–1950-х гадоў. Ён цесна звязаны з трагічным пачаткам і з’яўляецца мастацкім сінтэзам таго ўзвышанага, што літаратура 1970-х гадоў імкнулася выявіць у вайне. Умоўна такую форму адлюстравання можна абазначыць як «трагічны рамантызм». Менавіта праз «трагічны рамантызм» I. Шамякін сцвярджае ненатуральнасць стану жанчыны, якая замест свайго спрадвечнага «стваральнага» прадвызначэння павінна разбураць.
Тэма трагічнага лёсу жанчыны на вайне асноўнае і ў аповесці «Гандлярка і паэт» (1975). Твор гэты вызначаецца асаблівым наватарскім зместам, бо ў якасці галоўнай абрана гераіня, зусім не тыповая для літаратуры таго часу, – прадстаўніца сацыяльных нізоў, гандлярка з Камароўскага рынку. У сваім дзённіку I. Шамякін згадвае «мудрых крытыкаў», як яны разносілі аповесць (у Маскве на абмеркаванні прозы!) за тое, што ў яе цэнтры – камароўская гандлярка. Вобраз Вольгі Ляновіч – несумненная знаходка пісьменніка, хоць па задуме, як прызнаўся пазней сам аўтар, ён не меў намеру вылучаць Вольгу на першы план. Першым павінен быў заставацца Паэт. Крытыкай сцвярджалася, што рост самасвядомасці Вольгі Ляновіч адбываўся пад непасрэдным уплывам ідэйна свядомага Алеся Шпака, які далучыў маладую жанчыну да вялікага свету паэзіі, найперш – А. Блока, да неўміручых ідэй вялікага Кастрычніка. I праз гэта зрабіў з Вольгі-гандляркі свядомага барацьбіта з ворагам.
Вобраз Алеся Шпака па ступені мастацкай дасканаласці значна ўступае жывому і рэальнаму вобразу Вольгі Ляновіч. Як і яго папярэднікі, герой ідэальны, заідэалагізаваны, маральна просталінейны, хоць аўтар і імкнецца запэўніць чытача, што Алесь як паэт – натура вельмі чуйная, нават «сентыментальная». Але гэтая чуйнасць, на жаль, застаецца на стадыі аўтарскай дэкларацыі. Першапачаткова ствараецца ўражанне, што Алесь Шпак у нечым паўтарае Сеню Пясоцкага з «Трывожнага шчасця». Тая ж шчырасць, чысціня душы, тая ж непрактычнасць і непрыстасаванасць у жыцці. Толькі гэта вонкавае падабенства. Пясоцкі быў тонкі псіхолаг, ён добра разумеў душу субяседніка, адчуваў боль іншага. Алесь – «паэт» і «рамантык» – гэтага пазбаўлены. Ён так і не ўсвядоміў да канца ўсепаглынальнага страху і болю Вольгі за жыццё і лёс сваёй маленькай дачкі, не адчуў сэрца маці. Асноўным і неабвержным для яго заставалася адно: «Не! Біць, біць іх трэба! Каб зямля пад імі гарэла! Як Сталін казаў...». Дарэчы сказаць, у палоне абстрактнага гуманізму разам з Алесем застаюцца і кіраўнікі гарадскога падполля. Алесь не разумее Вольгу, не разумее яе хістання, бачачы ў гэтым толькі «жаноцкую абмежаванасць». Асуджае «камерцыю» жанчыны, ігнаруючы тое, што ў галодны час ліхалецця гэта таксама можа быць не толькі адна з форм існавання, але і выжывання таксама. Свет Вольгі зусім іншы. Характар жанчыны пазбаўлены ўсялякай зададзенасці. Ён – жывы, рэальны.
У Вольгі была свая праўда – народны практыцызм. Алесь жа быў «незямны, як анёл. Пачуццё патрыятызму Вольгі канкрэтнае. Гэта яе дом, яе сядзіба, яе дзіця і нават яе «рыначныя справы». У асобе Вольгі ўжываецца і гандлярка, і мяшчанка, і Чалавек, і Маці. Як процілегласць Алесю, у свядомасці Вольгі перавышае індывідуальнае, асабістае. Алесь быў не проста мужчына для Вольгі-гандляркі, якая ўсё мерала на «купі і прадай». Пасля больш блізкага знаёмства Алесь увасабляў нейкі зусім іншы свет, асаблівы, прыгожы, незямны. Гэты свет яе прывабліваў, маніў – і нечым ачышчаў. Трагедыя Вольгі ў тым, што яна пакахала Алеся і хацела быць разам з ім, і нават рызыкоўнае заданне, якое было даручана Алесю, узяла на сябе. Такім чынам хацела засцерагчы Алеся і на ворагаў пайшла з гранатай у руцэ найперш таму, што бачыла перад сабой сваю маленькую дачку і праз яе – тых забітых дзяцей, чый абутак вёз прадаваць паліцэйскі.
Наступны свой раман «Вазьму твой боль» (1978) I. Шамякін будуе ў форме «шматгалосага» апавядання. Жыццё сучаснай вёскі пераплятаецца з рэтраспектыўным, праз свядомасць героя, паказам трагічных дзён вайны. Твор шматаспектны, у якім закранаецца разам з праблемамі сацыяльнага развіцця вёскі, праблемы маральна-этычныя: аб адказнасці чалавека перад часам і перад людзьмі, адказнасці фармальнай і сапраўднай. Упершыню ў прозе пісьменніка вобраз памяці як адзін з распаўсюджаных структурных элементаў уздымаецца да ўзроўню філасофскага абагульнення і ўспрымаецца як катэгорыя духоўная, як сімвал памяці народнай, памяці ачышчальнай і трагічнай адначасова.
У пачатку рамана побытавае, будзённа-рэалістычнае пераплятаецца з рамантычнымі матывамі, якія прыўносяцца ў асноўным вобразам Таісы Міхайлаўны. Неабходна заўважыць, што ў «Гандлярцы і паэце» гэтыя матывы таксама існавалі, але прырода рамантычнага «Гандляркі» была, па сутнасці, абстрактна-нежыццёвай, «кніжнай», аб чым сведчыць вобраз Алеся Шпака, у той час як рамантызм Таісы Міхайлаўны – зямны, «рэальны» – гэта найперш лірычная мара, узнёслае памкненне да незнаёмага прыгожага жыцця. Да таго ж рамантычнае ў рамане паступова ўсё больш будзе выцясняцца рэалістычным.
Галоўны герой – калгасны механізатар Іван Батрак. Жыццё Івана Батрака і яго паводзіны нічым адметным не вылучаліся на фоне агульнага вясковага жыцця. Чалавек працавіты і надзвычай сумленны, ён быў тым ідэальным героем, да якога імкнулася савецкая вясковая проза. Гэтыя людзі моцна стаялі на зямлі, бо як ніхто іншы, сэрцам, душою адчувалі яе пах, бачылі і навакольную прыгажосць свайго краю. Іван любіў жыццё, хацеў жыць і быў шчаслівы – у сям’і, у працы, у каханні, у стаўленні людзей да сябе. Але ўся гэтая гармонія – унутраная, душэўная і «сацыяльная» – разбурылася імгненна і нечакана, шэптам калегі і сябра Шчэрбы: «Чуў навіну? Шышка вярнуўся». Батрак адразу нават не паспеў асэнсаваць паведамленне Шчэрбы, рэакцыя адбылася знешняя, на ўзроўні біялагічным: «Ударыла кроў у патыліцу, у скроні, у твар. Зазвінела ў вушах. Калыхнуліся і паплылі ўдалеч усе, хто сядзеў у прэзідыуме».
Аб’ектывізаванае аўтарскае апавяданне перапыняецца суб’ектывіраваным – плынню свядомасці героя, рэтраспектыўным адлюстраваннем падзей. Рэтраспекцыі ў творы неабходны аўтару і для таго, каб адлюстраваць адзін з жудасных эпізодаў вайны, і яшчэ больш для таго, каб дадаткова выпрабаваць чалавечыя характары, каб зразумець і вызначыць іх маральную сутнасць. Плынь свядомасці арганічна спалучаецца з плынню самога жыцця, больш таго, як апавядальны пласт яно становіцца дамінуючым у адлюстраванні псіхалагічнага стану героя. Трагедыя Івана Батрака не толькі ў тым, што на яго з вяртаннем Шышковіча абрынулася пякельная памяць вайны, але ў значнай ступені яшчэ і ў тым, што яго боль, а дакладней, глыбіню гэтага болю не разумеюць і не падзяляюць людзі. Не зусім разумее душэўныя пакуты Івана і яго жонка Таіса Міхайлаўна. Тады Батрак аддаляецца і ад жонкі. Дыялектыка пачуццяў героя, яе індывідуальнае і асаблівае праяўленне адлюстроўвае ўнутраную драму Івана. Характар узбуйняецца, унутрана напаўняючыся вялікім маральным зместам.
Пасля выхаду ў свет рамана «Вазьму твой боль» крытыкай аспрэчваўся фінал твора. Сам аўтар адзначаў наступнае: «...Вельмі цяжка даўся фінал, я перапісваў яго пяць разоў, першапачатковы варыянт, калі Таіса забівае Шышковіча, «зарэзалі» рэдактары». Праўда, пазней, пры выхадзе рамана асобнай кніжкай, I. Шамякін вярнуўся да першапачатковага варыянту. Каб зразумець да канца характар і матывы паводзін Таісы Міхайлаўны, вобраз гэты неабходна разглядаць у кантэксце творчасці пісьменніка. Шамякінская жанчына – найперш жанчына талстоўскага тыпу, для якой муж, сям’я, дзеці заўсёды былі мэтай яе існавання, цэнтрам мікрасусвету. Дзеля сваёй сям’і яна гатова пайсці на ўсё, на самыя неверагодныя ахвяраванні, бо сям’я – гэта частка яе самой.
У рамане «Вазьму твой боль» закранаецца шэраг іншых праблем і канфліктаў сучаснай вёскі, складанасці партыйнага кіраўніцтва, тыповыя для шамякінскай прозы праблемы бацькоў і дзяцей, крытыкуюцца бюракратычныя і чыноўніцкія паводзіны кіраўнікоў розных узроўняў, закранаюцца праблемы вясковай інтэлігенцыі і іншае. Другімі словамі, пісьменнік стварыў шырокую панараму жыцця вёскі з яе невычэрпным духоўным патэнцыялам і разам з тым – са спрошчанасцю разумення жыцця.
У 1970 г. да ленінскага юбілею выходзяць аповесці «Першы генерал» (першапачатковая назва «Лёс майго земляка») і «Браняносец «Таварыш Ленін». У 1971 г. I. Шамякін стварае кінааповесць «Эшалон прайшоў». У той жа час выходзіць шэраг апавяданняў, найбольш значныя з якіх – «Матрос з «Алега», «Хлеб», «Дубы». Пазней, ужо ў канцы 1980-х гадоў, аўтар напіша п’есу «Стратэгія» з аналагічнай тэматыкай. У гэтых творах пісьменнік адыходзіць ад традыцый псіхалагічнага пісьма, характэрнага для аповесці «Гандлярка і паэт» і рамана «Вазьму твой боль», і зноў звяртаецца да рамантычна-ўзнёслай прозы ў многім псіхалагічна спрошчанай, ідэалізаванай. У аповесці «Першы генерал», кінааповесці «Эшалон прайшоў», апавяданні «Дубы» асноўная сюжэтная лінія ствараецца праз гісторыю характару галоўнага героя, яго фарміраванне і рост, калі ўзровень індывідуальнай самасвядомасці падцягваўся аўтарам да ўзроўню афіцыйнай грамадскай свядомасці. У творах славіцца правадыр рэвалюцыі У. Ленін, яго празмерная дабрыня, чалавечнасць, фантастычная адданасць простаму народу, славяцца людзі, якія рабілі рэвалюцыю і падтрымлівалі У. Леніна. Герой абрамляецца рамантычным арэолам святасці, наогул усё апавяданне афарбоўваецца рамантычным светам, прасякнуга ўзнёслым стылем.
У 1981–1983 гг. выходзіць найбольш значны твор ленінскага цыклу – раман «Петраград-Брэст». Да гэтага рамана, як сказаў пісьменнік, ён падступаў «доўга і, можа, нават залішне асцярожна». Галоўная адметнасць твора, у параўнанні з папярэднімі аналагічнай тэматыкі, – паглыбленне псіхалагізацыі галоўных герояў. Аўтар стаіць на цвёрдай пазіцыі ўслаўлення ідэі кастрычніцкай рэвалюцыі, ідэй У. Леніна. Пісьменнік стварае ўвогуле тыповага для сваёй творчасці героя-рамантыка, героя-ідэаліста, які, прайшоўшы праз акопы і смерць грамадзянскай вайны і далучыўшыся да вялікай ідэі рэвалюцыйнага пераўтварэння свету, у фінале набывае якасці стойкага бальшавіка-ленінца.
Пасля ленінскай тэмы ў I. Шамякіна назіраецца творчая паўза. Патрабаваўся, відаць, пэўны час, каб пісьменнік адышоў ад гісторыі, уключыўся ў больш блізкае, знаёмае яму самому жыццё. Але паступова ён усё ж уцягваўся ў працу. Застаючыся ў палоне рамантычнага светаўспрымання, I. Шамякін стварае раман «Зеніт» (1987). У гэтым творы пісьменнік зноў вяртаецца ў сваё вогненнае юнацтва. Як сведчыць сам аўтар, раман «Зеніт» гэтак жа, як і ранейшая аповесць «Агонь і снег», пабудавана на рэальнай аснове. Вобразы герояў таксама маюць рэальных прататыпаў. Але пры сваёй агульнай рэальнай аснове «Зеніт» у плане стылёвым значна адрозніваецца ад папярэдняй аповесці. Успаміны пісьменніка ў сталым узросце набылі адценне нейкай настальгічнай замілаванасці, часам нематываванай сентыментальнасці. Павел Шыянок, «я-герой», апавядае пра вайну, але яго ўспаміны, «што цёплае мора, яно прываблівае, з яго не хочацца вылазіць». У адносінах да людзей, да сваіх падначаленых, а гэта галоўным чынам дзяўчаты-зенітчыцы, Павел заўсёды імкнуўся быць далікатным, добразычлівым, а стаўшы камсоргам, «ён ні разу не павысіў голас на сяржанта ці радавога, а тым больш – на дзяўчат». Надзелены пачуццём абвостранага маральнага максімалізму, ён такой жа чысціні патрабуе і ад іншых.
Рэалістычнымі ў рамане выглядаюць характары дзяўчат. Рэчаіснасць адлюстроўваецца апавядальнікам такой, як хацелася яе бачыць герою-рамантыку, – палепшанай і разам з тым у нечым спрошчанай, узведзенай у ступень «бацькоўска-сыноўніх» адносін. Гэта значыць, ужо ў самой форме адлюстравання закладзена абмежаванне, «неглыбіня» як бы запраграміравана ў самім прынцыпе адлюстравання рэчаіснасці – праз апавядальніка-рамантыка.
I. Шамякін вядомы не толькі як аўтар буйных празаічных твораў, але і кароткіх апавяданняў. У яго выйшла некалькі зборнікаў апавяданняў «На знаёмых шляхах» (1949), «У Маскву» (1950), «Дзве сілы» (1951), «Апавяданні» (1952), «Першае спатканне» (1956), «Матчыны рукі» (1961), зборнік апавяданняў і аповесцей «Вячэрні сеанс» (1968). «Малая проза» пісьменніка шматстайная тэматычна, стылёва і жанрава. Гэта могуць быць творы сюжэтныя («Матрос з «Алега», «Хлеб»), у аснову якіх пакладзена вострая сітуацыя; бессюжэтныя («Дубы», «Дзівак чалавек»), дзе адлюстроўваецца характар чалавека. У аснову апавядання можа быць пакладзена псіхалагічная замалёўка («Бацькаў гонар»), прытча («Матчыны рукі»), маральны выбар («Гонар», «Вясновымі днямі»). Малюючы розныя праявы аб’ектыўнай гісторыі і жыцця чалавека, аўтар імкнецца сцвердзіць стойкага барацьбіта за ідэі савецкай улады, маральны ідэал камуніста.
Звяртаўся I. Шамякін і да драматургічнага жанру. Сацыяльна-бытавая драма «Не верце цішыні» (1957) па зместу нагадвае прыгодніцкую. Блізка да яе стаіць драма «Дзеці аднаго дома» (1966–1967), пазначаная пісьменнікам як гераічная. Гэты тыповы твор сацыялістычнага рэалізму, у якім услаўляецца патрыятызм дзяцей, іх гатоўнасць забіваць фашыстаў. Маральныя праблемы вясковай інтэлігенцыі разглядаюцца ў камедыі «Выгнанне блудніцы» (1961) і сацыяльна-псіхалагічнай драме «Экзамен на восень» (1972–1973), а таксама ў камедыі «Баталія на лузе» (1972), псіхалагічнай драме «I змоўклі птушкі» (1976).
Спрабаваў свае сілы I. Шамякін і ў галіне кінамастацтва. Ім створаны дзве кінааповесці «Не той гонар» (1965), якая тэматычна і стылёва набліжаецца да рамана «Крыніцы», і гісторыка-рэвалюцыйная – «Эшалон прайшоў».
Рэзкія змены ў грамадскім жыцці, што адбыліся ў другой палове 1980-х гадоў, выклікалі да жыцця новую літаратуру. Пісьменнікі паступова пачынаюць пазбаўляцца ад ідэалагічнага прэсінгу і партыйнага запрыгоньвання. Праўда, у светапогляднай і эстэтычнай сістэмах I. Шамякіна распачатая ў краіне перабудова не выклікала сутнасных змен. Можна толькі адзначыць пэўнае ўзмацненне крытычнага пафасу. Яго проза пазбаўляецца ад празмернага рамантызаванага арэолу і зноў вяртаецца ў рэчышча псіхалагічнага рэалізму. Паглыбленым аналітычным зместам пазначана наступная яго аповесць «Драма» (1988). Аўтар пашырае сферу драматычнага пачатку. У аснову твора пакладзены незвычайны сацыяльна-маральны канфлікт. Драматычнае ў апавяданні выяўляецца праз аўтарскае гумарыстычнае слова, якое па меры апавядання паступова набывае якасці сатыры, сарказму, асабліва калі са сферы маральнай пераходзіць у сацыяльную. Пісьменнік прыходзіць да сінтэзу аналітычных і дынамічных форм характараў герояў. I. Шамякін вяртаецца да ўлюбёнай тэмы партыйнай інтэлігенцыі. Але на гэты раз галоўным аб’ектам мастацкага даследавання становіцца жанчына. I ў гэтым заключаецца адметнасць твора. Сацыяльныя функцыі жанчыны ён часцей за ўсё абмяжоўваў сям’ёй і мацярынствам. У гэтых адносінах ён досыць красамоўна выказаўся ў рамане «Петраград-Брэст» вуснамі героя твора, які хацеў бачыць у асобе жанчыны «толькі жанчыну, створаную для кахання, для шчасця, для дзяцей».
Галоўная гераіня аповесці «Драма» Ала Уладзіславаўна Наліцкая зусім не адпавядае пазначанаму раней пісьменнікам ідэалу. Адзінокая трыццацішасцігадовая Ала Уладзіславаўна толькі што прызначана першым сакратаром гаркама. Гэта «сярэдняга росту, стройная – «што маладая сасонка», элегантная, з густам адзетая, модна прычасаная» жанчына. Жыццё і характар спрыялі імкліваму прасоўванню Наліцкай па службе. Яна ўмела паводзіла сябе з людзьмі, была ў меру самакрытычнай і ганарлівай. Іншымі словамі, аўтар прадстаўляе не проста жанчыну, а жанчыну-функцыянера. Унутраны спакой Наліцкай і яе ўпэўненасць у сабе парушыла не перабудова, што неўзабаве пачалася ў дзяржаве, а сустрэча з Ліхачом, з якім яна яшчэ ў студэнцкія гады мела нейкія не зусім зразумелыя адносіны. Яе жаданне зыходзіць з фізіялагічнай патрэбнасці. У гэтым і бачыць аўтар драму савецкай жанчыны-функцыянера, праца якой, служэнне партыі пазбавілі яе адвечна жаночага, «прыроднага» – кахання і мацярынства. Маральны канфлікт аповесці паступова перарастае ў сацыяльны. Па віне Наліцкай гіне Ліхач. Праўда, віна яе ў гэтым жудасным забойстве ўмоўная. Як умоўная віна і непасрэднага ўдзельніка падзей маёра міліцыі Мігуна. З Ліхачом жорстка расправілася існуючая камандна-бюракратычная сістэма. Наліцкая, ды і Мігун таксама, па сутнасці, з’яўляюцца прадуктам гэтай сістэмы, яе «выканаўчымі вінцікамі» – занадта паслухмянымі і дысцыплінаванымі.
Асаблівым крытычна-аналітычным зместам вылучаецца наступная рэалістычная аповесць I. Шамякіна «Ахвяры» (1990). Аўтар зноў скіроўвае свой позірк у вайну, звяртаецца да тэмы «асобых» атрадаў і іх ролі ў партызанскім руху. Тэма ўвогуле не новая ў беларускай літаратуры. Раней В. Быкаў закранаў яе ў аповесцях «Мёртвым не баліць» і «Праклятая вышыня». А. Адамовіч у дылогіі «Партызаны» таксама звяртаў на гэта ўвагу. Аповесць І. Шамякіна адметная тым, што пісьменнік імкнецца даследаваць у ёй не столькі саму гэту злачынную з’яву, колькі яе псіхалогію.
Маёр дзяржбяспекі Золатаў у сваей дзейнасці, як слушна адзначыў крытык А. Марціновіч, «самы што ні на ёсць вораг. Нават больш страшны, чым фашысты». Нікому не падпарадкоўваўся, ён быў прадстаўніком Берыі і толькі яму даваў справаздачу. Галоўная задача Золатава была не столькі збіраць разведдадзеныя, колькі «партызан браць пад свой кантроль, каб не забываліся, што існуюць органы дзяржбяспекі». Рэпрэсіўная машына працавала нават пад фашысцкімі кулямі. Фігура Золатава выпісана аўтарам у псіхалагічным плане дасканала. Як і быкаўскі Сахно («Мёртвым не баліць»), маёр жорсткі прагматык і прыстасаванец. Людзі тыпу Сахно і Золатава нікому не давяралі, «ні арыштаванаму, ні начальніку, ні сябру, ні жонцы, да ўсіх ставіліся з падазронасцю». Але, спакойна забіваючы іншых, яны аж занадта дбалі аб сваім жыцці. Галоўнае для іх – выслужыцца. I самае страшнае, што гэтыя людзі заўсёды шчыра верылі, што іх роля ў дзяржаве адна з галоўных.
Паглыбляючы крытычны пачатак апавядання, узмацняючы яго трагічнае гучанне, I. Шамякін па-ранейшаму застаецца на пазіцыях сцвярджэння гуманізму сацыялістычнага ладу жыцця, – гэтым яго творчасць пачатку 1990-х гадоў канцэптуальна адрозніваецца ад творчасці шэрагу беларускіх і рускіх пісьменнікаў.
Новае паглыбленне трагічнай тэмы назіраецца ў наступным рамане I. Шамякіна «Злая зорка» (1991). Твор гэты можна лічыць адным з найбольш сінтэтычных твораў сталага пісьменніка. Аўтар у ім паспяхова працягвае эпічныя традыцыі, заяўленыя яшчэ ў «Гандлярцы і паэце» і асабліва ў рамане «Вазьму твой боль». Пісьменнік звяртаецца да тэмы Чарнобыля і звязанай з ёю тэмы Афганістана. Упершыню ў творчасці пісьменніка загучаў матыў унутранай нязгоды аўтара з палітыкай партыі ў дачыненні да простага чалавека, народа ў цэлым. Шляхам кантрастаў і светаценяў, узаемадзеяння лірычнага і рамантычнага, рэалістычнага і драматычнага пісьменнік уздымаецца да адлюстравання найглыбокай трагедыі ўсяго беларускага народа. Праз трагедыю асобнага чалавека і сям’і прачытваецца трагедыя ўсёй Беларусі. Твор сведчыць, што патэнцыяльныя магчымасці мастака яшчэ далёка не вычарпаны, ён настойліва працягвае эстэтычныя пошукі, шукае новыя стылявыя формы для рэалізацыі сваіх творчых ідэй.
Складаныя і супярэчлівыя змены ў грамадстве канца 1980 – пачатку 1990-х гадоў былі ўспрыняты пісьменнікам неадназначна. Мастак сацыялістычнага светапогляду, ён не разумеў і не прымаў новых адносін паміж людзьмі. І. Шамякіна-мастака пакідае гістарычны аптымізм, які быў уласцівы для ўсёй яго папярэдняй творчасці. Пісьменнік у новых умовах не бачыць перспектывы духоўнага росту чалавека. Разам з тым, менавіта гэтыя акалічнасці грамадскага жыцця паспрыялі новаму творчаму ўздыму мастака. Адна за другой выходзяць у свет аповесці: «Раradies аuf Еrden», «Вернісаж. «Аповесці Івана Андрэевіча» (1993), «Сатанінскі тур» (1993), «Падзенне» (1994), «Адна на падмостках» (1994), «Бумеранг» (1995), «Без пакаяння» (1995). Усе гэтыя творы прысвечаны праблемам сучаснага жыцця, да якога аўтар ставіцца рэзка адмоўна і адлюстроўвае яго з вялікім выкрывальным пафасам. Галоўны герой «Аповесці Івана Андрэевіча» пісьменнік-інтэлігент так характарызуе сучаснае грамадства: «Хаос. Не, не хаос. У хаосе ёсць завяршэнне, пачатак і канец... А я не бачу канца нашага развалу... грандыёзны сметнік «вялікай дэмакратыі».
Адлюстроўваючы трагедыю герояў-інтэлігентаў, якія шчыра верылі ў сацыялістычныя ідэалы, I. Шамякін піша і сваю трагедыю мастака, які не можа прыняць новыя сацыяльныя і грамадскія ідэі. Пісьменнік адмаўляе грамадства, якому не патрэбна культура і дзеячы культуры. У аповесці «Сатанінскі тур» жыццёвыя рэаліі пададзены на ўзроўні гратэску – так жа, як і ў «Аповесцях Івана Андрэевіча». Гэтыя творы можна аднесці да літаратуры абсурду. Аўтар стварае асаблівую мадэль жыцця, у якім галоўную ролю адыгрываюць «не людзі, а пачвары, монстры». Незвычайнасць у вызначэнні жанру абумоўлена спецыфічнымі мастацкімі мэтамі. У сувязі з гэтым можна адзначыць і плакатную завостранасць аўтарскіх ідэй, і сімвалічную абагульненасць апавядання ў цэлым. Публіцыстычная сістэма аргументацыі, своеасаблівы ўмоўна-дэкаратыўны стыль прадыктавалі і форму адлюстравання вобразаў. Персанажы твораў паўстаюць не столькі ў якасці жывых характараў, колькі ўмоўных вобразаў-сілуэтаў пэўных ідэй. Асабліва гэта датычыць «Аповесцей Івана Андрэевіча». Астатнія ж творы, з пазначаных вышэй, напісаны ў больш традыцыйным для I. Шамякіна ключы сацыяльна-псіхалагічнай і сацыяльна-аналітычнай прозы.
Іван Мацвеевіч Жыгуновіч, галоўны персанаж аповесці «Бумеранг», як і яго папярэднікі, таксама належыць да герояў «учарашняга дня». Але разам з тым у гэтым вобразе закладзены ўжо іншыя матывы, галоўны з якіх – матыў вінаватасці чалавека, які адступіўся ў сваім жыцці ад галоўнай хрысціянскай запаведзі «не забі». Жыгуновіч некалі разам з іншымі гулагаўскімі вязнямі працаваў над падарункам Сталіну. Ствараючы першую атамную бомбу, вучоныя гулага, сярод якіх быў і Іван Мацвеевіч, вырашылі падараваць «бацьку ўсіх народаў» пісьмовы прыбор, начыніўшы яго радыёактыўнымі элементамі. Такім чынам, Жыгуновіч таксама грэшнік, за што і нясе цяпер пакаранне, самае невыноснае для сябе як бацькі: ад прыбора, які ўвесь гэты час захоўваўся ў музеі, захварэла на прамянёвую хваробу яго дачка Алена.
Евангельска-хрысціянскія матывы – гэта новая ўласцівасць мастацкай свядомасці I. Шамякіна, хоць у той жа час і заканамерная. Пісьменнік з адметным гуманістычным стаўленнем да людзей, ён заўсёды змагаўся за маральную чысціню чалавека. Цяпер жа празаік падыходзіць да праблемы маральнай адказнасці чалавека як абсалютнай і бескампраміснай, адказнасці агульначалавечай, хрысціянскай.
У цэнтры аповесцей «Падзенне» і «Без пакаяння» стаяць ужо іншыя дзеючыя асобы, прадстаўнікі новай генерацыі, але таксама героі трагічнага кшталту, бо, на думку пісьменніка, яны не маюць гістарычнай перспектывы свайго развіцця. Маральнае падзенне Рамана Юшкоўскага, супрацоўніка рэспубліканскага прамысловага камітэта («Падзенне»), пачалося незаўважна для яго самога, з сустрэчы са сваім былым школьным і інстытуцкім сябрам Маратам Вістуном, цяпер прэзідэнтам вядомай маскоўскай камерцыйнай фірмы. Раман выхаваны дзедам, старым бальшавіком-гулагаўцам, у крыштальнай сумленнасці. Яшчэ працуючы ў райкаме партыі, вёў бязлітасную барацьбу з тымі, хто краў, браў хабар. Насцярожана ставіўся герой і да з’яўлення новага класа – наваяўленых капіталістаў, ці, як называў іх Вялікі Дзед, «паразітаў», за іх хабарніцтва, несумленнасць, уседазволенасць. Здавалася, нішто не пагражае маральнай свабодзе Рамана. Ён «радаваўся, што акрамя ўнутраных, у яго есць і такія моцныя тармазы – жонка, дачка, дзед», якія абароняць яго, не дазволяць пераступіць праз маральныя прынцыпы, якімі ён кіраваўся ўсё сваё папярэдняе жыццё. Але маральнае балота здолела засмактаць і Рамана: толькі два дні ліхаманіла героя сумленне пасля таго, як Марат Вістун пакінуў у яго кабінеце «дыпламат» з грашыма. Нават не ліхаманіла, «не, трохі пасмактала душу, як дзіця пустышку, і... заснула – сумленне заснула». Трагізм героя ў тым, што ён нарэшце разумее, у якім становішчы апынуўся, у які маральны тупік зайшоў сам і завёў сваіх блізкіх. Аўтар судзіць свайго героя жорстка, без права на рэабілітацыю.
Аповесць «Падзенне» – гэта твор не толькі аб маральным падзенні асобнага чалавека, але ў першую чаргу аб маральным падзенні дзяржавы, якая ў сваёй прадажнасці зайшла ў тупік, з якога пісьменнік выйсця не бачыць.
Як працяг тэмы падзення разглядаецца характар Казіміра Анкуды, галоўнага героя аповесці «Без пакаяння». Уласнік трох магазінаў Казік страляе ў хлопчыка за тое, што апошні ўкраў у яго батон белага хлеба. Забойства падлетка вывела Анкуду са звыклай каляіны. Ён, сын вёскі і выхаванец савецкай школы, як сведчыць аўтар, яшчэ не зусім маральна дэградаваў. Недзе падсвядома ў душы героя ідзе барацьба, якая і падштурхоўвае яго да пакаяння. Казімір Пятровіч гатовы прыняць пакаянне перад жонкай, маці і нават Богам у царкве. Толькі аўтара гэта ўжо задаволіць не можа. Яму патрабуецца поўнае, абсалютнае пакаянне – перад людзьмі. Такога пакаяння герой здзейсніць не можа. На гэта ў яго не хапае мужнасці і сіл. Казік Анкуда – не толькі герой свайго часу, але і яго ахвяра. Ён трагічны вінцік таго сацыяльнага механізму, які нясе свету хаос і разбурэнне. Пісьменнік адмаўляе гэтаму хаосу людзей, ён не бачыць за імі будучыні, бо менавіта новыя гаспадары адракліся ад мінулага, груба перарвалі сацыяльную гармонію свету.
Напружаныя эстэтычныя пошукі пісьменніка працягваліся. У 1996 г. выйшлі ў свет адразу тры творы: гістарычны раман «Вялікая княгіня», аповесці «Палеская мадонна» і «Выкармак». Адметнасцю «Вялікай княгіні» з’яўляецца тое, што гэты твор мае цесную сувязь з сучаснасцю. У гісторыі і праз гісторыю пісьменнік намагаецца вырашыць праблемы дня сённяшняга, робячы гэта абвострана публіцыстычна. У гісторыі I. Шамякін спрабуе знайсці сваю эстэтычную мадэль духоўнасці. Пісьменнік у рамане працягвае традыцыі
Достарыңызбен бөлісу: |