Не назіралася зменаў і ў знешнім выглядзе горада. Для мусульманскага тыпу гарадскіх паселішчаў былі характэрныя адна- і двухпавярховыя дамы, бо іслам забараняў высокія збудаванні як прыкмету невыноснай для яго ганарлівасці. Таму гарадскія сядзібы распаўзаліся ўшыркі, выпіралі на вуліцы, якія станавіліся такімі вузкімі, што два наўючаныя аслы з цяжкасцю разыходзіліся пры сустрэчы. На вуліцах выкопвалі каналы, у якія адкрыта мачыліся: такія канавы дазвалялі не апырскацца, а значыць, не стаць нячыстымі паводле мусульманскіх законаў. Пры ўсёй сваёй заблытанасці гарадская планіроўка захоўвала пастаянства: у цэнтры размяшчалася вялікая мячэць, вакол – гандлёвыя вуліцы, а далей – размешчаныя канцэнтрычнымі коламі рамесныя рады. Гарадскія кварталы падзяляліся паводле расавай і рэлігійнай прыналежнасці іх жыхароў. Амаль паўсюль існавалі хрысціянскія і яўрэйскія кварталы.
У Стамбуле, былым Канстанцінопале (да 1453 г.), у ХVI ст. пражывалі ад 600 да 700 тысяч чалавек. Ён стаў самым вялікім горадам у свеце і па колькасці насельніцтва, і па размаху дзелавой актыўнасці. На той час гэта быў горад-пачвара. У адрозненне ад еўрапейскіх гарадоў яго рост вынікаў не толькі з эканамічнага ўздыму, але і з бесперапынных войнаў, якія вяла Асманская імперыя. Для існавання сталіцы патрабаваліся авечыя атары Балканаў, бабы і пшаніца Егіпта, пшаніца і лес з краінаў Чорнага мора, быкі, вярблюды, коні з Малай Азіі, рабы з краінаў Міжземнамор’я і Вялікага Княства Літоўскага. Разрэзаны морам на дзве часткі, Стамбул утрымоўваў цэлае войска лодачнікаў і перавозчыкаў. Гэта быў адзіны горад, што стаяў на двух кантынентах, на азіяцка-еўрапейскім памежжы, дзе і ў ранні Новы час захоўвалася рабства. У цэнтры горада дзейнічаў самы вялікі рынак рабоў – Бешыстан. Упэўненыя ў сваёй магутнасці гараджане не ўзводзілі гарадскіх сценаў. Асманская сталіца стала апорай экспансіі ў Еўропе, што, праўда, скончылася паразай.
Імперыю Вялікіх Манголаў стварылі ў Індыі ў XVI ст. арабскія заваёўнікі з поўначы. Для індыйскіх гарадоў былі характэрныя прынцыпы горадабудавання старажытнаіндыйскіх і арабскіх гарадоў. Сталіцамі выступалі Дэлі і Агра. У Дэлі тады пабудавалі знакаміты Чырвоны (Красны) форт, складзены з чырвонага пясчаніка. Ён служыў крэпасцю і палацам імператараў. Побач з другой сталіцай, Агры, захаваўся знакаміты маўзалей Тадж-Махал, узведзены па мадэлі класічнай мячэці і ачолены сістэмай вадаёмаў. Рост сталіцы поўнасцю залежаў ад імператарскіх міласцяў і імператарскага двара. Сталіцы часта пераносілі з аднаго горада ў іншы. Тады пакінутыя сталіцы прыходзілі ў заняпад, а новыя – квітнелі. Адбываліся і перамяшчэнні адной і той сталіцы ў прасторы. Так, Дэлі двойчы ці тройчы пераносілі на новае месца. Калі ў 1667 г. імператар распачаў падарожжа з Дэлі ў Кашмір, за ім выправіўся амаль увесь горад: каля 300–400 тысяч чалавек. Яны проста не маглі пражыць ні дня без імператарскіх падачак.
Кітай таксама захапілі спачатку мангольскія, а потым маньчжурскія плямёны. Сталіцу краіны перанеслі на поўнач – у Пекін. Там ужо распачыналася зона сібірскіх марозаў. Але дастатак каменнага вугалю для ацяплення і футра для адзення дазваляў прыстасавацца да жорсткіх кліматычных умоў. Цэнтр Пекіна складаўся з комплекса імператарскіх палацаў, аточаных садамі, – гэта Пурпурны, ці Забаронны, горад, які меў форму квадрата. Акаляў яго Імператарскі горад, дзе пражывалі набліжаныя імператара, яго гвардыя і слугі. Вакол Імператарскага горада размяшчаўся Знешні Татарскі (варварскі) горад, які насялялі манголы, а потым маньчжуры. І нарэшце, да яго прымыкаў Знешні Кітайскі горад, у якім канцэнтравалася асноўная маса жыхароў Пекіна.
На фоне звычайнай забудовы асабліва вылучаліся імператарскія палацы і храмы (пагады). Кожная частка горада акружалася сценамі, брамы якіх на ноч замыкалі. У Знешнім горадзе ўночы закрывалі і асобныя вуліцы з боязі народных паўстанняў. Выстаўлялі варту. У жніўні 1668 г. каласальнае паводка затапіла прыгарадныя вёскі. Новы горад страціў траціну сваіх дамоў, а стары горад цэлым, бо паспелі зачыніць усе вароты і заканапаціць шчыліны сумессю вапны і смалы. Сцены Імператарскага горада былі амаль герметычныя. У XVIII ст. Пекін лічыўся найбуйнейшым горадам у свеце. Тут пражывалі каля 1 мільёна жыхароў. Напрыканцы стагоддзя (у 1793 г.) іх колькасць узрасла да 3 мільёнаў. Але такі хуткі рост быў выкліканы не ўздымам эканомікі, а палітычнай вагой сталіцы самай населенай краіны свету. Гарадскія вуліцы Пекіна запаланілі крамкі, што месціліся ў невялічкіх дамах. Высокія дамы багачоў знаходзіліся ўглыбіні сядзібаў. Паўсюль было шмат людзей, якія хутчэй бегалі, чым хадзілі. Стаяла неверагодная мітусня. Нізы горада здабывалі сродкі на пражыванне літаральна з паветра. Існавала прымаўка: “У Кітайскім царстве нічога не выкідаюць”. Раскоша імператарскага двара суседнічала з жабрацтвам асноўнай масы жыхароў кітайскай сталіцы.
Кожны кітайскі горад будаваўся адным чынам – квадратам з магутнымі цаглянымі сценамі. Дзве шырокія і вялікія вуліцы перасякалі горад наўсцяж. У Кітаі, як і ў Японіі, кожная гарадская вуліца мела ўласную браму, сваю ўнутраную юрысдыкцыю.
Азіяцкія гарады не склаліся як самадастатковыя і закрытыя на ўзор еўрапейскіх. Толькі асобныя гарады Японіі, напрыклад Асакі, хоць і са спазненнем, але сфармавалі ў ХVII ст. праеўрапейскі тып горада на фларэнтыйскі лад. Але ўжо ў ХVIIІ ст. асноўныя грашовыя патокі падпалі пад кантроль імператара. Сталіца Японіі Токіо (Эдо) была тады, можа, удвая большая за Парыж. Такі рост адбыўся галоўным чынам дзякуючы наплыву зямельных уласнікаў, якія ад 1633 г. мусілі жыць у сталіцах палову года ў пэўным сэнсе пад наглядам імператарскага двара.
Масква з насельніцтвам больш за 100 тысяч чалавек уваходзіла ў ХVI ст. у лік найбуйнейшых гарадоў свету. На пачатку ХVIIІ ст. яе пацясніў Санкт-Пецярбург. Пабудаваны ў самых неспрыяльных умовах – на балоцістых берагах Нявы, якая рэгулярна разлівалася, ён патрабаваў велізарных сродкаў для ўмацавання набярэжных, пракладкі абводных каналаў, падняцця ўзроўню вуліц коштам земляных работ, будаўніцтва грунтоўных фундаментаў для каменных дамоў. Гэта каштавала і вялікіх фізічных намаганняў. Можна сказаць, новая сталіца Расіі ўзнікла на костках вязняў і прыгонных сялянаў. Горад хутка рос, бо абапіраўся на магутнасць Расійскай імперыі і досвед гарадоў Захаду. Быкоў і баранаў прыганялі на бойні з Украіны, Астрахані, Дона і Волгі – за дзве тысячы вёрстаў. У 1789 г. у Санкт-Пецярбургу пражывалі каля 218 тысяч чалавек. Цікава, што піцерскія рамеснікі харчаваліся лепей, чым шведскія і нямецкія: яны маглі дазволіць сабе каву штодзень і гарэлку перад абедам. Расійская сталіца набывала еўрапейскі выгляд. Набярэжная з Петрапаўлаўскай крэпасцю стала адной з найпрыгажэйшых у свеце.
Як і азіяцкія, маскоўска-расійскія гарады былі адкрытыя, гэта значыць непадзеленыя з сельскай абшчынай, і адначасова жорстка падпарадкаваныя царскай ўладзе. Яны не зазналі сярэдняга этапу эвалюцыі, як тое адбылося на захадзе Еўропы. Нават рэфарматарская дзейнасць Пятра І сітуацыю істотна не змяніла: самадастатковымі засталіся не гарады, а вёскі.
У Амерыцы каланізатары сустрэлі невядомыя і дзіўныя для іх спосабы горадабудавання. Уражвалі размах і пышнасць сталіц мясцовых дзяржаў. Сталіца ацтэкаў Тэначтытлан размяшчалася пасярод горнага возера на натуральных і насыпных выспах. Транспартам служылі баркі (баржы), як у Венецыі гандолы. Дамы мелі па двое дзвярэй – на вуліцу і на ваду. Пітная вада паступала з гор па двух акведуках. Сталіца інкаў Куска была збудаваная з каменю, і толькі дахі дамоў былі пакрытыя саломай. Дзякуючы майстэрству будаўнікоў камяніцы трывалі землятрусы. Горад уражваў сваімі памерамі. На жаль, незразумелае і непатрэбнае звычайна знішчалі, а на руінах, як у выпадку з Куска, уводзілі гарады на еўрапейскі ўзор.
Як бачым, гарадскія паселішчы былі прадуктамі пэўных лакальных цывілізацый. У Кітаі, Маскоўскай Русі, ісламскім свеце, Амерыцы яны яшчэ захоўвалі ў Новы час сваё, уласцівае толькі ім, аблічча.
3. Гарады Беларусі
3.1. Да “крывавага патопу” сярэдзіны ХVII ст.
Гарадскія сцены доўгі час выступалі гарантам бяспекі Вялікага Княства Літоўскага. Аднак са з’яўленнем у Маскоўскай дзяржавы артылерыі, яны станавіліся лёгкай здабычай для ворага. Еўропа адрэагавала на новую небяспеку (артылерыю) умацаваннем гарадоў: узвядзеннем складанай сістэмы абароны на подступах, размяшчэннем у гарадах гарнізонаў рэгулярнага войска, узмацненнем улады каралёў (усталяваннем абсалютнай манархіі), якія бралі пад абарону гараджанаў. У ВКЛ гэтага не зрабілі ці не паспелі зрабіць. У выніку нашы продкі зрабіліся безабароннымі перад агрэсіўнымі суседзямі і мусілі пайсці на унію ВКЛ з Польскай Каронай і ўтварэнне Рэчы Паспалітай (Люблінская унія 1569 г.).
Падчас Контррэфармацыі (з 1560-х гг.), Лівонскай вайны (1558–1583) і пасля Люблінскай уніі ВКЛ страціла гарады Валыні, Падоліі і Кіеўшчыны, далучаныя да Польскай Кароны, а таксама Смаленск, захоплены Масковіяй. Многія гарады спустошыла вайна. Адным з найбуйнейшых гарадоў быў Полацк, дзе кіпела грамадскае жыццё, квітнела беларуская асвета і культура. Гэта быў багаты горад, які гандляваў з многімі краінамі свету, яго ўпрыгожвалі замкі і храмы. Калі рускія цары нападалі на беларускія землі, яны найперш рабавалі гарады. У 1563 г. Іван Жахлівы ўзяў Полацк і загадаў утапіць у Заходняй Дзвіне ўсіх яўрэяў з іх сем’ямі, а майстроў перавёз у Маскву. Такі сумны лёс напаткаў і шмат іншых беларускіх гарадоў.
Аднак усё гэтыя выпрабаванні не спынілі эканамічнага і культурнага развіцця ліцвінскіх гарадскіх паселішчаў. Яны ўсё больш уцягваліся ў агульнаеўрапейскі рынак. На пачатку ХVI ст. Еўропа перайшла на пераважна расліннае харчаванне. З другой паловы ХVI ст. урбанізаваным раёнам Заходняй Еўропы стала ўсё цяжэй задавальняць свае запатрабаванні ў харчаванні, асабліва ў неўраджайныя гады. Неўраджай 1555–1556 гг. выклікаў увоз значнай колькасці збожжа, цэны на якое пастаянна раслі. Заходнееўрапейскія гарады сталі надзейным рынкам збыту для сельскагаспадарчай прадукцыі. Тым скарысталіся ўладальнікі маёнткаў Балтыйскага рэгіёну, што за Эльбай. Яны разумелі, што іх прыбыткі ад гандлю збожжам павялічацца пры ўмове наяўнасці ў гаспадарцы таннай рабочай сілы і павышэння арганізацыі працы. Так яно і сталася. Мясцовыя землеўладальнікі, ужыўшы сваё феадальнае права, узмацнілі прыгон. У ВКЛ гэтай мэце паслужыла першая ў краі аграрная рэформа, праведзеная ў 1557 г. Курфюрсты Брандэнбурга, герцагі Мекленбурга, Памераніі, Прусіі, каралі Польскай Кароны і ВКЛ не мелі моцы абараніць сялянаў ад прыгоннага ўціску, дый самі манархі былі землеўладальнікамі. У сярэдзіне ХVII ст. склаўся своеасаблівы “камерцыйны” тып феадальнай гаспадаркі, на чым фантастычна ўзбагаціліся буйныя аграрыі.
Рост прыбытковасці сельскай гаспадаркі спрыяў палацаваму будаўніцтву і урбанізацыі краю. Колькасць прыватнаўласніцкіх гарадскіх паселішчаў павялічвалася. Асабліва пашырыліся маленькія stetchen – мястэчкі. У 1588 г. права заснавання мястэчак на ўласнай зямлі атрымаў кожны шляхціч і кожная царкоўная ўстанова. Мястэчкі, як і гарады, падзяліліся на княжацкія і прыватнаўласніцкія – у залежнасці ад таго, на чыёй зямлі знаходзіліся. Калі ў ХV– ХVI стст. на тэрыторыі Беларусі налічвалася больш за 200 мястэчкаў (пераважна дзяржаўных), то ў ХVI– ХVII стст. – ужо каля 400 (пераважна прыватнаўласніцкіх). Іх росквіт прыходзіўся на перыяд ад другой паловы ХVI ст. да сярэдзіны ХVII ст. Гэта быў якраз той час, калі беларускае збожжа ў масавым парадку пайшло на экспарт. Спачатку яно дастаўлялася галандскім купцам у Гданьск (Данцыг), потым – у Амстэрдам, а адтуль разыходзілася па ўсёй Еўропе.
Прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі выконвалі функцыю зборных пунктаў для фармавання аптовых партый збожжа, сабранага з палеткаў землеўладальнікаў і прызначанага на экспарт. У 1539 г. вялікі князь Жыгімонт Стары дараваў феадалам права браць пад апеку яўрэяў і сяліць іх у сваіх новых гарадскіх паселішчах. Раней, паводле прывілея Вітаўта 1388 г., іудзеі маглі быць толькі падданымі вялікага князя. Мясцовыя землеўладальнікі атрымалі выгоду, бо яўрэйскія купцы-пасярэднікі забяспечвалі рэалізацыю сельскагаспадарчай прадукцыі, а паны мелі магчымасць бестурботна бавіць час.
Большасць мястэчак узнікла на захадзе, дзе меліся зручныя сувязі з еўрапейскімі рынкамі. Але і на ўсходзе ўцягваліся ў еўрапейскі гандаль праз сістэму рэк і гужавы транспарт. Еўрапейскі уплыў канчаўся межамі басейна Дняпра і Заходняй Дзвіны, басейн Волгі меў дачыненні ўжо да паўднёвага, мусульманска-азіяцкага свету. А Беларусь была цалкам неразрыўнай часткай еўрапейскага эканамічнага арганізма. Калі яе рэкі выступалі капілярамі, то мястэчкі – своеасаблівымі лімфатычнымі вузельчыкамі гэтага арганізма.
Мястэчкі былі добрымі сувязнымі і на ўнутраным рынку. Адлегласць паміж імі складала 12–30 км, таму кожнае рэальна ахоплівала сваім уплывам акругу ў радыусе не больш за 15 км. Гэта была якраз тая адлегласць, якую вясковец мог лёгка пераадолець за дзень. Праз мястэчкі здабыткі вясковай працы паступалі ў мясцовыя гарады. А гарады ў сваю чаргу выкарыстоўвалі мястэчкі ў якасці пасярэднікаў для збыту прамысловых вырабаў сярод вяскоўцаў. У выніку маленькiя беларускія вёсачкi (дзесятак хацiн) уцягваліся ў таварна-грашовыя адносіны і патраплялі ў эканамічнае падпарадкаванне гарадам. Наяўнасць мястэчак надзейна сведчыла пра камерцыялізацыю сельскай гаспадаркі.
Мястэчкі прэзэнтавалі лакальную культуру, якая духоўна ўзбагачала гарады, і служылі для гарадоў каналам для напаўнення вясковага асяродка “гарадской свядомасцю” і культурай ужо іншага кшталту. Дзякуючы мястэчкам кожная беларуская вёска станавілася часцінкай агульнабеларускай культурнай прасторы на чале з гарадамі.
Па сваёй грамадскай ролі мястэчкі мала чым саступалі гарадам. Не выпадкова, што, паводле Бельскага сейма 1564 г., яны атрымалі нароўні з гарадскімі цэнтрамі магчымасць (хоць бы тэарэтычную) набываць магдэбургскае права і вызваляцца з-пад апекі феадалаў.
Вылучаліся мястэчкі своеасаблівым выглядам. Яго цэнтрам была базарная плошча, побач з якой на самым высокім месцы знаходзіліся царква і касцёл, будынак мясцовага кіравання, некалькі крамак з таварамі для сялянскага хатняга ўжытку. Галоўная вуліца была шырэйшая за іншыя, часам брукаваная. На ўездзе у мястэчка размяшчаліся пастаялы двор і карчма. На перакрыжаванні дарог ставілі велізарнае распяцце. У цэнтральнай частцы месціліся некалькі добрых дамоў, якія належалі святарам і буйным гандлярам. Крыху воддаль жылі і працавалі рамеснікі. Ускраіны займалі сялянскія гаспадаркі.
Падобная урбаністычная мадэль у ХV–ХVIІІ стст. існавала па ўсёй Цэнтральнай і Заходняй Еўропе. Гарады служылі этапнымі пунктамі на гандлёвых дарогах. У Германіі, напрыклад, stetchen (гарадкі) нагадвалі нашы мястэчкі. Аднак па канцэнтрацыі гарадскога насельніцтва Беларусь саступала Заходняй Еўропе з яе буйнымі прыморскімі портамі і сталіцамі. Умовы для росту буйных гарадоў на беларускіх землях, якія не мелі выхаду да мора, не існавала. Землеўладальнікі і іх коміваяжоры імкнуліся абмінуць буйныя гарады, звычайна княжацкія ці дзяржаўныя, каб прадаць збожжа непасрэдна галандскім купцам у Гданьску. У выніку такой эканамічнай палітыкі аграрыяў, якія абапіраліся на ўласныя невялікія гарады, найвялікшыя гарадскія цэнтры ВКЛ пазбаўляліся найбольш прыбытковага аптовага ганлю. Не спрыяла іх узбагачэнню і беднасць мясцовага сельскага насельніцтва. Таму нават буйныя гарады ВКЛ, у параўнанні з заходнееўрапейскімі, заставаліся небагатымі і не набывалі палітычнай вагі.
Ёсць яшчэ адна цікавая адметнасць. Калі гарадскія паселішчы на Захадзе ў ХVI – пачатку XVII ст. падпадалі пад апеку каралёў, то незалежнасць беларускіх гарадоў ад дзяржавы толькі ўзрастала. Балазе ўлада літоўскіх князёў была абмежаваная і слабая.
У ВКЛ свавольства феадалаў у прыватнаўласніцкіх гарадах сумяшчалася з высокай прававой абароненасцю гараджанаў магдэбургскіх гарадоў. Да канца XVIIІ ст. магдэбургскае права займелі практычна ўсе беларускія гарады і шэраг мястэчак. На працягу XІV–XVII стст. назіралася тэндэнцыя да пашырэння юрыдычных правоў і эканамічных прывілеяў гараджанаў, якія знаходзіліся пад магдэбургскай юрысдыкцыяй. Па правой абароненасці гараджане ВКЛ не тое што не саступалі заходнееўрапецам, але нават пераўзыходзілі іх. На думку прафесара гісторыі права Язэпа Юхо, выбарны, незалежны ад адміністрацыі гарадскі суд меў задачай служыць інтарэсам не толькі дзяржавы, але і асобных людзей, абараняць правапарадак нават ад органаў дзяржаўнай улады. Такі радыкальны паварот у прававой тэорыі і поглядах на ролю суда, які меў месца ў грамадстве Беларусі XVI ст., пачаў ажыццяўляцца ў Заходняй Еўропе толькі ў XVII–XVIIІ стст.
Падчас пашырэння магдэбургскага права адбывалася фармаванне заможнай вярхушкі гараджанаў – гарадскога патрыцыяту. Паводле падлікаў беларускіх даследчыкаў, яго колькасць складала каля 5% ад усіх мяшчанаў, а доля мяшчанаў сярэдняга дастатку даходзіла да 40–50%. Гэта значыць, што больш за палову насельнікаў гарадоў жылі бязбедна і мелі магчымасць фундаваць гарадскую культуру, падтрымоўваць Царкву. Асабліва шчыравалі прадстаўнікі муніцыпальнай бюракратыі. У якасці прыкладу можна назваць Мамонічаў (Вільня), на грошы якіх друкаваліся кнігі Ф. Скарыны. У Полацку мецэнатамі выступалі Міхновічы, Цыгановічы, Спегальскія.
Бедная частка гараджанаў магла разлічваць на дапамогу. У шэрагу гарадоў Беларусі ствараліся прытулкі, шпіталі, начлежкі для бедных, хворых, жабракоў і бяздомных любога саслоўя і полу. Падчас эпідэмій, голаду, войнаў колькасць жабракоў павялічвалася, і гарадскія ўлады мусілі прымаць меры дзеля забеспячэння парадку.
Як ні прыкра, але ў ВКЛ гарадская рэформа па ўзор магдэбургскага права поўнасцю так і не рэалізавалася. Можна вылучыць тры асноўныя прычыны.
1. Перашкаджалі рэлігійныя супярэчнасці. Яўрэйскія кагалы ў некаторых гарадах не падпадалі пад юрысдыкцыю магдэбургскага права, а мелі права на самакіраванне. Яўрэям дазвалялася пасяляцца толькі ў феадальных юрыдыках, хоць ў Рэчы Паспалітай, галоўным прытулку яўрэяў, гета фармальна адсутнічалі. Там з 1265 г. дзейнічалі ахоўныя каралеўскія граматы для яўрэяў: яны мелі не толькі ўласную аўтаномію, але і ўласны парламент – Савет чатырох земляў. Пэўную дыскрымінацыю цярпелі праваслаўныя: іх цяснілі католікі. Візантыйскі дэспатызм і лацінская інквізіцыя часам бралі верх над нямецкім рацыяналізмам.
2. Мясцовыя гарады былі эканамічна менш магутныя ў параўнанні з заходнееўрапейскімі, каб поўнасцю рэалізаваць магдэбургскае права. Гэта было вынікам аграрнай спецыялізацыі нашага рэгіёну ў рамках сусветнага рынку, які складваўся ў XVI ст.
3. Перашкаджалі няспынныя войны, асабліва з Маскоўскай дзяржавай. Не выпадкова пашыранасць і паўната магдэбургскага права змяншаліся ў напрамку з захаду на ўсход, у бок Масковіі, дзе магдэбургскага права не існавала зусім. Беларускія землі ўтваралі своеасаблівую пераходную зону паміж дэспатычнай царскай дзяржавай і краінамі Заходняй Еўропы, у якіх адбывалася дэмакратызацыя.
4. Не было пераадоленае супрацьстаянне шляхты. У ХVII cт. гарады сталі яшчэ больш залежнымі ад феадалаў. У 1641 г. апошнія, паводле звестак гродзенскага гісторыка В. Галубовіча, дамагліся таго, што магдэбургскае права не распаўсюджвалася на беглых сялянаў, якія хаваліся ў гарадах. У сувязі з гэтым шляхта часта судзілася з магістратамі. Не варта забывацца і на тое, што прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі на феадальных землях уваходзілі ў склад феадальных маёнткаў нароўні з замкамі, дварамі і фальваркамі.
Гэта азначае тое, што і ў больш позні перыяд, у XVI – першай палове XVIІ ст., эканамічна самадастатковыя і свабодныя гарады ў Беларусі поўнасцю не сфармаваліся.
У сярэдзіне ХVII cт. на беларускіх землях налічвалася 467 гарадоў і мястэчак. Пашыралася брукаванне вуліц, што узніклі ў ХVI ст., хоць большасць з іх мела драўляныя маставыя. Адбываліся змены ў гарадской забудове. Ранейшая радыяльна-прамянёвая планіровачная сістэма, калі ў цэнтры знаходзіўся замак-крэпасць, замянялася прастакутнай мадэллю, калі цэнтральнае становішча займала прастакутная рынкавая плошча, а гарадскія вуліцы разыходзіліся ад яе паралельна ці перпендыкулярна адна адной. Беларускі горад набываў еўрапейскі выгляд. Яго дамінантай станавіўся гандаль – базарная плошча, абстаўленая храмамі. Стары замак страчваў абарончае значэнне і ператвараўся ў культурны сімвал горада. У сувязі з гэтымі зменамі ў Вільні, Гародні, Мінску, Слуцку і іншых гарадах у ХVI ст. узнікалі новыя гістарычныя цэнтры пад такімі назвамі, як Новы замак у супрацьвагу Старому, Верхні горад у супрацьвагу Нізкаму.
Пад уплывам рэнесансавых гарадоў Захаду развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі, з’яўляліся вуліцы калідорнага тыпу. На іх фасадамі выходзілі ўсе шчыльна пастаўленыя дамы. Паглыбленні і іншую аздобу фасадаў замазвалі белай вапнай. Гэта стварала бела-чырвоную гаму, якая надавала камяніцам з чырвонай цэглы асаблівую святочнасць і адметнасць. У барочных будынках, узведзеных з канца ХVI – пачатку ХVIІ ст., цагляныя сцены звычайна тынкавалі. Практычна ўсе каталіцкія храмы беларускіх гарадоў, што захаваліся да нашага часу, пабудаваныя ў стылі барока.
Сацыяльнай апорай Адраджэння у ВКЛ была шляхта, а не гараджане, як у Заходняй Еўропе. Таму яго ўплыў на гарадскія паселішчы меў абмежаваны характар. Не паспелі замацавацца ў гарадах і ідэі Рэфармацыі. Тым не менш, уздзеянне ідэй Захаду пашыралася на мяшчанскую вярхушку гараджанаў. Гарады станавіліся цэнтрамі адукацыі. Адкрываліся шматлікія школы, у тым ліку і школы праваслаўных брацтваў мяшчанаў. Гэтыя аб’яднанні займаліся мецэнацтвам, мелі цэрквы, шпіталі, друкарні, брацкія дамы для сваіх сходаў. Масавае перасяленне збяднелай шляхты ў гарады напрыканцы ХVI ст. павялічыла культурны ўплыў вышэйшага саслоўя на гарадскі патрыцыят.
Заможныя сем’і запрашалі вучыць дзяцей вандроўных настаўнікаў, слуг (накшталт гувернантаў), манахаў. Падчас Контррэфармацыі адукацыю ў свае рукі імкнуўся захапіць касцёл. Назіралася клерыкалізацыя адукацыйнага працэсу. У 1579 г. была заснаваная Віленская езуіцкая акадэмія – першая вышэйшая навучальная ўстанова ў краі. Славяна-грэка-лацінская акадэмія ў Маскве адкрылася толькі ў 1643 г. З другой паловы ХVI ст. у мяшчанскіх сем’ях з’явіліся кнігі, а на пачатку ХVII ст. ужо існавалі значныя мяшчанскія кнігазборы. Асабліва вялікія былі бібліятэкі мяшчанаў, якія займаліся выкладчыцкай дзейнасцю: Мілеція Сматрыцкага, Андрэя Дабжанскага, Саламона Рысінскага. Мяшчане пасылалі сваіх сыноў вучыцца за мяжу.
У ХVII ст. у гарадах разгарнулася будаўніцтва касцёлаў. Пад уплывам езуітаў храмы ўзводзілі ў барочным стылі. Склалася нават яго мясцовая адметнасць – віленскае барока. На запрашэнне каралевы Боны Сфорцы з Італіі прыехала цэлая плеяда маладых архітэктараў. Яны так і не вярнуліся на радзіму: іх завабіла прыгажосць мясцовых паненак.
Падчас гарадскіх кірмашоў і на святы наладжваліся тэатралізаваныя відовішчы з удзелам прафесійных артыстаў і аматараў. Акцёры-скамарохі, вядомыя ў беларускіх гарадах з ХІ–ХІІІ стст., вылучаліся ў асобную прафесійную групу, прыроўніваліся да рамеснікаў. Яны вандравалі па ўсёй Рэчы Паспалітай. Прыязджалі і скамарохі з іншых краінаў (Венгрыі, Прусіі). Гараджанаў забаўлялі валачобнікі, лялечнікі, дрэсіроўшчыкі мядзведзяў. Пераапрананне і адзяванне масак ператваралі гулянні ў своеасаблівую мясцовую форму народных карнавалаў. Ініцыяваныя Каталіцкай царквой школьныя тэатры давалі прадстаўленні на гарадскіх плошчах.
Панавала пэўная бестурботнасць. У першай палове ХVІІ cт. улады ВКЛ клапаціліся пра абароназдольнасць гарадоў толькі на ўсходніх межах краіны. Умацоўваліся Смаленск, Полацк, Дынабург, а вось пра ўмацаванне павятовых і ваяводскіх гарадоў Цэнтральнай і Заходняй Беларусі гаворкі ўвогуле не вялося. Усе яны калі і мелі, то пераважна драўляныя ўмацаванні: рэдуты – з дубу, вежы – з сасны. Фартыфікацыйныя сістэмы будаваліся толькі ў гарадах на памежжы з Маскоўскай дзяржавай. Старажытныя рымляне таксама ўзводзілі гарадскія сцены толькі ў памежных гарадах – і дорага за гэта заплацілі. Паплаціліся праз такую безадказнасць і абываталі ВКЛ.
3.2. Пасля “крывавага патопу” сярэдзіны ХVII ст.
Працэс вэстэрнізацыі і урбанізацыі ВКЛ быў гвалтоўна перарваны вайной з Расіяй у сярэдзіне ХVІІ ст. (1654–667 гг.). Яе вынікі сталі трагічнымі. Паводле звестак гісторыка Генадзя Сагановіча, на землях Беларусі ў яе сучасных межах ацалела ўсяго 47% жыхароў, а ў гарадах – толькі 45%. Фізічныя вынішчэнні, эпідэміі, палон… Не выпадкова гэтая вайна ўвайшла ў гісторыю як “крывавы патоп”. Да ваеннага ліха дадаліся эканамічныя цяжкасці на аграрным рынку. З сярэдзіны ХVІІ ст. заняпаў гандаль збожжам праз Гданьск. Пасля эпідэміі чумы ў 1664–1665 гг. гэты горад страціў значную колькасць насельніцтва, адпаведна і гандлёвых абаротаў. Ваенныя дзеянні на Захадзе, канкурэнцыя Галандыі і Англіі таксама не спрыялі экспарту збожжа, які сілкаваў мясцовыя гарады.
Достарыңызбен бөлісу: |