Мікалай Гогаль рэвізор



бет2/5
Дата05.07.2016
өлшемі0.49 Mb.
#179119
1   2   3   4   5

Зьява VI

Ганна Андрэеўна й Мар’я Антонаўна выбягаюць на сцэну.


Ганна Андрэеўна. Дзе-ж яны, дзе-ж яны? Ах, Божа мой! (Адчыняючы дзьверы). Мужу! Антоська! Антоне! (Гаворыць хуценька). А ўсё сама, а ўсё за самой. І пайшла поркацца: “Я шпілечку, я хусьціначку”. (Падбягае да вакна й крычыць). Антоне, куды, куды? Што, прыехаў? рэвізор? з вусамі? зь якімі вусамі?

Голас гараднічага. Пасьля, пасьля, матухна.

Ганна Андрэеўна. Пасьля? Вось навіна, пасьля! Я ня хочу пасьля... Мне толькі адно слоўца: што ён, палкоўнік? Га? (Грэбліва). Паехаў! Я табе ўспамяну гэта! А ўсё гэтая: “Мамуленька, пачакайце, зашпілю адзаду хусьцінку; я зараз”. Вось табе й зараз! Вось табе й нічога не даведаліся! А ўсё праклятае какятоўства: пачула, што паштмайстар тутака, і давай перад люстрам жамоніцца, і з гэнага боку, і з гэтага боку падыйдзе. Мроіла, што ён за ёй уганяецца, а ён проста самой міну строіць, калі сама адвернешся.

Мар’я Антонаўна. Ды што-ж рабіць, мамуленька? Усё’дна, за дзьве гадзінкі мы ўсё даведаемся.

Ганна Андрэеўна. За дзьве гадзінкі: шчыра дзякую! Вось узычыла адказам! Як ты не здаўмелася сказаць — за месяц яшчэ лепш можна даведацца! (Перавешваецца за вакно). Гэй, Аўдоцьця! Га? Што, Аўдоцьця, чула, тамака прыехаў нехта?.. Ня чула? Дурніла якая! Махае рукамі? Хай махае, а ты-б усё-ткі ў яго распыталася? Не магла гэтага даведацца, у галаве пацяруха, усё кавалеры сядзяць! Га? Хутка паехалі! ды ты-б пабегла за брычкаю! Пайшла, пайшла зараз-жа! Чуеш, бягай, распытайся: куды паехалі, ды распытайся добранька, што за прыежджы, які ён, — чуеш? падцікуй праз шчылінку і даведайся ўсё, і вочы якія: чорныя ці не, і вомірг-жа вяртайся назад, чуеш? Хутчэй, хутчэй, хутчэй, хутчэй! (Крычыць датуль, пакуль ня спушчаецца заслона і не засланяець іх абедзьвюх, стаючы ля вакна).
Дзея другая
Маленькі пакойчык у гасьціньніцы. Ложак, стол, валіза, пустая пляшка, боты, шчотка ад адзежы й іншае.
Зьява І

Восіп ляжыць на панавым ложку.


Восіп. Ліха матары, есьці гэтак хочацца і ў чэраве трэскат такі, быццам цэлы полк затрубіў у трубы. Вось-жа не даедзем, дый годзе, дадому! І што ты скажаш рабіць? Другі месяц пайшоў, як ужо зь Піцеру! прамантачыў па дарозе грошыкі, галубок, цяперака сядзіць, і хвост пад сябе, і ані кіпіць. А стала-б, і аж надта стала-б на прагоны; дык не, глянь ты, трэба ў кажным горадзе паказаць сябе! (Перадражнявае). “Гэй, Восіп, пайшоў, палядзі пакой, лепшы, ды абед накажы самалепшы: я не магу есьці благога абеду, мне трэба лепшы абед”. Балазе каб было, запраўды, што людзкае, а гэта-ж алістрацюжка звычайнюсенькі! Із праежджым знаёміцца, а тады ў карталюшкі — вось табе й дагуляўся! Гэх, абрыдала такое жыцьцё! Праўда-ж, на сяле лепш: яно хоць няма публічнасьці, дык турботнасьці меней! Возьмеш сабе бабу, дый ляжы цэлы век на печы й паядай перапечы. Ну, хто-ж запярэчыць, ведама, калі пойдзе на праўду, дык жыцьцё ў Піцеры балазей за ўсё. Былі-б адно грошы, а жыцьцё тонкае й палітыцкае: кіятры, сабакі табе танцуюць, і ўсё, што хочаш. Размаўляе ўсё на тонкай далікатнасьці, што хіба толькі дваранству саступіць; пойдзеш на Шчукін — купцы табе крычаць: “Шаноўны!” На перавозе ў човен із чыноўнікам сядзеш; кумпаніі захацеў — пайшоў у крамку: там табе кавалер раскажа пра лягеры й абвесьціць, што кажная зорка значыць на небе, гэтак во, як на далані ўсё бачыш чалавек. Старая афіцэрыха прыблукаецца; пакаёвачка часамі зазірне такая... фу, фу, фу! (Усьміхаецца й трасе галавою). Галянтарэйнае, на яго ліха, абыходжаньне! Недалікатнага слоўца ніколі не пачуеш: кажнюсенькі гаворыць “вы”. Нуда табе йсьці — бярэш чалавек рамізьніка й сядзіш сабе, як пан, а ня хочаш заплаціць яму — калі ласка: у кажным доме вароты навылёт, і ты гэтак сьлізганеш, што цябе аніякі чорт ня знойдзе. Адно дрэнь: часам слаўна наясіся, а іншым разам — адно што ня лусьнеш ад голаду, як цяперака, прыкладам. А ўсё ён вінаваты. Што зь ім рабіць? Татуля прышлюць грошы, што каб іх прытрымаць — і кудэю! Пайшоў баляваць: езьдзіць на рамізьніку, штодня ты даставай у кіятры бялет, а там, за тыдзень, глянь — і пасылае на барахолку прадаць новы храк. Іншым разам усё да апошняе сарочкі спусьціць, так што на ім усяго застанецца сурдуцінка ды шынялінка, дальбог, праўда! І сукно такое важнецкае, англейскае! Рубельчыкаў з паўтараста яму адзін храк стане, а на рынку спусьціць рублёў за дваццатку; а пра порткі й гаворкі няма — ні за сабаку йдуць. А чаму? — таму, што работкі ня пільнуецца. Заміж, каб на службу, а ён ідзе прахаджацца прышпэктам, у карталюшкі рэжа. Гэх, каб даведаўся гэта стары пан! Ён не палядзеў-бы на тое, што ты чыноўнік, а, загаліўшы кашулінку, такіх-бы засыпаў табе, што дні з чытыры-б ты папачухаўся. Якся служыць, дык служы. Во цяперака гаспадар сказаў, што ня дам вам есьці, пакуль не заплаціце за наетае; ну а якся не заплацім? (Уздыхаючы). Ах, Божа ты мой, хоць бы якое капусты! Здэцца, так-бы цяперака цэлы сьвет ізьеў. Стукае, мабыць, гэта ён ідзець. (Хуценька зрываецца з ложка).
Зьява ІІ

Восіп і Хлестакоў.


Хлестакоў. Маеш, прыймі гэта. (Аддае шапку й кіёк.) А, зноў качаўся на ложку?

Восіп. Ды навошта-ж мне качацца? Ня бачыў я хіба ложка, ці што?

Хлестакоў. Хлусіш, качаўся; бачыш, усё склычана.

Восіп. Ды навошта мне ён? Хіба я ня ведаю, што гэта за ложак? У мяне ногі ёсьцека; я й пастаю. Навошта мне саміх ложак?

Хлестакоў (ходзіць па пакоі). Глянь там, у капшуку, тытуну няма?

Восіп. Ды дзе-ж ён будзе, тытун? Самі папазаўчора апошняе скурылі.

Хлестакоў (ходзіць і па-рознаму сьціскае свае вусны; нарэшце гаворыць голасна й станоўка). Слухай, гэй, Восіп!

Восіп. Чаго ласка?

Хлестакоў (голасна, ды ня так станоўка). Ты пайшоў туды.

Восіп. Куды?

Хлестакоў (зусім нестаноўка й ня голасна, вельмі блізка да просьбы). Наніз у буфэт... Тамака скажы... каб мне далі паабеду.

Восіп. Ды не, я й хадзіць ня хочу.

Хлестакоў. Як ты важышся, дурню?

Восіп. Ды так, усёдна, хоць і пайду, анічога з гэтага ня будзе. Гаспадар сказаў, што больш ня дасьць абеду.

Хлестакоў. Як ён паважыцца ня даць? Во йшчэ дурніна!

Восіп. Яшчэ кажа: і да гараднічага пайду; трэйці тыдзень пан грошай ня плаціць. Вы, пыні, з панам, кажа, зладзюгі, і пан твой — чмут. Мы, пыні, кажа, гэткіх прайдзісьветаў і падлюгаў бачылі.

Хлестакоў. А ты ўжо і рады, скаціна, зараз-жа пераказваць мне ўсё гэта.

Восіп. Кажа: “Гэтак кажны прыедзе, абжывецца, запазычыцца, пасьля й вытурыць нельга”. Я, кажа, “жартаў строіць ня буду, я проста з жальбаю, каб на зьежджую, ды ў турму”.

Хлестакоў. Ну, ну, дурніла, годзе! Пайшоў, пайшоў, скажы яму! Такая грубіянская жывёліна!

Восіп. Ды лепш я самога гаспадара да саміх паклічу.

Хлестакоў. Навошта-ж гаспадара? Ты схадзі сам скажы.

Восіп. Ды праўда-ж, спадару...

Хлестакоў. Ну, пайшоў, ліха з табой! пакліч гаспадара.
Восіп выходзіць.
Зьява ІІІ

Хлестакоў адзін.


Хлестакоў. Страшэнна як хочацца есьці! Гэтак крышку прайшоўся! думаў, ці ня сыйдзець апэтыт — не, на яго ліха, ня сыходзіць! Але-ж, каб у Пензе я не пагуляў, стала-б грошай даехаць дадому. Пяхотны капітан ёмка падчапіў мяне: штосы на дзіва, гадава пара, зразае. Усяго якую з чвэрць гадзінкі пасядзеў — і ўсё аблатошыў. А пры ўсім тым, страх хацелася-б зь ім яшчэ раз зрэзацца. Нагоды толькі не прывядзе. Які паганы гарадзец! У крамах анічога не даюць напавер. Гэта ўжо проста подласьць. (Высьвіствае спачатку з “Рабэрта”, тады: “Ня шый ты мне, матухна”, а нарэшце ні тое, ні сёе.) Ніхто ня хоча йсьці.
Зьява IV

Хлестакоў, Восіп і служка заезду.


Служка. Гаспадар загадалі спытацца, чаго саміх ласка.

Хлестакоў. Здароў, братка! Ну, што, ты здаровы?

Служка. Дзякуй Богу!

Хлестакоў. Ну што, як у вас у гасьціньніцы? ці добра ўсё йдзе?

Служка. Але-ж, дзякуй Богу, усё добра.

Хлестакоў. Шмат праежджых?

Служка. Але-ж, даволі.

Хлестакоў. Слухай адно, даражэнькі, там мне дасюль абеду не нясуць, дык, калі ласка, падгані, каб хутчэй... бачыш, мне зараз па абедзе трэба сім-тым заняцца.

Служка. Ды гаспадар сказаў, што ня будзе больш даваць. Ён, няйначай, хацеў ісьці сяньня-ж жаліцца гараднічаму.

Хлестакоў. Ды што-ж жаліцца? Памяркуй сам, даражэнькі, як жа? Мне ж трэба есьці. Гэтак я магу зусім зьнясілець. Мне вельмі есьці хочацца: я ня жартам гэта кажу.

Служка. Дык-жа так. Ён казаў: “Я яму абеду ня дам, пакулечы ён не заплаціць мне за ранейшае”. Гэткі ўжо адказ ягоны быў.

Хлестакоў. Ды ты пераканай, угавары яго.

Служка. Ды што-ж яму такое гаварыць?

Хлестакоў. Ты растлумач яму паважна, што мне трэба есьці. Грошы самі сабою... Ён думае, што як яму, мужычылу, дарма, калі і не паесьці дзень, дык і іншым тое самае. Во навіна!2
Зьява V

Хлестакоў адзін.


Хлестакоў. Гэта пагана, аднак-жа, калі ён зусім нічога ня дасьць есьці. Гэтак хочацца, як ніколі йшчэ не хацелася. Хіба з адзежы што пусьціць у рух? Порткі, ці што, прадаць? Не, ужо лепш пагаладаваць, ды прыехаць дадому ў пецярбурскім касьцюме. Шкада, што Ёхім не пазычыў карэты, а балазе-б, на яго ліха, прыехаць дадому ў карэце, падкаціць гэткім чартом да якога суседа-панка пад ганак, зь ліхтарамі, а Восіпа адзадзя, апрануць у лібрэю. Як-бы, я ўяўляю, усе перапудзіліся: “Хто такі, што такое?” А лёкай уваходзіць (выцягваючыся й паказваючы лёкая): “Іван Аляксандравіч Хлестакоў зь Пецярбургу, загадаеце прыняць?” Яны, капшукі, і ня ведаюць, што гэта значыць: “Загадаеце прыняць”. Да іх калі прыедзець які гусь-панок, дык і прэцца, мядзьведзь, проста ў гасьціны пакой. Да дочачкі якое-небудзь харошанькае падыйдзеш: “Спадарыня, як я...” (Зацірае рукі й падшарквае ножкаю). Цьфу! (плюе), аж нудзіць, гэтак есьці хочацца.
Зьява VI

Хлестакоў, Восіп, пасьля служка.


Хлестакоў. А што?

Восіп. Нясуць абед.

Хлестакоў (прыпляскваючы ў далоні й зьлёгку падскокваючы на крэсьле). Нясуць! Нясуць! Нясуць!

Служка (з талеркамі й сарвэткамі). Гаспадар апошні раз ужо даець.

Хлестакоў. Ну, гаспадар, гаспадар... Я плюваць на твайго гаспадара! Што там такое?

Служка. Першае й другое.

Хлестакоў. Як, толькі дзьве стравы?

Служка. Толечкі.

Хлестакоў. Во дурніна якая! я гэтага ня прыймаю. Ты скажы яму, што гэта запраўды такое? гэтага мала.

Служка. Не, гаспадар кажа, што йшчэ зашмат.

Хлестакоў. А падліўкі чаму няма?

Служка. Падліўкі няма.

Хлестакоў. Чаму-ж няма? Я сам бачыў, ідучы паўз кухню, там шмат гатавалася. І ў страўні сяньня раніцою два нейкія кароценькія чалавечкі елі сёмгу й яшчэ шмат сяго-таго.

Служка. Дык-жа яно й ёсьць, бадай, ды няма.

Хлестакоў. Як няма?

Служка. Ды ўжо-ж нямашака.

Хлестакоў. А сёмга, а рыба, а катлеты?

Служка. Ды гэта для тых, што мудрэй.

Хлестакоў. Ах ты, дурніла!

Служка. Але-ж.

Хлестакоў. Парасё ты паганае... Як-жа-ж, яны ядуць, а я ня ем? Чаму-ж я, ліха матары, не магу таксама? Хіба яны ня гэткія праежджыя, як і я?

Служка. Ды ўжо-ж, ведама, што ня гэткія.

Хлестакоў. А якія-ж?

Служка. Зазвычна, якія! Яны ўжо, пэўна што: яны грошы плацяць.

Хлестакоў. Я з табою, дурніла, ня хочу распраўляць. (Налівае булён і есьць). Што гэта за булён? Ты проста вады наліў у міску: аніякага смаку няма, толькі сьмярдзіць. Я ня хочу гэткага булёну, дай мне іншага.

Служка. Дык мы прыймем. Гаспадар сказаў: якся ня хочаце, дык і ня трэба.

Хлестакоў (баронячы рукою страву). Ну, ну, ну! Пакінь, дурніла! Ты звык там абыходзіцца каля іншых: я, браце, ня гэткага роду! Каля мяне ня раю... (Есьць). Божа мой, які булён! (Есьць далей). Я думаю, яшчэ аніводзін чалавек на сьвеце ня еў такога булёну: нейкае пер’е плавае заміж скалак! (Кроіць курыцу). Ай, ай, ай, якая курыца! Дай другое! Там булёну крыху засталося, Восіп, вазьмі сабе. (Кроіць другое). Што гэта за другое? Гэта не другое.

Служка. Ды што-ж такое?

Хлестакоў. Ліха яго ведае, што такое, толькі ня другое. Гэта сякера, усмажаная заміж ялавічаў. (Есьць). Зладзюгі, гіцлі, чым яны кормяць? І сківіцы забаляць, калі зьесьці адзін такі кусок. (Калупае пальцам у зубах). Падлюгі! Зусім як кара ад дрэва — анічым выцягці нельга, і зубы ўчарнеюць пасьля гэткіх страваў, рыштанцюжыны! (Выцірае губы сарвэткай). Болей нічога няма?

Служка. Няма.

Хлестакоў. Гіцлі! падлюгі! і навет хоць-бы якая падліўка ці цестачка! Дзяньгубы! Зьдзіраюць толькі з праежджых!
Служка прыбірае й выносіць талеркі разам із Восіпам.
Зьява VII

Хлестакоў, пасьля Восіп.


Хлестакоў. Праўда-ж, як быццам і ня еў; толькі сама разахвоціўся. Каб дробязь, паслаць бы на рынак і купіць хоць кухан.

Восіп (уваходзячы). Там чагосьці гараднічы прыехаўшы, даведваецца й дапытваецца пра саміх.

Хлестакоў (спалохаўшыся). Вось табе маеш! Гэткая гадава пара гаспадар, управіўся ўжо нажаліцца! Што, калі й запраўды ён патурыць мяне ў турму? Што-ж, калі дабрародным парадкам, я, бадай... Не, не, ня хочу! Тамака ў горадзе цягаюцца афіцэры й народ, а я, бы знарок, задаў тону й перамігнуўся з аднэй купецкай дачкою... Не, ня хочу... Ды што ён, як ён важыцца, запраўды? Што я яму, хіба купец ці рамесьнік? (Чапурыцца й выпростваецца). Ды я яму проста скажу: “Як самі...” (У дзьвярах круціцца ручка; Хлестакоў бялее ў твары й стуляецца).
Зьява VIII

Хлестакоў, гараднічы й Добчынскі. Гараднічы, увайшоўшы, спыняецца. Абодва ў сполаху пазіраюць колькі часінаў адзін на аднаго, вырачыўшы вочы.


Гараднічы (крыху ачуняўшы й працягнуўшы рукі па швох). Зычу здаровейка!

Хлестакоў (кланяецца). Маё шанаваньне!

Гараднічы. Прабачце!

Хлестакоў. Дарма...

Гараднічы. Павіннасьць мая, як гараданачальніка тутэйшага гораду, рупіцца аб тое, каб праежджым і ўсім дабрародным людзям яніякіх уціскаў...

Хлестакоў (спачатку крыху заікліва, але пад канец моцна). Ды што-ж рабіць?.. Я не вінаваты... Я, дапраўды-ж, заплачу... Мне прышлюць із двара.
Бобчынскі выглядае з-за дзьвярэй.
Ён больш вінаваты: ялавічыну мне падае такую цьвярдую, як бервяно; а булён — ён ліха ведае чаго лінуў туды, я мусіў выкінуць яго за вакно. Ён мяне голадам цэлымі днямі... Гарбата такая дзіўная, сьмярдзіць рыбаю, а не гарбатай. Завошта-ж я... Во навіна!

Гараднічы (таропеючы). Прабачце, я, праўда-ж, не вінаваты. На рынку ў мяне ялавічы заўсёды добрыя. Прывозяць халмагорскія купцы, людзі цьвярозыя й закону добрага. Я ўжо й ня ведаю, адкуль ён бярэ такія. А калі што ня гэтак, дык... Дазвольце мне запрапанаваць самім перабрацца са мною на іншую гасподу.

Хлестакоў. Не, ня хочу! Я ведаю, што значыць на іншую гасподу: гэта значыць — у турму. Ды якое самі маеце права, ды як самі важыцеся!.. Ды вось я... Я служу ў Пецярбургу. (Горда). Я, я, я...

Гараднічы (набок). О, Божухна ды бацюхна, які злосны! Усё даведаўся, усё расказалі праклятыя купцы!

Хлестакоў (харобрачыся). Ды вось вы тут хоць з усёй сваёй камандаю — не пайду! Я проста да міністра! (Стукае кулаком па стале). Што вы? што вы?

Гараднічы (выцягнуўшыся й калоцячыся ўсім целам). Зьлітуйцеся, не загубеце! Жонка, дзеткі дробныя... не зрабеце няшчасным чалавека!

Хлестакоў. Не, я ня хочу! Во йшчэ! мне што да таго? Затое, што ў саміх жонка й дзеці, я мушу йсьці ў турму, во любата!
Бобчынскі выглядае празь дзьверы і ў сполаху хаваецца.
Не, дзякуй шчыра, ня хочу!

Гараднічы (калоцячыся). Бяз практыкі, дальбог, бяз практыкі. Незаможнасьць стану. Самі майце ласку разважыць, дзяржаўнае пэнсіі не стае навет на хлеб із квасам. Калі-ж і былі якія хабаркі, дык самая драбяза: на стол што-небудзь ды на пару адзежыны. Што-ж да унтэр-афіцэрскае ўдавы, што займаецца купецтвам, якую я быццам-бы адлупцаваў, дык гэта паклёп, дальбог, паклёп. Гэта выдумалі злосьнікі мае; гэта такі народ, што на жыцьцё маё гатовы замахнуцца.

Хлестакоў. Ды што, мне няма анічога да іх... (У развазе). Я ня ведаю, аднак-жа, навошта самі кажаце пра злосьнікаў ці пра нейкую унтэр-афіцэрскую ўдаву... Унтэр-афіцэрская жонка зусім што іншае, а мяне самі ня важцеся лупцаваць, да гэтага самім задалёка. Во йшчэ! глянь ты які! Я заплачу грошы, ды ў мяне цяпер няма. Я таму й сяджу тутака, што ў мяне няма ні капейкі.

Гараднічы (набок). О, тонкая штука! Вунь куды шпургануў! Якога туману напусьціў! разчапі, хто хоча! Ня ведаеш чалавек, зь якога боку і ўзяцца. Ну, ды ўжо-ткі паспрабаваць ні куды йшло! Што будзе, тое будзе, паспрабаваць3 (Уголас). Калі самі праўда маеце патрэбу на грошы ці на што іншае, дык я гатовы служыць зараз-жа. Мая павіннасьць дапамагаць праежджым.

Хлестакоў. Дайце, пазычце мне! Я зараз расплачуся з гаспадаром. Мне каб толькі рублёў дваста ці хоць навет і менш.

Гараднічы (падносячы папяроўнік). Акурат дваста рублёў, хоць і ня турбуйцеся лічыць.

Хлестакоў (бяручы грошы). Шчыра дзякую! Я самім адразу-ж адашлю іх із двара... у мяне гэта раптам... Я бачу, самі дабрародны чалавек! Цяпер што іншае.

Гараднічы (набок). Ну, дзякуй Богу, грошы ўзяў. Справа, здаецца, пойдзе цяпер на лад. Я-ткі яму заміж двухсот чатырыста ўстрычыў.

Хлестакоў. Гэй, Восіп!
Восіп уваходзіць.
Пакліч сюды гаспадаровага служку. (Да гараднічага й Добчынскага.) А што-ж самі стаіцё? Зрабеце ласку, сядайце. (Добчынскаму). Сядайце, дужа прашу.

Гараднічы. Дарма, мы й так пастаімо.

Хлестакоў. Зрабеце ласку, сядайце. Я цяпер бачу зусім шчырасьць вашага характару і ветласьць, а то, прызнаюся, я ўжо думаў, што вы прыйшлі, каб мяне.... (Добчынскаму). Сядайце!
Гараднічы й Добчынскі сядаюць. Бобчынскі выглядае празь дзьверы й прыслухоўваецца.
Гараднічы (набок). Трэ быць сьмялей. Ён хоча, каб мелі яго за інкогніту. Добра, падпусьцім і мы тарэсы: удадзём, як быццам і зусім ня ведаем, што ён за чалавек. (Уголас). Мы, праходжваючыся ў справах службы, вось ізь Пётрам Іванавічам Бобчынскім, тутэйшым дамаўласьнікам, зайшліся ў гасьціньніцу, каб даведацца, ці добра маюцца праежджыя, бо я ня гэтак, як іншы гараднічы, якому ні да чога няма нічога; але я, апрача службы, із хрысьціянскае чалавекалюбасьці, хочу, каб кажнаму сьмяротнаму давалася добрае прыняцьце — і вось, як быццам за нагароду, выпадак падараваў такое прыемнае знаёмства.

Хлестакоў. Я таксама й сам вельмі рады. Без саміх я, прызнаюся, доўга праседзеў-бы тутака: зусім ня ведаў, чым заплаціць.

Гараднічы (набок). Але-ж, распраўляй, ня ведаў, чым заплаціць! (Уголас). А ці паважуся спытацца, куды і ў якія мясьціны самі маеце ласку ехаць?

Хлестакоў. Я еду ў Саратаўскую губэрню, у свой двор.

Гараднічы (набок, з тварам, які прыймае гіранічны выраз). Га?4 І рака не сьпячэ! О, ды зь ім трэба вуха найстрыўшы. (Уголас). Дабрэчую справу мелі ласку наважыць. Гэта-ж вось што да дарогі: кажуць, з аднаго боку, прыкрасьці наконт затрыманьня коняй, а гэта-ж, із другога боку, забава для розуму. То-ж самі, мабыць, больш дзеля собскае прыемнасьці едзеце?

Хлестакоў. Не, татуля мяне патрабуе. Узлаваўся стары, што дасюль нічога ня выслужыў у Пецярбургу. Ён думае, што так вось прыехаў, ды зараз табе Валадзімера ў зашплік і дадуць. Не, я паслаў-бы яго самога паабівацца ў канцылярыю.

Гараднічы (набок). Прашу паглядзець, якія кулі адлівае! І бацьку старога прыплёў!5 І на даўжэйшы час маеце ласку ехаць?

Хлестакоў. Праўда-ж, ня ведаю. То-ж мой бацька наравісты й дурны, стары хрэн, як бервяно. Я яму проста скажу: як хочаце, я не магу жыць безь Пецярбургу. Завошта, дапраўды-ж, я павінен загубіць жыцьцё з мужыкамі? Цяпер ня тыя патрэбы, душа мая прагне прасьветы.

Гараднічы (набок). Слаўна засмаргнуў вузельчык! Хлусіць, хлусіць, — і нідзе не сахлысьнецца! А які-ж нявыглядны, нізенькі, здаецца, кіпцем-ба прыдушыў яго. Ну, ды чакай-жа! Ты ў мяне прагаворышся. Я цябе ўжо-ткі змушу як найбольш расказаць! (Уголас). Справядліва мелі ласку зазначыць! Што можна зрабіць у глушэчы! Гэта-ж вось хоць-бы й тутака: ночы ня сьпіш чалавек, стараешся для Бацькаўшчыны, не шкадуючы нічога, а ўзнагарода няма ведама йшчэ калі будзе. (Азірае пакой). Здаецца, гэты пакой крыху макраваты?

Хлестакоў. Паганы пакой, і клапы такія, якіх я анідзе ня бачыў: як сабакі кусаюцца.

Гараднічы. Скажэце! Такі асьвечаны госьць, і церпіць ад каго-ж! — ад якіх-небудзь нягодных клапоў-блышчыцаў, якім-бы й на сьвет ня трэ было радзіцца! Няйначай, і цёмна ў гэтым пакоі?

Хлестакоў. Але-ж, зусім цямнюсенька. Гаспадар займеў звычай не даваць сьвечак. Часам што-небудзь хочацца зрабіць, пачытаць, ці прыйдзе фантазія апісаць што — не магу: цёмна, цёмна!

Гараднічы. А ці паважуся прасіць саміх... ды не, я ня годны.

Хлестакоў. А што?

Гараднічы. Не, не, ня годны, ня годны!

Хлестакоў. Ды што-ж такога?

Гараднічы. Я-б здабыўся на адвагу... У мяне ў хаце ёсьць харошы для саміх пакойчык, сьветлы, спакойны... ды не, пачуваю сам, што гэта ўжо занадта вялікі гонар... Не загневайцеся, дальбог, ад простае душы прапанаваў.

Хлестакоў. Наадварот, я з ахвотаю. Мне куды прыямней у прыватным доме, чымся ў гэтай карчме.

Гараднічы. А ўжо-ж мне якая будзе радасьць! А ўжо-ж як жонка ўзрадуецца! У мяне ўжо такі характар: гасьціннасьць ад сама адмалку, асабліўна калі госьць асьвечаны чалавек. Ня ўздумайце, каб я казаў гэта зь лісьліўства; не, ня маю гэтае ганьбы, ад паўніні душы выказваюся.

Хлестакоў. Шчыра дзякую! Я сам таксама ня люблю людзей двудушных. Мне вельмі падабаецца ў саміх шчырасьць і зычлівасьць, і я-б, прызнаюся, больш-бы нічога й не патрабаваў, як толькі аддавай мне адданасьць і пашану, пашану й адданасьць.
Зьява IX

Тыя самыя й гаспадароў служка, у таварыстве Восіпа. Бобчынскі выглядае празь дзьверы.


Служка. Мелі ласку пытацца?

Хлестакоў. Але, падай рахунак.

Служка. Я ўжо надовечы падаваў самім другі рахунак.

Хлестакоў. Я ўжо ня памятаю тваіх дурных рахункаў. Кажы, колькі там?

Служка. Самі мелі ласку першага дня ўзяць абед, а на другі дзень толькі закусілі сёмгі і пасьля пайшлі ўсё напавер браць.

Хлестакоў. Дурніла! Яшчэ пачаў вылічаць. За ўсё колькі трэба?

Гараднічы. Ды самі будзьце ласкавы ня турбавацца: ён пачакае. (Служку). Пайшоў вон, табе прышлецца.

Хлестакоў. Запраўды, і гэта рацыя. (Хавае грошы).
Служка выходзіць. Празь дзьверы выглядае Бобчынскі.
Зьява X.

Гараднічы, Хлестакоў, Добчынскі.


Гараднічы. Ці ня будзе саміх ласка аглядзець цяпер некаторыя ўстановы ў нашым горадзе, як гэта — богугодныя й іншыя?

Хлестакоў. А што там за што?

Гараднічы. А так, палядзіце, якая ў нас плынь справаў.... парадак які...

Хлестакоў. Зь вялікай прыемнасьцяй, я гатовы.
Бобчынскі выстаўляе голаў празь дзьверы.
Гараднічы. Таксама, калі будзе саміх зычэньне, адтуль у паветавае вучылішча, агледзець парадак, у якім выкладаюцца ў нас навукі.

Хлестакоў. Калі ласка, калі ласка.

Гараднічы. Пасьля, калі зажадаеце наведаць вастрог і гарадзкія турмы — разгледзіце, як у нас маюцца злачынцы.

Хлестакоў. Ды навошта-ж турмы? Ужо лепш агледзьма богугодныя ўстановы.

Гараднічы. Як саміх ласка. Як самі маніцёся, у сваім повазе, ці разам са мною ў брычцы?

Хлестакоў. Але, я лепш із самімі ў брычцы паеду.

Гараднічы (Добчынскаму). Ну, Пётра Іванавічу, самім цяперака няма месца.

Добчынскі. Дарма, я так.

Гараднічы (ціха Добчынскаму). Слухайце: самі бягайце, ды подбегам, на ўсе застаўкі, і аднясіце дзьве пісулькі: адну ў богугодную ўстанову Земляніку, а другую жонцы. (Хлестакову). А ці паважуся я прасіць дазваленьня напісаць у саміх прытымбыцьці адзін радок жонцы, каб яна падрыхтавалася да прыняцьця шаноўнага гасьця?

Хлестакоў. Ды навошта-ж!.. А, зрэшты, вось дзе й чэрня, толькі паперы, ня ведаю... Хіба на гэтым рахунку?

Гараднічы. Я восьдзека напішу. (Піша й тым-жа часам гаворыць сам сабе). А вось палядзімо, як пойдзе справа пасьля фрыштыку ды пляшкі-таўстапузкі! Ды ёсьцека ў нас губэрнская мадэра, непаглядная на вока, а сланя зваліць із капытоў. Адно-б мне даведацца, што ён за што і ў якой меры яго трэба сьцерагчыся. (Напісаўшы, аддае Добчынскаму, які падыходзіць да дзьвярэй, ды ў гэтым часе дзьверы зрываюцца, і Бобчынскі, які падслухоўваў з другога боку, ляціць разам ізь дзьвярыма на сцэну. Усіхныя воклічы. Бобчынскі ўзьнімаецца).

Хлестакоў. Што? Ці не пабіліся самі дзе-небудзь?

Бобчынскі. Нічога, нічагутка, без усякенькага памяшальніцтва, толькі звыш носу невялічкі плескачэц. Я забягуся да Хрысьціяна Іванавіча: у яго-ж ёсьцека пляйстар гэнакі, — яно й загоіцца.

Гараднічы (робячы Бобчынскаму дакорлівы знак, Хлестакову). Гэта-ж дарма. Прашу, калі ласка, будзьце ласкавы! а саміх служку я скажу, каб перанёс рэчы. (Восіпу). Даражэнькі, ты перанясі ўсё да мяне, да гараднічага, табе кожны пакажа. Прашу, калі ласка! (Прапушчае наперад Хлестакова і йдзе за ім, але, абярнуўшыся, гаворыць із дакорам Бобчынскаму). Ужо й самі! не знайшлі іншае мясьціны зваліцца! І расьцёгся, як ліха ведае што якое. (Выходзіць; за ім Бобчынскі).
Заслона апушчаецца.

Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет