Пераклад Пятра Бітэля, колішняга праваслаўнага святара і паэта, паўстаў у першай палове 1950-х гадоў ужо ў савецкім ГУЛАГу, у лагерах паблізу расійскага Кемерава і казахскага Джэзказгана, але ўпершыню быў цалкам апублікаваны толькі ў 1998 г. У сярэдзіне 1980-х гадоў быў выдадзены пераклад вядомага беларускага майстра Язэпа Семяжона. Цягам апошніх пяці гадоў з’явіліся два поўныя пераклады «Дзядоў», выкананыя Сержам Мінскевічам і Кастусём Цвіркам. Пераклады «Гражыны» здзейснілі Сяргей Дзяргай і Пятро Бітэль; апошняму належаць таксама пераклады «Дзядоў» і «Конрада Валенрода». Паасобныя вершы, балады, байкі, публіцыстыку і лісты Адама Міцкевіча на беларускую мову пераклалі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Васіль Сёмуха, Кастусь Цвірка, Уладзімір Мархель, Ірына Багдановіч, Юрка Гаўрук, Язэп Семяжон, Аляксей Зарыцкі, Анатоль Вялюгін, Міхась Скобла ды іншыя. Грунтоўныя працы прысвяцілі Адаму Міцкевічу літаратуразнаўцы, гісторыкі Алег Лойка, Сымон Брага (В. Тумаш), Станіслаў Станкевіч, Уладзімір Мархель, Кастусь Цвірка, Леў Мірачыцкі, Сымон Барыс. Свае творы ў вянок вялікаму паэту-земляку ўплялі тыя ж Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Алег Лойка, а таксама Язэп Пушча, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Данута Бічэль, Міхась Стральцоў, Вольга Іпатава, Эдуард Акулін, Людміла Рублеўская і яшчэ шмат хто з сучасных паэтаў нашай краіны. Вобраз песняра ўвасоблены ў творах Валянціна Ваньковіча, Анатоля Анікейчыка, Сымона Геруса, Васіля Шаранговіча, Уладзіміра Пасюкевіча, Андрэя Заспіцкага, Валяр’яна Янушкевіча, іншых бела-Рускіх майстроў выяўленчага мастацтва.
Кастусь Каліноўскі (1838–1864)
Вікенцій-Канстанцін Сямёнавіч Каліноўскі нарадзіўся ў 1838 г. у шляхецкай сям’і, якая была даволі забяспечанай, але шматдзетнай. Рана застаўся без маці, таму рос пад уплывам старэйшага брата Віктара. Спачатку Каліноўскі вучыўся ў гімназіі, а ў 1855 г. паехаў у Маскву вучыцца на юрыдычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Потым едзе ўслед за братам Віктарам у Пецярбург на юрыдычны факультэт. За час вучобы Каліноўскі пасябраваў з людзьмі, што ненавідзелі царскі ўрад і марылі пра свабоду Радзімы. Пры сталічным універсітэце існавалі студэнцкія зямляцтвы, якія аб’ядноўвалі людзей адной мясцовасці ці краю (так існавала аб’яднанне «Агул», у якое ўваходзілі беларусы, украінцы, палякі, літоўцы). Каб застацца ў сталіцы, Каліноўскі вырашыў пісаць дысертацыю па гісторыі, якую абараніў у 1861 г. Перад самым уладкаваннем у сталіцы Кастусь едзе ў Вільню і рыхтуе паўстанне, для яго пачынаюцца часы вандровак і выпадковых заробкаў. Пад псеўданімам «Васіль Світка» стварае паўстанскі камітэт, праводзіць агітацыю і наладжвае выпуск газеты «Мужыцкая праўда» летам 1862 г. Усяго выйшла сем нумароў газеты: шэсць – у 1862 г., адзін – у 1863 г. Усе матэрыялы былі аднатэмныя, газета нагадвала прапагандысцкі лісток. Пасля падаўлення паўстання Кастусь памылкова лічыў, што яно можа ўзнавіцца ў 1864 г. У студзені 1864 г. паліцыя арыштавала маладога дваццацігадовага чалавека Вітальда Парафіяновіча, які выдаў арганізатараў паўстання і прозвішча, пад якім хаваўся ў Вільні Каліноўскі. Паліцыя знайшла настаўніка Ігната Вітаржэнца, які на самой справе і быў Каліноўскім. Пасля непрацяглага следства суд прызначыў Кастусю Каліноўскаму пакаранне – смерць праз павешанне, якое было здзейснена ў сакавіку 1864 г. на Лукішскай плошчы ў Вільні.
У гісторыю беларускай літаратуры Кастусь Каліноўскі ўвайшоў як аўтар і выдавец газеты «Мужыцкая праўда» і аўтар «Пісьма з-пад шыбеніцы». Пад агітацыйным псеўданімам «Яська – гаспадар з-пад Вільні» Каліноўскі даносіў да чытачоў усё тое, што меў на мэце сказаць. Асноўнымі тэмамі газеты былі:
1) тэма барацьбы за зямлю і волю;
2) тэма антынароднай палітыкі царскага ўрада;
3) несправядлівасці царскага суда;
4) тэма гістарычнай крыўды беларусаў.
Ідэалам Каліноўскага было змаганне за зямлю і волю, зямля бачылася Каліноўскаму ўмовай сапраўднай свабоды. Звяртаўся да мінулага беларусаў у імя абуджэння нацыянальнай годнасці, да гісторыі славянскіх плямёнаў, каб даказаць варожасць царскага рэжыму. Адмоўна паказваецца на старонках газеты шляхта, крытыкуецца рэформа 1861 г. Каліноўскі быў прыхільнікам свабоды веравызнання. З турмы ён перадаў «Пісьмо з-пад шыбеніцы» (поўная назва «Да беларускага народа пісьмо з-пад шыбеніцы Кастуся Каліноўскага»), якое ўтрымлівала развагу пра канец царскага рэжыму, сродкі барацьбы і саюз са славянскімі народамі.
Дадзены твор складаецца з дзвюх частак: вершаванай і празаічнай. Вершаваная частка пачынаецца радкамі: «Марыська чарнаброва, галубка мая…». Гэтым зваротам аўтар пераконвае ў станоўчым выніку барацьбы. У дадзенай частцы спалучаецца лірыка і публіцыстыка. Да гэтага часу вядуцца спрэчкі наконт таго, каму адрасаваны ліст: вобраз Марыські можа з’яўляцца алегарычным вобразам Радзімы-маці ці канкрэтнай асобы, бо ў Каліноўскага было дзве знаёмыя Марыі (дачка гаспадыні кватэры, дзе ён жыў, і нявеста Марыя Ямант).
Асоба Кастуся Каліноўскага заўсёды прываблівала навукоўцаў і літаратараў: адны лічылі яго сцягам беларускага адраджэння, іншыя прыпісвалі Каліноўскаму спробы ідэалізаваць беларускую буржуазію. Да 100-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага напісаны два творы: драма М. Міронава «Кастусь Каліноўскі» і паэма М. Танка «Кастусь Каліноўскі», якія паказваюць дзеяча як чалавека-змагара. Беларускія класікі не абышлі ўвагай постаць знакамітага земляка. У. Караткевіч прысвяціў яму верш і драму «Кастусь Каліноўскі», раман «Каласы пад сярпом тваім», паўстанню прысвячалі свае творы А. Якімовіч і А. Куляшоў. Асэнсаванне характару Кастуся Каліноўскага больш яскрава прасочваецца ў творах У. Караткевіча «Кастусь Каліноўскі» і А. Куляшова «Хамуціус».
3. Слоўнік паняццяў
Бурлескна-травесційныя творы
|
(ад іт. «бурлеска» – жарт і французскага «травесці» – пераапранаць) – творы парадыйна-сатырычнага зместу, у якіх героі камічна пераапранаюцца ў звычайнае простанароднае адзенне.
|
Гіпербала
|
(ад грэч. «пераход», «перавес», «перабольшанне») – зварот мовы, які заключаецца ў празмерным перабольшанні з’явы ці падзеі для мацнейшага ўражання.
|
Класіцызм
|
(ад лац. «першакласны») – накірунак у мастацтве і літаратуры, які бярэ пачатак з Заходняй Еўропы ХVІ–ХVІІІ стст. і заключаецца ў прыпадабненні антычным формам.
|
Макаранічная мова
|
змешаная беларуска-польская мова з прымессю беларускіх слоў, якая выкарыстоўвалася ў вершах беларуска-польскіх аўтараў.
|
4. Матэрыялы, выкарыстаныя ў працэсе навучання і кантролю
4.1 Матэрыялы да лекцыі
План лекцыі:
1. Асаблівасці стварэння паэмы «Энеіда навыварат».
2. П. Багрым і яго верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы».
3. Грамадска-літаратурная атмасфера 1830–1840-х гадоў ХІХ ст.
4. Творчасць беларуска-польскіх пісьменнікаў (А. Рыпінскі, Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, Т. Лада-Заблоцкі).
5. Літаратура 1850 – пачатку 1860-х гадоў ХІХ ст.: асаблівасці ўзнікнення і развіцця.
6. Літаратурная дзейнасць А. Вярыгі-Дарэўскага, А. Кіркора, В. Каратынскага, У. Сыракомлі.
7. Кастусь Каліноўскі і яго час.
4.2 Пытанні да лекцыі
1. У чым заключаецца грамадскія і літаратурныя асаблівасці атмасферы дадазенага перыяду?
2. Каго варта аднесці да прадстаўнікоў краёвай школы польскага рамантызму ў новай беларускай літаратуры?
3. Прааналізаваць асноўныя матывы і вобразы ананімнай літаратуры 1850–1860-х гадоў ХІХ ст.
4. Назваць літаратурна-мастацкія вартасці газеты К. Каліноўскага «Мужыцкая праўда».
4.3 Матэрыялы да семінара-практыкума «Ян Баршчэўскі: асаблівасці жыцця і творчасці»
План семінара:
1. Жыццёвы і творчы шлях Яна Баршчэўскага.
2. Беларускамоўныя вершы аўтара: «Дзеванька» (першы верш інтымнага характару ў беларускай паэзіі ХІХ ст.), «Гарэліца». Змест і праблематыка твораў.
3. Ідэйна-мастацкія вартасці паэмы «Бунт хлопаў, ці Рабункі мужыкоў».
4. Балада «Дзве бярозы» як арганічнае выкарыстанне сінтэзу беларускіх легенд і паданняў.
5. Тэма роднага краю і паказ трагічнасці чалавечага лёсу ў баладзе «Жыццё сіраты».
6. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» як арганічны сімбіёз гістарычнай, маральна-рэлігійнай праблематыкі і беларускага фальклору.
4.4 Матэрыялы да практычных заняткаў «Ян Баршчэўскі: асаблівасці жыцця і творчасці»
Пытанні:
1. Якія мастацкія сродкі выкарыстоўвае Ян Баршчэўскі ў вершы «Дзеванька»?
2. Якія акалічнасці даюць падставу назваць верш «Дзеванька» праявай інтымнай лірыкі?
3. Што трэба аднесці да ідэйна-мастацкіх вартасцей беларускамоўных твораў Яна Баршчэўскага?
4. Чаму даследчыкі называюць кнігу «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» першым творам беларускай літаратуры, напісаным у жанры фантастыкі?
5. Што дае падставу параўноўваць творчасць Яна Баршчэўскага з творчасцю М. Гогаля і Э.Т.А. Гофмана?
Заданні:
1. Адшукаць і ахарактарызаваць у кнізе «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» аповесці, у якіх пры дапамозе мастацка-вобразных сродкаў раскрываецца прыгажосць роднага краю.
2. Адзначыць аповесці, якія ўтрымліваюць элементы маральнай праблематыкі.
3. Назваць і прааналізаваць аповесці кнігі, што закранаюць рэлігійныя матывы і прапагандуюць хрысціянскія дагматы.
4. Шляхта і мужыкі: дэталёвы разгляд аповесцей па дадзенай праблематыцы.
5. Прапаганда нацыянальнай ідэі ў кнізе «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Вобразы Плачкі і Сына Буры як адметныя праявы раскрыцця праблемы.
4.5 Матэрыялы да семінара-практыкума «Ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»
План семінара:
1. Асаблівасці стварэння паэмы «Энеіда навыварат».
2. Праблема аўтарства (В. Равінскі).
3. Змест і ідэйная накіраванасць паэмы.
4. Высмейванне літаратурных канонаў класіцызму (адмаўленне ад традыцыйных поглядаў на літаратуру).
5. Гумар і сатыра ў творы. Сатырычная гіпербалізацыя вобразаў.
6. Сацыяльная завостранасць у паэме (асуджэнне прыгонніцкага ладу).
7. Версіі аўтарства паэмы «Тарас на Парнасе» (В. Равінскі, Т. Манькоўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, К. Вераніцын, палясоўшчык Я. Крупенька).
8. Прагрэсіўная светапоглядная арыентацыя аўтара (крытыка дактрыны «афіцыйнай народнасці» і кансерватызму міністра асветы С. Уварава).
9. Парадыйнасць зместу, крытычны пафас паэмы.
10. Ідэйная накіраванасць паэмы.
11. Сістэма вобразаў у творы, паглыбленне прынцыпу народнасці.
4.6 Матэрыялы да практычных заняткаў «Ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»
Пытанні:
1. У чым заключаецца сцвярджэнне эстэтычных магчымасцей беларускай мовы ў паэме «Энеіда навыварат»?
2. Як паказаны ў паэме народны цыкл жыцця селяніна?
3. Што ўяўляе сабой ідэйна-мастацкая характарыстыка сатырычных вобразаў твора?
4. Пры дапамозе якіх мастацкіх сродкаў паглыбляецца сацыяльная завостранасць паэмы?
5. У чым заключаецца травесційнасць паэмы «Тарас на Парнасе»?
6. Якімі сродкамі дасягаецца крытыка барацьбы паміж двума існуючымі ў сярэдзіне ХІХ ст. ідэйна-эстэтычнымі кірункамі?
7. Як можна вызначыць асноўную эстэтычную ідэю паэмы «Тарас на Парнасе»?
8. У чым праяўляюцца ў паэме асноўныя метады ўдасканалення беларускай літаратурнай мовы?
4.7 Пытанні і заданні для самастойнай працы студэнтаў:
1. Назваць асаблівасці развіцця ананімнай літаратуры 1830–1840-х гадоў ХІХ ст.
2. Франц Савіч: жыццёвы і творчы шлях.
3. Прааналізаваць моўныя і літаратурна-мастацкія асаблівасці твораў адзначанага перыяду.
5. Тэсты і заданні для кантролю за вынікамі навучання
1. Якія грамадска-палітычныя падзеі далі пачатак названаму перыяду?
а) трэці падзел Рэчы Паспалітай; в) паўстанне дзекабрыстаў;
б) нападзенне Напалеона на Расію; г) лістападаўскае паўстанне 1830 г.
2. Якую галоўную мэту ставілі перад сабой паўстанцы 1830 г.?
а) далучэнне беларускіх земляў да Расіі;
б) аднаўленне польскай дзяржавы ўзору 1772 г.;
в) стварэнне самастойнай беларускай дзяржавы.
3. Дзе і ў якой сям’і нарадзіўся Франц Савіч?
а) у вёсцы Мастаўляны, што на Гродзеншчыне, у сям’і ўладальніка ткацкай фабрыкі;
б) у Навагрудскім павеце, у сям’і збяднелых шляхціцаў;
в) у вёсцы Вяляцічы, што на Піншчыне, у сям’і уніяцкага святара.
4. У якой навучальнай установе вучыўся Ф. Савіч?
а) у Пецярбургскім універсітэце;
б) у Кракаўскім Ягелонскім універсітэце;
в) у Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі.
5. Аўтарам якога верша з’яўляецца Ф. Савіч?
а) «Марыська чарнаброва, галубка мая»;
б) «Вясна гола перапала»;
в) «Там, блізка Пінска, на шырокім полі…»;
г) «Вось цяпер які люд стаў».
6. Што сталася з Ф. Савічам пасля выкрыцця царскімі ўладамі «Дэмакратычнага таварыства?»
а) уцёк у Францыю, дзе прымаў удзел у Французскай рэвалюцыі;
б) быў схоплены царскімі ўладамі і пакараны на Лукішскай плошчы ў Вільні;
в) быў арыштаваны і пасля судовага следства высланы на Каўказ у салдаты, адкуль праз пэўны час уцёк. Памёр у мястэчку Янушпаль ад халеры.
7. Якія змены адбыліся на беларускіх землях пасля падаўлення паўстання 1830 г.?
а) Праводзілася жорсткая палітыка русіфікацыі і выкаранення ўсяго нацыянальнага.
б) Царызм пайшоў на частковыя ўступкі: дазволіў свабоду веравызнання, друку і слова.
8. Якую ролю адыграў Ян Чачот у гісторыі беларускай культуры?
а) Ён з’яўляеца аўтарам знакамітай навуковай працы «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках».
б) Ён сабраў песні беларускага народа, удала пераклаў іх вершам на польскую мову, выдаў іх у арыгінале, сам рабіў спробы пісаць на гэтай мове, сабраў народныя прыказкі, зрабіўшы над мовай шмат трапных заўваг, заслаў першыя падваліны яе граматыкі.
9. Дзе і калі нарадзіўся Ян Чачот?
а) у вёсцы Астраўляны ў 1834 г.;
б) у фальварку Паншкавічы ў 1808 г.;
в) у засценку Малюшычы ў 1796 г.
10. З якім вядомым пісьменнікам сябраваў блізка Ян Чачот?
а) з Янам Баршчэўскім;
б) з Адамам Міцкевічам;
в) з Е. Раманавым.
11. Па якой прычыне Ян Чачот пакідае вучобу ў Віленскім універсітэце?
а) Яго адлічылі за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях, якія насілі палітычны характар.
б) Быў адлічаны па ўласным жаданні, не маючы сродкаў на вучобу.
в) Быў адлічаны разам з сябрамі ў сувязі з высылкай на Урал за актыўны ўдзел у працы таварыства філаматаў.
12. Хто з’яўляецца галоўным героем беларускамоўных вершаў Яна Чачота?
а) рамантычны вобраз каханай дзяўчыны, да якой паэт звяртаецца са словамі пяшчоты;
б) вобраз роднай прыроды, па якой часта сумавала паэтава сэрца далёка ад радзімы;
в) беларускі мужык, якога паэт павучае і ўшчувае, просіць больш клапаціцца аб сваёй сям’і і не прапіваць заробленую капейку.
13. Якія аб’ектыўныя і суб’ектыўныя абставіны паскорылі фарміраванне Яна Баршчэўскага як пісьменніка?
а) ранняе сіроцтва і неабходнасць у сувязі з гэтым зарабляць на кавалак хлеба;
б) асабістае знаёмства з А. Міцкевічам і Т. Шаўчэнкам і іх парада таленавітаму сябру звярнуцца да мастацкай творчасці;
в) прыродны талент юнака, цікавасць да філалагічных навук, частае развітанне з роднай зямлёю, настальгічнае жаданне пазнаць і глыбей вывучыць яе фальклор і гісторыю, шматразовыя падарожжы па Беларусі.
14. На якой мове і чаму была напісана кніга Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»?
а) на беларускай, як праяўленне вялікай любові пісьменніка да свайго народа і яго мовы;
б) на рускай, каб даць магчымасць рускаму чытачу глыбей пазнаёміцца з асаблівасцямі далучанага да Расіі славянскага краю;
в) на польскай, каб як мага больш чытачоў пазнаёмілася з яе зместам.
15. З якім вядомым творам славянскай класікі параўноўвае Алег Лойка кнігу Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»?
а) з «Дзядамі» А. Міцкевіча;
б) з «Вечарамі на хутары каля Дзіканькі» М. Гогаля;
в) з «Энеідай» Катлярэўскага.
16. Што з’явілася прычынай узнікнення вялікай кольскасці ананімных твораў у беларускай літаратуры ў сярэдзіне ХІХ ст.?
а) рэалістычны змест, антыдзяржаўная накіраванасць і беларускамоўнае выкладанне;
б) імкненне іх аўтараў надаць сваім творам сапраўды народнае гучанне і папулярнасць, набліжаную да вуснай народна-песеннай паэзіі.
17. Выбраць з пераліку найбольш вядомыя ананімныя вершы і гутаркі беларускай літаратуры сярэдзіны ХІХ ст.
«Мужык», «Праўда», «Белая сарока», «Вось які цяпер люд стаў», «Пісьмо з-пад шыбеніцы», «Зайграй, зайграй, хлопча малы», «Вясна гола перапала».
18. Дзе ўпершыню быў знойдзены тэкст верша «Вясна гола перапала»?
а) сярод архіўных матэрыялаў В.І. Дуніна-Марцінкевіча;
б) у «Беларускім зборніку» Е.Р. Раманава;
в) у кнізе ўспамінаў І. Яцкоўскага, выдадзенай у Лондане ў 1854 г.
19. Якія матывы гучаць у вершы?
а) Верш напісаны на пейзажную тэматыку і малюе пачатак пары года.
б) Верш паказвае праблемы, што ўзнікаюць у мужыка ў сувязі з палявымі клопатамі.
в) У вершы реалістычна паказваецца матэрыяльны бок жыцця селяніна, у якога пад вясну не засталося ніякіх сродкаў для існавання; селянін, аднак, верыць у светлую будучыню, бачыць сябе свабодным, багатым чалавекам.
Паэма «Энеіда навыварат»
1. Да якога віду паэм належыць «Энеіда навыварат»?
а) да фарса-вадэвіля;
б) да трагедыі;
в) да парадыйнай камедыі-бурлеску.
2. Што вы разумееце пад паняццем «травесційны прынцып»?
а) перабольшанне;
б) прыніжэнне, спрашчэнне ўзвышанага;
в) абагульненне.
3. Што гавораць гісторыкі-літаратуразнаўцы пра час напісання паэмы?
а) паміж 1812–1830 гг.;
б) паміж 1830–1855 гг.;
в) паміж 1842– 855 гг.
4. Калі і дзе была ўпершыню апублікавана паэма?
а) у 1863 г. у газеце «Мужыцкая праўда»;
б) у 1845 г. у часопісе «Маяк»;
в) у 1891 г. у «Беларускім зборніку» Е.Р. Раманава.
5. Каму сучасныя літаратуразнаўцы прыпісваюць аўтарства паэмы?
а) студэнтам Горы-Горацкай акадэміі;
б) В.І. Дуніну-Марцінкевічу;
в) Вікенцію Равінскаму.
6. Дзе, калі і кім было зроблена першае ўпамінанне аб паэме?
а) у кнізе І. Яцкоўскага, выдадзенай у Лондане ў 1854 г.;
б) у кнізе чэшскага славіста П.Й. Шафарыка «Славянскае народазнаўства», выдадзенай у 1842 г.;
в) у «Беларускім зборніку» Е.Р. Раманава, выдадзеным у 1891 г.
7. Які сусветна вядомы твор парадыруецца ў «Энеідзе навыварат»?
а) «Энеіда» Вергілія;
б) «Энеіда, на маларасійскую мову перапрацаваная» Івана Катлярэўскага;
в) «Вергіліева Энеіда, перакручаная навыварат» Мікалая Осіпава.
8. Назваць беларускія нацыянальныя асаблівасці, адлюстраваныя ў творы?
а) фальклорныя і этнаграфічныя матэрыялы: успамінанне абрадаў гукання вясны і ваджэння казы, назваў музычных інструментаў, гульняў, адзення, страў, народная мова, выкарыстанне прыказак і прымавак;
б) выкарыстанне сюжэта, узятага з беларускіх народных казак і легенд.
9. Выбраць з ніжэйпрыведзенага спісу антычных багоў, якія прыгадваюцца ў паэме «Энеіда навыварат»:
– Эней, Юнона, Венера, Зефір, Бакціха, Нептун, Дыдона, Пракоп, Сатурн, Марс, Геркулес, Юпітэр.
Паэма «Тарас на Парнасе»
1. Што паслужыла асновай для літаратуразнаўцаў пры вызначэнні часу напісання паэмы?
а) галоўны герой твора ў першай частцы паэмы звяртае на гэта ўвагу;
б) час напісання прыраўноўваецца да часу з’яўлення ў друку;
в) час напісання літаратуразнаўцы вызначаюць па тых фактычных падзеях, што прыгадваюцца ў творы.
2. Калі і дзе была ўпершыню надрукавана паэма?
а) 23 лістапада 1906 г. у газеце «Наша Ніва»;
б) у 1912 г. на старонках газеты «Маладая Беларусь»;
в) у 1889 г. у газеце «Мінскі лісток».
3. Каго з ніжэйпералічаных пісьменнікаў даследчыкі называюць верагодным аўтарам паэмы?
В.І. Дуніна-Марцінкевіча, Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, Канстанціна Вераніцына, Ф. Багушэвіча, В. Равінскага, Т. Манькоўскага, Яўхіма Крупеньку.
4. Якая асноўная задума твора?
а) аўтар імкнуўся паказаць у творы багаты фальклор беларускага народа;
б) аўтар пастараўся раскрыць адносіны беларускага народа да рэлігіі;
в) аўтар выказвае свае адносіны да двух супрацьлеглых накірункаў у рускай літаратуры сярэдзіны ХІХ ст., а таксама паэтызуе беларускага мужыка, узвышаючы яго да вяршынь славутых пісьменнікаў і нябесных гаспадароў.
5. У якой форме вядзецца ў паэме апавяданне?
а) апавяданне вядзецца ад імя аўтара;
б) сюжэт паэмы падаецца ў форме эпічнага апавядання;
в) падзеі раскрываюцца ад імя галоўнага героя Тараса ў ліра-эпічнай форме.
6. Назваць, якія рысы беларускага сялянства ўвасобіў аўтар у вобразе Тараса?
Працавітасць, высокі інтэлект, дасціпнасць, гасціннасць, гумар, удзячнасць, гуманнасць, добразычлівасць, беражлівасць, падазронасць.
7. Які з жанраў вуснай народнай творчасці нагадвае паэма?
а) легенду; в) быліну;
б) казку; г) песню.
8. Якую кампазіцыю мае паэма?
а) прамую;
б) інверсійную.
Літаратура
1. Александровіч, С.Х. Пуцявіны роднага слова: праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ – пач. ХХ стст. / С.Х. Александровіч. – Мінск: БДУ, 1971. – 245 с.
2. Беларуская літаратура: проза 20-х гадоў: хрэстаматыя / Д.Я. Бугаёў [і інш.]; пад рэд. Д.Я. Бугаёва. – 2-е выд. – Мінск: Універсітэцкае, 1997. – 592 с.
3. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: хрэстаматыя / С.Х. Александровіч [і інш.]; пад рэд. С.Х. Александровіч. – Мінск: Выш. шк., 1971. – 373 с.
4. Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: Б. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЭ імя Броўкі, 1992 – 1995. – 6 т.
5. Вашко, Л. Гістарызацыя свядомасці: беларуская літаратура і беларушчына на пачатку ХХ стагоддзя: навуковая публіцыстыка / Л. Вашко. – Мінск: Бел. навука, 1997. – 151 с.
6. Гісторыя беларускай літаратуры: у 4 т. / рэдкал.: У.В. Гніламёдаў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 583 с.
7. Кісялёў, Г.В. Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Г.В. Кісялёў. – 2-е выд. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 549 с.
8. Лазарук, М.А. Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ стагоддзе (20–50-я гады) / М.А. Лазарук, А.А. Семяновіч; пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск: Выш. шк., 2000. – 511 с.
9. Лецка, К.І. Вытокі і генезіс беларускага рамантызму ХІХ ст.: манаграфія / К.І. Лецка. – Гродна: ГрДУ, 2003. – 370 с.
10. Лойка, А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў ВНУ. Ч. 1 / А.А. Лойка; пад рэд. Ю.С. Пшыркова. – Мінск: Выш. шк., 1977. – 304 с.
11. Мішчанчук, М.І. Беларуская літаратура ХХ ст.: вучэбны дапаможнік / М.І. Мішчанчук, І.С. Шпакоўскі. – Мінск: Выш. шк., 2001. – 352 c.
12. Мушынская, Т.Ф. Беларуская літаратура 20 – 30-х гадоў / Т.Ф. Мушынская. – Мінск: Нар. асвета, 1994. – 160 с.
13. Навуменка, І.Я. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч / І.Я. Навуменка. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992. – 214 c.
14. Сіўко, Ф.І. Пісьменнікі Віцебшчыны: даведнік / Ф.І. Сіўко. – Віцебск: Віцебская абласная друкарня, 2001. – 88 с.
15. Старычонак, В.Д. Беларуская літаратура / В.Д. Старычонак. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 350 с.
16. Янушкевіч, Я.Я. За архіўным парогам: беларуская літаратура ХІХ–ХХ стст. у святле архіўных пошукаў / Я.Я. Янушкевіч. – Мінск: Маст. літ., 2002. – 381 с.
Достарыңызбен бөлісу: |