Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)



бет1/32
Дата18.07.2016
өлшемі3.81 Mb.
#207146
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   32


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі «Полацкі дзяржаўны універсітэт»
Т.Р. Багарадава
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

(ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
Вучэбна-метадычны комплекс

для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 05 06

«Рамана-германская філалогія»

Наваполацк, 2009

УДК 821.161.3.09(075.8)

ББК 83.3Бел6я73

Б14
Рэкамендавана да выдання метадычнай камісіяй

гісторыка-філалагічнага факультэта (пратакол № 5 ад 10.09.2009)


Рэцэнзенты: старшыня камісіі мовы і літаратуры УА «ВДУ імя П. М. Машэрава Полац­кі каледж» Т. М. Арцямёнак;

кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дыс­цыплін УА «ПДУ» С. М. Сарока



Б14


Багарадава, Т. Р. 

Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.) : вучэб.-ме­тад. комплекс для студэнтаў спец. 1-21 05 06 «Рамана-германская філалогія» / Т.Р. Багарадава. – Наваполацк : ПДУ, 2009. – 498 с.



ISBN 978-985-418-753-2.
Пабудаваны па модульнай тэхналогіі. Змяшчае матэрыял для лекцыйных, семінарскіх і практычных заняткаў; прадстаўлены тэсты і заданні рознага ўзроўню для бягучага і выніковага кантролю; выніковыя пытанні; заданні і тэсты да заліку і іспыту, пытанні і заданні для самастойнай працы студэнтаў; слоўнік паняццяў да кожнай тэмы і спіс літаратуры па кожным модулі дысцып­ліны. Прадстаўлены спіс рэкамендаванай літаратуры для разгляду і аналізу.

Прызначаны для выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ. Можа быць карысны для настаўнікаў і вучняў сярэдніх спецыяльных устаноў, спецыялістаў.


УДК 821.161.3.09(075.8)

ББК 83.3Бел6я73

ISBN 978-985-418-753-2

© Багарадава Т. Р., 2009

© УА «Полацкі дзяржаўны

універсітэт», 2009



Прадмова
Курс «Гісторыя беларускай літаратуры ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.» на гісторыка-філалагічным факультэце універсітэта мае важнае значэнне пры атрыманні адукацыі спецыялістамі-філолагамі.

Вучэбна-метадычны комплекс па дысцыпліне «Гісторыя беларускай літаратуры ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.» падрыхтаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі праграмы і прызначаны для студэнтаў-філолагаў, што вы­вучаюць замежныя мовы. Комплекс мае на мэце падрыхтаваць усебакова развітую асобу, якая б усведамляла значэнне беларускай літаратуры ў су­светным кантэксце, умела карысталася набытымі навыкамі разгляду і ана­лізу як асобных твораў, так і літаратурнага працэсу ў цэлым.

Мэты курса:

1. Пазнаёміць студэнтаў з асаблівасцямі фарміравання беларускай лі­таратуры адзначанага перыяду.

2. Разгледзець уплыў сацыяльна-палітычнай сітуацыі на развіццё і ста­наўленне літаратурнага працэсу дадзенага перыяду.

3. Паказаць сувязь беларускай літаратуры з вядучымі традыцыямі су­светнай літаратуры.

4. Ахарактарызаваць мастацкія напрамкі, характэрныя для літарату­ры дадзенага перыяду.

Задачы курса:

1. Прасачыць асаблівасці вядучых напрамкаў развіцця беларускай лі­таратуры ХІХ ст. – 1970-х гадоў ХХ ст.

2. Навучыць студэнтаў літаратурнаму аналізу канкрэтных твораў роз­ных жанраў.

3. Выявіць разнапланавы ўплыў сусветнай літаратуры на беларускі літаратурны працэс дадзенага перыяду.

4. Прааналізаваць біяграфічныя звесткі і ідэйна-мастацкія асаблівасці творчасці канкрэтных аўтараў адзначанай літаратурнай эпохі.

5. Выпрацаваць у студэнтаў уменне самастойна працаваць над па­глыбленнем сваіх ведаў па гісторыі беларускай літаратуры і звязаных з ёй дысцыплінах.

Вучэбна-метадычны комплекс утрымлівае лекцыйны матэрыял па ас­ноўных літаратурных пытаннях адзначанай эпохі; пытанні да семінарскіх і заданні да практычных заняткаў; тэставы матэрыял і заданні для прамеж­кавага кантролю; тэарэтычныя пытанні, практычныя заданні і тэсты да за­ліку і іспыту; спіс літаратуры і слоўнік паняццяў да кожнага модуля; пы­танні і заданні да самастойнай працы, а таксама спіс рэкамендаванай літа­ратуры для самастойнай працы і аналізу.

Такім чынам, курс «Гісторыя беларускай літаратуры ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.» можа быць прадстаўлены ў выглядзе наступных блокаў-мо­дулей:

М–0. Уводзіны ў курс. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай бела­рускай літаратуры. Перыядызацыя новай беларускай літаратуры.

М–1. Дарэформенны перыяд развіцця новай беларускай літаратуры (1830–1850-я гады ХІХ ст.).

М–2. Паслярэформенны перыяд развіцця новай беларускай літарату­ры (1860–1880-я гады ХІХ ст.).

М–3. Развіццё новай беларускай літаратуры ў 1890-я гады ХІХ ст.

М–4. Грамадска-літаратурны працэс у пачатку ХХ ст.

М–5. Гісторыка-літаратурная панарама ХХ ст. Мадэрнізм і беларус­кая літаратура.

М–6. Літаратурныя суполкі ў савецкай Беларусі. Расстралянае адра­джэнне. Літаратура Заходняй Беларусі.

М–7. Развіццё асноўных тэндэнцый беларускай літаратуры ў творчас­ці яе прадстаўнікоў (З. Бядуля, К. Чорны, М. Лынькоў, М. Зарэцкі, У. Ду­боўка, П. Броўка, К. Крапіва).

М–8. Вытокі сучаснай беларускай літаратуры (на прыкладзе творчас­ці А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Танка, І. Мележа, А. Макаёнка, І. Шамякі­на, Я. Брыля, В. Быкава, І. Навуменкі, У. Караткевіча, А. Адамовіча).

М–К. Кантроль (залік, іспыт).

Модуль 0

Уводзіны ў курс. ГІСТАРЫЧНЫЯ ЎМОВЫ

ЎЗНІКНЕННЯ НОВАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ.

ПЕРЫЯДЫЗАЦЫЯ НОВАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Уводзіны
Дадзены модуль прызначаны для сістэматызацыі ведаў у галіне бела­рускай літаратуры; дапамагае вызначыць месца новай беларускай літарату­ры як у нацыянальным літаратурна-культурным, так і ў сусветным літара­турным працэсе; паказвае перыядызацыю новай беларускай літаратуры; падае звесткі з гісторыі літаратурна-грамадскага руху першай трэці ХІХ ст.; падкрэслівае значэнне курса для далейшага вывучэння дысцыплін філала­гічнага цыклу.

У працэсе вывучэння тэмы студэнты павінны:

1. Засвоіць паняцце:

– новая беларуская літаратура.

2. Характарызаваць з’явы:

– літаратурна-грамадскага руху першай трэці ХІХ ст.;

– сацыяльна-палітычнай атмасферы першай трэці ХІХ ст.

3. Аналізаваць і інтэрпрэціраваць працэсы:

– месца і ролі новай беларускай літаратуры сярод іншых славянскіх літаратур і ў сусветным кантэксце.

4. Фарміраваць уменні:

– аналізаваць месца і ролю новай беларускай літаратуры ў кантэксце развіцця славянскіх літаратур;

– супастаўляць і характарызаваць літаратурныя з’явы і працэсы, што адбываліся ў славянскім асяроддзі дадзенага перыяду.


1. Схема вывучэння матэрыялу

(вучэбна-інфармацыйны блок)


Тэма заняткаў

Тып заняткаў

Від заняткаў

Колькасць гадзін

1. Уводзіны ў курс. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларус­кай літаратуры. Перыядызацыя новай беларускай літаратуры.

Засваенне новых ведаў

Лекцыя

2

2. Сацыяльна-палітычная атмас­фера першай трэці ХІХ ст.

Паглыбленне

і сістэматызацыя ведаў



Эўрыстычная гутарка

1

3. Літаратурна-грамадскі рух першай трэці ХІХ ст.

Выніковы кантроль

Вусны залік

1

2. Асновы навукова-тэарэтычных ведаў па модулі

«Уводзіны ў курс. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай

беларускай літаратуры. Перыядызацыя новай



беларускай літаратуры»
Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры, асаблівасці, перыядызацыя
Канец ХVІІІ – пачатак ХІХ стст. – пераломны час у гісторыі літара­тур Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Для аўтараў гэтай пары ўсё меншае зна­чэнне маюць усталяваныя раней каноны літаратурнай творчасці. Адбы­ваецца працэс выразнай індывідуалізацыі стылю: менавіта індывідуальны аўтарскі стыль цяпер супрацьстаіць норме, аўтарытэт якой раней лічыўся непахісным. Творчае падпарадкоўвае сабе універсальную норму, перама­гае традыцыяналізм; вырашальную ролю ў гэтых рэвалюцыйных зменах адыграла ўзнікненне і развіццё рамантычнай плыні, фарміраванне раман­тычнага метаду мастацкага адлюстравання рэчаіснасці.

Сярэдзіна ХІХ ст. з’яўляецца зорнай часінай рэалістычнага спосабу асваення свету. Рэалізм не адмяняў творчых дасягненняў сваіх папярэдні­каў-рамантыкаў, а працягваў адкрыццё шматстайнасці навакольнай рэчаіс­насці і развіцё духоўнага багацця чалавечай асобы, сцвярджэнне нацыя­нальнай самабытнасці і гістарычнай канкрэтнасці мастацкага вобраза. Рэалізм паказваў жыццё ў «формах самога жыцця», ствараючы вобраз пры дапамозе тыпізацыі рэальных фактаў (тыповыя характары ў тыповых аб­ставінах), і быў у гэтым сэнсе раўназначным паняццю жыццёвай праўды.

У другой палове ХІХ ст. рэалізм дасягнуў сваёй вяршыні, імкнучыся да ўсеабдымнай шматстайнасці светаразумення, паказу складанасці і супя­рэчнасці чалавечай натуры, трагічнай раз’яднанасці людзей і народаў, су­тыкнення ў канфліктах асобы і грамадства, народа і ўлады. Пазнавальныя магчымасці рэалізму пазней раскрыліся ў шматтомных раманных цыклах, у жанры «сямейнай сагі» (у беларускай літаратуры К. Чорны, І. Мележ і інш).

На мяжы ХІХ і ХХ стст. літаратурны працэс прыкметна палярыза­ваўся. Натуралізму, які абапіраўся на дасягненні прыродазнаўства, суп­рацьстаяў дэкаданс, што паўстаў супраць крайняй рацыяналізацыі жыцця і стаў эстэтычнай перадумовай узнікненя мадэрнізму. Мадэрнізм узнік на фоне трагічных катаклізмаў, войн, рэвалюцый і глабальнага расчараваня ў чалавечых каштоўнасцях і ў самім прагрэсе.

Канец ХХ і пачатак ХХІ стст. праходзілі пад знакам філасофіі і эстэ­тыкі постмадэрнізму, які адкрывае ў чалавеку яго унікальнае «я» і аднача­сова «другога ў іншых людзях», абуджае глабальнае мысленне і здольнасць спалучаць у свядомасці розныя эпохі, культуры, стылі, спасцігаць рэальнае шматмоўе свету. Постмадэрнізм нараджае ў кожным чалавеку мастака. Побач з паняцем аўтара ён сцвярждае паняцце чытача, які на свой лад і розум інтэрпрэціруе творы.

Крызісныя з’явы ў гармадскай свядомасці, што абвастрыліся ў Еўро­пе пасля Вялікай Французскай рэвалюцыі, пасеялі ў розумах адукаваных еўрапейцаў нявер’е ў далейшыя перспектывы ідэалаў асветніцтва. Асаблі­ва моцна такія настроі адчуваліся ў Нямеччыне; там развіццё рамантызму напачатку мела найбольш спрыяльную глебу.

Цікавасць рамантыкаў да гісторыі суправаджалася захапленнем на­цыянальнай культурай, нацыянальнымі традыцыямі. Адной з галоўных за­дач рамантыкі бачылі ў фарміравані нацыянальнай свядомасці народа. З гэ­тага часу пад рамантызмам разумелася такая творчая плынь, галоўнай ха­рактарыстыкай якой стала мастацкае ўвасабленне невядомага, незвычайна­га, бясконцага – што акаляе чалавека – пры дапамозе ірацыянальных з’яў і сіл пачуцця.



Існуе пяць прынцыпаў рамантычнай эстэтыкі:

1. Неабходнасць спалучэння ў межах твора высокага і нізкага, трагіч­нага і камічнага, прыгожага і брыдкага (адмова ад падзелу жанраў на «вы­сокія» і «нізкія»).

2. Неабумоўленасць адзінства дзеяння ў творы адзінствам часу і мес­ца (адмова ад захавання правіла «трох адзінстваў»).

3. Разняволенне творчай фантазіі аўтара, свабода мастака.

4. Увязванне дзеяння з рэальнымі каардынатамі гістарычнага часу і мясцовасці.

5. Неабходнасць сцвярджэння ў мастацтве гістарычнай праўды.

Скончылася панаванне ў літаратуры эпохі загадзя зададзеных форм, жанраў, стылёвых сродкаў. Гэта дало магчымасць творцу больш свабодна падыходзіць да мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Аўтары пачалі ства­раць новы тып героя – асобы, перакананай у тым, што яе бачанне рэчаіс­насці самае праўдзівае і ўсеабдымнае. Рамантыкі перабольшвалі самакаш­тоўнасць асобнага індывіда, што было галоўным мастацкім дасягненнем дадзенага метаду.

З літаратурных жанраў рамантыкі вяртаюць на першае месца лірыч­ныя і ліра-эпічныя, разглядаюць паэзію як найвышэйшую форму прозы. Яны выразна бачаць нацыянальную спецыфіку кожнай літаратуры і адна­часова ўключаюць яе ў сусветны агульналітаратурны працэс.

Сярод адзначаных літаратурных плыняў ХІХ ст. у Беларусі мелі мес­ца наступныя:



1. Эпоха рамантызму (канец ХVІІІ ст. – 1840-я гады ХІХ ст.) – бярэ свой пачатак у творчасці філаматаў і філатэтаў; працягваецца ў творчасці Я. Чачота, Т. Зана, Я. Баршчэўскага, Ф. Савіча, І. Легатовіча, А. Ходзькі, А. Грота-Спасоўскага, Ю. Корсака, Т. Лады-Заблоцкага, У. Сыракомлі, В. Ка­ратынскага, А. Абуховіча, З. Манькоўскай і інш.

2. Асветніцкі класіцызм (з першай трэці – да сярэдзіны ХІХ ст.) – В. Равінскі, К. Вераніцын і інш.

3. Сентыменталізм (сярэдзіна ХІХ ст.) – А. Петрашкевіч, А. Плуг, А. Вярыга-Дарэўскі, В. Савіч-Заблоцкі, В. Дунін-Марцінкевіч.

4. Асветніцкі рэалізм (канец 1850-х гадоў – пачатак ХХ ст.) – А. Кір­кор, К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, Я. Лучына, К. Каганец, Ядвігін Ш.

5. Сімвалізм (канец ХІХ – пачатак ХХ стст.) – Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, А. Гарун, М. Гарэцкі, З. Бядуля, Ядвігін Ш., В. Ластоўскі.
Новая беларуская літаратура
Узнікненне новай беларускай літаратуры трэба адносіць да другой сярэдзіны ХVІІІ ст., калі яна, у адрозненне ад старабеларускай літаратуры, набыла рысы свецкасці, у гэты час і пачала ўзнікаць парадыйная літара­тура, з’явіліся аўтарскія творы, пазбаўленыя ананімнага характару. Літара­тура другой паловы ХVІІІ – пачатку ХХ стст. называецца новай беларус­кай літаратурай і мае ў сваёй аснове мову простых людзей.

У ХІХ ст. не выдаваліся кнігі на беларускай мове, бо польскі Сейм забараніў яе выкарыстанне ў 1697 г. Героем і выразнікам духоўных запат­рабаванняў нацыі з’яўляецца просты мужык, таму беларускую літаратуру варта называць адной з самых сялянскіх у асяроддзі літаратур.



На развіццё літаратуры дадзенага перыяду аказалі ўплыў перарваныя пісьмовыя традыцыі і фальклорныя матывы, а таксама суседнія славянскія літаратуры: польская, руская, з другой паловы ХІХ ст. – украінская. Новая беларуская літаратура не вызначалася разнастайнасцю метадаў, жанраў і стыляў. У ХІХ ст. былі распаўсюджаны гутаркі, ананімныя вершаваныя аповесці, вершы. У пачатку ХХ ст. жанравая тэматыка пашырылася: з’яві­ліся розныя віды паэм, апавяданні, аповесці, рабіліся спробы напісання новага беларускага рамана. Такім чынам, вымушаная даганяць больш раз­вітыя суседнія літаратуры, беларуская літаратура другой паловы ХVІІІ – пачатку ХХ стст. характарызавалася невыразнасцю мастацкага метаду, ут­рымліваючы ў сабе элементы сентыменталізму, класіцызму, рамантызму, рэалізму. Асноўная ідэя літаратуры дадзенага перыяду нацыянальнае вы­зваленне і адраджэнне.

Перыядызацыя новай беларускай літаратуры

І. Літаратура другой паловы ХVІІІ–ХІХ стст.

1) дарэформенная беларуская літаратура (да 1860-х гг.):

– канец ХVІІІ – першая трэць ХІХ стст. (да 1830-х гг.);

– 1830-я – 1840-я гг.;

– 1850-я – пачатак 1860-х гг.

2) паслярэформенная беларуская літаратура (пасля 1860-х гг.):

– другая палова 1860-х–1880-я гг.;

– 1890-я гг.

ІІ. Літаратура пачатку ХХ ст.
Сацыяльна-палітычная атмасфера

і літаратурна-грамадскі рух першай трэці ХІХ ст.


У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Паўстанне 1794 г. пад кіраўніцтвам Тадэвуша Кас­цюшкі паказала кіраўніцтву Расійскай імперыі, што да Беларусі трэба ста­віцца лаяльна. У 1803 г. адбылося адкрыццё Віленскага універсітэта – цэнт­ра тагачаснай прагрэсіўнай думкі і асяроддзя беларускага пачатку ў літара­туры. На базе універсітэта пачалі ўзнікаць нелегальныя грамадскія тава­рыствы. Беларускі рамантызм як літаратурная плынь бярэ свой пачатак менавіта з творчасці філаматаў і філарэтаў.

Таварыства філаматаў (аматараў навукі) – складалася са студэнтаў Віленскага універсітэта, існавала ў 1817–1823 гг. Прадстаўнікі таварыства (Ян Чачот, Адам Міцкевіч і інш.) лічылі сучаснае ім грамадства недаска­налым, імкнуліся змяніць яго разам з чалавечымі норавамі пры дапамозе ведаў. Праводзілі думку пра неабходнасць вывучэння роднага краю, часта арганізоўвалі маёўкі і карысталіся мовай простага люду. Філаматы імкну­ліся разгарнуць дзейнасць праз таварыства прамяністаў, якія прытрым­ліваліся думкі пра змяненне грамадства шляхам маральнага ўдасканалення і самаўдасканалення і хацелі здабыць свабоду свайму краю.

Таварыства філарэтаў (аматараў дабрачыннасці) – існавала ў Вілен­скім універсітэце ў 1820–1823 гг. Асноўнай мэтай таварыства прадстаўнікі (Тамаш Зан, Ануфры Петрашкевіч і інш.) лічылі вывучэнне культуры свай­го краю, прапаганду гісторыі і дабрачыннасці, змяненне грамадства ў леп­шы бок. Пасля даносу ў 1823 г. дзейнасць двух таварыстваў была спынена ўрадам.

Таварыства шубраўцаў (у перакладзе з польскай мовы – «шэльмы») існавала з 1816 па 1822 гг., уключаючы студэнтаў, выкладчыкаў і жыхароў Вільні, якія негатыўна ставіліся да заган грамадскага жыцця: невуцтва, га­нарлівасці шляхты, прыгоннага права. Прадстаўнікі таварыства (Антон Га­рэцкі, Ігнат Ходзька, Фадзей Булгарын і інш.) праводзілі думку пра роў­насць людзей у грамадстве, імкнуліся да асветы. Таварыства выдавала гу­марыстычна-сатырычную газету «Вулічныя весці» на польскай мове, у якой часам сустракаліся і беларускія словы, напісаныя лацінкай.

Асноўнай асаблівасцю беларускай літаратуры дадзенага перыяду з’яўляецца невыразнасць, бо большасць людзей, што пісала, сябе аўтарамі не ўсведамляла. Творы ўзнікалі на польска-беларускай і беларуска-ўкраін­ска-польскай мяжы. Самымі вядомымі літаратурнымі помнікамі першай трэці ХІХ ст. лічацца верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» і паэма Вікенція Равінскага «Энеіда навыварат». Сярод польскамоў­ных аўтараў дадзенага перыяду варта прыгадаць Яна Баршчэўскага і Яна Чачота.
3. Слоўнік паняццяў


Новая беларуская літаратура

беларуская літаратура, развіццё і станаўленне якой прыпадае на перыяд з апошняй чвэрці ХVІІІ – пачатку ХХ стст.

Філаматы

аматары навукі – нелегальнае грамадскае таварыства (1817–1823 гг.), якое складалася пераважна са студэнтаў Віленскага універсітэта; займаліся грамадска-культурнымі і літаратур­нымі пытаннямі.

Філарэты

аматары дабрачыннасці – нелегальнае грамадскае таварыства (1820–1823 гг.), якое існавала ў Віленскім універсітэце; зай­малася грамадска-культурнымі і літаратурнымі пытаннямі.

Шубраўцы

свавольнікі, у перакладзе з польскай мовы – «шэльмы»; гра­мадска-культурнае і літаратурнае таварыства, якое складала­ся са студэнтаў, выкладчыкаў і жыхароў Вільні.



4. Матэрыялы, выкарыстаныя ў працэсе навучання і кантролю
4.1 Матэрыялы да лекцыі

План лекцыі:

1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры.

2. Перыядызацыя новай беларускай літаратуры.

3. Сацыяльна-палітычная атмасфера і літаратурна-грамадскі рух пер­шай трэці ХІХ ст.
4.2 Пытанні да лекцыі

1. Ахарактарызаваць прычыны ўнікнення новай беларускай літара­туры.

2. Акрэсліць перыядызацыю новай беларускай літаратуры.

3. Прасачыць асноўныя сацыяльна-палітычныя і грамадска-культур­ныя асаблівасці развіцця літаратуры дадзенага перыяду.


4.3 Матэрыялы да заняткаў «Эўрыстычная гутарка»

План заняткаў:

1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры.

2. Жанрава-стылістычныя адметнасці літаратуры дадзенага перыяду.

3. Характарыстыка асаблівасцей мастацкага метаду літаратуры ад­значанай пары.

4. Дзейнасць асноўных нелегальных грамадскіх таварыстваў пачатку ХІХ ст. (філаматы, філарэты, шубраўцы).



5. Тэсты і заданні для кантролю за вынікамі навучання1
1. З якога часу прынята лічыць пачатак зараджэння новай беларускай літа­ратуры?

а) з пачатку ХХ ст.;

б) з сярэдзіны ХІХ ст.;

в) з канца ХVІІІ – пачатку ХІХ ст.


2. Якія гістарычныя падзеі адбываліся на беларускай зямлі на мяжы ХVІІІ– ХІХ стст.?

а) паўстанне Т. Касцюшкі;

б) народнае паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага;

в) другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай.


3. У якой навучальнай установе Еўропы ўзнікла нелегальнае патрыятыч­нае аб’яднанне «філаматаў»?

а) у Кракаўскім універсітэце;

б) у Падуанскім універсітэце;

в) у Віленскім універсітэце.


4. Назваць найбольш яркіх прадстаўнікоў польскай і беларускай літарату­ры – членаў таварыства «філаматаў».

а) Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына;

б) Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч;

в) Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан.


5. Таварыства «прамяністаў» узнікла ў выніку дзейнасці:

а) філарэтаў;

б) філаматаў;

в) шубраўцаў.


6. Віленскі універсітэт адкрыўся:

а) у 1800 г.;

б) у 1801 г.;

в) у 1803 г.


7. Закончыць азначэнні, прыведзеныя ніжэй:

а) дарэформенная літаратура –…

б) паслярэформенная літаратура –…

в) асноўны літаратурны герой дадзенага перыяду –…

г) новую беларускую літаратуру яшчэ называюць самай –…
Літаратура
1.   Александровіч, С.Х. Пуцявіны роднага слова: праблемы развіцця бела­рускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ – пач. ХХ стст. / С.Х. Алек­сандровіч.  – Мінск: БДУ, 1971. – 245 с.

2.   Беларуская літаратура: проза 20-х гадоў: хрэстаматыя / Д.Я. Бугаёў [і інш.]; пад рэд. Д.Я. Бугаёва. – 2-е выд. – Мінск: Універсітэцкае, 1997. – 592 с.

3.   Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: хрэстаматыя / С.Х. Александровіч [і інш.]; пад рэд. С.Х. Александровіч. – Мінск: Выш. шк., 1971. – 373 с.

4.   Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: Б. Са­чанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЭ імя Броўкі, 1992–1995. – 6 т.

5.   Вашко, Л. Гістарызацыя свядомасці: беларуская літаратура і беларуш­чына на пачатку ХХ стагоддзя: навуковая публіцыстыка / Л. Вашко. – Мінск: Бел. навука, 1997. – 151 с.

6.   Гісторыя беларускай літаратуры: у 4 т. / рэдкал.: У.В. Гніламёдаў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 583 с.

7.   Жураўлёў, В.П. У пошуку духоўных ідэалаў: на матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стст. / В.П. Жураўлёў; пад рэд. У.В. Гні­ламёдава. – Мінск: Бел. навука, 2000. – 191 с.

8.   Кісялёў, Г.В. Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Г.В. Кісялёў. – 2-е выд. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 549 с.

9.   Лазарук, М.А. Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ стагоддзе (20–50-я гады) / М.А. Лазарук, А.А. Семяновіч; пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск: Выш. шк., 2000. – 511 с.

10. Лецка, К.І. Вытокі і генезіс беларускага рамантызму ХІХ ст.: манагра­фія / К.І. Лецка. – Гродна: ГрДУ, 2003. – 370 с.

11. Лойка, А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: ву­чэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў ВНУ. Ч. 1 / А.А. Лой­ка; пад рэд. Ю.С. Пшыркова. – Мінск: Выш. шк., 1977. – 304 с.

12. Мішчанчук, М.І. Беларуская літаратура ХХ ст.: вучэбны дапаможнік / М.І. Мішчанчук, І.С. Шпакоўскі. – Мінск: Выш. шк., 2001. – 352 c.

13. Мушынская, Т.Ф. Беларуская літаратура 20 – 30-х гадоў / Т.Ф. Мушын­ская. – Мінск: Нар. асвета, 1994. – 160 с.

14. Сіўко, Ф.І. Пісьменнікі Віцебшчыны: даведнік / Ф.І. Сіўко. – Віцебск: Ві­цебская абласная друкарня, 2001. – 88 с.

15. Старычонак, В.Д. Беларуская літаратура / В.Д. Старычонак. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 350 с.

16. Янушкевіч, Я.Я. За архіўным парогам: беларуская літаратура ХІХ–ХХ стст. у святле архіўных пошукаў / Я.Я. Янушкевіч. – Мінск: Маст. літ., 2002. – 381 с.



Модуль 1

Дарэформенны перыяд развіцця

новай беларускай літаратуры (1830–1850-я гады ХІХ ст.)
Уводзіны
Дадзены перыяд характарызуецца развіццём ананімнай літаратуры, а таксама літаратурных твораў, мэта якіх – пакласці пачатак незалежнасці Бацькаўшчыны. У гэты час узрастае цікавасць грамадскіх дзеячаў і латара­тараў да фальклорных традыцый. Сярод панавання польскай літаратуры робяцца спробы напісання вершаў на беларускай мове як невядомымі аў­тарамі, так і знакамітымі: А. Рыпінскім, Я. Чачотам, Я. Баршчэўскім і інш.

У працэсе вывучэння тэмы студэнты павінны:

1. Засвоіць паняцці:

– ананімная літаратура;

– бурлескна-травесційныя творы;

– гіпербала;

– класіцызм;

– рамантызм.

2. Характарызаваць з’явы:

– народнай асновы новай беларускай літаратуры;

– параўнальнага аналізу вывучэння твораў.

3. Аналізаваць і інтэрпрэціраваць працэсы:

– існавання і развіцця ананімнай літаратуры;

– станаўлення і развіцця «польскай» плыні ў новай беларускай літа­ратуры дадзенага перыяду.

4. Фарміраваць уменні:

– аналізу канкрэтных літаратурных твораў;

– супастаўлення і характарыстыкі літаратурных помнікаў розных гістарычных часоў.

1. Схема вывучэння матэрыялу

(вучэбна-інфармацыйны блок)


Тэма заняткаў

Тып заняткаў

Від заняткаў

Колькасць гадзін

1. Дарэформенны перыяд развіц­ця новай беларускай літарату­ры (1830–1850-я гады ХІХ ст.).

Засваенне новых ведаў

Лекцыя

6

2. Ян Баршчэўскі: асаблівасці жыцця і творчасці.

Паглыбленне

і сістэматызацыя ведаў



Семінар-практыкум

1

3. Ананімныя паэмы «Энеіда на­выварат» і «Тарас на Парнасе».

Паглыбленне

і сістэматызацыя ведаў



Семінар-практыкум

2

4. Кантроль узроўню ведаў і ўменняў.

Выніковы кантроль

Пісьмовы залік

1



2. Асновы навукова-тэарэтычных ведаў па модулі

«Дарэформенны перыяд развіцця новай беларускай літаратуры

(1830–1850-я гады ХІХ ст.)»
Асаблівасці стварэння паэмы «Энеіда навыварат»
Паэма была напісана ў 1820-я гады ХІХ ст., яе называюць бурлескна-травесційным творам (ад іт. «бурлеска» – жарт і фр. «травесці» – пераап­ранаць), а таксама героіка-камічным, парадыйна-сатырычным, рэалістыч­ным, эпічным творам. Пра значныя падзеі апавядаецца сродкам жарту, анекдота, ужываюцца элементы грубага камізму, вульгарызмы, прастамоўі. Выкарыстоўваюцца недакладнасці геаграфічнага, гістарычнага і бытавога характару. Першыя згадкі пра твор знаходзім у кнізе чэшскага славіста П.Й. Шафарыка. У 1845 г. рускі часопіс «Маяк» надрукаваў «Энеіду навы­варат» на рускай мове, але з захаваннем лексікі аўтара. Твор у рукапісным варыянце перадаваўся амаль дваццаць гадоў; кожны перапісчык уносіў свае карэктывы, таму паэма набыла народны характар. Доўгі час высвятлялася аўтарства твора, па адной з версій яно прыпісвалася смаленскаму памеш­чыку Вікенцію Равінскаму. У ХХ ст. даследчык Г. Кісялёў дакументальна даказаў, што аўтарам з’яўляецца менавіта Вікенцій Равінскі (сведчанне – успаміны ў творы пра мясціны Смаленшчыны). Вікенцій Равінскі не быў літаратарам. Ён служыў у царскай арміі, быў баявым афіцэрам на Смален­шчыне, пасля адстаўкі жыў у сваім маёнтку і пісаў гумарыстычныя вершы пра сваіх слуг і сяброў. У паэме прадстаўлена традыцыйная для Еўропы ХVІІ ст. манера ўзнясення антычнасці.
К. Вераніцын і яго паэмы «Тарас на Парнасе» і «Два д’яўлы»
Зусім нядаўна імя Канстанціна Вераніцына (1834 – каля 1904) было нікому невядомае, як невядомая была і яго паэма «Два д’яўлы». Аўтарства ж паэмы «Тарас на Парнасе» прыпісвалася самым розным асобам, а друка­валася яна, пачынаючы з 1889 г., як ананімная. Даследчык Г. Кісялёў і гіс­торык-архівіст В. Слабадан вырашылі гэтую праблему.

Канстанцін Вераніцын (першапачаткова насіў прозвішча Васільеў) нарадзіўся ў вёсцы Астраўляны Віцебскага павета ў сям’і прыгонных ся­лян. У 1844 г. скончыў Гарадоцкую парафіяльную вучэльню, а неўзабаве атрымаў вольную – хутчэй за ўсё за здольнасці да вучобы. Потым ён ву­чыўся ў Віцебскай губернскай гімназііі, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, а ў 1857–1859 гг. быў студэнтам Горы-Горацкага земляробчага інстытута, які скончыў са ступенню кандыдата аграноміі. Кіраваў прыват­ным маёнткам, служыў у розных установах Санкт-Пецярбурга, выкладаў у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Памёр, відаць, у Пецярбургу.

Паэма «Тарас на Парнасе», пазначаная 1855 г., сёння ўспрымаецца як шэдэўр беларускай літаратуры.

У паэме беларускі селянін Тарас родам з Пуцявішча распавядае пра сваё падарожжа на гару Парнас – свяцілішча паэзіі, паводле грэчаскіх мі­фаў. Выбар сюжэта сведчыў пра веру аўтара ў тое, што «высокая» літара­тура мусіць быць не толькі цікавай простаму чалавеку, але і служыць на яго карысць. Адгалосак спрэчак «літаратурных арыстакратаў» з «літара­турнымі дэмакратамі» ўтвараюць, паміж іншым, праблематыку паэмы. Бур­леск, камічная травесція з’яўляюцца асноўнымі прыёмамі стварэння мас­тацкага палатна і выяўлення аўтарсткай ідэі.

Паэма дасканалая з літаратурна-моўнага боку. Яе дзеянне развіваец­ца як бы ў межах двух светаў: рэальна-штодзённага і алегарычна-ўмоўнага. Пазачасавае значэнне паэмы заключаецца ў тым, што аўтар меў звышзада­чу – сцвердзіць магчымасці беларускай мовы як інтэлектуальна напоўненай.

Больш простую, прыземленую задачу выконвае паэма «Два д’яўлы» (1860) – паказаць простаму люду шкоднасць такога ліха, як п’янства. У гэтым паэма перагукаецца, прыкладам, з творам М. Някрасава «Каму на Русі жыць добра».



Паўлюк Багрым і яго верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы»
Другі знакаміты помнік першай трэці ХІХ ст. напісаны ў 1820-я гады Надрукаваны ў 1854 г. у Лондане лацінкай, узгаданы ў кнізе ўспамінаў ад­наго навагрудскага адваката. Пра Паўлюка Багрыма вядома вельмі мала: нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў 1813 г. на тэрыторыі сучаснай Брэстчыны. Атрымаў пачатковую адукацыю. У 1828 г. у вёсцы, дзе жыў Багрым, пача­лося сялянскае паўстанне, у выніку якога згубіліся тры сшыткі вершаў Паўлюка. Сам аўтар быў здадзены ў рэкруты. Адны даследчыкі лічаць, што Паўлюк Багрым не вярнуўся са службы, другія – што ён пасля жыў у вёсцы Крошын і не пісаў вершаў. 1891 г. лічыцца магчымай датай яго смерці.

Аўтарскі верш па форме нагадвае песню-плач, у якой узгадваюцца рэальныя падзеі крошынскага паўстання, перажытыя многімі людзьмі. Фор­ма верша – лірычная споведзь. Падлетак скардзіцца на нешчаслівы лёс, змроч­ныя перспектывы жыцця, хоча пакінуць звыклае акружэнне і пайсці ў свет. У вершы шмат запазычанага з народнай песні: мелодыка, паўторы, сімвалы, вобразы. Сваім духам верш блізкі да фальклорна-рамантычных традыцый.


Літаратура 1830–1840-х гадоў
Пачатак 1830-х адоў ХІХ ст. цікавы і драматычны ў беларускай гіс­торыі. Восенню 1830 г. у Варшаве пачалося паўстанне, якое распаўсюдзі­лася на тэрыторыю Літвы і Заходняй Беларусі. Яно было задушана, а тых, хто падтрымаў паўстанне, саслалі на Каўказ пад кулі горцаў. Паўстанне мела для Беларусі дрэнныя вынікі: у 1839 г. назва «Беларусь» была змене­на на «Паўночна-Заходні край». Пачалося насаджэнне праваслаўя. З 1834 г. выкладанне ў школах Беларусі вялося на рускай мове. Віленскі універсітэт у 1839 г. быў разбіты на дзве акадэміі: рымска-каталіцкую і медыка-хірур­гічную. Ярка выражаных (акрамя Вільні) цэнтраў літаратурна-грамадскага руху не было. У гэты час узрасла цікавасць аўтараў да беларускага фаль­клору, рабіліся спробы напісання вершаў на беларускай мове як невядомы­мі аўтарамі, так і знакамітымі: Аляксандрам Рыпінскім, Янам Чачотам, Янам Баршчэўскім і інш.
Беларуска-польскія пісьменнікі
Пануючым літаратурным напрамкам першай паловы ХІХ ст. быў ра­мантызм, асноўнай асаблівасцю якога з’яўлялася цікавасць да гістарычных паданняў і фальклору. Многія адукаваныя людзі Беларусі займаліся літара­турнай творчасцю, асновай самабытнай культуры лічылі фальклор і звярта­ліся па сюжэты да беларускай рэчаіснасці, пішучы на польскай мове. Яны лічылі, што крыніцай польскай літаратуры павінна стаць мясцовая бела­руская вусная народная творчасць. Творчасць такіх аўтараў называлі краё­вай школай польскага рамантызму ў беларускай літаратуры. Найбольш зна­камітымі прадстаўнікамі з’яўляюцца: Аляксандр Рыпінскі, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Тадэвуш Лада-Заблоцкі (1830–1840-я гады).

Аляксандр Рыпінскі (~1811 (1812)–1886 (1896, 1900) нарадзіўся не­далёка ад Віцебска ў шляхецкай сям’і, вучыўся ў Віцебскай гімназіі, потым пачаў кар’еру ваеннага (г. Даўгаўпілс). Зразумеўшы, што такое жыццё не для яго, вяртаецца ў маёнтак падчас паўстання 1830–1831 гг., якое пад­трымлівае, пасля чаго вымушаны эмігрыраваць у Парыж. Пасябраваўшы там з Адамам Міцкевічам, выступае з лекцыямі па беларускім фальклоры перад французамі і эмігрантамі з Расійскай імперыі. З Парыжа перабраўся ў Лондан, працягваў цікавіцца культурай свайго краю і займацца выдавец­кай дзейнасцю. Пасля амністыі паўстанцам у 1859 г. вяртаецца на Віцеб­шчыну. Увайшоў у гісторыю беларускай культуры як этнограф, фалькла­рыст, пісьменнік, выдавец.

Далёка за межамі Беларусі, у Парыжы, Аляксандр Рыпінскі выдае ла­цінкай кнігу «Беларусь» – даследаванне, у якім аўтар выражае свае адно­сіны да беларускага краю, беларускай культуры, апісвае звычаі шляхты і сялянства, уключае фальклорныя творы і дае класіфікацыю беларускіх на­родных песень. Дадзеная кніга з’яўляецца этнаграфічным помнікам свайго часу, яна не свабодная ад тэндэнцыйнасці. Кніга прапагандуе польскую па­зіцыю аўтара (Беларусь як частка Польшчы), якая з цягам часу мяняецца на карысць самастойнасці і незалежнасці беларусаў. Аляксандр Рыпінскі збі­раў літаратурныя помнікі свайго часу. Многія прадстаўнікі шляхты пісалі вершы на макаранічнай мове (змешаная беларуска-польская мова з дадаван­нем беларускіх слоў), асноўная тэма якіх – каханне без узаемнасці. Аляк­сандр Рыпінскі пісаў вершы і балады на польскай і беларускай мовах. Адзін з самых вядомых твораў – балада «Нячысцік» (выйшла ў 1852 г.). Ба­лада сялянская, паказвае як рэальныя, так і нерэальныя падзеі; напісана па­водле народных песень пра няўдачлівага Мікіту; вызначаецца дыдактыч­насцю; праводзіць думку пра неабходнасць стрыманасці, выканання абра­даў у імя захавання сваёй душы і маёмасці. Дзякуючы матэрыялам з архіва Аляксандра Рыпінскага ўдалося ўстанавіць аўтарства паэмы «Тарас на Парнасе».



Ян Чачот (1796–1847) паходзіў з асяроддзя дробнай шляхты. Вучыў­ся ў Навагрудку, пасля ў 1815 г. паступіў у Віленскі універсітэт, які не скончыў праз адсутнасць сродкаў. Настаўнічаў, працаваў у архівах магна­таў. У 1819 г. стаў філаматам, потым – адным з іх кіраўнікоў. У 1823 г. кі­раўніцтва таварыства было арыштавана, а Яна Чачота саслалі ва Уфу, по­тым – у Цвер. Пасля вяртання ў 1833 г. у родныя мясціны працуе чыноўні­кам на Віцебшчыне, потым – бібліятэкарам у адной з прыватных бібліятэк на Навагрудчыне.

Літаратурная дзейнасць падзяляецца на два перыяды:

1) ранні перыяд (філамацкі) да 1823 г.;

2) позні (сталы) перыяд – пасля 1833 г.

У ранні перыяд піша творы на польскай мове (любоўныя вершы і ба­лады), заснаваныя на фальклоры і гістарычных паданнях. Напісаў у гэты час некалькі вершаў на беларускай мове, прысвечаных сябрам-філаматам (творы вызначаюцца рамантычнай летуценнасцю). У позні (сталы) перыяд піша як разважлівы песіміст, працягваючы цікавіцца беларускім фалькло­рам. Збірае песні, хоча перакласці іх на польскую мову, але своечасова ра­зумее, што адметнасць твораў будзе страчана. З 1837 па 1846 гг. Ян Чачот выдаў лацінкай на беларускай мове шэсць тамоў зборніка пад назвай «Ся­лянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны», уключыўшы туды свае вершы на бе­ларускай мове. Вызначальнай рысай твораў з’яўляецца павучальнасць, асу­джэнне чалавечай сквапнасці, п’янства, гаспадарчай нядбайнасці.

Ян Баршчэўскі (1790 (1794, 1796) – 1851) нарадзіўся на Віцебшчыне (Расонскі раён, в. Мурагі) у шляхецкай сям’і. Рана застаўшыся сіратой, ат­рымаў нядрэнную адукацыю. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Ван­друючы па ваколіцах Полацка, зарабляў грошы на вучобу. У 1820-я гады пе­рабраўся ў Пецярбург, дзе правёў каля дваццаці год жыцця і пазнаёміўся са знакамітымі літаратарамі: Адамам Міцкевічам, Тарасам Шаўчэнкам, Мі­калаем Гогалем. Ян Баршчэўскі працаваў гувернёрам, займаўся літаратур­най дзейнасцю. У 1840–1844 гг. выдае альманах «Незабудка» на польскай мове, дзе змяшчаюцца апрацоўкі фальклору, літаратурныя творы, нарысы. Апошнія гады жыцця правёў на поўдні Украіны, у Адэсе, памёр на Валын­шчыне.

Вершы пісаў на польскай і беларускай мовах, прозу – на польскай мо­ве. Першыя беларускамоўныя вершы: «Дзеванька», «Гарэліца». Верш «Дзе­ванька», які напісаны паводле жыццёвага выпадку, лічыцца першым у беларускай паэзіі ХІХ ст. вершам інтымнага характару. «Гарэліца» – спо­ведзь п’яніцы, асуджэнне п’янства. У пачатку ХІХ ст. Ян Баршчэўскі пісаў вершы на польскай мове, у якіх уздымалася тэма кахання, вершы напіса­ныя ў форме элегіі (творы, прасякнутыя сумам).



Дакладна невядомы час напісання паэмы «Бунт хлопаў, ці Рабункі мужыкоў», якая расказвае пра падзеі 1812 г. на Беларусі і ідэалізуе старыя часы, выказвае незадаволенасць становішчам сялянства. Самы знакаміты твор – «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях і каз­ках яе», што выдаваўся ў 1844–1846 гг. Аўтар паказвае характар беларуса, даследуе яго. У пачатку твора ён характарызуе душэўны склад паўночных беларусаў (суровая прырода выклікае меланхалічнасць). Кніга напісана на польскай мове. Шляхціц – аматар фантастычных апавяданняў. Кожная з на­вел сцвярджае пэўную думку. Ян Баршчэўскі ідэалізуе мінулае беларусаў, але пазбягае скразной ідэалізацыі пры паказе свайго часу. У творы высту­паюць героямі як людзі, так і міфічныя істоты: русалкі, ваўкалакі і інш., на­яўнасць якіх дае падставу параўноўваць творчасць Яна Баршчэўскага з творчасцю М. Гогаля і Э.Т.А. Гофмана (так званы беларускі «гафманізм» аўтара). Міфічныя істоты надзелены вялікай сілай, гутарка вядзецца ў але­гарычнай форме пра праблемы сучаснасці. Творы асуджаюць дрэнныя якас­ці чалавечай натуры, якія ўвасоблены ў звышнатуральных сілах. Згодна эс­тэтыцы рамантызму аўтары паказвалі надзвычайныя характары і падзеі.

Тадэвуш Лада-Заблоцкі (1811–1847) нарадзіўся на Сенненшчыне ў шляхецкай сям’і. Дзяцінства прайшло ў спадчынным маёнтку, там атрымаў пачатковую адукацыю. Вучыўся ў Віцебскім вучылішчы, якое не змог скон­чыць праз матэрыяльныя праблемы. Потым паступіў у Маскоўскі універсі­тэт, дзе разам з аднадумцамі арганізаваў тайнае таварыства аматараў сла­веснасці. Туды ўваходзілі людзі, патрыятычна настроеныя і зацікаўленыя літаратурай. У выніку цкавання быў высланы на дваццаць два гады на Каў­каз, дзе ішла вайна рускіх з горцамі. Працаваў на салявых заводах Грузіі. На Каўказе напісаны зборнік вершаў «Паэзія», які выйшаў у 1845 г. на поль­скай мове ў Пецягбургу. У творчасці аўтара пераважаюць тэмы роднага краю, мастацтва, кахання. Ён не толькі перадае настроі і пачуцці лірычнага героя, але і апісвае мясціны, прыродныя з’явы. Шмат вершаў прысвечана Віцебску і яго ваколіцам: «Да Дзвіны», «Даўжанскае возера» і інш.; паэма «Ваколіцы Віцебска» прасякнута захапленнем веліччу роднага краю, ста­ражытнымі каранямі. Аўтар выступаў і ў ролі перакладчыка з італьянскай, іспанскай, цыганскай моў.

Літаратура 1850 – пачатку 1860-х гадоў
У дадзены перыяд вельмі востра стаяла пытанне пра далейшае раз­віццё беларускай літаратуры. Гэта час вялікага грамадскага ўздыму, выклі­канага жаданнем змен і іх чаканнем. Сярэдзіна 1850-х гадоў характары­зуецца паражэннем царызму ў Крымскай вайне, знешняй і ўнутранай палі­тыцы. Большая частка насельніцтва была незадаволена ходам спраў у гра­мадстве: дваранства – знешняй палітыкай, сялянства – унутранай (прыгон­нае права). Месца Мікалая І заняў Аляксандр ІІ, які заявіў пра сябе як пра рэфарматара (адмена прыгоннага права ў 1861 г., рэформы ў галіне адука­цыі і кіравання). Аднак сялянства зямлю не атрымала. У 1863 г. на тэрыто­рыі Польшчы і Беларусі адбылося паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Ка­ліноўскага, накіраванае супраць палітыкі царызму і жорстка падаўленае. Цэнтрамі літаратурнага жыцця сталі: Вільня, Віцебск, Мінск, дзе існавалі групы людзей, што цікавіліся гісторыяй роднай зямлі, сучаснасцю. На чале кожнай групы стаялі таленавітыя людзі (так у Віленскім гуртку галоўную ролю адыгрываў Адам Кіркор). Прадстаўнікі Віленскага гуртка цікавіліся фальклорам, гісторыяй, але не займаліся палітычнай дзейнасцю і не пад­трымлівалі паўстанне 1863 г., бо мелі прапольскую арыентацыю. Віцебскі гурток (старшыня – Арцём Вярыга-Дарэўскі) і Мінскі гурток (старшыня – Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч) мелі не толькі літаратурную, але і палітычную арыентацыю.
Ананімная літаратура
У дадзены перыяд вялікае пашырэнне набыла ананімная літаратура. Творы не друкаваліся, а перадаваліся ў фальклорнай апрацоўцы. Існавалі ананімныя гутаркі, напісаныя ў вершаванай і празаічнай формах. Сярод ананімных гутарак вядомыя: «Вясна гола перапала», «Панаманія», «Гутар­ка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка суседзяў», «Гутарка старога дзеда» і інш. У беларускай літаратуры цэнтрам гутаркі было бытавое здарэнне, чаканне змен, спадзяванне на лепшае, асуджэнне панства. Селянін марыў стаць роў­ным пану і адчуць сябе чалавекам. У пачатку 1860-х гадоў з’яўляюцца ана­німныя паўстанскія песні, якія ўтрымліваюць заклік да змагання і прасяк­нутыя верай у перамогу.

1850 г. пазначаны з’яўленнем паэмы «Мачаха» Адэлі з Устроні. Паэ­ма была знойдзена ў архівах Кракаўскай бібліятэкі ў 1870-х гадах ХХ ст. Рукапіс паэмы няпоўны, аўтарства не ўстаноўлена, бо подпіс «Адэля з Ус­троні» – не што іншае, як псеўданім. Твор напісаны пад моцным уплывам фальклорных традыцый і складаецца з дзвюх частак: першая расказвае пра тое, як малады хлопец хоча плыць на чоўне па Нёмане, яму перашкаджае бура, збіраючы хмары, але хоча дапамагчы бор; другая частка паказвае ма­ладую дзяўчыну ў чаканні свайго каханага. Супраць іх кахання паўстае ма­чаха. Пачынаецца бура, дзяўчына выходзіць з хаты, перажываючы за су­джанага. Рукапіс паэмы не скончаны.





Достарыңызбен бөлісу:
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   32




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет