Раздзел IV. “Вялікае прыпірышча” Макееўшчына вельмі старая. Можа ад пачатку свету



бет8/8
Дата20.06.2016
өлшемі445 Kb.
#148807
1   2   3   4   5   6   7   8

А тым часам вязня Шаплевіча везлі на поўнач, “да белых мядзведзяў”, як сказала адна парафіянка. Колькі гадоў яму прысудзілі, невядома. Але можна меркаваць, што былому капелану Войска Польскага прызначылі стандартны тэрмін – 25 гадоў.




Інта




Шахтёр в шахту спускается,

С белым светом прощается…

Из лагерного фольклора
Асуджаных везлі ў таварных вагонах. Пані Анна Янкоўская расказвала, што, паводле словаў самога Шаплевіча, умовы ў вагоне былі жудасныя. Дарога да Інты няблізкая, і давялося ўбачыць шмат якія нягодныя ўчынкі, перажыць прыкрыя хвіліны. Да таго ж ксяндза абрабавалі: забралі той мяшэчак з харчамі, які перадалі яму парафіяне. Не палепшала і тады, калі іх высадзілі з вагонаў. Набліжалася зіма, і ноччу браўся мароз. А ў баракі, што трапляліся па дарозе, новых вязняў не пускалі. Ім даводзілася начаваць на холадзе, галоднымі.

Там, на этапе, Шаплевічу не раз успамінаўся аповед біскупа Лазінскага, ягоныя пакуты ў Бутырках – вядомай маскоўскай турме. Тады біскуп адкрыта заяўляў, што ніколі не спыніць свайго змагання супраць бязбожніцтва, а, магчыма, гаварыў, што ніколі не скарыцца атэістычнай уладзе. А сярод асуджаных Шаплевіч сустрэў і сялянаў, віна якіх была толькі ў тым, што яны з сваёй цяжкай працы мелі хлеб і да хлеба. Зрэшты, пра глумленне і здзекі над невінаватымі людзьмі на этапе Шаплевіч ведаў даўно з кнігі ўспамінаў Францішка Аляхновіча “У кіпцюрах ГПУ”, ведаў і расказваў парафіянам, як саветы здзекуюцца з людзей. Успомніў і сваю спрэчку з адным падлясейцам, які выгаварваў Шаплевічу, чаму ён, ксёндз, пачаў гаварыць няпраўду, хоць ілгаць людзям вялікі грэх. Адказаў яму Шаплевіч, што не за гарамі той час, калі можна будзе пераканацца, хто казаў праўду. І тады ж Шаплевіч яшчэ выразней усвядоміў значэнне таго “цуду па-над Віслай”, які быў учынены не толькі дзеля Польшчы, але і дзеля ўсёй Еўропы…

Як можна ўявіць, ксёндз Шаплевіч быў гатовы да пакутаў і ставіўся да здзекаў аховы па-хрысціянску. Ягоным адказам была малітва. Вязень Шаплевіч шчыра маліўся і, верагодна, дзякаваў Богу за ласку, бо не даводзілася перажываць тое, што перажыў бласлаўлёны Андрэй Баболя.

А вось шлях ад станцыі да лагеру здаваўся бясконцым. Шаплевіч нават не спрабаваў лічыць крокі. І аднойчы на прывале, калі ўжо нацягалі буралому на вогнішча, ён, знясілены, прыхіліўся спіною да дрэва…

І ўсплылі ў памяці радкі з Евангелля ад Мацея, якія столькі разоў кожнаму пробашчу, і Шаплевічу таксама, даводзілася чытаць напярэдадні Вялікадня:

– “…Ілі, Ілі! Лама савахфані? Гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой! Чаму ж Ты Мяне пакінуў?” (Паводле Мацея 27, 46).

І як толькі ўявіліся гэтыя словы, раптам пасвятлела. Здзіўлены Шаплевіч міжволі глянуў у Неба і ўбачыў, што разарваліся цяжкія хмары, якія ўжо каторы дзень віселі па-над зямлёю. Неба заяснелася скібачкаю блакіту. Бліснуў сонечны прамень, і хмары зноў стуліліся, пацямнела.

– Мой Божа! – спахапіўся Шаплевіч. – І як я мог так падумаць?.. Мой Божа! Даруй мне цяжкі грэх! Я больш ніколі не зняверуся…

“…Каго Бог любіць, таму крыж дае”, – напіша ён пазней.

Баракі ў інцінскім лагеры, куды трапіў ксёндз Станіслаў Шаплевіч, былі не лепшыя за вагоны: халодныя, брудныя, цесныя. Дакучалі, як кажуць, і голад, і холад. А працаваць даводзілася цяжка, бо вязні павінны былі будаваць вугальную шахту. На працу вадзілі калонай і папярэджвалі: “Крок у бок лічыцца спробай уцячы”.


Аповеды ксяндза Станіслава Шаплевіча пра першыя гады зняволення ў лагеры пераказала Ядвіга Светлік. Тады ксёндз Шаплевіч працаваў у шахце глыбока пад зямлёй, і месяцамі іх не выпускалі на паверхню, на свежае паветра. Умовы працы былі вельмі цяжкія, бо, пэўна ж, механізацыі ніякай не было, усё рабілі ўручную.

Анна Янкоўская згадала, што перш Шаплевіч насіў бярвёны на падпоры. І сапраўды, у лісце Элізе Бубен, “дарагой пляменніцы”, ён пісаў:

“Я працую ў вугальнай шахце цесляром. Устаю вельмі рана: а трэцяй, часам а другой. Да месца працы трэба ісці па спадзістым тунелі больш за восемсот метраў, пасля каля двух кіламетраў па прамой лініі, а затым зноў спускаемся ўніз ад ста да пяцісот метраў – вось такія і падобныя манеўры па “забоях”, “лавах”, “печках”. Будуем, пераносім, вешаем розныя трубы: драўляныя, гумовыя, пераносім маторы ды іншы рыштунак. Прыходжу з парацы змучаны, і як толькі вазьму кніжку ў рукі праз некалькі радкоў засынаю. Так, дарагая пляменніца, цяжкае маё жыццё. Вера і малітва толькі дадаюць сілы. А як жа цяжка мусіць быць тым, хто жыве без Бога? “ (1.04. 55)

Аднойчы ў шахце Шаплевічу разбіла плячо і яго нават паклалі ў турэмны шпіталь. Пасля ксёндз мусіў цягаць цяжкія ваганеткі з вуглем і некалькі разоў надарваўся. Там, у Інце, яму зрабілі дзве аперацыі. (Ужо ў Баранавічах ксёндз Шаплевіч вымушаны быў перанесці трэцюю аперацыю і працяглы час яму цяжка было хадзіць.)

Дакучаў і пыл. У Шаплевіча развіўся сілікоз, што зафіксавана і ў розных даведках. Ён мучыўся і з вачыма. Пані Браніслава Пятроўская расказала, што ксёндз аднак знайшоў спосаб чысціць вочы ад пылу. Ён наліваў у місу вады, апускаў твар у ваду і трымаў, колькі мог не дыхаць. Паўтараў так некалькі разоў. І такім чынам прамываў вочы.

Дзесьці за год да вызвалення Шаплевіч жаліўся ў лісце: “Я сам нездаровы. Пакутую ад запалення надкостніцы. Твар апух страшна. І тэмпература высокая”.

Ды што ўжо казаць пра здароўе, калі ці не кожны дзень, спускаючыся ў шахту, ён мог думаць, што ўжо не вернецца наверх жывым. Нават пасля 1953 года, калі ўмовы побыту і працы вязняў палепшыліся, небяспека гібелі заставалася. У адным з лістоў Шаплевіч згадаў пра гібель пад абвалам у шахце маладога земляка, які ўжо тры месяцы быў вольным. Пазней, калі ўжо не лютавала цэнзура, Шаплевіч пісаў Элізе Бубен: “О, так, шахта – гэта другі фронт. Ёсць такая расейская песенька: “Шахтёр в шахту спускается, с белым светом прощается. Прощай, прощай, белый свет, воротюся или нет”. І так час ад часу то тут, то там хтось не вяртаецца, а часам і некалькі адразу”.

Шаплевіч мог так думаць і пісаць, бо ён сам столькі разоў трапляў у такія сітуацыі, што выпадала толькі рыхтавацца да сустрэчы з Вялікім і непадкупным Суддзём. Вязню Шаплевічу не страшна было стаць перад Усявышнім. І ён рыхтаваўся.

Рыхтаваўся, калі тыднямі іх трымалі глыбока ў шахце, не выпускаючы на свет Божы. Рыхтаваўся, калі падчас выбуху яго заваліла ў забоі, вузкім і глухім, дзе давялося прасядзець некалькі сутак: ён нават не мог дакладна іх палічыць. Але Боскі Провід разважыў інакш: пробашч Станіслаў Шаплевіч павінен адрадзіць Дараўскі касцёл, а таму абавязаны ператрываць і вярнуцца. Выжыць Шаплевічу дапамаглі і ягоныя верныя парафіяне.
Лiсты

Proszę mi wybaczyć, że treść moich listów jest nieoszlifowana…“

З ліста да парафіянкі

Ні падчас следства, ні ў дарозе, ні нават у першыя месяцы зняволення ў лагеры Станіславу Шаплевічу не дазвалялі падаць вестку пра сябе. І дараўскія парафіяне з паўгода не ведалі пра лёс свайго пробашча. А як узрадаваліся, калі раптам з невядомай нікому Інты на дараўскую пошту прыйшоў ліст, адрас на якім быў напісаны такім знаёмым почыркам.

А пра што яшчэ мог напісаць вязень Шаплевіч?

Нельга было нават і абмовіцца пра невыносныя ўмовы жыцця ў лагерным бараку, пра голад, пра цяжкую працу ў шахце, пра здзекі, фізічныя і маральныя. Так, пераважна, маральныя: можна толькі ўявіць, як пакутавала ягоная душа. Нават звычайным сялянам з заходнебеларускіх вёсак, дзе не чуваць было лаянкі, невыносна было слухаць, як успамінаюць былыя вязні сталінскага ГУЛАГу, тое бясконцае плявузганне: мешаніну нецэнзурных слоў, вышуканых барбарызмаў ды агідных выразаў. Часам нельга было знайсці зацішны куточак, каб памаліцца. А яшчэ яму хацелася і звычайнай людскай размовы.

Калі прачыталі той ліст, то радасць, пэўна ж, змянілася смуткам: дараўскія парафіяне могуць ніколі ўжо не пабачыць свайго пробашча. Пра пагрозу гібелі ў шахце Шаплевіч не напісаў адкрыта, але амаль кожны разумеў, што могуць значыць такія словы: “Штодня, спускаючыся ў шахту, спадзяюся на сустрэчу з ксяндзом Казімірам Дамброўскім…”.

– Як жа ён сустрэнецца з ксяндзом Казімірам? – не маглі ўцяміць нездагадлівыя. – Ці ён не ведае, што Дамброўскага забілі ў Калдычэве? Юзік Палудаў расказваў, што на свае вочы бачыў…

– Таму і піша так скрыта, што сам можа кожнага дня загінуць у шахце, а то і заб’юць ксяндза спецыяльна…

Ды ўсё ж той першай ластаўцы-вестцы былі рады: ксёндз Шаплевіч, дзякаваць Богу, жывы і прыслаў ліст. Асабліва ўсцешыліся тыя, хто, не зважаючы на небяспеку, прымаў Шаплевіча ў сваю хату ці на сядзібу, браў яго пад сваю апеку.

За гады пастырскай службы ў Дараўскім касцёле ксёндз Шаплевіч навыкся прамаўляць. І калі пісаў ліст, то, мабыць, часам яму здавалася, што ён на амвоне і звяртаецца да любімых парафіянаў з казанню. Вось толькі слухаць ягоную казань будзе толькі той адзін, да каго ён звяртаўся, чыё прозвішча напісаў на канверце.

Але заўсёды было інакш. Кожны Шаплевічаў ліст чыталі ўголас, перадавалі суседзям, знаёмым у суседнія вёскі. І дзівіліся парафіяне, што няма ў ксендзавых лістах жальбы, скаргі на свой лёс, на цяжкую працу ці на хваробу.

Шаплевіч усведамляў, што ягоная святарская місія толькі фармальна перарваная, але не скончаная. І ён, хоць і за тысячы кіламетраў ад Дарава, турбаваўся, каб ягоныя парафіяне не зняверыліся, не паддаліся атэістычнаму глумленню. А таму ў далёкае, але духоўна вельмі блізкае, роднае Дарава ляцелі і ляцелі лісты з словамі падзякі, пастырскага блаславення ды духоўнай апекі, “а часам і сур’ёзныя лісты рэлігійнага зместу”. (1.04. 55)

Як сказала пані Станіслава Стальмацкая, „ён нас падтрымваў, мацаваў наш рэлігійны дух. Колькі ні пісаў, то ўсё з такой надзеяй“. Пра Шаплевічаву веру ў лепшую будучыню згадала і пані Юзэфа Канька:

– У лісце да мяне ксёндз пісаў: „Droga koleżanka Józefa!” – бо як жа да мяне звяртацца? – „I na naszym podwórku kogut zapieje!”

Так мог пісаць толькі той, хто глыбока верыў ды з хрысціянскай пакорай цярпеў пакуты, мучэнні душы і цела.

„…Żyjąc w takiej dali od swoich, w takiej tęsknocie, w tak ciężkiej i dusznej atmosferze duchowej i fizycznej…“, – гэтыя словы маглі б вырвацца з ягонай душы ў першыя месяцы зняволення ў Інце. Зрэшты, умовы ягонага існавання амаль не мяняліся цягам усіх наступных месяцаў. Кожны дзень пачынаўся ў той жа атмасферы, цягнуўся бясконцымі ваганеткамі ў шахце і заканчваўся ў тым жа бараку. Але Шаплевіч дазволіў сабе перанесці тыя словы на паперу толькі праз некалькі гадоў, напярэдадні вызвалення, калі для яго ўжо расчыняліся лагерныя вароты. (23.02. 55)

Лісты з Дарава і Літвы былі чаканым і неспадзяваным сонечным праменем у паўсядзённым хмарным жыцці, глытком свежага паветра пасля запыленай цемрані шахтнага забоя ды затхлай атмасферы лагернага барака. Лісты-весткі не толькі радавалі вязня, яны і лячылі, дадавалі моцы духу і целу, дапамагалі выжыць. У далёкай Інце ведалі вартасць кожнага слова, кожнага памкнення братняй душы.

У шэрым канверце аднаго з першых лістоў ксяндза Шаплевіча, які зберагла ўдзячная парафіянка, арганіста Станіслава Бубна дачка Альжбета, або Эліза, як яе клікалі родныя і як яе называў ксёндз Шаплевіч, знаходзім аркушык паперы з словамі шчырай удзячнасці:

„Любая і дарагая пані Эліза!

За ніколі не чаканую, мілую неспадзяванку, за памяць, наперакор такому працягламу перыяду часу, за шляхетныя, вялікія, палымяныя, ахвярныя, залатыя сэрцы, за вялікадушны жэст, які паходзіць з любові Божай ды даручае бліжняму чыніць міласэрныя ўчынкі дзеля душы і цела нас, вязняў – бедных Лазараў, хоць і вы самі падобныя да іх, і, урэшце, за вялікі матэрыяльны дар, складваю Шаноўнай Пані Элізе і ўсёй Сям’і выразы самай глыбокай удзячнасці ды сама высокай пашаны, а таксама самыя гарачыя-палымяныя дзякаванні ды несупыннае, несціханае «Bóg zapłać!» за столькі такіх вялікіх дабрадзействаў.

Хай жа Божае блаславенства ідзе перад Любым Спадарствам, над Імі і за Імі! Хай жа будзе блаславёная зямля, па якой, Дарагія Спадарства, ходзіце!”

Такі ліст мог напісаць толькі чалавек, які спазнаў ад людзей і здраду, і ганьбаванне, і здзекі, але не перастаў верыць людзям ды шчыра, узнёслымі словамі дзякаваць ім за добрае.
Bóg zapłać!”
Але былі таксама іншыя лісты-весткі – толькі два словы ў адказ на “міласэрны ўчынак”. Так, міласэрны, бо дараўскія парафіяне стараліся падтрымаць свайго пробашча не толькі духоўна. У Інту на імя Станіслава Мікалаевіча Шаплевіча рэгулярна прыходзілі пасылкі. Захаваліся і квіткі дараўскай пошты на сямікілаграмовыя і нават дзесяцікілаграмовыя пасылкі. І гэтая бескарысная дапамога парафіянаў дапамагла яму выжыць. Не менш важным для вязня Шаплевіча было ўсведамленне, што ў Дараве не толькі памятаюць свайго пастыра, але і шчыра прагнуць падтрымаць яго хлебам.

На невялікім стандартным складным аркушыку цвёрдай паперы паштовага „ўведамлення” рукою ксяндза Шаплевіча, ягоным характэрным почыркам – не падрабіць! – пазначаны дата атрымання пасылкі № 725 ад 13 лютага 1950 года замоўленай вартасцю 100 рублёў ды адрасат: Сяліцкая Валянціна Станіславаўна. А на самым згібе паштовага бланку, каб гэтыя словы не кідаліся ў вочы, драбнюсенькімі літаркамі напісана „Bóg zapłać!”.

Вядома, ксёндз Станіслаў Шаплевіч не мог забыцца падзякаваць (як, звычайна, дзякаваў кожны раз сваім парафіянам за дар) за жыццядайны дарунак у цяжкі для яго час. Але тыя два словы былі адначасна і актам грамадзянскай мужнасці. Варта толькі ўявіць, у якіх умовах іх напісаў вязень. У тым пекле сталінскага канцлагера, сярод атэістычных ахоўнікаў-наглядчыкаў, небяспечна было не толькі лішні раз згадваць пра сваю веру, праяўляць адданасць Богу, але забаронена было пісаць лішнія словы. За кожнае слова маглі пакараць.

Для вязня Шаплевіча тыя пасылкі былі жаданымі: без іх у лагерных жудасных умовах ён проста не выжыў бы. Не трэба і забываць, што з пасылак дараўскіх парафіянаў карысталі іншыя вязні: і святары, і звычайныя людзі, якія ў той жудасны час кінутыя былі ў тундравую пустэчу і ў атхлань вугальных шахтаў. Ксёндз Шаплевіч, вядома, ніколі не хваліўся сваёй дапамогай іншым вязням. Вось толькі пані Люцыя Прыступа расказала, што ксёндз Шаплевіч заапекаваўся вязнем-земляком Анатолем з Дубава, вёскі непадалёку ад Баранавіч, беспадстаўна асуджаным нібыта за дапамогу бандзе, якая распраўлялася з калгаснымі актывістамі. Як сцвярджалі Анатолевы сваякі, ксёндз Шаплевіч дзяліўся прысланымі харчамі з Анатолем і такім чынам памог яму выжыць у лагеры.

„Bóg zapłać!” – гэтыя словы прызначаліся і для тых парафіянаў, якія дзяліліся з ксяндзом плёнам сваёй нялёгкай працы, хатнімі ласункамі, а таксама і для тэрціяркі Альжбеты, якая збірала дары аднавяскоўцаў ды слала іх у далёкую Інту. Верагодна, тая ж Альжбета паслала ксяндзу Шаплевічу сушаных вішань, з костачак якіх, як расказала Анна Янкоўская, ён зрабіў сабе ружанец.

Для вязня Шаплевіча не менш вартай за цяжкія скрынкі з „хлебам надзённым” была тая непарыўная, не зважаючы на тысячы кіламетраў, духоўная лучнасць з парафіянамі, што выяўлялася непасрэдна праз хлеб, хоць і вельмі ўмоўны, бо пасылалі ж яму не хлеб. Але былі напэўна і лустачкі хлеба, пасвенчанага ў дзень Святой Агаты. Альжбета не магла не паслаць Хлеб Святой Агаты – аржаны сухарык ці высушаную лустачку хлеба, каб Хлеб Святой Агаты аберагаў вязня Шаплевіча ад агню, ад пажару ў шахце.

І як жа здзівіўся лагерны наглядчык, які правяраў пасылку, калі раскруціў палатняную сурвэтку і ўбачыў лустачку хлеба. Але не здзівіўся, а толькі ўзрадаваўся ксёндз Шаплевіч. Ён, верагодна, і не шукаў бы Хлеб у пасылцы, бо ў кожнай былі, пэўна ж, мёд, сала, масла, паляндвіца, сушаныя яблыкі. Але вось неспадзяванка -- Хлеб! За тыя дзесяць дзён, цягам якіх везлі пасылку з Дарава ў Інту, Хлеб толькі зчарствеў, але не заплеснеў. А каб і заплеснеў! Хіба ж перастаў бы быць Хлебам для ксяндза-вязня Станіслава Шаплевіча?!

Дзесьці ў Небе, на нябачных скрыжалях Боскіх запісана, як вязень Шаплевіч узяў з рукі наглядчыка той Хлеб і схаваў яго ў нагрудную кішэню, каля сэрца. А пасля падзяліўся Хлебам не толькі з іншымі святарамі, але і з бязбожнымі вязнямі, якім тыя кавалачкі нагадалі пра матчын хлеб. А колькі ж было той лусты! І вельмі верагодна, самому Шаплевічу засталіся толькі крупінкі, але ён толькі радаваўся, што засталіся крошкі. Тыя крошкі Хлеба Святой Агаты таксама мелі цудадзейную моц: ацалілі дараўскага пробашча.

Я ўпэўнены, што Шаплевічу пасылалі і аплаткі, аплаткі цэлыя і надламаныя. Надламаныя аплаткі слалі на знак таго, што з ім дзеляцца – ужо падзяліліся! – хлебам, падзяліліся, хоць бы ўмоўна, на вялікай адлегласці, хоць бы і не ў тую самую часіну. Так, над Інтою ўжо даўно-даўно панавала доўгая палярная ноч, а над зачыненым дараўскім касцёлам, над Даравам і Літвой, над Гарбачамі і Макееўшчынай, над Хаткамі і Крыжыкамі загаралася першая зорка! Але для ўсяго свету то была Святая ноч, Ціхая ноч, хоць у той шахце, дзе якраз цягаў ваганеткі з вуглем шахцёр Шаплевіч, грукатала і бухала, хоць у бараках, куды з-пад зямлі вярнуўся вязень Шаплевіч, такія ж вязні спалі, або спрачаліся і лаяліся.

То была Святая ноч, і тады чыніліся цуды. Вязень Шаплевіч зноў станавіўся ксяндзом Станіславам Шаплевічам ды ў думках пераносіўся далёка-далёка… Думкі пераліваліся на паперу.

„Любая і дарагая пляменніца!

Ціхі вігілійны калядны вечар! Апаў змрок на зямлю, спавітую снежным цалуном-саванам. Неба заіскрылася зоркамі. У святочна прыбраным пакоі на стале, засланым белым абрусам, пад які паклалі сена, ляжыць на талерцы снежна-белы аплатак. Польскі аплатак. Сымбаль супакою і любові.

За стол сядае Сям’я. Аплатак усіх злучае і яднае. Усе супольна дзеляцца аплаткам, выказваючы ўзаемныя самыя сардэчныя зычэнні, што ідуць з душы. Можа кагосьці дзеліць нязгода, можа хтосьці адчувае крыўду ў сэрцы, можа хтосьці стаяў здаля ад сваіх цэлы год – няхай сёння ў гэты Святы вечар выкіне з сэрца гнеў, наблізіцца да сваіх і падасць братнюю далонь.

Анёлы над бетлеемскай аборай у тую святую ноч Божага Нараджэння спявалі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!». Супакой – гэтае слова з неба зышло на зямлю. Супакой – толькі Бог можа даць.

На жаль, няма на зямлі супакою, і таму не магу быць сярод вас, каханыя, не магу зазнаваць шчасця, што плыве з сямейнага агменю. У гэты Святы вечар не магу дзяліцца з вамі, найдаражэйшыя, аблаткам, сядзець за адным сталом з вамі і радавацца. Тысячы кіламетраў раздзяляюць нас.

З паўночных дзікай тундры і марознай тайгі, з сэрца, перапоўненага любоўю, найвышэйшай пашанай і найглыбейшай удзячнасцю, набраклага болем і тугою, пасылаю любай пляменніцы і ўсёй Сям’і самыя сардэчныя зычэнні. Няхай жа гэты Божы супакой запануе ў вашых сэрцах, каб Дзіцятка Езус аберагаў і асцерагаў усю Сям’ю ад розных выпадкаў, аддаляў хваробы, няшчасці ды іншыя беды, каб як сняжынкамі асыпаў усіх сваімі ласкамі, каб цяжкая дарога жыцця змянілася на прамую і ясную, аздобленую самымі прыгожымі ружамі, каб сэрцы вашыя больш не ведалі журбы і болю, і … каб хлеба надзённага заўсёды хапала. Не магу дзяліцца з вамі, мае любыя, аплаткам фізічна, дзялюся з вамі спосабам духоўным.

Заставайцеся з Панам Богам!

Адданы ўсім сэрцам і душою – стрый.”



Гэты ліст быў напісаны 11 снежня 1954 года і атрыманы ў Дараве праз шэсць дзён.



* “Дэкрэтам дыяцэзіяльнай улады ад 10 ліпеня г.г. паўсталі парафіі ў Баранавіцкім дэканаце: Макееўшчына…” Месячнік Мінскай дыяцэзіі. Навагарадак, Пінск. 1925. № 1-7. С. 13.

* “Жыцця б ён не ведаў! Не пайду! Вяртайся, Слабчык, дамоў ”.

* Крывое Кола – народная назва следчай турмы ў Баранавічах.

** Zbierał tacku (польск.) – з падносам у руках збіраў ахвяраванні на касцельныя патрэбы.


Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет