Дзея чацьвертая
Той самы пакой у доме гараднічага
Зьява І
Выходзяць асьцярожна, мала не на пальчыках: Амос Хведаравіч, Арцём Піліпавіч, паштмайстар, Лукаш Лукашовіч, Добчынскі, Бобчынскі, усе ў поўным парадзе і ў мундзерах. Уся сцэна адбываецца напаўголасу.
Амос Хведаравіч (шыхтуе ўсіх паўколам). Дзеля Бога, спадары, хутчэй у гурток, ды як больш парадку. Бог і зь ім: і ў палацы езьдзіць, і дзяржаўную раду расьпякае. Стройцеся на вайсковую нагу, канечна на вайсковую нагу! Самі, Пётра Іванавічу, станьце вось гэттака12.
Абодва Пятры Іванавічы забягаюць на пальчыках.
Арцём Піліпавіч. Як сабе хочаце, Амосе Хведаравічу, нам трэ было-б сёе-тое наладзіць.
Амос Хведаравіч. А што-ж-бы гэткае?
Арцём Піліпавіч. Ну, ведама што.
Амос Хведаравіч. Падсунуць?
Арцём Піліпавіч. Ну але, хоць і падсунуць.
Амос Хведаравіч. Небясьпечна, разгамоніцца: дзяржаўны чалавек. Хіба ў выглядзе падношаньня з боку дваранства — якую-небудзь памятку.
Паштмайстар. Або: вось, бач, прыйшлі поштаю грошы, няма ведама чые прыналежнасьці.
Арцём Піліпавіч. Глядзеце, каб ён саміх поштаю не патурыў куды за сьвет. Слухайце, гэтыя рэчы ня так робяцца ў упарадкаванай дзяржаве. Навошта нас гэттака цэлы эскадрон? Рэкамэндавацца трэба па адным ды сам-на-сам і гэнага... як там трэба; дык каб і вушы ня чулі! Вось як у грамадзянстве ўпарадкаваным робіцца. Ну, вось самі, Амосе Хведаравічу, першыя пачнеце.
Амос Хведаравіч. Дык лепш-жа самі: у саміх у ўстанове высокі госьць хлеба ўкаштаваў.
Арцём Піліпавіч. Дык ужо лепш Лукашу Лукашовічу, як прасьветніку моладзі.
Лукаш Лукашовіч. Не магу, не магу, спадары! Я, прызнаюся, гэтак узгадаваны, што, як загаворыць да мяне на адзін чын вышэйшы, у мяне прост і душы нямаш, і язык, як у балота, загруз. Не, спадары, аслабанеце, праўда-ж, аслабанеце!
Арцём Піліпавіч. Але-ж, Амосе Хведаравічу, апрача саміх няма каму. У саміх што ні слоўца, дык Цыцэрон зь языка зьляцеў.
Амос Хведаравіч. Што гэта! Што гэта! Цыцэрон! гляньце, што выдумалі! Што іншым разам захопішся чалавек, калі пра сабачую ганьню ці пра ганчака...
Усе (чапляюцца да яго). Не, самі-ж ня толькі пра сабакаў, самі й пра стаўпатварэньне... Не, Амосе Хведаравічу, не пакідайце нас, будзьце бацькам нашым!.. Не, Амосе Хведаравічу!
Амос Хведаравіч. Адкасьнецеся, спадары!
Тымчасам чуваць хада й адкашляваньне ў пакоі Хлестакова. Усе сьпяшаюцца на прамілы Бог да дзьвярэй, ціснуцца й намагаюцца выйсьці, што адбываецца не без таго, каб ня прыціснулі сяго-таго. Чуваць напаўголасу воклічы.
Голас Бобчынскага. Вой! Пётра Іванавічу, Пётра Іванавічу, нагу адціснулі!
Голас Землянікі. Пусьцеце, пусьцеце, пусьцеце хоць із душою — зусім прыцісьлі.
Вымыкаюцца колькі воклічаў: “ай! вой!” Нарэшце, усе выбіраюцца, й пакой застаецца пусты.
Зьява ІІ
Хлестакоў адзін, выходзіць із заспанымі вачамі.
Хлестакоў. Я, здаецца, нішто сабе храпануў. Адкуль яны набралі такіх пехцяроў і пярынаў? аж учаўрэў. Здаецца, яны ўчора мне падсунулі чагосьці на сьнеданьні: у галаве дасюль стукаціць. Тутака, я бачу, можна з прыемнасьцяй праганяць час. Я люблю ветласьць, і мне, прызнаюся, больш падабаецца, калі мне дагаджаюць ад шчырага сэрца, а ня тое, каб дзеля інтарэсу... А дачка гараднічага вельмі нішто сабе, дый матуля такая, што йшчэ можна-б... Не, я ня ведаю, а мне, праўда-ж, падабаецца такое жыцьцё.
Зьява ІІІ
Хлестакоў і судзьдзя13.
Судзьдзя (уваходзячы й спыняючыся, сам сабе). Божа, Божа! вынясі шчасьліва; гэтак во каленцы й ломіць. (Уголас, выцягнуўшыся й прытрымваючы рукою шпагу). Маю гонар рэкамэндавацца: судзьдзя тутэйшага акруговага суда, калескі асэсар Ляпкін-Цяпкін.
Хлестакоў. Прашу сядаць. Дык самі тутака за судзьдзю?
Судзьдзя. Ад 816-га быў абраны на трохгодьдзе з волі дваранства й спраўляю службу да сяе пары.
Хлестакоў. А выгода, аднак-жа, быць за судзьдзю?
Судзьдзя. За тры трохгодзьдзі прадстаўлены да Валадзімера 4-е ступені з ухваленьня з боку начальства. (Набок). А грошы ў кулаку, а кулак-жаж увесь у вагні.
Хлестакоў. А мне падабаецца Валадзімер. Вось Ганна 3-е ступені ўжо ня гэтак.
Судзьдзя (высоўваючы пакрысе наперад сьціснуты кулак. Набок). Божухна-Бацюхна, ня ведаю, дзе сяджу. Быццам гарачае вугальле пад табою.
Хлестакоў. Што гэта ў саміх у руцэ?
Судзьдзя (зьбянтэжыўшыся й губляючы на падлогу асыгнацыі). Нічагуткі.
Хлестакоў. Як нічога? Я бачу, грошы выпалі.
Судзьдзя (калоцячыся ўсім целам). Аніяк не-а! (Набок). О, Божа! вось ужо я й пад судом! і карэта пад’ехала хапіць мяне!
Хлестакоў (падымаючы). Але-ж, гэта грошы.
Судзьдзя (набок). Ну, пэўнюсенька загінуў! Загінуў!
Хлестакоў. А ведаеце, пазычце іх мне!
Судзьдзя (пасьпешна). Як-жаж, як-жаж... зь вялікай прыемнасьцяй! (Набок). Ну, сьмялей, сьмялей! вывозь, Прачыстая Маці!
Хлестакоў. Я, ведаеце, у дарозе пратраціўся: тое ды сёе... Зрэшты, я самім із двара зараз-жа іх адашлю.
Судзьдзя. Дайце сьвет, як можна! і без таго гэта такі гонар... Пэўна-ж, слабымі маймі сіламі, шчырасьцяй і стараннасьцяй да начальства... пастараюся заслужыцца... (прыўздымаецца з крэсла, выцягнуўшыся й рукі па швох). Ня важуся больш турбаваць сваім тут быцьцём. Ці ня будзе ніякага загаду?
Хлестакоў. Якога загаду?
Судзьдзя. Я разумею, ці не дасьцё якога загаду тутэйшаму паветаваму суду?
Хлестакоў. Навошта-ж? Мне-ж няма цяпер да яго ніякае патрэбы. Не, нічога, шчыра дзякую14.
Судзьдзя (раскланьваючыся й выходзячы, набок). Ну, горад наш!
Хлестакоў (па ягоным выхадзе). Судзьдзя — слаўны чалавек!
Зьява IV
Хлестакоў і паштмайстар (уваходзіць выцягнуўшыся, у мундзеры, прытрымліваючы шпагу).
Паштмайстар. Маю гонар рэкамэндавацца: паштмайстар, надворны раднік Шпёкін!
Хлестакоў. А, прашу ласкі. Я вельмі люблю прыемнае таварыства. Сядайце. Гэта-ж самі тутака заўсёды жывяцё?
Паштмайстар. Чыста так.
Хлестакоў. А мне падабаецца тутэйшы гарадок. Пэўна-ж, ня так модна — ну, што-ж? Гэта-ж не сталіца. Ці-ж ня праўда, гэта-ж не сталіца?
Паштмайстар. Чыстая праўда.
Хлестакоў. Гэта-ж толькі ў сталіцы бон-тон, і няма правінцыяльных гусей. Як саміх погляд, ці-ж ня так?
Паштмайстар. Так чыста! (Набок). А ён, аднак-жа, ані не ганарысты: пра ўсё распытваецца.
Хлестакоў. А гэта-ж, аднак, прызнайцеся, гэта-ж і ў маленькім гарадку можна пражыць шчасьліва?
Паштмайстар. Чыста так.
Хлестакоў. На мой погляд, чаго трэба? Трэба толькі, каб цябе паважалі, любілі шчыра, — ці-ж ня праўда?
Паштмайстар. Чыста справядліва.
Хлестакоў. Я, прызнаюся, рады, што самі аднаго погляду са мною. Мяне, пэўна-ж, назавуць дзіўным, ды ўжо ў мяне гэткі характар. (Пазіраючы ў вочы яму, кажа сам сабе). А ну, папрашу-ткі я ў гэтага паштмайстра пазычыць. (Уголас). Які дзіўны са мною выпадак: у дарозе чыста пратраціўся. Ці ня можаце самі пазычыць мне трыста рублёў?
Паштмайстар. Чаму-ж, чаму? За найвялікшае шчасьце. Восьдзе, будзьце ласкавы. Ад сэрца гатовы служыць.
Хлестакоў. Вельмі ўдзячны! А я, прызнаюся, сьмерць як ня люблю адмаўляць сабе ў дарозе, дый навошта? Ці-ж ня так?
Паштмайстар. Так чыста. (Устае, выцягваецца й прытрымлівае шпагу). Ня важуся больш турбаваць сваім тут быцьцём... Ці ня будзець якое заўвагі ў галіне паштовага кіраўніцтва?
Хлестакоў. Не, нічога!
Паштмайстар раскланьваецца й выходзіць.
Хлестакоў (адзін, раскурваючы цыгару). Паштмайстар, мне здаецца, таксама вельмі слаўны чалавек. Прынамся, прыслужлівы; люблю гэткіх людзей.
Зьява V
Хлестакоў і Лукаш Лукашовіч, які мала не выпіхаецца зь дзьвярэй. Адзаду ў яго чуваць мала ня ўголас: “Чаго баішся?”
Лукаш Лукашовіч (выцягваючыся не бяз дрыготкі й прытрымваючы шпагу). Маю гонар рэкамэндавацца: інспэктар школаў, тытулярны раднік Хлопаў!
Хлестакоў. А, прашу ласкі! Сядайце, сядайце! Ці ня хочаце цыгарачку? (Падаець яму цыгару).
Лукаш Лукашовіч (сам сабе, у ненаважнасьці). Вось табе штука! Ужо на гэта ніяк не падумаў. Браць ці ня браць?
Хлестакоў. Вазьмеце, вазьмеце; гэта людзкая цыгарка! Пэўна-ж, ня тое, што ў Пецярбургу. Там, бацюхна, я папакурваў цыгаркі па дваццаць пяць рублёў сотачка, прост ручкі сабе пасьля пацалуеш, як выкурыш. Вось агонь, закурэце. (Падаець яму сьвечку).
Лукаш Лукашовіч спрабуе закурыць і ўвесь калоціцца.
Хлестакоў. Ды не з таго канца!
Лукаш Лукашовіч (ад сполаху ўпусьціў цыгару, плюнуў і махнуў рукою, сам сабе). Ліхенька з усім! загубіла праклятая боязь!
Хлестакоў. Самі, як бачу, не ахвотнік да цыгаркаў. А я прызнаюся, гэта мая слабасьць. Вось яшчэ наконт жаноцкае палавіны, дык не магу быць бязуважным. Як самі? Якія самім больш падабаюцца, брунэткі ці блёндынкі?
Лукаш Лукашовіч знаходзіцца ў поўным нездаўменьні, што сказаць.
Хлестакоў. Не, скажэце шчыра, брунэткі ці блёндынкі?
Лукаш Лукашовіч. Ня важуся ведаць.
Хлестакоў. Не, не, ня выкручвайцеся! Мне хочацца ведаць канечна саміх густ.
Лукаш Лукашовіч. Адважуся далажыць... (Набок). І сам ня ведаю, што кажу; у галаве ўсё пайшло карагодам.
Хлестакоў. А! А! ня хочаце сказаць. Пэўна, ужо якая брунэтка зрабіла самім маленькую загваздачку! Прызнайцеся, зрабіла?
Лукаш Лукашовіч маўчыць.
Хлестакоў. А! А! пачырванелі, бачыце, бачыце! Чаму-ж самі ня кажаце?
Лукаш Лукашовіч. Забаяўся, ваша чэ.... дастой... яск... (Набок). Прадаў, прокляты язычына, прадаў!
Хлестакоў. Забаяліся? А ў мяне ўваччу, праўда, ёсьць штосьці гэткае, што наганяе боязі. Прынамся я ведаю, што ніводная жанчына ня можа іх вытрымаць, ці ж ня так?
Лукаш Лукашовіч. Так чыста.
Хлестакоў. Вось са мною дзівосьнейшы выпадак — у дарозе зусім пратраціўся. Ці ня можаце самі пазычыць трыста рублёў?
Лукаш Лукашовіч (хапаючыся за кішаню. Сам сабе). Вось-жа штука, калі няма! Ёсьць, ёсьць! (Выймае й падае, калоцячыся, асыгнацыі).
Хлестакоў. Шчыра дзякую.
Лукаш Лукашовіч. Ня важуся больш турбаваць быцьцём.
Хлестакоў. Бывайце.
Лукаш Лукашовіч (ляціць вон блізу бегма й гаворыць набок). Ну, дзякуй Богу! ану-ж не зазірне ў клясы.
Зьява VI
Хлестакоў і Арцём Піліпавіч, выцягнуўшыся й прытрымваючы шпагу.
Арцём Піліпавіч. Маю гонар рэкамэндавацца: апякун богугодных установаў, надворны раднік Земляніка.
Хлестакоў. Дабрыдзень, шчыра прашу сесьці.
Арцём Піліпавіч. Меў гонар таварышаваць самім і прыймаць асабіста ў давераных майму дагляданьню богугодных установах.
Хлестакоў. А, але, памятаю. Самі вельмі добра пачаставалі сьнеданьнем.
Арцём Піліпавіч. Рады старацца на службу бацькаўшчыне.
Хлестакоў. Я прызнаюся, гэта мая слабасьць — люблю добрую кухню. Скажэце, калі ласка, мне здаецца, як быццам-бы ўчора самі былі крышку ніжэйшага росту, ці-ж ня праўда?
Арцём Піліпавіч. Вельмі магчыма. (Памаўчаўшы). Магу сказаць, што не шкадую нічога й шчыра спраўляю службу. (Прысоўваецца бліжэй із сваім крэслам і гаворыць напаўголасу). Вось тутэйшы паштмайстар ані нічога ня робіць: усе справы ў вялікім запушчэньні, пасылкі затрымваюцца... на ласку, знарок дасьледуйце самі. Судзьдзя таксама, які кагадзе быў перад маім прыходам, езьдзіць толькі на зайцоў, у прысудзкіх установах трымае сабакаў, і захоўваньня, калі прызнацца перад самімі, — ведама, дзеля карысьці бацькаўшчыны, я мушу гэта зрабіць, хоць ён мне сваяк і прыяцель, — захоўваньня самазаганнага. Тутака ёсьць адзін дамаўласьнік Добчынскі, якога самі мелі ласку бачыць, і толькі як гэны Добчынскі выйдзе куды здому, дык ён тамака ўжо й сядзіць у жонкі ў ягонае, я прысягнуцца гатовы... І знарок прыгледзьцеся да дзяцей: ніводнае зь іх не падобнае да Добчынскага, а ўсе, навет дзяўчынка маленькая, як уліты судзьдзя.
Хлестакоў. Скажэце, на ласку! А я ані гэтага ня думаў.
Арцём Піліпавіч. Вось і інспэктар тутэйшае школы. Я ня ведаю, як магло начальства даверыць яму гэткую пасаду. Ён горшы за якабінца, і такія натхняе нядобрамысныя правілы, што нат выказаць цяжка. Ці не загадаеце, я ўсё гэта вылажу лепш на паперы?
Хлестакоў. Добра, хоць на паперы. Мне вельмі будзе прыемна. Я, ведаеце, гэтак люблю нудным часам прачытаць што-небудзь пацешнае... Як саміх прозьвішча? Усё я забываюся.
Арцём Піліпавіч. Земляніка.
Хлестакоў. А, так! Земляніка. І што-ж, скажэце на ласку, ёсьць у саміх дзеткі?
Арцём Піліпавіч. А як-жа-ж! пяцёра; двое ўжо вырослыя.
Хлестакоў. Скажэце, вырослыя! а як іхны.. як яны гэтага?..
Арцём Піліпавіч. Гэта значыць, ці ня маеце ласкі пытацца, як яны завуцца?
Хлестакоў. Але, як яны завуцца?
Арцём Піліпавіч. Мікалай, Іван, Альжбэта, Мар’я й Перапятуя.
Хлестакоў. Гэта добра.
Арцём Піліпавіч. Ня важачыся турбаваць сваім быцьцём, адбіраць часу, вызначанага на сьвяцейшыя абавязкі... (Раскланьваецца, каб адыйсьці).
Хлестакоў (прапускаючы). Не, дарма. Гэта ўсё вельмі сьмяхотна, што самі казалі. Калі ласка, і іншым таксама часам... Я гэта вельмі люблю. (Вяртаецца і, адчыніўшы дзьверы, крычыць наўздагон яму). Гэй, самі! Як саміх? Я ўсё забываюся, як саміх імя й па бацьку.
Арцём Піліпавіч. Арцём Піліпавіч.
Хлестакоў. Зрабеце ласку, Арцёме Піліпавічу, са мною дзіўное здарэньне: у дарозе чыста пратраціўся. Ці няма ў саміх грошай пазычыць рублёў чатырыста?
Арцём Піліпавіч. Ёсьць.
Хлестакоў. Скажэце, як дарэчы! Шчыра самім удзячны.
Зьява VII
Хлестакоў, Бобчынскі й Добчынскі.
Бобчынскі. Маю гонар рэкамэндавацца: жыхар тутэйшага гораду, Пётра, Іванаў сын, Бобчынскі.
Добчынскі. Абываталь Пётра, Іванаў сын, Добчынскі.
Хлестакоў. Я, ды я ўжо саміх бачыў. Самі, здаецца, тады зваліліся? Што, як у саміх нос?
Бобчынскі. Дзякуй Богу! Будзьце ласкавы не турбавацца: прысох цяперака, зусім прысох.
Хлестакоў. Добра, што прысох. Я рады... (Раптам і адрывіста). Грошай няма ў саміх?
Бобчынскі. Грошай? як грошай?
Хлестакоў. Пазычыць рублёў тысячу.
Бобчынскі. Такіх грошай, дальбог, няма. А ці няма ў саміх, Пётра Іванавічу?
Добчынскі. Пры сабе дык-жа нямашака, бо грошы мае, калі маеце ласку ведаць, пакладзеныя ў урад грамадзкага дагляду.
Хлестакоў. Але, ну калі тысячы няма, дык рублёў сто.
Бобчынскі (мацаючы па кішэнях). У саміх, Пётра Іванавічу, няма сту рублёў? У мяне ўсяго сорак асыгнацыямі.
Добчынскі. Дваццаць пяць рублёў усяго.
Бобчынскі. Ды самі пашукайце адно лепш, Пётра Іванавічу! У саміх тамака, я ведаю, у кішані вунь із правага боку распорак, дык-жа ў распорак, пэўне, як-колечы закінуліся.
Добчынскі. Не, праўда-ж, і ў распорку няма.
Хлестакоў. Ну, усёдна. Я-ж толькі так. Добра, хай будзе і шэсьцьдзесят пяць рублёў... гэта ўсёдна. (Бярэ грошы).
Добчынскі. Я адважваюся папрасіць саміх датычна аднае вельмі тонкай акалічнасьці.
Хлестакоў. А што гэта?
Добчынскі. Справа вельмі-ж тонкага характару: дык-жа старэйшы сын мой, маеце ласку бачыць, народжаны мною йшчэ перад жанімствам...
Хлестакоў. Так?
Добчынскі. Ці бо, яно гэтак толькі кажацца, а ён народжаны мною чыста як-бы і ў жанімстве, і ўсё гэта, як належыцца, я завяршыў пасьля законнымі-ж вязямі сужэнства-ж. Дык я, маеце ласку бачыць, хочу, каб ён цяпер ужо быў зусім, гэта знацца, законным маім сынам і зваўся-б гэтак, як я, Добчынскі.
Хлестакоў. Добра, хай завецца, гэта можна.
Добчынскі. Я-б не турбаваў саміх, ды шкада з-боку здольнасьцяў. Дык жа хлапчына такі... вялікія надзеі падае: напамяць вершы розныя раскажа і, калі дзе падхопіць ножык, зараз зробіць маленькую каламажачку так па-мастацку, чыста штукар. Вось і Пётра Іванавіч ведаюць.
Бобчынскі. Але-ж, вялікія здольнасьці мае!
Хлестакоў. Добра, добра! Я пра гэта пастараюся, я буду гаварыць... я спадзяюся... усё гэта будзе зроблена, але, але... (Да Бобчынскага). Ці ня маеце й самі чаго сказаць мне?
Бобчынскі. Як-жа, маю вельмі ніжэйшую просьбу.
Хлестакоў. А што, аб чым?
Бобчынскі. Я прашу саміх шчыра-шчыра, як паедзеце ў Пецярбург, скажэце ўсім тамака вяльможам розным, сэнатарам і адміралам, што вось, ваша яснасьць, ці дастойнасьць, жывець у такім а такім горадзе Пётра Іванавіч Бобчынскі. Гэтак і скажэце: жывець Пётра Іванавіч Бобчынскі.
Хлестакоў. Вельмі добра.
Бобчынскі. Ды калі гэта й цару імпэратару давядзецца, дык скажэце й цару, што вось, пыні, ваша імпэратарская вялікасьць, у такім а такім горадзе жывець Пётра Іванавіч Бобчынскі.
Хлестакоў. Вельмі добра.
Добчынскі. Прабачце, што гэтак абцяжылі саміх сваім быцьцём.
Бобчынскі. Прабачце, што гэтак абцяжылі саміх сваім быцьцём.
Хлестакоў. Дарма, дарма! Мне вельмі прыемна! (Выпраўляе іх).
Зьява VIII
Хлестакоў адзін.
Тутака шмат чыноўнікаў. Мне здаецца, аднак-жа, што мяне маюць за дзяржаўнага чалавека. Пэўна, я ўчора ім падпусьціў пылу. Гэнкае дураньнё! Напішу-ткі я пра ўсё ў Пецярбург да Трапічкіна: ён папісваець артыкульчыкі — хай-жа ён іх паабстрыквае добранька. Гэй, Восіп! падай мне паперы й чэрні!
Восіп вызірнуў зь дзьвярэй, праказаўшы: “Зараз”.
А ўжо Трапічкіну, чыста, калі гэта трапіць на зубок, — сьцеражыся: бацькі роднага не пашкадуе дзеля слоўца, і капейчыну таксама любіць. Зрэшты, чыноўнікі гэтыя добрыя людцы; гэта зь іхнага боку слаўная рыса, што яны напазычалі мне. Перагледжу знарок, колькі ў мяне грошай. Гэта ад судзьдзі трыста, гэта ад паштмайстра трыста, шэсьцьсот, семсот, восемсот... якая зацухмоленая паперынка! Восемсот, дзевяцьсот... Ого! За тысячу перакінулася... А ну-ж, цяперака, капітане, падкруціся ты мне адно цяперака, палядзімо, хто каго.
Зьява IX
Хлестакоў і Восіп, із чэрняю й папераю.
Хлестакоў. Ну што, бачыш, дурніла, як мяне частуюць і прыймаюць? (Пачынае пісаць).
Восіп. Але-ж, дзякуй Богу! Толькі ведаеце што, Іване Аляксандравічу?
Хлестакоў. А што?
Восіп. Выяжджайце адсюля! Дальбог, пара ўжо!
Хлестакоў (піша). Во дурніна! Чаму?
Восіп. Ды так. Бог і зь імі з усімі! Пагулялі тутака два дзянёчкі, — ну, і досыць. Што зь імі доўга зьвязвацца! Плюньце на іх! Няўрокам кажучы, які-небудзь іншы наедзе! А коні тутака слаўныя — гэтак-бы закацілі.
Хлестакоў (піша). Не, мне йшчэ хочацца пажыць гэтта. Няхай заўтра.
Восіп. Ды што заўтра! Дальбог, паедзьма, Іване Аляксандравічу! Яно хоць і вялікі тутака гонар самім, ды ўсё-ж, ведаеце, лепш выехаць баржджэй. Гэта-ж саміх, праўдачка, за кагосьці іншага маюць, і, татуля будуць гневацца, што гэтак забавіліся. Гэтак-бы, праўда-ж, закацілі слаўна! а коняй-бы важнецкіх тутака далі.
Хлестакоў (піша). Ну, добра. Аднясі адно наўперад гэты ліст, бадай, разам і падарожную вазьмі. Ды затое глядзі, каб коні добрыя былі. Хурманом скажы, што я буду даваць па рублі ў зубы, каб так, як фэльд’егеры, кацілі! і песьні-б пяялі! (Піша далей). Уяўляю, Трапічкін памрэ зусім...
Восіп. Я, спадару, выпраўлю яго з чалавекам тутэйшым, а сам лепш буду пакавацца, каб ня сыйшоў час надарэмна.
Хлестакоў. Добра, прынясі адно сьвечку.
Восіп (выходзіць і гаворыць за сцэнай). Гэй, слухай, браце! Занясеш ліста на пошту, і скажы паштмайстру, каб ён прыняў бяз грошай, ды скажы, каб зараз прыгналі да пана самалепшую тройку кур’ерскую, а прагону, скажы, пан ня плаціць: прагон, бач, скажы, дзяржаўны. Ды каб усё спрытней, а не дык, бач, пан злуе. Чакай, яшчэ ліст не гатовы.
Хлестакоў (піша далей). Цікава ведаць, дзе ён цяпер жыве, пры Паштамцкай ці пры Гарохавай. Ён-жа таксама любіць часта перабірацца з кватэры й не даплачваць. Напішу наўдачу на Паштамцкую. (Складае й надпісвае).
Восіп прыносіць сьвечку. Хлестакоў пячатае. Тымчасам чуваць голас Дзяржыморды: “Куды прэшся, барада? Кажуць табе, нікога не загадана пушчаць”.
Хлестакоў (дае Восіпу ліст). Маеш, занясі.
Галасы купцоў. Дапусьцеце, бацюхна, ня можаце не дапусьціць: мы ў справе прыйшоўшы.
Голас Дзяждыморды: Пайшоў, пайшоў! Ня прыймае, сьпіць.
Гармідар павялічваецца.
Хлестакоў. Што там гэткае, Восіп? Палядзі, што за гармідар.
Восіп (пазіраючы ў вакно). Купцы нейкія хочуць увайсьці, ды ня пушчае квартальны. Махаюць паперамі, пэўна, саміх хочуць бачыць.
Хлестакоў (падыходзячы да вакна). А што вы, даражэнькія?
Галасы купцоў. Ды твае ласкі ўпадаем! Загадайце, спадарочку, просьбу прыняць.
Хлестакоў. Упусьцеце іх, упусьцеце! Хай ідуць15.
Восіп выходзіць.
Хлестакоў (прыймае з вакна просьбы, разгортаець адну зь іх і чытае:) “Яго высокачэснаму сьветласьці спадару фінансаваму ад купца Абдуліна...” Ліха ведае, што: і чыну такога няма!
Зьява X
Хлестакоў і купцы, з корабам віна й цукровымі галовамі.
Хлестакоў. А што вы, даражэнькія?
Купцы. Чалом б’ем вашай ласцы.
Хлестакоў. А чаго-ж вы хочаце?
Купцы. Не загубі, спадарочку! Крыўдаванства церпім зусім задарма.
Хлестакоў. Ад каго?
Адзін із купцоў. Ды ўсё ад гараднічага тутэйшага. Гэткага гараднічага ніколі йшчэ, спадарочку, ня было. Такія крыўды ўчыняе, што апісаць нельга. Папасам чыста замучыў, хоць у пятлю чалавек лезь. Не з абыходкаў абыходзіцца. Хопіць за бараду, кажа: “Ах ты, татарын!” Дальбог! Калі-б, гэта знацца, чым-небудзь не ўшанавалі яго, ато мы ўжо парадак заўсёды спраўляем: што належыцца на сукні дружэбніцы ягонай і дачцы — мы супраць гэнага не стаімо. Не, бач ты, яму ўсяго замала — дальбожачка! Прыйдзе ў краму, і што ні пападзя, усё бярэць: сукна згледзіць трубку, кажа: “Гэ, міленькі, гэта добрае сукенца: занясі-ткі яго да мяне”. Ну й нясеш чалавек, а ў трубцы-ж будзе бяз мала аршынаў пяцьдзесят.
Хлестакоў. Няўжо? Ах, які-ж зь яго зладзюга!
Купцы. Дальбог! Гэткага ніхто ня ўпамятае гараднічага. Так усё й прыхоўваеш чалавек у краме, як яго загледзіш. Ці бо, ня тое ўжо кажучы, каб якое далікацтва, усялякую дрэнь бярэць: сьлівы гэткія, што год па сем ужо ляжаць у бочцы, што ў мяне сядзелец ня будзець есьці, а ён цэлую жменю туды запусьціць. Мяніны ягоныя бываюць на Антона, і ўжо, здэцца, усенькага нанясеш чалавек, ні ў чым ня мае патрэбы; не, яму йшчэ падавай; кажа, і на Анупрэя ягоныя мяніны. Што рабіць? і на Анупрэя нясем.
Хлестакоў. Ды гэта проста разбойнік?
Купцы. Дальбожачкі! А паспрабуй пярэчыць, навядзець да цябе ў хату цэльны полк на папас. А калі што, загадае замкнуць дзьверы. “Я цябе ня буду, — кажа, — паддаваць цялеснаму пакараньню, ці катам катаваць — гэта, — кажа, — забаронена законам, а вось ты ў мяне, даражэнькі, папаясі селядца!”
Хлестакоў. Ах, які рыштанюга! Ды за гэта прост у Сібір.
Купцы. Ды ўжо куды ласка твая ні запраторыць яго, усё будзе добра, адно-б, гэта знацца, ад нас як далей. Не пагрэбуй, бацька наш, хлебам і соляй: кланяемся табе цукярочкам і карабцом віна.
Хлестакоў. Не, вы гэтага ня думайце: я не бяру зусім ніякіх хабараў. Вось калі-б вы, прыкладам, запрапанавалі мне пазычыць рублёў трыста — ну, тады зусім што іншае: я магу ўзяць.
Купцы. Будзь ласкаў, бацька наш! (Выймаюць грошы). Ды што трыста! Ужо лепш пяцьсот вазьмі, памажы толькі.
Хлестакоў. Калі ласка: пазычаць — я ні слова, я вазьму.
Купцы (падносяць на срэбным падносе грошы). Ужо, калі ласка, і падносік разам вазьмеце.
Хлестакоў. Ну, і падносік можна.
Купцы (кланяючыся). Дык ужо вазьмеце за адным разам і цукярочку.
Хлестакоў. О, не, я хабараў аніякіх...
Восіп. Ваша высокачэсьць! Чаму самі не берацё? Вазьмеце! на дарозе ўсё прыдасца! Давай сюды галовы й кошык! падавай усё! усё пойдзе ў спор! Што гэна? Вяровачка? Давай і вяровачку — і вяровачка ў дарозе здасца! брычка абломіцца ці што йшчэ — падвязаць можна.
Купцы. Дык ужо зрабеце гэткую ласку, ваша яснасьць! Калі ўжо самі, знацца, не паможаце ў нашай просьбе, дык ужо й ня ведаем, як і будзем: прост хоць у зашмаргу лезь.
Хлестакоў. Конча, конча! Я пастараюся.
Купцы выходзяць; чуваць голас жанчыны: “Не, ты ня важся ня дапусьціць мяне! На цябе нажалюся яму самому. Ты ня пхайся гэтак дужа!”
Хлестакоў. Хто тамака? (Падыходзіць да вакна). А што ты, матухна?
Галасы дзьвюх жанок. Ласкі твае, бацюхна, прашу! Загадай, спадарыку, выслухаць.
Хлестакоў (праз вакно). Прапусьціць яе.
Зьява XI
Хлестакоў, сьлесарыха й унтэр-афіцэрыха.
Сьлесарыха. (кланяючыся ў ногі). Ласкі прашу!
Унтэр-афіцэрыха. Ласкі прашу...
Хлестакоў. Ды што вы за жанкі?
Унтэр-афіцэрыха. Унтэр-афіцэрская жонка Іванова.
Сьлесарыха. Сьлесарыха, тутэйшая мяшчанка, Хаўроньня Пётрава Пашлёпкіна, бацюхна мой.
Хлестакоў. Чакай, гавары перш адна, чаго табе трэба?
Сьлесарыха. Ласкі прашу, на гараднічага чалом б’ю! Нашлі на яго, Божа, усялякае зло, каб ні дзеткам ягоным, ні яму, зладзюгу, ні дзядзьком, ні цёткам ягоным ні ў чым аніякага прыбытку ня было!
Хлестакоў. А што?
Сьлесарыха. Дык-жа вось мужыку майму загадаў загаліць лоб у маскалі, і радоўка-ж на нас не прыпадала, зладзюга гэткі! ды й з закону нельга — ён жанаты.
Хлестакоў. Як-жа ён мог гэта зрабіць?!
Сьлесарыха. Зрабіў, зладзюга, зрабіў — пабі яго, Божа, і на тым, і на гэтым сьвеце! каб яму, калі й цётка ёсьць, дык і цётцы усялякае паскудзтва, і бацька калі жыве ў яго, дык каб і ён, гіцаль, спруцянеў ці падавіўся навекі, рыштанюга гэткі! Трэ было ўзяць краўцова сына, ён-жа й п’янчужка быў, ды бацькі багаты падарунак далі, дык ён і прысукаў да сына купчыхі Панцялейвае, а Панцялейва таксама падаслала жонцы палатна тры трубкі, дык ён да мяне. “Навошта, — кажа, — табе мужык — ён ужо табе не надаецца”. Дык-жа я гэта ведаю — надаецца ці не надаецца: гэта мая рэч, зладзюга гэткі. “Ён, — кажа, — злодзей, хоць ён цяперачы і ня ўкраў, ды ўсёдна, — кажа, — ён украдзе, яго й бяз гэтага налета возьмуць у некруты”. Дык-жа мне якаво бяз мужыка, рыштанюга гэткі! Я слабы чалавек, падлюга ты гэнкі! Каб усёй радні тваёй не давялося сьвету Божага аглядаць, а калі ёсьцека цешча, дык каб і цешчы...
Хлестакоў. Добра, добра! Ну, а ты? (Выпраўляе старую).
Сьлесарыха (выходзячы). Не забудзься, бацюхна мой! будзь ласкавы!
Унтэр-афіцэрыха. На гараднічага, бацюхна, прыйшла...
Хлестакоў. Ну ды што, чаго? Кажы ў кароткіх словах.
Унтэр-афіцэрыха. Адлупіў, бацюхна!
Хлестакоў. Як?
Унтэр-афіцэрыха. З памылкі, бацюхна мой. Дык-жа бабы нашыя шчапіліся на рынку, а паліцыя не дасьпела, дый хапанулі мяне, ды гэтак адляпартавалі: два дні сесьці не магла.
Хлестакоў. Дык што-ж цяперака рабіць?
Унтэр-афіцэрыха. Дык-жа рабіць, пэўна, няма чаго. А за памылку за гэтую загадай яму заплаціць штрах. Мне ад свайго шчасьця нямаш чаго адракацца, а грошы мне цяперачка вельмі здаліся-б.
Хлестакоў. Добра, добра! ідзеце, ідзеце, я загадаю.
Праз вокны высоўваюцца рукі з просьбамі.
Хлестакоў. Ды хто там яшчэ? (Падыходзіць да вакна). Ня хочу, ня хочу! Ня трэба, ня трэба! (Адыходзячы). Абрыдалі, ліха матары! Ня пушчай, Восіп!
Восіп (крычыць праз вакно). Пайшліце, пайшліце, ня час, заўтра прыходзьце!
Дзьверы адчыняюцца, і выстаўляецца нейкая постаць у фрызавым шынялі зь няголенай барадою, разьдзьмутаю губою й перавязанаю шчакою; за ёй у пэрспэктыве паказваецца колькі іншых.
Восіп. Пайшоў, пайшоў! Чаго прэшся! (Упіраецца першаму рукамі ў чэрава й выпіраецца разам зь ім у сходню, захлыснуўшы за сабой дзьверы).
Зьява XII
Хлестакоў і Мар'я Антонаўна.
Мар’я Антонаўна. Ах!
Хлестакоў. Чаго самі гэтак спалохаліся, спадарыня?
Мар’я Антонаўна. Не, я не спалохалася.
Хлестакоў (рысуецца). Дайце рады, сударыня, мне вельмі прыемна, што самі мяне ўзялі за такога чалавека, які... А ці адважуся спытацца ў саміх: куды самі наважылі былі йсьці?
Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, я нікуды ня йшла.
Хлестакоў. Чаму-ж, прыкладам, самі нікуды ня йшлі?
Мар’я Антонаўна. Я думала, ці ня тут мамуленька...
Хлестакоў. Не, мне хацелася-б ведаць, чаму самі нікуды ня йшлі?
Мар’я Антонаўна. Я самім перашкодзіла. Самі займаліся важнымі справамі.
Хлестакоў (рысуецца). А ў саміх вочы лепшыя, чымся важныя справы... Самі аніяк ня можаце мне перашкодзіць, аніякім парадкам ня можаце: наадварот таго, самі можаце прынесьці прыемнасьць.
Мар’я Антонаўна. Самі гаворыце па-сталічнаму.
Хлестакоў. Для такое прыгожай асобы, як самі! Ці адважуся быць такім шчасьлівым, каб запрапанаваць самім крэсла? Але не, самім належыць ня крэсла, а трон.
Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, я ня ведаю... мне так трэ было йсьці. (Села).
Хлестакоў. Які ў саміх прыгожанькі шалік.
Мар’я Антонаўна. Самі насьмешнікі, абы толькі пасьмяяцца каля правінцыяльных.
Хлестакоў. Як-бы я жадаў, спадарыня, быць саміх шалікам, каб аблягаць саміх лілёвую шыйку.
Мар’я Антонаўна. Я зусім не разумею, правошта самі кажаце; нейкі шалік... Сяньня якое дзіўное надвор’е.
Хлестакоў. А ў саміх губкі, спадарыня, лепшыя за ўсялякае надвор'е.
Мар’я Антонаўна. Самі ўсё гэнкае кажаце... Я-б у саміх папрасіла, каб самі мне напісалі лепш на ўспамін які вершык у альбом. Самі, пэўна, шмат іх ведаеце.
Хлестакоў. Для саміх, спадарыня, усё, што хочаце. Патрабуйце, які самім верш?
Мар’я Антонаўна. Які-небудзь, гэнкі — харошы, новы.
Хлестакоў. Ды што верш! Я багата іх ведаю.
Мар’я Антонаўна. Ну, скажэце-ж, які-ж самі мне напішаце?
Хлестакоў. Ды навошта-ж казаць! Я й бяз гэтага іх ведаю.
Мар’я Антонаўна. Я вельмі люблю вершы.
Хлестакоў. Ды ў мяне шмат іх усякіх. Ну, бадай, я самім хоць гэта. “О ты, што ў горы надарэмна клянеш на Бога, чалавек”... ну й іншае... цяперака не магу прыпамятаць, зрэшты, гэта ўсё дарма. Я самім лепш, заміж гэтага, прадстаўлю маё каханьне, якое ад саміх позірку... (Прысоўваючы крэсла).
Мар’я Антонаўна. Каханьне? Я не разумею каханьня... Я ніколі й ня ведала, што за каханьне... (Адсоўвае крэсла).
Хлестакоў16. Чаго ж самі адсоўваеце крэсла? Нам лепш будзе сядзець блізка адно да аднаго.
Мар’я Антонаўна (адсоўваючыся). Навошта-ж блізка? усёдна й далёка.
Хлестакоў (прысоўваючыся). Чаму-ж далёка? усёдна й блізка.
Мар’я Антонаўна (адсоўваецца). Ды навошта-ж гэта?
Хлестакоў (прысоўваючыся). Ды гэта-ж самім здаецца толькі, што блізка, а самі ўявеце сабе, што далёка. Які-б я быў шчасьлівы, спадарыня, каб мог прытуліць саміх у свае абдымкі.
Мар’я Антонаўна (глядзіць у вакно). Што гэта, так як быццам-бы паляцела? Сарока ці іншая якая птушка?
Хлестакоў (цалуець яе ў плячо й глядзіць у вакно). Гэта сарока.
Мар’я Антонаўна (устае ў вабурэньні). Не, гэта ўжо занадта... Нахабства такое!..
Хлестакоў (утрымваючы яе). Даруйце, спадарыня: я гэта зрабіў ад каханьня, чыста ад каханьня.
Мар’я Антонаўна. Самі ўважаеце мяне за гэткую правінцыялку... (Намагаецца йсьці).
Хлестакоў (усё ўтрымваючы яе). Ад каханьня, праўда-ж, ад каханьня. Я так толькі, пажартаваў, Мар’я Антонаўна, ня злуйце! Я гатовы на каленах прасіць у саміх дараваньня. (Падае на калены). Даруйце-ж, даруйце! Самі бачыце, я на каленах.
Зьява XIII
Тыя самыя й Ганна Андрэеўна.
Ганна Андрэеўна (пабачыўшы Хлестакова на каленах). Ах, які пасаж!
Хлестакоў (устаючы). Ах, ліхенька!
Ганна Андрэеўна (дачцы). Гэта што значыць, спадарыня, гэта што за абыходкі такія?
Мар’я Антонаўна. Я, мамуленька...
Ганна Андрэеўна. Пайшла прэч адсюль! чуеш, прэчкі, прэч! і ня важся паказвацца на вочы.
Мар’я Антонаўна выходзіць у сьлёзах.
Ганна Андрэеўна. Прабачце, я, прызнаюся, прыведзеная ў такое зьдзіўленьне...
Хлестакоў (набок). А яна таксама апэтытная, вельмі нішто сабе. (Кідаецца на калены). Спадарыня, самі бачыце, я чэзну ад каханьня.
Ганна Андрэеўна. Як, самі на каленах? Ах, устаньце, устаньце! Тутака падлога зусім ня чыстая.
Хлестакоў. Не, на каленах, найначай на каленах, я хачу ведаць, што такое мне суджана, жыцьцё ці сьмерць.
Ганна Андрэеўна. Ды дазвольце, я йшчэ не разумею зусім значаньня словаў. Калі ня мыляюся, самі робіце дэклярацыю што да мае дачкі.
Хлестакоў. Не, я закахаўшыся ў саміх. Жыцьцё маё на валасінцы. Калі самі не ўкарануеце сталае каханьне маё, дык я ня годны земнага быту. З полымем у грудзёх прашу рукі саміх.
Ганна Андрэеўна. Але дазвольце зазначыць; я ў некаторым родзе... я ў замужы!
Хлестакоў. Гэта дарма! Для каханьня няма розьніцы; і Карамзін сказаў: “Законы засуджаюць”. Мы пададзёмся пад засень струмянёў... Рукі саміх, рукі прашу.
Достарыңызбен бөлісу: |