16.2. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. у Беларусі і яе вынікі.
У 1916 – пачатку 1917 гг. у Расійскай імперыі склалася рэвалюцыйная сітуацыя. Прычынамі рэвалюцыі сталі сацыяльныя праблемы, якія не былі ў поўным аб’ёме вырашаны ў ходзе рэвалюцыі 1905-1907 гг. Ва ўмовах вайны, якая суправаджалася вялікімі людскімі стратамі і вострым эканамічным крызісам, яны асабліва абвастрыліся.
На пачатку 1917 г. у гарадах Расійскай імперыі значна ўзрастае рабочы рух, які вылучае палітычныя лозунгі, галоўным з якіх становіцца “Далоў самадзяржаўе!” 23-28 лютага 1917 г. усеагульная палітычная забастоўка ў Петраградзе, да якой далучыліся сканцэнтраваныя там войскі, прывяла да звяржэння царскага ўрада. Гэтая падзея атрымала назву Лютаўская рэвалюцыя. 2 сакавіка 1917 г. цар Мікалай ІІ адрокся ад трона.
У выніку рэвалюцыі ў Петраградзе ўзніклі новыя органы ўлады: Часовы ўрад, які складаўся пераважна з прадстаўнікоў ліберальнай апазіцыі ў Дзяржаўнай думе, на чале з Г. Львовым і Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які складаўся з выбарных прадстаўнікоў ад рабочых калектываў і вайсковых частак, у яім пераважалі дзеячы левых палітычных партый. Часовы ўрад выступаў у якасці афіцыйнай улады. Аднак рэальнае ажыццяўленне ім улады было магчымае толькі дзякуючы падтрымцы Петрагарадскага Савета. Апошні прызнаў Часовы ўрад, аднак у той жа час кантраляваў яго дзейнасць, ставячы падтрымку ўрада ў залежнасць ад выканання шэрагу ўмоў. Такая сітуацыя атрымала назву двоеўладдзя.
У сакавіку 1917 г. царская адміністрацыя была ліквідавана ва ўсіх рэгіёнах Расійскай імперыі пры падтрымцы абсалютнай большасці насельніцтва. Ва ўсіх буйных гарадах прайшлі мітынгі і дэманстрацыі ў падтрымку рэвалюцыі, распускаліся органы царскай улады, раззбройваліся паліцыя і жандармерыя, вызваляліся палітычныя вязні.
У выніку рэвалюцыйных падзей у губернскіх і павятовых цэнтрах склаліся новыя органы ўлады па аналогіі з тымі, што ўзніклі ў Петраградзе – грамадскія камітэты парадку і Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Грамадскія камітэты парадку фарміраваліся з дзеячоў земстваў і гарадскіх дум, а таксама прадстаўнікоў ад Саветаў. На чале іх станавіліся губернскія і павятовыя камісары, якія прызначаліся Часовым урадам. Саветы ўтвараліся з ліку прадстаўнікоў прадпрыемстваў і вайсковых гарнізонаў. На працягу сакавіка-красавіка 1917 г. на тэрыторыі Беларусі ўтварылася 37 Саветаў. Саветы бачылі сваю галоўную задачу ў арганізацыі рабочых, салдат і сялян, абароне іх эканамічных і палітычных правоў. У розных рэгіёнах адбываліся з’езды Саветаў, якія ўтваралі каардынацыйныя органы. У чэрвені 1917 г. прайшоў І Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў, а ў маі – І Усерасійскі з’езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў, якія абралі адпаведныя цэнтральныя выканаўчыя камітэты. У складзе Саветаў пераважалі прадстаўнікі левых партый (РСДРП, Бунд, ПСР).
Вынікам Лютаўскай рэвалюцыі стала шырокая дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця, якая выяўлялася ў наступных з’явах:
1) Увядзенне свабоды слова, друку, сходаў. Узнікае вялікая колькасць перыядычных выданняў рознага накірунку, бесперашкодна адбываюцца шматлікія палітычныя дэманстрацыі, мітынгі.
2) Свабода дзейнасці палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Масавымі становяцца партыі кадэтаў, ПСР, РСДРП, Бунд. У той жа час страчваюць уплыў манархічныя партыі; многія з іх распускаюцца.
3) Ліквідацыя ўсіх саслоўных, нацыянальных і рэлігійных абмежаванняў. На тэрыторыі Беларусі былі адменены дыскрымінацыйныя законы ў адносінах да каталіцкага насельніцтва, ліквідавана мяжа яўрэйскай аседласці.
4) Дэмакратызацыя войска. Вайскоўцы атрымалі ўсе палітычныя і грамадзянскія правы нароўні з цывільнымі жыхарамі; дазвалялася дзейнасць палітычных партый і грамадскіх арганізацый у войску; адмяняліся ваенныя чыны і званні; ліквідавалася адзінаначалле і ўводзілася салдацкае самакіраванне, органамі якога станавіліся выбарныя салдацкія камітэты. У красавіку 1917 г. адбыўся у Мінску І з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту, які абраў каардынацыйны орган – Франтавы камітэт.
5) Арганізацыя прафесійных саюзаў рабочых і служачых, легалізацыя забастовак і стачак, стварэнне фабрычна-заводскіх камітэтаў на прамысловых прадпрыемствах. Рабочыя, аб’яднаныя ў прафсаюзы, пасля рэвалюцыі выстаўлялі патрабаванні аб паляпшэнні свайго эканамічнага становішча, скарачэнні працоўнага дня, павелічэнні зарплаты і г.д. Наймальнікі, як правіла, задавальнялі патрабаванні прафсаюзаў і Саветаў. Фабрычна-заводскія камітэты, якія складаліся з выбарных прадстаўнікоў працоўных на канкрэтных прадпрыемствах, змагаліся за ўдзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і ў некаторых выпадках уводзілі рабочы кантроль над вытворчасцю.
6) Увядзенне элементаў самакіравання ў вёсцы. Пасля рэвалюцыі быў ліквідаваны інстытут земскіх начальнікаў; ствараліся сялянскія камітэты і Саветы сялянскіх дэпутатаў. У красавіку-маі 1917 г. прайшлі губернскія з’езды сялянскіх дэпутатаў, на дзейнасць якіх вялікі ўплыў мела ПСР.
7) Адмена смяротнага пакарання на фронце і ў тыле; амністыя ўсіх палітычных зняволеных.
Ва ўмовах усеагульнай дэмакратызацыі адбываецца абуджэнне беларускага нацыянальнага руху. Узнікае шмат нацыянальных арганізацый, гурткоў і суполак са сваімі перыядычнымі выданнямі як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Петраградзе, Маскве, іншых гарадах, дзе знаходзіліся бежанцы, рабочыя і салдаты з Беларусі. У сакавіку 1917 г. аднавіла сваю дзейнасць Беларуская Сацыялістычная Грамада, узнікаюць партыі ліберальнай скіраванасці – Беларуская партыя народных сацыялістаў (БПНС), Хрысціянска-дэмакратычная злучнасць (ХДЗ). 25-27 сакавіка 1917 г. у Мінску адбыўся з’езд прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацый, у якім удзельнічала каля 150 чалавек. На з’ездзе быў створаны спецыяльны орган – Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) на чале з лідэрам БПНС, былым аўтанамістам памешчыкам Раманам Скірмунтам. Камітэту даручалася дамагацца дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расійскай федэрацыі і адкрыцця беларускамоўных школ. Аднак Часовы ўрад адмовіўся разглядаць патрабаванні БНК. Амаль усе расійскія палітычныя сілы адмаўляліся прызнаваць факт самастойнага існавання беларускай нацыі.
Памяркоўныя пазіцыі кіраўніцтва БНК выклікалі незадаволенасць з боку БСГ, якая выступала за шырокія дэмакратычныя свабоды, дзяржаўную аўтаномію Беларусі, перадачу ўсёй памешчыцкай і дзяржаўнай зямлі сялянам, развіццё беларускай культуры і г.д. Пад яе уплывам прайшоў з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый у ліпені 1917 г., які на змену БНК утварыў Цэнтральную раду беларускіх нацыянальных партый і арганізацый (з кастрычніка 1917 г. – Вялікая Беларуская рада), у склад якой уваходзілі толькі прадстаўнікі левых беларускіх арганізацый на чале з адным з лідэраў БСГ Язэпам Лёсікам. Восенню 1917 г. ствараліся беларускія арганізацыі ў войску. Для каардынацыі іх дзейнасці ў кастрычніку 1917 г. ўтварылася Цэнтральная вайсковая беларуская рада (ЦВБР). Да восені 1917 г. у склад БСГ уваходзіла каля 10 тыс., а ў склад усіх беларускіх нацыянальных арганізацый каля 23 тыс. чалавек. Аднак уплыў беларускага нацыянальнага руху на шырокія народныя масы заставаўся ў цэлым на нізкім узроўні.
Нягледзячы на сур’ёзныя змены, якія адбыліся ў грамадскім жыцці ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі, галоўныя сацыяльныя праблемы заставаліся нявырашанымі. Такія пытанні як вызначэнне асноў дзяржаўна-палітычнага і прававога ладу, узаемаадносіны паміж цэнтрам і рэгіёнамі, аўтаноміі нацыянальных ускраін, адносіны ў аграрнай сферы, увядзенне рабочага заканадаўства і г.д., паводле пазіцыі Часовага ўрада, якую ў цэлым падзяляла кіраўніцтва Саветаў, павінен быў вырашыць Устаноўчы сход – усерасійскі парламенцкі орган, выбраны на дэмакратычных прынцыпах, для прыняцця дзяржаўнай канстытуцыі. Аднак выбары ў яго пастаянна адкладваліся. Працягвалася вядзенне вайны: новыя ўлады сцвярджалі, што пасля рэвалюцыі яе характар карэнным чынам змяніўся – яна пераўтварылася ў рэвалюцыйную вайну супраць германскай манархіі. Працягваў паглыбляцца эканамічны крызіс, які прыняў разбуральныя формы.
Усё гэта прывяло да хуткага росту незадаволенасці грамадства дзейнасцю Часовага ўрада, садзейнічала зніжэнню папулярнасці ліберальных партый. У войску імкліва нарасталі антываенныя настроі, масавым стала дэзерцірства, абвастрыліся адносіны паміж салдатамі і афіцэрамі. У дадзеных умовах дзейнасць Часовага ўрада была вельмі нестабільнай, суправаджалася шматлікімі крызісамі. У чэрвені 1917 г. у яго склад увайшлі шэраг прадстаўнікоў Петраградскага Савета, у выніку чаго Часовы ўрад стаў уяўляць з сябе кааліцыю ліберальных і левых партый. У ліпені 1917 г. на чале кааліцыйнага ўрада стаў прадстаўнік ПСР А.Ф. Керанскі. Аднак дадзеныя мерапрыемствы не здолелі спыніць эканамічны і палітычны крызіс у дзяржаве і абумовілі далейшае развіццё рэвалюцыйных падзей.
Такім чынам, Лютаўская рэвалюцыя ў хуткія тэрміны ліквідавала манархічную сістэму дзяржаўнай улады ў Расійскай імперыі. Яна садзейнічала імклівай дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця, развіццю беларускага нацыянальнага руху. Аднак працяг удзелу Расіі ў Першай сусветнай вайне, адкладванне вырашэння асноўных сацыяльных праблем, паглыбленне эканамічнага крызісу абумовілі крызіс новых інстытутаў улады і абвастрэнне грамадскіх супярэчнасцяў.
16.3. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. у Беларусі і яе вынікі.
Летам – восенню 1917 г. землі Беларусі, як і ў цэлым Расійскай дзяржавы, знаходзіліся ў стане глыбокага сацыяльна-эканамічнага і сацыяльна-палітычнага крызісу. Працягваўся спад вытворчасці ва ўсіх галінах эканомікі; пагаршалася матэрыяльнае становішча насельніцтва. Адзнакай крызісу стаў хуткі рост рабочага і сялянскага руху. Паглыбляліся працэсы разлажэння войска.
Сацыяльна-палітычныя сілы ў гэты час падзяляліся на тры блокі:
1) Правацэнтрысцкі блок утваралі кансерватыўныя і ліберальныя арганізацыі, буйнейшай з якіх з’яўлялася партыя кадэтаў. Прадстаўнікі дадзенага блоку выступалі супраць далейшага развіцця рэвалюцыі, за ўстанаўленне моцнай дзяржаўнай улады, захаванне Расійскай імперыі як унітарнай дзяржавы. Правядзенне сацыяльна-эканамічных рэформ дакускалася толькі пры захаванні асноў існуючага грамадскага ладу. Лічыўся неабходным працяг вядзення вайны. Дадзены блок падтрымлівалі пераважна дваранства, гандлёва-прамысловая буржуазія, вышэйшы камандны састаў войска, частка інтэлігенцыі.
2) Левацэнтрысцкі блок утваралі партыі і арганізацыі сацыялістычнага кірунку: ПСР, РСДРП, Бунд, БСГ і г.д. Прадстаўнікі дадзенага блоку лічылі сваімі галоўнымі задачамі ўстанаўленне парламенцкай дэмакратыі, пераўтварэнне Расійскай імперыі ў дэмакратычную федэрацыю, правядзенне аграрнай рэформы шляхам сацыялізацыі (абагульнення) або нацыяналізацыі (адзяржаўлення) зямлі і яе размеркавання паміж асобнымі сялянскімі дварамі, забеспячэнне саўдзелу рабочых у кіраванні вытворчасцю і паляпшэнне іх матэрыяльнага становішча. Вырашэнне гэтых задач дапускалася толькі прававымі сродкамі праз Устаноўчы сход. Дэкларавалася неабходнасць завяршэння вайны шляхам дэмакратычнага міру паміж усімі ваюючымі бакамі; аднак нязгода на такі крок з боку краін Чацвярнога саюзу абумоўлівала неабходнасць працягу супраць іх “рэвалюцыйнай” вайны. Дадзены блок падтрымлівалі значная частка сялянства, рабочых і служычых, сярэднія слаі гарадскога насельніцтва, частка інтэлігенцыі.
3) Леварадыкальны блок утваралі бальшавікі – фракцыя ўнутры РСДРП, якая ў 1917 г. канчаткова вылучылася ў самастойную партыю (з 1918 г. – Расійская Камуністычная партыя (бальшавікоў), левыя эсэры, якія ў канцы 1917 г. стварылі самастойную Партыю левых сацыялістаў-рэвалюцыянераў, а таксама анархісты, эсэры-максімалісты і інш. Прадстаўнікі дадзенага блоку лічылі неабходным ажыццяўленне новай рэвалюцыі, якая б стварыла падмурак для пераходу да сацыялістычнага грамадства. Уся ўлада павінна была перайсці да Саветаў, на якія ўскладалася задача правядзення карэнных пераўтварэнняў грамадскага ладу: сацыялізацыя або нацыяналізацыя зямлі, нацыяналізацыя буйной прамысловасці і фінансава-крэдытнай сістэмы, увядзенне рабочага кантролю над вытворчасцю і г.д. Роля Устаноўчага сходу ў фарміраванні новай сацыяльна-палітычнай сістэмы дапускалася толькі пры ўмове прызнання ўлады Саветаў. Левыя радыкалы выступалі за неадкладнае спыненне вайны і заключэнне міру паміж ваюючымі дзяржавамі. Дадзены блок падтрымлівалі пераважна салдаты і радыкальна настроеная частка рабочых, служачых і бяднейшага сялянства.
Сацыяльна-палітычная сітуацыя ў дадзены перыяд была вельмі нестабільнай. 3-5 ліпеня 1917 г. радыкальна настроеныя салдаты і рабочыя Петраграда спрабавалі скінуць Часовы ўрад і абвясціць уладу Саветаў, аднак пацярпелі паражэнне. Напрыканцы жніўня 1917 г. адбыўся ваенны мяцеж правых сіл на чале з Л.Карнілавым. Мяцеж быў задушаны Часовым урадам пры падтрымцы леварадыкальных сіл. У дадзеных умовах настроі рабочых і салдацкіх мас значна пахіснуліся “ўлева”. На перавыбарах у Саветы ў верасні 1917 г. у буйных прамысловых цэнтрах і большасці вайсковых гарнізонаў перавагу атрымалі бальшавікі і левыя эсэры.
24-25 кастрычніка 1917 г. створаны Петрагарадскім Саветам Ваенна-рэвалюцыйны камітэт з дапамогай петраградскіх салдат і маракоў Балтыйскага флота ўзняў узброенае паўстанне, у выніку якога быў скінуты Часовы ўрад. У той жа час ІІ Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які праходзіў 25-27 кастрычніка 1917 г. абвясціў пераход усёй улады да Саветаў. Быў створаны новы ўрад – Савет народных камісараў (СНК), які ўяўляў з сябе кааліцыю бальшавікоў і левых эсэраў на чале з лідэрам бальшавікоў У.І. Леніным. Дадзеныя падзеі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пераход улады да Саветаў у Петраградзе выклікаў аналагічныя падзеі і ў рэгіёнах, у тым ліку і ў Беларусі. Галоўную ролю ва ўстанаўленні Савецкай улады адыгралі ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, створаныя з прадстаўнікоў леварадыкальных сіл, якія абапіраліся на ўзброеную сілу рэвалюцыйных салдат. 2 лістапада 1917 г. была ўсталявана ўлада Саветаў у Мінску. Там, дзе ў Саветах колькасна пераважалі бальшавікі і левыя эсэры, дзейнасць ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў ініцыіравалася самімі Саветамі (Мінск, часці і злучэнні Заходняга фронту). У тых мясцовасцях, дзе ў Саветах левыя радыкалы знаходзіліся ў меншасці, ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, абапіраючыся на ўзброеную падтрымку, дамагаліся перавыбараў у Саветы пад іх непасрэдным кантролем, у выніку чаго ў новых Саветах перавагу атрымлівалі бальшавікі і левыя эсэры, якія абвяшчалі пераход улады да Саветаў (Магілёў, Віцебск, Гомель). На працягу лістапада 1917 – лютага 1918 гг. Савецкая ўлада была ўстаноўлена ва ўсіх губернях, паветах і валасцях цэнтральнай і ўсходняй Беларусі.
На тэрыторыі Мінскай губерні і Заходняга фронту выканаўчая ўлада належала Аблвыканкамзаху (Абласному выканаўчаму камітэту Заходняй вобласці і фронту); у Віцебскай і Магілёўскай губернях – адпаведным выканкамам пры губернскіх Саветах. Ранейшыя органы мясцовай улады – земствы і гарадскія думы – былі ліквідаваны. Была знішчана старая судовая сістэма, на месца якой ствараліся рэвалюцыйныя трыбуналы.
12-19 лістапада 1917 г. адбыліся выбары ва Ўстаноўчы сход Расійскай Рэспублікі шляхам усеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасавання. На тэрыторыі Беларусі большасць галасоў выбаршчыкаў атрымалі бальшавікі і левыя эсэры, галоўным чынам, дзякуючы знаходжанню тут вялікай колькасці радыкальна настроеных салдат Заходняга фронту. Аднак у цэлым большасць дэпутацкіх месцаў ва Ўстаноўчым сходзе атрымалі прадстаўнікі ПСР. 5 студзеня 1918 г. на сваім першым пасяджэнні Ўстаноўчы сход адмовіўся прызнаваць Савецкую ўладу, што выклікала яго хуткі разгон. Гэтыя падзеі выклікалі вострую палітычную канфрантацыю ў расійскім грамадстве. У 1918 г. у Расіі пачалася грамадзянская вайна, у ходзе якой супрацьстаянне паміж рознымі грамадска-палітычнымі сіламі прыняло ўзброеную форму.
Устанаўленне Савецкай улады суправаджалася звужэннем дэмакратычных свабод у грамадстве: увядзенне цэнзуры, абмежаванні ў правядзенні палітычных сходаў, дыскрымінацыя антыўрадавых партый і арганізацый. Для барацьбы з антыўрадавымі выступленнямі стваралася Надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (ЧК).
У выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі на тэрыторыі Беларусі былі праведзены наступныя сацыяльныя мерапрыемствы:
1) Зямельная рэформа, праведзеная паводле дэкрэту аб зямлі: была ажыццёўлена нацыяналізацыя зямлі, адменена прыватная ўласнасць; нацыяналізаваная зямля размяркоўвалася паміж сялянскімі дварамі паводле ўраўняльнага прынцыпу. У выніку было ліквідавана памешчыцкае землеўладанне.
2) Увядзенне рабочага кантролю на прамысловых, гандлёвых, банкаўскіх прадпрыемствах.
3) Нацыяналізацыя крэдытна-фінансавай сістэмы і прадпрыемстваў буйной прамысловасці. На тэрыторыі Беларусі да лютага 1918 г. было нацыяналізавана 11 прадпрыемстваў.
4) Пашырэнне рабочага заканадаўства: увядзенне 8-гадзіннага працоўнага дня, сістэмы сацыяльнага страхавання, інспекцый працы для нагляду за ўмовамі працы, біржаў працы для барацьбы з беспрацоўем і г.д.
5) Увядзенне бясплатнага школьнага навучання і медыцынскага абслугоўвання, барацьба з непісьменнасцю.
6) Перасяленне рабочых, што жылі ў падвалах і бараках, у шматкватэрныя дамы, канфіскаваныя ў багацеяў (камунальныя кватэры).
7) Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы; нацыяналізацыя зямельных угоддзяў, грашовых капіталаў і каштоўнай маёмасці, якая належала рэлігійным арганізацыям.
Разам з тым ажыццяўленне пераўтварэнняў ускладнялася адсутнасцю дастатковай колькасці кваліфікаваных кадраў новай улады, паглыбленнем эканамічнага крызісу, ростам злачыннасці. Агульная сітуацыя пагоршылася таксама ў выніку мяцяжу польскага корпусу на чале з генералам Доўбар-Мусніцкім у Мінскай і Магілёўскай губернях у студзені-лютым 1918 г.
Супярэчлівы характар мелі адносіны Савецкай улады да беларускага нацыянальнага руху. З аднаго боку, згодна з Дэкларацыяй правоў народаў Расіі, абвешчанай Савецкім урадам 2 лістапада 1917 г., сцвярджалася права ўсіх народаў на самавызначэнне, аж да аддзялення ад Расіі і стварэння незалежных дзяржаў (у адпаведнасці з ім Савецкая Расія прызнала незалежнасць Фінляндыі). З другога боку, на тэрыторыі самой Беларусі новая ўлада ажыццяўлялася пераважна вайсковымі прадстаўнікамі, што паходзілі з розных рэгіёнаў Расійскай імперыі (К. Ландар, А. Мяснікоў, В. Кнорын), якія лічылі беларускае нацыянальнае пытанне штучным, а факт існавання самастойнай беларускай нацыі – сумніўным.
Дзеячы беларускага нацыянальнага руху пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі настойвалі на стварэнні дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі. Са згоды Савецкага ўрада 14-17 снежня 1917 г. быў праведзены ў Мінску Ўсебеларускі з’езд. Галоўную ролю ў яго арганізацыі адыгралі Вялікая беларуская рада і Беларускі абласны камітэт, створаны ў Петраградзе пры Ўсерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў, што падтрымліваў пераважна левых эсэраў. У з’ездзе ўдзельнічалі 1872 дэлегаты, сярод якіх былі прадстаўнікі ад Саветаў, земстваў, зямельных камітэтаў, беларускіх нацыянальных арганізацый. Большасць дэлегатаў з’езда выступілі за дзяржаўную аўтаномію Беларусі і стварэнне органа краёвай улады ў выглядзе Ўсебеларускага Савета сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў да склікання Ўсебеларускага Ўстаноўчага сходу. У адказ Аблвыканкамзах у ноч з 17 на 18 снежня 1917 г. разагнаў з’езд. Абраная з’ездам Рада і яго рабочы орган – Выканаўчы камітэт Рады з’езда працягвалі дзейнічаць у нелегальных умовах.
У беларускім нацыянальным руху пасля разгону з’езда адбылося палітычнае размежаванне. Нацыянальныя арганізацыі ў расійскіх гарадах, у першую чаргу ў Петраградзе, працягвалі арыентавацца на Савецкі ўрад. Іх цэнтрамі з’яўляліся Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, утвораная на аснове Петраградскай арганізацыі БСГ (потым далучылася да бальшавіцкай партыі), і Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) на чале з Аляксандрам Чарвяковым, створаны 31 студзеня 1918 г. пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей Савецкага ўрада. У той жа час нацыянальныя арганізацыі ў самой Беларусі на чале з БСГ, якія адыгрывалі кіруючую ролю Радзе і Выканаўчым камітэце Усебеларускага з’езда, лічылі магчымым дасягненне дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі толькі пры супрацьдзеянні Савецкай уладзе.
Такім чынам, у выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі на тэрыторыі Беларусі была ўстаноўлена новая сістэма ўлады, аснову якой складалі Саветы і створаныя пры іх выканаўчыя камітэты, у якіх пераважалі прадстаўнікі агульнарасійскіх леварадыкальных партый. Дадзеная ўлада абапіралася перадусім на салдат і радыкальна настроеных рабочых і ажыццявіла істотныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, накіраваныя на вырашэнне карэнных грамадскіх праблем. У ацэнцы характару рэвалюцыі сярод гісторыкаў існуюць розныя падыходы:
1) сацыялістычная рэвалюцыя: адбыліся пераўтварэнні, накіраваныя на пераход ад капіталізму да сацыялізму (панаванне дзяржаўнай уласнасці, грамадскі кантроль за вытворчасцю, ураўнаванне матэрыяльнага становішча розных слаёў насельніцтва);
2) буржуазная рэвалюцыя: адбыліся пераўтварэнні, накіраваныя перадусім на ліквідацыю перашкод для капіталістычнай мадэрнізацыі грамадства – ліквідацыя памешчыцкага землеўладання, змяншэнне сялянскага малазямелля і г.д.; дзяржаўная ўласнасць пры гэтым разглядаецца як адзін з відаў уласнасці індустрыяльнага капіталістычнага грамадства, пры якім захоўваюцца характэрныя для яго вытворчыя адносіны паміж кіруючай адміністрацыяй і рабочымі;
3) рэвалюцыя, якая абумовіла спецыфічны “ўсходні” варыянт мадэрнізацыі грамадства з уласцівымі для яго панаваннем дзяржаўнай уласнасці і моцным кантролем органаў дзяржаўнай улады над рознымі сферамі сацыяльна-эканамічнага жыцця.
Асноўныя паняцці:
Першая сусветная вайна, Антанта, Чацвярны саюз, бежанства, Обер-Ост, Беларускі народны камітэт, Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага, Лютаўская рэвалюцыя, Часовы ўрад, Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, двоеўладдзе, грамадскія камітэты парадку, дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця, салдацкія камітэты, прафсаюзы, фабрычна-заводскія камітэты, рабочы кантроль, Беларускі нацыянальны камітэт, Вялікая беларуская рада, Цэнтральная вайсковая беларуская рада, сацыялізацыя, нацыяналізацыя, Расійская камуністычная партыя (бальшавікоў), Партыя левых сацыялістаў-рэвалюцыянераў, карнілаўскі мяцеж, Кастрычніцкая рэвалюцыя, Савет народных камісараў, Аблвыканкамзах, Устаноўчы сход, ЧК, дэкрэт аб зямлі, Усебеларускі з’езд, Беларускі абласны камітэт, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, Беларускі нацыянальны камісарыят, Рада і Выканаўчы камітэт Усебеларускага з’езда.
Кантрольныя пытанні і заданні:
-
Вызначце асноўныя прычыны Першай сусветнай вайны. Якія ў ёй удзельнічалі ваенна-палітычныя блокі?
-
Калі тэрыторыя Беларусі становіцца тэатрам ваенных падзей Першай сусветнай вайны? Якая частка Беларусі была занята германскімі войскамі?
-
Якія палітычныя і эканамічныя мерапрыемствы праводзіліся царызмам на тэрыторыі Беларусі падчас Першай сусветнай вайны?
-
Растлумачце прычыны эканамічнага крызісу, які пачаўся падчас Першай сусветнай вайны? Якія можна вылучыць прыкметы дадзенага крызісу?
-
Які ўплыў на грамадскае жыццё цэнтральнай і ўсходняй Беларусі мела бежанства з заходніх тэрыторый?
-
Якім чынам змяняліся настроі грамадства ў адносінах да вайны? Падумайце, чым тлумачацца такія змены?
-
Растлумачце, чаму ва ўмовах ўздыму рабочага і рэвалюцыйнага руху ў Расійскай імперыі напярэдадні Лютаўскай рэвалюцыі, на тэрыторыі Беларусі ён амаль зусім адсутнічаў?
-
Якія спецыфічныя рысы мела палітыка германскіх улад у заходняй частцы Беларусі?
-
Параўнайце ўмовы дзейнасці беларускага нацыянальнага руху на тэрыторыях, падкантрольных расійскім і германскім уладам?
-
Якія вынікі прынесла Беларусі Першая сусветная вайна?
-
Якім чынам адбывалася Лютаўская рэвалюцыя на тэрыторыі Беларусі? Паспрабуйце растлумачыць, чаму рэвалюцыя мела пераважна мірны характар і амаль не сустрэла супраціўлення з боку старой улады?
-
Якія новыя органы ўлады ўзніклі на тэрыторыі Беларусі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі? Што такое двоеўладдзе?
-
Назавіце асноўныя накірункі дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця пасля Лютаўскай рэвалюцыі?
-
Якія новыя формы грамадскіх арганізацый узніклі на тэрыторыі Беларусі і на Заходнім фронце пасля Лютаўскай рэвалюцыі?
-
Дайце характарыстыку дзейнасці беларускага нацыянальнага руху пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Якія ў яго межах дзейнічалі партыі і арганізацыі?
-
Які характар мела стаўленне да беларускага нацыянальнага руху з боку расійскіх палітычных эліт у 1917 г.? Наколькі рэальнымі былі ў дадзеных умовах надзеі на рэалізацыю беларускай дзяржаўнасці?
-
Якія асноўныя сацыяльна-палітычныя блокі дзейнічалі ў палітычным жыцці Беларусі ў 1917 г.? Якія сацыяльныя сілы іх пераважна падтрымлівалі?
-
Якія падзеі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай Кастрычніцкай рэвалюцыі? Якім чынам Кастрычніцкая рэвалюцыя перамагла на тэрыторыі Беларусі?
-
Падумайце, якія фактары абумовілі хуткую перамогу леварадыкальных палітычных сіл напрыканцы 1917 г.? На якія сацыяльныя групы абапіралася Савецкая ўлада?
-
Якім чынам адбывалася перабудова сістэмы ўлады на тэрыторыі Беларусі ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі?
-
Ахарактарызуйце вынікі выбараў і дзейнасць Устаноўчага сходу. Падумайце, чаму, нягледзячы на перамогу на выбарах левацэнтрысцкіх сіл, ім не ўдалося замацаваць за сабой уладу?
-
Якія сацыяльна-эканамічныя мерапрыемствы былі праведзены Савецкай уладай у Беларусі ў кастрычніку 1917 – лютым 1918 гг.?
-
Растлумачце сутнасць праводзімай Савецкім урадам зямельнай рэформы паводле дэкрэта аб зямлі.
-
Які характар мела стаўленне Савецкай улады да беларускага нацыянальнага руху?
-
Калі адбыўся Ўсебеларускі з’езд? Якія ён прыняў рашэнні? У чым прычыны яго разгону?
-
Якія плыні ўтварыліся ў межах беларускага нацыянальнага руху пасля разгону Ўсебеларускага з’езду? Якім было іх стаўленне да Савецкай улады?
-
Якія Вам вядомыя гістарычныя канцэпцыі, якія тлумачаць характар Кастрычніцкай рэвалюцыі? Якая з іх падаецца Вам найбольш слушнай?
-
Падумайце, ці былі якія-небудзь рэальныя гістарычныя альтэрнатывы Кастрычніцкай рэвалюцыі ва ўмовах 1917-1918 гг.? Растлумачце сваю пазіцыю.
Достарыңызбен бөлісу: |