Гісторыя Беларусі



бет24/35
Дата05.07.2016
өлшемі3.24 Mb.
#179947
1   ...   20   21   22   23   24   25   26   27   ...   35

Асноўныя паняцці:

Новая эканамічная палітыка (нэп), трэсты, сіндыкаты, “прышчэпаўшчына”, кааперацыя, камуна, сельскагаспадарчая арцель, таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі, электрыфікацыя, аўтарытарызм, Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў), Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Канстытуцыя СССР 1924 г., узбуйненне БССР, адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа 1924-1927 гг., Канстытуцыя БССР 1927 г, беларусізацыя, “карэнізацыя”, ІІ канферэнцыя Рады БНР, тэхнікумы, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інбелкульт, Акадэмія навук БССР, Дзяржаўная бібліятэка БССР, Дзяржаўнае выдавецтва БССР.


Кантрольныя пытанні і заданні:

  1. Ахарактарызуйце асноўныя перадумовы ўвядзення новай эканамічнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі?

  2. Якія асноўныя мерапрыемствы прадугледжвала новая эканамічная палітыка?

  3. У чым заключалася адрозненне харчовага падатку, уведзенага падчас нэпа, ад харчразвёрсткі?

  4. Падумайце, чаму бальшавіцкія ўлады, якія ў перыяд “ваеннага камунізму”, вялі барацьбу супраць прыватнай уласнасці ў розных сферах эканомікі, падчас нэпа дазволілі дзейнасць прыватнага сектару ў эканоміцы?

  5. Што такое трэсты і сіндыкаты? Чым сістэма кіравання дзяржаўнай прамысловасцю ў перыяд нэпа адрознівалася ад “ваенна-камуністычнай” сістэмы?

  6. Падумайце, як мерапрыемствы нэпа маглі паўпываць на адносіны розных сацыяльных груп насельніцтва да бальшавіцкай улады? Абгрунтуйце сваю пазіцыю.

  7. Калі сельская гаспадарка БССР дасягнула даваеннага ўзроўню? Якія галіны аграрнай вытворчасці БССР найбольш развіваліся ў 1920-я гг.?

  8. Якія формы землекарыстання існавалі ў сельскай гаспадарцы БССР у 1920-я гг. Якія з іх былі пераважаючымі?

  9. Што такое “прышчэпаўшчына”? Чым можна патлумачыць падтрымку дзяржаўнымі ўладамі БССР у 1920-я гг. хутарскіх гаспадарак?

  10. Якія формы сельскагаспадарчай кааперацыі развіваліся ў БССР у перыяд нэпа?

  11. Якім чынам адбывалася аднаўленне прамысловасці БССР у 1920-я гг.? Як паўплывалі на аднаўленчыя працэсы мерапрыемствы нэпа?

  12. Дайце характарыстыку развіцця прыватнага сектара ў прамысловасці і гандлі БССР ва ўмовах нэпа?

  13. Ахарактарызуйце асноўныя праблемы, якія мелі месца ў эканоміцы БССР у 1920-я гг.? Як можна вызначыць узровень яе развіцця ў кантэксце станаўлення індустрыяльнага грамадства?

  14. Растлумачце, што такое аўтарытарны рэжым? Ці можна вылучыць адзнакі падобнага рэжыму ў БССР у 1920-я гг.? Абгрунтуйце сваю пазіцыю.

  15. Калі быў створаны СССР? Якім чынам Дагавор пра стварэнне СССР размяжоўваў кампетэнцыю саюзнай і рэспубліканскіх улад?

  16. Калі адбывалася ўзбуйненне БССР? Якія тэрыторыі былі далучаны да беларускай савецкай дзяржавы ў гэты час?

  17. Якімі фактарамі было выклікана ўзбуйненне БССР? Які ўплыў гэта мела на адносіны да БССР прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху?

  18. Калі была прынята другая Канстытуцыя БССР? Якія яна ўтрымлівала асноўныя палажэнні?

  19. Якую ролю ў палітычным жыцці БССР у 1920-я гг. мела бальшавіцкая партыя? Чым быў абумоўлены т.зв. самароспуск апазіцыйных да яе палітычных партый?

  20. Што такое беларусізацыя? Якія яна мела асноўныя накірункі?

  21. Растлумачце сутнасць палітыкі “карэнізацыі”? Ці можна бачыць у дадзенай палітыцы дыскрымінацыю нацыянальных меншасцяў у БССР?

  22. Якія вынікі мела палітыка беларусізацыі ў БССР у 1920-я гг.? Ці можна яе лічыць эфектыўнай?

  23. Растлумачце, якое значэнне мела палітыка беларусізацыі для развіцця працэсу фарміравання беларускай нацыі?

  24. Ахарактарызуйце сістэму адукацыі, якая ўзнікла ў БССР у 1920-я гг.

  25. Падумайце, чаму ў адрозненне ад царызму, які варожа ставіўся да развіцця адукацыі, бальшавіцкая ўлада ўсяляк гэтаму садзейнічала?

  26. У межах якіх устаноў адбывалася развіццё навукі ў БССР у 1920-я гг.?

  27. Дайце характарыстыку развіцця культурна-асветніцкай дзейнасці ў БССР у 1920-я гг.

  28. У якой ступені ў культурным жыцці БССР 1920-х гг. захоўвалася інтэлектуальная свабода? Якія меліся элементы ідэалагічнага кантролю?


Тэмы дакладаў і рэфератаў:

  1. Новая эканамічная палітыка ў БССР: заканадаўчая база, этапы, вынікі.

  2. Развіццё кааперацыі ў БССР у перыяд нэпа.

  3. Фінансава-крэдытная сістэма ў БССР у перыяд нэпа.

  4. Землеўпарадкаванне ў БССР у 1920-я гг.

  5. Узбуйненне БССР: перадумовы, этапы, вынікі.

  6. Устанаўленне манаполіі КП(б)Б на ўладу ў першай палове 1920-х гг.

  7. Беларусізацыя ў сістэме дзяржаўнага справаводства: ход, вынікі.

  8. Барацьба з непісьменнасцю ў БССР як элемент культурна-адукацыйнай палітыкі Савецкай улады.



Тэма 19: БССР у 1930-я гг.

1. Індустрыялізацыя ў БССР у 1930-я гг.

2. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР.

3. Усталяванне таталітарнага палітычнага рэжыму ў БССР.

4. Адукацыя і культура.
19.1. Індустрыялізацыя ў БССР у 1930-я гг.

Пераважна аграрны характар эканомікі СССР, невысокі ўзровень развіцця прамысловасці ў параўнанні з эканамічна развітымі краінамі Захаду рабілі відавочнай адсталасць савецкай эканомікі. У гэтых умовах бальшавіцкае кіраўніцтва дзяржавы прыняла курс на паскарэнне працэсаў мадэрнізацыі, галоўным элементам якой выступала індустрыялізацыя – працэс пераўтварэння прамысловасці ў вядучую галіну эканомікі. Такім шляхам бальшавіцкія ўлады спадзяваліся пераўтварыць СССР у буйную прамысловую і ваенную дзяржаву. Ва ўмовах нэпа працэс індустрыялізацыі адбываўся павольна; стварэнне буйной прамысловасці патрабавала значных сродкаў, якіх у тагачасных сацыяльна-эканамічных умовах было недастаткова для выканання пастаўленых задач; традыцыйныя крыніцы індустрыялізацыі, такія як прыцягненне замежных інвестыцый і прыватнага капіталу бальшавіцкімі ўладамі даспускаліся толькі ў абмежаваным аб’ёме.

Праблема шляхоў і метадаў індустрыялізацыі выклікала шырокую дыкусію сярод бальшавіцкага кіраўніцтва, якая суправаджалася барацьбой за ўладу паміж рознымі групоўкамі ўнутры партыйнай эліты. Устанаўленне напрыканцы 1920-х гг. аднаасобнай дыктатуры Іосіфа Сталіна (генеральны сакратар ВКП(б) у 1922-1953 гг.) суправаджалася пачаткам паскоранай індустрыялізацыі. Для яе ажыццяўлення былі згорнуты нэп і створана новая эканамічная сістэма. Да аб’ектыўных фактараў, якія прывялі да ліквідацыі нэпа і пераходу да стратэгіі паскоранай індустрыялізацыі, трэба залічыць:

- хранічнае невыкананне планаў нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі, якая была галоўным экспартным прадуктам, за кошт чаго фарміраваліся сродкі на індустрыялізацыю. Гэта было абумоўлена нізкімі ўнутранымі цэнамі на сельскагаспадарчую прадукцыю ў параўнанні з прамысловай, а таксама беднасцю большасці сялянскіх гаспадарак;

- стварэнне пасля прыходу да ўлады бальшавікоў новага бюракратычнага апарату, прадстаўнікі якога не мелі, як правіла, адпаведнага прафесійнага і адукацыйнага ўзроўню (каля паловы кіраўнікоў адміністрацыйнага апарату мелі толькі пачатковую адукацыю). У выніку новая бюракратыя была больш схільная да кіравання эканомікай камандна-адміністрацыйнымі, а не рыначнымі метадамі.

Да асноўных крыніц правядзення паскоранай індустрыялізацыі належаць:

- выкачванне сродкаў з сельскай гаспадаркі ў прамысловасць шляхам канфіскацыі сельскагаспадарчай прадукцыі з далейшым яе продажам на знешнім рынку ў абмен на прамысловае абсталяванне (з мэтай больш эфектыўнай і планамернай экспрапрыяцыі аграрнай прадукцыі праведзена прымусовая калектывізацыя сельскай гаспадаркі);

- прымусовыя ўнутраныя пазыкі (аблігацыі), у выніку чаго адбывалася фактычная канфіскацыя грашовых зберажэнняў насельніцтва;

- стварэнне “лагернай эканомікі” (ГУЛАГ), якая прадугледжвала выкарыстанне рабскай працы зняволеных на будоўлях індустрыялізацыі. У 1930-1940-я гг. праз ГУЛАГ прайшло каля 600 тыс. жыхароў БССР (асноўныя лагеры ГУЛАГ размяшчаліся ў Сібіры, Казахстане, Урале);

- выкарыстанне “стаханаўскай сістэмы”: з’яўляліся т.зв. ударнікі вытворчасці, якія ў некалькі разоў перавыконвалі пастаўленыя планы – пасля гэтага на прадпрыемствах істотна павышаліся нормы выпрацоўкі прадукцыі за ранейшую зарплату, што дазваляла эканоміць на заробках рабочых.

Правядзенне індустрыялізацыі суправаджалася ўзмацненнем кантролю дзяржаўных органаў над эканамічным жыццём. Развіццё вытворчасці ажыццяўлялася ў адпаведнасці з загадзя вызначанымі і абавязковымі для выканання канкрэтнымі суб’ектамі эканамічнай дзейнасці пяцігадовымі планамі. Першая пяцігодка была праведзена ў 1928-1932 гг.

Пры ажыццяўленні індустрыялізацыі ў БССР галоўная ўвага надавалася развіццю лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай, гарбарнай прамысловасці, што было абумоўлена наяўнасцю мясцовай сыравіны, склаўшыміся кадрамі. Разам з тым прадугледжвалася стварэнне галін прамысловасці, заснаваных на прывазной сыравіне, у першую чаргу сельскагаспадарчага машынабудавання і станкабудавання, а таксама развіццё паліўна-энергетычнай базы. У той жа час індустрыялізацыя ў БССР некалькі стрымлівалася дырэктывай урада СССР аб забароне будаўніцтва ў заходніх памежных раёнах буйных прамысловых прадпрыемстваў.

Правядзенне індустрыялізацыі ў БССР у 1930-я гг. прынесла наступныя вынікі:

1) На працягу 1929-1940 гг. былі пабудаваны і рэканструяваны 1863 прамысловыя прадпрыемствы, якія выпускалі 90% усёй прадукцыі ў БССР. Сярод найбольш буйных прадпрыемстваў, пабудаваных у гэты час, можна адзначыць такія як швейная фабрыка “Сцяг індустрыялізацыі” і панчошна-трыкатажная фабрыка “КІМ” у Віцебску, Магілёўская фабрыка штучнага валакна, Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, Гомсельмаш, Аршанскі ільнокамбінат і інш. шэраг цеплавых і гідраэлектрастанцый.

2) Новая індустрыя вызначыла спецыялізацыю прамысловасці БССР у агульнасаюзным падзеле працы: у 1940 г. у БССР выраблялася 34% усёй фанеры ў СССР, 27% – запалак, 17% – панчошна-трыкатажных вырабаў, 10% – торфу, 10% – металарэзных станкоў.

3) У структуры прамысловасці сталі пераважаць буйныя прадпрыемствы, на якіх у 1940 г. выраблялася 57,3% прадукцыі, было занята больш паловы прамысловых рабочых. Амаль усе дробныя прыватныя прадпрыемствы зачыніліся ў выніку непасільных падаткаў і адміністрацыйнага ціску.

4) Аб’ём валавай прадукцыі прамысловасці перавысіў аб’ём валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі.

5) Паскарэнне працэсу урбанізацыі – перасялення насельніцтва з вёскі ў горад. Калі ў 1913 г. гарадское насельніцтва склала 14%, то ў 1940 г. – 21%. Такія гарады як Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель пераўтварыліся ў буйныя індустрыяльныя цэнтры.

У ходзе правядзення індустрыялізацыі была сфарміравана камандна-адміністрацыйная сістэма кіравання эканомікай, якая ў розных гістарычных даследаваннях атрымала розныя назвы (дзяржаўны капіталізм, дзяржаўны сацыялізм, політарызм). Асноўнымі рысамі дадзенай сістэмы з’яўляюцца:

- манапольная дзяржаўная ўласнасць на сродкі вытворчасці і вынікі працы;

- цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі;

- дырэктыўнае планаванне ўсіх відаў вытворчасці;

- іерархічная вертыкальная структура кіравання эканомікай;

- наяўнасць шматлікага бюракратычнага апарату, які распараджаўся дзяржаўнай уласнасцю і кадрамі;

- шырокае выкарыстанне прымусовых форм працы.

У 1930-я гг. адбыліся істотныя змены ў структуры насельніцтва. Былі амаль цалкам ліквідаваны некаторыя сацыяльныя групы, такія як прыватныя гандляры, рамеснікі і г.д. У якасці новай пануючай сацыяльнай эліты пачынае выступаць дзяржаўная бюракратыя (наменклатура), кадры якой вельмі хутка раслі. Хутка павялічваўся рабочы клас, які на 1940 г. налічваў да 700 тыс. чалавек. У структуры рабочага класа 2/3 складалі былыя сяляне, якія не мелі дастатковай кваліфікацыі. У выніку хуткага прамысловага будаўніцтва амаль цалкам знікла беспрацоўе. Стварэнне буйной прамысловасці абумовіла фарміраванне значнай сацыяльнай групы інжынерна-тэхнічных рабочых. У той жа час большая частка насельніцтва да пачатку 1940-х гг. заставалася працаваць у сельскай гаспадарцы.

Метады правядзення індустрыялізацыі прывялі да пагаршэння матэрыяльнага становішча працоўных. Выкарыстанне “стаханаўскай сістэмы”, фактычнае павелічэнне працоўнага дня, а таксама рост цэн і інфляцыя, садзейнічалі паніжэнню рэальнай заработнай платы прамысловых рабочых. У 1928-1935 гг. дзейнічала картачная сістэма на асноўныя тавары спажывання. Хуткая урбанізацыя абумовіла вострую жыллёвую праблему.

Дадзеныя з’явы абумовілі рост рабочага руху на пачатку 1930-х гг., які выяўляўся ў забастоўках на шэрагу прамысловых прадпрыемстваў БССР. Аднак станаўленне таталітарнага рэжыму ў 1930-я гг. зрабіла практычна немагчымым выказванне незадаволенасці з боку насельніцтва. Бюракратычная сістэма кіравання прадугледжвала рэпрэсіўныя санкцыі ў дачыненні кіраўнікоў прадпрыемстваў, інжынерна-тэхнічнага персаналу і рабочых за невыкананне планаў, фабрыкаванне карнымі органамі “спраў” т.зв. “шкоднікаў” і “ворагаў народа”. Так, атрымалі шырокае распаўсюджанне судовыя працэсы над “шкоднікамі”, яны былі “знойдзены” ў Віцебскім чыгуначным дэпо, на фабрыцы “Сцяг індустрыялізацыі”, Гомельскім вагонарамонтным заводзе.

Да пачатку 1940-х гг. стала больш жорсткім працоўнае заканадаўства. У 1940 г. быў уведзены сямідзённы працоўны тыдзень. Адначасова забаранялася самавольна пакідаць прадпрыемствы і ўстановы; устанаўлівалася крымінальная адказнасць за спазненні на працу і парушэнні працоўнай дысцыпліны.

Такім чынам, на працягу 1930-х гг. у БССР адбывалася правядзенне паскоранай індустрыялізацыі, як і ў цэлым у СССР. У выніку яе БССР ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку; значна ўзрос аб’ём вытворчасці ў буйной прамысловасці. Была сфарміравана камандна-адміністрацыйная сістэма кіравання эканомікай. Разам з тым большая частка насельніцтва заставалася працаваць у сельскай гаспадарцы. Узровень развіцця прамысловай вытворчасці заставаўся значна ніжэйшым, чым у большасці еўрапейскіх краін. Захоўвалася адставанне ў эканамічным развіцці БССР ад прамыслова развітых рэгіёнаў СССР.
19.2. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР.

Правядзенне паскоранай індустрыялізацыі з боку дзяржавы ажыццяўлялася пераважна за кошт рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі на знешніх рынках. У перыяд нэпа органы дзяржаўнай улады арганізоўвалі масавыя закупкі збожжа ў сялянства. Аднак дадзеныя закупкі ажыццяўляліся нярэдка з вялікімі цяжкасцямі, прычынамі якіх з’яўляліся беднасць большасці сялянскіх гаспадарак і заніжаныя закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Напрыканцы 1920-х гг., калі адбывалася згортванне нэпа, было прынята рашэнне аб правядзенні калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Сутнасць яе заключалася ў ліквідацыі дробных індывідуальных сялянскіх гаспадарак і ўключэнні іх у склад буйных адзяржаўленых калектыўных і дзяржаўных гаспадарак – калгасаў. Стварэнне такіх гаспадарак адпавядала спецыфіцы камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання эканомікай, якая сцвярджалася ў гэты час і дазваляла ўладам манапольна кантраляваць працэс вытворчасці і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі.

Непасрэднай перадумовай усеагульнай калектывізацыі стаў хлебанарыхтоўчы крызіс 1927-1928 гг., у выніку якога рэзка знізіўся экспарт збожжа. Рэакцыяй на крызіс з боку ўладаў стала правядзенне надзвычайных мер: гвалтоўная канфіскацыя збожжа ў сялян, крымінальныя пераследаванні ў адносінах да ўкрывальнікаў збожжа.

Пачатак усеагульнай калектывізацыі быў распачаты зімой 1929/30 г. Асобныя сялянскія гаспадаркі пры іх уключэнні ў калгасы ліквідаваліся; зямля, рабочая жывёла і асноўныя прылады працы пераходзілі ва ўласнасць калгасаў. Фармальна гэта выглядала як аб’яднанне індывідуальных гаспадарак у калектыўныя, фактычна – як дзяржаўная канфіскацыя маёмасці індывідуальных гаспадарак і пераўтварэнне сялян у пазбаўленых уласнасці сельскагаспадарчых рабочых буйных гаспадарак.

Сяляне, якія адмаўляліся ўваходзіць у калгасы, абкладаліся надзвычай высокімі падаткамі; для іх ствараліся неспрыяльныя ўмовы гаспадарання, што прыводзіла да разарэння. Дадзены фактар, а таксама адміністрацыйны націск, небяспека рэпрэсій вымушалі сялян да ўваходжання ў калгасы. Паралельна праводзілася т.зв. раскулачванне – прымусовая канфіскацыя маёмасці сялян, якіх улады адносілі да ліку заможных і называлі “кулакамі”. На практыцы да “кулакоў” залічвалі таксама тых сялян, якія супраціўляліся ўступленню ў калгасы. Сем’і раскулачаных сялян вывозілі ў паўночныя раёны Расіі, на Урал, у Казахстан, або пасялялі на спецыяльна выдзеленых тэрыторыях пад адміністрацыйным наглядам у якасці спецпасяленцаў. Частка раскулачаных сялян, перш за ўсё актыўныя праціўнікі калектывізацыі, былі зняволены і накіраваны ў лагеры ГУЛАГ або расстраляны.

Пераважная большасць сялянства адмоўна ставілася да масавай калектывізацыі, што прыводзіла да развіцця сялянскага руху. За зіму 1929-1930 г. адбылося 520 узброеных выступленняў сялян, якія былі падаўлены ўладамі. У той жа час частка бяднейшага сялянства падтрымлівала калектывізацыю пад уплывам агітацыі бальшавікоў і спадзяванняў на атрыманне долі падчас падзелу маёмасці “кулакоў”.

Усеагульная калектывізацыя прынесла наступныя вынікі:

- да 1939 г. было створана звыш 10 тыс. калгасаў, у якія было ўключана звыш 90% сялянскіх гаспадарак; у карыстанні калгасаў знаходзілася каля 96% пасяўных плошчаў;

- на працягу 1930-х гг. было раскулачана каля 10-15% сялянскіх гаспадарак; каля 600-700 тыс. чалавек былі вывезены за межы БССР;

- былі ўведзены абавязковыя пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з боку калгасаў па цэнах, ніжэйшых ў 10-12 разоў за рыначныя, у выніку чаго дзяржава атрымлівала значныя сродкі для паскоранай індустрыялізацыі;

- паскараецца працэс перасялення працоўных з вёскі ў горад; былыя сяляне, якія не жадалі ўваходзіць у калгасы, папаўняюць шэрагі рабочага класа ў прамысловасці;

- некалькі паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі; цэнтрамі канцэнтрацыі новай тэхнікі становяцца дзяржаўныя машынна-трактарныя станцыі (на 1940 г. ва ўсходняй частцы БССР іх налічвалася 236 з трактарным паркам да 9,7 тыс. машын); аднак у цэлым тэхнічны ўзровень сельскай гаспадаркі заставаўся невысокі;

- узровень сельскагаспадарчай вытворчасці ў цэлым заставаўся на ўзроўні да правядзення калектывізацыі, а ў некаторых яе галінах нават назіраецца заняпад (гэта тлумачыцца цяжкім эканамічным становішчам калгасаў, адсутнасцю у калгаснікаў стымулаў да працы).

На працягу 1930-х гг. адбылася уніфікацыя ўнутранай структуры калгасаў. У калгасным карыстанні захоўваліся большая частка калектывізаванай зямельнай плошчы, працоўнай жывёлы, асноўныя прылады працы. У карыстанні індывідуальных гаспадарак калгаснікаў заставаліся сядзібы з невялікімі зямельнымі надзеламі, частка жывёлы, некаторыя прылады працы. Кіраўніцтва калгасаў прызначалася партыйнымі і дзяржаўнымі органамі ўлады і пільна кантралявалася з іх боку. Умовы працы калгаснікаў былі цяжкімі. Аплата працы была нізкай (у сярэднім у 3 разы ніжэй, чым у прамысловасці), у многіх калгасах яна мела натуральны або паўнатуральны характар; адсутнічалі абмежаванні працоўнага дня, аплочваемыя водпускі, сацыяльнае страхаванне, пенсіі для састарэлых. Асноўнай крыніцай для існавання калгаснага насельніцтва з’яўляліся прысядзібныя гаспадаркі, хаця іх прадукцыя таксама ўключалася ў планы абавязковых дзяржаўных паставак. У выніку дзяржаўных рэквізіцый сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1932-1933 гг. у многіх рэгіёнах СССР, асабліва ва Ўкраіне, узнік голад, які закрануў таксама некаторыя паўднёвыя раёны БССР. З мэтай недапушчэння крадзяжоў дзяржаўнай і калгаснай маёмасці партыйна-дзяржаўныя ўлады ў 1932 г. прынялі пастанову, вядомую як “закон пяці каласкоў”. Яна прадугледжвала крымінальную адказнасць за крадзяжы ў любых памерах у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін не ніжэй 10 гадоў або нават расстрэл. У БССР толькі ў 1933-1934 гг. паводле гэтай пастановы было асуджана каля 10 тыс. чалавек.

Цяжкія ўмовы жыцця і працы ў калгасах вымушалі калгаснікаў накіроўвацца на працу ў прамысловасць, на будаўнічыя работы, лесараспрацоўкі. У той жа час улады імкнуліся не дапусціць бескантрольнага перамяшчэння рабочай сілы з вёскі ў гарады. З гэтай мэтай сялянам не выдаваліся пашпарты, што фактычна азначала пазбаўленне іх грамадзянскіх правоў. Выхад з калгасаў былі магчымы толькі паводле спецыяльнага дазволу адпаведных улад.

Такім чынам, у выніку усеагульнай калектывізацыі 1930-х гг, якая ажыцяўлялася прымысовымі метадамі, была ліквідавана маса дробных сялянскіх гаспадарак, на месцы якіх сфарміраваліся буйныя адзяржаўленыя аграрныя гаспадаркі. Сельская гаспадарка была ўключана ў камандна-адміністрацыйную сістэму кіравання эканомікай; яе рэсурсы выкарыстоўваліся пераважна для ажыццяўлення індустрыялізацыі.
19.3. Усталяванне таталітарнага палітычнага рэжыму ў БССР.

Аднапартыйная сістэма ў БССР усталявалася пасля разгрому асноўных небальшавіцкіх сіл на пачатку 1920-х гг. У 1923 г. савецкія улады абвесцілі амністыю дзеячам антысавецкіх рухаў і арганізацый, многія з якіх занялі пачэсныя пасады ў сферы навукі і культуры БССР.

Аднак у 1930-я гг. адбылася эвалюцыя аўтарытарнага палітычнага рэжыму ў СССР і БССР да таталітарнага. Адметнай рысай таталітарызму з’яўляецца жорсткі дзяржаўны кантроль над усімі сферамі жыцця грамадства. У СССР таталітарны рэжым атрымаў у гістарычнай і палітычнай літаратуры назву сталінізму, паколькі фарміраванне рэжыму суправаджалася ўстанаўленнем асабістай дыктатуры і культу асобы І. Сталіна.

Фармальна ў СССР і БССР дэклараваліся дэмакратычныя прынцыпы грамадска-палітычнага жыцця. У 1936 г. была прынята новая Канстытуцыя СССР, а ў 1937 г. у адпаведнасці з ёй новая Канстытуцыя БССР. Згодна з ёй, вышэйшым органам дзяржаўнай улады абвяшчаўся Вярхоўны Савет БССР, які выбіраўся на 4 гады. Ён фарміраваў урад – СНК БССР. Усе вышэйшыя і мясцовыя органы ўлады ствараліся на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Былі адменены выбарчыя абмежаванні для пэўных катэгорый насельніцтва. У канстытуцыі дэклараваліся шматлікія грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды, якія не выконваліся ў рэальным жыцці.

У 1930-я гг. была праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, згодна з якой замест акруг у БССР ствараліся вобласці, што адлюстравала тэндэнцыю да ўніфікацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў межах СССР.

Характэрнымі з’явамі, якія адлюстроўвалі фарміраванне таталітарызму ў грамадска-палітычнай сістэме БССР, як і ў цэлым у СССР, з’яўляюцца:

1) Зрошчванне партыйнага і дзяржаўнага апарату кіравання. На ўсіх узроўнях цэнтральнага і мясцовага кіравання дзейнасць дзяржаўнай адміністрацыі рэгулявалася і кантралявалася камітэтамі бальшавіцкай партыі. Фарміраванне Саветаў і іх выканаўчых камітэтаў адбывалася на аснове безальтэрнатыўных выбараў; кандыдаты загадзя вызначаліся адпаведнымі партыйна-дзяржаўнымі органамі ўлады.

2) Пераўтварэнне ВКП(б)-КП(б)Б з палітычнай партыі ў масавую структуру, для кіраўніцтва якой стваралася вялікая бюракратычная іерархія, падначаленная непасрэдна І.Сталіну. У дадзеных умовах прыналежнасць да партыі з’яўлялася абавязковым атрыбутам дзяржаўнай кар’еры і крыніцай атрымання сацыяльных прывілеяў. З мэтай умацавання партыйнага адзінства перыядычна праводзіліся “чысткі” шэрагаў партыі. Выключаліся “старыя” бальшавікі і былыя дзеячы іншых рэвалюцыйных арганізацый, якія маглі стварыць ідэйную апазіцыю ўладзе, а моладзь, якая прыходзіла на іх месца, была асабіста ўдзячная за сваю кар’еру, пазбаўленая палітычнай волі і сувязяў. Самая вялікая хваля чыстак КП(б)Б адбылася ў 1933 – 1937 гг., калі колькасць камуністаў у БССР скарацілася з 65 тыс. да 24,5 тыс., але ўжо ў 1941 г. у шэрагах КП(б)Б знаходзілася звыш 72 тыс. чалавек.

3) Фарміраванне і развіццё масавых дзяржаўных грамадскіх арганізацый, якія ахоплівалі практычна ўсё насельніцтва: прафсаюзы, камсамол, абаронныя таварыствы і г.д. Іх дзейнасць строга кантралявалася і рэгламентавалася з боку партыйна-дзяржаўных органаў улады; структура будавалася на ўзор ВКП(б)-КП(б)Б. Галоўнай задачай гэтых арганізацый было забеспячэнне кантролю над рознымі сацыяльнымі групамі насельніцтва (ідэалагічная апрацоўка, стварэнне атмасферы ўсеагульнай падазронасці).

4) Згортванне палітыкі беларусізацыі. Адлюстраваннем гэтага стала правядзенне працэсу па сфабрыкаванай справе “Саюзу вызвалення Беларусі” (1930-1931), у ходзе якога былі асуджаны вядучыя дзеячы беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі (В. Ластоўскі, С. Некрашэвіч, Я. Лёсік і інш.), абвінавачаныя ў імкненні да звяржэння савецкага ладу. Далейшым вынікам сталі рэпрэсіі 1930-х гг., накіраваныя супраць беларускай інтэлігенцыі і часткі партыйна-дзяржаўных дзеячаў, якія праводзілі палітыку беларусізацыі, пад лозунгам барацьбы з т.зв. “нацыянал-дэмакратызмам”. У 1933 г. была праведзена рэформа правапісу беларускай мовы, якая наблізіла яе нормы да рускай мовы. Пануючы статус беларускай мовы ў афіцыйным справовдстве, друку, сферы адукацыі ў 1930-я гг. яшчэ захоўваўся, аднак, пераважнай становіцца тэндэнцыя павольнай русіфікацыі адміністрацыйнай і адукацыйнай сістэмы.

5) Культ асобы І. Сталіна, звязаны з гіпербалічным ухваленнем яго дзейнасці ў афіцыйнай прапагандзе і недапушчэнні крытыкі ў яго адрас.

6) Масавыя рэпрэсіі ў адносінах прадстаўнікоў розных сацыяльных груп насельніцтва, уключаючы прадстаўнікоў партыйна-дзяржаўнага апарату, западозраных у нелаяльнасці да існуючага рэжыму. Ажыццяўленне рэпрэсій ускладалася на спецыяльныя карныя органы, назва якіх некалькі разоў змянялася: ЧК, ОГПУ, НКВД. Ахвярамі рэпрэсій станавіліся ў першую чаргу прадстаўнікі былых пануючых сацыяльных груп (дваранства, буржуазіі), сяляне, якія супраціўляліся ўваходжанню з калгасы, інжынерна-тэхнічныя кадры, інтэлігенцыя, духавенства розных канфесій. Пасля 1934 г. следства па палітычных справах спрашчалася і перадавалася нарадам з 3-5 асоб мясцовых кіраўнікоў партыі і НКВД. “Тройкі” без прысутнасці абвінавачаных завочна выносілі прысуды, уключаючы смяротныя. Найбольш масавы характар рэпрэсіі набылі ў 1937-1938 гг. У гэтыя гады былі рэпрэсіраваны большасць кіраўнікоў партыйна-дзяржаўнага апарату БССР, шматлікія кіраўнікі гаспадарчых і грамадскіх арганізацый, вышэйшыя ваенныя кадры, вядомыя навукоўцы і дзеячы культуры. Для абгрунтавання рэпрэсій НКВД праводзілася фабрыкаванне спраў розных “шпіёнска-дыверсійных”, “тэрарыстычных”, “шкодніцкіх” арганізацый, якія нібыта імкнуліся да звяржэння існуючага ладу і супрацоўнічалі з разведкамі замежных дзяржаў. Сярод іх справы “Саюза вызвалення Беларусі”, “Працоўнай сялянскай партыі”, беларускага філіяла “Прампартыі”, беларускага філіяла “Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)”, “Аб’яднанага антысавецкага падполля”, “Беларускай аўтакефальнай царквы”, “Беларускага нацыянальнага цэнтра” і інш. Усяго ахвярамі сталінскіх рэпрэсій у 1920-1950-я гг. стала каля 600 тыс. чалавек. Большасць рэпрэсіраваных накіроўваліся ў лагеры ГУЛАГ; значная частка была пакарана смерцю: толькі на працягу другой паловы 1930-х гг. было расстраляна каля 30 тыс. чалавек.

Галоўнымі мэтамі палітычных рэпрэсій з’яўляліся папярэджанне і знішчэнне магчымага супраціўлення таталітарнаму рэжыму, забеспячэнне таннай паднявольнай працоўнай сілай буйных будоўляў індустрыялізацыі.

Такім чынам, на працягу 1930-х гг. на тэрыторыі БССР сфарміраваўся сталінісцкі таталітарны рэжым. Стварэнне строга цэнтралізаванай іерархічнай партыйна-дзяржаўнай сістэмы ўлады, а таксама масавыя рэпрэсіі абумовілі стабільнасць дадзенага рэжыму і немагчымасць існавання істотнага антыўрадавага руху.



Достарыңызбен бөлісу:
1   ...   20   21   22   23   24   25   26   27   ...   35




©dereksiz.org 2024
әкімшілігінің қараңыз

    Басты бет