Акадэмiя кipaвання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь Cicтэма адкрытага навучання


ТЭМА 2. ФАНЕТЫЧНЫЯ, АРФАЭПІЧНЫЯ, ГРАМАТЫЧНЫЯ, СТЫЛІСТЫЧНЫЯ І ІНШЫЯ АСАБЛІВАСЦІ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ



бет4/30
Дата05.07.2016
өлшемі1.3 Mb.
#179864
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   30

ТЭМА 2. ФАНЕТЫЧНЫЯ, АРФАЭПІЧНЫЯ, ГРАМАТЫЧНЫЯ, СТЫЛІСТЫЧНЫЯ І ІНШЫЯ АСАБЛІВАСЦІ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Лекцыя 2. Асаблівасці фанетычнай сістэмы сучаснай беларускай мовы. Беларуская графіка. Нормы сучаснага беларускага вымаўлення


Асноўныя паняцці:

фанетыка; фаналогія; агульная фанетыка; прыватная фанетыка; сінхранічная, або апісальная фанетыка; дыяхранічная, або гістарычная фанетыка; супастаўляльная фанетыка; тыпалагічная фанетыка; прыкладная фанетыка; акустычная фанетыка; артыкуляцыйная фанетыка; фанема; літарнае пісьмо; галосныя фанемы; етавыя галосныя; падоўжаныя зычныя; фанетычная транскрыпцыя; транслітэрацыя; знакі транскрыпцыі; арфаэпія; узус; трасянка; прынцып эканоміі энергіі; арфаэпічныя нормы літаратурнага вымаўлення; аканне; яканне; пачатковы гук і пасля цвёрдых зычных; эпентэтычны гук й; вымаўленне гука [г] у беларускай мове; вымаўленне звонкіх і глухіх зычных; вымаўленне зубных зычных с, з; вымаўленне свісцячых і шыпячых зычных; вымаўленне слоў іншамоўнага паходжання; пазіцыйныя чаргавані.

Аб’ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны


У аснове абодвух беларускіх лінгвістычных тэрмінаў ляжыць грэчаскі лексічны кампанент, які кірыліцай перадаецца словам фон, што значыць гук, голас, тон, або найменні дысцыплін фанетыка і фаналогія матывуюцца адпаведным перакладам з грэчаскай мовы, ужывальным у большасці еўрапейскіх моў для назвы навук аб гукавой форме мовы.

Значыць, прадметам вывучэння дадзеных навук служыць менавіта гукавая матэрыя мовы, яе зыходны прыроджаны план выражэння, бо пісьмовая форма з’яўляецца другаснай, часцей за ўсё вытворнай ад гукавой для моў з літарным алфавітам. Знешняе фармальнае падабенства згаданых лінгвістычных тэрмінаў у дадзеным выпадку вынікае з еднасці аб’екта даследавання, які, аднак, у сучасным мовазнаўстве разглядаецца з двух бакоў, або аспектаў, пунктаў гледжання: маўлення і мовы. У нашай маўленчай дзейнасці (акты гаварэння і яго ўспрымання) вылучаецца ўласна маўленне, ці канкрэтныя, успрымальныя нашымі органамі пачуццяў гукі чалавечага голасу, і мова, ці адцягненая, абагульненая з’ява, якая ўяўляе сабой разумовы канструкт і аб’ядноўвае (сінтэзуе) у сябе ўсе тыя стабільныя, канстантныя рысы, што паўтараюцца ў бясконцых актах маўлення, і такім чынам, лучыць іх, нягледзячы на індывідуальны і непаўторны характар кожнага акту, у сацыяльна значымыя, зразумелыя для ўсіх носьбітаў пэўнай мовы, адзінкі.



Фанетыка – гэта навука аб гуках маўлення, а фаналогія – навука аб гуках мовы. Фанетыка вывучае вонкавую членападзельную гукавую матэрыю маўлення, яго дыскрэтныя кампаненты, іх акустычныя і артыкуляцыйныя характарыстыкі, асаблівасці і правілы спалучэння выдзеленых кампанентаў, прасадычныя (націск, мелодыка, інтанацыя, тон і інш.) уласцівасці гукаў і гукавых ланцужкоў маўлення. Фаналогія ж даследуе суадносныя з гукамі чалавечага голаса, але ўжо абстрактныя, адцягненыя мінімальныя адзінкі мовы, якія называюцца фанемамі і характарызуюцца з пункту гледжання тых функцый, што выконваюцца імі ў мове. Так, найбольш частотны гук беларускай мовы а, на яго прыпадае амаль кожны пяты гук нашага маўлення (гл.: КРЫВІЦКІ, ПАДЛУЖНЫ 1984, 21), пры выкарыстанні асобным носьбітам мовы характарызуецца бясконцымі і разнастайнымі індывідуальнымі нюансамі свайго вымаўлення ў залежнасці як ад сваёй пазіцыі ў слове (націскны ці ненаціскны, пачатак, сярэдзіна ці канец слова, акружэнне іншымі гукамі, або дыстрыбуцыя і г.д.), так і ад псіхафізіялагічных уласцівасцяў кожнага асобнага чалавека (пол, узрост, фізічны і псіхічны стан чалавека ў момант маўлення і г.д.). Тым не менш уся бясконцая колькасць вымаўленых, вымаўляемых зараз і сказаных ў будучым варыянтаў гука аб’ядноўваюцца ў адзін інварыянтны кампанент, ці фанему, на аснове найперш сваёй галоўнай дыферэнцыяльнай функцыі ў мове. Такой функцыяй фанемы служыць сэнсаадрознівальная функцыя, з дапамогай якой мы не блытаем словы, а падзяляем іх на выразныя, самастойныя адзінкі са сваім індывідуальным і непаўторным сэнсам, планам зместу.

Гукі нашай мовы з’яўляюцца аб’ёмнымі, шматмернымі адзінкамі, таму навука аб іх, фанетыка, падзяляеца на цэлы шэраг паддысцыплін у залежнасці ад падыходу да таго ці іншага аспекту гэтых адзінак, або пункту гледжання. Так, агульная фанетыка вывучае асаблівасці гукаў чалавечага голасу ўвогуле, незалежна ад пэўнай мовы. Супрацьпастаўляецца і адначасова суадносіцца з ёй прыватная фанетыка, што займаецца апісаннем гукаў канкрэтнай мовы, беларускай, англійскай, чэшскай і г.д. (гл.: ЩЕРБА 1958, 162–167). Дадзеныя паддысцыпліны звязаны паміж сабой, бо агульная фанетыка грунтуецца на матэрыяле тых эмпірычных маўленчых фактаў, што вывучае прыватная фанетыка, якая, у сваю чаргу, выкарыстоўвае тэарэтычныя прынцыпы, устаноўкі, палажэнні і інш., распрацаваныя ў нетрах агульнай фанетыкі. Гукі могуць аналізавацца ў адносінах да пэўнага часу іх выкарыстання і ў адносінах да гістарычна розных прамежкаў часу іх ужывання. У першым выпадку фанетыка называецца сінхранічнай, або апісальнай, у другім – дыяхранічнай, або гістарычнай. Калі гукі голасу адной мовы апісваюцца ў параўнанні з гукамі голасу іншай мовы, то такая фанетыка называецца супастаўляльнай, а калі даследуюцца гукі цэлых моўных сем’яў, то фанетыка называецца тыпалагічнай. Вылучаецца таксама эксперыментальная, ці прыкладная фанетыка


(гл.: ЗЛАТОУСТОВА, ПОТАНИНА, ТРУНИН-ДОНСКОЙ 1986), якая аналізуе гукі з дапамогай разнастайных сучасных тэхнічных сродкаў (асцылографы, кімографы, магнітафоны, рэнтген, фотаапаратура і інш.). Падобныя лабараторыі створаны ў буйнейшых навуковых і вучэбных установах, у прыватнасці, у НАН Беларусі, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і інш. Прыкладная фанетыка апісвае гукі і іх разнастайныя характарыстыкі ў дачыненні да праблем выкладання той ці іншай мовы для больш эфектыўнага засваення яе гукавога плана выражэння і правільнага нарматыўнага вымаўлення гукаў і іх спалучэнняў, напрыклад, якой-небудзь замежнай мовы ці сваёй роднай.

Акустычная фанетыка вывучае гукі з пункту гледжання такіх іх уласцівасцяў, як вышыня, сіла, тэмбр, інтанацыя, мелодыка і г.д. (гл.: ПАДЛУЖНЫ 1977), а артыкуляцыйная фанетыка даследуе гэтыя ж гукі з пункту гледжання месца іх утварэння, дзеяння ўсіх тых фізіялагічных органаў (лёгкія, галасавыя звязкі, язык, зубы, губы, гартань і інш.) чалавека, якія бяруць удзел у спараджэнні гукаў.

Такім чынам, фанетыка беларускай мовы вывучае гукі з розных аспектаў і ў залежнасці ад гэтых аспектаў можа быць і апісальнай (сінхранічнай), і гістарычнай (дыяхранічнай), і супастаўляльнай, і эксперыментальнай, і акустычнай, і артыкуляцыйнай.




Достарыңызбен бөлісу:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   30




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет