Жывая вясна 2016!



Дата25.07.2016
өлшемі36.76 Kb.
#220947



ПРЭС-РЭЛІЗ

1 сакавіка 2016 г.


Пачалася “Жывая вясна – 2016!”
З 1 сакавіка па 31 траўня кожны жадаючы можа намаляваць разам з намі карту вясны і вяртання птушак з выраю
1 сакавіка грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” распачала чарговы сезон міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”, ў якой Беларусь прымае ўдзел кожны год. Чаму варта сустракаць птушак разам з намі і як гэта рабіць?

Што такое “Жывая вясна”?

“Жывая вясна” – міжнародны праект, які ставіць мэтай прыцягнуць увагу і цікавасць дзяцей і дарослых да прыроды і да захавання мігруючых птушак. Птушкі, якія адлятаюць у вырай, вясной пераадольваюць тысячы кіламетраў на цяжкім шляху дадому. Кампанія дае адказы на пытаніі “якія перашкоды сустракаюцца на шляхах птушак?” і “як мы можам дапамагчы?”.



Якія птушкі абраны вястунамі вясны?

Вястунамі “Жывой вясны” абраны пяць птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), звычайная зязюля (обыкновенная кукушка) і шчурка-пчалаедка (золотистая щурка). Кожнае назіранне заносіцца на адмысловую мапу, і людзі з розных краін свету разам складаюць анлайн-мапу падарожжаў птушак з поўдня на Радзіму. Кожны дзень назіранняў будзе ўсё больш, і паступова мапа будзе змяняцца. Так мы зразумеем, калі прыйшла сапраўдная вясна!



Як дадаць назіранне?

Заклікаем усіх беларусаў часцей выходзіць на прыроду і прыглядацца да птушак. Калі вы ўбачыце ці пачуеце птушак “Жывой вясны”– зарэгіструйце назіранні. Як гэта зрабіць? Абірайце зручны для сябе варыянт.



  • на сайце “Жывой вясны” пры дапамозе формы "Дадаць назіранне"

  • СМС-паведамленне на кароткі нумар 0841 (Абавязкова напісаць імя, прозвішча, час назірання, месца, колькасць і від птушак), у адказ вы атрымаеце падарунак – спасылку на голас адной з птушак "Жывой вясны"!

  • напісаць сваё назіранне ў суполках у сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте.

Чаму важны ўдзел кожнага?

Некаторыя людзі дзівяцца: “Як адно маё назіранне можа дапамагчы і на што яно ўплывае"? Але часцяком менавіта назіранні розных не звязаных з арніталогіяй людзей становяцца насамрэч каштоўнай крыніцай інфармацыі па міграцыі птушак і зменам у іх штогадовых падарожжах. Давайце разам назіраць, як пералётныя птушкі вяртаюцца дадому! Далучайцеся і далучайце сяброў! Нават калі вы дагэтуль не захапляліся птушкамі, ніколі не позна пачаць. Дарэчы, вясна для гэтага – самы спрыяльны час, – запрашае супрацоўнік па развіцці АПБ, каардынатар “Жывой вясны” па Беларусі Карына Салавей.

Складанне карты – адна з асноўных актыўнасцяў “Жывой вясны”. Таксама ў межах кампаніі ў розных краінах ладзіцца шмат экскурсій і назіранняў за птушкамі, прэзентацыі і экалагічныя гульні ў школах. Вы можаце далучыцца да мерапрыемстваў свайго рэгіёна ці арганізаваць уласнае!

У гэтым годзе ў межах “Жывой вясны” пройдзе конкурс фотаздымкаў і малюнкаў. Падрабязнасці шукайце на сайце АПБ www.ptushki.org. Таксама будзе ладзіцца кальцаванне буслоў. Спецыялісты НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі і актывісты АПБ кожны сезон стараюцца падараваць каляровыя кольцы як мага большай колькасці маладых буслянят. Вяртанні калец даюць навукоўцам карысную інфармацыю, дзе зімуюць сімвалы Беларусі і праз якія краіны пралягае іх шлях дадому.

Сустракайце вясну разам з птушкамі!

Кантактная асоба – Карына Салавей, каардынатар кампаніі “Жывая вясна”, +37529 2648766, springalive@ptushki.org

Цікава: колькі пралятаюць вястуны “Жывой вясны”?

Птушкі “Жывой вясны” зімуюць у цэнтральнай і паўднёвай Афрыцы. Каб вярнуцца ў Беларусь, белыя буслы пралятаюць 8-10 000 кіламетраў, чорныя свіргулі і шчуркі-пчалаедкі – 6-9 000 кіламетраў, вясковыя ластаўкі – 6-10 000 кіламетраў, зязюлі – 5-7 000 кіламетраў.



Даведка “Жывой вясны”:

Кампанія “Жывая вясна” пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект. Потым далучылася і Сярэдняя Азія. З 2010 года “Жывая вясна” пайшла ў Афрыку З верасня жыхары гэтага кантынента назіраюць, як абраныя пяць відаў птушак ляцяць на зімоўку ў іх краіны. У мінулым годзе ў кампаніі паўдзельнічалі больш за 70 000 чалавек. Звыш 3 000 назіранняў было і ад Беларусі. Дзякуючы вашаму актыўнаму ўдзелу наша краіна апынулася на на 5-м месцы сярод 52 краін-удзельніц. Першае, другое і трэцяе  месца занялі Арменія, Македонія і Расія адпаведна. Падрабязней пра “Жывую вясну-2015”



Даведка АПБ:

"Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) - найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і нацыянальны партнёр міжнароднай сеткі прыродаахоўных арганізацый "BirdLife International". АПБ - гэта больш за 3000 сябраў і прыхільнікаў, 120 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да прыродаахоўнай дзейнасці. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны – далучайцеся і вы!


Кантакты арганізацыі:

г. Мінск, вул. Парніковaя 11, пам.4



(+375 17) 369 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87

info@ptushki.org

Достарыңызбен бөлісу:




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет