Гісторыя Беларусі



бет25/35
Дата05.07.2016
өлшемі3.24 Mb.
#179947
1   ...   21   22   23   24   25   26   27   28   ...   35

19.4. Адукацыя і культура.

У 1930-я гг. назіраецца значнае развіццё адукацыйных устаноў. Гэта тлумачыцца наступнымі фактарамі:

- фарміраванне буйной прамысловасці, што патрабавала стварэння значнага слою кваліфікаваных рабочых і інжынерна-тэхнічных кадраў;

- разгортванне афіцыйнай сталінісцкай прапаганды, для засваення якой патрабаваўся пэўны ўзровень пісьменнасці.

У сферы агульнаадукацыйнай школы ў 1930-я гг. адбылася ўніфікацыя адукацыі ў межах СССР. З сярэдзіны 1930-х гг. у сярэдняй школе ўводзіцца дзесяцігадовае навучанне. Сямігадовая школа пераўтвараецца ў ступень базавай адукацыі. Да 1940 г. ва ўсходняй частцы БССР дзейнічала звыш 7 тыс. школ, у якіх працавала звыш 40 тыс. настаўнікаў. Актывізавалася праца па ліквідацыі непісьменнасці. Ужо ў 1941 г. ва ўсходніх раёнах БССР каля 85% насельніцтва з’яўляліся пісьменнымі. Кадры кваліфікаваных рабочых рыхтаваліся ў прафесійных школах, якія ў 1930 г. былі пераўтвораны ў школы фабрычна-заводскага навучання (ФЗН).

Хутка развіваліся сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя. У 1939/40 навучальным годзе ва ўсходняй частцы БССР дзейнічалі 22 вышэйшыя і 102 сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, у якіх займалася 49 тыс. студэнтаў і навучэнцаў. На 1941 г. у БССР працавала звыш 27 тыс. спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Аднак забяспечанасць кадрамі ўстаноў гаспадаркі і культуры заставалася недастатковай. Адмоўную ролю ў галіне адукацыі мелі рэпрэсіі, ахвярамі якіх сталі шматлікія настаўнікі і выкладчыкі ВНУ і тэхнікумаў.

3 другой паловы 1930-х гг. пачала звужацца сфера выкарыстання беларускай мовы ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. З восені 1938 г. руская мова была ўведзена як абавязковы прадмет з першага класа. У пачатку 1940-х гг. у большасці гарадскіх школ беларуская мова ўжывалася толькі ў пачатковых класах.

У працэсе адукацыі істотная роля адводзілася выхаванню мас у духу ідэалогіі сталінізму. Акрамя адукацыйных устаноў важнае значэнне ў гэтай справе надавалася клубам, хатам-чытальням, бібліятэкам, разнастайным гурткам, друкаваным выданням, радыё, кіно, мастацкай самадзейнасці і г.д. У 1938 г. у БССР выдавалася 199 газет з агульным тыражом амаль 1 млн. экзэмпляраў.

Праводзімая бальшавікамі індустрыялізацыя патрабавала адпаведнага навуковага забеспячэння. Адносіны дзяржаўных улад да навуковай сферы мелі дваісты характар:

з аднаго боку, улады выдзялялі значныя сродкі на стварэнне навукова-даследчых устаноў і падрыхтоўку навуковых кадраў;

з другога боку, узмацнялася адміністрацыйнае ўмяшанне дзяржаўных органаў у вырашэнне навуковых праблем.

У 1930-я гг. назіраецца пашырэнне Акадэміі навук БССР. З 1932 г. у яе складзе налічвалася 14 навукова-даследчых інстытутаў. На Акадэмію навук была ўскладзена задача каардынацыі навукова-даследчых прац, іх выканання і ўкаранення ў вытворчасць вынікаў. Навуковыя даследаванні праводзіліся таксама ў ВНУ. Значныя поспехі былі дасягнуты ў гэты час беларускімі навукоўцамі ў галіне біялогіі, хіміі, матэматыкі, фізікі металаў, сельскагаспадарчых навук, археалогіі, этнаграфіі. У 1940 г. у БССР налічвалася 67 навуковых устаноў, у якіх працавала звыш 2200 навуковых супрацоўнікаў. У той жа час на развіццё навукі, асабліва сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, адмоўна ўплываў жорсткі ідэалагічны кантроль, абмежаванне доступу да дасягненняў сусветнай навукі, што нярэдка падмяняла аб’ектыўнае навуковае вывучэнне праблем сцвярджэннем пастулатаў сталінісцкай ідэалогіі. Цяжкія страты беларускай навуцы прынеслі рэпрэсіі 1930-х гг. у адносінах шматлікіх навукоўцаў, у тым ліку кіраўнікоў Акадэміі навук. Напрыканцы 1930-х гг. даследаванні ў галiне сацыяльна-гуманітарных навук практычна былі спынены. Большасць акадэмічных інстытутаў і іншых навукова-даследчых устаноў працавалі выключна над вузкімі прыкладнымі праблемамі.

Фарміраванне таталітарнага рэжыму аказала істотны ўплыў на развіццё літаратуры і мастацтва ў БССР. Пэўны плюралізм ідэй, стыляў і накірункаў, які меў месца ў мастацкай культуры 1920-х гг. быў ліквідаваны. Гэта суправаджалася масавымі рэпрэсіямі ў адносінах пісьменнікаў, мастакоў, дзеячоў музыкі і тэатру. Тэматыка і змест твораў ва ўсіх галінах мастацкай культуры строга рэгламентаваўся. Афіцыйным мастацкім стылем становіцца “сацыялістычны рэалізм”. Сутнасць яго заключалася ў скіраванасці на ідэалізацыю існуючага ў СССР грамадскага ладу, гераізацыю дзейнасці бальшавіцкай партыі і яе кіраўнікоў.

У сферы літаратуры былі ліквідаваны ўсе пісьменніцкія арганізацыі, якія ўзніклі ў 1920-я гг. На іх месцы створаны ў 1934 г. адзіны Саюз пісьменнікаў БССР, цалкам падкантрольны ўладам, які стаў састаўной часткай Саюза пісьменнікаў СССР. У літаратурных творах усіх пісьменнікаў гэтага перыяду пераважала ідэалізаванае адлюстраванне працэсаў барацьбы бальшавікоў за ўладу, індустрыялізацыі, калектывізацыі, змагання з “ворагамі савецкай дзяржавы”. Найбольш значнымі прадстаўнікамі беларускай мастацкай літаратуры 1930-х гг. з’яўляюцца Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва і інш.

У 1930-я гг. пашыраецца сетка прафесійных драматычных тэатраў. У 1932 г. узнікае Трэці Беларускі дзяржаўны тэатр у Гомелі (расфарміраваны ва ўмовах рэпрэсій у 1937-1938 гг.), які ўзначальваў вядомы беларускі тэатральны дзеяч Уладзіслаў Галубок. Рэпертуар тэатральных пастановак падлягаў жорсткай цэнзуры з боку партыйна-дзяржаўных органаў улады.

Значнымі падзеямі ў развіцці музычнага мастацтва з’явілася адкрыццё ў 1932 г. Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, а ў 1933 г. – Беларускага тэатра оперы і балета. У 1937 г. у Мінску пачала працаваць Беларуская дзяржаўная філармонія.

У разглядаемы перыяд у БССР з’яўляецца новы від мастацтва – кіно. У 1928 г. у Ленінградзе была створана кінастудыя мастацкіх фільмаў “Савецкая Беларусь”, якая напрыканцы 1930-х гг. была пераведзена ў Мінск. Кінематограф становіцца гукавым, з’яўляецца рэспубліканская кінахроніка і фільмы для дзяцей, экранізуюцца літаратурныя творы. Найбольшае значэнне для гэтага перыяду мелі фільмы Ю. Тарыча і У. Корш-Сабліна.

У жывапісе разглядаемага перыяду стыль “сацыялістычнага рэалізму” праявіўся перадусім у стварэнні карцін, прысвечаных падзеям, звязаным з устанаўленнем бальшавіцкай улады і індустрыяльнаму будаўніцтву савецкага часу. Да ліку найбольш значных мастакоў 1930-х гг. можна залічыць І. Ахрэмчыка, У. Волкава, І. Давідовіча, Я. Зайцава, У. Кудрэвіча і інш.

У архітэктуры ўкараняецца стыль “савецкага класіцызму”, для якога характэрныя пампезнасць і гігантаманія, што павінны былі падкрэсліць непарушнасць існуючага рэжыму. Найбольш вядомымі помнікамі дадзенага стылю з’яўляюцца Дамы ўрада, Чырвонай арміі, Акадэміі навук, у Мінску.

Такім чынам, у 1930-я гг. ва ўмовах паскоранай мадэрнізацыі грамадства назіраўся працэс развіцця адукацыі, навукі і розных галін культуры. Разам з тым усталяванне таталітарнага рэжыму істотным чынам тармазіла дадзены працэс у выніку правядзення масавых рэпрэсій супраць інтэлігенцыі, а таксама жорсткага дзяржаўнага кантролю ў духоўнай сферы жыцця грамадства.
Асноўныя паняцці:

Індустрыялізацыя, калектывізацыя, “лагерная эканоміка”, ГУЛАГ, “стаханаўская сістэма”, пяцігадовыя планы, урбанізацыя, камандна-адміністрацыйная сістэма, дзяржаўная бюракратыя (наменклатура), інжынерна-тэхнічныя рабочыя, калгасы, саўгасы, раскулачванне, машынна-трактарныя станцыі, “закон пяці каласкоў”, таталітарызм, сталінізм, Канстытуцыя БССР 1937 г., “нацыянал-дэмакратызм”, культ асобы І. Сталіна, масавыя рэпрэсіі, ОГПУ-НКВД, “сацыялістычны рэалізм”, кіно, “савецкі класіцызм”.



Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Што такое індустрыялізацыя? Чаму бальшавіцкія ўлады СССР былі зацікаўлены ў яе паскораным ажыццяўленні?

  2. З якімі палітычнымі падзеямі ў СССР быў звязаны пачатак паскоранай індустрыялізацыі? Падумайце, ці існуе сувязь паміж індустрыялізацыяй і ўстанаўленнем таталітарнага рэжыму ў СССР?

  3. Якія аб’ектыўныя фактары садзейнічалі ліквідацыі нэпа ў савецкай эканоміцы?

  4. Назавіце асноўныя крыніцы правядзення паскоранай індустрыялізацыі ў СССР і БССР.

  5. Вызначце, якім чынам звязаны паміж сабой паскораная індустрыялізацыя і масавая калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў СССР?

  6. Што такое “стаханаўская сістэма”? З якой мэтай яна ўводзілася на савецкіх прадпрыемствах?

  7. Якія галіны прамысловасці вызначылі спецыялізацыю БССР у межах СССР? Якім чынам можна патлумачыць падобную спецыялізацыю?

  8. Што такое урбанізацыя? Якім чынам яна ажыццяўлялася ў БССР у 1930-я гг.?

  9. Што такое камандна-адміністрацыйная сістэма? Вызначце асноўныя рысы?

  10. Якія змены адбыліся ў сацыяльнай структуры насельніцтва БССР ў 1930-я гг.?

  11. Ахарактарызуйце матэрыяльнае становішча працоўных слаёў насельніцтва ва ўмовах паскоранай індустрыялізацыі?

  12. Падумайце, якім чынам можна ахарактарызаваць у цэлым вынікі індустрыялізацыі 1930-х гг. для мадэрнізацыі беларускага грамадства?

  13. Што такое калектывізацыя сельскай гаспадаркі? Калі яна пачалася ў БССР? Якія мэты перад ёй ставіліся?

  14. Пры дапамозе якіх метадаў ажыццяўлялася калектывізацыя?

  15. Што такое раскулачванне? З якой мэтай яно праводзілася і якія мела вынікі?

  16. Якімі былі адносіны сялянства да правядзення калектывізацыі?

  17. Назавіце асноўныя вынікі масавай калектывізацыі ў БССР? Дайце іх кароткую характарыстыку.

  18. Якім чынам была арганізавана ўнутраная структура калгасаў? Якім было матэрыяльнае і юрыдычнае становішча калгаснікаў у 1930-я гг.?

  19. Падумайце, якім чынам калектывізацыя адбілася ў цэлым на развіцці сельскай гаспадаркі БССР?

  20. Што такое таталітарызм? Калі пачынаецца фарміраванне таталітарнага рэжыму ў СССР і БССР?

  21. Вызначце асноўныя палажэнні Канстытуцый СССР 1936 і БССР 1937 гг. Наколькі яны адпавядалі існуючай палітычнай рэчаіснасці?

  22. Якія з’явы грамадска-палітычнага жыцця БССР 1930-х гг. сведчаць пра фарміраванне таталітарнага рэжыму?

  23. Падумайце, чаму партыйна-дзяржаўныя ўлады ў 1930-я гг. адмовіліся ад палітыкі беларусізацыі? Якія гэта мела сацыяльна-палітычныя наступствы?

  24. Дайце характарыстыку масавых рэпрэсій 1930-х гг. Якія сацыяльныя групы ў першую чаргу станавіліся ахвярамі рэпрэсій? Падумайце, чым можна растлумачыць факт, што партыйна-дзяржаўныя кіраўнікі ў вялікай колькасці былі рэпрэсіраваны ў гэты час?

  25. Якія можна вылучыць асноўныя мэты правядзення масавых рэпрэсій з боку сталінскага рэжыму?

  26. Якія фактары спрыялі павелічэнню колькасці адукацыйных устаноў у БССР у 1930-я гг.?

  27. У межах якіх устаноў адбывалася развіццё навукі ў БССР у 1930-я гг.?

  28. Што такое “сацыялістычны рэалізм”? Якую ролю ён выконваў у развіцці мастацкай культуры БССР 1930-х гг.?


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Фарміраванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай у БССР.

  2. Спецыфіка індустрыялізацыі ў БССР: прычыны, вынікі.

  3. Матэрыяльнае становішча гарадскога насельніцтва ў БССР у 1930-я гг.

  4. Раскулачванне ў БССР: перадумовы, ход, вынікі.

  5. Механізмы фарміравання калгасаў у БССР у 1930-я гг.

  6. Масавыя рэпрэсіі сталінскага рэжыму ў БССР.

  7. Роля беларускага насельніцтва ў камплектаванні лагераў ГУЛАГ.

  8. Беларуская навука ва ўмовах сталінскага рэжыму.



Тэма 20: Заходняя Беларусь у складзе Польшчы.

1. Грамадска-палітычнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў 1921-1926 гг.

2. Заходняя Беларусь ва ўмовах “санацыі” 1926-1939 гг.

3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.

4. Адукацыя і культура ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг.
20.1. Грамадска-палітычнае жыццё ў Заходняй Беларусі ў 1921-1926 гг.

У выніку Рыжскага мірнага дагавору 1921 г. заходнія землі Беларусі апынуліся ў складзе Польшчы. Канчаткова межы Польскай Рэспублікі на ўсходзе былі ўсталяваны ў 1923 г., калі ў яе склад ўвайшла тэрыторыя Сярэдняй Літвы з Вільняй. Уся тэрыторыя Польшчы падзялялася на ваяводствы, паветы і гміны. Паняцце “Заходняя Беларусь” уключае ў сябе тэрыторыю 4 ваяводстваў: Віленскага, Навагрудскага, Беластоцкага і Палескага з насельніцтвам 3,5 млн. чалавек у 1921 г., 5 млн. – у 1935 г. Усяго Заходняя Беларусь ахоплівала 24% тэрыторыі Польскай Рэспублікі і 13% яе насельніцтва. Афіцыйна з боку ўлад гэтыя землі атрымалі назву “паўночна-усходнія крэсы (ускраіны)”. Насельніцтва Заходняй Беларусі паводле свайго складу было шматнацыянальным: беларусы, палякі, яўрэі, украінцы, літоўцы і інш. Згодна з афіцыйнымі польскімі дадзенымі, каля паловы яго складалі палякі, паколькі падчас перапісаў атаясамліваліся каталіцызм і польскасць. Аднак аб’ектыўнасць гэтых дадзеных ставіцца пад сумненне.

У палітычным жыцці Польскай Рэспублікі ў 1920-1930-я гг, вылучаюць два перыяды:

- 1921-1926 гг. – парламенцкая дэмакратыя;

- 1926-1939 гг. – аўтарытарны рэжым“санацыі”.

У сакавіку 1921 г. была прынята Канстытуцыя Польскай Рэспублікі. У адпаведнасці з ёй, Польшча абвяшчалася ўнітарнай парламенцкай рэспублікай. Вышэйшым органам заканадаўчай улады з’яўляўся Нацыянальны сход, які складаўся з дзвюх палат: Сената і Сойма. Дэпутаты сойму выбіраліся на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага выбарчага права пры тайным галасаванні на 5 гадоў; сенат фарміраваўся прадстаўнікамі мясцовых улад. Нацыянальны сход выбіраў прэзідэнта рэспублікі тэрмінам на 7 гадоў і фарміраваў урад, які быў адказны ў сваёй дзейнасці перад соймам. Прэзідэнт валодаў абмежаванымі паўнамоцтвамі. Гарантавалася незалежнасць судовай улады. У Канстытуцыі абвяшчаліся роўнасць усіх грамадзян перад законам, грамадзянскія і палітычныя свабоды. Замацоўваўся дзяржаўны характар польскай мовы. У той жа час абвяшчалася права нацыянальных меншасцяў на адкрыццё ўласных школ і культурна-асветніцкіх устаноў.

Палітычнае жыццё Польскай Рэспублікі ў 1921-1926 гг. было нестабільным. У выбраным у 1922 г. сойме была прадстаўлена вялікая колькасць грамадска-палітычных сіл. Улічваючы адказнасць выканаўчай улады перад соймам гэта прыводзіла да частай змены ўрадаў (у 1922-1926 гг. дзейнічала 5 урадаў).

Асноўныя намаганні улад на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі скіраваны на паланізацыю краю, што выяўлялася ў наступных з’явах:

- паланізацыя сістэмы дзяржаўнай адміністрацыі (пры прызначэнні на дзяржаўныя пасады перавага аддавалася асобам польскай нацыянальнасці);

- паланізацыя землеўладання (заахвочванне ў набыцці зямельных надзелаў выхадцаў з польскіх зямель – асаднікаў);

- паланізацыя адукацыі (амаль усе навучальныя ўстановы пераводзіліся на польскую мову навучання);

- шырокая дзяржаўная падтрымка каталіцкага касцёла, які лічыўся галоўным носьбітам польскай культуры; дыскрымінацыйныя дзеянні ў адносінах праваслаўнай царквы (некаторыя праваслаўныя цэрквы пераўтвараліся ў каталіцкія, а іх землі канфіскоўваліся);

- шырокая прапаганда праз дзяржаўныя, рэлігійныя, адукацыйныя ўстановы, сродкі масавай інфармацыі польскага характару краю.

Грамадска-палітычнае жыццё Заходняй Беларусі першай паловы 1920-х гг. характарызуецца барацьбой паміж рознымі палітычнымі партыямі і групоўкамі. Галоўную ролю сярод іх адыгрывалі польскія партыі. Усе дадзеныя партыі можна падзяліць на тры асноўныя блокі:

- правацэнтрысцкі: у яго межах галоўнае месца займалі Партыя нацыянальнай дэмакратыі (эндэкі) і Партыя хрыціянскай дэмакратыі (хадэкі), якія выступалі за захаванне асноў існуючага грамадскага ладу і правядзенне палітыкі жорсткай паланізацыі;

- левацэнтрысцкі: галоўнае месца займалі Польская партыя сацыялістычная (ППС) і “Вызваленне”, якія выступалі за правядзенне сацыяльных рэформ ў накірунку дэмакратычнага сацыялізму, дапускалі супрацоўніцтва з беларускім і яўрэйскім нацыыянальнымі рухамі;

- леварадыкальны: галоўнае месца займала Польская камуністычная рабочая партыя; выступала за пераўтварэнне Польшчы ў дзяржаву савецкага ўзору ў саюзе з СССР, прызнавала права БССР на заходнебеларускія землі.

Працягвалі дзейнічаць яўрэйскія палітычныя партыі (Бунд, Паалей-Цыён і інш.). На Палессі функцыяніравалі украінскія палітычныя партыі і групоўкі.

У межах беларускага нацыянальнага руху ў гэты перыяд вызначыліся тры плыні:

1) Плынь, якая выступала за легальныя метады дзейнасці ў накірунку дасягнення аўтаноміі Заходняй Беларусі. Яе прадстаўлялі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), Беларускі сялянскі саюз (БСС). У 1922 г. прадстаўнікі гэтай плыні ўдзельнічалі ў выбарах у сойм; у выніку было абрана ў сойм 11, у сенат – 3 беларускія дэпутаты, якія ўтварылі Беларускі пасольскі клуб.

2) Плынь, якая арыентавалася на Раду БНР і выступала за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Яе прадстаўнікі знаходзіліся ў цесным саюзе з дзяржаўна-палітычнымі коламі Літвы, зацікаўленай у падтрымцы антыпольскага руху на тэрыторыі Віленшчыны. Асноўнай партыяй гэтай плыні была БПСР. На пачатку 1920-х гг. яна выкарыстоўвала тактыку ўзброенай барацьбы супраць польскіх уладаў, стварыла шэраг партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Віленшчыны, Гродзеншчыны і Беласточчыны.

3) Плынь, якая арыентавалася на БССР і выступала за далучэнне да яе Заходняй Беларусі. Яна фарміравалася перадусім у межах камуністычнага руху. У 1923 г. у Польскай камуністычнай рабочай партыі афармляецца аўтаномная арганізацыя – Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, да якой далучылася левае крыло БПСР. У першай палове 1920-х гг. камуністы пры падтрымцы СССР шырока праводзілі падпольную барацьбу. Пракамуністычныя партызанскія атрады дзейнічалі пераважна на тэрыторыі Палесся, Навагрудчыны і Віленшчыны.

У сувязі з разгортваннем партызанскага руху ў 1923—1924 гг. урад увёў ваеннае становішча на тэрыторыі многіх паветаў, пачалі дзейнічаць ваенна-палявыя суды. У 1925 г. узброеная барацьба спынілася.

У сярэдзіне 1920-х гг. у сувязі з узбуйненнем БССР 1924-1926 гг. і палітыкай беларусізацыі, стратай надзей на дасягненне аўтаноміі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, разрывам адносін Рады БНР з урадам Літвы ў межах беларускага нацыянальнага руху ўзмацніліся прасавецкія настроі. БССР стала разглядацца як цэнтр беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. У 1923-1924 гг. самараспусціліся БСДП і БПСР. Многія іх дзеячы далучаліся да камуністаў. Некаторыя прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху выязджалі ў БССР. Пераход КПЗБ да легальнай дзейнасці ў 1925 г. зрабіў яе вядучай партыяй у межах беларускага нацыянальнага руху.



Такім чынам, у 1921-1926 гг. адбывалася фарміраванне польскай дзяржаўна-палітычнай сістэмы на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Адметнай рысай праводзімай польскімі ўладамі палітыкі стала паланізацыя заходнебеларускіх зямель. Ігнараванне правоў беларускай нацыі ў Польскай дзяржаве, а таксама поспехі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў БССР зрабілі камуністычную плынь вядучай у межах беларускага нацыянальнага руху да сярэдзіны 1920-х гг.
20.2. Заходняя Беларусь ва ўмовах “санацыі” 1926-1939 гг.

Слабасць дэмакратычных інстытутаў, а таксама частыя эканамічныя крызісы абумовілі пераход Польскай рэспублікі ад парламенцкай дэмакратыі да аўтарытарнага рэжыму. Пачаткам гэтага пераходу стаў палітычны пераварот 12-15 мая 1926 г., здзейснены групай вайскоўцаў на чале з маршалам Юзэфам Пілсудскім. Ю. Пілсудскі і яго прыхільнікі абвясцілі палітыку “санацыі” (“аздараўлення”), афіцыйнымі задачамі якой выступалі дасягненне эканамічнай і палітычнай стабілізацыі ў краіне. У жніўні 1926 г. сойм прыняў папраўкі да Канстытуцыі, накіраваныя на ўзмацненне ролі выканаўчай улады ў дзяржаве. Фармальна дзяржаўна-палітычная сістэма ў цэлым не змянілася: працягвалі дзейнічаць канстытуцыя, парламенцкая сістэма, шматпартыйнасць, легальная апазіцыя. Аднак паступова ўся паўната ўлады пачынае канцэнтравацца ў руках Ю. Пілсудскага, які хаця фармальна на працягу 1926-1935 гг. займаў розныя пасады (прэм’ер-міністр, ваенны міністр і г.д.), фактычна пераўтвараецца ў аўтарытарнага дыктатара.

Супраць “санацыйнага” рэжыму выступілі польскія правацэнтрысцкія і левацэнтрысцкія партыі, а таксама арганізацыі нацыянальных меншасцяў, якія дасягнулі значнага поспеху на выбарах у сойм 1928 г. Аднак у 1930 г. Ю. Пілсудскі разагнаў сойм і распачаў палітыку рэпрэсій у адносінах да апазіцыі. У 1934 г. у Бярозе-Картузскай у Заходняй Беларусі быў створаны канцэнтрацыйны лагер для палітычных зняволеных, праз які за 1934-1939 гг. прайшло каля 10 тыс. чалавек. На выбарах у сойм 1930 г. ва ўмовах жорсткага адміністрацыйнага націску перамаглі прыхільнікі Ю. Пілсудскага, што садзейнічала ўзмацненню яго ўлады.

У красавіку 1935 г. па ініцыятыве Ю. Пілсудскага была ўведзена новая Канстытуцыя Польскай рэспублікі. У адпаведнасці з ёй цэнтральнае месца ў сістэме ўлады займаў прэзідэнт, які выбіраўся тэрмінам на 7 гадоў на ўсеагульных выбарах. Ён атрымліваў правы прызначаць членаў урада без узгаднення з парламентам, склікаць і распускаць парламент, аднаасобна прымаць рашэнні і выдаваць дэкрэты, якія валодалі сілай закона; з’яўляўся кіраўніком узброеных сіл, заключаў і ратыфікаваў міжнародныя дамовы. Прэзідэнт атрымліваў права прызначаць трэцюю частку дэпутатаў сената.

Пачатак “санацыйнага” рэжыму супадае па часе з эканамічным уздымам 1926-1929 гг. Гэта абумовіла падтрымку яго ў гэты час значнай часткай насельніцтва. У 1926-1927 гг. рэжым пайшоў на некаторыя саступкі беларускаму нацыянальнаму руху, дазволіўшы стварэнне шэрагу беларускамоўных школ. Аднак у далейшым ён працягвае праводзіць на заходнебеларускіх землях актыўную палітыку паланізацыі.

У другой палове 1920-х гг. назіраецца ўздым беларускага нацыянальнага руху. У 1926-1927 гг. яго буйнейшай арганізацыяй становіцца Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ). На чале БСРГ стала група беларускіх дэпутатаў сойма, якія з сярэдзіны 1920-х гг. схіляліся да супрацоўніцтва з КПЗБ. Яе лідэрам быў Браніслаў Тарашкевіч. У склад БСРГ уваходзілі члены КПЗБ, якая бачыла ў Грамадзе форму ўласнай легальнай дзейнасці. У сваёй праграме БСРГ выступала за аб’яднанне ўсіх беларускіх зямель у “незалежнай рэспубліцы сялян і рабочых”, дэмакратызацыю грамадства, перадачу памешчыцкіх зямель сялянам, увядзенне 8-гадзіннага працоўнага дня, змены у падатковай палітыцы на карысць немаёмных слаёў насельніцтва і г.д. Сацыяльныя лозунгі БСРГ садзейнічалі росту яе папулярнасці і пераўтварэнню ў масавую партыю. На пачатак 1927 г. дзейнічала каля 2 тыс. арганізацый партыі, у якія ўваходзілі каля 120 тыс. чалавек. Радыкальны характар дзейнасці партыі, а таксама сувязі з СССР прывялі да забароны БСРГ на пачатку 1927 г. Лідэры партыі, у тым ліку дэпутаты сойма, былі арыштаваны. У якасці пратэсту супраць ліквідацыі БСРГ у многіх гарадах Заходняй Беларусі адбыліся дэманстрацыі; дэманстрацыя ў Косаве Палескага ваяводства была расстраляна паліцыяй.

На выбарах 1928 г. былі праведзены ў сойм 10, а ў сенат 2 беларускіх дэпутатаў. 5 дэпутатаў сойма ўтварылі радыкальную фракцыю – “Змаганне”, якая прэтэндавала на стварэнне вакол сябе масавай арганізацыі па тыпу БСРГ. Пасля разгону сойма ў 1930 г. дэпутаты фракцыі былі арыштаваны. У канцы 1920-х – на пачатку 1930-х гг. было праведзена некалькі судовых працэсаў над дзеячамі прасавецкага беларускага нацыянальнага руху, многія з якіх былі асуджаны на працяглыя тэрміны турэмнага зняволення.

У першай палове 1930-х гг. ва ўмовах жорсткага сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. узрастае сацыяльная напружанасць. Адбываецца рост рабочага і сялянскага руху. У 1931-1933 гг. у Заходняй Беларусі адбываецца 151 забастоўка рабочых і каля 460 выступленняў сялян. Для падаўлення сялянскіх выступленняў улады накіроўвалі карныя экспедыцыі з удзелам паліцыі і войска.

Пасля смерці ў маі 1935 г. Ю. Пілсудскага ўлада ў Польшчы пераходзіць да маршала Эдварда Рыдз-Сміглага. Падчас яго праўлення (1935-1939) адбываецца ўмацаванне аўтарытарнага рэжыму.

У 1935-1937 гг. у Польшчы, у тым ліку і ў Заходняй Беларусі, назіраецца актывізацыя антыўрадавага руху. Адбываліся шматлікія палітычныя і эканамічныя забастоўкі рабочых, а таксама антыўрадавыя дэманстрацыі і мітынгі. Найбольш значным выступленнем працоўных гэтага перыяду стала забастоўка нарачанскіх сялян і рыбакоў 1935-1939 гг. Назіраецца працэс кансалідацыі розных апазіцыйных груповак. У шэрагу гарадоў Заходняй Беларусі ствараліся камітэты і камісіі адзінага фронту, у якія ўваходзілі прадстаўнікі КПЗБ, ППС, Бунда, Паалей-Цыёна і іншых арганізацый. У межах беларускага нацыянальнага руху адбылося пагадненне паміж дзвюма найбольш уплывовымі партыямі – КПЗБ і БХД (з 1936 г. – Беларускае народнае аб’яднанне) для барацьбы за стварэнне беларускамоўных школ.

У адказ на ўздым грамадскага руху ўзмацняюцца рэпрэсіі з боку ўладаў. У 1938-1939 гг. былі забаронены амаль усе апазіцыйна настроеныя палітычная партыі і грамадскія арганізацыі, зачынены апазіцыйныя газеты, ліквідаваны апошнія беларускія школы. Шматлікія дзеячы апазіцыйнага руху былі зняволены ў лагеры ў Бярозе Картузскай. Аслабленню антыўрадавага руху садзейнічалі таксама жорсткія рэпрэсіі сталінскага рэжыму ў адносінах да членаў КПЗБ, якія ўцяклі ў БССР. У 1938 г. паводле рашэння І. Сталіна міжнародная камуністычная арганізацыя Камінтэрн абвінаваціла кампартыю Польшчы, у тым ліку і КПЗБ, у супрацоўніцтве з польскімі спецслужбамі і распусціла яе. Многія лідэры КПЗБ былі расстраляны.

Такім чынам, на працягу 1926-1939 гг. на тэрыторыі Беларусі адбывалася фарміраванне аўтарытарнага палітычнага рэжыму, які суправаджаўся ўзмацненнем палітыкі паланізацыі.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   21   22   23   24   25   26   27   28   ...   35




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет