Модуль 2
паслярэформенны перыяд развіцця
новай беларускай літаратуры (1860–1880-я гады ХІХ ст.)
Уводзіны
Дадзены модуль з’яўляецца першапачатковым пры вывучэнні паслярэформеннай беларускай літаратуры. На гэтым этапе асабліва важна разглядаць літаратурныя пытанні ў сувязі з палітычнай і гісторыка-культурнай сітуацыяй, што мела месца ў краіне.
Асабліва неабходна прасачыць першыя спробы і сродкі вызначэння самабытнасці і незалежнасці беларускага народа. Перыяд з’явіўся вызначальным для нараджэння і развіцця новых жанравых форм: драматычных і эпічных.
У працэсе вывучэння тэмы студэнты павінны:
1. Засвоіць паняцці:
– гратэск;
– ідылія;
– лібрэта;
– сентыменталізм;
– шарж.
2. Характарызаваць з’явы:
– самабытнасці беларускага народа;
– самавызначэння беларускага народа.
3. Аналізаваць і інтэрпрэціраваць працэсы:
– заняпаду беларускай літаратуры дадзенага перыяду.
4. Фарміраваць уменні:
– аналізаваць творчасць канкрэтных аўтараў;
– характарызаваць літаратурныя творы, напісаныя лацінкай.
1. Схема вывучэння матэрыялу
(вучэбна-інфармацыйны блок)
Тэма заняткаў
|
Тып заняткаў
|
Від заняткаў
|
Колькасць гадзін
|
1. Паслярэформенны перыяд развіцця новай беларускай літаратуры (1860–1880-я гады ХІХ ст.).
|
Засваенне новых ведаў
|
Лекцыя
|
6
|
2. Драматургія В.І. Дуніна-Марцінкевіча (на прыкладзе твораў «Ідылія» (1846), «Гапон» (1855), «Пінская шляхта» (1866).
|
Паглыбленне
і сістэматызацыя ведаў
|
Эўрыстычная гутарка
|
1
|
3. Літаратурна-грамадская атмасфера ў 1860–1880-я гады ХІХ ст.
|
Выніковы кантроль
|
Пісьмовы залік
|
1
|
2. Асновы навукова-тэарэтычных ведаў па модулі
«Паслярэформенны перыяд развіцця новай беларускай літаратуры
(1860–1880-я гады ХІХ ст.)»
Літаратура Беларусі 1860–1880-х гадоў
З мая 1864 г. па загадзе цара Аляксандра ІІ Паўночна-Заходні край жыве па законах ваеннага часу. Кнігі друкуюцца лацінскай графікай, каб засцерагчы імперыю ад нежаданых ідэй. З 1884 г. пачалі насаджацца царкоўна-прыхадскія школы, у якіх асноўная ўвага надавалася вывучэнню закона божага. Паслярэформенны час стаў часам абеззямельвання сялян і разбурэння дваранства як класа, час вылучэння новага саслоўя – буржуазіі, павелічэння насельніцтва гарадоў, збяднення вёскі. Паслярэформенны перыяд характарызуецца канфрантацыяй розных навукова-даследчых сіл, што прывяло да адкрыцця Беларусі як асобнага краю і беларусаў як народа. У 1860–1880-х гадах мелі месца спрэчкі пра сацыяльную прыналежнасць і карані беларусаў: адносіць іх да польскага ці да рускага народа. У выніку нараджаецца думка пра самабытнасць беларускага народа: узрастае цікавасць да фальклору, асаблівасцей беларускага жыцця, аднак друк на мясцовай мове і лацінцы забаронены.
Публіцыстыка і паэзія
Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, беларускае слова існавала. З 1863 па 1871 гг. у Вільні выходзіць часопіс «Вестник Западной России» шавінісцкага ўхілу. З 1860-х гг. рэгулярна выдаваліся «Губернскія ведамасці» і «Епархіяльныя ведамасці», якія мелі клерыкальны характар. Уся тэрыторыя Расіі была падзелена на епархіі. Выдаваліся памятныя кнігі губерніі (змяшчалі падзеі з жыцця імператарскай сям’і, расказвалі пра пэўную губерню, яе жыхароў, эканоміку, культуру і г.д.). Яны выходзілі раз на год і нагадвалі пагадовы летапіс, адносячыся да афіцыйнай публіцыстыкі. Існавала і нелегальная публіцыстыка, помнікам якой з’яўлялася газета «Змова» (першы нумар выйшаў у ліпені 1870 г. у Цюрыху). Газета павінна была выходзіць на польска-беларуска-літоўскай мове і мець украінскі дадатак, пра што сведчыў адзін нумар на польскай мове. Выдаўцы газеты па перакананнях былі народнікамі, імкнуліся да саюзу ўсіх сіл, якім быў ненавісны царызм.
У 1880-я гг. цэнтрам беларускага руху стаў Пецярбург. У Пецярбургскім універсітэце існавала студэнцкае аб’яднанне, якое называлася па-рознаму: «Беларуская грамада», «Беларуская арганізацыя», «Гоман». Студэнты цікавіліся лёсам беларускага краю, выдавалі брашуры. Вядома адна з такіх брашур – «Пісьмы пра Беларусь» Данілы Баравіка. «Пісьмы…» адкрываюцца эпіграфам: «Загляне сонца і ў наша аконца». Даніла Баравік зазначаў, што русіфікацыя пацерпіць крах, адзначаў заслугі літаратараў А. Вярыгі-Дарэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча ў прапагандзе беларускага слова, пісаў пра вялікую будучыню Беларусі.
Адказам «Пісьмам…» у 1884 г. стала «Пасланне да землякоў шчырага беларуса», змест якога заключаецца ў вітанні шчырым беларусам Данілы Баравіка за яго патрыятычныя клопаты, у прапагандзе вывучэння роднага краю.
Часопіс «Гоман» поўна выявіў рэвалюцыйныя настроі беларускай моладзі ў сваіх двух нумарах, адзін з якіх выйшаў у пачатку 1884 г., другі – восенню 1884 г. Першы нумар казаў пра тое, што на беларускі народ глядзяць як на матэрыял для эксперыментаў. Асіміляцыя захапіла толькі вышэйшы пласт. Рэдакцыя пісала пра роўнасць беларусаў сярод іншых народаў, пра вызначальную ролю інтэлігенцыі пры вывучэнні роднага краю. Выказваліся меркаванні пра стварэнне рэвалюцыйных груп на месцах. Другі нумар закранаў праблемы палітычнага жыцця краіны, нацыянальныя пытанні і разглядаў задачы інтэлігенцыі, падкрэсліваў ідэю раўнапраўя народаў, не цураючыся лозунга «Беларусь для беларусаў».
Газета «Мінскі лісток» выходзіла з 1886 па 1902 гг. у Мінску на рускай мове і змяшчала матэрыялы, якія датычыліся жыцця беларускага народа. Друкаваліся творы мясцовых аўтараў на рускай і беларускай мовах. З 1880-х гг. пачалі выдавацца «Календари Северо-Западного края» на рускай мове, якія ўключалі літаратурныя творы, парады па гаспадарцы, апісанне народных звычаяў і абрадаў, бытавыя ананімныя гутаркі. Сярод апошніх вядомы: «Пра багацце ды беднасць», «Дзядзька Антось». У цэнтры гутарак знаходзяцца злабадзённыя эканамічныя пытанні, якія закранаюць становішча чалавека-працаўніка ў грамадстве.
1860–1880-я гады – час, калі ў беларускую літаратуру прыйшло шмат пісьменнікаў, якія пакінулі па некалькі вершаў і прыкметнага гістарычнага ўплыву на развіццё беларускай літаратуры не аказалі, хаця іх творчасць выклікае некаторую цікавасць.
Гаравід (у сапраўднасці Тукеркас) у пачатку ХХ ст. быў выдаўцом «Нашай долі». У 1880-я гады напісаў верш «Я клічу вас», дзе выказаў думкі пра згуртаванне сіл у імя будучай свабоды. Верш утрымлівае шмат клічных інтанацый.
Войслаў (Вайніслаў) Казімір Савіч-Заблоцкі (Суліма Савіч-Заблоцкі) (1849 (1850) – пасля 1893) беларускі паэт і перакладчык, які нарадзіўся ў сям’і буйнога землеўладальніка на Дзісненшчыне (сёння Міёрскі раён). Рана асірацеў; хлопца выхоўваў сваяк-генерал, які хацеў зрабіць з яго імператарскага падданага. Вучыўся Вайніслаў спачатку ў Віленскай акадэміі, потым – ва універсітэце. Пісаў на беларускай, польскай, рускай, французскай мовах. Яго пяру належыць аповесць «Полацкая шляхта», насычаная фальклорнымі і этнаграфічнымі элементамі. З твораў на беларускай мове да нас дайшлі вершы элегічнага характару: «З чужбіны», «У роднай зямлі», «Да перапёлкі».
Фелікс Тапчэўскі (каля 1838–1892) нарадзіўся на Лепельшчыне ў сям’і дробнага двараніна. Закончыў павятовае дваранскае вучылішча, служыў чыноўнікам у Віцебску і павятовым судзе, быў звольнены за вальнадумства, пачаў працаваць лесніком. Удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, але быў адпушчаны пасля арышту з-за адсутнасці ўлік. Творы падпісваў псеўданімамі: Юрка, Хвэлька з Рукшэніц, Іван Сіротка. Выступаў як паэт ліра-эпічнага пачатку. Пісаў сюжэтныя вершы, набліжаныя да апавядання. Да нас дайшлі наступныя творы: «Вечарынка», «Саўсім не тое, што было», «Грошы і праца», «Ён і яна», «Панскае ігрышча».
У «Вечарынцы» расказваецца пра панскі баль, убачаны вачыма селяніна, верш мае камічную афарбоўку, бо насычаны прастамоўнай лексікай. «Саўсім не тое, што было» – дыдактычны твор, апавяданне вядзецца ад імя старога чалавека, былога панскага лёкая, параўноўваецца мінулае і сучаснасць на карысць першага. У вершы намячаецца тэма разбурэння дваранскіх гнёздаў, якая знойдзе свой працяг у творы Ф. Багушэвіча «Тралялёначка». Верш «Грошы і праца» – дыдактычны, назва антанімічная, кантрасная. Супрацьпастаўляецца чалавечая пасіўнасць і актыўнасць, прапагандуецца праца, незалежная ад чалавечых даходаў. «Ён і яна» – напісаны ў форме вершаванага апавядання ад імя вясковага хлопца, які стаў сведкам размовы паміж панічом і паненкай. Твор напісаны на дзвюх мовах: польскай і беларускай. Апавяданне вядзецца на беларускай мове, а размова панічоў – на польскай. Праводзіцца думка пра тое, што і просты чалавек здольны кахаць. Верш «Панскае ігрышча» прыпісваецца Феліксу Тапчэўскаму, бо зместам і сюжэтам ён блізкі да «Вечарынкі». Выкарыстоўваецца аднолькавы кампазіцыйны прыём: мужык з гумарам расказвае пра панскі баль. Такім чынам, Фелікс Тапчэўскі зрабіў шмат для развіцця эпічнай плыні беларускай паэзіі канца ХІХ ст.
Вікенцій Іванавіч Дунін-Марцінкевіч (1807 (1808) – 1884)
Нарадзіўся ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета ў сям’і арандатара. Рана страціўшы бацькоў, вымушаны быў даказваць сваё дваранскае паходжанне. Яго дзядзька-апякун па лініі маці быў знакамітым святаром Рымска-каталіцкай царквы ўсёй Расійскай імперыі. Пры дапамозе дзядзькі Вінцэнт вучыўся ў Віленскай бурсе; потым паступіў ў Віленскі ці Пецярбургскі універсітэт на медыцынскі факультэт, які не скончыў па прычыне слабага здароўя. Уладкаваўся чыноўнікам у прыватнае бюро Вільні. У 1831 г. ажаніўся з дачкой уладальніка бюро, але шлюб не задавальняў бацьку нявесты; сям’я пераехала ў Мінск, а Вінцэнт з дапамогай дзядзькі атрымаў месца чыноўніка. У 1840 г. купіў маёнтак Люцэнка (ці Люцынка), дзе займаўся літаратурнай дзейнасцю.
У 1850-я гг. В.І. Дунін-Марцінкевіч стаіць на чале Мінскага гуртка. Пасля паўстання Каліноўскага ўлады прад’явілі яму абвінавачванне ў падтрымцы паўстання і арыштавалі ў кастрычніку 1864 г. Каля года вялося следства па справе. У снежні 1865 г. яго адпусцілі з турмы. В.І Дунін-Марцінкевіч спалучаў літаратурную дзейнасць з асветніцкай, клапаціўся пра арганізацыю школ, але гэтыя школы адкрываліся на польскай мове.
Эпас і лірыка В.І. Дуніна-Марцінкевіча
Займацца літаратурнай дзейнасцю пачаў у 1840-я гады, калі пісаў лібрэта камічных опер. У 1855 г. выйшаў першы зборнік пад назвай «Гапон» (на беларускай мове друкаваны лацінкай), які ўключаў вершаваную аповесць «Гапон», адзінаццаць вершаў на польскай мове і адзін верш на беларускай мове, адну п’есу «Неспадзяванка для майстрыні». За першым зборнікам з’явіліся і іншыя: «Вечарніцы», «Апантаны», «Цікавішся? Прачытай!», «Беларускі дудар».
Зборнік «Гапон» склалі творы, напісаныя пад моцным уражаннем рамантызму і сентыменталізму. Увагу пісьменніка прыцягвалі чалавечыя пачуцці і эмоцыі. Вершы на польскай мове – гэта, у асноўным, вершы пра каханне, пра прыроду, пра мастацтва. Тут ёсць і сюжэтныя (рамантычныя вершы «Нясталасць», «Вандроўнік»), і несюжэтныя (чыста элегічныя, лірычныя) вершы на тэму кахання («Смутак на чужыне», «Яна», «Успаміны»). У зборнік «Гапон» увайшоў адзін верш на беларускай мове («Віншаванне войта Навума»), напісаны ад імя мужыка. Верш мае цікавую кампазіцыю: мужык звяртаецца да пані ў дзень імянін і просіць яе быць літасцівай да сялян.
Ліра-эпічны пачатак мае вершаваная аповесць «Гапон», якая ўяўляе адносна закончаны эпізод у ходзе аўтарскага апавядання. Ужо ў першай частцы пісьменнік уводзіць у кампазіцыю беларускія песні і танцы. Сюжэт нагадвае калядную казку, дзе дабро перамагае зло. Аўтар лічыць, што праз асвету можна дасягнуць гармоніі ў грамадстве, сцвярджае думку пра таленавітасць простага чалавека. З дадзенай аповесці ў беларускай літаратуры бярэ пачатак кампазіцыйны прыём: сумяшчэнне любоўнага сюжэта з этнаграфічнымі замалёўкамі.
Аповесць «Вечарніцы» складаецца з дзвюх частак, выкарыстоўваецца прыём уяўнага апавядальніка (ад імя старога чалавека Ананія). У аснове першай часткі «Дурны Зміцер, хоць хітры» ляжыць народны анекдот, асуджаецца празмерная чалавечая сквапнасць, даверлівасць, захапленне гарэлкай. У аснове другой часткі «Стаўроўскія Дзяды» ляжыць паданне пра крывіцкага князя Воя, у якога было два сабакі – Стаўры і Гаўры.
Аповесць «Купала» прысвечана знаёмаму двараніну, якога аўтар лічыў увасабленнем свайго ідэалу. У прадмове пісьменнік хоча растлумачыць, чаму ўзяўся за напісанне аповесці на народнай мове. Апавядальнік, дзед Халімон, заклікае сялян да памяркоўнасці, хваліць Бога, прымушае працаваць і любіць паноў.
Аповесць «Шчароўскія дажынкі» мае ў аснове любоўны сюжэт, суперніцтва дзвюх прыгожых дзяўчат. У канву апавядання ўплецена апісанне дажынак і вясельная песня.
Аповесць «Травіца брат-сястрыца» мае ў аснове пастаральныя матывы (каханне пастуха і пастушкі). Апавядальнік параўноўвае сучаснае і мінулае на карысць другога. Вядзецца аповед пра крывіцкага князя Барыса і яго слугу Данілу.
Пасля другой сусветнай вайны былі апублікаваны «Быліцы», якія складаюцца з дзвюх частак: першая частка – «Злая жонка» закранае пытанні сямейнага жыцця, эмансіпацыі жанчын; другая частка – «Халімон на каранацыі» расказвае пра старшыню Халімона Забалотнага, які едзе ў сталіцу на царскую каранацыю.
Вершаваныя аповесці В.І. Дуніна-Марцінкевіча параўноўваюцца з «Вечарамі на хутары каля Дзіканькі» М. Гогаля. В.І. Дунін-Марцінкевіч уводзіць апісанне падзей на этнаграфічным фоне, у творах назіраецца сплаў розных мастацкіх метадаў: сентыменталізму, рамантызму, рэалізму. Аўтар цікавіцца абрадамі, паданнямі беларусаў.
У вершаваных творах на польскай мове аўтар паўстае перш за ўсё як рамантык. Так вершаванае апавяданне «Благаславёная сям’я» расказвае пра родны край, закранае тэму кахання. Твор прасякнуты ўхваленнем Радзімы, шляхты сярэдняй рукі, якая, на думку В.І. Дуніна-Марцінкевіча, захавала сваю годнасць.
На гістарычную тэму напісаны два творы: «Люцынка, або Шведы на Літве» (выкарыстоўваецца традыцыйны прыём параўнання мінулага і сучаснасці пры апісанні падзей, што мелі месца ў пачатку ХVІІІ ст., а таксама прыём незавершанага апавядання пры паказе чалавечага характару); «Славяне ў ХІХ ст.» (у цэнтры аповед пра падзеі ў Сербіі, якая змагалася за незалежнасць з туркамі, разбаўлены любоўным сюжэтам).
«З-пад Іслачы, або Лекі на сон» расказвае пра асаблівасці літаратарскай дзейнасці, пра побыт аўтарскіх знаёмых, апісвае жыццё шляхты сярэдняй рукі. У творы В.І. Дунін-Марцінкевіч спалучае некалькі стыляў апавядання: урачысты, калі апавядальнік згадвае Айчыну; гумарыстычны, сатырычны, калі паказвае суседзяў і іх недахопы.
В.І. Дунін-Марцінкевіч захоўвае тон, уласцівы пісьменнікам-сентыменталістам і польскім пісьменнікам-рамантыкам (у вершах на польскай мове), адсюль назіраецца метафарычнасць стылю. У творах на польскай мове аўтар закранае маральна-этычныя праблемы і не злоўжывае этнаграфічнымі замалёўкамі.
Драматычныя творы В.І. Дуніна-Марцінкевіча
У канцы 1830 – пачатку 1840-х гадоў В.І. Дунін-Марцінкевіч піша лібрэта опер: «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкаў», «Рэкруцкі яўрэйскі набор», якія пабудаваны на спалучэнні слова і гука (героі размаўлялі і спявалі). Творы гэтыя не захаваліся. Да нас дайшоў толькі невялікі кавалак з апошняга названага твора, у якім герой ухваляе Радзіму. Творы былі напісаныя на польскай мове.
У пачатку 1840-х гадоў аўтар піша лібрэта камічнай оперы «Ідылія» (ці «Сялянка», «Сельская ідылія», «Рознае бывае каханне»).
У гэтым творы адчуваецца моцны ўплыў сентыменталізму, адным з асноўных жанраў якога была ідылія (каханне маладых на ўлонні прыроды). У польскай літаратуры тэрміну «ідылія» адпавядаў тэрмін «сялянка». Твор напісаны на польскай мове. Апублікаваны ў 1846 г., музыку напісаў Станіслаў Манюшка. Твор лічыцца першай беларускай операй. Прыёмамі моўнай характарыстыкі герояў нагадвае творы беларускіх камедыёграфаў канца ХVІІІ ст.: сяляне размаўляюць па-беларуску, дваране і чэлядзь – па-польску. У аснове твора ляжыць любоўная сюжэтная лінія, выкарыстоўваецца прыём пераапранання герояў, спалучаюцца элементы сентыменталізму і рэалізму. Сюжэтам твора аўтар падкрэслівае думку пра роўнасць паміж людзьмі.
«Неспадзяванка для майстрыні» – невялікі драматычны твор, у якім аўтар ухваляе дабрачыннасць: маладыя дзяўчаты-выхаванкі імкнуцца падрыхтаваць дзень нараджэння майстрыні.
Меладрама «Апантаны» мае маральна-этычную праблематыку. У цэнтры твора – аповед пра творчую асобу, якая не знаходзіць паразумення з грамадствам. Паралельна ідуць дзве сюжэтныя любоўныя лініі.
У 1866 г. В.І. Дунін-Марцінкевіч піша знакамітую «Пінскую шляхту». Тэкст напісаны на мове пінскіх гаворак. Камедыя мела выкрывальніцкі, крытычны характар. Яна невялікая па аб’ёме, аднак значная па праблематыцы, па абагульненнях, зробленых пісьменнікам. У творы крытыкуецца адміністрацыйна-бюракратычны апарат; самавольства, якое пануе ў адміні-страцыйнай сістэме; норавы шляхты з яе невуцтвам. У творы няма ідэальнага героя. Пры стварэнні вобраза Кручкова аўтар выкарыстоўвае прыём гратэску. Аўтар высмейвае не столькі тупасць чыноўніцтва, колькі забітасць шляхты. Каларытная мова твора: Пратасавіцкі выкарыстоўвае вульгарызмы, Кручкоў – канцылярызмы, Куторга – гістарызмы.
Віленскі генерал-губернатар пазнаёміўся з тэкстам п’есы і папярэдзіў пра недапушчальнасць яе выдання. Упершыню твор надрукаваны ў 1918 г. Падкрэсліваецца думка пра адсталасць шляхты, пра яе гістарычную неперспектыўнасць.
Камедыя «Залёты» (1870) надрукавана ў 1918 г. на польскай мове. Яе пераклаў на беларускую мову Я. Купала. Да назвы ёсць два сінонімы: «заляцанні» ці «намеры». Аўтар выступае супраць нажывы і ідэалізуе дваранства, паказваючы яго неспрактыкаванасць і наіўнасць у пэўных умовах.
«Гапон» (1855) – напісаны ў жанры вершаванай аповесці, працягвае гаворку пра праблемы, закранутыя ў «Ідыліі». Галоўнымі героямі твора з’яўляюцца мужыкі, такім чынам, жыццё простага працаўніка паказваецца больш шырока. Сустракаюцца вобразы добрай пані і злога аканома. Пісьменнік паказвае цяжкае, бяспраўнае становішча селяніна, узаемаадносіны паноў і прыгонных сялян. Аўтар стварыў ідылічны, далёкі ад рэальнасці свет. Карцінамі класавага міру і ўзаемаразумення паміж багатымі і беднымі ён імкнуўся ўздзейнічаць на норавы і свядомасць сучаснікаў, найперш на прадстаўнікоў пануючага класа. З сімпатыяй і павагай ставячыся да чалавека працы, пісьменнік хацеў адкрыць скарбы душы народа, яго таленавітасць, маральную чысціню тым, хто быў далёкі ад гэтага. Ідэя гуманная, але ўтапічная, у чым і сам хутка пераканаўся В.І. Дунін-Марцінкевіч. У дадзенай вершаванай аповесці аўтар шырока выкарыстоўвае фальклорныя сродкі: прыказкі, прымаўкі, параўнанні, апісанні, уводзіць прыпеўкі без змен, што з’яўляецца не толькі індывідуальнай творчай манерай аўтара, але і заканамерным канкрэтна-гістарычным перыядам узаемадзеяння новай, прафесійнай беларускай літаратуры з народнай паэзіяй.
В.І. Дунін-Марцінкевіч абуджаў цікавасць да беларускага жыцця і беларускага слова, з’яўляўся пачынальнікам беларускай драматургіі і адным з першых яе класікаў. Шмат зрабіў для развіцця беларускай эпікі, даў штуршок для развіцця беларускай літаратуры. Яго творчасць мела агітацыйнае і асветніцкае значэнне: будаваў школы (хоць і не на беларускай мове), клапаціўся пра развіццё навукі.
3. Слоўнік паняццяў
Гратэск
|
(ад фр. «смешны, забаўны») – у літаратуры паказ людзей або прадметаў у фантастычным перабольшанні, пачварна-камічным выглядзе.
|
Ідылія
|
(ад грэч. «невялікі верш») – верш, у якім гаворыцца пра жыццё «людзей прыроды» – рыбакоў, пастухоў, земляробаў; паказвае жыццё гэтых людзей у прыфарбаваным выглядзе; узнік у старажытнай Грэцыі як від прыдворнай паэзіі і выклікаў перайманне ў новай еўрапейскай літаратуры.
|
Лібрэта
|
(ад іт. «кніжачка») – славесны тэкст вялікага музычна-вакальнага сачынення (оперы, аперэты); кароткае выкладанне зместу п’есы, балета, кінакарціны.
|
Сентыменталізм
|
(ад фр. «пачуццёвы») – літаратурная плынь ХVІІІ – пачатку ХІХ стст., што ўзнікла ў Англіі, а пазней распаўсюдзілася ў Еўропе як пратэст супраць сухасці класіцызму; для яго характэрна празмерная пачуццёвасць, слязлівасць.
|
Шарж
|
(ад фр. «цяжкасць») – паказ чаго-небудзь у падкрэслена скажоным, карыкатурным выглядзе.
|
4. Матэрыялы, выкарыстаныя ў працэсе навучання і кантролю
4.1 Матэрыялы да лекцыі
План лекцыі:
1. Гістарычныя абставіны і сацыяльна-палітычныя ўмовы літаратурна-культурнага развіцця ў паслярэформенны перыяд.
2. Публіцыстыка і паэзія дадзенага перыяду.
3. Асаблівасці творчага шляху Ф. Тапчэўскага і В. Савіча-Заблоцкага.
4. Творчасць В.І. Дуніна-Марцінкевіча ў кантэксце развіцця беларускай літаратуры.
4.2 Пытанні да лекцыі
1. Імёны якіх даследчыкаў-фалькларыстаў варта прыгадаць у сувязі з адзначаным перыядам? Назваць асноўныя сферы іх дзейнасці.
2. Узгадаць асноўныя напрамкі развіцця нелегальнай публіцыстыкі.
3. Акрэсліць асноўныя дасягненні В.І. Дуніна-Марцінкевіча ў галіне развіцця новай беларускай літаратуры.
4.3 Матэрыялы да заняткаў «Эўрыстычная гутарка»
План заняткаў «Эўрыстычная гутарка» па тэме «Драматургія В.І. Дуніна-Марцінкевіча» (на прыкладзе твораў «Ідылія» (1846), «Гапон» (1855), «Пінская шляхта» (1866):
1. Біяграфічныя звесткі з жыцця В.І. Дуніна-Марцінкевіча.
2. Асаблівасці светапогляду аўтара: дэмакратызм і асветніцтва.
3. «Ідылія» (1846): публікацыя лібрэта оперы і пастаноўка спектакля, асветніцкія і патрыятычныя матывы ў творы.
4. Спецыфіка стварэння вобразаў у творы: мастацкія прыёмы і сродкі іх выражэння (пераапрананне, мова, аўтарскія рэмаркі і г.д.).
5. Ідэйна-мастацкая накіраванасць вобразаў (асаблівая ўвага надаецца вобразу Навума Прыгаворкі).
6. «Пінская шляхта»: вызначэнне жанру твора.
7. Шляхта і царскае чыноўніцтва (Кручкоў, Пісулькін) у паказе камедыёграфа.
8. Гратэск і шарж у раскрыцці галоўных персанажаў твора.
9. Жанравая адметнасць вершаванай аповесці «Гапон».
10. Асветніцкія тэндэнцыі ў творы, дыдактызм і маралізатарства.
11. Традыцыі сентыменталізму ў творы «Гапон».
12. Пошукі дабра і прыгажосці ў народным асяроддзі, паэтызацыя народнай побытавай культуры.
13. Значэнне творчасці В.І. Дуніна-Марцінкевіча.
5. Тэсты і заданні для кантролю за вынікамі навучання
1. Якія з ніжэйпрыведзеных дат адпавядаюць гадам жыцця В.І. Дуніна-Марцінкевіча?
а) 1812–1891; в) 1840–1900;
б) 1876–1916; г) 1808–1884.
2. У якім кутку Беларусі нарадзіўся В.І. Дунін-Марцінкевіч?
а) Віцебшчына; г) Магілёўшчына;
б) Міншчына; д) Гомельшчына;
в) Берасцейшчына; е) Гродзеншчына.
3. У якім з ніжэйпералічаных твораў аўтара выказаны самыя цёплыя пачуцці да сваіх родных мясцін?
а) «Гапон»; г) «Купала»;
б) «Ідылія»; д) «Смутак на чужыне».
в) «Пінская шляхта»;
4. Што ўплывала на фарміраванне светапогляду будучага пісьменніка і яго ідэалаў?
а) спецыфіка сацыяльнага становішча сям’і інтэлігентаў, дзе шмат увагі надавалася выхаванню дзяцей, абуджалася цікавасць да жыцця народа, яго культуры;
б) вучоба ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, якая паглыбіла веды, духоўна ўзбагаціла;
в) вучоба ў Пецярбургскім універсітэце, дзе меў магчымасць пазнаёміцца з літаратурным і культурным жыццём братняга народа;
г) падзеі грамадска-палітычнага і культурнага жыцця тагачаснай Беларусі.
5. Дзе пражыў В.І. Дунін-Марцінкевіч большую частку свайго жыцця?
а) у Мінску;
б) у фальварку Свіраны Віленскага павета Віленскай губерніі;
в) у фальварку Люцынка Пяршайскай воласці Мінскага павета.
6. У якіх творах апеты пісьменнікам дарагія яго сэрцу мясціны, дзе ён нарадзіўся?
а) «З-пад Іслачы, або Лекі на сон»; в) «Люцынка, або Шведы на Літве»;
б) «Ідылія»; г) «Залёты».
7. Які твор В.І. Дуніна-Марцінкевіча быў выдадзены ў Вільні ўпершыню асобным выданнем?
а) «Гапон»; в) «Купала»;
б) «Ідылія»; г) «Халімон на каранацыі».
8. У якім годзе была выдадзена ўпершыню асобным выданнем «Ідылія» В.І. Дуніна-Марцінкевіча?
а) 1846; г) 1857;
б) 1855; д) 1848.
в) 1856;
9. Імя якога героя свайго першага надрукаванага твора пазней аўтар узяў у якасці псеўданіма?
а) Караль Лятальскі; г) Дабровіч;
б) Навум Прыгаворка; д) Выкрутач.
в) Ціт;
10. Да якога з твораў аўтара маецца падзагаловак «Беларуская аповесць з праўдзівага здарэння, напісаная на мове беларускага люду»?
а) «Ідылія»; г) «Пінская шляхта»;
б) «Вечарніцы»; д) «Купала»;
в) «Гапон», е) «Шчароўскія дажынкі».
11. Да якога твора была зроблена наступная заўвага да першай публікацыі: «Твор гэты напісаны пінчуцкай гаворкай у 1866 годзе і да гэтага часу нідзе не друкаваўся. Выпраўлены на беларускі лад, ён друкуецца ў «Вольнай Беларусі» першы раз»?
а) «Гапон»; г) «Вечарніцы»;
б) «Купала»; д) «Пінская шляхта»;
в) «Залёты»; е) «Ідылія».
12. Якія з ніжэйпералічаных кніг належаць пяру В.І. Дуніна-Марцінкевіча?
а) «Дудка беларуская»; г) «Вечарніцы»;
б) «Дажынкі»; д) «Шляхам жыцця».
в) «Гапон»;
13. Акрэсліць творчы дыяпазон асобы В.І. Дуніна-Марцінкевіча?
а) паэт; е) рэжысёр;
б) празаік; ж) перакладчык;
в) драматург; з) музыкант;
г) акцёр аматарскай сцэны; і) публіцыст;
д) тэатральны акцёр; к) асветнік.
П’еса «Пінская шляхта»
1. Якія факты з жыцця В.І. Дуніна-Марцінкевіча стымулявалі стварэнне п’есы «Пінская шляхта»?
а) уласная адвакацкая прыватная практыка;
б) праца перакладчыкам з польскай мовы на рускую ў каталіцкай духоўнай кансісторыі;
в) вандроўкі па Палессі;
г) вопыт, набыты пры аднаўленні свайго роду ў шляхецтве;
д) турэмнае зняволенне.
2. Да якой разнавіднасці драматычных твораў адносіў сам аўтар «Пінскую шляхту»?
а) камедыя; в) трагедыя;
б) фарс-вадэвіль; г) драма.
3. Якія з ніжэйпералічаных асаблівасцей фарса і вадэвіля можна знайсці ў «Пінскай шляхце»?
а) займальная інтрыга ў аснове сюжэта; д) прыпеўкі;
б) любоўны трохкутнік; е) рамансы;
в) гратэскныя сітуацыі; ж) куплеты;
г) танцы; з) дуэты.
4. Які канфлікт з’яўляецца галоўным у п’есе «Пінская шляхта»?
а) грамадска-сацыяльны;
б) бытавы.
5. Акрэсліць канфліктныя бакі ў творы.
а) Ціхон Пратасавіцкі – Цімох Альпенскі;
б) Іван Цюхай-Ліпскі – Базыль Статкевіч;
в) Ціхон Пратасавіцкі – Іван Цюхай-Ліпскі;
г) Цімох Альпенскі – Базыль Статкевіч;
д) Грышка і Марыся – бацькі Грышкі і Марысі;
е) Кручкоў – шляхта.
6. З ніжэйпрыведзеных тэзісаў выбраць той, які адпавядае адказу на пытанне: «Якое значэнне мае вобраз Кручкова ў п’есе»?
а) Кручкоў – адзін з галоўных удзельнікаў канфлікту;
б) Кручкоў – рухаючая сіла ў развіцці канфлікту;
в) Кручкоў – рупар аўтарскіх ідэй.
7. Якія са сродкаў стварэння вобраза-персанажа найбольш паспрыялі раскрыццю характара Кручкова?
а) апісанні: партрэт, інтэр’ер, пейзаж; е) мова;
б) паказ дзеянняў, учынкаў; ж) дыялогі;
в) аўтарская характарыстыка; з) маналогі;
г) характарыстыка героя іншымі дзеючымі асобамі; і) лірычныя адступленні;
д) аўтарскія каментарыі, рэмаркі; к) самахарактарыстыка.
8. Чаму Кручкову ў засценку О. было «харошае жніво»?
а) умеў запалохаць;
б) спрыяла паднявольнае становішча шляхты;
в) дзейнічаў нахабна, груба, цынічна;
г) паспрыялі прадстаўнікі малодшага пакалення шляхты;
д) спрыяла дваістасць сацыяльнага становішча шляхты.
9. Сярод герояў з твораў В.І. Дуніна-Марцінкевіча назваць прадстаўнікоў пінскай шляхты з аднайменнай п’есы.
а) Марыся; д) Куліна; і) Цімох Альпенскі;
б) Грышка; е) Ціхон Пратасавіцкі; к) Кручкоў;
в) Кацярына; ж) Базыль Статкевіч; л) Пісулькін;
г) Куторга; з) Іван Цюхай-Ліпскі; м) Навум Прыгаворка.
10. Каго з герояў «Пінскай шляхты» можна аднесці да сатырычных вобразаў?
а) Ціхона Пратасавіцкага; е) Грышку;
б) Івана Цюхай-Ліпскага; ж) Куторгу;
в) Цімоха Альпенскага; з) Марысю;
г) Базыля Статкевіча; і) Кручкова;
д) Куліну; к) Пісулькіна.
11. Што ў шляхце прываблівае аўтара?
а) працавітасць;
б) наяўнасць пачуцця чалавечай годнасці;
в) наяўнасць пачуцця шляхецкага гонару;
г) высокія духоўныя ідэалы, інтарэсы.
12. Якія заганы грамадскага жыцця высмеяў аўтар у творы?
а) бюракратычна-чыноўніцкую сістэму ўлады ў царскай Расіі;
б) саслоўныя забабоны засцянковай шляхты;
в) адмоўныя з’явы ў жыцці грамадства, выкліканыя культам асобы;
г) кар’ерыстаў, дэмагогаў, падхалімаў, паклёпнікаў;
д) прыстасаванства, нахабства, хабарніцтва.
Літаратура
1. Александровіч, С.Х. Пуцявіны роднага слова: праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ – пач. ХХ стст. / С.Х. Александровіч. – Мінск: БДУ, 1971. – 245 с.
2. Беларуская літаратура: проза 20-х гадоў: хрэстаматыя / Д.Я. Бугаёў [і інш.]; пад рэд. Д.Я. Бугаёва. – 2-е выд. – Мінск: Універсітэцкае, 1997. – 592 с.
3. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: хрэстаматыя / С.Х. Александровіч [і інш.]; пад рэд. С.Х. Александровіч. – Мінск: Выш. шк., 1971. – 373 с.
4. Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / рэдкал.: Б. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЭ імя Броўкі, 1992 – 1995. – 6 т.
5. Гісторыя беларускай літаратуры: у 4 т. / рэдкал.: У.В. Гніламёдаў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Бел. навука, 2003. – 583 с.
6. Жураўлёў, В.П. У пошуку духоўных ідэалаў: на матэрыяле беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стст. / В.П. Жураўлёў; пад рэд. У.В. Гніламёдава. – Мінск: Бел. навука, 2000. – 191 с.
7. Лазарук, М.А. Гісторыя беларускай літаратуры: ХХ стагоддзе (20 – 50-я гады) / М.А. Лазарук, А.А. Семяновіч; пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск: Выш. шк., 2000. – 511 с.
8. Лойка, А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў ВНУ. Ч. 1 / А.А. Лойка; пад рэд. Ю.С. Пшыркова. – Мінск: Выш. шк., 1977. – 304 с.
9. Мішчанчук, М.І. Беларуская літаратура ХХ ст.: вучэбны дапаможнік / М.І. Мішчанчук, І.С. Шпакоўскі. – Мінск: Выш. шк., 2001. – 352 c.
10. Мушынская, Т.Ф. Беларуская літаратура 20 – 30-х гадоў / Т.Ф. Мушынская. – Мінск: Нар. асвета, 1994. – 160 с.
11. Навуменка, І.Я. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч / І.Я. Навуменка. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992. – 214 c.
12. Семяновіч, А.А. Гісторыя беларускай драматургіі ХІХ – пач. ХХ стст.: дапаможнік для філалагічных факультэтаў педагагічных інстытутаў / А.А. Семяновіч. – Мінск: Выш. шк., 1985. – 166 с.
13. Старычонак, В.Д. Беларуская літаратура / В.Д. Старычонак. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 350 с.
14. Янушкевіч, Я.Я. За архіўным парогам: беларуская літаратура ХІХ – ХХ стст. у святле архіўных пошукаў / Я.Я. Янушкевіч. – Мінск: Маст. літ., 2002. – 381 с.
15. Яцухна, В.І. Беларуская малафарматная драматургія ХVІ – першай паловы ХХ стст. / В.І. Яцухна. – Гомель: ГДУ, 2004. – 183 с.
Модуль 3
Развіццё новай беларускай літаратуры
ў 1890-я гады ХІХ ст.
Уводзіны
Адзначаны перыяд вельмі важны для асэнсавання далейшага развіцця літаратурнага працэсу ў Беларусі. У літаратуру прыходзіць шмат новых аўтараў; пашыраецца геаграфія пісьменніцкіх імён.
У канцы ХІХ ст. актывізуецца тэатральнае жыццё. Пашыраецца развіццё празаічных жанраў беларускай літаратуры (Ф. Багушэвіч). Назіраецца развіццё лірычнага пачатку ў беларускай паэзіі (Я. Лучына, Ф. Багушэвіч і інш.)
Мае месца перакладчыцкая літаратурная дзейнасць (А. Гурыновіч, Я. Лучына, М. Косіч, З. Манькоўская і інш.).
У працэсе вывучэння тэмы студэнты павінны:
1. Засвоіць паняцце:
– лірызацыя паэзіі.
2. Характарызаваць з’яву:
– перакладных літаратурных твораў.
3. Аналізаваць і інтэрпрэціраваць працэсы:
– дэмакратызацыі літаратурных з’яў;
– нацыяналізацыі новай беларускай літаратуры.
4. Фарміраваць уменні:
– аналізу твораў мастацкай літаратуры з улікам вышэйпералічаных асаблівасцей.
1. Схема вывучэння матэрыялу
(вучэбна-інфармацыйны блок)
Тэма заняткаў
|
Тып заняткаў
|
Від заняткаў
|
Колькасць гадзін
|
1. Развіццё новай беларускай літаратуры ў 1890-я гады ХІХ ст.
|
Засваенне новых ведаў
|
Лекцыя
|
6
|
2. Станаўленне і развіццё публіцыстыкі на Беларусі ў 1890-я гады ХІХ ст.
|
Выніковы кантроль
|
Камбінаваны залік
|
2
|
2. Асновы навукова-тэарэтычных ведаў па модулі
«Развіццё новай беларускай літаратуры ў 1890-я гг. ХІХ ст.»
Беларуская літаратура 1890-х гадоў
1890-я гады – час актывізацыі літаратурнага руху ў Беларусі. Важную ролю ў грамадскім і культурным жыцці адыграла газета «Мінскі лісток», якая выходзіла з 1886 па 1902 гг. Гэта была літаратурная і грамадская газета, яна выходзіла ў Мінску на рускай мове, змяшчала творы рускамоўных аўтараў, пераклады на рускую мову сусветных і мясцовых аўтараў. Актывізуецца тэатральнае жыццё ў канцы ХІХ ст.: культурнымі цэнтрамі былі Мінск, Віцебск. У Віцебску асноўнай увагай карысталіся творы Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага. Віцебск канца ХІХ ст. быў горадам мастакоў. У 1899 г. тут адкрылася першая выстава, а ў літаратуру прыйшоў шэраг новых аўтараў, большасць з якіх не стала знакамітымі літаратарамі.
Адным з такіх аўтараў быў Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Ён родам з Мсціслаўшчыны, архітэктар па адукацыі, звяртаўся да літаратурнай творчасці, якая вызначалася алегарычнасцю. Вядома яго байка «Цягне воўк – пацягнуць воўка» (змяшчае іншасказальны заклік змагацца супраць гвалту). У вершы «Бура» аўтар у іншасказальнай форме малюе беларускую рэчаіснасць пасля паўстання Каліноўскага. Верш прасякнуты пафасам усведамлення неабходнасці перамен.
Вядомае імя дадзенага перыяду літаратуры – Марыя Косіч. Да нашага часу дайшло толькі некалькі яе перакладаў і адзін арыгінальны твор «На перасяленне» пра развітанне чалавека з роднай зямлёй.
Пад псеўданімам «Адам М-скі» выступала Зоф’я Манькоўская, муж якой быў афіцэрам і ўдзельнічаў у руска-турэцкай вайне. Зоф’я працавала ў шпіталі сястрой міласэрнасці, пісала лірычныя вершы, займалася перакладчыцкай дзейнасцю з польскай мовы на беларускую. Вядомы яе твор «Беларуская малітва». Лічаць, што ён быў напісаны ў 1880-я гады. Па форме – гэта верш-просьба, верш-зварот сялян да Бога, яны просяць хлеба, сонца, шчасця для сябе і свайго краю. Пісьменніца бралася за пераклад тых твораў, якія былі пра каханне.
Даследчыкі мяркуюць, што ў канцы ХІХ ст. мелі пэўнае пашырэнне на Беларусі рукапісныя паэмы Якава Шэмета-Палачанскага «Барысаў камень», «Вяселле ў Беляка», «Даўгінаўскі пагром», творы гэтыя пакуль не адшуканы.
Альгерд Абуховіч (1840 – 1898 ці 1905) нарадзіўся на Случчыне ў радавітай сям’і, падпісваў некаторыя творы псеўданімам «Граф Бандзінэры» (бацька быў з роду Медзічы). Атрымаў адукацыю ў Слуцкай гімназіі, ведаў еўрапейскія мовы. Браў удзел у паўстанні К. Каліноўскага, пасля катаргі вярнуўся на Радзіму і без выкупа большую частку земляў аддаў сялянам. Сямейныя адносіны не склаліся, апошнія гады жыцця правёў у галечы. Перакладаў на беларускую мову творы заходніх аўтараў: Ф. Шылера, І.В. Гётэ, В. Гюго, Ф. Петраркі, Дантэ Аліг’еры, Дж.Г. Байрана, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, а таксама А. Пушкіна і М. Лермантава. Аднак пераклады не захаваліся. Вядомы празаічны твор «Мемуары», верш «Дума», чатыры байкі – «Ваўкалак», «Старшына», «Воўк і лісіца», «Суд». У цэнтры дадзеных твораў як філасофскія, так і маральныя праблемы.
У цэнтры байкі «Ваўкалак» стаіць праблема свабоды ўвогуле, байка «Старшына» дае алегарычны малюнак парэформеннай рэчаіснасці і з’яўляецца памфлетам на рэформу 1861 г. У байцы «Воўк і лісіца» выкарыстоўваюцца традыцыйныя для фальклору вобразы недалёкага ваўка і хітрай лісіцы і паказваюцца ўзаемаадносіны паміж імі. Байка «Суд» высмейвае судовыя парадкі і выказвае ілюзіі наконт справядлівасці суда.
Верш «Дума» ўтрымлівае разважанне над лёсам людзей і знакамітых асоб (намёк на постаці Карла ХІІ і Пятра І). Праходзіць думка пра непрадказальнасць лініі чалавечага лёсу.
А. Абуховіч лічыцца адным з пачынальнікаў мемуарнага жанру ў беларускай літаратуры. Ён вёў дзённік, у якім запісваў найбольш істотнае з уласнага жыцця: «З папераў А. Абуховіча», які атрымаў пазней назву «Мемуары». У творы аўтар расказвае пра сваё дзяцінства, сваякоў, вераванні беларусаў (абрад Дзяды), уводзіць развагі пра літаратурную творчасць, выступае за ўжыванне дыялектызмаў. Аўтар садзейнічаў развіццю алегарычнага пачатку беларускай прозы.
Аляксандр Гельскі (1834–1916) нарадзіўся на Міншчыне ў сям’і медыка. Атрымаў неблагую агульную і музычную адукацыю, прымаў удзел у Крымскай вайне, выйшаў у адстаўку і пачаў займацца літаратурнай і краязнаўчай дзейнасцю. У 1860-х гг. у сваім спадчынным маёнтку арганізаваў першы ў Беларусі краязнаўчы музей, цікавіўся гісторыяй, геаграфіяй, культурай Беларусі. Выдаў некалькі кніг на тэму мовы і звычаяў беларусаў: «Слоўнік жабрачай гаворкі на Белай Русі», «Аб беларускай гаворцы», «Замалёўкі звычаяў шляхты». Зрабіў пераклад адной песні паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Мяркуюць, што ў 1872 г. напісаны верш, прысвечаны В. Дуніну-Марцінкевічу. У вершы апошні называецца «старым лірнікам, паэтам». Пісьменніку належаць празаічныя творы павучальнага зместу: «Сынок», «Выбіраймася ў прочкі», «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы».
На мяжы ХІХ–ХХ стст. пачыналі сваю дзейнасць К. Каганец, Цётка, А. Пшчолка, В. Арлоўскі. Апошні ў пачатку ХХ ст. выдаў беларускія апавяданні. Мяркуюць, што ён паходзіў з нізоў, родам з Віцебшчыны, пісаў рыфмаванай прозай. У цэнтры твораў – парэформенная рэчаіснасць: збядненне сялян, культ золата. Ідэалізаваў мінулае, прыгонніцкі лад, рэзка ставіўся супраць навацый (тэхнікі, чыгункі).
Аляксандр Пшчолка – руска-беларускі пісьменнік, меў духоўную і юрыдычную адукацыю. Напісаў некалькі твораў на сумесі руска-беларускай мовы: «Бабылкіна гора», «У губерню з бумагай», «Більярд у дзярэўні», «У ціятры», «Сведкі», галоўным героем якіх быў мужык, што лёгка падмануты чыноўнікам.
Францішак Казіміравіч Багушэвіч (1840–1900)
Дадзенага аўтара называюць «рыцарам сумлення». Нарадзіўся ў фальварку Свіраны Віленскай губерні ў шляхецкай сям’і. Продкі яго былі асіміляваныя татары. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, мовы даваліся цяжэй за дакладныя навукі. У 1861 г. адпраўляецца ў Пецярбург вучыцца на фізмат. Кіраўніцтва пачало выдаваць студэнтам залікоўкі (матрыкулы), па якіх экзамены здаваліся ў пэўны час, што значна абмяжоўвала свабоду студэнтаў. Ф. Багушэвіч не ўзяў матрыкулу і аўтаматычна выбыў. Настаўнічаў на Лідчыне (Гродзенская вобласць). Браты Багушэвічы прынялі ўдзел у паўстанні К. Каліноўскага, вымушаны былі хавацца ад уладаў. У 1864 г. пакінуў Беларусь і ўладкаваўся ў г. Нежыне. У 1865 г. паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй (вучыўся там да 1868 г.). Часта мяняў месца службы, працаваў на Украіне. Другая палова 1890-х гадоў – час развіцця ўкраінскай літаратуры, таму мяркуюць, што і Ф. Багушэвіч пісаў вершы на ўкраінскай мове. Там жа ў 1874 г. ажаніўся. У 1884 г. пераехаў ў Вільню, працаваў адвакатам пры Віленскім акруговым судзе, пісаў вершы. Марыў пра стварэнне беларускай граматыкі, беларускага слоўніка. З’яўляецца аўтарам зборнікаў: «Дудка беларуская» (выдадзены ў 1891 г.) і «Смык беларускі» (выдадзены ў 1864 г.).
Публіцыстыка Ф. Багушэвіча
Літаратурную дзейнасць на беларускіх землях Ф. Багушэвіч пачаў з публіцыстычных твораў. З 1885 па 1891 гг. друкаваўся ў польскім часопісе «Край» пад псеўданімамі і крыптаграмамі (А.Д., В.Н. «бэ аш», Дэмас, Гушыч). Публікаваўся ў раздзелах, якія расказвалі пра правінцыяльнае жыццё, судовыя справы. У публікацыях звяртаў увагу на крызіс сельскай гаспадаркі таго часу, на эміграцыю беларускага сялянства, на банкроцтва памешчыкаў, пісаў пра ўзрастанне ролі банкаў і ліхвяроў. Допісы вызначаліся іранічным стылем. Пісаў пра навіны культурнага жыцця, неабходнасць развіцця беларускай культуры. Публіцыстычныя артыкулы вызначаюцца ўдалым выкарыстаннем сатырычных фарбаў (можна сказаць, што Ф. Багушэвіч – паслядоўнік М. Гогаля). Узорам публіцыстыкі з’яўляюцца прадмовы да паэтычных зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі».
Зборнік «Дудка беларуская»
Выйшаў у Кракаве ў 1891 г. лацінкай, але на беларускай мове пад псеўданімам «Мацей Бурачок». Выбар псеўданіма сведчыў пра дэмакратычнасць аўтара. Пісьменнік звяртаецца да зямлі-маткі, хоча пагаварыць пра мову, звяртае ўвагу на грамадзянскасць беларускай мовы. Заклікае беларусаў развіваць культуру на беларускай мове. У прадмове да зборніка ідэалізуе беларусаў у агітацыйных мэтах.
Зборнік адкрываўся праграмным вершам «Мая дудка», які і вызначаў запеў, настрой і тэматыку ўсіх твораў. У вершы аўтар расказвае пра прызначэнне і ролю мастацтва, паказвае неабходнасць сувязі паміж жыццём і паэзіяй, жыццём і літаратурай. Зборнік па сваім складзе і характары апавядальны (эпічны). Асноўная ўвага надаецца апісанню здарэнняў, а не чалавечых пачуццяў. Удалым кампазіцыйным прыёмам можна назваць тое, што аўтар уводзіць вобраз апавядальніка Мацея Бурачка. Вуснамі селяніна расказвае пра сялянскае жыццё. Часта аўтар называе зборнік дзённікам Мацея Бурачка, таму што амаль у кожным вершы прысутнічае апавядальнік Мацей, які расказвае пра нейкія здарэнні са свайго жыцця.
Увогуле зборнік уключае семнаццаць вершаў, адну байку, адну паэму, якую часта называюць вершаваным апавяданнем – «Кепска будзе». У тэматычным плане вершы можна падзяліць на некалькі груп:
1) патрыятычныя вершы («Мая хата», «Хрэсьбіны Мацюка»);
2) праўдашукальніцкія вершы («Мая хата», напісаны ў форме прычытання);
3) паказ парэформеннай рэчаіснасці («У астрозе», «У судзе», «Быў у чыстцы»);
4) вершы, якія ўслаўляюць чалавека працы («Дурны мужык, як варона»);
5) вершы апавядальніцкага характару пра выпадкі з жыцця («Здарэнне», «Дзе чорт не можа, там бабу пашле», «Хцівец», «Скарб на святога Яна»);
6) вершы, якія паказваюць процілегласць сіл у грамадстве («Бог не роўна дзеле», байка «Воўк і авечка»).
Верш «З кірмашу» можна аднесці да любоўнай лірыкі, таму ён стаіць асобна ў шэрагу твораў аўтара. Паэма «Кепска будзе» паказвае вобраз галоўнага героя Аліндаркі, які цэніць свабоду. Аўтар даводзіць думку пра тое, што кепска будзе чалавеку да той пары, пакуль ён церпіць здзекі з сябе. Паэму называюць яшчэ вершаванай аповесцю.
У зборніку Ф.К. Багушэвіч размясціў вершы не па тэмах дзеля цэнзуры: смешнае мяжуецца з сур’ёзным.
Зборнік «Смык беларускі»
Зборнік выдадзены ў Познані ў 1894 г. на беларускай мове лацінкай пад псеўданімам «Сымон Рэўка з-пад Барысава» (пачаткова «Шымон Рэўка з-пад Барысава»). Зборнік меў прадмову, у якой Ф. Багушэвіч працягвае размову пра перспектыву развіцця «мужыцкай» мовы, адносіны да фальклору. Імкнецца разважаць з чытачом, як пісаць: арыентавацца на народную песню ці адкідаць яе. Зборнік адкрываецца праграмным вершам «Смык». У вершы паэт услаўляе мастацтва і заяўляе, што мастацтву і музыцы падуладна ўсё. Зборнік уключае паэтычны цыкл «Песні», у які ўвайшло дзесяць песень, розных паводле тэматыкі, якія стылізаваны пад фальклор.
Першая песня «Удава» – у форме плачу, у ёй выказваецца спачуванне гаротнаму лёсу жанчыны. Другая песня – «Гора» выкарыстоўвае сюжэт народнай казкі. Трэцяя песня – пра гора – не мае назвы, пабудавана на алегарычнай сітуацыі. Чацвёртая і пятая песні – «Сватаны» (жаніх) і «Сватаная» (нявеста) выкарыстоўваюць прыём іроніі. Шостая песня паказана ў форме дыялогу. Сёмая – зварот да пана ў форме іроніі. Восьмая песня зроблена ў жанры калыханкі. Дзевятая песня па форме блізкая да народных прыпевак і па змесце нагадвае гімн гультая. Адрозніваецца песня «Хмаркі», у якой маецца разважанне пра месца чалавека на зямлі (верш элегічнага характару, роздум пра лёс інтэлігенцыі).
У зборнік увайшлі і песні, у якіх апісваецца паразітызм паноў і нягоды сялянскага жыцця. Іранічна гучаў верш «Скацінная апека», які асуджае ілжывасць і крывадушнасць сучаснай аўтару маралі.
Сацыяльнае гучанне мела байка «Свіння і жалуды» (філасофскі падтэкст у тым, што панства адбірае ў сялянства карані і не дае магчымасці існаваць). Філасофскае гучанне мае і верш «Ахвяра»; у вершы «Не цурайся» праводзіцца ідэя асветніцтва, характэрная для ХVІІІ–ХІХ стст. Патрыятызмам прасякнуты верш «Свая зямля». Багушэвіч набліжае паэзію да лірычнай плыні (верш «Балада»).
Проза Ф. Багушэвіча
Аўтар з’яўляецца адным з пачынальнікаў беларускай прозы. Яго проза не цалкам захавалася. Калі пачаў пісаць прозай – невядома. Быў намер выдаць зборнік «Беларускія расказы», але ён не ажыццявіўся. Да нас дайшлі асобныя апавяданні. У 1892 г. у Кракаве выйшла апавяданне «Тралялёначка», надрукаванае на беларускай мове лацінкай. Апавяданне ўздымала праблему капіталізацыі вёскі, такім чынам, у ХІХ ст. ужо набывае моц літаратура пра паказ жыцця народа.
«Сведка» – пра мужыка, якога запрасілі сведкам на суд; «Палясоўшчык» (падзагаловак «Апавяданне старога лесніка») выкарыстоўвае сітуацыю народнага анекдота; «Дзядзіна» – народнае апавяданне, у аснове ляжыць прыём прамой іроніі і горкага гумару.
Ф. Багушэвіч – першы беларускі нацыянальны паэт, пра што ён сам заявіў свядома назвамі твораў. Ён адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, аўтар вострасацыяльных вершаў, садзейнічаў развіццю лірычнага пачатку беларускай паэзіі.
Янка Лучына (1851–1897)
Сапраўднае імя Іван Луцыянавіч Неслухоўскі. Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і адваката. Вучыўся ў Мінскай гімназіі, потым адзін год – на матэматычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. Яго прываблівала філасофія пазітывізму (самім трэба дабівацца ўсяго ў жыцці). Потым быў студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, пасля заканчэння якога ў 1877 г. паехаў працаваць на Каўказ. Па стане здароўя вымушаны перабрацца ў Мінск. У 1886 г. яго разбівае паралюш. Апошнія адзінаццаць год жыцця ён абмежаваны ў дзеяннях.
Пісаў на трох мовах: рускай, польскай і беларускай. Пры жыцці не выдаў ні аднаго зборніка вершаў. Пасля смерці ў 1898 г. выйшаў зборнік вершаў на польскай мове. У 1903 г. выйшаў зборнік беларускіх вершаў «Вязынка» (для цэнзуры выдаваўся як зборнік балгарскіх вершаў). Янку Лучыну былі блізкія тыя аўтары, якія звярталі ўвагу на абставіны жыцця селяніна. Перакладаў творы М. Някрасава і У. Сыракомлі. Пачаў пісаць вершы з дзесяці гадоў.
Першы друкаваны твор з’явіўся ў 1886 г. у першым нумары газеты «Мінскі лісток» на рускай мове – «Не ради славы или расчёта», у ім тлумачылася прызначэнне газеты, яе асветніцкая накіраванасць. У тым жа годзе з’явіўся верш грамадзянскага гучання на беларускай мове ў той жа газеце (пра неабходнасць развіваць народнае мастацтва і літаратуру на беларускай мове). Вершы «Пра што думае Янка, везучы дровы…», «Вясна», «Вясновай парой» расказваюць пра жыццё селяніна. Ёсць вершы патрыятычнага зместу, у якіх выкарыстоўваецца прыём кантрасту («У роднай старонцы»). Верш «Сівер» мае алегарычны характар (паказ жыцця грамадства канца ХІХ ст.).
Янка Лучына напісаў твор «Паляўнічыя абразкі з Палесся», дзе выступіў знаўцам беларускай прыроды. Праз некаторы час аўтар зрабіў яго пераклад з польскай мовы на беларускую і назваў «Стары ляснік». Аўтар пісаў вершы маральна-этычнай праблематыкі: «Пятрусь», «Віялета», «Андрэй», «Гануся», якія да нас не дайшлі. Найбольш вядомыя яго творы-пераклады У. Сыракомлі: «Горсць пшаніцы», «Ямшчык», «Надта салодкія думкі» (у іх пераважаюць маральна-этычныя і патрыятычныя тэмы).
Янка Лучына быў публіцыстам, драматургам, празаікам. Яму належыць невялікая аповесць на рускай мове «Верачка» пра дзяўчынку, што страціла маці, але засталася добрай; драматычны невялікі твор «Старасць – не радасць» (пра светаадчуванне старых, нікому не патрэбных людзей).
Заслуга Янкі Лучыны – у лірызацыі беларускай паэзіі, паглыбленні яе псіхалагізму, перадачы ўнутранага свету ў вершах. Нездарма псеўданім мае два значэнні: 1) Янка – распаўсюджанае імя, Лучына – продкі мелі прозвішча Лучыўка; 2) рэч, што асвятляе памяшканне (так і яго творчасць будзе садзейнічаць пашырэнню асветы ў родным краі).
Адам Гурыновіч (1869–1894)
Нарадзіўся ў сям’і збяднелага шляхціца ў фальварку Кавалі (Кавалькі) былога Вілейскага павета Віленскай губерні. Па бацькавай лініі быў з абеларушаных татар, па маці – прадстаўнік знакамітага шляхецкага, але збяднелага роду. У сем год застаўся без бацькі, маці мела шасцярых дзяцей на руках. Дзеля практычнай адукацыі Адам вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы, потым – у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, які скончыў у 1893 г. Пазнаёміўся з людзьмі, што ўтваралі гурток польска-літоўска-беларуска-маларускай моладзі; гурток быў асветніцкім і палітычным, яго старшынёй Адам стаў пасля. Пасля выкрыцця гуртка ў 1893 г. адпраўлены ў Пецярбургскую крэпасць, у лістападзе 1983 г. адпушчаны з падпісаннем знаходзіцца ў спадчынным фальварку Свінцянскага павета. Памёр ад чорнай воспы.
Творы пры жыцці не друкаваліся, асобнага зборніка не выдаў. Літаратурная спадчына дайшла да нас у няпоўным аб’ёме, большая частка яе страчана. Пры арышце паліцыя канфіскавала восем сшыткаў аўтара. Дзякуючы Браніславу Тарашкевічу ўпершыню ў 1921 г. былі апублікаваны яго творы. У 1956 г. была другая публікацыя твораў Гурыновіча (некалькі перакладаў на беларускую мову з польскай і рускай моў і беларускія вершы).
Адам Гурыновіч – пераважна паэт-лірык, яго вершы – розныя па ідэйна-тэматычных і стылёвых асаблівасцях. Вядомы сваімі публіцыстычнымі вершамі, сябе свядома паказвае як прадаўжальніка традыцый Мацея Бурачка («Дзякуй табе, браце Бурачок Мацею»). У некаторых вершах паказвае асэнсаванне парэформеннага жыцця і беларускай гісторыі: «Што ты спіш, мужычок», «Перш душылі паны». У гэтых вершах вар’іруецца матыў параўнання дарэформеннага і парэформеннага становішча селяніна.
Гурыновіч найперш быў паэтам-публіцыстам, але ён звяртаўся і да апісання прыроды, да філасофскай лірыкі (у вершы «Што за гук» выкарыстаны прыём паралелізму, верш «Вясна» алегарычны, верш «Бор» мае параўнанне ў сваёй аснове).
Аддаваў даніну і сюжэтным вершам: «Звярынец», «Месца нячыстае» (у апошнім выкарыстаны прыём кальцавой кампазіцыі). Аўтар імкнуўся і да выкарыстання народных казак і песень у сваіх творах: у вершы «Да жніва» назіраецца адухаўленне прыроды.
У творчасці аўтара сустракаюцца і дыдактычныя вершы: «Раз у Зольках», «Рыбак», «Каток» – вершы сюжэтнага плану, напісаны ў форме байкі.
Адам Гурыновіч першым у беларускай літаратуры звярнуўся да тэмы адлюстравання жыцця рабочага люду. Займаўся перакладамі твораў А. Талстога, А. Пушкіна. Як перакладчык не імкнуўся перадаваць тэкст арыгіналу даслоўна, каб чытачы ўспрынялі твор як помнік сваёй літаратуры.
3. Слоўнік паняццяў
Лірызм
|
1) індывідуальныя асаблівасці лірыкі канкрэтнага паэта;
2) наяўнасць элементаў эмацыянальнасці, усхваляванасці і г.д. у творчасці празаіка ці драматурга;
3) наогул адценне мяккасці, задушэўнасці, інтымнасці ў мове.
|
Лірыка
|
ад гр. lyrikos – той, што спявае пад гукі ліры, пачуццёвы;
1) адзін з трох літаратурных родаў (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае жыццё шляхам перажыванняў, т.ч. думак і пачуццяў чалавека;
2) сукупнасць твораў гэтага рода паэзіі.
|
4. Матэрыялы, выкарыстаныя ў працэсе навучання і кантролю
4.1 Матэрыялы да лекцыі
План лекцыі:
1. Асноўныя тэндэнцыі развіцця новай беларускай літаратуры ў 1890-я гады ХІХ ст.
2. Аўтары-перакладчыкі на беларускую мову і асаблівасці іх літаратурнай дзейнасці.
3. Жыццёвы і творчы шлях А. Абуховіча.
4. А. Гельскі: адметнасці грамадска-літаратурнай дзейнасці.
5. Ф.К. Багушэвіч і літаратурна-грамадскія вартасці яго зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі».
6. Ідэйна-мастацкая накіраванасць прозы Ф. Багушэвіча.
7. Месца і значэнне творчасці Я. Лучыны ў беларускім літаратурным працэсе.
8. Творчасць А. Гурыновіча ў кантэксце развіцця новай беларускай літаратуры.
4.2 Пытанні і заданні да лекцыі
1. Які друкаваны літаратурны орган адыграў вядучую ролю ў грамадскім і культурным жыцці беларусі ў 1890-я гады ХІХ ст.?
2. Назваць асноўныя асаблівасці перакладных твораў адзначанага перыяду.
3. Адзначыць асноўныя напрамкі літаратурнай дзейнасці А. Абуховіча.
4. Вызначыць асаблівасці творчай спадчыны А. Гельскага.
5. Зрабіць літаратурна-мастацкую характарыстыку зборнікаў Ф. Багушэвіча «Дудка беларуская» і «Смык беларускі».
6. Ахарактарызаваць адметнасці арыгінальнай і перакладной творчасці Я. Лучыны.
7. Акрэсліць ідэйна-тэматычныя і стылёвыя асаблівасці твораў А. Гурыновіча.
5. Тэсты і заданні для кантролю за вынікамі навучання
Янка Лучына
1. Назваць гады жыцця Янкі Лучыны.
а) 1869–1894;
б) 1851–1897;
в) 1840–1900.
2. Якое сапраўднае прозвішча Янкі Лучыны?
а) Канстанцін Міцкевіч;
б) Восіп Кавалеўскі;
в) Іван Неслухоўскі.
3. Што сабой уяўляе кніга Янкі Лучыны «З крывавых дзён»?
а) зборнік паэзіі;
б) аповесць;
в) зборнік успамінаў.
4. Якія вобразы дамінуюць у паэзіі Янкі Лучыны?
Вобразы мужыка, каханай, роднай старонкі, маці, роднага горада, аптымістычны вобраз светлай будучыні.
5. З якой мовы на беларускую перакладаў Янка Лучына?
З нямецкай, польскай, ангельскай, украінскай, французскай, рускай.
Адам Гурыновіч
1. Каго называе А. Гурыновіч сваім братам, маючы на ўвазе мастакоўскую роднасць?
а) Янку Лучыну;
б) В.І. Дуніна-Марцінкевіча;
в) Ф.К. Багушэвіча.
2. Якія паэтычныя вобразы пераймае А. Гурыновіч у Ф. Багушэвіча?
Вобразы дудкі, жалейкі, мужыка, айчыма, смыка, аканома.
3. Які мастацкі прыём выкарыстоўвае паэт у наступных радках верша «Перш душылі паны»?
Ані той, ані сёй
Нічога не далі,
Достарыңызбен бөлісу: |