Гісторыя Беларусі


Грамадска-палітычны рух ў апошняй трэці 19 ст



бет17/35
Дата05.07.2016
өлшемі3.24 Mb.
#179947
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   35

13.3. Грамадска-палітычны рух ў апошняй трэці 19 ст.

Падаўленне паўстання 1863-1864 гг. прывяло да заняпаду грамадска-палітычнага руху на тэрыторыі Беларусі. Значна ўзмацняюцца паліцэйскі кантроль у грамадскім жыцці і цэнзура. На тэрыторыі Беларусі адсутнічалі незалежныя ад дзяржавы грамадскія арганізацыі і перыядычныя выданні (да 1886 г.). У асяроддзі каталіцкай шляхты адбываецца заняпад ідэй польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Пануючымі становяцца погляды аб неабходнасці супрацоўніцтва з царызмам.

У першае дзесяцігоддзе пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. на тэрыторыі Беларусі адсутнічалі арганізацыі, якія б дэкларавалі барацьбу з царызмам. Іх адраджэнне адбываецца з сярэдзіны 1870-х гг. У аснову ідэалогіі гэтых арганізацый былі пакладзены ідэі сацыяльнай рэвалюцыі. Галоўнымі накірункамі рэвалюцыйнага руху ў апошняй чвэрці 19 ст. становяцца народніцтва і марксізм.

Народніцтва – агульнарасійскі грамадскі рух апошняй трэці 19 – пачатку 20 стст. Дадзены рух сфарміраваўся ў асяроддзі апазіцыйна настроенай інтэлігенцыі. Абагульнена вылучаюць два асноўныя тыпы народніцтва:

- рэвалюцыйнае народніцтва;

- ліберальнае народніцтва.

Ідэалогія рэвалюцыйнага народніцтва грунтавалася на палітычных тэорыях расійскіх радыкальных палітычных дзеячаў сярэдзіны – другой паловы 19 ст. – А. Герцэна, М. Бакуніна, М. Чарнышэўскага, П. Лаўрова. Сацыяльны ідэал рэвалюцыйнага народніцтва – сацыялізм, пад якім разумеецца грамадскі лад, заснаваны на панаванні калектыўнай уласнасці на асноўныя сродкі вытворчасці. Магчымасць пераходу да сацыялізму бачылася ў наяўнасці для гэтага аб’ектыўных сацыяльна-эканамічных перадумоў. Пад гэтым разумелася існаванне такога сялянскай абшчыны, у функцыянаванні якой змяшчаліся элементы сацыялізму (традыцыі абшчыннага самакіравання, перыядычныя перадзелы зямлі). Капіталізм разглядаўся рэвалюцыйнымі народнікамі як штучнае ўтварэнне, якое насаджаецца дзяржаўнай уладай для павелічэння даходаў кіруючай эліты. Пераход да сацыялістычнага грамадства звязваўся з народнай рэвалюцыяй, якая павінна знішчыць самадзяржаўе, устанавіць дэмакратычны палітычны лад і стварыць умовы для вырашэння карэнных сацыяльных пытанняў. У падрыхтоўцы рэвалюцыі галоўнай рухаючай сілай павінна стаць прагрэсіўная інтэлігенцыя.

Шырокае распаўсюджанне рэвалюцыйна-народніцкага руху сярод інтэлігенцкай моладзі ў гарадах Расійскай імперыі адносіцца да 1870-х гг. Асноўным метадам дзейнасці рэвалюцыйных народнікаў першапачаткова з’яўлялася “хаджэнне ў народ” – правядзенне прапагандысцкай працы сярод народных мас пад выглядам сельскіх спецыялістаў, вандроўнікаў і г.д. з мэтай пазбаўлення народа ад ўкаранёных сацыяльных стэрэатыпаў і забабонаў, распаўсюджання крытычных адносін да рэчаіснасці і такім чынам падрыхтоўкі да рэвалюцыйных дзеянняў. У 1876 г. з некалькіх рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў утварылася арганізацыя “Зямля і воля”. У другой палове 1870-х гг. гурткі “Зямлі і волі” ўзнікаюць у буйнейшых гарадах Беларусі. У іх уваходзілі пераважна прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі шляхецкага або мяшчанскага паходжання.

“Хаджэнне ў народ” скончылася няўдачай: сяляне не зразумелі ў ідэй рэвалюцыянераў, а царызм узмацніў рэпрэсіі. У выніку сярод рэвалюцыйных народнікаў узніклі рознагалоссі, якія завяршыліся расколам “Зямлі і волі” на дзве арганізацыі – “Чорны перадзел” (1879 – 1881 гг.) і “Народную волю” (1879 – 1882 гг.). “Чорны перадзел” працягваў традыцыі “Зямлі і волі” (арыентацыя на правядзенне актыўнай асветніцка-прапагандысцкай дзейнасці інтэлігенцыі сярод народных мас). Прадстаўнікі “Народнай волі” імкнуліся наблізіць сацыяльную рэвалюцыю шляхам тэрарыстычных актаў супраць носьбітаў дзяржаўнай улады.

На тэрыторыі Беларусі большасць рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў далучыліся да “Чорнага перадзелу”. У Мінску была заснавана цэнтральная друкарня арганізацыі і некаторы час тут знаходзілася кіраўніцтва “Чорнага перадзелу” на чале з Г. Пляханавым і А. Бонч-Асмалоўскім. Аднак у 1881 г. гурткі чорнаперадзельцаў былі выкрыты паліцыяй; многія іх дзеячы зняволены, а кіраўнікі на чале з Г. Пляханавым апынуліся ў эміграцыі. З гэтага моманту ўзрастае ўплыў “Народнай волі”. У 1882 г. была створана “Паўночна-Заходняя арганізацыя Народнай волі” з цэнтрам у Вільні. Кульмінацыйным момантам дзейнасці “Народнай волі” забойства цара Аляксандра ІІ 1 сакавіка 1881 г. Тэрарыстычны акт здзейсніў выхадзец з Беларусі Ігнат Грынявіцкі. У выніку царскіх рэпрэсій на працягу 1881 – 1882 гг. арганізацыі “Народнай волі” былі разгромлены.

У 1880-х – першай палове 1890-х гг. рэвалюцыйнае народніцтва перажывала заняпад ва ўмовах узмацнення рэпрэсій. Дзейнічалі нешматлікія гурткі рэвалюцыйна-народніцкай арыентацыі ў беларускіх гарадах, пераважна сярод вучнёўскай моладзі, а таксама сярод беларускіх студэнтаў у Пецярбургскім універсітэце.

Сярод апошніх фарміруюцца ідэі аб неабходнасці спалучэння задач сацыяльнай рэвалюцыі з вырашэннем беларускага нацыянальнага пытання. У 1884 г. у Пецярбургу ўзнікае Беларуская сацыял-рэвалюцыйная група “Гоман”, якую ўзначальвалі беларускія студэнты А.Марчанка, Х.Ратнер, М.Стацкевіч, У.Крупскі. Група выдавала часопіс з аднайменнай назвай (выйшлі 2 нумары). Гоманаўцы лічылі неабходным аб’яднаць усе рэвалюцыйныя сілы Расійскай імперыі для звяржэння самадзяржаўя. Яны ўпершыню ў гісторыі Беларусі заявілі аб існаванні самастойнай беларускай нацыі. Зыходзячы з прынцыпу раўнапраўя ўсіх народаў, гоманаўцы абвяшчалі права беларускага народа на нацыянальную дзяржаўнасць. У сваёй праграме яны лічылі неабходным пераўтварэнне Расійскай імперыі ў федэрацыю самастойных рэспублік, адной з якіх павінна стаць Беларусь. Гоманаўцы спрабавалі абвясціць сябе цэнтрам усіх народніцкіх арганізацый Беларусі, але стварыць адзіную арганізацыю не здолелі. У выніку царскіх рэпрэсій група “Гоман” спыніла сваё існаванне.

У другой палове 1890-х гг. назіраецца адраджэнне рэвалюцыйна-народніцкага руху. У 1901 – 1902 гг. у выніку аб’яднання рэвалюцыйна-народніцкіх гурткоў у Расійскай імперыі ўзнікае Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). На працягу 1902 – 1904 гг. арганізацыі партыі аформіліся ў большасці значных гарадоў Беларусі і Літвы. У 1904 г. адбылося іх аб'яднанне ў Паўночна-Заходнюю абласную арганізацыю ПСР.

Ва ўмовах крызісу рэвалюцыйнага народніцтва ў 1880-1890-я гг. фарміруецца г. зв. ліберальнае народніцтва. Яго асноўныя ідэйна-тэарэтычныя палажэнні:


  • ідэя мірнага эвалюцыйнага пераўладкавання грамадства ў дэмакратычным накірунку;

  • сцвярджэнне ў якасці ідэалу сацыяльнага ўладкавання гарманічнага спалучэння свабоды асобы і грамадскай салідарнасці;

  • абвяшчэнне інтэлігенцыі галоўнай рухаючай сілай і каталізатарам грамадскага прагрэсу;

  • тэорыя “малых спраў”, якая прадугледжвала неабходнасць выканання інтэлігенцыяй “абавязку перад народам” праз сумленныя адносіны да ўласных прафесійных абавязкаў. Тэорыя і практыка “малых спраў” акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці правядзення канкрэтных мерапрыемстваў, накіраваных на карысць народных мас, у эканамічнай і сацыяльна-культурнай сферы.

На тэрыторыі Беларусі цэнтрам прапаганды ліберальнага народніцтва становіцца першая легальная недзяржаўная газета “Минский листок” (1886 – 1902 гг.). У цэлым газета як легальнае выданне вымушана была выказваць ліберальныя ідэі вельмі асцярожна. У “Минском листке” прапагандуюцца ідэі асветы і распаўсюджання сацыяльна значных ведаў; пры гэтым звяртаецца ўвага на тое, што яны павінны спалучацца з канкрэтнымі дзеяннямі па паляпшэнню жыцця народа.

У 1880-я гг. на землях Беларусі складваецца новы накірунак грамадска-палітычнага руху – марксізм. Як накірунак еўрапейскай сацыяльна-палітычнай думкі марксізм пачынае фарміравацца ў сярэдзіне 19 ст. у творчасці нямецкіх грамадска-палітычных дзеячоў і навукоўцаў Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. З другой паловы 19 ст. ён пераўтвараецца ў шырокі грамадска-палітычны рух, які ахапіў большасць краін Еўропы, а затым распаўсюджваецца і на іншых кантынентах. У аснове сацыяльна-палітычнай ідэалогіі марксізму знаходзіліся наступныя ідэі:



  • сацыяльным ідэалам абвяшчаецца сацыялізм (камунізм), што павінен прыйсці на змену капіталізму як заканамерны вынік развіцця апошняга;

  • пераход ад сацыялізму да капіталізму павінен адбыцца шляхам абумоўленай аб’ектыўнымі фактарамі сацыялістычнай рэвалюцыі, галоўнай рухаючай сілай якой разглядаецца рабочы клас; у выніку сацыялістычнай рэвалюцыі рабочы клас павінен атрымаць палітычную ўладу і ажыццявіць сацыялістычныя мерапрыемствы.

У другой палове 1880 – першай палове 1890-х гг. у буйнейшых гарадах Беларусі ўзнікаюць марксісцкія гурткі, якія першапачаткова мелі асветніцкі характар (у склад гурткоў уваходзілі інтэлігенты, якія займаліся самаадукацыяй у духу ідэй марксізму). Яны падтрымлівалі сувязь з марксісцкімі арганізацыямі ў Расіі, Польшчы і краінах Заходняй Еўропы. Марксісты акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці ажыццяўлення буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі, мэтай якой лічылася ліквідацыя абсалютызму і перажыткаў феадалізму, увядзенне дэмакратычнага палітычнага рэжыму, што павінна было стварыць умовы для паскоранага развіцця капіталізму. Капіталізм разглядаўся як неабходная і непазбежная стадыя грамадскага развіцця, якая створыць неабходныя ўмовы для выспявання сацыялізму. У адрозненне ад народнікаў, марксісты адмаўлялі наяўнасць элементаў сацыялізму ў дакапіталістычных грамадскіх структурах.

З 1890-х гг. марксісцкія арганізацыі пераходзяць да актыўнай прапагандысцкай дзейнасці сярод рабочых, што садзейнічае іх колькаснаму росту. У гэты час яны сталі называцца сацыял-дэмакратамі. Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі на тэрыторыі Беларусі ў канцы 19 – пачатку 20 стст. уваходзяць у склад шэрагу палітычных партый марксісцкай арыентацыі: Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (з 1898 г., І з’езд адбыўся ў Мінску), Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз Польшчы, Літвы і Расіі (Бунд, з 1897 г.), Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (з 1893 г.), Польская партыя сацыялістычная на Літве (з 1902 г.), Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (з 1896 г.), Рабочая партыя палітычнага вызвалення Расіі (1899 – 1900 гг.). Найбольш уплывовай арганізацыяй з’яўляўся Бунд, што тлумачылася перавагай яўрэяў у структуры гарадскога насельніцтва Беларусі.

У пачатку 20 ст. сярод палітычных арганізацый рэвалюцыйнага накірунку з’яўляецца партыя, якая належала да беларускага нацыянальнага руху – Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ). Яна ўзнікае ў 1902 –1903 гг. на базе нацыянальна-культурных гурткоў беларускай моладзі ў Мінску, Вільні і Пецярбургу. Заснавальнікамі і лідэрамі арганізацыі былі браты Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Вацлаў Іваноўскі і інш. У 1903 г. адбыўся І з’езд БСГ, на якім была ўхвалена праграма партыі. Сваёй галоўнай мэтай БСГ абвяшчала пабудову сацыялістычнага грамадства. Да бліжэйшых задач адносіліся звяржэнне самадзяржаўя, фарміраванне дэмакратычнага палітычнага рэжыму, забеспячэнне палітычных і эканамічных правоў чалавека, рэалізацыя правоў народаў, у тым ліку і беларускага на нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сацыялізацыя зямлі. У цэлым у праграме партыі сінтэзаваліся элементы ідэй народніцтва і марксізму у спалучэнні з абвяшчэннем задач беларускага нацыянальнага руху.

Такім чынам, на працягу апошняй трэці 19 ст. назіраецца працэс паступовага ажыўлення грамадска-палітычнага жыцця на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым характэрнай з’явай выступае ўзрастанне ўплыву радыкальных сацыяльна-палітычных рухаў, такіх як народніцтва і марксізм, што сведчыла пра наяўнасць перадумоў палітычнага крызісу царызму.
13.4. Фарміраванне рабочага руху ў апошняй трэці 19 ст.

Фарміраванне рабочага класа ў выніку развіцця капіталістычных адносін прывяло да з’яўлення новага феномена ў грамадскім жыцці Беларусі – рабочага руху – руху наёмных рабочых за паляпшэнне свайго эканамічнага і палітычнага становішча.

У сілу спецыфікі прамысловага развіцця рэгіёну (наяўнасць мноства дробных прадпрыемстваў з невялікай колькасцю занятых на іх рабочых) становішча пралетарыяту Беларусі было больш цяжкім, чым у Расійскай імперыі ў цэлым. Яго характарызавалі 13-14-гадзінны працоўны дзень, нізкая аплата працы, адвольныя штрафы, дрэнныя жыллёвыя ўмовы, адсутнасць страхавога і пенсійнага забеспячэння, тэхнікі бяспекі на працы.

Першапачаткова (у 1860-1870-я гг.) асноўнай формай супраціўлення рабочых з’яўляліся стыхійныя выступленні, галоўным чынам уцёкі з месца працы. Гэтыя выступленні мелі пераважна абарончы характар, былі выкліканы несвоечасовымі выплатамі заробкаў і іншымі формамі невыканання дамоўленасцяў з боку наймальнікаў.

Паступова асноўнай формай рабочага руху становіцца стачка – арганізаванае спыненне працы рабочымі з мэтай выканання наймальнікамі канкрэтных патрабаванняў у сферы вытворчых адносін. У 1870-я гг. на тэрыторыі Беларусі адбылося 7 стачак, у 1880-я – 10, у 1890-я – 59. Найбольш значныя стачкі адбыліся на будаўніцтве чыгуначных дарог Вільня-Баранавічы (1884 г.), Лібава-Ромны (1886, 1894, 1899 гг.), а таксама ў чыгуначных майстэрнях у Пінску (1893 г.), прамысловых прадпрыемствах у Смаргоні (1896 г.), на тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага ў Гродне (1899 г.). Патрабаванні рабочых былі накіраваны на паляпшэнне матэрыяльнага становішча (павышэнне заработнай платы, скарачэнне працоўнага дня, паляпшэнне ўмоў працы, спыненне адвольнага спагнання штрафаў).

З 1880-х гг. пэўны ўплыў на рабочы рух пачынаюць аказваць рэвалюцыйныя палітычныя арганізацыі. У буйнейшых гарадах з’яўляюцца рабочыя гурткі, у межах якіх праводзілася палітычная самаадукацыя рабочых. З другой паловы 1890-х гг. радыкальныя палітычныя арганізацыі, у першую чаргу марксісцкія, пачынаюць актыўна ўдзельнічаць у барацьбе рабочых за свае эканамічныя правы. Пад іх уплывам у некаторых гарадах адбываецца святкаванне рабочымі 1 мая – дня міжнароднай салідарнасці рабочых.

Пад уплывам рабочага руху царскі ўрад у 1880-1890-я гг. вымушаны быў абмежаваць выкарыстанне дзіцячай і жаночай працы (1882, 1885 гг.), памеры штрафу (1886 г.), працягласць працоўнага дня 11,5 гадзінамі (1897 г.). Для выканання гэтых і іншых абмежаванняў была ўведзена ў 1882 г. фабрычная інспекцыя. Аднак кантроль за ажыццяўленнем законаў аказаўся вельмі слабым; да таго ж яны не распаўсюджвалiся на дробную і рамесна-саматужную вытворчасць, якая пераважала менавіта на тэрыторыі Беларусі.

Такім чынам, у апошняй трэці 19 ст. у Беларусі ўзнікае новая сацыяльная з’ява – рабочы рух, які паступова становіцца істотным фактарам сацыяльна-палітычнага жыцця.
Асноўныя паняцці:

Паўстанне 1863-1864 гг., патрыятычныя маніфестацыі, “белыя”, “чырвоныя”, Цэнтральны нацыянальны камітэт, Літоўскі правінцыйны камітэт, “Мужыцкая праўда”, Часовы нацыянальны ўрад Польшчы, Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі, Аддзел кіравання правінцыямі Літвы, буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя, шляхецкае нацыянальна-вызваленчае паўстанне, земская рэформа 1864 г., гарадская рэформа 1870 г., судовая рэформа 1864 г., ваенная рэформа 1874 г., адукацыйная рэформа 1864 г., гарадскія думы, гарадскія ўправы, судовыя палаты, акруговыя суды, міравыя суды, контррэформы, земскія начальнікі, рэвалюцыйнае народніцтва, сацыялізм, “хаджэнне ў народ”, “Зямля і воля”, “Народная воля”, “Чорны перадзел”, “Гоман”, Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, ліберальнае народніцтва, “Минский листок”, марксізм, Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, Бунд, Польская партыя сацыялістычная на Літве, Беларуская Сацыялістычная Грамада, рабочы рух.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Якія змены адбыліся ў палітыцы царызму ў другой палове 1850 – пачатку 1860-х гг.? Чым яны былі выкліканы?

  2. Чым выкліканы грамадскі ўздым у Польшчы, Беларусі і Літве на мяжы 1850-1860-х гг.? Якія факты сведчаць пра наяўнасць ўздыму?

  3. Чым можна патлумачыць радыкалізацыю польскага нацыянальна-вызваленчага руху на пачатку 1860-х гг. у Польшчы і на тэрыторыі былога ВКЛ?

  4. Якія плыні сфарміраваліся ў межах польскага нацыянальна-вызваленчага руху на пачатку 1860-х гг.? У чым паміж імі існавалі адрозненні паводле сацыяльнага складу, праграм нацыянальна-дзяржаўнага і сацыяльна-палітычнага будаўніцтва, метадаў рэалізацыі пастаўленых мэтаў?

  5. Укажыце асноўныя падзеі падчас паўстання 1863-1864 гг. Якім чынам на развіццё паўстання маглі паўплываць супярэчнасці сярод кіраўніцтва паўстаннем?

  6. Якія асноўныя мерапрыемствы праводзіла адміністрацыя М. Мураўёва для падаўлення паўстання 1863-1864 гг.? Які яны мелі эфект?

  7. Паспрабуйце растлумачыць, чаму сяляне беларукіх зямель у асноўнай масе не падтрымалі паўстанне 1863-1864 гг.

  8. Да якіх вынікаў прывяло падаўленне паўстання 1863-1864 гг.? Вызначце асноўныя прычыны паражэння паўстання.

  9. Якія існуюць асноўныя падыходы ў гістарычнай навуцы пры вызначэнні характару паўстання 1863-1864 гг.? Які з гэтых падыходаў здаецца Вам больш правільным і чаму?

  10. Якія адбыліся змены ў палітыцы царызму на тэрыторыі Беларусі пасля паражэння паўстання 1863-1864 гг.?

  11. Якія грамадскія рэформы былі праведзены царызмам у 1860-1870-я гг.? Падумайце, якое яны мелі значэнне для капіталістычнай мадэрнізацыі.

  12. У чым заключалася спецыфіка правядзення рэформ 1860-1870-х гг. на тэрыторыі Беларусі? Чаму на гэтых землях яны праводзіліся са спазненнем і не ў поўным аб’ёме?

  13. Што такое контррэформы? Падумайце, чаму царызм у 1880-я гг. адмовіўся ад працягу рэформ, праводзімых у 1860-1870-я гг.

  14. Назавіце асноўныя контррэформы 1880-1890-х гг. Якую ролю яны мелі для далейшага развіцця грамадства?

  15. У чым выяўлялася спецыфіка правядзення контррэформ на тэрыторыі Беларусі? Чаму прадваранская палітыка царызму не была на землях Беларусі дастаткова паслядоўнай?

  16. Які ўплыў мела падаўленне паўстання 1863-1864 гг. на грамадскае жыццё Беларусі? Якая афіцыйная ідэалогія панавала ў другой палове 19 ст.?

  17. Калі на тэрыторыі Беларусі пачынаецца ажыўленне рэвалюцыйнага руху? У чым адрозненне антыцарскага руху на землях Беларусі ў апошняй трэці 19 ст. ад антыцарскіх рухаў папярэдніх перыядаў?

  18. Якія вылучаюцца асноўныя накірункі рэвалюцыйнага руху ў апошняй чвэрці 19 ст.? У чым адрозненне паміж імі?

  19. Якім быў сацыяльны склад рэвалюцыйных арганізацый на тэрыторыі Беларусі ў апошняй чвэрці 19 ст.?

  20. Вызначце асноўныя этапы ў развіцці рэвалюцыйнага народніцтва на землях Беларусі? Назавіце асноўныя арганізацыі?

  21. Што такое ліберальнае народніцтва? Якія яго асноўныя ідэі?

  22. Калі на тэрыторыі Беларусі пачынаецца распаўсюджанне марксізму? Якія этапы можна вылучыць у развіцці марксісцкага (сацыял-дэмакратычнага) руху да пачатку 20 ст.?

  23. Назавіце палітычныя партыі марксісцкага кірунку, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі на мяжы 19-20 стст.

  24. Якая палітычная партыя рэвалюцыйнага кірунку на мяжы 19-20 стст. абараняла задачы беларускага нацыянальнага руху? У чым спецыфіка прагарамы дадзенай партыі?

  25. Што такое рабочы рух? Калі ён фарміруецца на тэрыторыі Беларусі? Якімі прычынамі было выклікана яго развіццё?

  26. Які характар мела дынаміка рабочага руху ў Беларусі ў 1870-1890-я гг.? Растлумачце прычыны падобнай дынамікі?

  27. Якія Вы ведаеце асноўныя формы рабочага руху на тэрыторыі Беларусі?

  28. Якія асноўныя нарматыўныя акты складалі рабочае заканадаўства Расійскай імперыі канца 19 ст.? Ці распаўсюджвалася дадзенае заканадаўства на ўсіх рабочых?


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Грамадска-палітычная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі напярэдадні паўстання 1863-1864 гг.

  2. “Мужыцкая праўда”: аналіз асноўных ідэй.

  3. Адносіны да паўстання 1863-1864 гг. розных сацыяльных груп насельніцтва Беларусі.

  4. Каталіцкая царква ў Беларусі ў апошняй трэці 19 ст.

  5. Контррэформы ў Беларусі: спецыфіка правядзення.

  6. Газета “Минский листок” і яе ўплыў на ідэалогію ліберальнага народніцтва Беларусі.

  7. Станаўленне палітычных партый на тэрыторыі Беларусі на мяжы 19-20 стст.



Тэма 14: Фарміраванне беларускай нацыі.

Культура Беларусі ў 19 ст.

1. Перадумовы фарміравання беларускай нацыі.

2. Адукацыя і навука.

3. Мастацкая культура.
14.1. Перадумовы фарміравання беларускай нацыі.

Эпоха прамысловай рэвалюцыі і капіталістычнай мадэрнізацыі ў гісторыі Еўропы, якая ахоплівае канец 18 – 19 стст., разглядаецца адначасова як эпоха фарміравання нацый. Нацыя – гэта пэўная сацыяльная супольнасць, для якой характэрныя:

- агульная тэрыторыя пражывання;

- агульная літаратурная мова;

- наяўнасць адносна трывалых эканамічных і культурных сувязяў;

- развітая нацыянальная самасвядомасць (атаясамленне асобных індывідаў з пэўнай нацыянальнай супольнасцю).



Фарміраванню нацый, як правіла, папярэднічалі наступныя фактары:

- стварэнне суверэнных цэнтралізаваных дзяржаў;

- пэўны ўзровень сацыяльнай камунікацыі, сфарміраваны эканамічнымі і тэхнічнымі фактарамі ва ўмовах прамысловай рэвалюцыі;

- распаўсюджанне пісьменнасці сярод значнай часткі насельніцтва.

Фарміраванне нацый у Еўропе ў разглядаемы перыяд адбывалася двума асноўнымі шляхамі:

1) Канструяванне нацый у межах асобных цэнтралізаваных дзяржаў дзякуючы дзяржаўнай палітыцы (нацыянальная свядомасць пры гэтым атаясамлівалася з грамадзянскай прыналежнасцю: напрыклад, француз – г.зн. грамадзянін Францыі). Такім шляхам адбывалася складаванне большасці нацый у Заходняй Еўропе: англійскай, французкай, шведскай і інш.

2) Складванне нацый на базе гістарычна ўзнікшых у даіндустрыяльную эпоху этнічных супольнасцяў (народнасцей). Фарміраванне такіх нацый адбывалася па-за межамі дзяржаўных утварэнняў (нацыянальная самасвядомасць атаясамлівалася не з грамадзянскай, а з этнічнай прыналежнасцю: напрыклад, чэх – г.зн. той, хто размаўляе на адным з чэшскіх моўных дыялектаў, прытрымліваецца чэшскіх этнакультурных традыцый). Галоўным каталізатарам складвання нацый з’яўляліся нацыянальныя рухі. Такім шляхам ішло фарміраванне большасці нацый у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе: чэшскай, польскай, украінскай і інш.

Фарміраванне беларускай нацыі адбывалася па другім шляху. Аб’ектыўнымі перадумовамі дадзенага працэсу з’яўляліся:

- наяўнасць спецыфічных этнічных (моўных, культурных) прыкмет у большасці насельніцтва, што пражывала на тэрыторыі Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, часткова Смаленскай і Чарнігаўскай губерняў Расійскай імперыі;

- развіццё рыначных капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, што спрыяла пашырэнню міжрэгіянальных эканамічных і культурных сувязяў.

Аднак станаўленне нацыі на тэрыторыі Беларусі запавольвалася наяўнасцю спецыфічных умоў:

1) Працэсы капіталістычнай мадэрнізацыі ў дадзены перыяд толькі пачыналіся: Беларусь з’яўлялася аграрным краем; сельская гаспадарка мела перважна натуральны характар; эканамічныя і культурныя сувязі паміж рэгіёнамі былі слабыя; большая частка насельніцтва з’яўлялася непісьменнай; захоўваўся саслоўны падзел грамадства – у такіх умовах не існавала аб’ектыўных фактараў для шырокага распаўсюджання нацыянальнай самасвядомасці; пераважалі дамінуючыя ў ранейшыя часы рэгіянальная, канфесійная, саслоўная самасвядомасць.

2) Адсутнасць самастойнай дзяржаўнасці: землі Беларусі былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі, улады якой праводзілі русіфікатарскую палітыку ў розных сферах грамадскага жыцця.

3) Канфесійны падзел грамадства на праваслаўных і католікаў; дадзеная акалічнасць выкарыстоўвалася расійскімі ўладамі і польскімі элітамі, якія спрабавалі навязаць адпаведна ўсім праваслаўным расійскую, а католікам – польскую нацыянальную самасвядомасць.

4) Перавага іншаэтнічнага насельніцтва (перадусім яўрэяў) у гарадах ва ўмовах мяжы яўрэйскай аседласці і забароны яўрэям пасяляцца ў сельскай мясцовасці. Збяднелыя сяляне з беларускіх вёсак адыходзілі на працу ў прамысловасці і будаўніцтве ў буйнейшыя гарады Расійскай імперыі (Пецярбург, Масква, Адэса). У беларускіх гарадах, дзе панавала дробная прамысловасць, попыт на працоўную сілу цалкам задавальняўся за кошт яўрэйскага насельніцтва (на 1897 г. у гарадах пяці заходніх губерняў пражывала ўсяго 14,5% беларусаў, у той час як яўрэяў – 53,5%; на 1897 г. з 90 тыс. жыхароў Мінска толькі 8,2 тыс. былі беларусамі, у той час як у Пецярбургу пражывала 66,5 тыс. беларусаў).

5) Уключэнне эканамічнай, палітычнай і інтэлектуальнай эліты грамадства (дваранства, купецтва, духавенства, інтэлігенцыя) ў працэсы фарміравання расійскай і польскай нацый, якія гістарычна пачаліся раней; адсутнасць на тэрыторыі Беларусі вышэйшых навучальных устаноў, якія б маглі стаць цэнтрамі фарміравання новай інтэлектуальнай эліты.



Станаўленне беларускага нацыянальнага руху.

Як ужо адзначалася, у працэсе фарміравання нацый, якія не мелі ўласнай дзяржаўнасці, галоўнай рухаючай сілай з’яўляліся нацыянальныя рухі. У першай палове 19 ст. складваюцца перадумовы фарміравання беларускага нацыянальнага руху. У гэты перыяд пачынаецца навуковае гістарычнае, этнаграфічнае, археалагічнае вывучэнне Беларусі. У значнай ступені гэта звязана з панаваннем у духоўнай культуры гэтага перыяду ідэй рамантызму, для якіх уласцівы павышаны інтарэс да гістарычнага мінулага, у якім шукаліся светапоглядныя і сацыяльныя ідэалы. Навуковае вывучэнне ажыццяўлялася пераважна прадстаўнікамі мясцовай польскамоўнай, у меншай ступені рускамоўнай, інтэлігенцыі (Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Ян і Канстанцін Тышкевічы, Тэадор Нарбут, Адам Кіркор, Павел Шпілеўскі і інш.). У першай палове 19 ст. пачынае фарміравацца беларускамоўная літаратура (Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Рамуальд Падбярэзскі і інш.). У навуковых і літаратурных творах першай паловы 19 ст. сцвярджалася самабытнасць беларускай народнай мовы і традыцыйнай культуры. Аднак пры гэтым беларусы не разглядаліся як самастойная нацыя, а толькі як этнаграфічная супольнасць, якая павінна паступова ўліцца ў склад польскай або расійскай нацыі.

З сярэдзіны 19 ст. беларуская мова стала выкарыстоўвацца ў рэвалюцыйнай публіцыстыцы (агітацыйная літаратура падчас паўстання 1863-1864 гг., некаторыя выданні расійскіх і польскіх народнікаў).

Пасля разгрому паўстання 1863-1864 гг. царскія ўлады разгарнулі актыўную дзейнасць у накірунку навуковага гісторыка-этнаграфічнага вывучэння Беларусі, мэтай якога з’яўлялася абгрунтаванне таго, што дадзены край спрадвечна рускі. Вынікі даследаванняў, нягледзячы на іх заходнерускую скіраванасць, ускосна пацвярджалі факт існавання асобнай беларускай этнічнай культуры і мовы.

Напрыканцы 19 ст. пачынае фарміравацца беларускі нацыянальна-культурны рух. Пра гэта сведчыць станаўленне беларускай літаратуры, у межах якой паслядоўна адстойваецца ідэя пра існаванне самастойнай беларускай нацыі (Францішак Багушэвіч, Янка Лучына, Адам Гурыновіч, Карусь Каганец і інш.); узнікненне гурткоў нацыянальнай інтэлігенцыі (пераважна выхадцаў з сялянства і дробнай шляхты) як у самой Беларусі, так і ў Пецярбургу і Маскве сярод беларускіх студэнтаў, выданне імі публіцыстычных твораў. Нацыянальна-культурны рух, як правіла, акцэнтаваў сябе як апазіцыйны ў адносінах да царскага рэжыму. У яго межах фарміруюцца першыя элементы палітычнага нацыянальнага руху з патрабаваннямі стварэння беларускай дзяржаўнасці (група “Гоман”). На пачатку 20 ст. палітычны нацыянальны рух афармляецца ва ўзнікненні і дзейнасці Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

У межах беларускага нацыянальнага руху канца 19 – пачатку 20 стст. знайшлі ўвасабленне наступныя ідэі:

– абгрунтаванне самастойнасці беларускага этнасу, самабытнасці беларускай мовы і культуры;

– сцвярджэнне ідэі беларускай нацыі як этнічнай супольнасці (вызначальная роля надавалася развіццю беларускай мовы як галоўнага нацыятворчага фактару);

канцэпцыя беларусаў як плебейскай нацыі з няпоўнай сацыяльнай структурай, адбываецца атаясамленне сацыяльнай дыхатаміі з нацыянальнай (пануючыя сацыяльныя слаі – рускія і палякі // працоўныя масы – беларусы);

– сцвярджэнне неабходнасці фарміравання нацыянальнай інтэлектуальнай эліты з прадстаўнікоў беларускага народа, якая павінна выступаць каталізатарам абуджэння ў народзе нацыянальнага духу.

Такім чынам, да канца 19 ст. адбываецца складванне беларускага нацыянальнага руху. Аднак у той жа час яго дзейнасць абмяжоўвалася вузкім колам беларускай інтэлігенцыі і істотнага ўплыву на развіццё масавай нацыянальнай самасвядомасці не мела.

Можна зрабіць выснову, што ў 19 ст. адбываецца складванне перадумоў фарміравання беларускай нацыі, пра што сведчаць зрухі ў накірунку капіталістычнай мадэрнізацыі грамадства, зараджэнне беларускага нацыянальнага руху. Аднак разам з тым павольныя тэмпы мадэрнізацыі, спецыфічныя сацыяльна-палітычныя і этнаканфесійныя ўмовы жыццядзейнасці грамадства абумовілі тое, што працэс фарміравання нацыі знаходзіўся да пачатку 20 ст. яшчэ на пачатковай стадыі.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   35




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет