Асноўныя паняцці:
Брэсцкі мірны дагавор, Першая Устаўная грамата Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда, Беларуская Народная Рэспубліка, Народны Сакратарыят БНР, Рада БНР, Другая Устаўная грамата БНР, Трэцяя Устаўная грамата БНР, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, аднапартыйная дыктатура бальшавікоў, Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка, Заходняя вобласць (Заходняя камуна), чырвоны тэрор, харчовыя атрады, камбеды, Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, І Усебеларускі з’езд Саветаў, Канстытуцыя БССР 1919 г., Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, “ваенны камунізм”, савецка-польская вайна 1919-1920 гг., Народная рада БНР, Найвышэйшая рада БНР, савецка-літоўскі дагавор 1920 г., Дэкларацыя аб незалежнасці БССР 1920 г., Слуцкае паўстанне, Сярэдняя Літва, Рыжскі мірны дагавор.
Кантрольныя пытанні і заданні:
-
Якім чынам складваліся ваенна-палітычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі ў лютым-сакавіку 1918 г.? Падумайце, чаму германскія войскі здолелі ў кароткі тэрмін часу авалодаць значнымі тэрыторыямі?
-
Якія асноўныя палажэнні Брэсцкага мірнага дагавора 1918 г.?
-
Якія дзяржаўна-палітычныя структуры былі ўтвораны дзеячамі беларускага нацыянальнага руху ў лютым-сакавіку 1918 г.? Якія яны ставілі перад сабой мэты?
-
Калі былі прыняты тры ўстаўныя граматы Беларускай Народнай Рэспублікі? Якія змяшчаліся ў іх палажэнні? Дайце іх характарыстыку?
-
Паспрабуйце растлумачыць, чаму лідэры беларускага нацыянальнага руху ў сакавіку 1918 г. пераходзяць ад ідэі дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі да ідэі поўнай дзяржаўнай незалежнасці?
-
Якія расколы адбыліся вясной 1918 г. у Радзе БНР? Чым яны былі выкліканы? Дайце характарыстыку палітычных пазіцый асноўных беларускіх арганізацый вясной – летам 1918 г.
-
Якія фактары перашкаджалі станаўленню беларускай дзяржаўнасці ў форме БНР?
-
Падумайце, якое значэнне мела абвяшчэнне БНР у гістарычным працэсе станаўлення беларускай дзяржаўнасці?
-
Якія змены адбыліся ў палітыцы Савецкай улады на тэрыторыі ўсходняй Беларусі ў 1918 г.?
-
Якія палітычныя падзеі ў Еўропе абумовілі ануляванне Брэсцкага мірнага дагавору і вывад германскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі?
-
Падумайце, чаму напрыканцы 1918 г. бальшавіцкія ўлады змяняюць сваю пазіцыю адносна беларускага нацыянальнага пытання і ініцыіруюць стварэнне беларускай савецкай дзяржавы?
-
Калі была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка? Якія былі створаны ў ёй органы дзяржаўнай улады?
-
Калі адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў? Вызначце асноўныя спецыфічныя рысы Канстытуцыі БССР 1919 г.
-
Калі функцыянавала ЛітБелССР? Дайце характарыстыку органаў улады гэтай дзяржавы?
-
Падумайце, наколькі самастойнымі ў правядзенні сваёй палітыкі з’ўяляліся органы ўлады ў БССР і ЛітБелССР?
-
Якое значэнне мела абвяшчэнне БССР у 1919 г. і ЛітБелССР у развіцці беларускай дзяржаўнасці?
-
Якія асаблівасці мела сацыяльна-эканамічная палітыка бальшавікоў у канцы 1918 – пачатку 1919 гг.? Растлумачце сутнасць палітыкі “ваеннага камунізму”?
-
Калі пачалася савецка-польская вайна? Якія прычыны яе выклікалі?
-
Дайце характарыстыку асноўных этапаў савецка-польскай вайны. Якое месца ў ваенных падзеях займала тэрыторыя Беларусі?
-
Які характар мела палітыка польскіх уладаў на занятай імі ў 1919 г. тэрыторыі Беларусі?
-
Ахарактарызуйце адносіны беларускага нацыянальнага руху да польскіх уладаў у 1919-1920 гг.
-
Якія палітычныя сілы займаліся арганізацыяй узброенай барацьбы супраць польскіх уладаў на тэрыторыі Беларусі ў 1919-1920 гг.? Чым можна патлумачыць палітычны саюз бальшавікоў з беларускімі эсэрамі?
-
Якія падзеі адбываліся на тэрыторыі Беларусі напрыканцы савецка-польскай вайны? Чым было выклікана перамір’е паміж ваюючымі бакамі ў кастрычніку 1920 г.?
-
Калі быў заключаны савецка-літоўскі мірны дагавор? Якія тэрыторыі Беларусі, паводле яго, адышлі да Літвы?
-
Чым было абумоўлена аднаўленне БССР у ліпені 1920 г.? У якіх тэрытарыяльных межах утваралася гэтая дзяржава?
-
Растлумачце, чаму новае абвяшчэнне БССР выклікала канец саюзу і пачатак канфрантацыі паміж бальшавікамі і БПСР?
-
Калі быў заключаны Рыжскі мірны дагавор? Якім чынам, згодна з ім, была падзелена тэрыторыя Беларусі?
-
Падумайце, якія вынікі меў Рыжскі мірны дагавор у кантэксце развіцця беларускай нацыі і беларускай дзяржаўнасці?
Тэмы дакладаў і рэфератаў:
-
Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі ва ўмовах германскай акупацыі 1918 г.
-
Дзейнасць Рады і ўрадаў БНР у 1918-1925 гг.
-
Палітыка “ваеннага камунізму”: сутнасць, асноўныя накірункі.
-
Беларускі нацыянальны рух ва ўмовах польскай акупацыі 1919-1920 гг.
-
Антыпольскі партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі ў 1919-1920 гг.
-
Слуцкае паўстанне: перадумовы, ход, вынікі.
-
Рыжскі мірны дагавор: гісторыя заключэння, асноўныя вынікі.
Тэма 18: Новая эканамічная палітыка
і палітыка беларусізацыі ў БССР
1. Перадумовы і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі.
2. Эканамічнае развіццё БССР у перыяд нэпа.
3. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1920-я гг.
4. Палітыка беларусізацыі і развіццё культуры ў 1920-я гг.
18.1. Перадумовы і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі.
У выніку войнаў і правядзення палітыкі “ваеннага камунізму” эканоміка Савецкай дзяржавы апынулася ў глыбокім крызісе:
1) Агульны аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці склаў каля 15-20% да ўзроўню 1913 г. К канцу 1920 г. у савецкай частцы Беларусі працавалі з перабоямі толькі 40% буйных прадпрыемстваў, на якіх было занята каля 70% усіх рабочых даваеннага часу.
2) Пасяўныя плошчы скараціліся ў параўнанні з даваенным часам на 1/3, валавыя зборы зерня – напалову, рэзка знізіліся ўраджайнасць і пагалоўе жывёлы.
3) Амаль цалкам быў з-за недахопу паліва паралізаваны чыгуначны і водны транспарт.
4) Адбывалася хуткая інфляцыя, рост цэн.
Усё гэта прывяло да значнага пагаршэння матэрыяльнага становішча насельніцтва. Заработная плата рабочых у прамысловасці складала каля 10-20% даваеннага ўзроўню, насіла пераважна натуральны характар. Рэзка ўзрасло беспрацоўе, якое ў некаторых раёнах дасягала 75%. Многія рабочыя, каб знайсці сродкі да існавання ўцякалі ў навакольныя вёскі, дзе наймаліся на працу. У выніку правядзення харчразвёрсткі сялянская гаспадарка страчвала сувязі з рынкам і мела амаль выключна натуральны характар. Забарона свабоды гандлю разам з празмернай цэнтралізацыяй і дробязнай рэгламентацыяй гаспадарчай дзейнасці садзейнічала росту бюракратызму і хабарніцтва. Велізарных памераў дасягнула кантрабанда.
Палітыка “ваеннага камунізму” выклікала незадаволенасць шырокіх колаў насельніцтва. У 1920-1921 гг. пашыраліся забастоўкі рабочых, накіраваныя на абарону эканамічных інтарэсаў. У розных месцах адбываліся сялянскія выступленні супраць бальшавіцкай улады. У 1921 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі больш за 40 паўстанцкіх атрадаў, у якіх налічвалася звыш 5 тыс. чалавек. Сярод сялянства праводзілі дзейнасць прадстаўнікі палітычных сіл, якія арыентаваліся на Польшчу (прыхільнікі С. Булак-Балаховіча і партыя “Зялёны дуб”), з аднаго боку, а таксама прыхільнікі незалежнасці БНР (найперш БПСР), з другога.
Сітуацыя ўскладнілася пасля правядзення дэмабілізацыі ў Чырвонай арміі ў сувязі з завяршэннем савецка-польскай вайны, а таксама грамадзянскай вайны ў Расіі. Былыя салдаты папаўнялі шэрагі беспрацоўных і маргіналізаваных элементаў. Усё гэта спрыяла ўзрастанню грамадскай незадаволенасці, якая набыла палітычны характар. Апазіцыйныя настроі пранікаюць нават у шэрагі бальшавіцкай партыі. У лютым 1921 г. прайшлі забастоўкі і палітычныя дэманстрацыі ў Петраградзе. У канцы лютага – сакавіку 1921 г. адбываецца паўстанне маракоў у Кранштаце. Усё гэта сведчыла пра палітычны крызіс і стварала істотную небяспеку для бальшавіцкай улады. Бальшавіцкаму кіраўніцтву на чале з У. Леніным удалося задушыць антыўрадавыя выступленні, але разам з тым палітычны крызіс вымусіў яго пайсці на правядзенне рэформ.
На Х з’ездзе РКП(б), які адбыўся ў сакавіку 1921 г. было абвешчана ўвядзенне новай эканамічнай палітыкі (нэп). Яна прадугледжвала наступныя пераўтварэнні:
1) Замена харчразвёрсткі харчовым падаткам, які паступова зніжаўся з 20% прадукцыяй у 1921 г. да 5% грашыма ў 1925 г. (падатак меў прагрэсіўны характар, мелася сістэма ільгот для тых, хто пашыраў пасяўныя плошчы і павялічваў ураджайнасць).
2) Абвяшчэнне свабоды форм землекарыстання ў сельскай гаспадарцы (законнымі прызнаваліся абшчына, калектыўныя гаспадаркі, прыватнае ўладанне ў выглядзе вотрубаў ці хутароў).
3) Дазвол арэнды і наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы.
4) Дазвол прыватнага гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй.
5) Дазвол на стварэнне акцыянерных і камерцыйных банкаў.
6) Дазвол на прыватызацыю і перадачу ў арэнду прыватным асобам і таварыствам дробных і сярэдніх гандлёвых і прамысловых прадпрыемстваў.
7) Дазвол на канцэсіі – здачу ў арэнду прадпрыемстваў замежным фірмам (на Беларусі канцэсіі не былі пашыраны).
8) Дэцэнтралізацыя сістэмы кіравання прамысловасцю: ствараліся трэсты – аб’яднанні прадпрыемстваў пэўнай галіны, якія атрымалі поўную гаспадарчую і фінансавую незалежнасць, а таксама сіндыкаты – аб’яднанні трэстаў на аснове кааперацыі.
9) Заахвочванне розных форм кааперацыі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і гандлі.
10) Зняцце абмежаванняў на павелічэнне заробкаў і перамену месца работы працоўных.
У кантэксце мерапрыемстваў нэпа была праведзена грашовая рэформа 1922-1924 гг., якая прывяла да стабілізацыі валюты.
Такім чынам, новая эканамічная палітыка ўяўляла з сябе сукупнасць мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне эканамічнай сістэмы, якая спалучала пануючую ролю дзяржавы ў рэгуляванні эканамічных працэсаў з развіццём гаспадарчых суб’ектаў розных форм уласнасці, што валодалі адноснай эканамічнай свабодай. Дадзеная палітыка садзейнічала стварэнню рэгулюемай рыначнай эканомікі.
18.2. Эканамічнае развіццё БССР у перыяд нэпа.
Сельская гаспадарка ў перыяд нэпа
Дзякуючы мерапрыемствам нэпа ў сельскай гаспадарцы аграрная вытворчасць на 1925/26 гг. у агульным дасягнула даваеннага ўзроўню. Пераважала развіццё жывёлагадоўлі з малочным і свінагадоўчым ухілам. Значныя плошчы займалі пасевы тэхнічных культур. Некалькі палепшылася матэрыяльнае становішча сялянства.
Увядзенне нэпа супала па часе з рэалізацыяй дэкрэта аб зямлі. Аднак пры пераразмеркаванні нацыяналізаваных зямель толькі 23% было перададзена сялянам, астатняе перайшло ў дзяржаўны і лясны зямельны фонд, было перададзена саўгасам і сельскагаспадарчым кааператывам. У выніку сярэдняя забяспечанасць аднаго двара зямлёй заставалася амаль на ранейшым узроўні: да 1917 г. на адзін двор прыходзілася 8,35 дзесяціны зямлі, у 1924 г. – 8,41 дзесяціны.
Малазямелле сялянства павялічвалася ў выніку спынення ранейшай эміграцыі (забарона выезду за мяжу) і перасялення ў горад (крызіс у прамысловасці), натуральнага росту насельніцтва і пасямейных раздзелаў. Землезабяспечанасць сярэдняй беларускай сялянскай гаспадаркі была ніжэй сярэдняй па СССР на 1/3. Большасць гаспадарак мелі паўнатуральны характар і не валодалі сродкамі для ўкаранення новых спосабаў вядзення гаспадаркі, мелі нізкую пакупніцкую здольнасць. У параўнанні з даваенным часам таварнасць сельскай гаспадаркі знізілася ўдвая.
У перыяд нэпа дзяржаўныя ўлады рабілі стаўку на развіццё сялянскай гаспадарчай ініцыятывы ў справе развіцця сельскай гаспадаркі. Сельскагаспадарчая палітыка ў БССР у 1925-1928 гг. абазначаецца тэрмінам “прышчэпаўшчына”. Д.Ф.Прышчэпаў, народны камісар земляробства БССР, быў прыхільнікам стварэння хутароў і невялікіх пасёлкаў. У выніку правядзення землеўпарадкавання на 1928 гг. каля 25% сялян перайшлі на хутары і водрубы.
У перыяд нэпа адбываецца пашырэнне сельскагаспадарчай кааперацыі, якая развівалася галоўным чынам у крэдытнай сферы, забеспячэнні і збыце прадукцыі вытворчасці. Да кастрычніка 1927 г. ступень кааперавання дасягнула 37% сялянскіх гаспадарак. Стварэнне вытворчых калектыўных гаспадарак ішло павольнымі тэмпамі, нягледзячы на дзяржаўную падтрымку. Калектыўныя гаспадаркі ў гэты час мелі тры асноўныя формы:
- камуны (адбывалася поўнае абагульненне маёмасці);
- арцелі (адбывалася абагульненне зямлі, працоўнай жывёлы, сельскагаспадарчага інвентару і гаспадарчых пабудоў, пры захаванні ў асабістым карыстанні прысядзібных надзелаў, дробных прылад працы, хатняй жывёлы);
- таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі (абагульнялася толькі зямля).
Прамысловасць і гандаль.
У ходзе правядзення нэпа паступова ішло аднаўленне прамысловасці. Да 1927 г. валавая прадукцыя буйной прамысловасці перавысіла ўзровень 1913 г. Была адноўлена палова буйных прадпрыемстваў, што дзейнічалі да Першай сусветнай вайны, колькасць рабочых дасягнула 94% ад даваеннага ўзроўню. Амаль усе прадпрыемствы буйной прамысловасці з’яўляліся дзяржаўнымі. Згодна з прынцыпамі нэпа, да канца 1922 г. дзяржаўная прамысловасць Беларусі была пераведзена на дзяржразлік. Да верасня 1924 г. было арганізавана 9 трэстаў у БССР. Праводзілася электрыфікацыя гаспадаркі. У 1925-1926 гг. у Беларусі дзейнічала 40 электрастанцый.
Адбывалася аднаўленне дробнай і саматужна-рамесніцкай прамысловасці. У 1927 г. дзейнічала 85,7% ад даваеннай колькасці прадпрыемстваў дадзеных тыпаў. На 1926 г. на іх было занята 73% рабочых, выраблялася 58% валавай прадукцыі усёй прамысловасці. Большую частку дробнай вытворчасці складаў недзяржаўны сектар (прыватныя прыдпрыемствы і арэнда). Адбывалася развіццё прамысловай кааперацыі. Дзейнасць прыватных прадпрыемстваў абмяжоўвалася і рэгулявалася дзяржавай. Іх патрэбы ў абсталяванні, матэрыялах, атрыманні крэдытаў у апошнія гады існавання нэпа задавальняліся ў апошнюю чаргу, да таго ж, прыватныя прадпрыемствы выплочвалі вялікія падаткі. Таму ўдзельная вага прыватнай прамысловасці паступова зніжалася.
Асноўнымі галінамі прамысловасці БССР заставаліся харчовая, дрэваапрацоўчая, папяровая, металаапрацоўчая, гарбарная, шкляная.
У выніку прамысловага росту некалькі палепшылася матэрыяльнае становішча рабочага класа. Аднак у цэлым яно заставалася цяжкім. Даволі высокім быў узровень беспрацоўя.
Такім чынам, нягледзячы на аднаўленне эканомікі ў перыяд нэпа, у цэлым яна па-ранейшаму мела аграрны характар. Удзельная вага сельскай гаспадаркі ў вытворчасці БССР склала 71,6%, прамысловасці – 22,3%. Каля 89% насельніцтва жыло ў вёсцы. Узровень сельскай гаспадаркі заставаўся нізкім: у выніку малазямелля сялянства гаспадарка мела паўнатуральны характар, вяляася пераважна пры дапамозе прымітыўнай тэхнікі. У прамысловасці пераважала дробная і рамесна-саматужная вытворчасць, якая базіравалася на мясцовай сыравіне. Усё гэта востра ставіла пытанне пра эканамічную мадэрнізацыю краіны.
18.3. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1920-я гг.
У 1920-я гг. ва ўсходняй Беларусі, як і ў цэлым у Савецкай дзяржаве адбываецца станаўленне аўтарытарнага палітычнага рэжыму. Яго спецыфікай выступае ўстанаўленне пануючага статусу бальшавіцкай партыі (РКП(б), з 1925 г. – ВКП(б) (Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў), якая ўзяла пад кантроль усё палітычнае жыццё і фактычна ліквідавала ўсялякую легальную палітычную апазіцыю. Разам з тым дапускалася магчымасць праяўлення адноснай свабоды ў іншых сферах грамадскага жыцця: навуцы, культуры і г.д. Устанаўленне манаполіі бальшавіцкай партыі на ўладу не выключала адкрытай палітычнай барацьбы ўнутры самой партыі за ўладу ў гэты перыяд. Асаблівай вастрыні яна дасягнула пасля смерці У. Леніна ў студзені 1924 г.
30 снежня 1922 г. на X Усерасійскім з’ездзе Саветаў (ён жа І Усесаюзны з’езд Саветаў) былі ўхвалены Дэкларацыя і Дагавор пра стварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Новая дзяржава стваралася як федэрацыя чатырох савецкіх рэспублік: Расійскай Федэрацыі, Украіны, Закаўказскай Федэрацыі і БССР. Потым да іх на працягу 1920-1930-х гг. далучыліся іншыя саюзныя рэспублікі (у 1940 г. іх налічвалася 16). Да кампетэнцыі саюзнага ўрада адносіліся пытанні знешняй палітыкі, фінансаў, узброеных сіл, шляхоў зносін, сувязі, а таксама выпрацоўка агульных правілаў палітычнага і эканамічнага жыцця (агульнае планаванне народнай гаспадаркі і кіраўніцтва ёю, зацвярджэнне агульнасаюзнага бюджэту, функцыянаванне агульнай крэдытнай і грашовай сістэмы і г.д.). Вырашэнне астатніх пытанняў заставалася за ўрадамі рэспублік. Асноўныя палажэнні Дагавора былі зацверджаны першай Канстытуцыяй СССР 1924 г. Фактычная аўтаномія асобных рэспублік ад самага пачатку была абмежаванай. Уся рэальная ўлада была сканцэнтравана ў руках партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва ў Маскве.
Падзел Беларусі паміж Польшчай і Савецкай Расіяй пасля 1921 г. абумовіў актыўнае выкарыстанне бальшавіцкімі ўладамі ў сваіх палітычных інтарэсах беларускага нацыянальнага пытання. Рабіліся намаганні паказаць, што нацыянальныя патрэбы ў Савецкай дзяржаве задаволены ў большай ступені, чым у Польшчы. Вынікам гэтага стала ўзбуйненне БССР за кошт ўсходнебеларускіх зямель. У сакавіку 1924 года да БССР было далучана 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай (былой Магілёўскай) і Смаленскай губерняў. У снежні 1926 г. да БССР адышлі Гомельскі і Рэчыцкі паветы. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася больш чым у два разы. У 1924-1927 гг. была праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, паводле якой тэрыторыя БССР была падзелена на 10 акруг, якія ў сваю чаргу падзяляліся на 10 раёнаў. У межах кампактнага пражывання нацыянальных меншасцяў ствараліся нацыянальныя Саветы (яўрэйскія, польскія, рускія, латышскія, нямецкія, украінскія).
5-12 красавіка 1927 года на чарговым VIII з’ездзе Саветаў БССР была прынята новая Канстытуцыя БССР. Яна юрыдычна замацавала факт уваходжання БССР у склад СССР і вызначыла правы БССР у складзе СССР: самастойна прымаць канстытуцыю, уносіць у яе змены, ствараць вышэйшыя органы ўлады і кіравання, вызначаць адміністрацыйны падзел. Былі дэклараваны грамадзянскія і палітычныя правы грамадзян, аднак указваліся іх абмежаванні у адносінах “эксплуататарскіх элементаў” (тых, хто выкарыстоўваў наёмную працу) (апошнія, пазбаўляліся права ўдзелу ў выбарах, займання дзяржаўных пасад, абмяжоўвалася іх права паступлення ў ВНУ і г.д.). Праца абвяшчалася абавязкам усіх грамадзян. Вышэйшым органам улады з’яўляўся Ўсебеларускі з’езд Саветаў. Паміж з’ездамі вышэйшую заканадаўчую ўладу ажыццяўляў ЦВК Саветаў, а выканаўчую – сфарміраваны ім СНК БССР. Дзяржаўнымі мовамі былі зацверджаны беларуская, руская, польская і яўрэйская. Мовай міжнацыянальных зносін вызначалася беларуская.
Рэальная палітычная ўлада ў БССР належала кіраўніцтву Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, якая фактычна кантралявала дзейнасць усіх дзяржаўных органаў улады. Рэзка павялічвалася колькасць членаў КП(б)Б: за 1922-1929 гг. яна ўзрасла з 5 да 33 тыс. чалавек. Маскоўскае кіраўніцтва ўважліва сачыла за сітуацыяй у кампартыях рэспублік. Рэгулярна ў нацыянальныя рэгіёны СССР дасылаліся партыйныя работнікі з цэнтра.
Саветы ў гэты перыяд канчаткова пераўтварыліся ў фармальныя органы ўлады; іх дзейнасць практычна цалкам кантралявалася партыйнымі органамі. Разам з тым у перыяд нэпа рабіліся спробы павысіць ролю Саветаў у вырашэнні пытанняў мясцовага гаспадарчага і культурнага жыцця, падатковай палітыкі. Прафсаюзы і іншыя грамадскія арганізацыі таксама пераўтвараліся ў дадатак дзяржаўна-адміністрацыйнага апарату.
У першай палове 1920-х гг. бальшавікам, дзякуючы поспехам нэпа, удалося задушыць антыўрадавыя ўзброеныя выступленні. У 1922 г. у БССР было адменена ваеннае становішча. Бальшавіцкія ўлады шляхам палітыкі лавіравання і рэпрэсій дамагліся ліквідацыі легальнай палітычнай апазіцыі. У 1921 г. пад націскам улад “самаліквідаваўся” Бунд, у 1923 г. – БСДП, у 1924 г. – БПСР.
Такім чынам, у 1920-я гг. адбывалася далейшае развіццё беларускай дзяржаўнасці ў форме БССР, якая ў дадзены перыяд істотна пашырыла сваю тэрыторыю і атрымала замацаваны прававым шляхам аўтаномны статус у складзе СССР. У гэты перыяд фарміруецца аўтарытарны аднапартыйны палітычны рэжым.
18.4. Палітыка беларусізацыі і развіццё культуры ў 1920-я гг.
Выкарыстанне бальшавіцкімі ўладамі беларускага нацыянальнага пытання працягвалася і пасля ўзбуйнення БССР і адлюстравалася ў палітыцы беларусізацыі, пра якую афіцыйна было абвешчана ў ліпені 1924 г.
Палітыка беларусізацыі мела вызначаныя накірункі:
- перавод справаводства на беларускую мову (пры гэтым наладжвалася абавязковае вывучэнне дзяржаўнымі служачымі беларускай мовы);
- перавод адукацыйных устаноў на беларускую мову;
- вылучэнне на кіруючыя пасады ў дзяржаўных і мясцовых органах улады мясцовых ураджэнцаў (палітыка “карэнізацыі”);
- падтрымка развіцця беларускай культуры і ўсебаковага навуковага вывучэння Беларусі, яе гісторыі, эканомікі і г.д.
Палітыка беларусізацыі мела значныя вынікі:
- беларуская мова заняла пануючае месца ў дзяржаўным справаводстве, часткова нават уводзілася ў часцях Чырвонай арміі на тэрыторыі БССР;
- замацаванне беларускай мовы ў сістэме агульнаадукацыйнай школы (да 1928 г. каля 80% школ было пераведзена на беларускую мову навучання);
- павелічэнне долі асоб беларускай нацыянальнасці ў сістэме дзяржаўнага апарату (на 1927 г. сярод кіраўнікоў акруговага і раённага маштабу яна складала 48%);
- хуткае развіццё краязнаўства, беларускай мастацкай літаратуры, тэатру, іншых форм беларускамоўнай культуры.
У выніку беларусізацыі ўзрасла нацыянальная свядомасць беларускага насельніцтва, што істотна паскорыла працэс фарміравання беларускай нацыі.
Беларусізацыя мела пазітыўныя вынікі для палітычнай стабілізацыі. Гэта выклікала змены ў адносінах да Савецкай дзяржавы з боку прадстаўнікоў беларускага нацынальнага руху як у самой Беларусі, так і ў эміграцыі. У іх асяроддзі пачынае набываць папулярнасць ідэя падтрымкі беларускай дзяржаўнасці ў савецкай форме. На ІІ канферэнцыі Рады БНР у Берліне ў 1925 г. яе лідэры на чале з А. Цвікевічам абвясцілі аб самароспуску Рады БНР і прызнанні БССР адзінай формай беларускай дзяржаўнасці. Многія беларускія эмігранты заявілі пра сваю лаяльнасць да бальшавіцкай улады, вярнуліся ў БССР і прымалі актыўны ўдзел у яе навуковым і культурным жыцці (В. Ластоўскі, А. Цвікевіч, А. Смоліч і інш.).
Правядзенне палітыкі беларусізацыі разглядалася як стратэгічная лінія, галоўным чынам, з боку беларускай часткі партыйнага кіраўніцтва БССР. Большасць партыйна-дзяржаўных кіраўнікоў разглядалі яе як часовы тактычны крок, накіраваны на павышэнне прэстыжу бальшавіцкай улады сярод насельніцтва і нейтралізацыю палітычных праціўнікаў.
У 1920-я гг. у БССР была створана новая адукацыйная сістэма. У яе ўваходзілі наступныя ўзроўні:
- пачатковая адукацыя (чатырохгадовыя школы);
- сярэдняя адукацыя (сямігадовыя школы);
- прафесійна-тэхнічная (прафесійна-тэхнічныя школы) і сярэдняя спецыяльная (тэхнікумы) адукацыя;
- вышэйшая адукацыя (універсітэты і інстытуты).
З 1927 г. было ўведзена ўсеагульнае пачатковае навучанне. У 1928/29 навучальным годзе ў БССР налічваліся 5723 пачатковыя і сярэднія школы, у якіх праходзіла навучанне 79% ад усёй колькасці дзяцей. Паралельна праводзіліся мерапрыемствы па ліквідацыі непісьменнасці для дарослых. У выніку ў другой палове 1920-х гг. ужо больш паловы жыхароў БССР з’яўляліся пісьменнымі.
Для задавальнення патрэб у спецыялістах у розных галінах гаспадаркі і невытворчай сферы пашыралася сетка тэхнікумаў (педагагічных, сельскагаспадарчых, індустрыяльна-тэхнічных, эканамічных і г.д.). У 1928/29 навучальным годзе іх было 32 з 5,5 тыс. навучэнцаў.
У 1920-я гг. у Беларусі адраджаецца сістэма вышэйшай адукацыі. У 1921 г. у Мінску быў адчынены Беларускі дзяржаўны універсітэт. Потым з’явіліся Беларускі дзяржаўны інстытут сельскай і лясной гаспадаркі (1922), Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках (1925), Віцебскі ветэрынарны інстытут (1924). У сярэдзіне 1920-х гг. ва ўсіх ВНУ БССР навучалася звыш 4 тыс. студэнтаў.
Цэнтрам навуковага жыцця ў БССР становіцца Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт,), заснаваны ў 1922 г. Работа інстытута арганізоўвалася па секцыях. У 1926 г. дзейнічала 5 секцый: лінгвістычная, літаратурна-мастацкая, гісторыка-археалагічная, прыродазнаўчая, сацыяльна-эканамічная. Першым кіраўніком Інбелкульта быў С.М.Некрашэвіч, з 1924 г. – У.М.Ігнатоўскі (ён жа першы старшыня Акадэміі навук). На аснове Інбелкульта ў 1929 г. фарміруецца Акадэмія навук БССР. Навукова-даследчая работа праводзілася таксама ў межах вышэйшых навучальных устаноў. У 1920-я гг. у БССР фарміруюцца новыя доследныя станцыі ў галіне сельскай і лясной гаспадаркі.
У 1920-я гг. адбываецца арганізацыя культурна-асветніцкіх устаноў, якімі ў гарадах становяцца клубы, а ў сельскай мясцовасці – хаты-чытальні. Пры іх ажыццяўляліся папулярызацыя навуковых і тэхнічных ведаў сярод насельніцтва, чытанне газет і кніг, праводзіліся палітычная і антырэлігійная прапаганда. Павялічвалася колькасць бібіліятэк. У 1922 г. адчынілася Дзяржаўная бібліятэка БССР. У 1921 г. створана Дзяржаўнае выдавецтва БССР, якое мела свае аддзяленні ва ўсіх значных гарадах рэспублікі. Гэта дазволіла значна павялічыць выданне літаратуры. Павялічылася колькасць перыядычных выданняў: у 1925 г. у БССР выдавалася 20 газет і 15 часопісаў.
У той жа час культурна-асветніцкая праца суправаджалася дыскрымінацыйнай палітыкай у адносінах да ўсіх рэлігійных канфесій. Культавыя рэлігійныя збудаванні зачыняліся і руйнаваліся; ажыццяўляліся рэпрэсіі ў адносінах да служыцеляў рэлігійнага культу.
Палітыка беларусізацыі садзейнічала развіццю беларускай мастацкай літаратуры і тэатру. Фарміруюцца беларускія літаратурныя аб’яднанні: “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”. Былі створаны беларускія дзяржаўныя тэатры ў Мінску і Віцебску. Пад уплывам рэвалюцыйных падзей і беларусізацыі ў значнай ступені развіваліся жывапіс і музычнае мастацтва.
Разам з тым бальшавіцкія ўлады імкнуліся ў пэўнай ступені абмежаваць дзейнасць навукоўцаў і мастакоў і ўстанавіць ідэалагічны кантроль у сферы навукі і мастацтва. Аднак да канца 1920-х гг. ён не меў татальнага характару і дапускаў пэўную інтэлектуальную свабоду.
Такім чынам, на працягу 1920-х гг. у БССР актыўна праводзілася палітыка беларусізацыі, якая хутка прынесла адчувальныя вынікі і садзейнічала паскарэнню працэсаў фарміравання беларускай нацыі. У гэты перыяд адбывалася хуткае развіццё адукацыі, навукі, культуры ва ўмовах адноснай інтэлектуальнай свабоды.
Достарыңызбен бөлісу: |