Раздзел IV. “Вялікае прыпірышча” Макееўшчына вельмі старая. Можа ад пачатку свету



бет7/8
Дата20.06.2016
өлшемі445 Kb.
#148807
1   2   3   4   5   6   7   8

Аднак аповед пра ўвесь гэты перыяд жыцця ксяндза Станіслава Шаплевіча будзе няпоўным, калі не ўспомніць пра яшчэ адну верную служанку Дараўскага касцёла і парафіі. Яна годна прадоўжыла апостальскую дзейнасць сваіх сясцёр-папярэдніц.

Тэрціярка Альжбета


У архіве мне трапілася папка з рапартамі павятовых спраўнікаў. Яны давалі адказ на цыркулярны ліст губернатара пра колькасць законнікаў у тых некалькіх каталіцкіх кляштарах, што на пачатку дваццатага стагоддзя яшчэ заставаліся ў нашым краі. Тыповыя абавязковыя справаздачы: у Расійскай імперыі сачылі за ўсімі. Але ўяўлялася незвычайным, што спраўнікаў абавязвалі даць у тым цыркулярным лісце канкрэтныя звесткі пра тэрціярак –– сясцёр гэтак названага Трэцяга закона Святога Францішка. Асобна толькі пра гэтых законніц! Відавочна, што царскіх уладаў непараўнальна больш турбавала дзейнасць гэтага рэлігійнага аб’яднання, якое мела незвычайны статут.

Тэрціяркі не мелі свайго сталага месца знаходжання, прыкладам, кляштара, не насілі адметнай вопраткі. Яны знаходзіліся ўвесь час сярод людзей, вонкава нічым не адрозніваючыся ад свецкіх жанчын. Іх нельга было абвінаваціць у прыналежнасці да каталіцкага ордэна. Тэрціяркі былі няўлоўнымі, а таму для царскага ўраду ўяўляліся больш небяспечнымі. Нібы свецкія асобы, сёстры маглі свабодна, не прывабваючы асаблівай увагі ды не наражаючыся на пераслед, ездзіць па краі, наладжваць таемнае рэлігійнае навучанне. Безумоўна, уладам бачыліся і асобныя тэрціяркі – давераныя асобы палітычных дзеячоў, што маглі перадаваць таемныя лісты і наказы. І хоць, верагодна, улады ўжо штосьці ведалі пра іх дзейнасць, але ад усіх службоўцаў атрымалі толькі стандартныя адпіскі: няма тэрціярак.

Не дзіўна, што ніхто з павятовых спраўнікаў не падаў ніводнага прозвішча. Ніхто з іх нават не ведаў пра існаванне тэрціярак на давераным ягонаму нагляду абшары. Таемнасці спрыяў не толькі згаданы незвычайны статут гэтага рэлігійнага аб’яднання. У шэрагі Хрыстовых сясцёр Трэцяга закона Святога Францішка станавіліся мужныя паненкі, схільныя да актыўнай патрыятычнай і асветніцкай дзейнасці, гатовыя за свае перакананні ісці на катаргу.

Вядома, яны ахвотна навучалі рэлігіі ў таемных школах, якіх у той час, на пачатку дваццатага стагоддзя, паўстала шмат. Царскім уладам удалося выявіць некаторых настаўніц, але паліцыйныя павятовыя спраўнікі не маглі даказаць прыналежнасць іх да рэлігійнага ордэна. Вельмі верагодна, што тэрціяркай была „шляхцянка Ашмянскага павета Віленскай губерні Гэлена Мікалаеўна Ластоўская, 28 гадоў, рыма-каталіцкага веравызнання, хатняга выхавання“, якая навучала дзетак у школе пры Дараўскім касцёле. І хоць прыстаў выявіў толькі 15 падручнікаў “Катэхізіса”, а пробашч Казімір Ваньковіч сцвярджаў, што настаўніца Ластоўская навучала дзяцей “выключна закону Божаму”, на яе была заведзена справа за „незаконнае” навучанне.

Безумоўна, і ў міжваенны перыяд у Дараўскай парафіі дзейнічалі тэрціяркі. Імя адной з іх – самаахвярнай апякункі ксяндза Станіслава Шаплевіча – ведаюць парафіяне. Яе называлі Альжбетай, але яе прозвішча мае суразмоўнікі не маглі ўспомніць: нават у той час яна была законніцай-тэрціяркай. Толькі пані Уршуля Пакаленка згадала: “Яе называлі Альжбетка Барысава”.

Як расказала пані Уршуля Пакаленка, тэрціярка Альжбета рэгулярна наведвала ксяндза Станіслава Шаплевіча, калі той хаваўся ў Гарбачах. Яна прыходзіла толькі ноччу і ў папярэдне дакладна вызначаную пору. Ужо нават паводле такой згадкі можна ўявіць, якой смелай была Альжбета. Безумоўна, яна ж была і мужнай асобай. Як вядома з аповеду пані Уршулі, на Шаплевіча ўжо цікавалі, а таму Альжбета магла трапіць у засаду.

І калі быў арыштаваны ксёндз Шаплевіч, а Дараўскі касцёл зачынілі, то, як згадала Уршуля Пакаленка, менавіта Альжбета прадоўжыла рэлігійнае выхаванне і навучанне дзяцей дараўскіх парафіянаў.

Засталіся фатаздымкі дараўскіх і літоўскіх дзетак, якіх яна рыхтавала да першай Камуніі. Прыемна глядзець на іх светлыя абліччы! Далучыцца да Нябеснага Святла, спазнаць Новы Свет дапамагла ім тэрціярка Альжбета. Праз яе старанне ўрачыста засвяціліся дзіцячыя вочы, і тое святло не змаглі ні зацьміць, ні змяніць ліхтары фотаатэлье.

Не засталося фатаграфіі самой Альжбеты. Такія людзі, як яна, звычайна, маюць свае адметныя, высокія мэты і зусім ігнаруюць шмат якія свецкія звычкі, як прыкладам, жаданне фатаграфавацца.


Частка V. Арышт і лагер
Арышт
Анёл:

Так, гэта мы ўпрасілі Бога,

Каб трапіў ты сюды, нябога,

Каб думаў у турэмнай стыні,

Нібы прарок той у пустыні,

Пра ўласнае наканаванне…

Адам Міцкевіч. Дзяды. Частка ІІІ. Пераклад Кастуся Цвіркі


Прайшло амаль паўвека, а старэйшыя парафіяне ўсё яшчэ ўспамінаюць арышт ксяндза Станіслава Шаплевіча. Падзеі тых дзён згадаў і пан Юзаф Трысцень.

І паехаў гэты Несцер, з чыёй хаты яго ўзялі… І, мабыць, той жа Ёзічак і ездзіў, каторы яго здаў… І вот толькі прывезлі ксяндза ў саломе, у кулях… Разгрузілі тыя кулі, а яго на падстрэшак, ці дзе там, пакуль што месца вызначылі. І вот толькі ноч ксёндз Шаплевіч у іх пераначаваў, а на раніцу яго і ўзялі… .

І тут да аповеду пана Юзафа далучылася ягоная хросная маці пані Апалёнія Бубен.

Мне гаварыў ксёндз: “Ja powiedział im: Gdzie wy mnie wiaziecie?.. Wrzućcie lepiej do tej rzeki… (У Шчару – пракаментаваў пан Юзаф). Noc przenocował i zabrali…”

А яго, Ёзічка, чакала турма, – вядзе далей аповед пан Юзаф, – 10 гадоў за тое, што ён быў у самахове Яму прапанавалі, відавочна, такі варыянт: здасі ксяндза Шаплевіча, і ты будзеш апраўданы… Я так думаю, а можа так і было. І ён рашыў здаць Шаплевіча, а самаму застацца на волі.

Меркаванне пана Юзафа падзяляе і пані Апалёнія:

Ksiądz sam zbierał tacku** na budowę kościoła... Ja sama nie wierzyłam, że to na niego, na Józiczka mówią. A to przyszedł ksiądz z kościoła i mówi: „Nawet ten, co mnie wydał, dal trzy ruble na kościół…”. Ja sobie i myślę, taki ż prawda…

Пані Уршуля Пакаленка прыгадала, як напярэдадні гарбачоўскія мужчыны развітваліся з ксендзам Шаплевічам:

– Прыйшоў хтосьці да таты апоўначы, паклікаў яго. Кажа, ксёндз просіць прыйсці, хоча з намі развітацца. Пайшоў тата і доўгі час яго не было. Потым прыходзіць. Я рана і пытаюся ў таты: “Татка, што ты дзе робіш уночы? Хто цябе клікаў?” А тата і адказаў: “Не ваша гэта справа, дзеці. Маўчыце!” Рана тата выгнаў каровы на пашу, а потым прыходзіць, плачучы. Мы да яго: “Што такое?” А ён і кажа: “Шаплевіча ў Ліцьве арыштавалі, сабаку на яго нацкавалі. Парваў сабака яго. Я ж яму казаў, каб не верыў, каб не ехаў туды. Казаў яму, айчульку, загубяць яны цябе. Гэты гад, бач, сам не паехаў, выправіў старога па ксендза”.

Некаторыя парафіяне перакананы, што ксяндза Станіслава Шаплевіча перавезлі на Несцераву сядзібу, папярэдне ўзгадніўшы з НКУС (НКВД) дзень і час арышту. Як успамінала пані Ядвіга Бубен, “усё было загадзя дагаворана… Выхваляўся ж участковы Размысловіч за некалькі дзён да арышту, што адбудзецца ў Дараве на 1 мая”. І пан Станіслаў Коктыш сцвярджае, што на нарадзе ў сельсавеце следчы Хацько казаў: “Скора мы возьмем вялікага чалавека, возьмем ксяндза”. Не выпадкова, відаць, абралі і дзень арышту: хацелі такім чынам рапартаваць пра “чарговую перамогу” над ворагамі савецкай улады. І сапраўды, як ужо згадвалася, ксяндза Шаплевіча схапілі раніцай 1 траўня 1948 года.

Пані Елена Леанідаўна Цыкман, настаўніца, жыла непадалёку ад сядзібы Несцераў, і на свае вочы бачыла, як усё адбывалася:

– Тут, на самым скрыжаванні нашай Лугавой вуліцы з Маскоўскай, дзе пачынаецца вуліца Леніна, і стаяў Несцераў дом. Жылі там сам Несцер з жонкай Марылькай ды жончынай сястрою Аняй. А яшчэ ў іх быў на кватэры настаўнік матэматыкі Савасцей. І ў гэты стары дом прывезлі Шаплевіча. Яго пасадзілі ў воз, абклалі кулямі высока і так везлі. А ўжо там, кажуць, памясцілі ксяндза на гору. Не ўспеў ён праседзець ноч, прыходзяць работнікі НКВД з сабакам і загадваюць: “Адкрывайце”. Адчыняе гаспадар, яны ўпускаюць сабаку, каторы быў натраўлены на людзей. І пакусаў сабака ксяндза. А пасля бяруць ксяндза і гэтых старых траіх: Несцера, Марыльку, жонку яго, і Аню, і яшчэ настаўніка, садзяць іх на машыну. Я сама бачыла. І вязуць у Ляхавічы…

Іншыя сведкі арышту, а было іх нямала, таму што ў тую пару гналі кароў на пашу, згадваюць некаторыя асобныя падрабязнасці. Пані Станіслава Стальмацкая ўспамінае:

– Нашы ўсе кароў гналі на ранічку, можа пятая гадзіна, можа палова шостай было. То бачылі: каля плота на зямлі сядзіць ксёндз, увесь у крыві. Людзі ледзь пазналі яго. І казалі, што энкавадыст крычаў на ксяндза: “Отдавай оружие! Где твое оружие?” А ксёндз так спакойна адказвае: “Крест – мое оружие”. Пастухі нашыя чулі, як ён казаў: “Крест – мое оружие”.

Але гэтыя энкавэдыстыя ўсё ж не рашыліся везці ксяндза акрываўленага. То сказалі даць яму пераапрануцца. І тая акрываўленая бялізна ці кашуля ў Несцера засталася. Іхняя дачка доўга хавала… Калі, можа, ксёндз вернецца, то паказаць, як яго збілі.

Пані Анна Янкоўская з слоў ксяндза ведала, што сапраўды з ім абышліся вельмі жорстка. Як яго сцягнулі з гарышча, то білі нагамі. Сабака пакусаў і нават парваў нагу. Застаўся ксяндзу знак на ўсё жыццё. І пазней гэтая нага заўсёды на перамену надвор’я балела. Пані Браніслава Пятроўская згадвае, што ксяндзу Шаплевічу рукі звязалі дротам і ўвогуле абыходзіліся з ім, як з бандытам. А ксёндз звяртаўся да людзей: “Людзі, скажыце, ці ж я бандыт?”.

А ў Ляхавічах арыштаванаму ды, пэўна ж, усім сведкам учынілі допыт. Іншых затрыманых, верагодна, пазней адпусцілі, а Шаплевіча павезлі ў Баранавічы, на Крывое Кола.

Там ксяндзу Шаплевічу давялося вытрымаць і допыты, і здзекі. З ягонага апавядання пані Анна Янкоўская ведала, што ксяндзу не давалі спаць. На допыты выклікалі некалькі разоў у суткі. І нават калі ноччу ксёндз клаўся спаць, то прыходзілі, падымалі яго і гналі на вуліцу. А там пачыналі здзекавацца: “Ложись! Вставай! Ложись! Вставай!”. Ксяндзу Шаплевічу спрабавалі прыпісаць таемныя сувязі з Амерыкай і такім спосабам прагнулі дамагчыся прызнання.

На допыты выклікалі і шмат каго з парафіянаў, прынамсі тых, у каго хаваўся ксёндз. Пані Ядвіга Бубен успамінала:

– Ведалі мы, што павестку таму далі, і таму далі. Чакалі, што і нам прышлюць. Якое то было перажыце! У мяне тады нарадзілася дачушка, і я пайшла ў сельсавет па дапамогу. Тады было так: у каго чацвёра дзяцей, то давалі сем рублёў. Сяджу я, зазваніў тэлефон. Сакратарка падышла, слухае, а пасля пачала перапытваць і запісвае… Чую: Бубен Аляксандар… Я ўжо дагадалася, што за прычына, але маўчу, нібыта нічога не ведаю. А там яшчэ адна жанчына была, і ў яе мужык Аляксандар Бубен. Выпісала сакратарка дзве павесткі. Выпала таму Аляксандру ехаць першаму.

Прыйшла я дадому і кажу свайму мужу: “Аляксандар, паедзеш на Крывое Кола”. Першым паехаў той Аляксандар. А ён жа нічога не ведае пра Шаплевіча. А мой муж паехаў перш да Мальвіны: як жа гаварыць, каб хоць трошкі супадала. Мальвіна ўжо была і сказала яму: “Калі будзе той следчы, што і нас дапытваў, то страху няма”.

Запрог каня мой Аляксандар і паехаў. А я перажываю, а ў мяне валасы на галаве ўстаюць: а раптам арыштуюць. Але, дзякаваць Богу, вярнуўся муж і расказаў: “Павялі мяне ў падвал. Ну, думаю, тут і зачыняць мяне. І давай пытаць.

– Знаеце Шаплевіча?

– Знаў. Гэта ж наш ксёндз.

– А да каторага года зналі?

– Да трыццаць дзевятага. А пасля чуў, што ён выехаў.

– А ён жа гаворыць, што да вас заходзіў па таблеткі.

– Не знаю, чаму ён так гаворыць. Я з таго часу яго не бачыў.

– Можа, жонка ведае, што прыходзіў?

– Жонка мне сказала б, што прыходзіў ксёндз. Гэта была б вялікая навіна, бо ведаем, што ён выехаў.

– А я прывяду Шаплевіча на вочную стаўку.

– Прыводзьце”.

І адпусціў мужа. А ксяндза Шаплевіча засудзілі і доўга мы не ведалі нават, дзе ён знаходзіцца.

Варта яшчэ дадаць, што парафіяне не выракліся свайго пробашча і яшчэ падчас следства спрабавалі калі не вызваліць яго, то хоць бы палепшыць умовы ягонага побыту ў следчай турме. Як расказала пані Апалёнія, у той час хтосьці нават пачаў збіраць грошы, каб даць хабар следчаму.

Адначасова дараўскія парафіяне прадоўжылі змаганне за сваю святыню і ўрэшце дамагліся свайго. Упаўнаважаны па справах рэлігійных культаў пры Савеце народных камісараў СССР на Баранавіцкую вобласць выдаў 26 траўня 1948 года даведку аб рэгістрацыі: “Сего числа от 26.05.48 г. зарегистрировано под № 40 религиозное общество, находящееся в селе Дарево… с предоставлением ему в пользование молитвенного дома – костела… Справка подлежит хранению…”

Тады ж былі афіцыйна прызнаныя касцельны камітэт і рэвізійная камісія, што пацвярджаецца адпаведным дакументам:

“Настоящая справка выдана в том, что Уполномоченный по Барановичской области на основании регистрации от 26.05.48 г. религиозного общества… сего числа зарегистрированы: исполнительный орган в составе:

Кунцевич Петр Иосифович, Бубен Леокадия Францевна, Бондарь Константин Иосифович, Стельмацкий Иосиф Игоревич, Марчик Иосиф Михайлович и ревизионной комиссии: Адасько Иосиф Михайлович, Тарасевич Казимир Иосифович, Слабчик Бронислав Викторович – с правами и обязанностями, предусмотренными… “




Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет