Фёдар Драбеня Беларускі дзяржаўны універсітэт



Дата30.06.2016
өлшемі39.73 Kb.
#167391
Фёдар Драбеня

Беларускі дзяржаўны універсітэт


Традыцыі антыдрамы ў асэнсаванні беларускай драматургіі канца ХХ ст.
Драма абсурду (антыдрама, тэатр жарту, тэатр парадоксу, мастацтва абсурду, тэатр абсурду, тэатр жорсткасці) – гэта адметная з’ява сусветнай лiтаратуры, якая мае своеасаблівую паэтыку, «часам эклектычную, якая запазычвае прыёмы лiтаратуры фантастычнай, вымыслу, умоўна-гратэскавай, спалучае iх з рафiнаванымi i вытанчанымi iнтэлектуальна-рацыянальнымi канструкцыямi, шырока ўводзiць прыёмы тэатра класiчнага, а таксама парадыйныя карыкатурныя формы» [3, с. 3].

Асновы антыдрамы ўвасаблялі ў сваёй творчасці класікі новага напрамку С. Бекет (1936–1989) і І. Іанеска (1912–1994). Іх п’есы эпаціравалі гледачоў і крытыкаў нечаканасцю і недарэчнасцю ўсяго таго, што адбывалася на сцэне і называлася звыклым словазлучэннем «тэатральнае дзеянне». «Абсурд успрымаецца як нешта ірацыянальнае, пазбаўленае якога-небудзь сэнсу; ці як адсутнасць лагічнай сувязі паміж часткамі тэксту і элементамі спектакля» [2, с. 23]. У антыдраме адбываецца разбурэнне асноў класічнай драмы: знікае драматычны канфлікт, разбураецца сюжэт, персанажы робяцца выпадковымі і іх дзеянні пазбаўлены сэнсу, мова драматургіі, якая заўсёды нясе ў сабе важную функцыю, ператвараецца ў выпадковае спалучэнне неадэкватных гукаў, што ў сукупнасці пазбаўляюць гледача магчымасці адпаведна ўспрымаць дзеянне са сцэны. Такім чынам, можна сфармуляваць асноўную ідэю антыдрамы – думку аб абсурднасці і недасяжнасці свету, што не ў стане даць чалавеку адказы на надзённыя пытанні, а таксама не дае магчымасці ўсталявацца ў пэўным месцы, ператварае існаванне чалавека ў поўную бяссэнсіцу, у якой губляюцца нават адвечныя сувязі. У героя знішчаецца паняцце адказнасці і неабходнасці выбару. Гісторыя героя пазбаўлена сюжэта і хутчэй нагадвае блуканні ў лабірынце ці вечны рух па коле.

У беларускай літаратуры да жанру антыдрамы адносяцца некаторыя творы М. Арахоўскага («Ку-ку», «Лабірынт»), А. Асташонка («Драматургічныя тэксты»), І. Сідарука («Галава»), Г. Багданавай («АС-лінія»), Д. Бойкі («Крывавая Мэры»), С. Кандрашва («Містэр Розыгрыш»), А. Карэліна («Герда, або Горад, у якім мы будзем шчаслівыя») і іншых аўтараў. У Еўропе з’яўленне антыдрамы, бясспрэчна, рэакцыя на вынікі Другой сусветнай вайны, а вось узнікненне тэатра абсурду ў беларускай драматургіі пачатку 90-х гг. ХХ ст. хутчэй выклікана хваляй нацыянальнага руху і сацыяльна-палітычнымі зменамі ў краіне.

Сярод першых да драмы абсурду ў беларускай літаратуры звярнуўся І. Сідарук – паэт, драматург, эсэіст. П’еса «Галава» ілюструе шэраг асаблівасцей антыдрамы, сярод якіх і месца дзеяння ў выглядзе замкнёнай прасторы. Такая прастора з зачыненымі дзвярыма ўказвае на безвыходнасць сітуацыі, у якой апынуліся героі п’есы. Галоўным персанажам твора з’яўляецца Галава. На працягу твора Галава паўстае ў трох іпастасях: Папяровая, Гумавая, Сталёвая. Астатнія героі: Шукальнік, Бежанка, Сіротка, Дурань, Шыбуршун – вядуць размовы ні аб чым. Дзеянне заснавана толькі на змяненні галавы з папяровай на гумавую, а пасля на сталёвую. Праз забаўляльнасць дыялогу, гратэскнасць сітуацыі праглядаецца экзістэнцыяльны падтэкст: усвядомленае імкненне чалавека ісці за кім-небудзь, падпарадкаванасць абставінам, нежаданне браць адказнасць на сябе, страх быць самім сабою, а ў выніку – поўная дэградацыя асобы.

Абсурднасць існавання раскрываецца і ў п’есе «Ку-ку» М. Арахоўскага. У творы сцвярджаецца думка, што жыццё не мае сэнсу, чалавек асуджаны на адзіноту, несвабоду і смерць. Адсюль трагічны фінал гэтай п’есы: героі становяцца ахвярамі страху і агрэсіі.

Тэма ўнутранай і знешняй свабоды раскрываецца ў п’есе М. Арахоўскага праз вобраз галоўнага героя Вадзіма. Страхі і комплексы з’яўляюцца з-за немагчымасці раскрыць свій патэнцыял, таму ўвасобіліся ў выглядзе незямных істот (Падушкападобны, Супермэн, Клеапатра, Камандзір). Вадзім – экзістэнцыяльны адзінокі чалавек, у якога няма блізкіх па духу людзей. Падобнай сітуацыі, калі цэнзура ў падсвядомасці сціраецца і матэрыялізуецца ў страхі і комплексы, прысвечана п’еса Э. Іанеска «Амадэй, ці як ад яго пазбавіцца». Дастаткова ў п’есе «Ку-ку» аднаго зруху – і ўвесь свет змяняецца, пачынае падпарадкоўвацца абсурднай логіцы. На думку аўтара, калі чалавецтва губляе і знішчае маральныя каштоўнасці, нараджаецца гвалт і хаос.

У драме абсурду сюжэт разбураны, героі пазбаўлены ідывідуальнасці, а мова хутчэй нагадвае бяссэнсіцу. Усе гэтыя прынцыпы мы назіраем у п’есах беларускіх аўтараў: «Прысутнасць Бекета i Іанеска дае аб сабе знаць i ў цыклiчна-таўталагiчнай пабудове твораў названых аўтараў, i ў моўным кодзе, якi таксама працуе на раскрыццё алагiчнасцi быцця, адчужэння людзей, наўмысная неўпарадкаванасць, цьмянасць адчуваецца на працягу ўсяго, а блiжэй да фiналу задзейнiчаны прыём давядзення мовы амаль да параксiзму» [1, с. 21].

Беларускія драматургі канца ХХ ст пад уплывам творчасці C. Бекета і І. Іанеска і іншых заходніх абсурдыстаў дастаткова поўна засвоілі тэхніку заходнееўрапейскай «антыдрамы», пашырыўшы разам з тым тэматычныя межы адлюстравання характару чалавека. І зрабілі гэта праз распрацоўку ў творах сацыяльна значных з’яў, сярод якіх абыякавасць да чалавека, прымітывізім, пошласць. Разам з тым аўтары пакідаюць надзею на перавыхаванне героя.


Літаратура

1. Лявонава, Е. А. Філасофска-эстэтычны пошук у сучаснай беларускай літаратуры і еўрапейскі тэатр абсурду. “Няўжо я памру?” А. Асташонка / Е. Лявонава // Веснік БДУ. Сер. 4. – 1994. – № 3. – С. 18-21.

2. Пави, П. Словарь театра / П. Пави; Пер. с фр. – М.: Прогресс, 2003. – 504 с.



3. Шаблоўская, І. Драма абсурду ў славянскіх літаратурах і еўрапейскі вопыт. Паэтыка. Тыпалогія / І. Шаблоўская. – Мнінск: БДУ, 1998. – 20 с.

Достарыңызбен бөлісу:




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет