў на тэрыторыі Расійскай імперыі.

  5. Землі Беларусі ва ўмовах французкай акупацыі 1812 г.

  6. Дзейнасць масонскіх арганізацый на тэрыторыі Беларусі (другая палова 1810 – пачатак 1820-х гг.).

  7. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі падчас паўстання 1830-1831 гг.

  8. Ліквідацыя уніяцкай царквы на тэрыторыі Расійскай імперыі.



Тэма 11: Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў

першай палове 19 ст.

1. Сельская гаспадарка. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы.

2. Прамысловасць.

3. Гарады. Гандаль.
11.1. Сельская гаспадарка. Крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы.

У першай палове 19 ст. сельская гаспадарка заставалася вядучай галіной эканомікі беларускіх зямель. У структуры землеўладання ў гэты перыяд, як і раней, панавалі дзве формы ўласнасці: дзяржаўная і прыватная. Сяляне лічыліся толькі карыстальнікамі зямлі і абавязаны былі за дадзенае права карыстання выконваць павіннасці на карысць уласніка зямлі. Акрамя таго сяляне знаходзіліся ў асабістай залежнасці ад уладальніка.

У выніку падараванняў расійскім чыноўнікам часткі дзяржаўных і канфіскаваных шляхецкіх зямель пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, вайны 1812 г. і паўстання 1830-1831 гг. павялічылася роля буйнапамеснага землеўладання. Так, уладанні князя Вітгенштэйна ўключалі ў сябе 500 тыс. дзесяцін зямлі, на якіх працавалі 60 тыс. прыгонных сялян. Буйныя ўладанні (звыш 100 тыс. дзесяцін) мелі князі Радзівілы, Патоцкія, Паскевічы. Канцэнтрацыя буйнога землеўладання суправаджалася скарачэннем удзельнай вагі землеўладання сярэдняй і дробнай шляхты.

Характэрнай рысай развіцця памешчыцкай гаспадаркі дадзенага перыяду з’яўлялася ўзрастанне яе таварнасці. Індустрыялізацыя ў Заходняй Еўропе і звязаная з ёй урбанізацыя выклікалі павелічэнне попыту на сельскагаспадарчыя прадукты і адпаведна рост цэн на іх. У гэтых умовах буйныя землеўласнікі ўзмацнялі арыентацыю на продаж прадукцыі сваіх гаспадарак на знешнім і ўнутраным рынку і імкнуліся да павелічэння прыбыткаў. У некаторых буйных маёнтках сталі выкарыстоўвацца капіталістычныя метады гаспадарання: увядзенне травасеяння і шматпольных севазваротаў, прымяненне ўдасканаленых сельскагаспадарчых машын (малатарні, веялкі, сечкары, сеялкі, жнейкі), выкарыстанне працы наёмных рабочых.

Аднак большасць памешчыкаў імкнуліся да павелічэння даходнасці сваіх гаспадарак шляхам узмацнення феадальнай эксплуатацыі сялянства. Гэта праяўлялася ў пашырэнні фальваркаў шляхам абеззямельвання сялян, перасялення іх на горшыя землі, а таксама ў павелічэнні паншчыны і іншых павіннасцяў. Перавага аддавалася стварэнню сярэдніх па велічыні маёнткаў з колькасцю прыгонных 200-500 чал., якія здаваліся ў арэнду.

Сялянства гэтага перыяду падзялялася на дзве асноўныя групы: прыватнаўласніцкія (каля 70%) і дзяржаўныя (каля 27%). У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях пераважала сялянскае падворнае землекарыстанне, а ў Віцебскай і Магілёўскай – абшчыннае. Асноўнымі формамі феадальных павіннасцяў сялян заставаліся паншчына (яе ўдзельная вага павялічвалася) і чынш. Амаль ва ўсіх сялянскіх гаспадарках панавалі прымітыўная сельскагаспадарчая тэхніка і трохпольныя севазвароты.

У той жа час назіраецца некаторы ўплыў таварна-грашовых адносін у сялянскай гаспадарцы:

- павелічэнне колькасці сялян, занятых промыславай дзейнасцю (лесараспрацоўкі, сплаўныя работы, будаўніцтва і г.д.);

- некаторае расслаенне сялянства: паступова вылучаюцца групы заможных і збяднелых, беззямельных сялян;

- з’яўленне ў гаспадарках некаторых заможных сялян удасканаленых прылад працы, шматпольных севазваротаў.

Павышэнне таварнасці сельскай гаспадаркі Беларусі ў першай палове 19 ст. прывяло да змен у структуры сельскагаспадарчай вытворчасці. Пачынаецца вырошчванне ў якасці таварных культур бульбы, цукровых буракоў, кармавых траў.

У сярэдзіне 19 ст. назіраецца крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Прыкметамі гэтага былі:

- зніжэнне ўраджайнасці, пагалоўя жывёлы;

- прагрэсіруючае разарэнне сялянскіх гаспадарак; пра гэта сведчыць пастаянны рост нядоімак сялян па дзяржаўных падатках (так, паводле дадзеных на 1856 г., нядоімкі па 5 беларускіх губернях складалі 8 млн. руб з агульнай сумы нядоімак па Расійскай імперыі 23 млн.);

- зніжэнне даходнасці памешчыцкіх гаспадарак, павелічэнне колькасці маёнткаў, якія былі закладзены ў банк і прададзены з таргоў;

- узрастанне колькасці сялянскіх хваляванняў.

Прычынай гэтых з’яў была супярэчнасць паміж аб’ектыўнымі працэсамі паступовага ўваходжання сельскай гаспадаркі ў сістэму капіталістычных таварна-грашовых адносін і захаваннем феадальных вытворчых адносін. Гэтая супярэчнасць праяўлялася ў наступным: У буйных памешчыцкіх гаспадарках, якія ўсё больш арыентаваліся на рынак, ствараліся аб’ектыўныя ўмовы для развіцця шматгаліновай вытворчасці і павышэння таварнасці шляхам інтэнсіфікацыі працы. Аднак ва ўмовах панавання прыгоннага права памешчыкі лічылі найбольш аптымальным шляхам павышэння даходнасці сваіх гаспадарак ўзмацненне феадальнай эксплуатацыі сялянства. Сялянскія гаспадаркі ўцягваліся ў рынак амаль выключна з мэтай знаходжання грошай для выплаты дзяржаўных і памешчыцкіх падаткаў. У дадзенай сітуацыі ў памешчыцкіх гаспадарках не было стымулаў, а ў сялянскіх – магчымасцяў для тэхнічнай мадэрнізацыі і рацыяналізацыі вытворчасці. Значнае ўзмацненне павіннасцяў сялянства прыводзіла да яго разарэння, а потым, як вынік, і зніжэння даходнасці памешчыцкіх гаспадарак.

У дадзеных умовах дзяржаўныя ўлады спрабавалі змякчыць адзначаную супярэчнасць шляхам правядзення некаторых рэформ у сельскай гаспадарцы. Найбольш значнымі сярод іх былі рэформа дзяржаўнай вёскі П.Д. Кісялёва 1837-1841 гг. і інвентарная рэформа 1844-1857 гг.



Рэформа дзяржаўнай вёскі 1837-1841 гг. праводзілася па ініцыятыве міністра дзяржаўнай маёмасці Расійскай імперыі П.Д. Кісялёва. Рэформа мела тры накірункі:

- рэформа сістэмы кіравання дзяржаўнымі сялянамі: была адменена арэнда дзяржаўных маёнткаў; уводзілася мясцовае самакіраванне для сялян пад наглядам дзяржаўных органаў улады; дзяржаўныя сяляне атрымлівалі некаторыя грамадзянскія правы: атрыманне спадчыны, уласнасці, заняткі гандлем;

- “папячыцельская палітыка”: уключала ў сябе арганізацыю харчовай дапамогі сялянам, агранамічных мерапрыемстваў, пачатковага навучання для дзяцей і медыцынскай дапамогі ў дзяржаўнай вёсцы;

- люстрацыя дзяржаўных маёмасцяў: прадугледжвала пераразмеркаванне зямельнага фонду паміж маёнткамі і сялянскімі дварамі, рэгламентацыю сялянскіх павіннасцяў. Яна праводзілася ў два этапы:

да 1844 г. – пры захаванні фальварачна-паншчыннай сістэмы;

з 1844 г. па 1857 г. – шляхам паскоранага пераводу сялян з паншчыны на аброк.

Мэтай дадзенай рэформы з’яўлялася павышэнне плацежаздольнасці дзяржаўнай вёскі. Вынікам яе стала змяншэнне феадальных павіннасцяў дзяржаўных сялян і некаторае павышэнне таварна-грашовых адносін у вёсцы.

Аднак памешчыцкія сяляне не былі ахоплены дадзенай рэформай. Спробай рэгуляцыі адносін паміж памешчыкамі і іх прыгоннымі з’явілася ўвядзенне абавязковых інвентароў (гаспадарчага апісання памешчыцкіх маёнткаў) на падставе спецыяльнага закона 1844 г. Інвентары павінны былі змяшчаць фіксіраваныя нормы сялянскіх надзелаў і павіннасцяў, якія выконваліся за карыстанне імі. Аднак правядзенне дадзенай рэформы праходзіла марудна. Да 1857 г. інвентары былі ўведзены толькі ў 1/10 частцы памешчыцкіх маёнткаў. Да таго ж нормы інвентароў складаліся камісіямі, галоўная роля ў якіх належыла самімі памешчыкам. Таму істотных вынікаў інвентатная рэформа не прынесла.



Такім чынам, у сельскай гаспадарцы Беларусі у першай палове 19 ст. назіраецца паступовае развіццё капіталістычных таварна-грашовых адносін. Аднак панаванне прыгоннага права істотна тармазіла дадзены працэс. Супярэчнасць паміж аб’ектыўнымі працэсамі паступовага ўваходжання сельскай гаспадаркі ў сістэму капіталістычных таварна-грашовых адносін і захаваннем феадальных вытворчых адносін прывяла да крызісу прыгонніцкай сістэмы.
11.2. Прамысловасць.

У структуры прамысловых прадпрыемстваў дадзенага перыяду можна вылучыць тры тыпы: дробныя рамесныя прадпрыемствы, мануфактуры, фабрыкі.




Тып прамысловых прадпрыемстваў

Спецыфіка прамысловай вытворчасці

Дробныя рамесныя прадпрыемствы

Вытворчая дзейнасць ажыццяўляецца сіламі рамеснікаў-майстроў, членаў іх сем’яў, невялікай колькасці чаляднікаў і вучняў; выкарыстоўваюцца ручныя прылады працы; спецыялізаваны падзел працы адсутнічае.

Мануфактуры

Вытворчая дзейнасць ажыццяўляецца калектывам рабочых, у межах якога існуе прафесійная спецыялізацыя і звязаны з ёй падзел працы; выкарыстоўваюцца ручныя прылады працы.

Фабрыкі

Вытворчая дзейнасць ажыццяўляецца калектывам рабочых, у межах якога існуе прафесійная спецыялізацыя і звязаны з ёй падзел працы; выкарыстоўваюцца машыны ў якасці асноўных сродкаў вытворчасці.

Вядучую ролю ў структуры прамысловасці мелі дробныя рамесныя прадпрыемствы. У канцы 1850-х гг. на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 16,5 тыс. рамеснікаў. Большасць рамеснікаў ў разглядаемы перыяд была аб’яднана ў цэхі. Аднак пашырэнне таварна-грашовых адносін прыводзіла да ўзмацнення сацыяльнага расслаення ўнутры цэхаў. З аднаго боку, некаторыя майстэрні перарасталі ў прадпрыемствы, на якіх працавала значная колькасць наёмных рабочых; з другога, незаможныя члены цэхаў нярэдка наймаліся рабочымі на фабрыкі і мануфактуры.

На працягу першай паловы 19 ст. павялічваецца колькасць і ўдзельная вага ў структуры прамысловасці мануфактурных прадпрыемстваў. На 1861 г. налічвалася 127 мануфактур, на іх было сканцэнтравана каля ¼ усіх рабочых на тэрыторыі Беларусі. У разглядаемы перыяд існавалі мануфактуры двух тыпаў:

- вотчынныя: належалі буйным памешчыкам, дзейнічалі пераважна ў іх маёнтках, выкарыстоўвалася праца прыгонных сялян;

- капіталістычныя: належалі пераважна купцам і мяшчанам, дзейнічалі пераважна ў гарадах і мястэчках, выкарыстоўвалася праца вольнанаёмных рабочых.

На пачатку 19 ст. большасць мануфактур з’яўляліся вотчыннымі. Аднак на працягу першай паловы 19 ст. частка іх была арэндавана або выкуплена купцамі і мяшчанамі. Ствараліся новыя капіталістычныя мануфактуры. Таксама адбываўся працэс узбуйнення мануфактур. Буйнейшым сярод іх быў металургічны завод у Налібоках князя Вітгенштэйна.

У 1820-я гг. на тэрыторыі Беларусі пачынаецца стварэнне прадпрыемстваў фабрычнага тыпу. Першымі з іх сталі суконныя заводы у м. Хомск Кобрынскага і м. Косава Слонімскага паветаў, якія належалі памешчыку Пуслоўскаму. У другой чвэрці 19 ст. з’явіліся паравыя рухавікі на некаторых прадпрыемствах мукамольнай, цукровай, лесапільнай, жалезаапрацоўчай і іншых галін прамысловасці.

Узнікненне фабрычных прадпрыемстваў з’яўлялецца пачаткам такого сацыяльнага працэсу як прамысловая рэвалюцыя, што азначае пераход ад працы, заснаванай на ручной тэхніцы, да машыннай індустрыі, у выніку якога прамысловасць пераўтвараецца ў галоўную галіну грамадскай вытворчасці. У краінах Заходняй Еўропы дадзены працэс адбываецца на працягу канца 18 – першай паловы 19 стст., вынікам чаго становіцца фарміраванне індустрыяльнага грамадства. На землях Беларусі ў першай палове 19 ст. быў зроблены толькі першы крок ў стварэнні перадумоў прамысловай рэвалюцыі. Фабрыкі ў сярэдзіне 19 ст. былі невялікімі, заснаванымі на апрацоўцы мясцовай сыравіны і складалі невялікую долю ў структуры прамысловасці.

У структуры прамысловай вытворчасці на землях Беларусі ў дадзены перыяд пераважалі наступныя галіны: суконная, папяровая, харчовая, шкляная, г.зн. галіны, заснаваныя на перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны.

Такім чынам, у першай палове 19 ст. назіраецца працэс паступовага развіцця прамысловасці на тэрыторыі Беларусі, узмацнення ў ёй ролі капіталістычных элементаў. Аднак панаванне феадальна-прыгонніцкіх адносін замаруджвала дадзены працэс: натуральная гаспадарка ў прыгоннай вёсцы стрымлівала попыт на прамысловыя тавары; прымусовая праца прыгонных сялян на прадпрыемствах была неэфектыўнай.

11.3. Гарады. Гандаль.

У першай палове 19 ст. назіраецца хуткі рост гарадскога насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. З 1796 па 1861 г. яно павялічылася з 80 да 320 тыс.чал. К 1861 г. у гарадах пражывала каля 10% усяго насельніцтва. Найбольш буйнымі гарадамі былі Віцебск, Мінск, Магілёў, Гродна. У гарадах павялічваецца ўдзельная вага рамесна-гандлёвага насельніцтва. Значную ролю ў гэтым адыграла ўвядзенне мяжы яўрэйскай аселасці і прымусовае перасяленне яўрэяў з вёсак у гарады і мястэчкі. К сярэдзіне 19 ст. каля 70% гарадскога насельніцтва складалі яўрэі.

Развіццё прамысловасці і рост гарадскога насельніцтва стымулявалі развіццё гандлю. Гэтаму садзейнічаў ўздым цэн на хлеб у першай палове 19 ст. Асноўнай арганізацыйнай формай гандлёвых адносін у першай палове 19 ст. былі кірмашы. Большасць кірмашоў з’яўляліся універсальнымі, на іх можна было гандляваць любымі таварамі. Самымі буйнымі былі кірмашы ў Зэльве Гродзенскай губерні, Бешанковічах і Любавічах Магілеўскай губерні.

Значная месца займаў таксама развозна-разносны гандаль. Многія гарадскія купцы скуплялі ў вёсках сельскагаспадарчую прадукцыю, сартавалі яе, збіралі ў вялікія партыі і прадавалі аптавікам. Амаль ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі дзейнічалі штотыднёвыя базары. Пашыраўся таксама стацыянарны гандаль, які адбываўся ў штодзённа працуючых гандлёвых установах – лаўках, крамах, карчмах, кавярнях і г.д.

Важная роля ў развіцці ўнутранага рынку і таварна-грашовых адносін належала транспарту. Да сярэдзіны 19 ст. яго асноўным відам з’яўляўся водны, які ажыццяўляўся па сістэме рэк і каналаў. У разглядаемы перыяд узнікаюць першыя параходы. Другім відам шляхоў зносін былі сухапутныя. У першай палове 19 ст. ажыццяўлялася будаўніцтва гасцінцаў. Праз тэрыторыю Беларусі праляглі Маскоўска-Варшаўская, Пецярбургска-Кіеўская і Маскоўска-Рыжская шашэйныя дарогі.

Развіццё шляхоў зносін садзейнічала пашырэнню знешняга гандлю. За мяжу з беларускіх губерняў вывозілі прадукты земляробства і жывёлагадоўлі, лес і драўляныя вырабы, прадукцыю перапрацоўчай прамысловасці. Імпартаваліся еўрапейскія фабрычныя тавары, металы, соль, рыба, фабрычнае абсталяванне.



Такім чынам, у эканоміцы беларускіх зямель у першай палове 19 ст. адбываецца працэс паступовага развіцця капіталістычных таварна-грашовых адносін. Аднак панаванне феадальна-прыгонніцкай сістэмы істотна тармазіла і дэфармавала дадзены працэс. К сярэдзіне 19 ст. у эканамічнай сістэме Беларусі панаваў аграрны сектар; сельская гаспадарка мела пераважна натуральны характар; у прамысловасці дамінавала дробная рамесная вытворчасць, заснаваная на перапрацоўцы мясцовай сыравіны.
Асноўныя паняцці:

Буйнапамеснае землеўладанне, дзяржаўныя сяляне, прыватнаўласніцкія сяляне, рэформа дзяржаўнай вёскі 1837-1841 гг., рэформа сістэмы кіравання дзяржаўнымі сялянамі, “папячыцельская палітыка”, люстрацыя, дробныя рамесныя прадпрыемствы, мануфактуры, фабрыкі, прамысловая рэвалюцыя, кірмашы, развозна-разносны гандаль, стацыянарны гандаль.


Кантрольныя пытанні і заданні:

      1. Які характар мела структура землеўладання на землях Беларусі ў першай палове 19 ст.?

      2. Якімі фактарамі можна патлумачыць узрастанне ў першай палове 19 ст. ролі і значэння буйнапамеснага землеўладання?

      3. У чым выяўлялася ўзрастанне таварнасці памешчыцкай гаспадаркі ў першай палове 19 ст.? Чым можна растлумачыць дадзеную з’яву?

      4. Растлумачце, чаму, нягледзячы на аб’ектыўныя магчымасці, памешчыкі не былі зацікаўлены ў капіталістычнай перабудове сваіх гаспадарак. Якія шляхі яны выкарыстоўвалі для павышэння даходнасці сваіх гаспадарак?

      5. Які ўплыў таварна-грашовыя адносіны ў першай палове 19 ст. мелі на сялянскую гаспадарку Беларусі і ў якой ступені?

      6. Якім чынам змянілася структура сельскагаспадарчай вытворчасці на землях Беларусі ў першай палове 19 ст.?

      7. У якіх фактах знаходзіць пацвярджэнне тэзіс пра крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў першай палове 19 ст.? Якая галоўная прычына дадзенага крызісу?

      8. Растлумачце прычыны нізкіх тэмпаў тэхнічнай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі ў разглядаемы перыяд.

      9. Якія рэформы ажыццяўляў царскі ўрад ў сельскай гаспадарцы ў сярэдзіне 19 ст.?

      10. Які характар мела структура прамысловасці Беларусі ў першай палове 19 ст.? Чым выклікана вядучая роля дробнай рамеснай прамысловасці?

      11. Якія змены адбываліся ў структуры мануфактурнай прамысловасці Беларусі першай паловы 19 ст.?

      12. Растлумачце, у чым выяўляецца спецыфіка фабрычнай вытворчасці. Дзе на тэрыторыі Беларусі ўзнікаюць першыя фабрыкі?

      13. Вызначце сутнасць паняцця “прамысловая рэвалюцыя”. Падумайце, ці можна ў сувязі з узнікненнем першых фабрык на тэрыторыі Беларусі ў першай палове 19 ст., гаварыць пра ажыццяўленне тут прамысловай рэвалюцыі?

      14. Якія галіны прамысловай вытворчасці на землях Беларусі ў разглядаемы перыяд адыгрывалі вядучую ролю? Якімі фактарамі гэта выклікана?

      15. Растлумачце, ці ёсць сувязь паміж павольнымі тэмпамі развіцця прамысловасці на тэрыторыі Беларусі ў першай палове 19 ст. і захаваннем ў гэты перыяд прыгоннага права і ў чым палягае дадзеная сувязь.

      16. Якімі фактарамі можна патлумачыць рост гарадоў на тэрыторыі Беларусі ў першай палове 19 ст.?

      17. Якія формы гандлю пераважалі на тэрыторыі Беларусі ў разглядаемы перыяд? Паспрабуйце растлумачыць асаблівае значэнне кірмашоў.

      18. Якія змены адбыліся ў транспартнай сістэме на землях Беларусі ў першай палове 19 ст. і як яны паўплывалі на развіццё гандлю?

      19. Які характар мела структура знешняга гандлю ў разглядаемы перыяд?

      20. Паспрабуйце вызначыць узровень развіцця эканомікі Беларусі ў першай палове 19 ст. у цэлым і растлумачце прычыны гэтага.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   35




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет