Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



бет2/24
Дата24.02.2016
өлшемі1.41 Mb.
#16654
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24

Такім чынам, Горад, Урбанізацыя, Гараджане – гэта тры ключавыя праблемы, якія застаюцца актуальнымі ў беларускай урбаністыцы.

У сусветнай гістарыяграфіі няма ўстойлівай традыцыі абагульняльнага вывучэння гісторыі гарадоў у межах той ці іншай дзяржавы. Кожны гарадскі цэнтр даследуецца, як правіла, асобна. Абагульняльныя даследаванні праводзяцца пераважна па праблеме урбанізацыі, у тым ліку і ў сусветным маштабе. Актыўна вывучаецца побыт гараджанаў, іх штодзённае жыццё. Агульнае ўяўленне пра гісторыю гарадоў іншых краінаў даюць дапаможнікі па гісторыі Еўропы і асобных нацыянальных дзяржаў. Вялікую каштоўнасць мае кніга французкага гісторыка Фернана Бродэля “Материальная цивилизация, экономика и капитализм. ХV–ХVІІІ вв.” (Масква, 2006), а таксама праца італьянскага гісторыка Леанарда Беневола "Горад у гісторыі Еўропы", вядомая нам ў польскім перакладзе (Варшава, 1995).

Апошнім часам цікавасць да гісторыі гарадоў узрастае. Вялікая ўвага аддаецца вывучэнню эканомікі гарадоў у Расійскай Федэрацыі. У Маскве створаны Інстытут гарадской эканомікі. Цэнтр урбаністычных даследаванняў заснаваны ў 2007 годзе ў Львове.

“Урбаністычныя” навуковыя ўстановы дзейнічаюць практычна ў кожнай заходнееўрапейскай краіне: Цэнтр гарадской гісторыі пры Лестэрскім універсітэце (Вялікабрытанія), Цэнтр еўрапейскай гарадской гісторыі пры Берлінскім Політэхнічным універсітэце (Германія), Інстытут параўнальнай гарадской гісторыі пры Мюнсэрскім універсітэце (Германія), Інстытут даследаванняў гарадской гісторыі Людвіга-Больцмана як аддзел Венскага гарадскога і правінцыяльнага архіва (Аўстрыя), Дацкі цэнтр гарадской гісторыі пры Гістарычным інстытуце Ааргускага універсітэта, Інстытут гісторыі горада і грамадства пры гістарычным факультэце Стакгольмскага універсітэта (Швецыя), Цэнт гарадской гісторыі Даследчага інстытута пры гуманітарным факультэце Вышэйшай школы ў Ліоне (Францыя).

Асацыяцыі гарадской гісторыі існуюць у ЗША (з 1988 г.), Германіі (з 2000 г.), Італіі (з 2000 г.), Францыі (з 2000 г.). У 1989 г. заснавана Еўрапейская асацыяцыя гарадской гісторыі, якая кожныя два гады арганізоўвае міжнародныя навуковыя канферэнцыі.

Выходзяць спецыялізаваныя навуковыя часопісы, прысвечаныя праблемам горада: “Urban History” (Кембрыдж, Вялікабрытанія), “Journal of Urban History” (Шарлот, Паўночная Караліна, ЗША), “Urban History Review / Revue d'histoire urbaine” (Манрэаль, Канада), “Die Alte Stadt” (Штутґард, Германія), “Pro Civitate Austriae” (Вена, Аўстрыя).

У 2007 г. пры Еўрапейскім гуманітарным універсітэце створаны Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі, у структуры якога вылучаны сектар урбаністыкі. Беларускія навукоўцы маюць усе магчымасці для вывучэння айчынных гарадоў у сусветным кантэксце. (Спіс літаратуры падаецца ў канцы кожнай лекцыі.)


4. Перыядызацыя гісторыі развіцця гарадоў
Сённяшняе імклівае развіццё гарадоў выкліканае многімі фактарамі: эканамічнымі, сацыяльнымі, геаграфічнымі і іншымі. Зразумець прычыны гэтага развіцця можна толькі звярнуўшыся да гісторыі гарадскіх паселішчаў, бо яны ёсць ўвасабленнем гістарычнага працэсу.

Гісторыя развіцця гарадоў Беларусі падзяляецца на сем этапаў:

1. Генезіс беларускіх гарадоў. Да ІХ ст.

2. Старажытнабеларускія гарады. ІХ – першая палова ХІІІ ст.

3. Гарады Вялікага Княства Літоўскага. Другая палова ХІІІ ст. – 1569 г.

4. Беларускія гарады Рэчы Паспалітай. 1569–1795 гг.

5. Гарады Беларусі царскага перыяду. 1795–1917 гг.

6. Гарады Беларусі ў перыяд расійскай "смуты" і СССР. 1917–1991 гг.

7. Гарады суверэннай Беларусі. Пасля 1991 г.

Такая перыядызацыя была б зусім прымальнай, каб мы абмяжоўваліся толькі Беларуссю. Але наша задача – вывучыць пашырэнне гарадской цывілізацыі на беларускіх землях ў сусветным кантэксце. Таму за аснову неабходна браць перыядызацыю агульнаеўрапейскую. Гэта дапаможа вызначыць месца гарадоў Беларусі ў працэсе станаўлення гарадской цывілізацыі ў маштабах усяго свету. У адпаведнасці з агульнаеўрапейскімі падыходамі гарадскія паселішчы мелі ў сваёй гісторыі наступныя этапы:

1. Старажытныя гарады Усходу. ІІІ тыс. – І тыс. да н. э.

2. Антычныя гарады. І тыс. да н. э. – пачатак І тыс. н. э.

3. Сярэднявечныя гарады. V–XV стст.

4. Гарадскія паселішчы ранняга Новага часу. XVI–ХVIII стст.

5. Гарады позняга Новага часу. XIX ст.

6. Гарадскія цэнтры Найноўшага часу. Ад пачатку ХХ ст.

7. Гарады постіндустрыяльнага грамадства. Ад канца ХХ ст.

З аднаго боку, у кожны перыяд гарадскія цэнтры мелі пэўнае грамадскае прызначэнне, а з другога – самі прадвызначалі характар той ці іншай эпохі.

У старажытнасці гарады знаходзіліся ў авангардзе пераходу ад дзікунства да цывілізацыі. Дзякуючы ім чалавецтва, можна сказаць, і вырвалася з дзікунства, стварыўшы першыя рабаўладальніцкія дзяржавы. Вылучаліся гарады Усходу (ІІІ тыс. – І тыс. да н. э.) і антычныя гарады (І тыс. да н.э. – пачатак І тыс. н.э.). Яны былі прыкладам самаарганізацыі для народаў іншых рэгіёнаў.

Калі ў Сярэднявеччы (V–XV стст.) развівалася аграрнае, ці традыцыйнае, грамадства, гарадскія цэнтры былі ахоўнікамі здабыткаў таго часу. У гарадах пражывала нязначная колькасць насельніцтва, але яны станавіліся цэнтрамі гандлю сельскагаспадарчымі таварамі. Без гарадскога рынку развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці не было б магчымым. Адначасова ў гарадах выспявалі ўмовы пераходу да першай фазы капіталізму – гандлёвага капіталізму.

Як гэта ні парадаксальна, але ў Новы час (XVI–XІX стст.) тыя ж гарады, якія стаялі на варце феадалізму, разбуралі аграрнае грамадства і станавіліся апорай прамысловай мадэрнізацыі і навукова-тэхнічнага прагрэсу. Яны бліскуча прадэманстравалі сваю здольнасць у забеспячэнні разнастайных запатрабаванняў прамысловай вытворчасці. У новым індустрыяльным грамадстве большая частка насельніцтва перасялілася ў гарадскія паселішчы, а грамадская роля гарадоў неймаверна ўзрасла.

Найноўшы час (ад пачатку ХХ ст.) адзначаны феноменам сусветнай урбанізацыі, які абумоўлены пашырэннем індустрыялізацыі. Практычна ва ўсіх краінах свету амаль усё насельніцтва перасялілася ў гарады, на аснове якіх фармавалася грамадства спажывання. Гарады паспяхова справіліся з задачай забяспечыць людзей разнастайнымі таварамі. Аднак гарадское па форме жыццё не заўсёды станавілася гарадскім па змесце: нейкі час ён заставаўся вясковым. Упершыню ў гісторыі па ўсёй Еўропе дзякуючы намаганням футурыстаў пракацілася хваля дэурбаністычных настрояў, прагучаў заклік да вынішчэння гарадскіх паселішчаў.

З канца ХХ ст. у развіцці гарадоў наступае новы этап – постіндустрыяльны. Гарадскія паселішчы прырошчваюцца не коштам індустрыялізацыі, а коштам пашырэння сферы паслуг. З індустрыяльных цэнтраў яны ператвараюцца ў цэнтры навукі і інтэлектуальнай дзейнасці. На гарадскія паселішчы ўскладваецца задача захавання нацыянальна-культурнай разнастайнасці на Зямлі і зямнога жыцця ўвогуле.

Нескладана заўважыць, што выбраны намі падзел на гістарычныя этапы (старажытнасць, Сярэднявечча, Новы час, Найноўшы час, постіндустрыяльны час) супадае са зменамі ў грамадскай ролі гарадоў. У адпаведнасці з гэтымі этапамі і пабудаваная структура першай часткі нашага курса. Праўда, гісторыя постіндустрыяльных гарадоў яшчэ толькі ствараецца.


5. Першыя старажытныя гарады
5.1. Прычыны ўзнікнення гарадоў
Узніклі першыя гарады прыкладна ў III тыс. да н. э. на Блізкім Усходзе, а дакладней, у Міжрэччы (тэрыторыя паміж рэкамі Тыгр і Еўфрат) ці ў Месапатаміі. Потым ареал гарадоў пашырыўся ў даліны рэк Егіпта, Індыі, Кітая. Адбылося гэта на раннім этапе фармавання рабаўладальніцкага грамадства, калі дзякуючы павелічэнню прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі з’явіліся магчымасці для ўтрымання гараджанаў. Але навошта карміць дармаедаў? Які эканамічны сэнс? А сэнс быў у тым, што навакольныя сяляне захоўвалі на гарадскіх складах лішкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Рабіць тое цэнтралізавана з дапамогай першых гараджанаў было больш надзейна, чым кожнаму паасобку. Такім чынам, першыя гарады служылі абарончым мэтам. Але, зазначым, абаранялі не людзей, а іх багацці (вартасць чалавека ўжо ў старажытнасці вызначалася ягоным багаццем).

З’яўленне першых гарадоў супала з узнікненнем масавых рэлігій. Раней людзі цэлымі вёскамі маліліся зямным багам, але з ростам маштабаў багацця перайшлі да пакланення багам нябесным. Гэта патрабавала ўзвядзення храмаў і, адпаведна, стварэння інстытуту жрацоў. Паступова вакол храмаў выраслі гарады. Такім парадкам, першыя гарады служылі не толькі абарончым, але і рэлігійным мэтам. Відаць, існавалі розныя варыянты ўзнікнення гарадоў: адны пачыналіся ад складоў, другія – ад храмаў.

Пазней з’явіліся іншыя шляхі горадаўтварэння – праз развіццё гандлю (на берагах рэк, мораў, акіянаў) і праз каланізацыю. Усе старажытныя гарады ўзвышаліся і квітнелі на міжнарожным гандлі. Толькі міжнародны гандаль даваў надзейную эканамічную аснову для ўзнікнення прынцыпова новага віду паселішча, адрознага ад сельскага.

У адрозненні ад сельскіх паселішчаў ужо першыя гарады былі абнесеныя сценамі і мелі пэўныя прывілеі, што, дарэчы, засведчана ў Бібліі. У законах, дадзеных Майсею ад Бога, пазначана: дамы ў паселішчах, вакол якіх не было сцяны, лічацца нароўні з полем зямлі; толькі ў горадзе, абнесеным сцяной, прададзены за даўгі дом не вяртаецца былому гаспадару ні пры якіх абставінах; палёў вакол горадоў прадаваць нельга, бо гэта вечнае іх уладанне (гл.: Левіт, 25–34).

Вёска як від паселішча не заўсёды ўзнікала раней за горад. Часам горад ствараў для сябе вёскі-карміліцы. Так адбывалася пры каланізацыі новых земляў. У гэтым выпадку горад выступаў апорай каланізацыі і браў пад сваю ахову найбліжэйшыя вясковыя паселішчы. Першымі заснавальнікамі гарадоў-калоній былі фінікійцы, потым грэкі. Такім чынам, у старажытнасці існавалі два шляхі павелічэння колькасці гарадоў – натуральны і гвалтоўна-каланіяльны.
5.2. Старажытныя гарады Усходу і Беларусь
Эканамічнай асновай гарадоў Усходу служыла арашальнае земляробства ў далінах рэк. Шумеры ўмелі рэгуляваць вільготнасць палёў і трымалі рыбныя сажалкі. Вядучай функцыяй гарадоў была абарончая. З узнікненнем гарадоў канфлікты паміж людзьмі рабіліся больш частымі і жорсткімі. Назапашванне багаццяў стымулявала рабаўнічыя войны. Галоўная роля ў гарадах належала ваярам. Вылучаліся правадыры-тыраны, якія станавіліся на чале дзяржаваў і мелі рэзідэнцыю ў найбуйнейшых гарадах – ­сталіцах. Арганізацыя арашэння і абароны патрабавалі моцнай і жорсткай ўлады. Горад спрыяў агрэсіўнасці, але ў той час забяспечваў надзейную абарону ад агрэсіі. Cамым эфектыўным сродкам абароны былі гарадскія сцены.

Зразумела, што правадыры для ўмацавання ўлады і канфіскацыі лішкаў прадуктаў у сваіх падданых выкарыстоўвалі рэлігію. Таму побач з абарончай асноўнай стала рэлігійная функцыя гарадоў. У гарадах Усходу будавалі велізарныя храмы, жрацы мелі шэраг прывілеяў.

Cтаражытныя гарады складаліся з трох сектараў: палац правіцеля, храмавы комплекс і глінабітныя жылыя дамы гараджанаў. Гарады ствараліся па рэгулярным плане: вуліцы перакрыжоўваліся пад прамым вуглом, а гарадская тэрыторыя ўпісвалася ў прастакутнік.

У Міжрэччы найбуйнейшым горадам быў Вавілон – сталіца Новававілонскага царства. У часы Навухаданосара (VII cт. да н. э.) Вавілон стаў першым у свеце горадам-мільянерам. У ім пражывалі каля 1 млн чалавек. Горад меў форму прастакутніка, рассечанага напалам Еўфратам. Цэнтр горада займала велізарная плошча, якая магла ўмясціць практычна ўсіх жыхароў сталіцы. Яе памер – 7 гектараў – быў прыкладна ў 5 разоў большы, чым у Краснай плошчы ў Маскве. Вакол плошчы размяшчаліся царскія палацы з вісячымі садамі Семіраміды. Тамсама знаходзіўся храмавы комплекс – зікурат. Ён уяўляў з сябе каскад вежаў. Іх дыяметр знізу ўверх паступова змяншаўся, а таму вакол кожнай вежы ўтвараліся шырокія тэрасы, злучаныя лесвіцамі. Над найвышэйшай вежай быў пабудаваны храм (“жытло бога”), дзе адбываліся рытульныя цырымоніі і вяліся астранамічныя назіранні. Семіярусны зікурат Вавілона дасягаў у вышыню 90 м. Галоўная вуліца, што цягнулася ўздоўж Еўфрата, звязвала цэнтр з галоўнымі варотамі горада – брамай багіні Іштар. Абарончай сцяной быў абнесены не толькі цэнтр горада, але і яго жылыя кварталы з прастакутнай сеткай вуліц (шырынёй 1,5–2 м) і глінабітнымі дамкамі. Пасля паходаў Аляксандра Македонскага на месцы разбуранага Вавілона ўзнікла сталіца імперыі македонскага заваёўніка – Селеўкія, потым Кцесіфон – сталіца Персіі і, нарэшце, Багдад – сталіца Арабскага халіфата і сучаснага Ірака.

Чым так прываблівала гэтае месца правіцеляў розных дзяржаў? Выгодным размяшчэннем. У Багдадзе рэчышчы Тыгра і Еўфрата найбольш збліжаліся, што дазваляла кантраляваць даліны абедзвюх рэк адначасова. Цяпер Месапатамія (Ірак), былы біблійны рай, ператварыўся ў пустэльню.

Старажытныя гарады Егіпта мелі свае асаблівасці. Па-першае, у сталіцах Егіпта налічвалася не тры, а чатыры зоны. Чацвёртая адводзілася для вечнага жыцця. Збудаванні для яго – піраміды – рабілі з абчасаных камянёў. Самая вялікая пераміда Хеопса сягае ў вышыню на 146 м. Яе ўзводзілі на працягу 23 гадоў прыкладна 100 тысяч людзей. Паводле адной з версій, піраміды будавалі з штучных цэментных пліт, якія ўмелі вырабляць егіпцяне. Але верыцца ў тое з цяжкасцю. Па-другое, жыллё было недаўгавечнае. Кожны фараон узводзіў новы палац. Стары пры гэтым разбураўся і выкарыстоўваўся як будаўнічы матэрыял для больш сучаснага праекта. Дамы простых егіпцянаў таксама перабудоўвалі праз кожныя 5–10 гадоў, бо матэрыялам для іх служыла неабпаленая, сырая цэгла. Па-трэцяе, Старажытны Егіпет меў некалькі сталіц. Першая сталіца –Мемфіс – праіснавала два стагоддзі. Другой сталіцай быў горад Фівы, трэцяй – Ахетатон. У IV ст. да н. э. Аляксандр Македонскі заклаў новую сталіцу – Александрыю. У Х ст. н. э. арабскія заваёўнікі заснавалі на месцы зніклага Мемфіса сучасную сталіцу Егіпта – Каір.

У зону ўзнікнення першых гарадоў уваходзіла і вярхоўе Ніла (тэрыторыя сучаснага Судана). Насельнікі таго рэгіёну, як і старажытныя егіпцяне, умелі выплаўляць жалеза (2500 г. да н. э.).

Найстаражытнейшыя гарады Індыі ў даліне Інда былі засыпаныя пяскамі пустыні Тар. Таму ў V ст. да н. э. яны перамясціліся ў даліну Ганга. Сваім выглядам і планіроўкай яны былі падобныя да гарадоў Міжрэчча.

На тэрыторыі Кітая старадаўнія гарады ўзніклі ў даліне Хуанхэ. Яны мелі квадратныя планы, а гарадскія будынкі – пагады – вылучаліся строгай сіметрыяй архітэктурных формаў. Сталіца дзяржавы кітайскай дынастыі Цынь – Саньян – налічвала каля 1 мільёна чалавек, а перыметр гарадской сцяны дасягаў 100 км. Саньян складаўся з унутранага горада (для імператара і яго світы) і знешняга (для простага люду). Унутраны і знешні гарады раздзяляла двайная сцяна, а паміж імі разбівалі сады і агароды. Як і Егіпту, Кітаю быў уласцівы культ тагасветнага жыцця. Кітайскім археолагам удалося адкрыць грабніцу імператара Цінь Шіхуандзі неверагодна вялікай плошчы, на якой знаходзілася больш як 5 тысяч фігур ваяроў і коней, зробленых з гліны ў натуральную велічыню.

Кожны наступны імператар будаваў не толькі новыя палацы і храмы, але і новыя сталіцы. Па-першае, Хуанхэ часта мяняла рэчышча, а па-другое, меліся вялікія працоўныя рэсурсы. Ужо ў старажытнасці Кітай быў шматмільённай дзяржавай. Жанчыны вылучаліся высокай плоднасцю, чаму спрыяла філасофія даасізму з яе традыцыйнай эратычнай гімнастыкай. Для абароны ад паўночных качэўнікаў была збудаваная Вялікая кітайская сцяна, якую два мільёны работнікаў узводзілі ўдзень і ўночы на працягу 10 гадоў.

Такім чынам, старажытныя цывілізацыі на берагах рэк спарадзілі першыя гарады. Паміж сельскай і гарадской абшчынамі яшчэ не існавала бездані. Сельскае насельніцтва брала ўдзел у справах гараджанаў. Гарады былі адкрытыя для вёскі, але адрозніваліся ад яе сваімі функцыямі і памерамі. Першыя дэспатычныя дзяржавы абапіраліся на магутнасць гігантскіх сталіц, якія ўзвышаліся над параўнальна невялікімі правінцыйнымі гарадамі. Будаўнічы матэрыял старажытных гарадоў не спрыяў іх доўгаму захаванню. Да нашага часу дайшлі толькі асобныя збудаванні, узведзеныя ў гонар правіцеляў і багоў, – найперш піраміды.

А на беларускіх землях у той час панаваў першабытнаабшчынны лад. На пачатку ІІ тыс. да н. э. далёкія продкі беларусаў толькі пераходзілі ад збіральніцтва да земляробства і жывёлагадоўлі. Гэта былі людзі лясоў, азёр і рэк. Пастаяннае ўжыванне рачной рыбы рабіла іх кемлівымі і вынаходлівымі, падвышала творчы патэнцыял.


5.3. Антычныя гарады і Беларусь
У І тыс. да н. э. – пачатку І тыс. н. э. росквіт гарадоў назіраўся ў антычным свеце (рэгіён Міжземнамор’я). У адрозненне ад Усходу ў Старажытнай Грэцыі ў 500 г. да н. э. існавалі сотні незалежных гарадоў-дзяржаў. Яны вылучаліся яскрава выяўленай эканамічнай функцыяй: вялі міжнародны гандаль, былі цэнтрамі рамёслаў. Варожасць паміж гарадамі-дзяржавамі абумоўлівала важнасць абарочай функцыі. Звычайна гарады месціліся каля марскіх бухт. Цэнтр займаў акропаль (“верхні горад”) з галоўнымі храмамі і грамадскімі збудаваннямі. Цэнтрам “нізкага горада” была агора – рынкавая плошча, дзе мітусіліся пакупнікі з манетамі ў роце – так надзейней. Самым дарагім таварам была рыба, з цяжкасцю здабытая ў моры. Свае паслугі прапаноўвалі гімнастычныя залы і басейны. Агора выходзіла ў бок марской гавані. Там абавязкова стаяў маяк. Акропаль і агору акалялі жылыя кварталы рамеснікаў і купцоў. На ўскраінах размяшчаліся публічныя дамы. Забудова гарманічна ўпісвалася ва ўзгорыстае прыроднае асяроддзе. Склалася геаметрычная планіроўка гарадоў. Архітэктурны стыль Старажытнай Грэцыі вядомы як класіцызм. Зараджалася новая функцыя гарадскіх паселішчаў – культурніцкая. Апекунамі гарадоў лічыліся богі.

Сярод гарадоў-полісаў вылучаліся Афіны (назва паходзіць ад імя багіні Афіны) з насельніцтвам каля 150 тысяч чалавек. З суседніх гор да горада быў пракладзены вадаправод. Афінскі акропаль – самы прыгожы ў Старажытнай Грэцыі. Ён часткова захаваўся. Дагэтуль здзіўляе сваёй прыгажосцю і дасканаласцю храм Парфенон, які цудам ацалеў, нягледзячы на ўсе войны. Горад славіўся сваімі тэатрамі і стадыёнамі. Тэатр Дыяніса ўмяшчаў 75 тысяч гледачоў. Усім грамадзянінам аплачвалі тэрыкон, гэта значыць уваход на тэатральныя відовішчы, каб кожны мог азнаёміцца з шэдэўрамі грэцкай трагедыі і камедыі. Усё, што нам вядома ў відовішным мастацтве, ужо існавала ў старажытнагрэцкім тэатры. Каб адчуць жыццёвы рытм даўніх Афінаў, трэба чытаць камедыі Арыстафана.

Сцены абаранялі не толькі сам горад, але і дарогу да марской гавані Пірэй. Афіны былі рынкавым горадам. Яны вялі гандаль з іншымі тэрыторыямі, мянялі рамесныя тавары на прадукты з сельскай мясцовасці. Ад старажытнагрэцкіх калоній вядуць свой пачатак сучасныя Марсель і Стамбул. Пры такой сістэме вольнага гандлю Афіны квітнелі. Пасля перамогі над персамі афіняне пераключыліся на сістэму захопаў і збору даніны. Гэта прывяло да вайны са Спартай, а потым – да заняпаду дэмакратыі і горада.

Уся тэрыторыя Рымскай імперыі была ўсыпаная вялікімі і малымі гарадамі. Яны выступалі своеасаблівым сувязным матэрыялам вялікай дзяржавы. Сістэма гарадоў Рымскай імперыі набыла іерархічны характар. Над ўсімі гарадскімі паселішчамі ўзвышаўся Рым. Потым ішлі цэнтры правінцый: Візантыя (да 1 млн жыхароў), Афіны, Ерусалім, Александрыя. Унутры кожнай з правінцый існавалі больш дробныя гарады. Намецілася спецыялізацыя гарадскіх паселішчаў. Вылучаліся гарады-парты, гарады-курорты. Аднак асноўнымі функцыямі гарадскіх цэнтраў імперыі былі абарончая і рэлігійная. Эканамічная функцыя была слабейшая ў параўнанні з гарадамі Старажытнай Грэцыі. Многія гарады на памежжы Рымскай імперыі ўзнікалі на аснове ваенных лагераў – Вена, Будапешт, Кёльн. Праз каланізацыю захопленых тэрыторый імперыя выступала стваральнікам новых гарадоў і пашыральнікам гарадскога ладу жыцця (такую самую ролю, дарэчы, адыгрывала і Старажытная Грэцыя). Толькі памежныя рымскія гарады мелі сцены, астатнія “ахоўвала” веліч імперыі.

Да пачатку ІІІ ст. н. э. у Рыме пражывалі больш як мільён чалавек. Сталіца магутнай імперыі адрознівалася ад Афінаў сваімі гігантскімі збудаваннямі, якія падкрэслівалі магутнасць дзяржавы і яе імператараў. Гэта амфітэатр Флавіяў, пазней вядомы як Калізей. У ім магло змясціцца да 90 тысяч гледачоў. Вялікі цырк, дзе праводзіліся скачкі, быў разлічаны на 250 тысяч гледачоў. Гарадскі рынак меў пяць паверхаў. Цэнтрам горада быў комплекс Рымскіх форумаў – шматлікія трыумфальныя аркі і калоны ў гонар перамогі рымскай зброі. Усё Палацінскае ўзвышша, дзе ўзнік горад, займалі імператарскія палацы. Будаваліся храмы асобным багам. Храм, узведзены для ўшанавання ўсіх багоў, атрымаў назву Пантеон.

Дамы багачоў пераносілі ў прыгарад, на ўзгоркі ў атачэнні садоў. Вольныя рымляне жылі ў шматпавярховых (да 6 паверхаў) дамах-інсулах. Руіны аднаго з іх захаваліся. Пры калідорнай сістэме кожная сям’я займала асобны пакой. Насельніцтва Рыма ў перыяд яго росквіту дасягала двух мільёнаў чалавек. Багацці дазволілі насельнікам імперыі пабудаваць сталіцу, у многім падобную сваімі паслугамі да сучасных гарадоў. Існавалі сістэмы водаправодаў і каналізацыя. Дзейнічала 600 фантанаў. Горад утрымліваў 7 тысяч пажарных, бо інсулы, у якіх карысталіся адкрытым агнём, пастаянна ўзгараліся. Пры шчыльнай забудове, каб спыніць агонь, дамы проста разбуралі. Галоўныя вуліцы былі забрукаваныя. Колы грукаталі, і Цэзар забараніў рух колавага транспарту ў дзённы час. Аднак і нав’ючаныя жывёлы стваралі на вуліцах шырынёй 3–5 метраў неверагодную цеснату. Шматлікія тэрмы (лазні), маўзалеі імператараў рабілі Рым падобным да гарадоў Усходу. Заможныя рымляне мыліся штодня. Багаты рымскі дом упершыню заклаў ідэю камфорту, тады як афінскі быў прыстасаваны толькі для забяспечанага, але сціплага пражывання.

Рым ад пачатку яго існавання кармілі захопы і даніна, што паступала ў выніку войнаў. Багацці сцякаліся ў сталіцу па знакамітых чатырохслойных дарогах, якім пазайздросцілі б і цяперашнія тракты. Сам горад нічога не вырабляў. Сяляне перасяляліся ў сталіцу і станавіліся ўтрымальнікамі дзяржавы. Рым ведаў усе парокі чалавецтва. У вялікай пашане быў бог сэксуальнай моцы Прыап, якога маляваліся ў выглядзе старога з двума чэлесамі і фалападобнай галавой. Імператару Клаўдзію прыпісваюць пастанову, што дазваляла гасцям рыгаць і пукаць за сталом. Рымскія норавы добра апісаныя ў творах Петронія, сучасніка Нерона. Вядомы даследчык старажытнага Рыма Мамфорд лічыць, што Рым дакладней было б называць “Паразітаполісам”, каб паказаць у якой ступені яго насельніцтва жыло коштам працы іншых. Каб Рым наладзіў добраахвотны абмен тавараў са сваімі калоніямі і перыферыяй, магчыма, ён устаяў бы перад націскам варвараў. Аднак атрымалася так, што апошнія парушылі сістэму збору даніны – і Рым рухнуў. Не ўратавалі і ўзведзеныя ў канцы ІІІ ст. вакол сталіцы Аўрэліянскія сцены. Для гарадской цывілізацыі Рым пакінуў знакамітыя дарогі і Рымскае права.

Такім чынам, з досведу Антычнасці вынікае, што гарады вольнага гандлю былі больш жыццяздольныя, чым тыя, што будавалі свой дабрабыт на гвалце.

У эпоху старажытнагрэцкіх гарадоў на беларускіх землях адбываўся працэс распаду першабытнаабшчыннага ладу. Шырокае распаўсюджванне атрымалі шліфаваныя з каменю і бронзавыя прылады працы. У ІХ–VIII стст. да н. э., час Рымскай імперыі, тут пачалі будаваць гарадзішчы – прататыпы будучых гарадоў. Было што хаваць, агароджваць ад варожых нападаў. Усталёўваўся так званы жалезны век. Наяўнасць жалезных прыладаў працы абумовіла назапашванне багаццяў.

Гарадзішчы будавалі ў прыродна абароненых мясцінах – на ўзгорках ледніковага паходжання, у вусцях рэк з высокімі берагамі, сярод балот і лясоў. Гэта былі рода-племянныя і рэлігійныя цэнтры. Там адбываліся агульныя сходы, будаваліся паганскія капішчы, сховішчы для прадуктаў. Існавалі найпрасцейшыя формы абмену. Працэс узнікнення гарадоў, як бачым, характарызуецца універсальнасцю. І нашы продкі засноўвалі гарады для аховы багаццяў і рэлігійных патрэбаў.

Беларускія гарадзішчы абаранялі не толькі сваіх пастаянных жыхароў. У час ваеннай небяспекі там збіраліся насельнікі ўсяго наваколля, да таго ж прыганялі з сабой і скот. Плошча гарадзішча часам даходзіла да 10 тыс. кв. м, а то і болей. Па меры трансфармацыі першабытнага ладу і росту дабрабыту людзей сістэма абарончых умацаванняў паступова ўскладнялася ад простай агароджы з вастраколаў да складанай фартыфікацыйнай сістэмы з равоў і валоў, на якіх яшчэ ўзводзіліся і сцены з бярвення. Пераважалі дамы слупавай канструкцыі. Першыя збудаванні зрубнай канструкцыі з’явіліся ў ІІІ ст. н. э.



Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет