Сіплівеня Ж. Назвы лесу і яго частак у гаворках Гродзенскага раёна // Ж.Сіплівеня // Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны (матэрыялы і даследаванні) Вып. 2: зб. навук. арт. / ГрДУ імя Я. Купалы; рэдкал.: М.А. Даніловіч (ад.рэд.) [і інш.]. – Гродна: ЮрСаПрынт, 2013 – С. 69-75.
Ж.С.Сіплівеня (Гродна)
НАЗВЫ ЛЕСУ І ЯГО ЧАСТАК У ГАВОРКАХ
ГРОДЗЕНСКАГА РАЁНА
З даўніх часоў лес лічыўся асобым багаццем для беларусаў. Гэта была і крыніца паліва, і будаўнічы матэрыял, жывёлы, ягады і расліны выкарыстоўваліся як важны харчовы і лекавы рэсурсы. Апроч таго, лясы і іх участкі нярэдка выконвалі ролю арыентыраў для тых, хто збіраўся ісці ў дарогу. Часам пэўныя лясныя мясціны не толькі дапамагалі вызначыць месцазнаходжанне пэўнага аб’екта, але і служылі сцежкамі, дарогамі, што злучалі навакольныя вёскі. У мінулым, ды і сёння, лес – частка таго культурна-гістарычнага асяроддзя, што ўплывае на выхаванне асобы, з якім цесна звязаны адметнасці светаўспрымання чалавекам рэчаіснасці.
Гродзеншчына спрадвеку вядома сваімі багатымі лясамі і пушчамі (а на тэрыторыі Гродзенскага раёна яны займаюць прыкладна адну трэцюю частку). З ляснымі мясцінамі звязана нямала гістарычных падзей, што адбываліся ў жыцці Прынёманскага краю. Многія з такіх мясцін сталі аб’ектам навуковага пазнання, сродкам адлюстравання ментальнасці людзей, іх культуры, звычаяў, псіхалагічнага стану. Разам з тым, лес – гэта і дзейсны сродак эстэтычнага выхавання чалавека. Менавіта гэтымі акалічнасцямі тлумачыцца функцыянаванне ў гродзенскіх гаворках багатай у семантычных і колькасных адносінах катэгорыі мікратапонімаў са значэннем ‘назва лесу або яго часткі’. Большая частка такіх мікратапонімаў, або дрымонімаў, як яны яшчэ кваліфікуюцца ў навуковай літаратуры, мае цесную сувязь з лексічным і этымалагічным значэннем слова, якім матывуецца назва. Звычайна у якасці лексічнай асновы для падобных мікратапанімічных адзінак выступаюць апелятывы са значэннем ‘масіў, парослы дрэвамі адной ці розных пародаў’ (лес, дубняк, бор, бярэзнік, хвойнік, арэшнік і г.д.). Прадукцыйнасцю вызначаюцца і тыя дрымонімы, што ўзніклі ад назваў раслін, якія маюць найбольшую сканцэнтраванасць ў пэўным месцы. Паказальнай прыкметай намінацыі мікрааб’екта можа служыць від расліннасці (траў, дрэў, кустоўяў) або жывёлаў, іх каштоўнасць для чалавека, прыдатнасць для харчавання, будаўніцтва ці іншых патрэбаў.
У асобных выпадках падставай для ўзнікнення дрымоніма маглі стаць прозвішча, мянушка ўладальніка ляснога ўчастка або ўласныя асабовыя імёны тых, хто пабудаваў жыллё на пэўным месцы ў лесе або так ці інакш быў звязаны з адпаведнай мясцінай.
У прапанаваным артыкуле мікратапанімічны матэрыял падаецца ў выглядзе слоўніка ў алфавітным парадку з выкарыстаннем спрошчанай транскрыпцыі. У дужках пасля загалоўкавага слова часам змяшчаюцца варыянты той ці іншай назвы, якія абумоўлены рознымі асаблівасцямі гаворкі насельнікаў Гродзенскага раёна.
АБРЭ́ЗАК, м. Частка лесу. Увесь Абрэзак абышлі, нідзе тых грыбоў і ў паміні ні бачылі, дзе яны там што зьбіраць. Навасёлкі Гродз.
АБУХО́ЎСКАЯ ПАЛЯ́НКА, ж. Частка лесу паблізу вёскі Ракітна. Некалі на Абухоўскай палянцы тры гэдакія высокія саснэ расьлі, ціпер толькі анна стаіць, мабуць буран зламоў. Верцялішкі Гродз. / Этымалогія звязана з прозвішчам чалавека, які жыў на гэтым месцы.
АБУХО́ЎСКІ ЛЕ́С, м. Лясная мясціна за 2,5 кіламетры на захад ад вёскі Грынёўка. У тым року Абухоўскі лес натто гарэў, баяліса, кап хоць агонь ні ўзёўса да Агульсу. Столькі ш машын нагналі, лілі і зь верталёту. Але анныя толькі чорныя камлі стаяць. Верцялішкі Гродз.
АЖАКІ́ (АЖАКЕ́), мн. Лес каля вёскі Парэчча. Тудэ ўсё па жураўліны з Гронна едуць. Парэчча Гродз.
АЖЫ́НЬНІК, м. Паляна ў лесе, што знаходзіцца на поўначы ад вёскі Казіміраўка. Па Ажыньніку ні пралесьці, у рост чалавека кустэ павырасталі. Казіміраўка Гродз.
АЛЕ́ШНІК, м. Невялікі лясок на поўдзень ад вёскі Путрышкі. Грыбоў у Алешніку раней было шмат, а ціпер во сьмецьця кругом панавальвалі. Путрышкі Гродз.
АЛЬЖБЭ́ТЫ ДЗЯЛЯ́НКА, ж. Лес, што размешчаны на паўночным ўсходзе ад вёскі Кісялі. Баба гэта Альжбэта рабіла ў лясьніцтве, і сын яе ў лесі рабіў, пасля недзе на Расію падоўса. Кісялі Гродз.
АЛЬХО́ВІК, м. Лес за 2,5 кіламетры ад вёскі Пыра, у якім расце шмат вольхаў. Альховік лес велькі, стары ўжо, уперат тудэ ўсе па грыбы беглі, ціпер мало хто ходзіць. Азёры Гродз.
АЛЬХО́ЎКА, ж. Паляна ў лесе Альховік, што знаходзіцца за вёскай Пыра. Як вышлі да Альхоўкі, дык там ужэ усё чырванеласа, цалюткія вёдры паназьбірвалі. Пыра Гродз.
АЛЬШЫ́ННІК, м. Лес на ўзгорку, што паблізу вёскі Тужаўляны. Як капалі соткі, у Альшынніку ад дажду хаваліса. Казіміраўка Гродз.
АРЭ́НА, ж. Мясціна ў лесе, дзе праxодзяць святочныя мерапрыемствы, што арганізуюцца ў вёсцы. Купальля на Арэні гуляюць, там добро чысьцяць, кап ні зарастала. Путрышкі Гродз.
АРЭ́ШНІК (ГАРЭ́ШНІК), м. Лясок за два кіламетры ад вёскі Тапалёва. Некалі праз Арэшнік да Жыдомлі напрастке егдзілі, а ціпер ён так зарос, што і ні пройдзяш. Тапалёва Гродз.
АСІ́НКІ, мн. Назва часткі лесу на поўдні ад вёскі Путрышкі. У Асінках столькі павалу ляжыць, хоць ты запрагай каня ды ець па дрова. Путрышкі Гродз.
АСІ́НЬНІКІ, мн. Месца ў лесе. Праз Асіньнікі дахат вышаў, шчэ й кошык махавікоў наброў. Навасёлкі Гродз.
АЭРАДРО́М (РАДРО́М), м. Частка лесу, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся партызанскі аэрадром. Праз Радром дарога ідзе да самай Рыбніцы. Масткі Гродз.
БАБІ́Н ГАЙ. Лес, ў якім жывуць дзве старыя жанчыны-знахаркі. У Бабін Гай ніхто і вачэй ні паказвая, вядзьмарак баяцца. Путрышкі Гродз.
БАРА́НАЎ ЛЕС, м. Лес, што знаходзіцца непадалёк ад вёскі Казіміраўка. У Баранаў лес немяц загноў некалі Нюрчынага бацьку, там і знайшлі праз дзён тры забітага. Путрышкі Гродз. / Назва паходзіць ад прозвішча лесніка.
БЕЛЯКО́ЎСКІ ЛЕС. Лясная мясціна на паўднёвым захадзе ад вёскі Казіміраўка. У Белякоўскі лес па чорныя ягады хадзілі. Троху есьць, аля малыя, як блохі. Казіміраўка Гродз. / Назва паходзіць ад прозвішча чалавека, які пабудаваў тут хату.
БЕРАЗІ́НКА, ж. Малады лес, дзе растуць бярозы. Вясной ў Беразінку па сок едуць, аля там натто ніска. Путрышкі Гродз.
БЕРАЗЬНЯ́К, м. Лес паблізу хутара Ракітна. У Беразьняку некалі з бацькам добра лісічыкі зьбіралі, па кошыку прыносілі. Санкоўшчына Гродз.
БЫ́ЧЫНЬНІК, м. Лес на ўсходзе ад вёскі Кісялі. Пры немцах прас Бычыньнік гравяль вазілі. Кісялі Гродз.
БЯРО́ЗКІ, мн. Лес паблізу могілак, што размешчаны недалёка ад вёскі Забалаць. За Бяроскамі і Гронна нідалёка. Путрышкі Гродз.
ВАШКІЛЕ́ЙЧАЎ ХМЫЗЬНЯ́К. Лес паблізу вёскі Казіміраўка. У Вашкілейчаў хмызьняк ісьці страшна, заблудзісса, такая цямната там. Казіміраўка Гродз.
ВЕ́ЛЬКІ ЛЕ́С, м. Лес, які знаходзіцца за два кіламетры ад вёскі Верцялішкі. Некалі дзет мой у Велькум лесі ваўка бачыў. Казоў, мо с паўдня са страху праседзяў на дзераві. Верцялішкі Гродз.
ВЕРАСЭ́, мн. Зарослая верасам мясціна ў Хвойніку. У Верасах Гаўрылікі некалі пасяку трымалі. Усе Верцялішкі да іх па мёт егдзілі. Верцялішкі Гродз.
ВЕРХАВІ́НЫ, мн. Лес. За Верхавінамі вёска пачынаяцца. Азёры Гродз.
ВО́ЎЧЫ ЛЕС, м. Лясная мясціна паблізу вёскі Казіміраўка. У Воўчы лес дзіцей анных ні пускаюць, дзікоў развялоса. Ні дай бох, якая бяда будзя. Казіміраўка Гродз.
ВО́ЎЧЫ ГРУД, м. Месца ў лесе паблізу вёскі Баркі. Як зьбіралі ягады, выйшлі да Воўчага Груду. Аля там і пазарастало ўсё, ні пралесьці. Пілюкі Гродз.
ВУЖО́ВЫЯ ДО́ЛЫ, мн. Забалочаная частка лесу ў Хвайне, дзе водзіцца шмат вужоў. Рас помню малымі яшчэ былі, нікому ні кажучы анныя на Вужовыя Долы па ягады пабеглі. Доў бацько дзягі тады добро. Верцялішкі Гродз.
ГО́РАЧКІ, мн. Лес на поўдні ад вёскі Сыпаная Гара. Па Горачках прабяжымса, паглядзімо маслякоў. Верцялішкі Гродз.
ГО́РКІ, мн. Горы ў Хвойніку, што размешчаны на поўдні ад вёскі Верцялішкі. Далёко ехаць ні трэбо. Горкі ў гэтым годзі ўсенькі ўсыпаны ягадамі. Зьбірай сабе ні лянуйса. Верцялішкі Гродз.
ГРА́БАВА ДАЛІ́НА, ж. Месца ў лесе за два кіламетры ад вёскі Ракітна. Некалі Ванцікавы ўнукі ў Грабавай Даліні заблудзіліса, цалюткі дзень ўсёй вёскай шукалі. Верцялішкі Гродз.
ГАРБЁ́ЎКА, ж. Лес, які размешчаны на поўдні ад вёскі Путрышкі. У Гарабёўцы ў гэтым годзі грыбоў німа, хоць і дажджэ праходзілі. Путрышкі Гродз. / Назва паходзіць ад прозвішча ўладальніка невялікага надзела зямлі.
ГЛУХІ́, м. Лес паблізу вёскі Стрыеўка. Страшны лес, мала хто й ходзіць тудэ. Стрыеўка Гродз.
ГРА́БАВЫ ЛЕС, м. Размешчаная паблізу вёскі Ракітна лясная мясціна, дзе расце шмат грабаў. У Грабавым лесі яшчэ можна знайсьці якога казяка, а трохі даляй ужо нічога ні знойдзяш, азот усё з’еў. Грынёўка Гродз.
ГРА́ДКІ, м. Лес у ваколіцах вёскі Стрыеўка. На Граткі ў нас і дзеці бягуць па ягады. Стрыеўка Гродз.
ГРЫСЮКІ́, мн. Частка лесу, які знаходзіцца за метраў пяцьсот ад вёскі Азёры. Хадзем пат Грысюкі, там малінаў шмат. Азёры Гродз. / Назва паходзіць ад прозвішча сям’і, хата якой была пабудавана каля лесу.
ГРЫЦКО́Ў ЛЕС, м. Мясціна ў лесе. Малымі часта бывала бегалі ў Грыцкоў лес па гарэхі. Стрыеўка Гродз. / Назва паходзіць ад мянушкі лесніка.
ДЗІРВА́Н, м. Лес на ўсходзе ад вёскі Пыра. За Дзірваном балото, глыбока, некалі Зосі Шавэркавай у ім унук утапіўсо. Пыра Гродз.
ДЗО́ТЫ, мн. Частка лесу, дзе пасля вайны засталіся дзоты. Пайду зь дзецьмі на Дзоты па суніцы. Путрышкі Гродз.
ДЗЯЛЯ́НКА, ж. Высечаная частка лесу. На Дзялянцы Ванік Зэскаў такія ўжо добранькія лісічкі нарэзаў. Путрышкі Гродз.
ДУБНЯКІ́ (ДУБНЯКЕ́), мн. Дубовы лес, недалёка ад вёскі Дворцы. У Дубняках Шашкоў бацька некалі дні са два блудзіў, збіўсо з дарогі і выйсьці ні мох. Дворцы Гродз.
ДУБРА́ЎКА, ж. Невялікі лес паблізу вёскі Масткі. Гляжу во, і Дубраўку пачалі карчаваць. Масткі Гродз.
ЗА ПРУДА́МІ, мн. Лес. Дровы ў гэтым годзі нарыхтоўвалі за Прудамі. Далёка будзя вазіць. Жытомля Гродз.
ЗАГАРАЖЫ́, мн. Лясок за вёскай Азёры, які знаходзіцца за гаражом для калгаснай тэхнікі. У Загаражах некалі шмат лісічак было. Азёры Гродз.
ЗА́РАСЬНІК, м. Лес, зарослы кустоўем. Учора каля Зарасьніку, кажуць, лася бачылі. Пры самай дарозі хадзіў. Мо, які хворы. Тужаўляны Гродз.
ЗЬВЯРКІ́ (ЗЬВЯРКЕ́), мн. Лес каля зверагаспадаркі, што знаходзіцца паблізу вёскі Табала. Праз Зьвяркі да Забагонікаў можна напрастке высьці. Верцялішкі Гродз.
ЗУБРА́ТНІК, м. Мясціна ў лесе Валокі. У Зубратніку зяць ногу зламоў, два дні зь лесу выбрацца ні мох. Стрыеўка Гродз.
КАЗЕ́ЛЯЦ, м. Лес на захадзе ад вёскі Стрыеўка. У Казельцы наш Сашка некалі малым заблудзіўсо, па ягады пабех с хлапчукамі ды зблудзіў. Тыя дахат папрыходзілі, а яго німа. Цалай вёскай шукалі, а ён аж да Рыбніцы вышаў, там бабы мясцовыя соннага нашлі, ўчастковаму заявілі. Стрыеўка Гродз.
КАЗЁ́НКІ, мн. Лес паблізу вёскі Сыпаная Гара. У Казёнках Маня Пералайчына груздэ чорныя зьбірала, казала, што там робіцца, увесь лес палажыла, з карэнямі дрэвы павыдзірала. Табольская Будка Гродз.
КАЛІ́ТКІ, мн. Лес на ўсходзе ад вёскі Губінка. У дзеда ў Калітках раней дзялянка была. Губінка Гродз.
КАЛЯ КАРМУ́ШКІ. Лясная мясціна, дзе зроблена пляцоўка для падкорму дзікіх жывёлаў (за кіламетры тры ад вёскі Табольская Будка). Першыя грыбэ заўсягда каля Кармушкі. Як тут німа, значыць і нідзе німа. Табольская Будка Гродз.
КАТКО́ЎШЧЫНА, ж. Лясная мясціна, размешчаная паміж вёскамі Казіміраўка і Багушоўка. Праягджалі летам прас Каткоўшчыну, Тадзіка Карабовіча бачылі. Казоў, хату сваю лясьніку новаму будзя прадаваці, а сам да сына ў Гронна паедзя. Што ш, аннаму ў лесі цяшко, гады. Нічога й ні трымая ўжэ. Казіміраўка Гродз. / Назва паходзіць ад мянушкі чалавека, хата якога была пабудавана на гэтым месцы.
КАТО́ВА ГАЦЬ, ж. Балота ў лесе за тры кіламетры ад вёскі Казіміраўка. Вот жа ш места, дальбох праклята, кажны гот бяда. Лані каровы праваліліса, ні далі рады выцянуць, падушыліса, ціпер гэты хлопяц. Шчасця, што Шура Дозікаў дровы вёс, пачуў, а то ш ні ведалі п, дзе й шукаць. Казіміраўка Гродз.
КО́РЧЫКІ, мн. Частка лесу недалёка ад вёскі Азёры. На Корчыках шмат сухастою. Азёры Гродз.
КУПІ́НА, ж. Лясная мясціна, дзе штогод збіраюць шмат чарніцаў. Па чорныя ягады трэбо ісьці на Купіну. Там чарнічніку шмат, толькі ў гэтым року на самы цьвет марос моцны доў. Путрышкі Гродз.
ЛАГАВІ́НА, ж. Лес на поўначы ад вёскі Кісялі. У Лагавіне дзялянкі рэзалі, ягадаў многа было. Кісялі Гродз.
ЛАЗА́, ж. Невялікі лясок на паўночным захадзе ад вёскі Грынёўка. У Лазу па арэхі с кампаняй бегалі. Грынёўка Гродз.
ЛЕВАШО́ЎКА, ж. Лес, які раней належаў князю Левашу. Левашоўку бачна ацьсюль. Азёры Гродз.
ЛЁ́ГАЎ, м. Лес, які размешчаны на ўсходзе ад вёскі Путрышкі. У Лёгаў раней шмат людзей хадзіла, а зарас там не прайсьці. Путрышкі Гродз. / Паходжанне назвы звязана з прыкметай ‘палеглы, паламаны у час моцнага бурану’.
ЛЕ́С АБУХО́ВІЧАЎ, м. Невялікі лес, размешчаны каля вёскі Табала. Жыў калісьці тут усаднік багаты, от ён і закамандаваў пасадзіць лес гэты. Табала Гродз.
ЛЕ́ШЧЫНА, ж. Лес за вёскай Стрыеўка. У Лешчыну заўсягда хадзілі апята зьбіраць. Стрыеўка Гродз.
ЛІ́СІНА, ж. Лясная мясціна каля вёскі Баркі. Ад Лісіны да Табольскай рукой падаць. Толькі канаву перайсьці трэбо. Баркі Гродз.
ЛІСІ́НАЯ ГАРА́, ж. Частка лесу, дзе вядуцца лісы. Малых нас маці ні пускала хадзіць на Лісіную Гару. Там і дзіке бачылі ні рас, і гэдулькі нораў лісіных. Пілюкі Гродз.
ЛІСІ́ЧКІ, мн. Лес у вёсцы Азёры, дзе шмат грыбоў. У лісічкі ходзім. Азёры Гродз.
ЛЯСО́К, м. Невялікі лес, пасаджаны на кар’еры за вёскай Верцялішкі. Дзеці ў Ляску летам цалюткі дзень бегаюць. Добро там, машын німа, і ў шкоду якую ні ўлезуць.Усё пад бокам. Верцялішкі Гродз.
МАЛАДНЯ́К, м. Малады лес, размешчаны на захадзе ад вёскі Путрышкі. Маладняк ні так даўно й пасадзілі. Путрышкі Гродз.
МАРГА́Ч, м. Частка лесу каля вёскі Азёры (размешчаны ў напрамку да Астрыны). Маргач увесь дзікамі перавернуты. Азёры Гродз.
МЕЛЯШЫ́, мн. Стары лес за вёскай Губінка. У Меляшах баравікоў мора. Губінка Гродз.
МІ́ЛЬКАЎШЧЫНА, ж. Лес, які знаходзіцца каля вёскі Пыра. Я прас Мількаўшчыну да школы хадзіў. Пыра Гродз.
ПАГАРЭ́ЛАЯ, ж. Лес. Каля Пагарэлай пасатка ўжэ добра, ці даўно ш тут яе садзілі. Канюхі Гродз.
ПАД ДУБЫ́, н. Лясная мясціна на захадзе ад вёскі Азёры (расце шмат дубоў). Пад Дубы на работу хадзілі, салому вазілі. Азёры Гродз.
ПАДКАПЕ́Ц, м. Лес у ваколіцах вёскі Лакно. А ў тым Паткапцу ваўкоў, кажуць, разьвялоса. Лакно Гродз.
ПАДХВО́ЙКІ, мн. Частка лесу, які размешчаны каля вёскі Лакно. У Патхвойкі бяз ботаў ні хадзі, вужоў шмат. Лакно Гродз.
ПАСА́ДКА, ж. Малады лес, які знаходзіцца за два кіламетры ад вёскі Табольская Будка. Пасатку прабежыцё, а там і да коняфермы выйдзяця. Табольская Будка Гродз.
ПЕРАЛЕ́САК, м. Частка лесу паміж вёскамі Путрышкі і Казіміраўка. На Пералесак усялакай ламатэ панацягвалі. Які там лес, анно названя. Казіміраўка Гродз.
ПІЛЮ́ЦКІ ХВО́ЙНІК, м. Хвойнік каля вёскі Пілюкі. Пабеглі бабы ў Пілюцкі хвойнік. Кажуць, маслята паявіліса. Верцялішкі Гродз.
ПЛЯ́НТЫ, мн. Лес. За Плянтамі ўжо віднеліса і люцкія хаты. Казіміраўка Гродз.
ПРУДЫ́, мн. Лес. Калі ў Пруды па ягады пойдзяш, то с пустым кошыкам вернясса. Казіміраўка Гродз.
ПРЫВАРО́ЦЬЦЕ, н. Лес на захадзе ад вёскі Стрыеўка. Прас Прывароцьця на Бушнява выйдзям. Стрыеўка Гродз.
ПЯСКІ́, мн. Малады хваёвы лес каля вёскі Пыра. Зустрэў на Пясках швагра Кольчынага. Казоў, німа грыбоў. Пыра Гродз.
РЫ́НКАЎШЧЫНА, м. Лес каля вёскі Губінка. З Рынкаўшчыны да Быльчыц нідалёка. Пасатку пройдзяш і відаць. Губінка Гродз.
САРО́ЧЧА, н. Прылесак у вёсцы Стрыеўка, дзе водзіцца шмат сарокаў. Сарокаў там натто многа, таму й кажуць так. Стрыеўка Гродз.
СІ́НЯ ХВО́ЙНА, ж. Лес, які знаходзіцца на поўдні ад вёскі Азёры. У Сіню Хвойну бабы ніγды па жураўліны ні ходзяць, да Левашоўкі бягуць, там балатоў больш. Азёры Гродз. / Лес мае такую назву паводле колеру ігліцы на старых ялінах.
СІРБІТУ́Т, м. Лес каля вёскі Мельнікі, што недалёка ад Нагорнікаў. Не хаджу я каля Сірбітуту, там ямаў многа. Мельнікі Гродз.
СМУЖНЯ́К, м. Лес, які знаходзіцца паблізу з хутарам Капліца. Смужняк расьце ўсё астраўкамі. Путрышкі Гродз.
СПА́ЛЕНКА, ж. Лес, які вырас на месцы старога лесу пасля пажару. У Спаленцы німа ні ягадаў, ні грыбоў. Азёры Гродз.
СТА́РКАЎШЧЫНА, ж. Стары лес на поўдні ад вёскі Стрыеўка. У Старкаўшчыні упярот уся вёска дровы сабе на зіму загатаўлівала, а ціпер ні даюць, аш пад Азёры трэбо ехаць. Стрыеўка Гродз.
ТРЫ́ САСНЫ́, ж. Паляна ў лесе, на якой растуць вялізныя старыя яліны (за вёскай Масткі). Бацька ціпер недзе на дзялянцы робіць, дзесьці пат Тры Сасны бліжэй. Стрыеўка Гродз.
ТРЫ́БЫ, мн. Прасека ў лесе. Раней па Трыбах так і дабяжыш да Талочкаў, а ціпер так зарасло, што па галоўнай дарозі хучэй будзя. Казіміраўка Гродз.
ХВАЙНА́, ж. Стары хвойны лес каля вёскі Верцялішкі. Некалі ў Хвайне столькі грыбоў было. А ціпер усё азот з’еў. Калі якога знойдзяш, то ні возьмяш. Верцялішкі Гродз.
ХВО́ЙНІК, м. Невялікі хвойны лес недалёка ад вёскі Верцялішкі. У Хвойнік ні ўлесьці. Усе карчэ ды галіны са Старога саду пасьцягвалі. Верцялішкі Гродз.
ХМЫЗЬНЯ́К, м. Частка лесу паблізу вёскі Масткі. У гэтым року ў Хмызьняку ўсё перавернуто, як граблямі мох паднялі, лісічыкі с карэнямі павырэзвалі. Масткі Гродз.
ЧО́РНАЯ ГРЭ́БЛЯ, ж. Лес, які знаходзіцца на поўдні ад вёскі Азёры. Помню, малымі яшчэ часто з бацькам егдзілі ў Чорную грэблю. Азёры Гродз.
ЧО́РНЫ ЛЕС, м. Лес паблізу Петраполля, што недалёка ад гарадскіх могілак. Могліцы пат самым Чорным лесам, Петраполя ўсё захавалі, мо, цэлы горат тут ляжыць ужэ. Путрышкі Гродз.
ЧО́РТАЎ БО́Р, м. Частка лесу. Далёка шчэ да Чортавага Бору, ногі саб’еш, пакуль дабярэсса тудэ. Азёры Гродз.
ШАЙБА́ЦКІ ЛЕС, м. Лес, які знаходзіцца за кіламетры два ад вёскі Губінка. Прас Шайбацкі лес да Жыдомлі далёка будзя, лепяй каля Грысюка павярнуць, там прас поля ісьці шпарчэй. Губінка Гродз.
ЯЛО́ЎШЧЫНА, ж. Лес, дзе растуць адны старыя елкі. Ялоўшчына нешта саўсім высахла, хібо карчаваць будуць. Пыра Гродз.
Я́МІНА, ж. Балоцістая лясная мясціна. Уперат, кажуць, у Яміні столькі жураўлінаў было, а зарас паспрабуй, дабярыса да яе. Багушоўка Гродз.
Достарыңызбен бөлісу: |