Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Вучэбна-метадычнае аб’яднанне вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь па гуманітарнай адукацыі зацвярджаю


Перыядызацыя чэшскай старажытнай літаратуры



бет2/7
Дата14.06.2016
өлшемі1.09 Mb.
#134961
1   2   3   4   5   6   7
Перыядызацыя чэшскай старажытнай літаратуры:

Літаратура ранняга Сярэднявечча (сярэдзіна IX ст.-канец XIII ст.):

IX ст.: пісьменства вялікамараўскай эпохі (агіяграфічная літаратура, стараславянская Біблія, Евангеллі).

X ст.-першая палова XI ст.: стараславянская і лацінская літаратуры (легенды пра св.Вацлава, св.Людмілу, лірыка).

Другая палова XI ст.- канец XIII ст.: лацінская літаратура (Космава хроніка, Збраслаўская хроніка, лірыка).



Літаратура сталага Сярэднявечча (XIV ст.):

Першая палова XIV ст.: развіццё літаратуры на чэшскай мове (лірыка, “Александрэіда”, Далімілава хроніка).

Другая палова XIV ст.: развіццё прозы і тэатра, з’яўленне дыдактычнай літаратуры, лірыка, тэалагічная і філасофская літаратура.

Узнікненне чэшскай літаратуры на тэрыторыі сучаснай Чэхіі і Маравіі ў другой палове IX стагоддзя. Наяўнасць папярэдняй вуснай славеснай творчасці. Прысутнасць асобных частак вусных твораў у літаратуры X-XII стагоддзяў. Уплыў хрысціянства на ўзнікненне старажытных помнікаў пісьменства на тэрыторыі Чэхіі і Маравіі. Адсутнасць гераічнага гістарычнага эпаса, як у паўднёвых і ўсходніх славян. Існаванне эпічных “асколкаў”, твораў баладнага тыпу. Старажытныя легенды, казкі, прыказкі, прымаўкі, загадкі, працоўныя і воінскія песні.

Гістарычныя падзеі на чэшскіх і мараўскіх землях. Пачатак літаратурнай творчасці ў вялікамараўскую эпоху (ІХ ст.). Асветніцкая дзейнасць Канстанціна –Кірыла (826-869) і Мефодзія (каля 815-885) ў Маравіі. Распаўсюджванне хрысціянства, славянскай пісьменнасці. Пераклады на стараславянску мову асноўных літургічных тэкстаў. Стараславянская Біблія. Каноны. Евангелле, псалтыр, проглас.

“Проглас”—прадмова да перакладу Евангелля, яго тэалагічнае і літаратурнае значэнне. «Проглас” як ўхваленне славянскай мовы, увасабленне цэлай праграмы кірыла-мяфодыеўскай місіі: права на богаслужэнне на роднай мове. Форма твора: шасцістопны сілабічны верш, дванаццаціскладовы, падзелены на дзве часткі -- пяці- і сяміскладовую. Націск на перадапошні склад, паралелізм вершаванага і сказавага дзялення (межы сінтаксічных форм з'яўляюцца адначасова і межамі вершаваных форм).

Стараславянская літаратура вялікамараўскага перыяду (ІХ ст.). Агіяграфічная традыцыя ранняга сярэднявечча: “Жыціе Канстанціна-Кірыла”, “Жыціе Мефодыя”. Час узнікнення (ІХ ст.). Праблема аўтарства. Мэта стварэння жыцій. Гістарызм, рэалістычнасць твораў. Багаслоўская праблематыка. Мова жыцій. Мастацкія асаблівасці. Стылістычнае майстэрства аўтараў. Вобразы Канстанціна і Мефодыя. Адрознасць “Жыція Канстанціна-Кірыла” ад “Жыція Мефодыя”. Значэнне твораў для чэшскай культуры і літаратуры. Чэшская і беларуская/руская агіяграфічныя традыцыі: агульнае і адметнае.

“Кіеўскія лісткі”, “Пражскія ўрыўкі”.

Суіснаванне стараславянскай і лацінскай літаратур і культур у Х-пер.пал.ХІ ст.ст. Стараславянскія і лацінскія паданні пра князя Вацлава і яго бабку Людмілу. “Вацлаўскі цыкл” легенд у чэшскай літаратуры: стараславянскія паданні пра св. Вацлава. Лацінская легенда. Асаблівасці літаратурнай формы і мастацкага метаду апісання чалавека і адлюстравання падзей, спосабы ідэалізацыі і канкрэтызацыі. Пераасэнсаванне вобраза св. Вацлава ў розных жыціях. “Людмілінскі цыкл” легенд. Гістарычны прататып. Вобраз св.Людмілы. Паэтыка жыцій.

Сазаўскі манастыр і яго значэнне ў захаванні і развіцці стараславянскай традыцыі ХІ ст.

Панаванне лацінскай літаратуры ў ХІ-ХІІІ стагоддзях. Старадаўняя чэшская гісторыяграфія: Космава хроніка альбо “Чэшская хроніка” Казьмы Пражскага ці Космаса (каля 1045-1125), яе значэнне і мастацкасць. “Чэшская хроніка” і гістарыяграфічная традыцыя (традыцыя аналаў) ў сучаснай ёй еўрапейскай гістарыяграфіі. Структура твора (мясцовыя паданні, антычныя матывы, міфалагічныя сюжэты, тэмы актуальнага палітычнага жыцця і г.д). Часавы ахоп апісаных у хроніцы падзей. Літаратурныя ўздзеянні (Гесіёд, Цыцэрон, Авідый, Тацыт, Баэцый, агіяграфія). Жанравы сінкрэтызм “Космавай хронікі”: спалучэнне гістарыяграфічнага жанру і забаўляльнай прозы, дакладнасці і вымыслу, фактаграфіі і фантазіі. Мастацкія асаблівасці твора: кампазіцыя, скарыстанне рытмізаванай прозы, багацце лаціны, якая адпавядала патрабаванням вучонай літаратуры эпохі, асабісты пачатак, дэталізаванасць і пластычная яскравасць апісанняў, увядзенне ў тэкст твора розных жанравых мадыфікацый (прамоў, пісем), спалучэнне прозы і паэзіі, разнастайнасць памераў і інш.

Збраслаўская хроніка. Прадаўжальнікі космавай традыцыі ў чэшскай літаратуры.

Зараджэнне літаратуры на чэшскай мове. “Апатавіцкі зборнік”.

Найстаражытнейшыя лірычныя тэксты на чэшскай мове (“Госпадзі, памілуй нас!”, “Святы Вацлаў”, “Кунгуціна малітва”).

Спелае сярэднявечча ў чэшскай культуры (XIV ст.). Агульная характарыстыка. Працэсы абміршчэння літаратуры. Супрацьстаянне нямецкай экспансіі, рух за аб’яднанне Чэшскай дзяржавы, праблема нацыянальнай мовы і літаратуры. Праблема лацінска-нямецка-чэшскага культурнага ўзаемадзеяння на чэшскіх землях. З’яўленне спелых літаратурных помнікаў на роднай мове. Нацыянальны ўздым чэшскай нацыі і культуры ў эпоху праўлення Карла IV (гады праўлення 1346-1378 гг.). Росквіт палітычнага, гаспадарчага і культурнага жыцця.. Літаратурная дзейнасць Карла ІV. Росквіт чэшскай літаратуры на мяжы ХІІІ- ХІV ст.ст. Характарыстыка асноўных тэндэнцый ў развіцці літаратуры гэтага перыяду. Адкрыццё Пражскага Універсітэта (1348). Гатычная культура чэшскіх земляў.



Чэшская “Александрыяда” (памежжа ХІІІ-ХІV ст.ст.) як першы вершаваны рыцарскі раман. Гісторыя напісання і захавання старачэшскага эпасу аб Аляксандры Вялікім. Праблема часу стварэння твора. Чэшская “Александрэіда” і еўрапейскія апрацоўкі антычнага матэрыялу пра выдатнага палкаводца (напрыклад, “Александрэіда” Вальтэра Шатыл’ёнскага альбо Ульрыха фон Эшэнбаха). Арыгінальнасць і сваеасаблівасць чэшскага твора. Пераасэнсаванне вобраза цэнтральнага героя. Прататып галоўнага персанажа (ваяўнічы і мудры кароль Пржэмысл Атакар II). Сучаснае гучанне і трактоўка вобраза. Асноўныя тэмы і матывы твора Ідэйная адметнасць “Александрэіды”: антынямецкі пафас, патрыятычны пратэст супраць германізацыі чэшскай культуры, разважанні пра ідэальнага правіцеля, шляхецкая сучасная праблематыка. Мастацкія асаблівасці: багемізацыя антычнага сюжэта, творча актыўнае засваенне еўрапейскай літаратурнай традыцыі, дынамічнасць сюжэта, акцэнт на падзеі, дэталёвае апісанне зброі, шляхецкіх адносін, адмаўленне ад экзатычнага матэрыялу і фантастыкі, шырокае выкарыстанне дыялогаў і маналогаў, асабліва галоўных дзеючых асоб /Александра, Арыстоцеля, Дарыя/, мноства афарызмаў. Стварэнне ў “Александрэідзе” тыпа менавіта чэшскага шляхціча ў адпаведнасці з патрэбамі і ўяўленнямі свайго часу і сваёй зямлі. Асаблівасці кампазіцыйнай структуры твора: ужыванне крытычных заўваг і маральных сентэнцый аўтара паміж асобнымі эпізодамі, прамая фармулёўка асабістай пазіцыі і ідэйнай канцэпцыі ў тэксце твора. Стылёвыя прыкметы старачэшскага эпасу: зразумеласць мовы твора, адмаўленне ад складаных алегорый, багацце параўнанняў, біблейскія алюзіі і рэмінісцэнцыі, васьміскладовы памер з парнай рыфмоўкай, мноства анафар і паралелізмаў, багатая сінаніміка. Значэнне “Александрэіды” для чэшскай паэзіі.

Далімілава хроніка—першы гістарычны твор на чэшскай мове. Патрыятычная, антынямецкая скіраванасць. Мастацкія адметнасці. “Далімілава хроніка” як сведчанне абуджэння нацыянальнай самасвядомасці чэхаў. Праблема аўтарства. Тры рэдакцыі гістарычнай хронікі. Адлюстраванне ў творы палітычных поглядаў і літаратурных густаў дробнай чэшскай шляхты. Аўтарская пазіцыя ў хроніцы. Дыдактычная тэндэнцыя. Пралог да хронікі як фармулёўка літаратурных задач Даліміла. Літаратурныя крыніцы аповеду і апісаных падзей. Асаблівасці мовы і стылю “Далімілавай хронікі”. Ацэнка хронікі сучаснікамі і наступнымі пакаленнямі даследчыкаў (у прыватнасці, Добраўскім, Палацкім і іншымі дзеячамі нацыянальнага адраджэння).

Чэшская лірыка спелага сярэднявечча. Час ўзнікнення і мастацка-ідэйныя асаблівасці. Найстаражытнейшыя тэксты X-XIII стагоддзяў (“Госпадзі, памілуй нас!”, “Святы Вацлаў”, “Слова на света стварэнне”). Гіпотэзы іх паходжання. Мастацкія адметнасці. Вершаваныя тэксты перыяду каля 1300 года (“Кунгуціна малітва” і інш.). Асаблівасці, значэнне для развіцця чэшскай сярэднявечнай лірыкі. Чэшская духоўная лірыка. Куртуазная лірыка. Некуртуазная лірыка. Асноўныя тэмы, матывы. Паэзія чэшскіх шкаляроў як аналаг паэтычнай творчасці еўрапейскіх вагантаў з характэрнай макаранічнай вершаванай мовай, гумарыстычнымі матывамі (“Песня вясёлай галыцьбы”). Дыферэнцыяцыя чэшскай літаратуры ў жанравым і стылёвым планах.

Вершаваныя легенды: “Жыціе св. Кацярыны”, “Легенда пра св. Пракопа”. Іх літаратурная гісторыя. “Жыціе св.Кацярыны” як вяршыня чэшскай вершаванай эпікі XIV ст. Праблема аўтарства “Жыція св.Кацярыны”. Сэжэтная тактыка аўтара (у параўнанні з іншымі лацінскімі легендамі пра Кацярыну). Вобраз Кацярыны ў творы. Паэтыка “Жыція св.Кацярыны”: вытанчаны стыль, абвостранасць пачуццяў, драматызм маналогаў і дыялогаў, багацце моўных сродкаў, спалучэнне лірызма і эпічнасці, фармальная складанасць. Адрознае ў праблематыцы і стылі “Жыція св.Кацярыны” і “Жыція св.Пракопа”. Вобраз Пракопа ў творы. Тэматычная аснова чэшскага вершаванага жыція. Характар аповеду ў “Жыціі св.Пракопа”: простасць, даходлівасць, прыбліжанасць да прозы, імітацыя паўсядзённай гутарковай мовы.



Сатыры Градзецкага рукапісу. Склад, аўтарства і датаванне Градзецкага рукапісу. Тэматыка твораў. Сярэднявечная каталагізацыя тэматычнага матэрыялу. Блізкасць сатыр да нямецкіх шванкаў і французкіх фабліо. Кантамінацыя рэлігійнага і свецкага пачаткаў у тэкстах Градзецкага рукапісу. Героі сатыр з пункту гледжання іх сацыяльнай прыналежнасці. Сацыяльная крытыка ў творы. Мастацкія асаблівасці тэкстаў: простанародная мова, не пазбаўленая ад моцных выказванняў, грубаваты гумар, яркасць бытавых замалёвак. Наяўнасць другога плана ў творах (за вясёлым смехам праглядвае вера ў боскую справядлівасць, смутак пра грэшныя душы, страх, што мары і надзеі на выратаванне душы не спраўдзяцца і г.д.). Наватарства сатыр Градзецкага рукапісу (адносіны да аўдыторыі, просты, грубаваты погляд на жыццё, увядзенне новых герояў у твор і інш.).

Узнікненнне і развіццё старажытнай чэшскай драмы: “Гандляр гаючымі мазямі”. Містэрыя “Гандляр гаючымі мазямі” (І палова ХІV ст.) як адна з драм велікоднага цыкла пра трох Марый. Стыхія камічнага ў творы (камічнасць сэжэта, сцэн; парадыйнасць; матывы, звязаныя з цялесным пачаткам; камічныя героі; грубаватая, далёкая ад пурызму мова і інш.). Супрацьпастаўленне сакральнага і свецкага пачаткаў у містэрыі. Гратэск у творы. Магчымасць сувязі песеннага фрагмента з містэрыі “Гандляр гаючымі мазямі” і абрадавага фальклору. Дынамізм, відовішчнасць, жывы дыялагізм містэрыі. Блізкасць да еўрапейскай народна-смехавой культуры.

Дыялагічны жанр у чэшскай літаратуры: “Спрэчка душы з целам”.

Пропаведзь, трактат, прамова ў чэшскай літаратуры ХІV ст.:дзейнасць Конрада Вальдхаўзера і Яна Міліча.

Дадактычная паэзія ў чэшскай літаратуры: Творчасць Сміля Фляшкі з Пардубіц (пачатак 50-х гг. ХІV ст.—1402). Алегарычная паэма “Новая рада”. “Новая рада” як культурна-гістарычны дакумент эпохі і сведчанне ўдзелу літаратуры ў палітычным жыцці грамадства. Сміль Фляшка як выразнік інтарэсаў арыстакратычных колаў грамадства. Дзяржаўныя ідэалы чэшскай арыстакратыі ў творы. Тагачасныя ўяўленні аб уладзе і хрысціянскім кіраўніку. Жанравая сваеасаблівасць “Новай рады”. Характарыстыка вобразаў у творы. Дыдактычнасць “Новай рады”. Існаванне Смілявай школы ў тагачаснай літаратуры. Чэшскія і лацінскія перапрацоўкі “Новай рады”.

Тэалагічная і філасофская літаратура чэшскага сярэднявечча: “Ткадлечэк” (пачатак ХV ст., аўтар невядомы).



Жыццё і творчасць Томаша Шцітнага (каля 1333- паміж 1401 і 1409). Сувязь творчасці Т. Шцітнага з фактамі яго біяграфіі. Агульная выхаваўчая і асветніцкая скіраванасць твораў пісьменніка (рэлігійнае выхаванне моладзі, папулярызацыя розных ведаў, далучэнне да іх чэшскай аўдыторыі, далёкай ад лацінскай вучонасці). Клеменцінскі зборнік (1376) Шцітнага. Прадмовы да Клеменцінскага зборніка. Кампазіцыя. Арыгінальныя творы і пераклады ў складзе зборніка. Індржыхаваградзецкі зборнік як другая рэдакцыя Клеменцінскага зборніка. “Размовы” Т. Шцітнага. Выкладанне асноў хрысціянскага веравучэння. Скарыстанне канонаў прапаведніцкай літаратуры і шматлікіх крыніц ў творы. Даступнасць формы. “Нядзельныя і святочныя прамовы” Т. Шцітнага як спроба замяшчэння традыцыйных лацінскіх тэкстаў чэшскімі. Пазнавальная і выхаваўчая функцыі твора. Перакладчыцкая спадчына Шцітнага. Спецыфічныя асаблівасці пісьменніцкай практыкі Томаша Шцітнага: разнастайнае скарыстанне перакладаў аўтара ў асабістых творах, частая перапрацоўка сваіх кніг, асветніцкі і выхаваўчы пафас прац Шцітнага, імкненне зблізіць тэалагічныя ідэі з практыкай паўсядзённага жыцця, прысутнасць жывой рэлігійнай думкі, наватарскае выражэнне складанага зместу сродкамі чэшскай мовы. Значэнне Т. Шцітнага для чэшскай літартуры і культуры: далучэнне суайчыннікаў да еўрапейскіх літаратурных дасягненняў, бліскучае рашэнне складаных мастацкіх і моўных праблем, выкладанне філасофскіх пытанняў і праблем веравучэння ў даступнай, зразумелай форме, багацце мастацкага таленту. Успрыманне Шцітнага наступнымі пакаленнямі як першага класіка чэшскай літаратуры. Асветніцкая дзейнасць пісьменніка. “Вышаградскі зборнік”. Шцітны як прадвеснік гусіцкага руху.

Распаўсюджванне падарожнай , аўтабіяграфічнай і перакладной літаратуры. Падарожныя нататкі Марка Пола “Мільён” і т.зв. Мандэвіля, жыццяпіс Карла IV.

Узнікненне любоўнай лірыкі.

Жанравая разнастайнасць чэшскай літаратуры сярэднявечча. Асноўныя тэндэнцыі развіцця нацыянальнай літаратуры дадзенага перыяду.


3. Гісторыя чэшскай літаратуры XV-XVIII стагоддзяў.
3.1. Гусіцкая і антыгусіцкая літаратуры (з 70-х гг.XV ст.)
Абвастрэнне сацыяльных і нацыянальных праблем у Чэшскай дзяржаве. Узнікненне гусіцкага руху, заснаванага на крытыцы каталіцкай царквы. Атрыманне ім з боку афіцыяльнай царквы назвы ерасі. Узмацненне нямецкага ўплыву ў сферы эканомікі і культуры напярэдадні Рэфармацыі. Народны характар чэшскай Рэфармацыі. Знаёмства чэшскага студэнцтва з поглядамі Д.Вікліфа. Крайняя палітызацыя, ідэалагізацыя літаратуры як вынік радыкалізма гусіцкага руху. Беспрэцэдэнтная інтэлектуальная і грамдская актыўнасць, заняпад славеснага мастацтва, спрошчанне літаратурнай формы. Агітацыйныя і прапагандысцкія задачы мастацтва. Скарыстанне ў літаратуры нацыянальнай мовы і лаціны. Станаўленне народнай літаратуры ў гусіцкую эпоху. Змена сацыяльнай базы літаратуры і яе жанравай структуры. Адыход займальнай і свецкай літаратуры на другі план.

Жыццё і дзейнасць Яна Гуса (каля 1371—1415) — пісьменніка, багаслова, грамадскага дзеяча, святара, рэктара Пражскага Універсітэта, ідэёлага руха супраць нямецкага засілля ў чэшскай дзяржаве і панавання каталіцкай царквы. Гімны і песні Гуса. Жанр казанняў. Іх палемічны характар. Філалагічныя працы Я.Гуса (“Азбука”, “Чэшскі правапіс” 1406). Рэформа правапісу, яе значэнне для развіцця чэшскай літаратурнай мовы. Удзел у перакладзе кніг Бібліі. Зборнік трактатаў “Посціла” (1413). Літаратурная форма зборніка. Эпісталярная спадчына. Гістарычная і літаратурная каштоўнасць лістоў Гуса. Тэма продажу індульгенцый у кнізе “Пра сіманію” (1413). Прапаведніцкі пафас, рытарычныя звароты, скарыстанне мастацкіх прыёмаў і сродкаў, характэрных для аратарскай мовы і для літаратуры прарокаў. Палемічны трактат “Пра царкву” (1413). Паэтыка твораў Гуса (гутарковая мова, рытміка вуснай гаворкі, даступнасць і інш). Традыцыі і наватарства. Творы Гуса як апірышча новай антыфеадальнай культуры. Значэнне асобы і ідэй Яна Гуса для нацыянальнай культуры.

Гусіцкія войны. Адлюстраванне ў гістарычнай і ваеннай прозе. Працяг папярэдніх літаратурных традыцый (хронік). Ваенны устаў Яна Жыжкі.

Гусіцкі рух пасля спалення Я.Гуса. Паплечнікі Гуса: Іеранім Пражскі і Ян Жэліўскі. Іеранім Пражскі (1371-1416), навукоўца і аратар. Жыццё і творчасць. Выступленні за інтэлектуальную свабоду. Прамова ў абарону Вікліфа “Да ўхвалення вольных мастацтваў” (1409). Вершаваныя пераклады Евангелляў. Духоўныя і сатырычныя песні. Чытанне замежных лекцый пра прынцыпы Рэфармацыі. Вандроўка ў літоўскія і рускія землі (1413). Ян Жэліўскі (памёр у 1422). Жыццё і дзейнасць. Зборнік лацінскіх асноў да казанняў 1419 г.



Ян Ракіцана (1397-1471). Жанр трактата ў творчасці пісьменніка. Палемікі з багасловамі.

Творчая спадчына Вавржынца з Бржэзавай (1370-1473), таленавітага пражскага літаратара, паэта і перакладчыка. Майстра мастацкай формы, спадчыннік вершаваных традыцый мінулага. “Соннік”. “Песня пра перамогу каля Дамажліц” (высокія патрыятычныя пачуцці, іронія, гістарычная рэфлексія). Няскончаная “Хроніка усяго свету”. “Гусіцкая хроніка”. Асаблівасці паэтыкі.

Развіццё гусіцкай і антыгусіцкай літаратуры. Жанры трактата і песні, іх распаўсюджанасць і значнасць. Эвалюцыя жанраў: знікненне духоўнага і свецкага эпасаў, публіцыстычны дух пропаведзяў, стварэнне духоўнай лірыкі, палітычнай песні, развіццё сатырычных жанраў у паэзіі і прозе. Агітацыйнасць і палемічнасць паэзіі. “Божыя ваяры” і іх культура. Духоўныя гусіцкія песні. Цягаценне да гімнаграфіі. Скарыстанне біблейскіх тэкстаў. Стылёвыя, вобразныя сродкі песеннай творчасці гусітаў. Роля песні ў тагачасным грамадстве. Антыгусіцкая літаратура: “Плач пра горад Прагу”. Палітыка-дзяржаўныя матывы ў творы.

“Істэбніцкі канц’янал” (каля 1420) як узор гусіцкай духоўнай лірыкі. Палітычныя, духоўныя і ваенныя песні гусітаў. Агітацыйная і палемічная паэзія. Прысутнасць нотнага тэксту. Кампазіцыя зборніка. Патрыятычны пафас. Біблейская вобразнасць. Арыгінальныя тэксты і пераклады ў зборніку. Сінкрэтызм формы і зместу прадстаўленых у зборніку песень.

“Парныя” творы гусіцкай паэзіі (“Спрэчка Прагі з Кутнай гарой” 1420, “Вацлаў, Гавэл і Табар” 1424, “Жалоба Кароны Чэшскай”, “Папрок Кароны Чэшскай”, якія ўваходзілі ў склад Будышынскага рукапісу; “Размова чалавека са смерцю”). Мастацкія асаблівасці. Традыцыя сярэднявечных спрэчак. Алегарызм. Арыентацыя на навуковую аўдыторыю. Супрацьлегласць эстэтычных установак у параўнанні з “Істэбніцкім канц’яналам”.

Філалогія і рыторыка гусіцкага перыяду.

Жыццё і дзейнасць Пятра Хельчыцкага (1390-1460). Філасофскія, палітычныя, сацыяльныя, тэалагічныя і літаратурныя погляды. Галоўныя творы пісьменніка: “Пра бой духоўны” (1421), “Сець веры” (кампендыўм поглядаў на царкву і дзяржаву, 40-я гг.). Асуджэнне рэвалюцыйнай практыкі і заклік да цярплівасці. Біблейская сімволіка. Крытыка шляхты і пануючых слаёў насельніцтва. Пазіцыя Хельчыцкага па спрэчках сялянства і гарадской беднаты ў творы “Сець веры”. Пасіўнасць, смірэнне, ідэі маральнага ўдасканальвання. Палемічныя трактаты па багаслоўскіх пытаннях. Крытыка арганізацыі царквы з дэмакратычных пазіцый. Прызнанне роўнасці людзей і асуджэнне сацыяльнай несправядлівасці. Уплыў філасофіі Хельчыцкага на дзейнасць Абшчыны чэшскіх братоў і іх паслядоўнікаў. Традыцыі Т.Шцітнага ў творчасці Хельчыцкага. Леў Талстой пра Хельчыцкага.

Гістарыяграфія гусіцкага перыяду: вершаваная “Новая хроніка” Пракопа (1390-каля 1482). “Старыя летапісы чэшскія”: апісанне перыяду гусіцкіх войн, простаць падыходаў і ацэнак, шырокае мазаічнае палатно, ідэалізацыя мінулага, займальнасць, уключэнне песенных тэкстаў і лістоў.

Ацэнка гусіцкага руху і гусіцкай літаратуры сучаснікамі і нашчадкамі. Значэнне гусізму ў гісторыі і культуры чэшскага народа.


3.2. Гуманізм, рэнесанс, рэфармацыя (з 70-х гг.XV ст. да 20-х XVII ст.)
Грамадскія і культурныя ўмовы развіцця чэшскай літаратуры пазначанага перыяду. Распаўсюджванне ў Чэхіі гуманістычных ідэй. Дзве плыні чэшскага гуманізму: арыстакратычная лацінская і нацыянальная, звязаная з развіццём чэшскай мовы і літаратуры, айчыннай гісторыі і права. Спецыфічны характар рэнесансу на Мараве і ў Чэхіі: уплыў рэфармацыі, спрэчак паміж католікамі і пратэстантамі. Уплыў культуры Італіі і Германіі. Еўрапейская адукаванасць, зварот да антычнасці. Зараджэнне сучасных навуковых прынцыпаў. Дзейнасць канцэлярыі караля Іржы з Падэбрад як праяўленне пераходнага перыяду, перадгуманізму. Прадстаўнік ранняга чэшскага гуманізму Ян з Рабштэйна. Прадстаўнік мараўскага Рэнесансу, мецэнат, аламоўцкі біскуп Станіслаў Турзо. Дзейнасць сакратара Турзо Яна Скалы з Доўбраўкі. Творчасць Яна і Багуслава Гасіштэйнскіх з Лабковіц. Дзейнасць Ржэгарэа Грубага з Елэні.

Творчая дзейнасць Віктарына Карнэля з Вшэгрд (каля 1460-1520) як заснавальніка чэшскага гуманізму. Спалучэнне гусіцкіх патрыятычных традыцый з ідэямі гуманізма. Пераклады на чэшскую мову царкоўных пісьменнікаў (І.Златавуст). Праца “Пра правы, суды і межавыя кнігі чэшскай зямлі” (1499). Скарыстанне метаду гуманістычнай крытыкі. “Кнігі пра правы чэшскай зямлі” (1508). Роля Карнэля як аб’яднальніка плыні народнай культуры і сусветных тэндэнцый.

Асветніцкая дзейнасць Яна Благаслава (1523-1571), біскупа брацтва. Працы па гісторыі брацкай абшчыны. Напісанне “Кнігі смерці”, якая выконвала функцыю хронікі брацкага жыцця. Стварэнне падручніка музычнай тэорыі (1558). Канц’янал “Духоўныя евангельскія песні” (1561). Уплыў народнай песні. Яго заслугі па ўдасканальванню чэшскай літаратурнай мовы. Гуманіст глыбокай філалагічнай эрудыцыі і лінгвістычнай адоранасці. Пераклад “Новага Запавета” на чэшскую мову (1564). Благаслаў як адзін з заснавальнікаў чэшскай літаратурнай мовы. Палемічны трактат “Філіпіка супраць ворагаў муз” (1567). Стварэнне граматыкі чэшскай мовы (1571). Тэарэтычныя працы, прысвечаныя аналізу духоўнай лірыкі і прынцыпаў яе паэтыкі (1569). Складанне слоўніка аўтараў духоўных песень (1572, 1576, 1583, 1594, 1598).

Асоба Гінэка з Падэбрад (1452-1492), таленавітага сына караля Іжы з Падэбрад. Закладальнік асноў чэшскай рэнесанснай літаратуры. Паэма «Майскі сон». Спалучэнне сярэднявечных уяўленняў пра каханне і рэнесанснай пачуццёвасці. Цягаценне да традыцый Бакача, сярэднявечнага алегарызма, пранікнутага рэнесансным адчуваннем паўнаты і радасці зямнога жыцця. Лірычны герой паэмы. Мастацкія асаблівасці: дыялогі ў паэме, метафарызм, адметнасць сітаксісу, анафары. Эратычныя элементы. Пераклад адзінаццаці навэл “Дэкамерона” Бакача. Празаічныя творы: “Пра шчасце”, Дабрадзейнасць, рыцар і мудрасць”. Паэтычныя сачыненні: “Бойка шчасця з няшчасцем”, “Вершы пра закаханых”, “Пра жаніцьбу”, Смутак жаніцьбы”, “Майскі сон”. Народныя элементы і іх апрацоўка. Атмасфера часу. Жывая вобразнасць.

Зварот да гуманістычных каштоўнасцей лацінскай літаратуры з мэтай узбагаціць нацыянальную традыцыю (Мікулаш Конач, Вацлаў Пісецкі).

Шымон Ломніцкі з Будце (1552-1623). Асаблівасці творчасці. Эпічныя, лірычныя, драматычныя жанры ў спадчыне. Стваральнік забаўляльнай дэмакратычнай літаратуры чэшскага Рэнесансу. Адаптацыя элементаў літаратуры мінулага да сучаснага культурнага кантэкста. Сінкрэтызм на ўзроўні формы (спалучэнне вершаў і прозы), на ўзроўні жанраў (спалучэнне мастацкіх і навуковых), на ўзроні ідэйных функцый (спалучэнне забаўляльнасці і дыдактызма). Рэлігійна-дыдактычныя празаічныя творы (“Дыялог” 1587, “Кніга пра сем жахлівых д’ябальскіх ланцугоў” 1586 і інш.). Палітычная, эканамічная, сацыяльная праблематыка ў жанрах пропаведзі, трактата, спрэчкі, парады, размовы і г.д. Белетрызаваныя цыклы лацінскіх рэмінісцэнцый, цытат, пропаведзяў (“Залатая скарбонка” 1615, “Гардыня жыцця” 1615). Канц’яналы: “Новыя песні да святых Евангелляў” (1580), “Канц’янал, альбо новыя гістарычныя песні” (1595). Наратыўнае і вершаванае майстэрства аўтара. Уплыў утраквісцкай песні на духоўную лірыку Ломніцкага.

Лацінская гуманістычная літаратура: --Даніэль Адам з Велеславіна (1546-1599). Прадстаўнік чэшскабрацкага кірунку ў гуманізме. Буйнейшы выдавец. Аўтар “Гістарычнага календара” (1578). Складальнік чатырохмоўнага супастаўляльнага слоўніка (1598). Перакладчыцкая дзейнасць.--Ян Кампанус Ваднянскі (каля 1572-1622), слынны паэт-гуманіст. Лацінамоўнае вершаванае пералажэнне ветхазаветных псалмоў цара Давіда “Святыя оды” (1611-1612). Лацінская гістарычная п’еса “Вржэцеслаў, новая камедыя” (1614). Сачыненне “Чэхі” (1616) пра лёсы чэшскіх князёў і каралёў, святароў. Аповед ад першай асобы. Лёс самога паэта ў кнізе сучаснага чэшскага пісьменніка Зігмунда Вінтэра “Містр Кампанус”.

«Чэшская хроніка» (1541) каталіцкага святара Вацлава Гайка з Лібачан (?-1533) як любімая кніга чэшскіх чытачоў XVI і наступных стагоддзяў. Гісторыя Чэхіі ў духу антычнай гісторыяграфіі ад легендарных часоў да перыяду ўзыхода Габсбургаў на трон. Шматлікасць крыніц: сучасныя дакументы, старажытныя хронікі.

Пераклады Бібліі на чэшскую мову. “Краліцкая Біблія” (1579-1594). Пачатак кнігадруку на чэшскай мове, развіццё навукі, асветы.

Кніжкі для народнага чытання. Сатырычная, парадыйная творчасць: “Спіс доктара Грабіяна”, “Пахвала падагры”.

Дзейнасць Ф.Скарыны ў Празе.



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет