ЗЬЯВА XIV
Тыя самыя й Мар’я Антонаўна, раптам убягае.
Мар’я Антонаўна. Мамуленька, татуля сказалі, каб самі... (Пабачыўшы Хлестакова на каленах, скрыквае). Ах, які пасаж!
Ганна Андрэеўна. Ну, што ты? да чаго? навошта? Што за пуставейства такое! Раптам убегла, як кошка ўчадзеўшы. Ну, што ты знайшла такога дзіву годнага? Ну, што табе ўзманулася? Праўда-ж, як дзіцянё якое трохгоднае. Не падобна, не падобна, ані не падобна, каб ёй было васямнаццаць год. Я ня ведаю, калі ты будзеш разважнейшая, будзеш захоўвацца, як прыстойна добра ўзгадаванай дзеўчыне; калі ты будзеш ведаць, што такое добрыя правілы й саліднасьць у вабыходках!
Мар’я Антонаўна. Я, праўда-ж, мамулечка, ня ведала...
Ганна Андрэеўна. У цябе вечна нейкі падвей гуляе ў галаве; ты бярэш прыклад із дачок Ляпкіна-Цяпкіна. Што табе глядзець на іх! Ня трэба табе глядзець на іх. Табе ёсьць прыклады іншыя — перад табою маці твая. Вось якія прыклады ты павінна пераймаць.
Хлестакоў (хапае за руку дачку). Ганна Андрэеўна, не спраціўцеся нашай шчаснасьці, багаславіце сталае каханьне!
Ганна Андрэеўна (ізь зьдзіўленьнем). Дык самі ў ёй?
Хлестакоў. Пастанаўляйце — жыцьцё ці сьмерць?
Ганна Андрэеўна. Ну вось бачыш, дурніла, ну вось бачыш: дзеля цябе, гэткае дрэні, госьць меў ласку стаяць на каленах; а ты раптам убегла, як вар’ятка. Ну вось, праўда-ж, варта, каб я знарок адмовіла: ты нягодная гэткага шчасьця.
Мар’я Антонаўна. Ня буду, мамуленька, праўда-ж, наўперад ня буду.
Зьява XV
Тыя самыя й гараднічы, хапаючыся.
Гараднічы. Ня буду, ваша дастойнасьць! не загубеце! не загубеце.
Хлестакоў. Што із самімі?
Гараднічы. Там купцы жаліліся вашай дастойнасьці. Гонарам прысягаюся, і на палавіцу няма таго, што яны кажуць. Яны самыя ашукваюць і абмерваюць народ. Унтэр-афіцэрыха наманілі самім, быццам-бы я яе адлупцаваў; яна хлусіць, дальбог, хлусіць. Яна сама сябе адлупцавала.
Хлестакоў. А праваліся скрозьдоньня унтэр-афіцэрыха — мне не да яе!
Гараднічы. Не давайце веры, не давайце веры! Гэта такія хлусы... Ім вось гэткае дзіця ня дасьць веры. Яны ўжо й па цэлым горадзе знаныя за хлусоў. А што да зладзюжніцтва, адважуся далажыць: гэта такія зладзюгі, якіх сьвет не спараджаў.
Ганна Андрэеўна. А ці ведаеш ты, якім гонарам абдорвае нас Іван Аляксандравіч? Ён просіць рукі нашае дачкі.
Гараднічы. Куды! куды! з глузду зьехала, матухна! Майце ласку ня гневацца, ваша дастойнасьць, яна крыху з прыдуркам, гэткасамая была й маці ейная.
Хлестакоў. Але, я запраўды прашу рукі. Я закахаўшыся.
Гараднічы. Не магу даць веры, ваша дастойнасьць.
Ганна Андрэеўна. Ды калі кажуць табе?
Хлестакоў. Я ня жартам самім кажу... Я магу ад каханьня дацца з розуму
Гараднічы. Ня важуся даць веры, ня годны такога гонару.
Хлестакоў. Але, калі самі ня згодзіцеся аддаць рукі Мар’і Антонаўны, дык я, ліха ведае, што гатовы!
Гараднічы. Не магу даць веры: маеце ласку жартаваць, ваша дастойнасьць.
Ганна Андрэеўна. Ах, які боўдзіла запраўды! Ну калі табе тлумачаць.
Гараднічы. Не магу даць веры.
Хлестакоў. Аддайце, аддайце! Я адчайны чалавек, я пушчуся на ўсё: калі застрэлюся, саміх пад суд аддадуць.
Гараднічы. Ах, Божа мой! Я, дальбожачкі, не вінаваты, ні душою, ні целам. Майце ласку ня гневацца! Майце ласку рабіць так, як васкай ласцы ласка! У мяне, праўда-ж, у галаве цяперака... я й сам ня ведаю, што робіцца. Такі дурніла цяпер зрабіўся, якім яшчэ аніколі ня бываў.
Ганна Андрэеўна. Ну, багаслаўляй!
Хлестакоў падыходзіць з Мар'яй Антонаўнай.
Гараднічы. Хай багаславіць вас Бог, а я не вінаваты.
Хлестакоў цалуецца з Мар’яй Антонаўнай. Гараднічы глядзіць на іх.
Гараднічы. Што за ліха! Запраўды! (Працірае вочы). Але, але, цалуюцца! праўда цалуюцца! Як быццам-бы праўда нарачоны! Эхэ! Якое шчасьце наперла! Вось табе маеш!17
Зьява XVI
Тыя самыя й Восіп.
Восіп. Коні гатовыя.
Хлестакоў. А, добра... я зараз.
Гараднічы. Маеце ласку ехаць?
Хлестакоў. Але, еду.
Гараднічы. А калі-ж, гэта значыцца... Самі мелі ласку напомніцца што да, здаецца, што да вясельля?
Хлестакоў. А гэта ў мяне раптам, я еду толькі на адзін дзень да дзядзькі — багаты стары; а заўтра-ж і назад.
Гараднічы. Ня важымся ніяк запыньваць, у надзеі шчасьлівага звароту.
Хлестакоў. Як-жаж, як-жаж, я раптам. Бывайце, каханьне маё... не, прост не магу выказаць. Бывайце, сэрцайка! (Цалуець ёй у руку).
Гараднічы. Ды ці ня трэба на дарогу чаго? самі мелі ласку, здаецца, патрабаваць грошай?
Хлестакоў. О, не, навошта гэта? (Крыху падумаўшы). А зрэшты, бадай што.
Гараднічы. Колькі саміх ласка?
Хлестакоў. Ды вось тады самі далі дваста, ці бо ня дваста а чатырыста, — я ня хочу скарыстаць із саміх памылкі, — дык, бадай што, і цяперака гэтулькі сама, каб ужо рыхтык было восемсот.
Гараднічы. Зараз! (Выймае з папяроўніка). Яшчэ, як знарок, саманавюсенькімі паперкамі.
Хлестакоў. А, але! (Бярэ й разглядае асыгнацыі). Гэта добра! Гэта-ж, кажуць, новае шчасьце, калі новенькімі паперкамі?
Гараднічы. Чыста так!
Хлестакоў. Бывайце, Антоне Антонавічу! Вельмі абавязаны за саміх гасьціннасьць; мне нідзе ня было гэткага добрага прыняцьця. Бывайце, Ганна Андрэеўна. Бывайце, маё сэрцайка, Мар’я Антонаўна!
Выходзяць18.
За сцэнай.
Голас Хлестакова. Бывайце, анёл душы мае, Мар’я Антонаўна.
Голас гараднічага. Як-жа гэта самі? Проста гэтак на перакладной і едзеце?
Голас Хлестакова. Але, я звык ужо гэтак. У мяне галава баліць ад рэсораў.
Голас хурмана. Тпр...
Голас гараднічага. Дык, прынамся, чым-небудзь заслаць, хоць бы дыванікам. Ці не загадаеце, я скажу падаць дыванік.
Голас Хлестакова. Не, навошта? гэта пустое; а, зрэшты, бадай што, хай даюць дыванік.
Голас гараднічага. Гэй, Аўдоцьця! бягай у камору, дастань дыван самалепшы, што па блакітным дне, пэрсыдзкі, хутчэй!
Голас хурмана. Тпр...
Голас гараднічага. Дык калі-ж загадаеце чакаць на саміх?
Голас Хлестакова. Заўтра ці пасьлязаўтра.
Голас Восіпа. А, гэта дыван? давай яго сюды, кладзі во гэтак! цяперака давай з гэтага боку сена.
Голас хурмана. Тпр...
Голас Восіпа. Вунь з гэнага боку! сюды! яшчэ! добра! Слаўна будзе! (Б’е рукой па дыване). Цяпер сядайце, ваша чэсьць.
Голас Хлестакова. Бывайце, Антоне Антонавічу!
Голас гараднічага. Бывайце, ваша дастойнасьць!
Жаноцкія галасы. Бывайце, Іване Аляксандравічу!
Голас Хлестакова. Бывайце, матуленька!
Голас хурмана. Гэй, вы, залётныя!
Званочак зьвініць. Заслона апушчаецца.
Дзея пятая
Той самы пакой.
Зьява І
Гараднічы, Ганна Андрэеўна й Мар’я Антонаўна.
Гараднічы. Што, Ганна Андрэеўна? га? ці думала ты што-небудзь аб гэтым? Гэнкі багаты прыз, паганства! Ну, прызнайся шчыра: табе і ўва сьне ня сьнілася — проста зь якое-небудзь гараднічыхі й раптам, цьфу ты, паганства, зь якім д’яблам спараднілася.
Ганна Андрэеўна. Ані не; я даўно гэта ведала. Гэта табе дзівоты, бо ты просты чалавек, ніколі ня бачыў прыстойных людзей.
Гараднічы. Я сам, матухна, прыстойны чалавек. Аднак-жа, праўда, як падумаеш, Ганна Андрэеўна, якія мы з табою цяперака птушкі зрабіліся! га, Ганна Андрэеўна! Высокага лёту, ліха матары! Чакай-жа, цяпер-жа я задам перцу ўсім гэтым ахвотнікам падаваць просьбы й даносы! Гэй, хто там?
Уваходзіць квартальны.
А гэта ты, Іван Карпавіч! А закліч сюды, браце, купцоў. Вось-жа я іх, рыштанюжынаў! Дык жаліцца на мяне! Бач ты, пракляты юдзейскі народ, чакайце-ж, галубочкі! Перш я вас карміў да вусоў усяго, а цяперака накармлю да барады. Запішы ўсіх, хто толечкі хадзіў біць чалом на мяне і вось гэтых болей за ўсё пісакаў, пісакаў, што закручвалі ім просьбы. Ды абвесьць усім, каб ведалі, што вось, пыні, які гонар Бог паслаў гараднічаму, што выдае дачку сваю — ня тое, каб за якога простага чалавека, а за такога, што й на сьвеце йшчэ не было, што можа ўсё зрабіць, усё, усё, усё! Усім абвесьць, каб усе ведалі! Крычы на ўвесь народ, лупі ў званы, ліха матары! ужо як сьвята, дык сьвята!
Квартальны выходзіць.
Дык вось як, Ганна Андрэеўна, га? Як-жа мы цяперака, дзе будзем жыць? Тутака ці ў Піцеры?
Ганна Андрэеўна. Натуральна, у Пецярбурзе. Як можна тут заставацца?
Гараднічы. Ну, у Піцеры дык у Піцеры, а яно нішто-б і тутака. Што, гэта-ж, я думаю, ужо гарадніцтва тады да ліха, га, Ганна Андрэеўна?
Ганна Андрэеўна. Натуральна, што за гарадніцтва!
Гараднічы. Гэта-ж, яно, як ты думаеш, Ганна Андрэеўна, цяперака можна вялікі чын сьцебануць, бо ён за панібрата з усімі міністрамі і ў палацы езьдзіць; дык таму можа такое ўчынаваньне зрабіць, што з часам і ў гэнэралы ўвапхнешся. Як ты думаеш, Ганна Андрэеўна: можна ўвапхнуцца ў гэнэралы?
Ганна Андрэеўна. Чаму не! пэўна-ж можна.
Гараднічы. А, ліха матары, слаўна быць за гэнэрала! Кавалераю павесяць табе праз плячо. А якую кавалераю лепш, Ганна Андрэеўна, чырвоную ці блакітную?
Ганна Андрэеўна. Ужо ведама, што блакітную лепш.
Гараднічы. Гэ? бач, чаго захацела! Нішто й чырвоную. Гэта-ж чаму хочацца быць за гэнэрала? таму што здарыцца, паедзеш куды — фельд’егеры й ад’ютанты паскачуць усюды наперад — коняй! і там на станцыях нікому не дадуць, усё чакае: усе гэтыя тытулярныя, капітаны, гараднічыя, а ты сабе й вухам не вядзеш! Абед дзе-небудзь у губарнатара, а там — стой, гараднічы! Хэ, хэ, хэ! (Заліваецца й паміраець ад сьмеху). Вось што, паганства, прынадна!
Ганна Андрэеўна. Табе ўсё гэткае мужыцкае падабаецца. Ты мусіш памятаць, што жыцьцё трэ будзе зусім перайначыць, што твае знаёмыя будуць ня тое, што які судзьдзя-сабакар, зь якім ты езьдзіш ганяць зайцоў, або Земляніка; наадварот, знаёмыя табе будуць із саматонкім абыходжаньнем: графы і ўсе сьвецкія... Толькі я, праўда-ж, баюся за цябе: ты часам вымавіш такое слоўца, якога ў добрым таварысьцьве ніколі не пачуеш.
Гараднічы. Што-ж, дык-жа, слова ня шкодзіць!
Ганна Андрэеўна. Ды добра, калі ты быў за гараднічага; а там-жа жыцьцё зусім інакшае.
Гараднічы. Але! Тамака, кажуць, ёсьць дзьве рыбінкі: рапейка і ўклейка, такія, што толькі сьлінка пацячэць, як пачнеш есьці.
Ганна Андрэеўна. Яму-б усё толькі рыбкі. Я няйначай хачу, каб наш дом быў першы ў сталіцы й каб у мяне ў пакоі такое было амбрэ, каб нельга было ўвайсьці й каб толькі гэтак заплюшчыць вочы. (Заплюшчвае вочы й нюхае). Ах, якое хараство!
Зьява ІІ
Тыя самыя й купцы.
Гараднічы. Га! Здаровы, саколікі!
Купцы (кланяючыся). Здароўя зычым, бацюхна!
Гараднічы. Што, галубочкі, як маецеся? Як тавар ідзе ваш? Што, самаварнікі, аршыньнікі, жаліцца? Арцыгіцлі, протагадзіны, абакулы морскія19, жаліцца? Што, багата выскуралі? “Восьдзе, — думаюць, — гэтак у турму яго й запратораць!” А ці ведаеце вы, сем чартоў і адна ведзьма вам у зубы, што...
Ганна Андрэеўна. Ах, Божа мой! Якія ты, Антоська, словы вымаўляеш!
Гараднічы (зь незадаволеньнем). Га, не да словаў цяперака! Ці ведаеце вы, што той самы чыноўнік, якому вы жаліліся, цяперака жэніцца з маёй дачкою? Што? га? што цяперака вы скажаце? Цяпер я вас!.. ашукваеце народ! Зробіш кантракт ізь дзяржаваю, на сто тысячаў нагрэеш яе, пастачыўшы гнілога сукна, ды пасьля ахвяруеш дваццаць аршынаў, дый давай яшчэ табе нагароду за гэта! Ды каб ведалі, дык бы табе... І пуза пхае наперад: ён — купец, яго ня руш; “мы, — кажа, — і дваранам не паддадзёмся”. Ды дваранін... ах ты, лычак! дваранін вучыцца навукаў: яго хоць і лупцуюць у школе, ды за справу, каб ён знаў карысьці. А ты што? пачынаеш ад махеркаў, цябе гаспадар б’е за тое, што ня ўмееш ашукваць. Яшчэ хлапчуком, “Войча наш” ня ведаеш, а ўжо абмерваеш; а як разапрэ табе чэрава ды напхаеш сабе кішаню, дык і заважніўся! Цьфу ты, якая небач! із таго, што ты шаснаццаць самавараў выдуньдзіш на дзень, дык із таго і важнішся! Ды я плюваць на тваю голаў і на тваю важніцу!
Купцы (кланяючыся). Вінаватыя, Антоне Антонавічу!
Гараднічы. Жаліцца! А хто табе дапамог змахляваць, калі ты будаваў мост і напісаў дрэва на дваццаць тысячаў, а тымчасам яго й на сто рублёў ня было? Я дапамог, казловая барада! Ты забыўся на гэна? Я, паказаўшы гэта на цябе, мог бы цябе таксама спраторыць у Сібір. Што скажаш, га?
Адзін із купцоў. Богу вінаватыя, Антоне Антонавічу, нячысьцік аблытаў! І заракомся наўперад жаліцца. Ужо які хоч задавол — ня гнеўся толькі!
Гараднічы. Ня гнеўся! Вось ты цяпер качаешся ля ног маіх. А чаму? — а таму, што маё ўзяло; а было-б хоць крышку на тваім баку, дык ты-б мяне, рыштанюга, утаптаў-бы ў самое балота, яшчэ-б і бервяном наверх наваліў-бы.
Купцы (кланяюцца да ног). Не загубі, Антоне Антонавічу!
Гараднічы. “Не загубі, — цяперака: — не загубі!” А раней што? Я-б вас... (Махнуўшы рукою). Ну, бы Бог даруе! годзе! Я не злапомны; адно цяперака глядзі, вайстры вуха! Я выдаю дачку не за якога простага двараніна; каб віншаваньне было... разумееш? ня тое, каб адбаярыцца якім балычком ці галавою цукру... Ну, пайшоў з Богам!
Купцы выходзяць.
Зьява ІІІ
Тыя самыя, Амос Хведаравіч, Арцём Піліпавіч, пасьля Растакоўскі.
Амос Хведаравіч (яшчэ ў дзьверах). Ці даць веры чуткам, Антоне Антонавічу? да саміх прываліла нязвычайнае шчасьце?
Арцём Піліпавіч. Маю гонар віншаваць ізь нязвычайным шчасьцем! Я сардэчна ўсьцешыўся, як пачуў. (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Мар’і Антонаўны). Мар’я Антонаўна!
Растакоўскі (уваходзіць). Антона Антонавіча віншую, хай прадоўжыць Бог жыцьцё саміх і новае пары і дасьць самім нашчадзі безьліч, унучанятаў і праўнучанятаў! Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Мар’я Антонаўна! (Падыходзіць да ручкі Мар’і Антонаўны).
Зьява IV
Тыя самыя, Каробкін із жонкаю й Люлюкоў.
Каробкін. Маю гонар віншаваць Антона Антонавіча! Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Мар’я Антонаўна! (Падыходзіць да ейнае ручкі).
Каробкінава жонка. Сардэчна віншую саміх, Ганна Андрэеўна, з новым шчасьцем.
Люлюкоў. Маю гонар віншаваць, Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі й пасьля, адвярнуўшыся да гледачоў, пляскаець языком з удалецкім выглядам). Мар’я Антонаўна! Маю гонар віншаваць... (Падыходзіць да ейнае ручкі й абарочваецца да гледачоў з тым самым удалецтвам).
Зьява V
Мноства гасьцей у сурдутах і фраках падыходзяць спачатку да ручкі Ганны Андрэеўны, кажучы: “Ганна Андрэеўна!”, пасьля да Мар’і Антонаўны, кажучы: “Мар’я Антонаўна!”
Бобчынскі й Добчынскі праціскваюцца.
Бобчынскі. Маю гонар віншаваць!
Добчынскі. Антоне Антонавічу! маю гонар віншаваць!
Бобчынскі. Із шчасьлівай падзеяю!
Добчынскі. Ганна Андрэеўна!
Бобчынскі. Ганна Андрэеўна!
Абодва падыходзіць адначасова й стыкаюцца ілбамі.
Добчынскі. Мар’я Антонаўна! (Падыходзіць да ручкі). Маю гонар віншаваць. Самі будзеце ў вялікім-вялікім шчасьці ў залатой сукні хадзіць і далікатныя розныя стравы смакаваць, вельмі пацешна будзеце бавіць час.
Бобчынскі (перапыняючы). Мар’я Антонаўна, маю гонар віншаваць. Дай Божа самім усялякага багацьця, чырванцоў і сыночка-ж гэнкага малесенькага, гэначкага-ж (паказвае рукою), каб можна было-б на далоньку пасадзіць, але-ж! усё будзе хлапчына кугакаць: ку-га! ку-га! ку-га!
Зьява VI
Яшчэ колькі гасьцей падыходзяць да ручак, і Лукаш Лукашовіч із жонкаю.
Лукаш Лукашовіч. Маю гонар...
Жонка Лукаша Лукашовіча (забягае наперад). Віншую саміх, Ганна Андрэеўна!
Цалуюцца.
А я дык, праўда-ж, — усьцешылася! Кажуць мне: “Ганна Андрэеўна выдае дачку”. — “Ах, Божа мой!” — думаю сабе, і гэтак усьцешылася, што кажу мужу: “Слухай адно, Лукашэнчыку: вось якое шчасьце Ганьне Андрэеўне!” — “Ну, — думаю сабе, — дзякуй Богу!” — і кажу яму: “Я ў такім захапленьні, што гару зь нецярплівосьці асьветчыць асабіста Ганьне Андрэеўне”... “Ах, Божа мой!” — думаю сабе: — Ганна Андрэеўна якурат чакала на добрую партыю для свае дачкі, а вось цяпер такі лёс: якурат гэтак зрабілася, як яна хацела”, — і гэтак, праўда-ж, усьцешылася, што не магла гаварыць. Плачу, плачу, вось прост ад плачу заходжуся! Ужо Лукаш Лукашовіч кажа: “Чаго ты, Настуленька, заходзішся?” — Лукашэнчыку, — кажу, — я й сама ня ведаю, сьлёзы гэтак вось ракой і ліюцца.
Гараднічы. Шчыра прашу сядаць, спадары. Гэй, Міхалка, прынясі сюды як болей крэслаў20.
Зьява VII
Тыя самыя, прыстаў і квартальныя.
Прыстаў. Маю гонар віншаваць саміх, ваша высокачэсьць, і пажадаць дабрабытнасьці на многалецьце!
Гараднічы. Дзякуй, дзякуй! Прашу сядаць, спадары!
Госьці ўсядаюцца.
Амос Хведаравіч. Ды скажэце, на ласку, Антоне Антонавічу, якім парадкам усё гэта пачалося, паступовы ход усяе справы.
Гараднічы. Ход справы надзвычайны: меў ласку сваеасабова зрабіць асьветчаньне.
Ганна Андрэеўна. Вельмі пачціва і саматонкім парадкам. Усё надзвычай добра казаў: “Я, Ганна Андрэеўна, з аднае толькі пашаны да саміх годнасьцяў”. І так дасканалы, узгадаваны чалавек, самадабрароднейшых правілаў! “Мне, ці дасьцё веры, Ганна Андрэеўна, мне жыцьцё — капейка; я толькі таму, што шаную саміх рэдкія якасьці”.
Мар’я Антонаўна. Ах, мамуленька! Гэта-ж ён мне казаў.
Ганна Андрэеўна. Пакінь, ты анічога ня ведаеш і не ў сваё не мяшайся! “Я, Ганна Андрэеўна, дзівуюся”. У такіх лёсткіх рассыпаўся словах... і калі я хацела сказаць: “Мы ніяк ня важыліся спадзявацца на гэткі гонар”, ён раптам шаснуў на калены й гэткім самадабрароднейшым парадкам: “Ганна Андрэеўна! Не зрабеце няшчасьнейшым! згадзецеся адказваць маім пачуцьцям, а не — дык я сьмерцяй скончу жыцьцё сваё”.
Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, мамуленька, ён пра мяне гэта казаў.
Ганна Андрэеўна. Але, пэўна-ж... і пра цябе было, я нічога гэтага не адкідаю.
Гараднічы. І гэтак нат напалохаў: кажа, што застрэліцца. “Застрэлюся, застрэлюся!” — кажа.
Шмат хто з гасьцей. Скажэце, на ласку!
Амос Хведаравіч. Гэнкая штука!
Лукаш Лукашовіч. Вось запраўды доля ўжо гэтак вяла.
Арцём Піліпавіч. Ня доля, бацюхна, доля — індычка: заслугі прывялі да таго. (Набок). Гэткай сьвіньні прэцца заўсёды ў зяпу шчасьце!
Амос Хведаравіч. Я, бадай, Антоне Антонавічу, прадам самім таго шчанючка, што таргавалі.
Гараднічы. Не, мне цяперака не да шчанюкоў!
Амос Хведаравіч. Ну, ня хочаце, на іншым сабаку сыйдземся.
Каробкінава жонка. Ах, як, Ганна Андрэеўна, я радая саміх шчасьцю! Самі ня можаце сабе ўявіць.
Каробкін. Дзе-ж цяпер, дазвольце даведацца, знаходзіцца вяльможны госьць? Я чуў, што ён паехаўшы па штосьці.
Гараднічы. Але-ж, ён падаўся на адзін дзень, у вельмі важнай справе.
Ганна Андрэеўна. Да свайго дзядзькі, каб узпрасіць багаславенства.
Гараднічы. Узпрасіць багаславенства, але заўтра-ж... (Чхае).
Паздароўі зьліваюцца ў вадзін гул.
Вельмі дзякую! але заўтра-ж і назад... (Чхае).
Паздароўны гул; больш за іншых чуваць галасы:
Прыстава. Здароўя зычым, ваша высокачэсьць!
Бобчынскага. Сто год і куль чырванцоў!
Добчынскага. Дай, Божа, на сорак саракоў!
Арцёма Піліпавіча. Каб ты спрах!
Каробкінавай жонкі. На цябе ліха!
Гараднічы. Шчыра дзякую! І вам таго самага жадаю.
Ганна Андрэеўна. Мы цяперака ў Пецярбургу манімся жыць. А тутака, прызнаюся, такое паветра... селавое ўжо занадта!.. прызнаюся, вялікая прыкрасьць... Вось і муж мой... ён там атрымае гэнэральскі чын.
Гараднічы. Але, прызнаюся, спадары, я, ліхенька, вельмі хачу быць гэнэралам.
Лукаш Лукашовіч. І дай Божа мець!
Растакоўскі. Ад чалавека немагчыма, а ад Бога ўсё магчыма.
Амос Хведаравіч. Вялікаму караблю — вялікае плаваньне.
Арцём Піліпавіч. Як заслужыцца, так і учціцца.
Амос Хведаравіч (набок). Во выкіне штуку, калі запраўды зробіцца гэнэралам! Во ўжо каму пасуе гэнэральства, як карове сядло! Не, да гэтага йшчэ далёкая песьня. Тутака й мудрэй за цябе ёсьць, а дасюль яшчэ не гэнэралы.
Арцём Піліпавіч (набок). Гэнак, ліха матары, ужо і ў гэнэралы прэцца. Чаго добрага, можа й будзе гэнэралам. То-ж у яго важнасьці, на яго-б ліхенька, ня купіць! (Зварачаючыся да яго). Тады, Антоне Антонавічу, і на нас не забудзьцеся.
Амос Хведаравіч. І калі што здарыцца, прыкладам, якая патрэба ў справах, не пакіньце апекаю!
Каробкін. Налета павязу сынка ў сталіцу на карысьць дзяржавы, дык, зрабеце ласку, прыўдзяліце яму свае пратэкцыі, месца бацькава заступеце сірацінку.
Гараднічы. Я гатовы, із свайго боку, гатовы старацца.
Ганна Андрэеўна. Ты, Антоська, заўсёды гатовы дакляраваць. Па-першае, табе ня будзе часу думаць пра гэта. І як можна, і зь якое рацыі сябе абцяжваць гэткімі дакляраваньнямі?
Гараднічы. Чаму-ж, сэрца маё? часам можна!
Ганна Андрэеўна. Можна, пэўна-ж, ды ня кожнай-жа драбязой апекавацца.
Каробкінава жонка. Самі чулі, як яна трактуе нас?
Госьця. Але-ж, яна гэткая заўсёды была; я яе ведаю: пасадзі як за стол, яна й з нагамі сваймі...
Зьява VIII
Тыя самыя й паштмайстар, хапаючыся, з расьпячатаным лістом у руцэ.
Паштмайстар. Дзіўная рэч, спадары! Чыноўнік, якога мы ўзялі за рэвізора, быў ніякі не рэвізор.
Усе. Як не рэвізор?
Паштмайстар. Зусім не рэвізор — я даведаўся пра гэта зь ліста.
Гараднічы. Што, што самі кажаце, зь якога ліста?
Паштмайстар. Ды з собскага ягонага ліста. Прыносяць да мяне на пошту ліст. Зірнуў на адрыс — бачу: “на Паштамцкую вуліцу”. Я гэтак і ўвамлеў. “Ну, — думаю сабе, — пэўна, знайшоў непарадкі ў паштовай галіне й паведамляе начальства”. Узяў дый расьпячатваў.
Гараднічы. Як-жа гэта самі?
Паштмайстар. Сам ня ведаю, ненатуральная сіла пхнула. Заклікаў быў ужо кур’ера, каб выправіць яго із штафэтай, — але цікаўнасьць гэткая апанавала, якое йшчэ ніколі не пачуваў. Не магу, не магу, чую, што не магу! цягне, так вось і цягне! У вадным вуху так вось і чую: “Гэй, не расьпячатвай, загінеш, як курыца!”, а ў другім як чарцюк які шапоча: “Расьпячатвай, расьпячатвай, расьпячатвай!” І як прыдушыў ляк — па жылах агонь, а расьпячатваў — мароз, дальбог, мароз. І рукі калоцяцца, і ўсё закаламуцілася.
Гараднічы. Ды як-жа самі адважыліся расьпячатваць ліст такое ўпаўнаважанай асобы?
Паштмайстар. То-ж бо й штука, што ён не ўпаўнаважаны й не асоба!
Гараднічы. А што-ж ён, самі думаеце, такое?
Паштмайстар. Ні сёе, ні тое; ліха ведае, што такое!
Гараднічы (запальчыва). Як ні сёе, ні тое? Як самі важыцеся назваць яго ні тым, ні сім, ды йшчэ й ліха ведае чым? Я саміх пад арышт...
Паштмайстар. Хто? самі?
Гараднічы. Але, я!
Паштмайстар. Закароткія рукі!
Гараднічы. А ці ведаеце, што ён жэніцца з маёй дачкою, што я сам буду вяльможа, што я ў самы Сібір21.
Паштмайстар. Эх, Антоне Антонавічу, што Сібір, — задалёка Сібір! Вось лепш я вам прачытаю. Спадары! Дазвольце прачытаць ліст!
Усе. Чытайце, чытайце.
Паштмайстар (чытае). Сьпяшаюся паведаміць табе, душа Трапічкін, якія са мной дзівосы. На дарозе абчысьціў мяне дазваньня пяхотны капітан, так што гаспадар заезду хацеў ужо быў пасадзіць у турму; як раптам, з мае пецярбурскае фізіяноміі ды з касьцюму, цэлы горад узяў мяне за гэнэрал-губэрнатара. І я цяперака жыву ў гараднічага, жуірую, уганяюся на прамілы Бог за ягонай жонкай і дачкой; ня важуся толькі, ад каторае пачаць — думаю, перш ад матулі, бо, здаецца, гатовая зараз да ўсіх паслугаў. Памятаеш, як мы з табою гаравалі, абедалі на шармака й як аднойчы кандытар быў згробшы мяне за каршэнь, з прычыны зьедзеных піражкоў на конта прыбыткаў ангельскага караля? Цяперака зусім іншы зварот. Усе мне пазычаюць, колькі хаця. Арыгіналы страшэнныя, ад сьмеху ты памёр-бы! Ты, я ведаю, пішаш артыкулікі: зьмясьці іх у сваю літаратуру. Па-першае — гараднічы: дурны, як лысая кабыла...
Гараднічы. Ня можа быць! Там няма гэтага!
Паштмайстар (паказвае ліст). Чытайце самі.
Гараднічы (чытае). “Як лысая кабыла...” Ня можа быць, гэта самі напісалі!
Паштмайстар. Як-жаж бы я напісаў?
Арцём Піліпавіч. Чытайце!
Лукаш Лукашовіч. Чытайце!
Паштмайстар (чытаючы далей). “Гараднічы — дурны, як лысая кабыла”.
Гараднічы. О, ліха матары! трэба йшчэ паўтараць! як быццам яно тамака й бяз гэтага не напісана.
Паштмайстар (чытаючы далей). Хм... хм... хм... “лысая кабыла. Паштмайстар таксама добры чалавек...” (Пакідаючы чытаць). Ну, тутака ён і пра мяне таксама нягожа выказаўся.
Гараднічы. Не, чытайце!
Паштмайстар. Ды навошта-ж?
Гараднічы. Не, ліха матары, калі ўжо чытаць, дык чытаць! Чытайце ўсё!
Арцём Піліпавіч. Дазвольце, я прачытаю. (Ускладае акуляры й чытае). “Паштмайстар — рыхтык дэпартамэнцкі стораж Міхееў, мабыць, таксама, падлюка, жлукціць горкую”.
Паштмайстар (да гледачоў). Ну, падшыванец, якому задаць лупцоўку; больш нічога!
Арцём Піліпавіч (чытаючы далей). “Наглядачы над богугоднай устано... ва... ва...” (Заікаецца).
Каробкін. А што-ж самі спыніліся?
Арцём Піліпавіч. Ды нявыразнае пяро... Зрэшты, відаць, што гад.
Каробкін. Дайце мне! вось у мяне, я думаю, лепшыя вочы. (Бярэ ліст).
Арцём Піліпавіч (не дае ліста). Не, гэтую мясьцінку можна прапусьціць, а там далей рашчытваецца.
Каробкін. Ды дазвольце, ужо-ткі, я ведаю.
Арцём Піліпавіч. Прачытаць я й сам прачытаю, — далей, праўда-ж, усё рашчытваецца.
Паштмайстар. Не, усё чытайце. То-ж раней усё чытана.
Усе. Аддайце, Арцёме Піліпавічу, аддайце ліст! (Каробкіну). Чытайце!
Арцём Піліпавіч. Зараз. (Аддае ліст). Вось, дазвольце... (Закрывае пальцам). Вось адгэтуль чытайце.
Усе падступаюць да яго.
Паштмайстар. Чытайце, чытайце! дурніна, усё чытайце!
Каробкін (чытаючы). “Наглядачы над богугоднай установай Земляніка — чыстая сьвіньня ў ярмолцы”.
Арцём Піліпавіч (да гледачоў). І ня трапна! сьвіньня ў ярмолцы! дзе ж сьвіньня бывае ў ярмолцы?
Каробкін (чытаючы). “Інспэктар школаў прасьмердзеў навылёт цыбуляю”.
Лукаш Лукашовіч (да гледачоў). Дальбог, і ў губу ніколі цыбулі ня браў!
Амос Хведаравіч. Дзякуй Богу, хоць, прынамся, пра мяне няма!
Каробкін (чытае). “Судзьдзя...”
Амос Хведаравіч. Вось табе маеш! (Уголас). Спадары, я думаю, што ліст задаўгі. Дый ліха зь ім, дрэнь гэткую чытаць!
Лукаш Лукашовіч. Не!
Паштмайстар. Не, чытайце!
Арцём Піліпавіч. Не, ужо-ткі чытайце!
Каробкін (чытае далей). “Судзьдзя Ляпкін-Цяпкін у найвышэйшай ступені мовэтон...” (Спыняецца). Мабыць, францускае слова.
Амос Хведаравіч. А ліха яго ведае, што яно значыць! Яшчэ добра, калі толькі мутасьвет, а можа й таго йшчэ горш.
Каробкін (чытаючы далей). “А зрэшты, народ гасьцінны й дабрадушны. Бывай, душа Трапічкін. Я сам, із твайго прыкладу, хачу ўзяцца за літаратуру. Нуда, браце, гэтак жыць, хочаш чалавек, нарэшце, спажывы для душы. Бачу, праўда, трэба за што высокае ўзяцца. Пішы да мяне ў Саратаўскую губэрню, а адтуль у сяло Падкацілаўку. (Пераварочвае ліст і чытаець адрыс). Яго чэсьці, вяльможнаму спадару Івану Васілевічу Трапічкіну, у Санкт-Пецярбурзе, на Паштамцкую вуліцу, у доме пад нумерам дзевяцьдзесят сёмым, закруціўшы на панадворак, на трэйцім паверсе, направа”.
Адна з дамаў. Які рэпрыманд нечаканы!
Гараднічы. Во калі зарэзаў дык зарэзаў! забіты, забіты, зусім забіты! Нічога ня бачу: бачу нейкія сьвіныя лычы, заміж твараў, а больш нічога... Вярнуць, вярнуць яго! (Махае рукою).
Паштмайстар. Куды вярнуць! Я, быццам знарок, загадаў даглядачаму даць самалепшую тройку; чорт умудрыў даць і наперад наказ.
Каробкінава жонка. Вось ужо праўда, вось ужо бяспрыкладная канфузія!
Амос Хведаравіч. Аднак-жа, на яго ліха, спадары! ён у мяне пазычыў трыста рублёў.
Арцём Піліпавіч. У мяне таксама трыста рублёў.
Паштмайстар (уздыхае). Авохці! і ў мяне трыста рублёў.
Бобчынскі. У нас ізь Пётрам Іванавічам шэсьдзесят ізь пятачкай, на асыгнацыі, але-ж.
Амос Хведаравіч (у нездаўменьні расстаўляе рукі). Як-жаж гэта, спадары? Як гэта запраўды мы так далі пудлу?
Гараднічы (б'е сябе па плячы)22. Як я — не, як я, стары дурніла? Зьдзяцінеў, дурны маркач! Трыццаць год жыву на службе; ніводзін купец, ні падрадчык ня мог ашукаць; круцялёў над круцялямі абдурваў, пройдаў і чмутоў такіх, што цэлы сьвет гатовы абкрасьці, падчапляў на вуду; трох губарнатараў абшыў!.. што губарнатараў! (махнуўшы рукою) няма чаго й казаць пра губарнатараў...
Ганна Андрэеўна. Але гэта ня можа быць, Антоська: ён заручыўся з Марыськаю...
Гараднічы (із злосьцяй). Заручыўся! дуля з макам — во табе заручыўся! Лезе мне ў вочы із заручынамі! (Разьюшана). Вось глядзеце, глядзеце, увесь сьвет, усё хрысьціянства, усе глядзеце, як абдурылі гараднічага! Дурня яму, дурня, старому падлюгу! (Грозіць самому сабе кулаком). Эх ты, таўстаносы! Смаркача, анучыну ўзяў за важнага чалавека. Вунь ён цяперака па ўсёй дарозе заліваецца званочкамі! Разьнясе па цэлым сьвеце гісторыю! мала таго, што пойдзеш чалавек у пасьмеішча, — знойдзецца скрыпапёр, паперапсуй, у камэдыю цябе ўштыліць. Вось дзе крыўда! чыну, годнасьці не пашкадуе, і будуць усе выскаляцца і пляскаць у далоні! Чаго сьмеяцёся! Зь сябе сьмеяцёся!.. Эх, вы! (Тупаець ад злосьці нагамі аб падлогу). Я-б усіх гэтых паперапсуяў! Цух, скрыпапёры, лібэралы праклятыя! У вузёл-бы вас усіх завязаў, на муку-б стоўк вас усіх, ды чорту ў подшыўку! у шапку туды яму! (Тыцкае кулаком і б’е высьпятка ў падлогу. Пасьля некаторае маўчанкі). Дасюль не магу ахамянуцца. Во, праўда дзе, калі Бог хоча пакараць, дык адбярэ перш розум. Ну, што было ў гэтым пуставею падобнага да рэвізора? Анічога ня было! Вось, прост, ні на паўкіпця ня было падобнага — і раптам усе: рэвізор! рэвізор! Ну, хто першы выпусьціў, што ён рэвізор? Адказвайце!
Арцём Піліпавіч (расставіўшы рукі). Ужо як гэта здарылася, хоць забі, не магу вытлумачыць. Быццам туман якісь ашаламаніў, нячысьцік аблытаў.
Амос Хведаравіч. Ды хто выпусьціў, — вунь хто выпусьціў: гэтыя малойчыкі! (Паказвае на Добчынскага й Бобчынскага).
Бобчынскі. Дальбожачкі, ня я! і ня думаў...
Добчынскі. Я нічагуткі, ані нічагуткі...
Арцём Піліпавіч. Пэўна-ж, вы!
Лукаш Лукашовіч. Ведама. Прыбеглі, як шалёныя, з заезду: “Прыехаў, прыехаў і грошай ня плаціць...” Знайшлі важную птушку!
Гараднічы. Натуральна, вы! плеткары гарадзкія, хлусы праклятыя!
Арцём Піліпавіч. Каб вас ліха ўзяло із вашым рэвізорам і расказамі.
Гараднічы. Толькі нікаеце па горадзе ды бянтэжыце ўсіх, ляшчоткі праклятыя, плёткі сееце, сарокі кароткахвостыя!
Амос Хведаравіч. Пэцкалі праклятыя!
Лукаш Лукашовіч. Каптуры!23
Арцём Піліпавіч. Смаршкі кароткапузыя!
Усе абступаюць іх.
Бобчынскі. Дальбог, гэта ня я, гэта Пётра Іванавіч.
Добчынскі. Гэ, не, Пётра Іванавічу, самі-ж першыя гэтага...
Бобчынскі. А вось-жа й не, першыя былі самі.
Зьява апошняя
Тыя самыя й жандар.
Жандар. Прыбылы на йменны загад зь Пецярбургу чыноўнік патрабуе вас зараз-жа да сябе. Ён спыніўся ў гасьціньніцы.
Праказаныя словы ўражаюць, як пяруном, усіх. Гук зьдзіўленьня аднадушна зьлятае з дамскіх вуснаў; уся група, раптам зьмяніўшы палажэньне, застаецца ў вакамяненьні.
Немая сцэна
Гараднічы пасярэдзіне ў выглядзе слупа з растапыранымі рукамі й закінутаю назад галавою. З правага боку ягоная жонка й дачка, памкнуўшыся да яго рухам усяго цела; за імі паштмайстар, абярнуўшыся ў пытальнік, завернуты да глядачоў; за ім Лукаш Лукашовіч, зьбянтэжаны саманявінным парадкам; за ім, ля самага ўскрайку сцэны, тры дамы, госьці, прыхінуўшыся адна да аднае з сама сатырычным выразам твараў, што датычыць проста да сямейкі гараднічага. Зь левага боку ад гараднічага: Земляніка, нахінуўшы галаву крыху набок, як быццам да чаго прыслухоўваючыся; за ім судзьдзя з растапыранымі рукамі, прысеўшы мала не да зямлі, зрабіўшы рух губамі, як-бы хацеў прасьвістаць ці праказаць: “Вось табе, бабуля, і Дзяды!” За ім Каробкін, завярнуўшыся да глядачоў з прыплюшчаным вокам і едкім напамінкам на гараднічага; за ім, ля самага ўскрайку сцэны, Добчынскі й Бобчынскі, памкнуўшыся адзін да аднаго рухам рук, разьзяўленымі ратамі й вырачанымі адзін на аднаго вачыма. Рэшта гасьцей застаюцца проста слупамі. Блізу паўтары часіны закамянелая група захоўвае такое палажэньне. Заслона апушчаецца.
Канец.
пераклад з рускай — Антон Адамовіч
Падрыхтоўка да друку і каментары Віялеты Кавалёвай
Упершыню надрукавана ў: Запісы БІНіМ. №35. Нью-Ёрк — Мінск, 2012. С. 266—340. “ПрайдзіСвет” шчыра дзякуе рэдактарцы нумару Наталлі Гардзіенка за ласкавы дазвол на друк п’есы.
Достарыңызбен бөлісу: |