М. А. Мацельскі,
краязнаўца, рэдактар і выдавец газеты “Гоман Барысаўшчыны”, выкладчык
УА “Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж”
Барысаў напярэдадні Вайны 1812 года
Барысаў на працягу сваёй гісторыі перажыў нямала войнаў, якія нанеслі яму і яго жыхарам вялікія страты. Праз пэўны час пасля кожнай з іх горад аднаўляўся, але яго аблічча і ён сам шмат у чым станавіўся іншым. Адной з такіх войнаў была Вайна 1812 года.
На мяжы ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў па сацыяльных групах насельніцтва Барысава размяркоўвалася наступным чынам: дваране 2,2%, духавенства 1,9%, купцы 2,5%, мяшчане 88,7%, сяляне 4,7%, замежнікі 0,1%. У гэты час Барысаў хутка расце. Калі ў 1795 годзе ў ім было 1625 жыхароў, то ў 1803 – ужо 2398 жыхароў, а ў 1811 годзе – 3252. Такім чынам, колькасць насельнікаў горада за 16 год узрасла ўдвая. Па тэмпах росту Барысаў у гэты час апярэджваў шмат якія беларускія гарады. Калі ў 1786-1796 гадах ён быў па колькасці насельніцтва 16-м беларускім горадам (7-м горадам у межах Менскай губерні пасля яе канчатковага фарміравання), то ў 1811 годзе 11-м (4-м у межах Менскай губерні).
Вялікую ролю ў гэтым адыграла палітыка царызму ў дачыненні да яўрэяў – усталяванне мяжы аседласці. Яна была распаўсюджана на землі, што былі далучаны да Расійскай імперыі ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (у тым ліку і на Барысаўшчыну), адпаведным найвышэйшым указам ад 23 верасня 1794 года.
Па стану на 1795 год у Барысаве сярод дзевяці купецкіх двароў шэсць належала купцам праваслаўнага веравызнання, тры – іудзейскага, сярод мяшчан было 229 двароў хрысціянскіх, 137 яўрэйскіх (агульная колькасць двароў у горадзе была 385). Такім чынам, колькасць яўрэйскага насельніцтва Барысава па стану на 1795 год складала каля 36%. Дадзеныя ж напярэдадні Вайны 1812 года сведчаць пра тое, што яўрэяў на той час у горадзе было 65,1%. Адсюль бачна, што прыблізна за 15 год працэнтная колькасць яўрэйскага насельніцтва Барысава ўзрасла ў 1,8 раз і хуткі рост горада ў гэты час адбываўся найперш за кошт рэзкага павелічэння гэтай этнічнай групы.
Вялікую ролю ў жыцці Барысава адыгрываў гандаль. Напрыканцы ХVІІІ стагоддзя ў Барысаве было 34 крамы. Па стану на 1800 год у горадзе працавала 152 рамеснікі. Паспрыяла развіццю гандлю ў горадзе і яго развіццю наогул завяршэнне будаўніцтва Бярэзінскай воднай сістэмы, якое вялося ў 1797-1806 гадах.
Важную ролю для горада адыгрывала правядзенне кірмашоў. Першы пачынаўся на Новы год, другі – на дзясятуху. Новай адміністрацыяй права іх правядзення было пацверджана ў 1802 годзе менскім губернатарам.
У 1800 годзе тутэйшымі архітэктарамі і землямерамі быў распрацаваны новы план Барысава. Аднак ён так і не быў зацверджаны ўрадам (хаця шэраг палажэнняў плана ўсё ж былі рэалізаваны).
Б
Барысаў на пярэдадні Вайны 1812 года 1
арысаў напярэдадні Вайны 1812 года быў забудаваны практычна цалкам драўлянымі будынкамі. У асноўным аднапавярховымі, а часам і двухпавярховымі. Яго межы праходзілі ад былога замка па пойме Бярэзіны, ад Бярэзіны да Схі яны былі прыблізна ў раёне вуліц Кашавога (тут і далей даецца прывязка да сучасных вуліц і іх назваў), Урыцкага, Савецкай. Далей – уздоўж поймы Схі. Потым – прыблізна праз скрыжаванне сучасных Газетнага завулка з вуліцай Камсамольскай, Нармандыі-Нёман з Менскай і далей да былога замка.
Адміністрацыйным, духоўным і гандлёвым цэнтрам горада з’яўлялася плошча (дакладней, квартал), якая зараз абмежавана вуліцамі 3-га Інтэрнацыянала, Лапаціна, Дзяржынскага і Камсамольскай. Тут знаходзіўся базар (займаў значную частку квартала за выключэннем тэрыторый, якія прылягалі да вуліц Лапаціна і Камсамольскай) і тры з пяці храмаў горада. У цэнтры плошчы, на месцы, дзе зараз стаіць Васкрасенскі сабор, стаяла праваслаўная прыходская Праабражэнская царква. Цэнтральнае яе размяшчэнне ў планіроўцы горада было невыпадковым. Гэта быў адзін са старэйшых прыходаў у горадзе і да сярэдзіны – другой паловы ХVІІІ стагоддзя, практычна, галоўны з іх. Час пабудовы Праабражэнскай царквы, якая існавала напярэдадні Вайны 1812 года, невядомы. Магчыма, што гэта адбылося за некалькі год да яе ці непасрэдна перад ёй. Царква была драўляная, вакол яе існавала драўляная агароджа.
Скрыжаванне вуліц Лапаціна і Камсамольскай
На плошчы на рагу вуліц Лапаціна і Камсамольскай знаходзілася праваслаўная прыходская Васкрасенская царква. Яна таксама была драўлянай, была агароджана плотам, мела прытчавыя будынкі. Узведзена царква была ў 1778 годзе як уніяцкая. 15 траўня 1794 года пераводзіцца ў праваслаўе. 18 снежня 1797 года царква атрымала статус саборнай.
На іншым рагу плошчы – ля вуліц Дзяржынскага і Лапаціна (таксама з боку базару) - знаходзілася ўніяцкая Троіцкая царква. Яна была драўляная. Найбольш верагодна, што будынак царквы на гэтым месцы існаваў не менш чым з канца ХVІІ – пачатку ХVІІІ стагоддзя, калі гэты прыход (былы праваслаўны) пасля некалькіх дзесяцігоддзяў забыцця быў адноўлены як уніяцкі.
Частка іншай забудовы цэнтральнага гарадскога квартала базарнай плошчы (вуліц Лапаціна і Камсамольскай) была ўзведзена новай адміністрацыяй напрыканцы ХVІІІ – пачатку ХІХ стагоддзя. Яна прызначалася для забеспячэння яе функцыянавання і службовага жылля яе чыноўнікаў.
Паміж Васкрасенскай і Троіцкай цэрквамі ўздоўж вуліцы Лапаціна ў 1807 годзе быў узведзены вялікі аднапавярховы будынак. Ён быў з цэглы, пакрыты гонтам. Падлога і столь у частцы яе памяшканняў былі выкананы з цэглы, у частцы – з дрэва. Будынак складаўся з трох частак, якія ўнутры паміж сабою ніякім чынам не былі звязаны. Адпаведна меліся ў збудаванні тры ўваходы з ганкамі. Усе яны былі з боку базарнай плошчы. Пасля кожнага з уваходаў былі сенцы. Наогул будынак меў 21 акно, некаторыя з іх былі з кратамі.
З уваходу, які быў бліжэй да Троіцкай царквы, можна было трапіць у канцылярыю касіра і ў памяшканне, дзе захоўваліся грошы, а таксама ў павятовы архіў і архіў ніжняга суда. З сенцаў цэнтральнага ўваходу можна было трапіць у паўавальную залу для сходаў і пасяджэнняў, а таксама праз прамежкавы пакой у памяшканне земскага павятовага суда. Мелася ля ўваходу і невялікае службовае памяшканне.
З трэцяга ўваходу ў будынак, які быў бліжэй да Васкрасенскай царквы, праз прыхожую можна было трапіць у канцылярыю, а потым і ў само памяшканне ніжэйшага суда.
Абагрэў будынка ў халодны час рабіўся з дапамогаю чатырох печаў. Пры адной з іх - у памяшканні ніжэйшага суда - акрамя таго быў цагляны камін. Пры пабудове печаў выкарыстоўвалася паліваная кафля, якая была выраблена ў Пецярбурзе.
У адпаведнасці з урадавым распараджэннем № 36 ад 6 верасня 1795 года “Об устроении почты...”, на анексіраваных землях занава ўтваралася адпаведная служба. Згодна яму, у Барысаве павінна была быць утворана пошта, якая павінна была мець 30 коней і 15 паштальёнаў. Комплекс паштовых збудаванняў знаходзіўся па вуліцы Камсамольскай адразу за Васкрасенскім саборам. Галоўны дом пошты быў аднапавярховым, пабудаваны з часанага дрэва, пакрыты гонтам. Ён меў два ўваходы. Адзін з боку базару, другі з боку вуліцы. З боку вуліцы будынак меў шэсць вялікіх вокнаў, з боку базару – таксама шэсць, але меншых па памеру.
Паштовы двор быў абгароджаны плотам з часанага дрэва, мелася адна брама. Справа ад галоўнага паштовага дома быў невялікі дом для паштальёнаў. Ён быў зроблены з часанага дрэва, пакрыты гонтам.
За домам паштальёнаў былі стайні, дзе знаходзіліся коні. Стайні мелі яслі, былі зроблены з часанага дрэва. За стайняй ля плоту была павець, пад якой ставілі паштовыя паязды. Напрыканцы павеці была другая стайня, якая таксама была зроблена з часанага дрэва. На тэрыторыі пошты было таксама збудаванне круглай формы, дзе захоўвалася збожжа. Яно было зроблена з часанага дрэва, пакрытае гонтам.
За паштовымі будынкамі па вуліцы Камсамольскай знаходзіўся комплекс гаспадарчых будынкаў і жылы дом кіраўніка горада – гараднічага. Яны з’яўляліся казённымі і даваліся гараднічаму ў карыстанне. Кіраўніком горада напярэдадні Вайны 1812 года быў Шацілаў. Дом гараднічага быў аднапавярховы з невялікай мансардай на даху, зроблены з часанага дрэва, пакрыты гонтам. Будынак меў чатырнаццаць вокнаў. Галоўны ўваход у яго быў з боку базару. Дзверы былі абабіты футрам. Адсюль праз ганак можна было трапіць у невялікія сенцы. Ля ўваходу былі клумбы для кветак, абгароджаныя невялікім дэкаратыўным плотам.
Дом меў сем пакояў. У тым ліку і спальню, ля якой знаходзіўся невялікі пакой для апранання. Ля сенцаў быў спецыяльны невялікі пакойчык для хатняй аптэкі. Ацяпляўся ўвесь дом адной печкай, якая была зроблена з выкарыстоўваннем паліванай кафлі. Другія невялікія сенцы ў доме былі ля выхаду ў бок вуліцы. Тут быў разбіты агарод для садавіны.
Дом разам з агародам быў адгароджаны ад вуліцы плотам з часанага дрэва. У ім былі дзве брамы. На двары ля вуліцы ў бок да паштовых будынкаў знаходзілася адмысловае збудаванне для гатавання ежы. Яно складалася з кухні, якая мела два акны, і двух пакояў. На кухні была печ з паліванай пецярбургскай кафлі. У пакойчыках мелася печ для выпякання хлеба. Былі ў гэтым будынку памяшканні для лядоўні, для садавіннай печкі. Сам ён быў пакрыты гонтам. Да будынка былі прыбудаваны невялікія сенцы. У іх знаходзілася спецыяльная скрынка для захоўвання малака.
За домам для гатавання ежы знаходзіўся комплекс гаспадарчых будынкаў і збудаванняў: невялікая стайня, якая была разлічана на чатыры кані, павець, вазоўня, пуня, невялікі будынак лазні, невялікая стайня на шэсць коней з яслямі, хлеў для быдла.
Трошкі асобна ад іншых гаспадарчых будынкаў пасярод гаспадарчага двара стаяў двухпавярховы будынак свірна. Ён быў зроблены з круглага дрэва, меў ганак, быў пакрыты дранкай. На першым паверсе ў ім было пяць адсекаў для збожжа. На другі паверх будынка можна было трапіць па драўлянай лесвіцы. Свіран быў абгароджаны іншымі будынкамі або плотам з круглага дрэва. Сад быў абгароджаны штыкетам.
На базары ля дома гараднічага знаходзіўся дом казначэя. Ён і ўсе яго гаспадарчыя будынкі таксама з’яўляліся казённай маёмасцю. Дом быў зроблены з часанага дрэва, пакрыты гонтам. Галоўны ўваход у яго быў з боку базару. Дзверы былі абабіты футрам. Тут былі сенцы з кухняй. Яшчэ адны сенцы і яшчэ адзін уваход у будынак быў з боку гаспадарчага двара (вуліцы). Акрамя сенцаў дом меў восем пакояў і кладоўку. У ім было 16 вокнаў. Для яго ацяплення выкарыстоўваліся тры печы. Прычым трэцяя была прыстасавана і для выпечкі хлеба. Дом і тэрыторыя з гаспадарчымі будынкамі, якія прылягалі да яе, былі абгароджаны як з боку базару, так і з боку вуліцы плотам з часанага дрэва. Уязная брама была з боку базару.
У гаспадарцы казначэя быў невялікі свіран, у нізе якога мелася лядоўня. Ля яго была невялікая стайня на чатыры кані, ля яе – павець. За ёй была яшчэ адна значна большая стайня. Прызначалася яна для дзесяці коней.
Я
Андрэеўская царква
к бачна, будынкі на базарнай плошчы, якія размяшчаліся па вуліцах Лапаціна і Камсамольскай, асноўнымі фасадамі былі арыентаваны не ў бок вуліц, а ў бок базару. Такім чынам, планіроўка галоўнага гарадскога квартала напярэдадні Вайны 1812 года істотна адрознівалася ад таго, што маецца тут зараз (пры тым, што планіроўка саміх вуліц, якія ўтвараюць гэты квартал, за гэты час не змянілася).
Па-за межамі цэнтра горада знаходзіліся два хрысціянскія храмы. Гэта драўляная Андрэеўская царква і касцёл. Андрэеўская царква знаходзілася на ўскрайку горада ля шляху на Воршу (па Газетнаму завулку). Пераведзена з уніяцтва ў праваслаўе 15 траўня 1794 года. Да 25 сакавіка 1753 года з’яўлялася праваслаўнай Васкрасенскай царквой аднайменнага манастыра.
Касцёл (цагляны) на той час знаходзіўся ў стадыі будаўніцтва, якое распачалося пасля таго, як згарэў стары драўляны храм у 1806 годзе. Пры ім на пачатку ХІХ стагоддзя была так званая багадзельня.
Л
Рымска-Каталіцкі касцел Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны
я Андрэеўскай царквы знаходзіліся невялікія могілкі. Яшчэ адны праваслаўныя могілкі знаходзіліся ва ўрочышчы Барок. Яны захаваліся да нашага часу. Каталіцкія могілкі на пачатку ХІХ стагоддзя знаходзіліся ў Кальварыі. Яны таксама дайшлі да нашых дзён. Тагачасныя яўрэйскія могілкі на сённяшні час не існуюць. Знаходзіліся яны недалёка ад поймы Бярэзіны паміж вуліцамі Дзяржынскага і Савецкай.
Напярэдадні вайны захоўваліся і былі ў дастаткова добрым стане роў і земляныя ўмацаванні другога барысаўскага замка (калі лічыць за першы -замак на месцы заснавання горада ў ХІІ стагоддзі ў Стара-Барысаве) з пяццю бастыёнамі, які знаходзіўся ў раёне вуліцы Гогаля. Часткова існавалі таксама і рэшткі земляных умацаванняў трэцяга барысаўскага замка (знаходзіўся на пачатку вуліцы Гогаля).
На пачатку ХІХ стагоддзя будынкі замка былі перабудаваны. Гэта тлумачылася найперш тым, што старыя збудаванні, якія былі ўзведзены на пачатку ХVІІІ стагоддзя, прыйшлі ў дрэнны стан. Акрамя таго, пасля канфіскацыі Барысава з землеўладання Радзівілаў, што мела месца ў 1797 годзе і пацверджана граматай у 1798 годзе, функцыянальнае прызначэнне збудаванняў замка значна змянілася. Гэта таксама патрабавала іх перабудовы. На пачатку ХІХ стагоддзя будынкі замка выкарыстоўваліся як казармы, пад лазарэт, турму і інш. Да ўзвядзення цаглянага будынка ў цэнтры горада замкавыя збудаванні выкарыстоўваліся таксама і для правядзення сходаў і іншых патрэбаў новай адміністрацыі.
Дзвесце год таму ў горадзе былі дзве карчмы. Адна з іх знаходзілася пры ўездзе ў Барысаў з боку Воршы (пасля Схі), другая – пры ўездзе ў горад з Менску пасля моста праз Бярэзіну (на сучаснай вуліцы 3-га Інтэрнацыянала). Яшчэ адна карчма знаходзілася ля таго ж тракта ў прадмесці горада ля вёскі Замошша (зараз раён вуліцы Смаленскай ля тракта на Воршу).
У 1806 годзе ў Барысаве была заснавана павятовая школа. Была ў горадзе на пачатку ХІХ стагоддзя і яўрэйская малітоўная школа.
Практычна не захавалася ніякіх звестак пра прамысловасць тагачаснага Барысава. Вядома, што на рацэ Схе ў месцы, дзе яе перасякаў шлях з Воршы (зараз – месца, дзе знаходзіцца мост праз Сху па вуліцы імя 1-й Маскоўскай дывізіі), знаходзіўся млын. На ўскрайку горада на выгане працаваў бровар, які належаў Янкелю Байнясовічу.
М
Рэшткі былога млына
ост праз Бярэзіну быў драўляным, пабудаваны за некалькі год да пачатку вайны. Знаходзіўся ён на тым месцы, дзе зараз стаіць металічны пешаходны мост. За ім была прыстань.
У адпаведнасці з урадавым распараджэннем № 33 ад 31 ліпеня 1795 года, у Барысаве на рацэ Бярэзіна засноўваецца саляны запас на 80 тыс. пудоў для Барысаўскай, Віленскай, Пастаўскай і Дзісненскай акруг. Збудаванне, якое было прызначана для захавання запасаў солі, знаходзілася на правым беразе ракі ля прыстані. Яно было ўзведзена за кошт казённых грошай Францішкам Сержпутоўскім. Гэта быў вялікі драўляны будынак на падмурку, які быў зроблены з часанага дрэва. Меў памеры каля 94 метраў у даўжыню і 17 метраў у шырыню. Для забеспячэння яго трываласці збудаванне было ўмацавана спецыяльнымі металічнымі сцяжкамі. Будынак быў крыты гонтам. У яго цэнтры меліся дзве невялікія мансарды. Падобныя мансарды былі і па баках будынка. Да будынка прылягала крытая галерэя, якая была зроблена на круглых драўляных слупах. Уваход у збудаванне для захавання солі быў па яго цэнтры. Тут меліся двухстворчатыя вароты. Унутры будынка мелася шмат аддзелаў і засекаў.
Паблізу ад моста і збудавання для захавання солі знаходзіліся створаныя спецыяльна для абароны стратэгічна важнай пераправы перадмостныя ўмацаванні, зараз – так званыя Батарэі.
В
“Батарэі”. Помнік Вайны 1812 года
айна 1812 года скараціла колькасць жыхароў горада практычна ўдвая. Па стану на 1815 год іх было 1721. Горад стаў у Беларусі 21-м па колькасці насельніцтва і 8-м у межах Менскай губерні. Не менш значнымі яго страты былі і ў плане горадабудаўніцтва.
Сваю даваенную колькасць насельніцтва горад змог аднавіць толькі ў сярэдзіне 30-х гадоў ХІХ стагоддзя.
Літаратура
1. Акты, издаваемые Виленскою комиссией для разбора древних актов. - Вильно, 1912. - Т. 37.
2. Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-западного края при Императрице Екатерине II (1792-1796). - Вильно, 1903.
3. План города Борисова с окружной ситуацией. Снят в мае месяце 1810 года свиты его величества по квартирмейстерской части полковником Вистицким.
4. Лютый А. М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце ХVIII - первой половине ХІХ века / А. М. Лютый / под ред. В.В. Чепко. – Минск, 1987.
5. Tyszkiewicz E. Opisanie powietu Borysawskiego… / E Tyszkiewicz. - Wilno, 1847.
6. Słownik geograficzny królestwa Polskiego і innych krajow słowiańskich. - Warszawa, 1880. - T. 1.
7. Гісторыя беларускага мастацтва. – Мінск, 1988. - Т. 3.
8. Клейн Э. М. Город Борисов. Наружное описание. Промышленная и общественная жизнь. История / Э. М. Клейн, Д. И. Довгялло, Н. Е. Белоцерковец // Записки Сев. – Зап. Отд. Имп. Русского Географического Общества. Кн. 1. - Вильно, 1910.
Достарыңызбен бөлісу: |