– будзеш вучыцца. Справіўся: вучыўся старанна і ў наступныя гады, хоць умовы да таго былі не надта спрыяльныя, паколькі залішне рытарычным быў тым часам лад жыцця наогул. У сталым узросце ён не часта ўспамінаў «асалоды» свайго дзяцінства. Напрыклад, жудасны голад 1933 г., калі маці даводзілася карміць сям’ю пераважна стравамі з лебяды, маладога лісця ліпы ды бацвіння. Альбо наведванне школы праз дзень. Старшыня мясцовага калгаса Ягор Сяргеевіч Макаёнак ніяк не мог знайсці ахвотнікаў «за так» пасвіць калгасных свіней, таму займаліся гэтым яго сыны Андрэй і Іван напераменку: калі адзін у школе, дык другі – у полі. Галодны пастух, згаладнелыя свінні, якіх нават доўгая пуга не магла адвярнуць ад шкоды... Было ўсяго. Пагрозы сыну «прававернага актывіста» з боку дарослых апазіцыянераў, сутычкі з аднагодкамі... Але былі звычайныя дзіцячыя радасці і захапленні. Перш за ўсё кнігамі, якія адкрывалі іншы свет, абуджалі пачуццё прыгожага, жывілі прагу творчасці. А. Макаёнак сур’ёзна захапляўся маляваннем і разьбой па дрэве, у дадатак да ўсяго марыў аб прафесіі акцёра. Пасля заканчэння ў 1938 г. Журавіцкай сярэдняй школы паступаць паехаў у ваеннае вучылішча, у якім не прыжыўся: вольналюбівы, незалежны характар юнака ўступіў у супярэчнасць з казарменнай застыгласцю, татальнай рэгламентаванасцю побыту курсантаў. Таму – узбунтаваўся, нагрубіў свайму непасрэднаму начальніку. Гэты бунт мог бы скончыцца трыбуналам, але паколькі прысяга яшчэ прынятай не была, камандаванне вырашыла адпусціць яго дадому. Праз год паступаць ездзіў у Маскву – ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. І на гэты раз спроба аказалася беспаспяховай. Праўда, вяртаючы дакументы, запрасілі паступаць яшчэ раз – на наступны год. Але тут якраз падаспеў новы ўказ, паводле якога юнакі з закончанай сярэдняй адукацыяй мусілі прызывацца ў войска на год раней звычайнага. Так была адкрыта новая старонка – бадай самая трагічная – з багатага жыццяпісу А. Макаёнка.
Службу сваю ён пачаў на Каўказе, у Грузіі. Баявая падрыхтоўка ў нашай арміі таго часу вялася вельмі сур’ёзна. І хоць А. Макаёнак не быў радавым салдатам, а намеснікам камандзіра роты, але лягчэй ад таго не было: баявая выкладка такая ж, вучэбная праграма – таксама, а ў дадатак трэба было выпускаць паходныя баявыя лісткі, чытаць свежыя газеты і паднімаць дух у чырвонаармейцаў, паказваючы асабісты прыклад бадзёрасці і аптымізму. Далёка не ўсё падабалася маладому палітруку ў сістэме падрыхтоўкі савецкай арміі.
Цяжкім, трагічным шляхам прыходзіла гэта разуменне. Праўда, дывізія, у якой служыў А. Макаёнак, у першыя дні вайны ў баях з немцамі не ўдзельнічала: перад ёй была пастаўлена задача ўвайсці ў Іран, каб папярэдзіць уварванне туды армадаў вермахта. I толькі ў самым канцы 1941 г. з Ірана яна была перакінута на Крымскі паўвостраў для ўдзелу ў славутым Керчанска-Феадасійскім дэсанце. Амаль паўгода ўдзельнічаў А. Макаёнак ў жорсткіх, крывавых баях. 10 красавіка 1942 г. атрымаў надзвычай цяжкае раненне абедзвюх ног. Урачы памылкова дыягназавалі гангрэну. I можна зразумець горкую ганарлівасць у голасе драматурга, які падкрэсліваў у пасляваенны час, што стаіць на сваіх нагах, што ходзіць сваімі нагамі: ад ампутацыі ён «адбіўся» пры дапамозе трафейнага парабелума. Для біёграфаў, даследчыкаў творчасці драматурга і раненне, і трагічна-кур’ёзнае ратаванне ног ад хірургічнай пілы – толькі эпізод, толькі факт у шэрагу іншых. Для самога ж А. Макаёнка палата франтавога шпіталя стала ці не галоўным жыццёвым універсітэтам. Адтуль ён вынес некалькі важнейшых урокаў, якія, па сутнасці, і зрабілі яго драматургам пасіянарнага тыпу. Па-першае, ён зразумеў ролю барацьбы. Па-другое, яму адкрылася ісціна, што ў жыцці не бывае цалкам безнадзейных сітуацый. Па-трэцяе, ён усвядоміў, што жыццё чалавека – найкаштоўнейшы дар прыроды. А самым важным было адкрыццё сілы слова: менавіта «Энеіда» I. Катлярэўскага дапамагла хоць на нейкі час пазбыцца ад д’ябльскага болю ў параненых нагах. Зрэшты, крышку раней – 27 чэрвеня 1941 г. А. Макаёнак занатаваў у сваім дзённіку наступнае: Гітлер раней за іншых адчуў сілу машыны, сілу тэхнікі. Ён адчуў усепераможную сілу машыны... Мы ж гэтага не адчулі... Ведалі, што машына дапамагае перамагаць, а аказваецца – машына перамагае, а людзі дапамагаюць».
Думаецца, да гэтай высновы прыйшоў не так А. Макаёнак-палітрук, як А. Макаёнак-пісьменнік, хоць у грозным 1941 г. мяжу паміж згаданымі іпастасямі правесці было дастаткова цяжка. Як бы там ні было, а палітрук А. Макаёнак вёў два дзённікі: адзін агульнагістарычнага, «летапіснага» плана, а другі – чыста літаратурны. I па тым, як ён іх захоўваў у складаных умовах франтавых будняў, можна меркаваць аб сур’ёзнасці літаратурных намераў юнака. І як бы скептычна ні ставіліся мы да паняццяў прадвызначанасці, наканавання планіды, усё ж цяжка пазбавіцца ад уражання, што А. Макаёнка на літаратурны Алімп вёў сам лёс. Прычым вёў пакручастымі сцежкамі над прорвамі, смяротнае прыцягненне якіх будучы драматург адчуў на сабе неаднойчы. Да прыкладу, у яго не было практычна ніякіх шанцаў застацца жывым у Крымскім дэсанце. Але здарылася неверагодная ўдача: непадалёк ад шпіталя, дзе пакутваў А. Макаёнак, прызямліўся – дзеля дазапраўкі – самалёт, які вывозіў з варожага тылу параненага камандзіра партызанскага атрада. У ім знайшлі месца і для незгаворлівага палітрука. Як кажуць, трэба было жыць чалавеку, таму і вытрымаў ён усё: і найцяжэйшыя раненні, і шматлікія хірургічныя аперацыі, якія рабілі яму без наркозу падчас пяцімесячнага лячэння ў шпіталях Краснадара, Баку, Нахічэвані і Тбілісі. Трэба было яму выжыць, каб здзейсніць свой грамадзянскі і мастакоўскі подзвіг.
На фронт больш А. Макаёнак не трапіў, хоць рваўся туды ўсімі сіламі: неўзабаве пасля выпіскі са шпіталя раны зноў адкрыліся, таму дэмабілізацыя зрабілася непазбежнай. Не без цяжкасці знайшоў месца выкладчыка ваеннай справы ў вёсцы Акаурты, якая прытулілася ў нешырокай даліне непадалёк ад славутага грузінскага горада Горы, але населена была пераважна азербайджанцамі. Другі раз у жыццё А. Макаёнка ўвайшоў Каўказ. Дапытлівы юнак нават ва ўмовах гарнізоннага, армейскага «стаяння» здолеў спасцігнуць многія асаблівасці гэтага краю; зараз жа яму прадставілася магчымасць разгледзець духоўны воблік горца праз штодзённы побыт. На гэтым фоне ён і сябе змог убачыць як бы збоку. I не старонне, а зацікаўлена, дапытліва. Лічыцца, што настальгія – пачуццё разбуральнае, паколькі моцна знясільвае, падточвае здароўе чалавека. Але для А. Макаёнка яна стала дзейсным каталізатарам, які паскорыў працэс яго нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Дарагога варты былі гэтыя пакутліва-доўгія месяцы шчымлівага чакання вызвалення Беларусі, роднай Рагачоўшчыны: пазней драматург прызнаваўся, што менавіта ў той час яго грамадзянскі светапогляд набыў зусім пэўную акрэсленасць.
У студзені 1944 г. А. Макаёнак вярнуўся дадому. Перапоўнены самымі супярэчлівымі пачуццямі – шчымлівай горычы, часам адчаю (усё ж разбіта, зруйнавана, бацька расстраляны фашыстамі), замілаванай радасці ўперамежку з трывогай (сам застаўся жывы, родныя мясціны вызвалены, а вайна яшчэ не закончана) – пачаў аджываць, абжывацца сярод мілых сэрцу землякоў. Спачатку працаваў у Журавіцкай школе ваенруком, потым быў абраны сакратаром мясцовага райкома камсамола. I наступныя тры гады лёс непрадказальна і рашуча блытаў жыццёвыя дарогі будучага драматурга: слухач курсаў прапагандыстаў пры ЦК КПБ (снежань 1944 – студзень 1945 гг.), сакратар Гродзенскага гаркома камсамола (люты – жнівень 1945 г.), загадчык парткабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (жнівень 1945 – чэрвень 1946 гг.), памочнік першага сакратара Журавіцкага райкома партыі (чэрвень – верасень 1946 г.). Усе гэтыя перамяшчэнні выклікаліся аб’ектыўнымі, часам нават трагічнымі акалічнасцямі, тым большую трывогу нараджала гэта ў душы маладога, але ўжо загартаванага вайной чалавека, якому не вельмі падабалася перспектыва стаць бязвольнай цацкай у руках сляпога лёсу. Ён добра ўсведамляў, што без сістэматычнай адукацыі стаць сапраўдным пісьменнікам немагчыма. Менавіта гэтым тлумачыцца настойлівасць, з якой дабіваўся ён здзяйснення сваіх навучальных планаў. І толькі ў сярэдзіне верасня 1947 г., калі заняткі ўжо ішлі поўным ходам, ён з’явіўся ў аўдыторыях Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ.
Два гады навучання ў РПШ А. Макаёнак выкарыстаў вельмі плённа. Вялікі аб’ём праграмных заданняў не перашкаджаў яму знаёміцца з дадатковай літаратурай, якая патрэбна была яму для ўласнай творчасці. Не ўпускаў ён магчымасці схадзіць у тэатр, перачытаць часопіс з цікавай драматургічнай навінкай. I пісаў шмат, з задавальненнем, хоць з друкаваннем і не спяшаўся, таму да часу заканчэння партыйнай школы і пераходу на сталую працу ў часопіс «Вожык» яго імя ў літаратурным асяродку асаблівай вядомасці не мела. А між тым у творчым актыве А. Макаёнка налічвалася нямала твораў самай рознай жанравай прыналежнасці. У тым ліку – і драматургічных. Яшчэ ў Гродна ён напісаў аднаактавую п’есу «Добра, калі добра канчаецца», адзначаную на рэспубліканскім конкурсе прэміяй і надрукаваную ў «Чырвонай змене» (13 ліпеня 1946). Былі ў яго ўжо і шматактавыя п’есы: «Ворагі» (1947), «Выйгрыш» (1948), «Узыходы шчасця» (1948). Апошняя з іх была адзначана другой прэміяй рэспубліканскага конкурсу на лепшую п’есу, што па практыцы тых гадоў аўтаматычна адкрывала ёй шлях на сцэну. У 1951 г. на сцэне тэатра імя Я. Купалы была пастаўлена драма «На досвітку». Водгукі на твор аказаліся станоўчымі. Без папярэдняга навыку вельмі цяжка было б напісаць наступную п’есу «Выбачайце, калі ласка».
Задума яркай, па-грамадзянску смелай і праўдзівай камедыі трывожыла А. Макаёнка даўно. Працуючы памочнікам сакратара райкама партыі, на іншых пасадах, яму даводзілася сутыкацца з такімі фактамі і з’явамі, якія выклікалі пачуцці гневу, пратэсту. Многія з іх без асаблівай перапрацоўкі ўвайшлі ў твор. Але было б вялікай памылкай лічыць «Выбачайце, калі ласка!» механічна-факталагічным злепкам або фатаграфічна-бесстароннім адбіткам рэчаіснасці. Якраз жа ў камедыі ўражвае майстэрства менавіта мастацкіх абагульненняў. Прынцыповай удачай і аўтара, і ўсёй тагачаснай драматургіі справядліва лічыцца вобраз Каліберава. Калібераўшчына як сацыяльная з’ява (практыка цынічнага адміністравання ў кіраўніцтве пэўнымі галінамі народнай гаспадаркі, паказуха, прыпіскі, махлярства) існавала даўно, але назыўной стала толькі пасля ідэнтыфікацыі па макаёнкаўскаму архетыпу, па ўзору-партрэту з камедыі «Выбачайце, калі ласка!» Дзеля дасягнення пераканаўчасці гэтага партрэта аўтар не скупіўся на творчую фантазію, нічым сябе не абмяжоўваў і не займаўся самарэдагаваннем. Па-першае, ён рашуча адмовіўся ад схаластычнай дазіроўкі адмоўных і станоўчых рыс у характары героя. Па-другое, ухіліў любую дыскрымінацыю ў адносінах да выяўленчых сродкаў, «забыўшы», што нарматывісты ад афіцыёзнай крытыкі ў штыкі прымалі такія дзейсныя кампаненты мастацкай палітры, як, напрыклад, рэзкае сатырычнае асмяянне, гратэск. Плённае выкарыстанне знайшоў у камедыі мастацкі прыём характарыстыкі галоўнага героя яго духоўным акружэннем (па прынцыпу: які поп, такі і прыход). Вобразы іх абмаляваны скупымі, драматургічна лапідарнымі, але вельмі выразнымі фарбамі. Жонка Антаніна Цімафееўна – амбіцыйная мяшчанка; менавіта яна штодзённа натхняла разжалаванага з высокай сталічнай пасады ў старшыні сельскага райвыканкома Каліберава «націскаць», «закручваць гайкі», «узяць работнічкаў за жабры», прыдумала яму камяні ў печані і легенду кіраўніка, які згарае на рабоце. Муж павінен вярнуцца ў Мінск! На белым кані! Дзеля гэтай мэты ўсе сродкі прыдатныя, дзеля яе здзяйснення не грэх абаперціся на любога памочніка. Нават на хапугу-казнакрада, дырэктара спіртзавода Кузьму Печкурова. Або на ўпаўнаважанага па нарыхтоўках – Моцкіна, вобраз якога з’яўляецца адным з самых яркіх сатырычных тыпаў у беларускай камедыяграфіі. Моцкін – фігура па-свойму маштабная, праўда, сам ён антыгерой з вывернутай мараллю, з антыподнымі параметрамі светабачання, з адпаведнымі крытэрыямі ацэнак людзей, рэчаіснасці, свайго месца ў жыцці. У яго быў абсалютны нюх на чарвяточыну ў душах людзей, а таксама і віртуознае ўменне пакарыстацца гэтым дарам прыроды. Менавіта Моцкіну належала ідэя выйсці ў перадавікі па збожжанарыхтоўках пры дапамозе фікцыі з гарантыйнымі распіскамі, і ён беспамылкова адшукаў хаўруснікаў для здзяйснення афёры. Калі адзін з самых несамавітых персанажаў рымскай міфалогіі Янус меў два абліччы, дык у Моцкіна іх было бясконцае мноства, таму яму і ўдавалася не толькі добра прыстасоўвацца да абставінаў, але і актыўна ўплываць на іх, застаючыся пры гэтым у ценю. Калі афёра ўсё ж лопнула, ён не без падстаў спадзяваўся выйсці сухім з вады.
Актыўным хоць разам з тым і нявольным пасобнікам ашуканцаў выступіў у п’есе старшыня калгаса «Партызан» Ягор Гарошка, вобраз якога – несумненная творчая ўдача А. Макаёнка. Менавіта гэты вобраз – непасрэднае абвінавачванне калібераўшчыне, чыноўніцкаму самадурству, валюнтарызму. Чалавек ён унутрана сумленны, але слабавольны. Адсюль усе яго беды. Усей душой хацелася яму жыць па справядлівасці, рабіць дабро сваім калгаснікам, аднак фактычна здраджвае ім, ідзе на падман дзяржавы, робіцца саўдзельнікам злачынства. Не бачыць выхаду небарака-старшыня, таму так часта і вырываецца з яго грудзей безнадзейнае: «Хоць круць-верць, хоць верць-круць, а...». А ніяк не растлумачыш аднавяскоўцам, чаму з году ў год працадзень застаецца пустым (шкоднасць калібераўшчыны як заганнага стылю кіраўніцтва праяўлялася і ў практыцы перакідвання часткі плана паставак збожжа дзяржаве са слабых гаспадарак на моцныя, чым губілася зацікаўленасць сялян у выніках сваёй працы). Урэшце рэшт герой пераадольвае сваю палахлівасць і паўстае супраць прыгоннікаў у вобліку раённага начальства. Выбар быў зроблены. На карысць народа і пры дапамозе гэтага народа, увасабленнем якога ў творы выступілі брыгадзір Міхальчук і калгасніца Ганна Чыхнюк. У ацэнцы гэтых вобразаў тагачасная крытыка аднадушнай не была. I ўсё ж большасць крытыкаў прызнавалі пераканаўчасць вобразаў, адзначалі, што «Ганна вырастае да вялікага жыццёвага абагульнення, яе вуснамі гаворыць народ, і мы бачым яго магутную сілу, якая змятае са шляху моцкіных, каліберавых і ўсіх тых, хто перашкаджае нашаму руху наперад».
Выкрываючы калібераўшчыну, драматург абапіраўся на парацу пісьменніка М. Горкага – развіваць у сабе ўменне глядзець на мярзотнасць і перажыткі рэчаіснасці з вышыні дасягненняў сучаснасці, зыходзячы з велічы мэт будучага. Гэтая вышыня спатрэбілася яму, каб пазбегнуць памылак сваіх калег па творчасці, не завязнуць у вязьме прыватных праблем. «Выбачайце, калі ласка!» якраз тым і вылучалася на фоне тагачаснай савецкай камедыяграфіі, што асэнсоўвала кардынальнейшыя праблемы рэчаіснасці, звязаныя з усенароднымі жыццёвымі клопатамі, з будучыняй краіны. Драматург пры гэтым не задавальняўся ўсведамленнем, што зло апазнана (нагадаем: рускім пісьменнікам-дэмакратам XIX ст. гэта ўяўлялася дастатковым), таму кожным сваім радком імкнуўся, каб яно было не проста пакарана, а выкарчавана з жыцця. Гэтае аўтарскае імкненне ў спалучэнні з высокімі мастацкімі вартасцямі твора знайшло адпаведны водгук у тэатральным асяроддзі: камедыю «Выбачайце, калі ласка!» паставілі каля 200 тэатраў СССР, зрабіўшы імя яе аўтара сусветна вядомым.
Слава яшчэ і абавязвала. Напэўна ж аўтару было прыемна чытаць пра тое, як пасля аднаго з гастрольных спектакляў купалаўцаў на Міншчыне калгаснікі аднагалосна прагаласавалі змяніць свайго старшыню на Лідзію Ржэцкую, выканаўцу ролі Ганны Чыхнюк. Іншы драматург, магчыма, і задаволіўся б зробленым. А. Макаёнку ж, які глядзеў на сваю працу праз прызму нядаўняй гісторыі, заспакойвацца не выпадала: народ заплаціў у мінулую вайну залішне вялікую цану, вынес нечуваныя пакуты, аддаў на алтар перамогі мільённыя ахвяры, каб мець у мірны час больш шчаслівую долю. Святая справа кожнага пісьменніка зрабіць усё, што ў яго сілах, каб людзі болей не журыліся.
Ён так і назваў сваю наступную камедыю – «Каб людзі не журыліся» (1957). П’еса рыхтавалася да пастаноўкі ў тэатры імя Я. Купалы, адначасова вялася праца ў Брэсцкім і іншых абласных драмтэатрах. Зацікавіліся ёю таксама за межамі Беларусі і нават у асяроддзі беларускай палітычнай эміграцыі. На жаль, апошні факт аказаўся не на карысць твору. Прынамсі, публікацыя камедыі ў мюнхенскай газеце «Бацькаўшчына» з адпаведнымі каментарыямі ў немалой ступені садзейнічала таму, што сцэнічны лёс адной з лепшых сатырычных камедый склаўся вельмі нешчасліва: спектакль купалаўцаў пасля двух-трох паказаў быў зняты, у іншых тэатрах справа да прэм’еры не дайшла.
Пачатак дзеі драматург фіксуе з абсалютнай дакладнасцю – 1 красавіка 1955 г. I гэтую дэталь, калі ўлічыць, што ў творах А. Макаёнка ніколі і нічога выпадковага не было, варта разгледзець як красамоўную падказку чытачу, рэжысёру, гледачу: шукаць дадатковы, падтэкставы сэнс. Да часу напісання п’есы ўрад краіны прыняў шэраг важных пастаноў, закліканых кардынальна палепшыць жыццяздольнасць калгасаў; селяніну стала дыхаць лягчэй. Не бачыць гэтага драматург не мог, тым не менш, не паспяшаўся біць у літаўры. Наадварот, падзейны фон у камедыі надзвычай змрочны, ноткі трывогі пранізваюць нават чыста камічныя сцэны.
Якога толку можна чакаць у гаспадарцы, калі за тры гады ў ёй змянілася чатыры кіраўнікі! Але камедыя «Каб людзі не журыліся» не была б творам, вартым пяра ўдумлівага мастака, калі б у ёй прычыны недахопаў у сельскай гаспадарцы выводзіліся толькі з кадравай чахарды. I зусім не выпадкова аўтар галоўным героем абраў Цімафея Кавальчука: ён, былы дваццаціпяцітысячнік, у 1930 г. арганізоўваў калгас «Вольная праца», а ў красавіку 1955 г., змяніўшы на пасадзе старшыні п’яніцу Самасеева, мог увачавідкі праверыць, наколькі спраўдзіліся тыя абяцанні, якімі завабліваў сялян у хаўрус калектыўнай працы. На жаль, далёка не ўсё атрымалася так, як марылася.
Не цяжка здагадацца, што не канкрэтнаму Кавальчуку адрасуюцца папрокі старога селяніна, праблема ставіцца ў прынцыпе. Для аўтара п’есы не было сумненняў наконт мэтазгоднасці праведзенай у 1930-я гады рэформы сельскай гаспадаркі. Гэта – вялікая справа. Іншая рэч, што не ўсё ў ёй толкам прадумана, узважана, падрыхтавана, таму і людзям жывецца нявесела. Аўтарскія сумненні заключаліся ў тым, ці адэкватныя меры прымала кіраўніцтва дзяржавы дзеля ўхілення недахопаў, ці правільна «завязваліся вузялкі». Яго вельмі трывожыла, што без перабольшання гістарычныя ўрадавыя пастановы аб рэарганізацыі сельскай вытворчасці, прынятыя ў 1953–1956 гг., амаль цалкам ігнаравалі так званы чалавечы фактар. А без гэтага любое новаўвядзенне асуджана на правал. Прынамсі, сваім творам драматург імкнуўся прыцягнуць увагу грамадскасці да незайздроснага стану сельскага працаўніка, вымушанага жыць на ўласнай зямлі ці то госцем, ці то гаспадаром. I выяўляў ён гэтае імкненне з такой палымянасцю і вастрынёй, што выклікаў незадаволенасць пэўнай часткі дзяржаўнага чынавенства. I яны здолелі скараціць п’есе сцэнічнае жыццё да мінімуму, хоць мала тагачасных твораў маглі пахваліцца такой ступенню мастацкай выразнасці, такой грамадзянскай заклапочанасцю ў пастаноўцы сацыяльных праблем, такой насычанасцю гуманістычнага пафасу.
У творчых адносінах камедыя «Каб людзі не журыліся» дэманстравала пэўны рост прафесійнага майстэрства яе аўтара: кожная яе сюжэтная частка добра адшліфавана і «падагнана» адна да другой, вельмі выразная моўная характарыстыка персанажаў. Драматург, у параўнанні з ранейшымі п’есамі, большую ўвагу пачаў надаваць матэрыялу, «спадарожнаму» асноўнаму канфлікту, робячы такім чынам і яго атрыбутыўна важным у дзеянні. Прыкметна вырасла і майстэрства стварэння характарных, каларытных фігур эпізадычнага плана. Гэтыя якасці яшчэ ў большай ступені праявіліся ў камедыі «Лявоніха на арбіце» (1961).
Любімец тэатральнай публікі, А. Макаёнак тым не менш з вялікімі цяжкасцямі прабіваўся на сцэну. Так было на пачатку яго драматургічнай кар’еры, так працягвала заставацца і тады, калі ён зрабіўся ўсеагульна прызнаным мэтрам і аўтарытэтам. I толькі «Лявоніха на арбіце» была ў гэтым сэнсе шчаслівым выключэннем. Толькі яна адна на сваім шляху ў тэатры не сустрэла сур’ёзных рагатак і перашкод. Прэм’ера спектакля ў тэатры імя Я. Купалы і некаторых іншых тэатральных калектывах супала з палётам Ю. Гагарына ў космас, і гэта выклікала ў гледачоў дадатковыя станоўчыя эмоцыі і асацыяцыі. Зрэшты, цікавасць да «Лявоніхі на арбіце» з боку гледачоў заўсёды заставалася самадастатковай. Гэта быў твор, разлічаны на размытую глядацкую аўдыторыю; поліфанічная па танальнасці, шматвектарная па ідэйна-палітычных арыентацыях, камедыя ў аднолькавай ступені цікавіла як высокалобага інтэлектуала, так і прастадушнага мешчаніна, бо ў ёй асэнсоўваліся надзвычай вострыя, надзённыя праблемы савецкай рэчаіснасці пачатку 1960-х гадоў. I асэнсоўваліся без кан’юнктурнай зададзенасці і зашоранасці. Гэту акалічнасць варта падкрэсліць таму, што некаторыя крытыкі менавіта за «Лявоніху на арбіце» спрабавалі абвінаваціць драматурга ў кан’юнктуршчыне. Знешнія падставы для гэтага нібыта і былі. Сапраўды, у канцы 1950 – пачатку 1960-х гадоў па краіне пракацілася хваля ініцыяванай М.С. Хрушчовым барацьбы з прыватнай уласнасцю, з фетышызацыяй (па тагачаснай тэрміналогіі) уласнага дома, сваёй сядзібы, сваёй гаспадаркі, таму развянчанне дробнаўласніцкіх поглядаў аднаго з галоўных герояў камедыі Лявона Чмыха пры жаданні можна расцаніць як непасрэднае перанясенне палітычных лозунгаў у мастацкі твор. Але ж А. Макаёнак быў адмысловым мастаком, і для яго альфай і амегай заўсёды заставаліся людзі, іх надзённыя жыццёвыя клопаты. Само сабой зразумела, што для сябе аўтар абраў ролю не старонняга назіральніка, а ўмелага рэжысёра, здольнага неўпрыкмет выбудоўваць такія мізансцэны, у якіх героі раскрывалі б сябе з найбольшай паўнатой і аб’ектыўнасцю. Пераважная большасць тэатраў, якія паставілі «Лявоніху на арбіце», бачылі сваю задачу ў тым, каб апаэтызаваць узыходжанне на арбіту разняволенага сельскага побыту Лушкі-Лявоніхі і развянчаць разам з тым маральна-этычныя пазіцыі яе мужа – гэтага зацятага абаронцы бастыёнаў мінулага. I калі з першай часткай задачы ў асноўным усё было зразумела, дык з другой узнікалі пэўныя праблемы. Хто ж гэты Лявон Чмых? Калі ён – закончаны рэтраград, то ці не залішне моцныя яго пазіцыі? Калі пазіцыі героя перспектыўныя, то пры чым тут бастыёны мінулага? Як трактаваць вобраз, якія фарбы выбіраць для яго абмалёўкі? I пытанні гэтыя да рытарычных ніяк не аднясеш. Можна па-рознаму, адвольна расстаўляючы сэнсавыя акцэнты, увасабляць на сцэне вобразы самавітага старшыні калгаса Буйкевіча, Лявонавага свата і антаганіста, каларытнага бяссрэбраніка Максіма, саламянай удавы, томнай пустадомкі Клавы, па-маладому няпэўна прагматычных Міхала і Соні – зменяцца толькі знешнія параметры ідэйнай задумы твора. З Лявонам – складаней, бо герой ён не проста яркі, а канцэптуальна вызначальны.
З аднаго боку, татальная зарыентаванасць Лявона на асабістае, прыватнае не выклікае ў душы драматурга асаблівага энтузіязму ці эйфарыі. А з другога, тое ж, што і аўтар, адчувае герой, калі рашуча пратэстуе супраць эканамічна і псіхалагічна неабгрунтаванага рашэння аб ліквідацыі прысядзібных участкаў і наогул падсобнай гаспадаркі сельскага жыхара. Не дарэмна ж так грунтоўна – эканамічна і палітычна – аргументуецца пазіцыя Лявона, якому не складае ніякай цяжкасці пры неабходнасці казырнуць цытатай з аўтарытэтных крыніц. Сваёй эрудыцыяй ён аднойчы прывёў у захапленне самога старшыню райвыканкома Глуздакова.
«Лявоніха на арбіце» – адзін з самых папулярных твораў А. Макаёнка. Вядома ж, асноўным ключом да сэрцаў гледачоў з’явілася багатая камедыйная фактура, бліскучая моўная характарыстыка персанажаў, майстэрства сюжэтабудовы. Сюжэт камедыі вызначаецца безумоўнай цэласнасцю, а між тым яго сэнсава-змястоўны «сектар», звязаны з лініяй Глуздакоў – Цесакоў – Мікалай Сяргеевіч, мае ўсе адзнакі аўтаномнасці, выглядаючы як п’еса ў п’есе. Дарэчы, гэтая лінія – цалкам сатырычная. Фігура Глуздакова, гэтага канцылярскага робата, які за цыркулярамі, фармулярамі і пастановамі даўно перастаў бачыць людзей, адчуваць рэальныя запатрабаванні часу, вызначаецца гратэскнай завостранасцю. Драматург падрабязна, са знішчальнай з’едлівасцю вымалёўвае партрэт героя; салідны ўзрост, з жывоцікам і задышкай, з лысінай па ўсю галаву аж да патыліцы, твар пухленькі, ружовенькі, як у нованароджанага... А чаго варты кабінет, у якім засядае Мітрафан Сазонавіч! Над усім, выцясняючы астатнюю мэблю, высіцца вялізны, агромністы сейф, увасабленне важнасці, сакрэтнасці і таямнічасці. Толькі «сціпласць» Глуздакова, саркастычна заўважае драматург, перашкодзіла ператварыць увесь кабінет у сейф ці з сейфа зрабіць кабінет. Можна ўявіць, колькі скаргаў, зваротаў грамадзян згінула без слядоў у бязмерным чэраве монстра-сейфа, колькі плённых прапаноў і планаў пахавана ў гэтай бяздоннай скрынцы-труне. Глуздакоў глушыць любую ініцыятыву знізу
Достарыңызбен бөлісу: |