Гісторыя Беларусі


Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў 1907-1914 гг



бет20/35
Дата05.07.2016
өлшемі3.24 Mb.
#179947
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   ...   35

15.4. Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў 1907-1914 гг.

У перыяд 1907-1914 гг. галоўныя намаганні царскага ўрада былі накіраваныя на ўмацаванне палітычных пазіцый царызму, якія пахіснуліся падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. На тэрыторыі Беларусі можна вылучыць наступныя накірункі палітыкі царызму:

1) Правядзенне рэпрэсій у адносінах да “палітычна неблаганадзейных” асоб, закрыццё большасці апазіцыйных перыядычных выданняў, прафсаюзаў і іншых грамадскіх арганізацый.

2) Узмацненне русіфікатарскай палітыкі ў сферы землеўладання (стварэнне асобных фондаў дзяржаўных зямель для ільготнага продажу рускім перасяленцам), адміністрацыі, адукацыі.

Ва ўмовах рэпрэсій царызму спынілася дзейнасць на тэрыторыі Беларусі усіх рэвалюцыйных палітычных партый. Таксама распусціліся кадэцкія арганізацыі. У той жа час адбываецца значны рост правых манархічных арганізацый. Разам з агульнаімперкімі ўзнікаюць мясцовыя манархічныя арганізацыі: “Крестьянин”, “Белорусское общество” і г.д. Шпарка развівалася сетка перыядычных выданняў манархісцкіх арганізацый, у межах якіх адбывалася прапаганда ідэй заходнерусізму і праводзілася актыўная агітацыя супраць палякаў, яўрэяў, каталіцкага касцёла, ліберальных і рэвалюцыйных арганізацый, а таксама беларускага нацыянальнага руху. Ліберальная апазіцыя ў Беларусі была прадстаўлена яўрэйскімі нацыянальнымі арганізацыямі, а таксама Краёвай партыяй Літвы і Беларусі, створанай у 1907 г. Дадзеная партыя абапіралася ў першую чаргу на польска-каталіцкую шляхту і каталіцкі касцёл; яна дамагалася скасавання дыскрымінацыйных законаў у адносінах да каталіцкага насельніцтва і выступала за наданне землям былога ВКЛ шырокага абласнога самакіравання.

У дзяржаўна-палітычнай сістэме Расійскай імперыі працягвала функцыянаваць Дзяржаўная дума. Пасля ўвядзення новага выбарчага заканадаўства 3 чэрвеня 1907 г. у ІІІ Дзяржаўнай думе (1907-1912) і ІV Дзяржаўнай думе (1912-1917) перавагу мелі правыя сілы; лібералы знаходзіліся ў меншасці, а левыя ўвогуле мелі нязначнае прадстаўніцтва. На выбарах у ІІІ і ІV Думу ў беларускіх губернях абсалютную большасць дэпутацкіх месцаў атрымалі кандыдаты ад правых сіл. Пры гэтым на выбарах 1907 і 1912 гг. у “Паўночна-Заходнім краі” саслоўнае прадстаўніцтва было дапоўнена нацыянальным – утвараліся “руская”, “польская” і “яўрэйская” курыі; пры гэтым усе праваслаўныя аўтаматычна залічваліся да рускіх, а католікі – да палякаў. Выбарчая сістэма была арганізавана такім чынам, каб забяспечыць перавагу “рускім”, якія галасавалі пераважана за манархістаў.

У выніку рэпрэсій царызму назіраецца заняпад рабочага руху. Пры гэтым рабочыя Беларусі амаль цалкам адыходзяць ад палітычнай барацьбы. Значна скарацілася колькасць сялянскіх выступленняў.

Разам з правядзеннем рэпрэсій царызм, імкнучыся пашырыць сацыяльную базу ў краі, праводзіў у гэты перыяд некаторыя рэформы ў накірунку грамадска-палітычнай лібералізацыі:

1) Дазвол пераходу з праваслаўя ў іншыя хрысціянскія веравызнанні, паводле закону аб верацярпімасці 1905 г. У адпаведнасці з гэтым адбываўся масавы пераход нашчадкаў былых уніятаў, гвалтоўна пераведзеных у праваслаўе, да каталіцызму.

2) Дазвол на адкрыццё школ з мовамі выкладання нацыянальных меншасцяў імперыі ў адпаведнасці з законам 1905 г. і скасаванне абмежаванняў на развіццё друку на мовах нацыянальных меншасцяў. Гэта прывяло да фарміравання на тэрыторыі Беларусі польскамоўных школ. Развіваўся польскамоўны друк: толькі ў Вільні ў 1914 г. налічвалася 28 польскамоўных перыядычных выданняў. У той жа час адкрыццё беларускамоўных школ забаранялася, паколькі беларусы афіцыйна не прызнаваліся самастойнай нацыяй. Аднак дазвалялася дзейнасць беларускамоўных перыядычных выданняў.

3) Земская рэформа 1911 г. у Віцебскай, Мінскай і Магілёўкай губернях. Паводле яе, у губернях і паветах стваралася сістэма органаў мясцовага самакіравання – земствы. Земствы ўяўлялі з сябе выбарныя мясцовым насельніцтвам прадстаўнічыя органы – губернскія і павятовыя земскія сходы, якія прызначалі пастаянна дзеючыя выканаўчыя органы – земскія ўправы. У функцыі земстваў уваходзіла развіццё мясцовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін, культуры, адукацыі, аховы здароўя за кошт сродкаў, сабраных са спецыяльных мясцовых (земскіх) падаткаў. У той жа час земскія ўстановы знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутраных спраў, якія маглі прыпыніць выкананне любой пастановы земскіх устаноў. Выбары ў земствы былі шматступеньчатымі і няроўнымі, дзейнічаў маёмасны цэнз. У адрозненне ад расійскіх губерняў, дзе выбаршчыкі падзяляліся на саслоўныя курыі, у беларускіх губернях выбары ажыццяўляліся па нацыянальных курыях – “рускай” і “польскай”; пры гэтым маёмасны цэнз для выбаршчыкаў “рускай” курыі быў удвая ніжэйшы, што забяспечвала ім перавагу. У той жа час у Віленскай і Гродзенскай губернях земствы так і не былі ўведзены з-за перавагі католікаў ў структуры насельніцтва. Нягледзячы на недэмакратычны характар выбараў і абмежаваныя магчымасці, земствы адыгралі ў цэлым прыкметную ролю ў развіцці мясцовай эканомікі, адукацыі і аховы здароўя.

Пэўныя зрухі адбыліся і ў адукацыйнай палітыцы. Пачынаецца працэс паступовай замены царкоўнапрыходскіх школ 4-класнымі народнымі вучылішчамі; колькасць вучняў у іх за 1905-1914 гг. павялічваецца ў 3 разы і дасягае 305 тыс. Таксама павялічваецца колькасць сярэдніх навучальных устаноў – гімназій і рэальных вучылішчаў (з 28 у 1900 г. да 122 у 1914 г.). Аднак рэальны доступ да сярэдняй адукацыі з прычыны высокай платы за навучанне мелі толькі прадстаўнікі заможных слаёў насельніцтва. Востры недахоп спецыялістаў-педагогаў абумовіў адкрыццё ў 1909-1916 гг. новых настаўніцкіх семінарый у Рагачове, Оршы, Барысаве, Гомелі і Бабруйску, якія давалі няпоўную сярэднюю спецыяльную адукацыю, а таксама настаўніцкіх інстытутаў у Віцебску, Магілёве і Мінску, якія давалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Фарміравалася сістэма прафесійнага навучання, накіраванага на падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых, якую забяспечвалі Горацкае рамеснае і Гомельскае тэхнічнае чыгуначнае вучылішчы, шэраг школ і класаў пры агульнаадукацыйных школах.

У пачатку 20 ст. працягвалася навуковае гістарычнае, археалагічнае, этнаграфічнае, лінгвістычнае вывучэнне беларускага краю, якім займалўся шэраг устаноў: Віцебская вучоная архіўная камісія, Смаленская вучоная архіўная камісія, Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, польскае Таварыства сяброў навукі ў Вільні, Таварыства вывучэння Беларускага краю ў Магілёве і г.д. Пры падтрымцы названых навуковых устаноў у пачатку 20 ст. былі створаны краязнаўчыя музеі ў Віцебску, Магілёве, Гродне, Мінску і Вільні. Вялікі ўнёсак у развіццё беларускай навукі зрабілі ў гэты час гісторыкі М. Любаўскі, М. Доўнар-Запольскі, А. Сапуноў, І. Лапо, этнографы Е. Раманаў, М. Федароўскі, М. Нікіфароўскі, Я. Карскі, А. Сержпутоўскі.

Навуковыя даследаванні ў разглядаемы перыяд ажыццяўляліся і ў галінах прыродазнаўства. Значнай з’явай навуковага жыцця Беларусі ў пачатку 20 ст. стала дзейнасць Таварыства мінскіх урачоў. Першымі навуковымі ўстановамі прыродазнаўчага профілю сталі доследныя станцыіБеняконская сельскагаспадарчая ў Віленскай губерні (1910) і Мінская балотная (1913). У Мінску ў 1912-1916 гг. выдаваўся першы ў Расійскай імперыі часопіс па культуры балот – “Болотоведение”. Усяго ж у Беларусі з 1901 да 1917 г. выходзіла каля 20 прыродазнаўчых перыядычных выданняў. У той жа час развіццё навукі ў Беларусі замаруджвалася адсутнасцю тут вышэйшых навучальных устаноў.

Адзнакай грамадскага і культурнага стала развіццё друку і кнігадрукавання. У 1914 г. у беларускіх губернях выходзіла 109 перыядычных выданняў.

Такім чынам, грамадска-палітычнае і культурнае жыццё Беларусі ў 1907-1914 гг. характарызавалася умацаваннем пазіцый царызму, узмацненнем русіфікатарскай палітыкі і рэпрэсій у дачыненні рэвалюцыйнага руху. Аднак у той жа час адбываліся некаторыя мерапрыемствы, накіраваныя аб’ектыўна на мадэрнізацыю грамадска-палітычных і сацыяльна-культурных адносін у рэгіёне.
15.5. Беларускі нацыянальны рух у 1905-1914 гг.

Напярэдадні і падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. галоўным цэнтрам беларускага нацыянальнага руху з’яўлялася Беларуская Сацыялістычная Грамада. У ходзе рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гг. дзеячы БСГ выступалі сумесна з прадстаўнікамі іншых рэвалюцыйных партый у Беларусі, удзельнічалі ў антыўрадавых выступленнях. У студзені 1906 г. у Мінску адбыўся ІІ з’езд БСГ, на якім была прынята новая праграма партыі, выбраны Цэнтральны камітэт у складзе Івана і Антона Луцкевічаў, Вацлава Іваноўскага і Алеся Бурбіса. У праграме БСГ абвяшчалася неабходнасць рэвалюцыйнага звяржэння самадзяржаўя сіламі ўсіх працоўных Расійскай імперыі і пераўтварэнне імперыі ў федэратыўную дэмакратычную рэспубліку. Для Беларусі БСГ патрабавала дзяржаўнай аўтаноміі са сталіцай у Вільні. Абвяшчалася неабходным адчужэнне памешчыцкіх, дзяржаўных і царкоўных зямель на карысць сялян.

У склад БСГ падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. уваходзіла каля 2 тыс. чалавек. Структурна яна падзялялася на 2 краёвыя камітэты з цэнтрамі ў Вільні і Мінску; таксама ў складзе БСГ дзейнічалі Мінскі рабочы камітэт, Віленская група рабочых, Віленская арганізацыя вучнёўскай моладзі, Пецярбургская арганізацыя, мясцовыя арганізацыі ў Лідскім, Дзісненскім і Бельскім паветах. Па ініцыятыве БСГ, а таксама ПСР быў арганізаваны Беларускі сялянскі саюз.

У цэлым уплыў беларускага нацыянальнага руху на палітычнае жыццё ў ходзе рэвалюцыі 1905-1907 гг. быў нязначны. Гэта тлумачыцца адсутнасцю трывалай сацыяльнай базы: у гарадах, якія з’яўляліся цэнтрамі палітычнага руху, беларускае насельніцтва было вельмі нешматлікім, а сяляне ў асноўнай масе заставаліся малапісьменнымі і не мелі выразнай палітычнай і нацыянальнай самавядомасці.

Падчас спаду рэвалюцыі, згодна з рашэннем канферэнцыі БСГ, была заснавана першая легальная беларускамоўная газета – “Наша доля” (выдавалася ў Вільні з 1 верасня 1906 г., падрыхтавана 6 нумароў). Публікацыі газеты мелі радыкальны характар; у сувязі з гэтым большасць нумароў газеты ці былі канфіскаваны, ці на іх быў накладзены арышт. А ў студзені 1907 г. рашэннем Віленскай судовай палаты выданне “Нашай долі” было назаўсёды спынена.

У выніку паражэння рэвалюцыі БСГ фактычна самараспусцілася, яе дзеячы адмовіліся ад падпольнай дзейнасці. Кіраўніцтва БСГ засяродзіла сваю дзейнасць у нацыянальна-культурным руху. Яго цэнтрам становіцца новае легальнае перыядычнае выданне – газета “Наша ніва”, якая пачала выходзіць з 10 лістапада 1906 г. да 1915 г. у Вільні лацінкай і кірыліцай (рэдактарам у 1906-1914 гг. з’яўляўся А. Уласаў, у 1914-1915 гг. Янка Купала).

У мэтах захавання газеты “Наша ніва” пазбягала радыкальных палітычных дэкларацый, па агульнапалітычных і сацыяльна-эканамічных пытаннях займала ў асноўным ліберальна-асветніцкія пазіцыі. Яе дзеячы засяродзілі сваю публіцыстычную дзейнасць на наступных накірунках:

- тэарэтычнае абгрунтаванне факту існавання самастойнага беларускага этнасу са сваёй самабытнай мовай і культурай;

- крытыка русіфікатарскай палітыкі царызму і паланізатарскай палітыкі польска-каталіцкага руху;

- патрабаванні ўвядзення беларускай мовы ў сістэме адукацыі, грамадскіх і рэлігійных установах;

- прапаганда беларускай нацыянальнай самасвядомасці, беларускай культуры.

У перыяд паміж рэвалюцыяй 1905-1907 гг. і Першай сусветнай вайной “Наша ніва” пераўтварылася ў своеасаблівы цэнтр беларускага нацыянальна-культурнага руху. Пад яе эгідай пачалі выдавацца “Беларускі каляндар”, сельскагаспадарчы часопіс “Саха”, літаратурны месячнік для моладзі “Лучынка”, літаратурны і грамадска-палітычны альманах “Маладая Беларусь”, дзейнічалі беларускія выдавецтвы “Загляне сонца і ў наша ваконца”, “Наша ніва”, “Наша хата” і інш. У нашаніўскім руху ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі пераважна сялянскага або дробнашляхецкага паходжання.

Разам з “Нашай нівай” фарміруецца другі цэнтр беларускага нацыянальна-культурнага руху – газета “Беларус”, якая выдавалася на беларускай мове лацінкай са студзеня 1913 г. (рэдактары – А. Бычкоўскі і Б. Пачобка). Газета была арганізавана галоўным чынам прадстаўнікамі каталіцкага духавенства, якія далучыліся да беларускага нацыянальнага руху. У публікацыях выдання вырашэнне нацыянальна-культурных задач беларусаў звязвалася з абаронай каталіцкага веравызнання.

Намаганнямі дзеячоў беларускага нацыянальнага руху адбывалася станаўленне беларускай літаратуры. У 1908-1914 гг. было выдадзена 77 кніг на беларукай мове. Вялікі ўнёсак у развіццё мастацкай беларускай літаратуры зрабілі звязаныя пераважана з “Нашай нівай” паэты і пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Цётка (Алаіза Пашкевіч), Карусь Каганец, Алесь Гарун, Максім Багдановіч, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі і інш. У 1910 г. быў сфарміраваны першы беларускі нацыянальны прафесійны тэатр у мястэчку Празарокі Дзісенскага павета на чале з Ігнатам Буйніцкім, які выступаў у розных гарадах і мястэчках Беларусі, а таксама ў Пецярбургу і Варшаве. У 1910 г. была выдадзена ў Вільні “Кароткая гісторыя БеларусіВацлава Ластоўскага, у якой упершыню была адлюстравана нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі.



Такім чынам, на пачатку 20 ст. назіраўся прыкметны рост беларускага нацянальнага руху як у палітычнай, так і ў культурнай форме. Адбывалася фарміраванне беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якая кіравала дадзеным рухам. Аднак уплыў беларускага нацыянальнага руху на шырокія народныя масы быў нязначны з-за шэрагу спецыфічных фактараў станаўлення беларускай нацыі.
Асноўныя паняцці:

Сусветны эканамічны крызіс 1900-1903 гг, “паліцэйскі сацыялізм”, сіянізм, рэвалюцыя 1905-1907 гг., “Крывавая нядзеля”, забастоўкі салідарнасці, “булыгінская дума”, Усерасійская палітычная стачка, стачачныя камітэты, кааліцыйныя саветы і камісіі, маніфест 17 кастрычніка, Дзяржаўная дума, Саюз рускага народа, Саюз 17 кастрычніка, Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя народнай свабоды, Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Беларусі і Літвы, выбарчы закон 3 чэрвеня 1907 г., прафсаюзы, сталыпінская аграрная рэформа, водруб, хутар, прамысловы ўздым 1909-1914 гг., канцэнтрацыя вытворчасці, канцэнтрацыя капіталу, манаполіі, Краёвая партыя Літвы і Беларусі, земская рэформа 1911 г., земствы, настаўніцкія інстытуты, ІІ з’езд БСГ, “Наша доля”, “Наша ніва”, “Беларус”.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Вызначце асноўныя прычыны рэвалюцыі 1905-1907 гг. Дайце іх разгорнутую характарыстыку.

  2. Якія падзеі пачатку 20 ст. садзейнічалі абвастрэнню сацыяльных праблем у Расійскай імперыі і прывялі да пачатку рэвалюцыі?

  3. Якія з’явы ў грамадскім жыцці Беларусі сведчылі пра набліжэнне рэвалюцыі? Дайце кароткую характарыстыку дынамікі рабочага, сялянскага і рэвалюцыйнага руху напярэдадні рэвалюцыі 1905-1907 гг.

  4. Што такое сіянісцкі рух? Падумайце, чаму царызм, нягледзячы на антысеміцкую скіраванасць яго палітыкі, першапачаткова не перашкаджаў развіццю сіянісцкага руху?

  5. Калі пачалася рэвалюцыя 1905-1907 гг.? Якія падзеі сталі пачаткам рэвалюцыі?

  6. Ахарактарызуйце спецыфіку рэвалюцыйнага руху ў Беларусі са студзеня да верасня 1905 г. Назавіце асноўныя звязаныя з ім падзеі.

  7. Якія сацыяльныя групы ўдзельнічалі ў рэвалюцыйным руху 1905- 1907 гг.? Якія пераважалі формы рэвалюцыйнай барацьбы?

  8. Што такое “булыгінская Дума”? Якая была рэакцыя грамадскасці на маніфест пра яе ўвядзенне?

  9. Растлумачце, чаму кастрычнік-снежань 1905 г. лічыцца перыядам найвышэйшага ўздыму рэвалюцыі?

  10. Якія пераўтварэнні ў дзяржаўна-палітычным ладзе Расійскай імперыі абвясціў маніфест 17 кастрычніка?

  11. Растлумачце сутнасць выбарчага заканадаўства, паводле якога ажыццяўляліся выбары ў І і ІІ Дзяржаўную думу. Ці можна лічыць яго дэмакратычным?

  12. Ахарактарызуйце расстаноўку грамадска-палітычных сіл падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. Назавіце асноўныя палітычныя партыі і арганізацыі, якія ўзніклі ў гэты час і вызначце іх палітычныя пазіцыі.

  13. Дайце параўнальную характарыстыку дзейнасці І і ІІ Дзяржаўных дум. Растлумачце, чаму іх дзейнасць скончылася няўдачай.

  14. Якая падзея лічыцца датай завяршэння рэвалюцыі 1905-1907 гг.? Ахарактарызуйце новае выбарчае заканадаўства Расійскай імперыі.

  15. Падумайце, чаму рэвалюцыя 1905-1907 гг. пацярпела ў цэлым паражэнне? Якія змены адбыліся ў грамадстве ў яе выніку?

  16. Чым было абумоўлена правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы? Назавіце яе асноўныя накірункі.

  17. Да якіх вынікаў прывяло правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы ў Беларусі? У чым была спецыфіка правядзення рэформы на беларускіх землях?

  18. Ці можна сцвярджаць, што сталыпінская аграрная рэформа прывяла да развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі? Абгрунтуйце сваю пазіцыю.

  19. Якімі фактарамі быў выкліканы прамысловы ўздым 1909-1914 гг.?

  20. Што такое манапалістычныя аб’яднанні ў прамысловасці? У якіх галінах прамысловасці Беларусі яны найперш складваліся? Што перашкаджала хуткай манапалізацыі прамысловасці ў Беларусі?

  21. Ахарактарызуйце структуру беларускай прамысловасці на пачатку 20 ст.? Якімі фактарамі яна абумоўлена?

  22. Паспрабуйце вызначыць агульны ўзровень развіцця эканомікі Беларусі на пачатку 20 ст.

  23. Якія асноўныя працэсы адбываліся ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі ў 1907-1914 гг.?

  24. Падумайце, з чым было звязана ўзмацненне палітыкі русіфікацыі з боку царызму ў 1907-1914 гг.

  25. У чым сутнасць земскай рэформы 1911 г.? Якія яна мела вынікі? Падумайце, чаму царызм не адважыўся ўвесці земствы ў заходніх беларускіх губернях?

  26. Якія змены адбываюцца ў адукацыйнай сферы Беларусі ў пачатку 20 ст.?

  27. У якіх галінах адбываліся навуковыя даследаванні ў Беларусі ў пачатку 20 ст.? Назавіце вядомыя Вам навуковыя арганізацыі.

  28. Ахарактарызуйце дзейнасць Беларускай Сацыялістычнай Грамады падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг.

  29. Якая Вам вядомая першая беларускамоўная легальная газета? Чым абумоўлены кароткі тэрмін яе існавання?

  30. Якую ролю ў развіцці беларускага нацыянальнага руху адыграла газета “Наша ніва”? Вызначце асноўныя накірункі яе дзейнасці.


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Сіянісцкі рух на тэрыторыі Беларусі.

  2. Уплыў падзей “Крывавай нядзелі” на развіццё грамадскага руху ў Беларусі.

  3. Сялянскі рух ў Беларусі падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг.

  4. Дэпутаты ад беларускіх губерняў у І і ІІ Дзяржаўных думах.

  5. Станаўленне хутарской сістэмы ў Беларусі.

  6. Развіццё крэдытна-банкаўскай сістэмы на тэрыторыі Беларусі ў 1900-1914 гг.

  7. Рух “краёўцаў” на тэрыторыі Беларусі ў 1907-1914 гг.

  8. Фарміраванне ідэалогіі беларускага нацыянальнага руху ў публікацыях газеты “Наша ніва”.



Модуль 4. Беларусь у перыяд сусветных войнаў і рэвалюцый

1914 – 1945 гг. Фарміраванне беларускай савецкай дзяржаўнасці.
Тэма 16: Першая сусветная вайна і рэвалюцыйныя падзеі 1917 г.

на тэрыторыі Беларусі.

1. Беларусь у Першай сусветнай вайне.

2. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. у Беларусі і яе вынікі.

3. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. у Беларусі і яе вынікі.
16.1. Беларусь у Першай сусветнай вайне.

На пачатку 20 ст. у свеце склалася складаная геапалітычная сітуацыя. Яна характарызавалася супрацьстаяннем буйнейшых дзяржаў таго часу ў барацьбе сусветныя рынкі збыту прадукцыі і капіталу, за калоніі. Барацьба фактычна адбывалася за перадзел свету. Яе вынікам стала Першая сусветная вайна 1914-1918 гг. У гэтай вайне прымалі ўдзел 33 краіны. У ёй адно аднаму супрацьстаялі краіны ваенна-палітычнага блоку Антанты (Расія, Англія, Францыя) і іх саюзнікі (Італія, Румынія, Сербія, Бельгія, Грэцыя, з 1917 г. ЗША і інш.), з аднаго боку, і краіны т.зв. Чацвярнога саюзу (Германія, Аўстра-Венгрыя, Балгарыя, Турцыя), з другога.

Зачэпкай для пачатку вайны паслужыла забойства паўднёваславянскімі тэрарыстамі аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фердынанда, пасля чаго 28 ліпеня 1914 г. Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Сербіі. 1-4 жніўня 1914 г. краіны Антанты, з аднаго боку, і Германія і Аўстра-Венгрыя, з другога, абвясцілі адно аднаму вайну. Пачаліся баявыя дзеянні.

Да сярэдзіны 1915 г. баявыя дзеянні паміж рускімі і германскімі войскамі адбываліся на тэрыторыі Польшчы і Ўсходняй Прусіі. Летам – восенню 1915 г. Германскае войска арганізавала наступленне, у выніку якога заняла тэрыторыі Польшчы, Літвы, Курляндыі і заходняй часткі Беларусі (Гродзенская і большая частка Віленскай губерняў). Да кастрычніка 1915 г. расійска-германскі фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. Дадзеная лінія фронту заставалася нязменнай да пачатку 1918 г. У 1916 г. камандаванне расійскай арміі ажыццявіла дзве наступальныя аперацыі (Нарачанскую і Баранавіцкую), імкнучыся адсунуць лінію фронту на захад, аднак, беспаспяхова.

З пачаткам вайны, 5 жніўня 1914 г., на тэрыторыі беларускіх губерняў уводзілася ваеннае становішча: забараняліся забастоўкі, а таксама вулічныя шэсці і маніфестацыі, акрамя афіцыйна арганізаваных. Царскі ўрад пры дапамозе афіцыйнага друку і праваслаўнага духавенства праводзіў шырокую шавіністычныю прапаганду. У Беларусі, як і ў іншых рэгіёнах імперыі, пракацілася хваля патрыятычных маніфестацый, малебнаў, сходаў. Царскі ўрад у вайне падтрымалі на пачатку не толькі праўрадавыя групоўкі, але таксама ліберальныя і некаторыя левыя партыі і арганізацыі.

З сярэдзіны 1915 г. землі Беларусі былі падзелены лініяй фронту; розныя яе часткі знаходзіліся пад кантролем расійскіх і германскіх уладаў. Абодва ваюючыя бакі разглядалі тэрыторыю Беларусі як крыніцу для забеспячэння патрэб фронту.



Цэнтральная і ўсходняя частка Беларусі. У якасці прыфрантавой тэрыторыі ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі ў 1915-1917 гг. знаходзілася каля 1,5 млн. расійскіх салдат. Беларусь была месцам размяшчэння Стаўкі Галоўнага Вярхоўнага камандавання Расіі: да лета 1915 г. яна знаходзілася ў Баранавічах, потым была пераведзена ў Магілёў. З беларускіх губерняў у царскае войска было мабілізавана каля 50% мужчын ва ўзросце 18-50 год.

Эканоміка краю перабудоўвалася на патрэбы фронту. Для кіравання эканамічнай дзейнасцю (размеркаванне сыравіны, паліва, транспарту, рабочай сілы, заказаў і г.д.) дзяржава стварала спецыяльныя ваенна-прамысловыя камітэты. На пачатак 1917 г. каля 2/3 буйных прамысловых прадпрыемстваў Беларусі былі пераарыентаваны на ваенны лад. Адбывалася будаўніцтва новых спецыялізаваных ваенных прадпрыемстваў. Для выкарыстання рэсурсаў сельскай гаспадаркі ў ваенных мэтах ствараліся спецыяльныя цывільныя і ваенныя камісіі для правядзення рэквізіцый збожжа, мукі, фуражу, коней, буйной рагатай жывёлы. Насельніцтва прыфрантавых тэрыторый у масавым парадку прыцягвалася да прымусовых работ па ўмацаванні баявых пазіцый.

Істотным фактарам сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Беларусі становіцца бежанства, нярэдка прымусовае, з тэрыторый, занятых германскімі войскамі (агульная колькасць бежанцаў дасягнула 1,3 млн. чалавек). У выніку гарады цэнтральнай і ўсходняй Беларусі былі перапоўнены бежанцамі, якія знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Гэта выклікала праблемы з харчовым забеспячэннем гарадскога насельніцтва, эпідэміі. Многія бежанцы накіроўваліся ўглыб Расійскай імперыі. У выніку масавых мабілізацый у войска і на прымусовыя работы, бежанства, збяднення значнай часткі насельніцтва адбыліся істотныя змены ў сацыяльнай структуры грамадства: павялічваецца колькасць маргінальных слаёў грамадства, якія ўключалі ў сябе людзей, выкінутых са звыклага сацыяльнага асяроддзя, што не мелі сталай працы, падтрымлівалі існаванне за кошт часовых заробкаў.

У 1916 г. эканоміка беларускіх зямель, як і ў цэлым Расійскай імперыі, апынулася ў стане крызісу. Яго прычынамі з’яўляліся:

- масавыя мабілізацыі і выкарыстанне на прымусовых работах насельніцтва, значныя рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі;

- дэфіцыт тавараў масавага спажывання, выкліканы пераарыентацыяй большасці прамысловых прадпрыемстваў на выпуск ваеннай прадукцыі;

- разрыў эканамічных сувязяў з Германіяй;

- неэфектыўнае кіраванне эканомікай з боку дзяржаўных органаў.



Прыкметамі крызісу сталі:

- скарачэнне пасяўных плошчаў у сельскай гаспадарчы на 1/3, пагалоўя жывёлы – на 11%; пераход значнай часткі сялян да натуральнай гаспадаркі;

- скарачэнне аб’ёмаў прамысловай прадукцыі, ліквідацыя многіх прадпрыемстваў (за 1913-1917 гг. колькасць прадпрыемстваў буйной прамысловасці ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі зменшылася з 822 да 297);

- інфляцыя, рост цэн на прадукты харчавання і прамысловыя тавары ў 2–7 разоў, распаўсюджанне спекуляцыі;

- падзенне рэальнай заработнай платы і пагаршэнне матэрыяльнага становішча рабочых.

Ва ўмовах эканамічнага крызісу адбываецца рост незадаволенасці грамадства палітыкай царызму. Хутка развіваюцца антываенныя настроі як сярод грамадзянскага насельніцтва, так і ў войску. Масавы характар набывае дэзерцірства з арміі; вайсковыя злучэнні адмаўляюцца ісці ў наступленне, расійскія і нямецкія салдаты братаюцца. У кастрычніку 1916 г. успыхнула паўстанне салдат на размеркавальным пункце ў Гомелі.

У асноўных прамысловых цэнтрах Расійскай імперыі ў 1915-1916 гг. рэзка актывізуецца антыўрадавы рух. У Дзяржаўнай думе большасць дэпутатаў пераходзіць у апазіцыю да царскага ўрада, у тым ліку памяркоўная частка прадстаўнікоў правых партый. Аднак на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах прыфрантавой зоны, перанасычанай войскамі, органамі палітычнай бяспекі і ваеннай контрвыведкі, прыкмет антыўрадавага руху амаль не назіралася.

Падчас вайны назіраецца некаторае ажыўленне беларускага нацыянальнага руху. Пасля акупацыі германскімі войскамі Вільні і закрыцця газеты “Наша ніва” яго цэнтрамі становяцца беларускія таварыствы дапамогі пацярпелым ад вайны ў Мінску. У канцы 1916 – пачатку 1917 гг. у Петраградзе выдаваліся штотыднёвыя беларускамоўныя газеты – “Дзянніца” і “Светач”.



Заходняя частка Беларусі. Занятая нямецкімі войскамі тэрыторыя Беларусі разам з землямі Літвы і Курляндыі была ўключана ў склад акругі Обер-Ост. У 1915-1917 гг. тут знаходзілася каля 1 млн. нямецкіх салдат. Прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы былі абкладзены высокімі падаткамі; у сельскай гаспадарцы шырока практыкаваліся рэквізіцыі, выкарыстанне насельніцтва на прымусовых работах на ваенных збудаваннях. У хуткім часе эканоміка краю апынулася ў крызісным стане.

Таксама як і ўсходняя Беларусь, занятыя нямецкімі войскамі тэрыторыі знаходзіліся на ваенным становішчы. Усялякая палітычная дзейнасць, забастоўкі, дэманстрацыі і мітынгі забараняліся. Права на функцыянаванне атрымалі толькі грамадскія камітэты дапамогі ахвярам вайны. Яны былі ўпаўнаважаны выказваць уладам прапановы ў сацыяльнай, асветніцкай і культурнай сферы.

Для стварэння сацыяльнай апоры ў краі і аслаблення ў ім расійскага і польскага ўплыву германскія ўлады абвясцілі раўнапраўе ўсіх нацый на занятых тэрыторыях: дазваляліся культурная дзейнасць, навучанне і выданне газет на роднай мове. Гэта прывяло да ажыўлення беларускага нацыянальна-культурнага руху, цэнтрам якога стала Вільня, дзе знаходзіліся многія былыя дзеячы БСГ і “Нашай нівы”. У 1915-1917 гг. узнікае шэраг беларускіх грамадскіх арганізацый; з снежня 1916 г. выходзіла газета “Гоман”. Была створана сетка школ з беларускай мовай навучання (да вясны 1918 г. іх налічвалася 79); з кастрычніка 1916 г. дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы.

Нягледзячы на абмежаванні з боку германскіх улад, дзеячы беларускага нацыянальнага руху ставілі ў сваёй дзейнасці і палітычныя задачы. Утвораны на аснове камітэта дапамогі ахвярам вайны Беларускі народны камітэт (кіраўнікі І. і А. Луцкевічы) сумесна з адпаведнымі польскімі, літоўскімі і яўрэйскімі арганізацыямі выступіў з ініцыятывай аднаўлення Вялікага княства Літоўскага ў форме дэмакратычнай рэспублікі з соймам у Вільні. Дадзеныя арганізацыі ў снежні 1915 г. утварылі Канфедэрацыю Вялікага княства Літоўскага. Аднак рознагалоссі паміж яе ўдзельнікамі і адсутнасць падтрымкі з боку германскіх улад абумовілі хуткі распад канфедэрацыі. У межах літоўскага нацыянальнага руху фарміруецца ідэя незалежнай літоўскай дзяржавы з цэнтрам у Вільні, якая б уключала ў сябе некаторыя землі заходняй Беларусі. Дзеячы полькага нацыянальнага руху таксама разглядалі землі Віленскай і Гродзенскай губерняў як частку тэрыторыі будучай польскай дзяржавы.

У той жа час дзеячы беларускага нацыянальнага руху рабілі некаторыя захады, накіраваныя на стварэнне беларускай дзяржаўнасці. У красавіку і чэрвені 1916 г. прадстаўнікі Беларускага народнага камітэта ўдзельнічалі ў канферэнцыях народаў Расіі, якія праходзілі ў Стакгольме і Лазане, дзе ставілі пытанне аб сваёй будучай палітычнай самастойнасці і выказалі рашучае жаданне пазбавіцца ад прыгнёту расійскіх улад. У 1916 г. узнікае групоўка “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі” на чале з Вацлавам Ластоўскім. Яна адмаўлялася ад усялякіх саюзаў з літоўскім і польскім нацыянальнымі рухамі і выступала за поўную дзяржаўную незалежнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах.

Такім чынам, Першая сусветная вайна прывяла да вялікіх людскіх (загінула каля 1,2 млн. чалавек) і матэрыяльных страт на тэрыторыі Беларусі, істотнага пагаршэння жыццёвага ўзроўню народа. З сярэдзіны 1915 г. беларускія землі аказаліся падзеленымі паводле лініі фронту паміж двума ваюючымі бакамі, якія эксплуатавалі рэсурсы краю ў сваіх інтарэсах.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   16   17   18   19   20   21   22   23   ...   35




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет