Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі



бет1/9
Дата17.06.2016
өлшемі0.66 Mb.
#143259
  1   2   3   4   5   6   7   8   9


Аляксандр Лукашанец,
Любоў Кунцэвіч,


Ірына Кандраценя

Каментарыі

да “Правіл
беларускай арфаграфіі
і пунктуацыі”


2009-2010 гг.

Оглавление


Оглавление 2



Каб падрыхтаваць настаўнікаў і выкладчыкаў беларускай мовы да ўвядзення ў дзеянне закона Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", часопіс “Роднае слова" прапануе рубрыку "Новыя правілы беларускага правапісу", мэта якой - растлумачыць тыя змены і ўдакладненні, што ўводзяцца ў беларускую пісьмовую мову гэтым законам. Аўтары рубрыкі - удзельнікі падрыхтоўкі канчатковай рэдакцыі закона: дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Лукашанец, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Любоў Кунцэвіч і вядучы навуковы супрацоўнік, кандыдат філалагічных навук Ірына Кандраценя.
ВЫВУЧАЕМ НОВЫЯ ПРАВІЛЫ БЕЛАРУСКАГА ПРАВАПІСУ

Прыняты 23 ліпеня 2008 г. закон Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" з'яўляецца вынікам шматгадовай працы вялікага калектыву навукоўцаў і зацвярджае новую рэдакцыю існуючых "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", якая ўступае ў дзеянне з 1 верасня 2010 г.

Падрыхтаваная новая рэдакцыя "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" - гэта не рэформа існуючага беларускага правапісу. Новая рэдакцыя скіравана на яго карэкціроўку, памяншэнне колькасці выключэнняў, падпарадкаванне большасці напісанняў агульным правілам і заканамернасцям, што найбольш адпавядаюць фанетычнаму (гукавому) ладу беларускай літаратурнай мовы. У гэтых адносінах новая рэдакцыя "Правіл..." - яшчэ адзін крок у бок збліжэння пісьмовай мовы з беларускім вымаўленнем, яна больш дасканалая і практычна больш зручная ў параўнанні са зводам правіл, выдадзеных у 1959 г., якімі мы карыстаемся да гэтага часу.

Неабходнасць увядзення ў дзеянне новай рэдакцыі "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" абумоўлена наступным.



  • Звод "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", выдадзены ў 1959 г., ужо даўно стаў бібліяграфічнай рэдкасцю і амаль недаступны для карыстальнікаў, у першую чаргу настаўнікаў і выкладчыкаў беларускай мовы.

  • Паколькі правапіс рэгламентуе аднастайную перадачу на пісьме жывой мовы, то ён не можа працяглы час заставацца без змяненняў. Бесперапыннае развіццё мовы выклікае неабходнасць удасканалення і правапісных норм, прывядзення іх у адпаведнасць з моўнай практыкай. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені грунтуецца на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да любых змен у мове, таму ён таксама павінен перыядычна ўдакладняцца і ўдасканальвацца. Асабліва востра гэтая праблема для беларускай мовы паўстала ў канцы XX ст., калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся істотныя змены. Значна абнавіўся слоўнікавы склад мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне варыянтныя напісанні. Усё гэта абумовіла надзённасць упарадкавання беларускага правапісу.

• У падрыхтаваным праекце новай рэдакцыі "Правіл..." істотна ўдакладнены ў адпаведнасці з сучасным узроўнем лінгвістычнай навукі фармулёўкі, абноўлены ілюстрацыйны матэрыял. Правілы па-новаму згрупаваны, што робіць іх больш зручнымі для ўспрымання і засваення. У адпаведнасці з сучаснай моўнай практыкай істотна зменшана колькасць выключэнняў. Многія напісанні падпарадкаваны агульным правілам, што прынцыпова аблягчае навучанне беларускай мове ў школе. У прыватнасці, прапанаваны наступныя змены.

  1. Істотна пашыраецца прынцып перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў (напрыклад, адажыа, трыа).

  2. Пашыраецца напісанне нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання, напрыклад, універсітэт, але ва ўніверсітэце.

  1. Спрошчаны правілы пераносу слоў, што цалкам адпавядае сучасным выдавецкім тэхналогіям.

  2. Унесены карэктывы ў правілы напісання складаных і складанаскарочаных слоў у адпаведнасці з агульным прынцыпам акання і сучаснай моўнай практыкай.

  3. Упарадкавана напісанне вялікай і малой літар.

  4. Уведзены новы раздзел "Правапіс некаторых марфем", у якім, дарэчы, адлюстравана пераважнае ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам -ава-(-ява-), а не -ірава-(-ырава-).

Прапанаваны таксама іншыя ўдакладненні, якія ў цэлым робяць беларускі правапіс больш паслядоўным і несупярэчлівым. Акрамя таго, ён у большай ступені будзе адпавядаць фанетычнай сістэме беларускай мовы і асаблівасцям беларускага вымаўлення.

Новая рэдакцыя "Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" з'яўляецца аптымальнай у сучаснай моўнай сітуацыі ў краіне і будзе садзейнічаць стабілізацыі правапісных норм беларускай літаратурнай мовы, забяспечыць пераемнасць традыцый пісьмовай беларускай мовы і адзінства арфаграфічнага рэжыму ў школьным навучанні, адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што будзе спрыяць павышэнню прэстыжу беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы нашай краіны і мовы тытульнай нацыі.


ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ

§ 1. Галосныя літары

  1. У беларускім алфавіце 10 галосных літар: а, о, у, ы, э, е, ё, і, ю, я.

  2. Літары а, о, э, у пішуцца ў пачатку слова і пасля цвёрдых зычных для абазначэння адпаведных галосных гукаў. Літара і пішацца ў пачатку слова, пасля зычных пішацца ы або і ў залежнасці ад цвёрдасці або мяккасці зычных. Літары е, ё, ю, я ў пачатку слова, у сярэдзіне слова пасля галосных, ў (у нескладовага), раздзяляльнага мяккага знака і апострафа абазначаюць на пісьме спалучэнне зычнага гука [й] з галоснымі [э], [о], [у], [а]: елка - [йэ]лка, юны -[йу]ны, яма - [йа]ма; паехаў - па[йэ]хаў, паёк -па[йо]к, саюз - са[йу]з; здароўе - здароў[йэ]; льеш - ль[йэ]ш; аб'езд - аб[йэ]зд, б'ю - б[йу], сям'я - сям[йа].

  3. Літары я, ё, е, ю, і пасля зычных абазначаюць мяккасць зычных і адпаведныя галосныя гукі [а], [о], [э], [у], [і]: сяду - [с'а]ду; вязу - [в'а]зу, мёд - [м'о]д, лета - [л'э]та, люты -[л'у]ты, ліст - [л'і]ст.

  4. Кропкі над літарай ё абавязковыя. Кропка над літарай і малой абавязковая. Над літарай I вялікай у друкаваных тэкстах кропка не ставіцца, а ў рукапісных тэкстах кропка абавязковая.


Каментарыі: § 1 "Галосныя літары" рэгламентуе выкарыстанне галосных літар для абазначэння на пісьме галосных гукаў, ужыванне галосных літар я, ё, е, юу і для абазначэння спалучэнняў галосных гукаў з зычным гукам [j] у пачатку і сярэдзіне слова, а таксама для абазначэння адпаведных галосных гукаў і мяккасці папярэдніх зычных.

У гэтым правіле асаблівую ўвагу трэба звярнуць на п. 4, дзе рэгламентуецца напісанне кропак над літарамі ё і і. Асаблівасцю беларускага правапісу з'яўляецца тое, што пастаноўка кропак над ё абавязковая ва ўсіх выпадках без выключэння ва ўсіх тыпах пісьмовых тэкстаў. Адсутнасць кропкі над і дапускаецца толькі ў адным выпадку - над літарай І вялікай у друкаваных тэкстах, у тым ліку і калі ўвесь тэкст надрукаваны вялікімі літарамі (ФЕСТЫВАЛЬ МУЗЫКІ I ПЕСНІ). Адхіленне ад гэтай нормы з'яўляецца памылкай і ўплывае на ацэнку ведаў вучняў па беларускай мове.


§ 2. Літары о, ё.

  1. Літара о пішацца толькі пад націскам: год, кот, скрозь, шоўк, колас, мова, доўга, посуд, арол, шолах, плячо, дарога, разгортваць, дапамога, дадаткова, жніво, дэпо, водар, оканне, ода, оптам, ордэн, офіс, опера, Об, Орша, Омск, Обнінск, Осла, Оксфард, Орск, Токіа, Ватэрлоа.

  2. Літара ё пішацца пад націскам: лёс, вёска, сёстры, цёмны, цёплы.

Літара ё пішацца не пад націскам у словах з коранем ёд- і ёт-: ёдапірын, ётацыя, ётаванне.

3. Літара ё пішацца ў складаных словах з першай часткай радыё-: радыёстанцыя, радыёграма, радыёантэна.

Калі першая частка складанага слова ўтворана ад назвы хімічнага элемента радый, то пішацца літара е, якая з'яўляецца злучальнай галоснай: радыебіялогія, радыеактыўнасць, радыеметрычны, радыеізатоп і інш. У першым складзе перад націскам у гэтым выпадку пішацца я: радыяметрыя, радыяхімія, радыялогія, радыяграфія.
Каментарыі: 1. Правіла аб напісанні літары о (п. 1) застаецца фактычна без змен, але цяпер гэтае правіла не мае выключэнняў, як у "Правілах..." 1959 г. Словы з ненаціскным канцавым о (адажыо, сальфеджыо, трыо і інш.), якія паводле дзеючых правіл 1959 г. пішуцца з о, перастаюць быць выключэннямі і будуць пісацца з канцавым а: адажыа, сальфеджыа, трыа, партфоліа, Токіа, Ватэрлоа і г. д. Такім чынам, змяншаецца колькасць выключэнняў.

2. У новай рэдакцыі "Правіл..п. 3 уведзены для таго, каб размежаваць напісанне літары ё ў складаных словах, першай часткай якіх з'яўляецца радыё-, і літар е, я ў складаных словах, першай часткай якіх з'яўляецца радый.

Слова радыё- адносіцца да разраду нескланяльных назоўнікаў, канцавое ё ў ім з'яўляецца часткай першай асновы складанага слова і пішацца нязменна. Складаныя словы з першым кампанентам радыё-, такім чынам, утвараюцца без удзелу злучальнай галоснай і з'яўляюцца чыстымі складаннямі. Літара ё ў такіх словах пішацца незалежна ад месца націску ў другой частцы: радыёабслугоўванне, радыёабсталяванне, радыёаглядальнік, радыёакустычны, радыёальтыметр, радыёаматар, радыёаматарскі, радыёантэна, радыёапавяданне, радыёапарат, радыёапаратура, радыёаператар, радыёастранамічны, радыёастраномія, радыёатэльё, радыёаўтограф, радыёаэранавігацыйны, радыёбачанне, радыёбуй, радыёвежа, радыёветрамер, радыёвузел, радыёвымяральны, радыёвыпраменьвальны, радыёвыпуск, радыёвышка, радыёвяшчанне, радыёгазета, радыёгідраакустычны, радыёгідралогія, радыёгідраметэаралагічны, радыёголас і г. д.

Слова радый у беларускай мове - зменны назоўнік з асновай на -й, таму ў складаных словах з першым кампанентам радый- галосныя е (я) з'яўляюцца злучальнымі галоснымі, напісанне якіх падпарадкоўваецца агульнаму правілу (гл. §7. Правапіс е, ё, я ў складаных словах): радыеадчувалънасцъ, радыеадчувальны, радыеактывацыйны, радыеактыўны, радыеахоўны, радыебіёлаг, радыебіялогія, радыевугляродны, радыегеалогія, радыеграфічны, радыеізатопны, радыекарбонны, радыелагічны, радыелюмінесцэнцыя, радыелячэнне, радыеметрычны, радыепратэктар, радыерэзістэнтнасць, радыесенсібілізацыя, радыетэрапія, радыеўстойлівасць, радыехімічны, радыеэкалогія; радыягенны, радыяграфія, радыялогія, радыялярыевы, радыялярыя, радыяметрыя, радыяхімія.


§ 3. Літары э, е

1. Літара э пішацца:

у пачатку выклічнікаў э, эге, эге-ге, эй, эх;

пасля прыстаўной літары г у слове гэты і вытворных ад яго (дагэтуль), а таксама ў выклічніках гэ, гэй і назвах літар (бэ, вэ і інш.);

пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц]: жэрдка, жэмчуг, шэры, нашэсце, чэрствы, чэк, нараджэнне, абуджэнне, рэкі, рэзаць, халадэча, сардэчны, пустэча, мястэчка, цэны, у руцэ.

2. У пачатку запазычаных слоў літары э, е як пад націскам, так і не пад націскам пішуцца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем: эра, эсэ, эўрыка, эпас, этыка, Эўклід, Эўрыпід, Эліста; егер, ерась, ерэтык, Еўропа, еўрапейскі, Еўпаторыя, Ерэван, ерэванец, Еўфрат.

На канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ, рэзюмэ, рэнамэ, кафэ, галіфэ, кашнэ, кабернэ, фрыкасэ, плісэ, каратэ, дэкальтэ; Струвэ, Мерымэ, Эйвэ, Хасэ, Морзэ, Табідзэ, Брыгвадзэ, Каба-Вердэ, Душанбэ, Сан-Тамэ; але: сальта-мартале, філе, камюніке, піке.



  1. Літара э ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэла, сурвэтка, экзэмпляр, маянэз, тунэль, сэрвіс, інтэрнэт пішуцца з літарай э, а словы медаль, менеджмент, нервы, парламент, перспектива, газета, сервіз – з літарай е.

  2. У запазычаных словах, адзначаных у пунктах 2 і 3 гэтага параграфа, напісанне э, е вызначаецца па слоўніку.


Каментарыі: 1. У §3 (п. 1) сфармуляваны правілы напісання літары э ў спрадвечнабеларускіх словах.

2. У параграфе сфармуляваны толькі асноўныя прынцыпы правапісу галосных э, е у запазычаных словах. Гэтае правіла адносіцца да найбольш складаных у беларускім правапісе, таму напісанне гэтых літар у значнай частцы слоў іншамоўнага паходжання вызначаецца па слоўніку. Згодна з новай рэдакцыяй істотна пашыраецца напісанне -э, у тым ліку канцавога, у іншамоўных словах, якія паводле дзеючага правапісу пішуцца з канцавым -е.

Напісанне э, еў пачатку запазычаных слоў: эазін, эазойскі, эазухіі, эакранартый, эбаніт, эбен, эвакуация, экзэма, экзэмпляр, экіпаж, экіпіроўка, эклектьізм, эколаг, экран, экранізацыя, экскаватар і г. д.; егер, егермайстар, Егіпет, егіпецкі, езуіт, епархія, епіскап, еўнух, еўракосмас іг. д.

Напісанне э, е ў канцы запазычаных слоў: албэ, андантэ, аташэ, бурымэ, галіфэ, дэкальтэ, кашнэ, клішэ і г. д.; апліке, біенале, більбаке, букле, буле, варыкацэле, граве, дэфіле, жэле, калоцыбе, камюніке, каноцыбе, кантабіле, кантэле, кокле, кракле, кюве і г. д.

Напісанне э, е ў канцы запазычаных слоў пасля апострафа і мяккага знака: грэф’е, дасье, дэзабілье, дэнье, калье, канферансье, кінаатэлье, круп’е, кульсье, куцюр’е, лансье.
§ 4. Перадача акання на пісьме


  1. Галосныя гукі [о], [э] ў ненаціскным становішчы чаргуюцца з [а]: дом - дамы, мова - маўленне, цэгла - цагляны, шэпт - шаптаць.

  2. Незалежна ад паходжання слова гук [о] ў ненаціскных складах вымаўляецца як [а], што перадаецца на пісьме: гара, вада, баранаванне, колас, холад, балота, Бандарэнка, Коханава, Кунцава, Гамер, Сакрат, арганізацыя, педагагічны, электарат, харэаграфія, заалогія.

Не падпарадкоўваюцца аканню словы са спалучэннямі ро, ло, якія чаргуюцца з ры, лы: кроў - крыві - крывавы, дровы - дрывотня, крошка - крышыцъ, бровы - брыво, гром - грымоты - грымець, брод - брысці, глотка - глытацъ, блохі - блыха.

3. У словах славянскага паходжання і запазычаных словах, цалкам адаптаваных у беларускай мове, галосны [э] ва ўсіх ненаціскных складах чаргуецца з [a] і абазначаецца на пісьме літарай а: стрэхі - страха, шэры - шарэць, чэргі - чарга, крэмль - крамлёўскі, жэмчуг - жамчужына, арэнда - арандаваць, майстэрня - майстар.

Ва ўласных імёнах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў у ненаціскных складах гук [э] падпарадкоўваецца агульным правілам акання - пасля цвёрдых зычных ён чаргуецца з [a] і абазначаецца на пісьме літарай а: Беразіно, Чарапавец, Жамчужнікаў, Чарнышэўскі, Шаўчэнка, Чалюскін, літара, транслітарацыя.

4. Перадача на пісьме [э] ў іншых запазычаных словах у ненаціскных складах асновы вызначаецца наступнымі правіламі:

у пачатку слова [э] перадаецца на пісьме літарай э ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем: эканомія, экзамен, экватар, этажэрка, элемент. Літара э пішацца пасля прыставак і ў другой частцы складанага слова: праэкзаменаваць, трохэлементны, квінтэсэнцыя;

пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц] пішацца э: жэтон, Жэнева, Жэрар, жэлацін, чэкмень, рэспубліка, рэформа, Рэмарк, рэклама, рэактар, рэвізія, агрэгат, рэжым, рэкорд, рэестр, рэвалюцыя, дэталъ, гардэроб, Дэтройт, Дэфо, дэлегат, дэманстрацыя, ордэн, тэорыя, тэатр, тэлеграф, тэлефон, ветэран, катэт, тэрмометр, тэарэма, цэнтралізм, цэвіта.



  1. У запазычаных словах напісанне э і а пасля зычных, акрамя шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц], вызначаецца па слоўніку: панэль; але: шынель.

  2. Ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар: шніцаль, шпаталь, міталь, форталь, карцар, грэйдар, лодар, кампютар, пэйджар, рэйсфедар, эспандар, тэндар, ордар, менеджар, фарватар, альма-матар, кратар, прэсвітар.

Ненаціскныя фіналі -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр.
Каментарыі: У §4 сфармуляваны асноўныя палажэнні, якія датычацца адлюстравання на пісьме такой адметнай рысы беларускага вымаўлення, як аканне. У асноўным у новым правапісе захоўваецца ранейшая норма. Змены датычацца толькі слоў іншамоўнага паходжання з канцавымі ненаціскнымі фіналямі -эль, -эр у запазычаных словах, у якіх паводле дзеючых правіл захоўвалася нязменнае напісанне гэтых фінальных частак. У новай рэдакцыі "Правіл..." на напісанне гэтых слоў і вытворных ад іх паслядоўна распаўсюджваецца агульны прынцып адлюстравання акання на пісьме: аўтсайдар (аўтсайдарскі), бартар (бартарны), бухгалтар, дэкодар, майстар, прынтар (прынтарны), камп’ютар (камп’ютарны, камп'ютаршчык), кандытар (кандытарскі), світар, фарватар (фарватарны), шніцаль, эспандар і г. д. Такім чынам, захоўваецца аднастайнасць напісання цэлай групы структурна аднолькавых слоў іншамоўнага паходжання.
§ 5. Правапіс літар о,э,а ў складаных словах

1. У складаных словах можа быць адзін асноўны і адзін або некалькі пабочных націскаў. Калі ў другой частцы складанага слова націск на першым складзе, то ў першай частцы замест о пішацца а: дабрадзей, скараход, салявар, дабраякасны, галаваломка, вадасховішча, малатабоец, бамбасховішча, раўнапраўе.

Літара о захоўваецца ў складаных словах, першай часткай якіх з'яўляюцца слова-, што-, фота-, мота-: словазлучэнне, словазмяненне; штодзённы, штомесяц, штогод; фотаздымак, фотакопія, фотаплёнка, фотакамера, фотавыстаўка і г. д.; але: фатаграфія і вытворныя ад яго; мотагонкі, мотакрос, мотаспорт і г. д.; але: матавоз, матацыкл і вытворныя ад іх.

2. Калі ў другой частцы складанага слова націск не на першым складзе, то ў першай частцы захоўваецца о: асновапалажэнне, бавоўнапрадзільны, вогнетрывалы, водаразмеркавальнік, вагонарамонтны, востракамбінацыйны, высокаідэйны, галоўнакамандуючы, корманарыхтоўка, конегадоўля.

У першай частцы некаторых складаных слоў, асабліва навуковых тэрмінаў, можа выразна праяўляцца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку пад пабочным націскам у першай частцы захоўваецца напісанне о: агорафобія, азонастойкі, азотнакіслы, збожжасховішча, коксагазавы, манголазнаўства, мовазнаўства, мовазнаўчы, маторазборка, работадавец, словатворчасць, фондасховішча і інш.

Ва ўсіх іншых выпадках напісанне падобных слоў вызначаецца па слоўніку.



  1. Літара о пішацца ў першай частцы складаных слоў, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): марозаўстойлівы, торфаўборачны, вогнеўстойлівы, збожжаўборка.

  2. Лічэбнікі ад 600 да 800 утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх першая частка скланяецца і пішацца як самастойнае слова.

Напрыклад:

Н. шэсцьсот семсот восемсот

Р. шасцісот сямісот васьмісот

Д. шасцістам сямістам васьмістам

В. шэсцьсот семсот восемсот

Т. шасцюстамі сямюстамі васьмюстамі

М. (аб) шасцістах сямістах васьмістах


  1. Гук [э] у першай частцы складаных слоў захоўваецца і абазначаецца літарай э: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.

  2. У складаных словах, утвораных ад лічэбніка ў форме роднага склону і іншага слова, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбніка: трохдзённы, чатырохпавярховы, шасціствольны, шасцісоты, пяцідзёнка, дзесяцігодка, сямікласнік, васьмігадовы, васьмісоты, дзевяціградусны, саракагоддзе, саракапяцітонны, двухсотметровы.

  3. Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор.


Каментарыі:

1. Правілы напісання літар о, э, аў складаных словах датычацца галоўным чынам першай часткі складаных слоў і адносяцца да найбольш цяжкіх у сучасным беларускім правапісе. Напісанне гэтых літар у складаных словах залежыць ад месца націску ў другой частцы складанага слова, а таксама ад характару яго першай часткі (спрадвечнае ці запазычанае слова).

У новых правілах напісанне літар о, э, а ў складаных словах у асноўным адпавядае "Правілам беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" 1959 г., удакладненні датычацца толькі напісання асобных слоў і груп слоў. Асноўным застаецца прынцып, што напісанне галосных о, э, а ў першай частцы складанага слова залежыць ад месца націску ў другой частцы і колькасці асноў у складаным слове. Таму правапіс галосных о, э, а ў пераважнай большасці агульнаўжывальных складаных слоў з пераважна славянскімі (спрадвечнымі) асновамі падпарадкоўваецца наступным правілам.

а) Калі націск у другой частцы складанага слова падае на першы склад, то ў першай частцы замест о пішацца а: добры - дабрадзей, соль - салявар, молат - малатабоец, роўны - раўнапраўе, горы - гарналыжнік, гарналыжніца і гарналыжны і інш.

б) Калі ж націск у другой частцы складанага слова не на першым складзе, то ў першай частцы паяўляецца дадатковы (пабочны) націск і захоўваецца напісанне о: агонь - вогнетрывалы, высокі - высокамастацкі, вагон - вагонабудаўнічы і інш.

Калі другая частка складанага слова пачынаецца з ў нескладовага), то ў першай частцы таксама захоўваецца напісанне літары о: марозаўстойлівы, торфаўборачны, вогнеўстойлівы, збожжаўборка і інш. Мэтазгоднасць такога напісання абумоўлена тым, што ў словах устойлівы, уборка націск падае на другі склад і захоўваецца на гэтым жа складзе, калі яны становяцца другой часткай складанага слова. Пераход жа у ў ў абумоўлены толькі пазіцыйна. Гэтым жа абумоўлена і напісанне слоў вокамгненна, вокамгненны, вокамгненнасць, у якіх другой часткай з'яўляюцца словы імгненна, імгненны, імгненнасць з націскам не на першым складзе.

в) Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор, водамаслазапраўшчык.

г) Напісанне літары э ў першай частцы складаных слоў захоўваецца нязменна як у самастойным слове: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.



2. Разам з тым правапіс о, а ў першай частцы даволі вялікай колькасці складаных слоў не падпарадкоўваецца названым вышэй агульным прынцыпам правапісу складаных слоў. Фактычна выключэннямі з гэтага правіла з'яўляюцца многія складаныя словы з першай часткай іншамоўнага паходжання, у якіх напісанне о захоўваецца незалежна ад месца націску ў другой частцы.

Згодна з новымі правіламі захоўваецца нязменнае напісанне о у словах слова-, што-, фота-, мота-, калі яны з'яўляюцца першай часткай складаных слоў незалежна ад месца націску. Напісанне о захоуваецца таксама ў першай частцы незалежна ад месца націску ў другой у значнай колькасці складаных слоў, якія адносяцца ў асноўным да тэрміналагічнай лексікі. Захаванне ў новых правілах гэтай "старой" нормы абумоўлена імкненнем:

а) захаваць традыцыю нязменнага напісання некаторых вельмі пашыраных у сучаснай маўленчай практыцы беларускіх слоў (збожжа, мова, свабода і інш.). Асабліва гэта датычыцца выпадкаў, калі неабходна захаваць аднолькавае напісанне частак у складаных словах, якія падпарадкоўваюцца розным прынцыпам напісання: свабодалюбівы (націск у другой частцы не на першым складзе) і свабодалюбства (націск у другой частцы на першым складзе);

б) пазбегнуць непажаданай аманіміі і двухсэнсоўнасці складаных слоў (слова і слава, мангол і мангал): словатворчасць (ад слова, а не слава);

в) не дапусціць сэнсавай неадназначнасці тэрміналагічнай лексікі, што перашкаджае выкарыстанню беларускай мовы ў навуковай і афіцыйна-дзелавой сферах. Напрыклад: вокарухалъны (анатам.), гросмайстар, збожжаздатачны, збожжасклад, збожжасховішча, іголкафільтр, калонлічба, коксагазавы, коксахімія, манголазнавец, мовазнаўства, мовазнаўчы, моватвдрчасць, моватворчы, маторазборачны, прыродазнавец, прыродазнаўца, работадаўца, ружоватвары, свабодалюбны, свабодалюбства, свабоднападаючы, словатворчасць, словаформа, усходазнавец, усходазнаўства, фондаёмістасць, фондасховішча, электронвольт і г. д.

Фактычна ва ўсіх гэтых выпадках у адпаведнасці з вымаўленнем у першай частцы праяўляецца пабочны націск. Правапіс такіх слоў трэба правяраць па слоўніках.

У складаных словах, што пішуцца праз злучок, кожная частка захоўвае свой націск і пішацца як самастойнае слова: доберман-пінчар, чррна-белы, чорна-буры, чырвона-белы, чырвона-буры. Параўн. таксама: стоп-кран, стоп-кадр, стоп-сігнал, шоу-бізнес.

3. Некаторыя асаблівасці мае напісанне о, э, а у складаных словах, першай часткай якіх з'яўляюцца лічэбнікі.

Захоўваецца нязменнае напісанне першай часткі ў складаных лічэбніках шэсцьсот, семсот, восемсот. Гэта абумоўлена тым, што гэтыя лічэбнікі ўяўляюць сабой спецыфічную групу складаных слоў, у якіх пры скланенні змяняюцца абедзве часткі, а значыць захоуваецца самастойны націск і напісанне ўсіх склонавых форм як у асобных словах.

Незалежна ад месца націску ў другой частцы захоўваецца ў складаных словах нязменнае напісанне з літарай о першых частак, якія з'яўляюцца формамі роднага склону лічэбнікаў дзвесце, дзевяноста, сорак, тры, трыста, чатыры, чатырыста: двухсотгадовы, двухсоткглаграмовы, дзевяностагадовы, саракагадовы, саракатонны, трохаконны, трохаршынны, трохбаковы, трохгалосы, трохкіламетровы, трохлітровы, чатырохпрацэнтны, чатырохрублёвы, чатырохсотгадовы, чатырохтыднёвы, трохсотгадовы, а таксама двухсотгоддзе, дзевяностагоддзе, трохвосевы, трохмачтавы, трохмерны, трохмесячны, трохмоўны, трохпалубны, трохсотгоддзе, трохсоты, трохстволка, трохструнны, трохсценка, чатырохзначны, чатырохколерны, чатырохмесны, чатырохногі, чатырохслоўны, чатырохтомнік.

Такім жа чынам у новых правілах уніфікуецца напісанне складаных слоў, першай часткай якіх з'яўляецца лічэбнік сто: стагоддзе, стагодні, стаградусны, стасільны, статысячны, статыcячнік, стасвечкавы, ставежавы, статонны, а таксама стааблічны, ставярстовы, стагадовы, стагаловы, стагалосы, стаграмовы, стаметровы, стамільённы, стапрацэнтны, старублёвы. У гэтых словах галосная а з'яўляецца злучальнай галоснай і яе правапіс вызначаны адпаведным правілам, згодна з якім злучальная галосная о пішацца толькі пад націскам. Акрамя таго, частка ста- у гэтых словах з'яўляецца формай роднага склону лічэбніка сто, што цалкам суадносіцца з агульным правілам правапісу складаных слоў у першай частцы лічэбнікаў у форме роднага склону.

Заўвага:У дзеючых правілах напісанне слоў з лічэбнікам сто падаецца непаслядоўна: стагоддзе, стагодні, але стоградусны, стотысячны, стогаловы і г. д. (Слоўнік беларускай мовы. Мінск, 1987).




Достарыңызбен бөлісу:
  1   2   3   4   5   6   7   8   9




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет