Жыццёвы І творчы шлях ларысы геніюш



Дата29.06.2016
өлшемі59.5 Kb.
#165742
Аляксандр Баршчэўскі
ЖЫЦЦЁВЫ І ТВОРЧЫ ШЛЯХ ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ
Ларыса Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч) жыла ў гадах 1910-1983. Большасць яе жыцця прыпала на чужыя краіны. У час Першай сусветнай вайны знаходзілася яна з бацькамі ў бежанстве і толькі ў 1919 годзе вярнулася на радзіму. У міжваенны перыяд закончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. Знаходжанне ў гэтай школе давала ёй магчымасць безупыннага кантакту з роднай зямлёй, бо паходзіла яна з Ваўкавыскага раёна.

У 1935 годзе  пабралася шлюбам са студэнтам-медыкам Янкам Геніюшам, які навучаўся ў Карлавым універсітэце ў Празе. У 1937 годзе, пасля нараджэння сына Юркі, выехала да мужа ў чэшскую Прагу, дзе пражыла 11 гадоў.

Амаль што з першых дзён знаходжання ў Чэхаславакіі ўключылася яна ў беларускае эміграцыйнае жыццё. Прымала актыўны ўдзел у жыцці беларускага студэнцкага зямляцтва, хаця сама не была студэнткай. У студэнцкае асяроддзе ўвёў яе муж – таксама як і яна – свядомы беларус, які паходзіў з мястэчка Зэльва. Стыхійнасць студэнцкага асяроддзя адпавядала яе настроям і характару. Трэба сказаць, што канец 30-х гадоў ХХ ст. значна адрозніваўся ад 20-х гадоў, калі бальшавіцкая прапаганда, выкарыстоўваючы ідэі беларусізацыі, змагла перацягнуць многіх беларускіх эмігрантаў у Чэхаславакіі на свой бок. Напрыканцы 30-х гадоў, па сутнасці, ужо ніхто не меў сумненняў, што савецкая сістэма мае злачынны характар. Беларускія эмігранты ў Чэхаславакіі добра ведалі пра трагічны лёс Ігната Дварчаніна і Уладзіміра Жылкі, звабленых у БССР, арыштаваных, сасланых і замучаных. Нягледзячы на ўсе хітрыкі савецкай прапаганды, Ларыса і яе муж добра разумелі, што савецкая і камуністычная ідэалогіі несумяшчальныя з беларускім нацыянальным інтарэсам. І таму, дзейнічаючы сярод студэнтаў, рабілі яны ўсё ў тым напрамку, каб страшэнная праўда пра беларускую нядолю пад саветамі дайшла да кожнага беларускага сэрца на эміграцыі.

Ларыса Геніюш цікавілася не толькі студэнтамі, але і беларускімі палітычнымі эмігрантамі. Трэба ведаць, што ў тым часе ў чэшскай Празе знаходзілася сядзіба Беларускай Народнай Рэспублікі. Жылі там беларускія дзеячы старэйшага пакалення, якія рыхтавалі славуты Першы агульнабеларускі з'езд у Мінску ў канцы 1917 года ды паклікалі да жыцця Беларускую Народную Рэспубліку ў сакавіку 1918 года. Зразумела, што большасць гэтых дзеячаў, кіруючыся прынцыпам вернасці сваім ідэалам і ведаючы пра сталінскія злачынствы, цвёрда стаяла на грунце беларускай незалежнасці. Ларыса Геніюш мусіла гэтых людзей пераканаць сваёй паслядоўнасцю і нацыянальнай палкасцю, калі згадзіліся яны паклікаць яе на пасаду сакратара БНР. Займалася яна захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР.

Менавіта падчас знаходжання Ларысы Геніюш у Чэхаславакіі рос яе паэтычны талент. Пісала яна ў гэты час многа і цікава. Няма сумненняў, што пачынаючая паэтка ведала першы зборнік Наталлі Арсенневай Пад сінім небам, які выйшаў у 1927 годзе. На карысць гэтай тэзы прамаўляе тое, што ў ранняй паэзіі Ларысы Геніюш нямала было матываў, паралельных да творчасці Наталлі Арсеневай.

Другая сусветная вайна і акупацыя Гітлерам як Чэхаславакіі, так і Беларусі, увялі ў душу Ларысы Геніюш нямала не толькі трывогі ды жаху, але і свайго роду надзеі. Паэтка наіўна верыла, што, быць можа, пры немцах удасца нешта вытаргаваць для роднай Беларусі. Акупацыйная рэчаіснасць мела для Ларысы Геніюш прынамсі адзін пазітыўны аспект. У 1942 годзе ўдалося ёй выдаць даволі аб’ёмісты першы зборнік вершаў пад загалоўкам Ад родных ніў. Назва кнігі сведчыць пра тое, што аўтарка аддавала дань павагі свайму паэтычнаму настаўніку – Максіму Багдановічу. Як славутыя слуцкія ткачыхі, у чужой краіне ткала яна з каляровых слоў і сноў кілім вернасці сваёй няшчаснай краіне – Беларусі.

З 1945 года савецкія ўлады дамагаліся экстрадыцыі Геніюшаў, ставячы ім у віну «антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць» падчас вайны. Пад канец 1947 года Ларыса Геніюш перабралася з мужам з Прагі ў Вімперк, дзе 5 сакавіка 1948 года іх арыштавалі, а тыдзень пазней перадалі савецкім уладам. Утрымліваліся яны ў савецкіх турмах Вены і Львова, а з канца 1948 года ў турме ў Мінску. У лютым 1949 года Вярхоўны суд БССР прысудзіў Ларысу і Янку Геніюшаў да 25 гадоў зняволення ў лагерах. Пакаранне Ларыса адбывала ў лагерах Комі і Мардовіі. Вядомыя палітычныя перамены 1956 года ў Савецкім Саюзе прычыніліся да таго, што разам з мужам былі яны часткова рэабілітаваныя, тэрмін пакарання зменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду.

Пасля вызвалення Ларыса Геніюш пасялілася на радзіме мужа ў Зэльве. Усё астатняе жыццё Геніюшы пражылі з адзнакай у пашпарце «без грамадзянства». 27 гадоў зэльвенскага жыцця паэткі прайшлі пад наглядам КДБ. Савецкай сістэме не ўдалося аднак кінуць пісьменніцу на калені. Да канца жыцця не прыняла яна савецкага грамадзянства. Памерла ў 1983 годзе. Пахаваная ў Зэльве.

Дом Геніюшаў у Зэльве быў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, частымі гасцямі ў Зэльве бывалі паэты і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.

У Савецкай Беларусі творчасць паэткі амаль дзесяць гадоў была пад забаронай. Упершыню яе паслялагерныя вершы трапілі на старонкі беларускіх часопісаў у 1963 годзе. Толькі ў 1967 годзе быў выдадзены першы ў Беларусі зборнік твораў Ларысы Геніюш Невадам з Нёмана, у які ўвайшла большасць вершаў са зборніка Ад родных ніў, а таксама вершы зэльвенскага перыяду. Ларысе Геніюш пашчасціла выдаць некалькі паэтычных кніжак: Невадам з Нёмана, На чабары настоенае ды твораў для дзяцей Казкі для Міхаські і Добрай раніцы, Алесь. У першым пасмяротным зборніку Белы сон даслоўна паўтораныя ўсе чатыры кнігі, што выйшлі за савецкім часам, а да іх дададзены раздзелы: Вершы розных гадоў, З пасмяротных публікацый і З рукапіснай спадчыны.

У 1940 годзе паэтка пісала:

Маю душу ў спакоі пакінь,

дум крылатых ня стаў на калені,

нат вачэй паднямонская сінь

пацямнела ў адчаі цярпеньняў.

Не скрываю няспутаных дум,

узіраюся сьмела і проста,

сваёй сьцежкай наперад іду -

Юдаў твар для мяне не сяброўства.

Мо замала вам грошай далі?

Што-ж, прадаць вам другіх давядзецца.

Прыйдзе час, і на нашай зямлі

на пакутнай ня будзе вам месца.

Ларыса Геніюш публікавала свае вершы на старонках беларускай эміграцыйнай газеты ,,Раніца” (Берлін1939-1945), якая даволі значнае месца адводзіла беларускім паэтычным тэкстам. Ввялікая колькасць беларускіх аўтараў ваеннага часу змяшчала свае вершы на старонках ,,Раніцы” пад рознымі псеўданімамі, часта незразумелымі па сённашні дзень. З'яву гэтую можам тлумачыць як праяву боязі паэтаў, якія не хацелі выяўляць сваіх прозвішчаў. Разумелі яны, што супрацоўніцтва з прагітлераўскай ,,Раніцай” не толькі не прынясе ім славы, але можа стаць прычынай розных прыкрасцяў, а нават смерці. Сярод вядомых і даволі ўжо ў той час плённых паэтаў, якія не праяўлялі такой боязі, трэба назваць: Наталлю Арсенневу, Уладзіміра Клішэвіча, Масея Сяднёва і Ларысу Геніюш. Змяшчалі яны свае вершы ў ,,Раніцы”, падпісваючы іх поўнымі прозвішчамі ды імёнамі.

,,Раніца” бадай што найчасцей адклікалася да вершаў Ларысы Геніюш. Аднак нельга на гэтай падставе вінаваціць Ларысу Геніюш у салідарнасці ці супрацоўніцтве з гітлерызмам. Справа ў тым, што амаль усе вершы Ларысы Геніюш, якія друкаваліся ,,Раніцай”, не мелі ў сваім змесце палітычных элементаў і не было ў іх праяваў падтрымкі гітлераўскай Германіі ці захаплення постаццю фюрэра або эўфарыі з перамогі Вермахту на ўсходнім фронце. Як паэтка, Ларыса Геніюш не захлістывалася перамогамі Гітлера, але заставалася поўнасцю ў палоне патрыятычных і пэйзажных настрояў. З гэтага можна зрабіць выснову, што не вельмі верыла ў поўны яго трыумф і панаванне над светам. Практычна, амаль усе вершы Ларысы Геніюш патрыятычна-прыродаапісальнага характару. З гэтага вынікае, што паэтка, змяшчаючы свае творы ў ,,Раніцы”, трактавала гэта як форму папулярызацыі Беларусі, а гаворачы больш дакладна, як форму ўсхвалення красы роднай зямлі. У вершах Ларысы Геніюш дамінавала ціхае задуменьне над даўно пакінутым краем, над родным пейзажам, які безупынна вабіў яе сэрца. Прыкладам, які яскрава аб гэтым сведчыць, можа быць верш Над Зэльвянкай, зьмешчаны ў ,,Раніцы” ад 15 жніўня 1943 года.

Стаю адна, а прада мной ірдзіцца,

сінее поясам вузенькая рака...

Прышла сюды я раньнем на граніцу

з другога боку птушак сустракаць.

Вось вылятуць яны з зялёных хвояў,

і паплывуць у сіні нада мною,

ня знаючы ні межаў, ні граніц.

Вось вылятуць... ушыр і ўздоўж па краю,

дзе толькі кліча рэха братніх мук.

Іх вольны лёт нішто не затрымае -

ні сінь Дняпра, ні быстраводны Буг.

Ня ўбачу больш, як сонца тут устане

і ў сініх хвалях голаў акуне...

Не заірдзіцца ў кустох ружова раньне

і толькі ў чужыне прысьніцца мне.

Як гляну я на стрэхі родных вёсак,

што ў лугох, як птушак чарада...

Мне гэтак цяжка родныя палоскі

і край свой любы сяньня пакідаць...

Калі цягнік жалезам зарагоча

і панясе ў далёкі, гулкі вір,

імглою смутак упадзе на вочы,

упадзе мой стогн на прыдарожны жвір...

У першыя пасляваенныя гады, астаючыся надалей у Чэхаславакіі, у якой ужо не было месца для беларускага эміграцыйнага руху, Ларыса Геніюш супрацоўнічала з беларускім эміграцыйным часопісам ,,Шыпшына” (Трызонія, 1946-1948), у якім істотную ролю адыгрывала Натальля Арсеньнева.

Характарыстыцы пакутніцкага лёсу паэткі Ларысы Геніюш многа ўвагі прысвяціў беларускі эміграцыйны часопіс „Моладзь” (Парыж 1948-1954). У 12 нумары „Моладзі” быў апублікаваны ананімны артыкул пад назвай Вялікая страта. Аўтар публікацыі, не падаючы, на жаль, ніякіх пераканаўчых фактаў і доказаў, абвінаваціў прыхільнікаў Радаслава Астроўскага (прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады – беларускага ўраду пад нямецкай адміністрацыяй у 1943-1944 гадах) у тым, што яны прычыніліся да арышту Ларысы Геніюш савецкімі агентамі на тэрыторыі чужой дзяржавы – Чэхаславакіі.

Артыкул Вялікая страта паявіўся ў 1949 годзе, г.зн. год пасля арышту Ларысы Геніюш і прысуду яе да 25-гадовай ссылкі. Для ўсіх ведаючых бліжэй Ларысу Геніюш асабіста (яе стойкі характар, з аднаго боку, і яе слабое здароўе – з другога) факт ссылкі ў бальшавіцкія канцэнтрацыйныя лагеры быў раўназначны яе фізічнай смерці. Паэтка аднак выжыла.

Постаць Ларысы Геніюш паўстае перад беларусамі не толькі як таленавітай жанчыны, але і змагаркі за нацыянальна-вызвольную ідэю. Яна застаецца ўзорам крыштальнасці, узорам адважнай ахвярнасці – гераізму.





Достарыңызбен бөлісу:




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет