з «галубянятамі». За дзвюма фурманкамі з рэквізітам і касцюмамі ў мястэчка ўвайшлі маладыя і прыгожыя артысткі і артысты. Іх воплескамі і прывітальнымі крыкамі сустракалі людзі на вуліцы.
Тыдзень у нардоме ішлі спектаклі «Пан Сурынта», «Ганка», «Суд», «Плытагоны». Тыдзень у мястэчку было свята. Маладыя і старыя набіваліся ў нардом, што і дзвярэй не зачыніць, тырчалі ў расчыненых вокнах. Іх сцягвалі: «Паглядзеў, і хопіць, дай мне зірнуць. Днём Галубок маляваў заднікі і дэкарацыі, мы для спектакля прыносілі ссечаныя бярозкі, елачкі і кусты, аер і свежую траву. За гэта нас без грошай пускалі на спектаклі. За маладымі і прыгожымі артысткамі і артыстамі хадзілі натоўпы іх прыхільнікаў, зайздросцілі тым, у каго яны кватаравалі.
Ад нас артысты падаліся ў суседнія вёскі. Іх далёка за мястэчка праводзілі мясцовыя тэатралы. Скрозь Галубок шукаў таленты для сваёй трупы. I ад нас забраў лепшага артыста Валодзю Караткевіча. Не, не таго, што думаеце. Уладзіміра Сямёнавіча тады яшчэ і на свеце не было. Сям'я настаўніка-рэвалюцыянера Піліпа Караткевіча пасля яго смерці з Любоніч пад Бабруйскам прыехала ў Глуск, на бацькаву радзіму. Старэйшы хлопец — Валодзя стаў нястомным арганізатарам усіх спектакляў, канцэртаў, карнавалаў, піянерскіх атрадаў, маёвак і паходаў, любімцам усіх местачкоўцаў. На сцэне ён быў і трагікам і комікам, любоўнікам і прастаком, лепш за яго ніхто не дэкламаваў смешныя і сур'ёзныя вершы, не спяваў куплеты, частушкі і рэвалюцыйныя цесні. Сябраваць з Валодзем імкнуліся ўсе і ганарыліся яго прыхільнасцю.
I раптам страцілі свайго лепшага пастаноўшчыка, артыста і спевака, нястомнага прыдумшчыка вясёлых відовішчаў. I зайзросцілі яму: прызнанне Галубка было вышэйшаю ацэнкаю здольнасцей артыста. Надоўга ў тэатры Валодзя не затрымаўся, але ўсё жыццё прысвяціў клубнай рабоце і тэатральнай самадзейнасці, дайшоў да пасады начальніка гарнізоннага дома культуры ў Маскве.
Пасля яго ад'езду з Галубком пабляк наш «тэатральны Глуск».
Я, цыбаты пераростак закончыў школу. Ехаць вучыцца далей не выпадала: бацька быў сакратаром сельсавета з акладам 28 рублёў на месяц, маці хадзіла на калгасную работу, а дома да ночы таўклася з рэшткамі неабагуленай гаспадаркі — парсюком, курамі і качкамі. I выправіўся я ў Бабруйск шукаць работы і шчасця. Праз біржу працы выхадзіў сабе месца падвозчыка піламатэрыялу ў беладрэўньім цэху лесакамбіната; Туляўся па чужых кутках і запеччах, пасябраваў з бабруйскімі паэтамі, час ад часу друкаваў вершыкі ў дадатку да «Камуніста» — «Вясне», нават стаў членам БелАППа, марыў і спадзяваўся на шчаслівы літаратурны лёс. Дапяў павышэння на рабоце — даверылі фугавальны станок. Працаваў, пакуль не адфугаваў сабе палец, перайшоў на рамонт бракоўных дэталяў, а ўвосень 1931 года захварэў на брушны тыфус. Уратавалі мяне дзве клапатлівыя дакторкі — Ступнікава і Майзус, літаральна выцягнулі з таго свету. Іх, напэўна даўно ўжо няма на свеце, але жывуць у маёй удзячнай памяці і сэрцы. Бываючы ў Бабруйску, я часам хаджу на Кастрычніцкую вуліцу, дзе некалі стаяў тыфозны барак, і з пропускам «Ганаровага рабочага» наведваю свой колішні беладрэўны цэх.
Акрыялы пасля тыфусу, я развітаўся з Бабруйскам і мілым мястэчкам, паверыў у сваю шчаслівую зорку, а выпала столькі пакут, столькі гора, болю, зняваг, што хопіць на тры жыцці.
У Глуску засталася толькі матчына магіла, абмялелая і перасохлая Пціч, заараны выган. Але я кожны год еду туды на сустрэчу са сваім маленствам і юнацтвам, я ўдзячны той зямлі, што ўзгадавала мяне, людзям, што навучылі цярпенню, трываласці, сумленню і сораму. Без сумлення, спагады і сораму няма чалавека. Без душы і маралі існуе біялагічная істота, здатная на любое злачынства. У мястэчку і ў вёсцы характарыстыка «совесны чалавек» была найвышэйшаю атэстацыяй на ўсё жыццё. Яна пераходзіла з пакалення ў пакаленне— ад дзядоў да ўнукаў і праўнукаў.
Мястэчка з пракаветнымі маральнымі асновамі, няпісанымі законамі і традыцыямі, з майстрамі, умельцамі, нястомнымі працаўнікамі жыло сваім лакалізаваным жыццём. Цяпер там жывуць новыя людзі, змяніліся ўсе насельнікі, шмат пераехала з вёсак і ўкаранілася тут, не засталося ніводнага майго равесніка. Хаджу, прыглядаюся.-— нікога не ведаю, ніхто не ведае мяне. Сапраўды, «в родном краю я, словно иностранец». Толькі на могілках — скрозь знаёмыя прозвішчы і пастарэлыя абліччы маіх сучаснікаў.
Пасля раскулачвання апусцела рыначная плошча. На яе месцы разросся парк. Успамінаю, як мы некалі ўсёю школаю прыносілі сюды з лесу тоненькія ліпкі, ясені, клёнікі і бярозкі. Яны ўкараніліся, разрасліся, многія ўжо састарэлі і струхлявелі. Я заўсёды хаджу на сустрэчу з імі, як да колішніх знаёмых і сведкаў майго юнацтва, доўга стаю, думаю і ўспамінаю сяброў і сябровак: адных даўно няма на свеце, іншых жыццё раскідала па зямлі.
На месцы Уваскрасенскай царквы адразу пасля вайны збудавалі «храм» новай ідэалогіі і маралі — райком КПБ. Цяпер ён пустуе,-залеплены паперкамі з пячаткамі кабінеты, сейфы і архівы. Што тут будзе, пакуль што ніхто не ведае. Чакаюць указанняў.
Пытаюся ў старога чалавека, дзеля чаго раскапалі старасвецкае ўмацаванне — высокі земляны вал з лабірынтамі падземных ходаў, абліцаваных найпрыгажэйшаю керамічнаю пліткаю. Той памаўчаў, паглядзеў на мяне. «Хіба сам не ведаеш? Дураломы ўмеюць толькі ламаць і крышыць. Не было чаго рабіць, а дзейнічаць павінны, вось і спляжылі ўсё падчыстую».
Больш за тры стагоддзі прастаяў магутны, як звон, белы высачэзны касцёл. За 13 кіламетраў ён быў відзён і, як маяк, паказваў дарогу на Глуск. У гэтым касцёле 27 ліпеня 1840 года ксёндз Пётра Кантановіч ахрысціў аднаго з пачынальнікаў беларускай дэмакратычнай літаратуры, «наречённого двумя именами Ольгерд Яков, сына благородных Рихарда и Каролины, урожденной Эстко, Обуховичев, родившегося во дворе Колатичах 25 (го) числа текущего месяца и года» (з метрычнага выпісу аб нараджэнні). Так, Альгерд Абуховіч маленства і многія сталыя гады правёў каля Глуска ў родных Калацічах. Цяпер гэтае сяло разбудавалася на базе раённай сельгастэхнікі і амаль злучылася з Глускам, а вось касцёла, дзе хрысцілі Альгерда Абуховіча-Бандынэлі, і знаку не засталося. На яго месцы стаяць пахілыя слупы футбольных варот і прымітыўныя спартыўныя пляцоўкі.
Гадоў пятнаццаць таму, пад'язджаючы да Глуска, цяжка было разгледзець, што гэта за паселішча: праз вецце садоў і прысадаў праглядалі шэрыя стрэхі і замшэлыя дахі. Цяпер здалёк відны белыя, блакітныя, жоўтыя і ружовыя пяціпавярховыя дамы, на шчасце, не ўсе аднатыповай архітэктуры. На колішніх «маргах» вырас новы мікрараён, дасціпна названы навасельцамі «на сямі вятрах». Побач з ім пабудавалі прасторную школу з будучым спартыўным комплексам і плавальным басейнам.
Сонечнымі днямі мінулага верасня я любаваўся цёмна-зялёнымі дубамі, асветленымі свечачкамі жоўтых бярозак і чырванню рабін, глядзеў і радаваўся, як за апошнія два-тры гады пахарашэў, адбудаваўся і будуецца мой Глуск. Тут не адчуваецца «перабудовачнай» разгубленасці, апатыі, абыякавасці, безнадзейнасці, якія апошнім часам паралізавалі многія гарады і паселішчы. Нават у стольнай Маскве і слаўным Санкт-Пецярбурзе ды і ў нашай сталіцы ўсё часцей і часцей кідаюцца ў вочы сляды развалу і запусцення. Глуск, наадварот,— у стане эйфарыі ўздыму, руху, намаганняў, клопатаў пра наступнае. Даўней у Глуску было толькі дзве сяк-так забрукаваныя вуліцы. У гэты прыезд усцешыла і ўзрадавала, што ў мястэчку не засталося незаасфальтаванай ніводнай вуліцы, ніводнай, як некалі казалі, «свіное вулачкі». Асфальт выйшаў за межы мястэчка, ім пакрыліся некалі гразкія вуліцы блізкіх вёсак Падзамша, Хвастовічаў, Калаціч, заасфальтаваны дарогі на Рудабелку, на Любань, на Капаткевічы.
Амаль у кожным двары нешта будуюць, перасыпаюць, ашалёўваюць, абкладаюць цэглаю, перакрываюць дахі шыферам і бляхаю, ставяць гаражы. У мястэчку развялося столькі машын, што на асноўных вуліцах мільгаюць светлафоры і ходзяць рэгуліроўшчыкі. Па ўсім відаць, што людзі не апусцілі рукі, ні на кога не спадзяюцца, а рупна дбаюць пра лепшы наступны дзень, пра будучыню сваіх нашчадкаў. I моладзі шмат у мястэчку. У выхадныя дні вуліцы былі амаль пустыя. Усе на бульбе, выбіралі буракі і моркву, ссякалі кіяшнік і капусту. Усе некуды спяшаюцца, нешта вязуць, згружаюць дошкі і цэглу, абразныя брусы і шлакаблокі, усе занятыя і заклапочаныя. У гэты прыезд амаль не сустракаў п'яных і пустадомкаў, празваных тут «шаткомаўцамі». У мястэчку дзейнічае водаправод, каналізацыя, далей і далей цягнуць цеплатрасу. Некалі нас настаунік фізікі вадзіў на пошту і паказваў адзіны тэлефон. Цяпер я гартаў у гасцініцы даволі ладны даведнік службовых і кватэрных тэлефонаў Глуска.
Сытна жывуць мае землякі. У магазінах заўсёды ёсць, хоць і не надта таннае, мяса, масла без талонаў бяры, колькі трэба, поўна чорнага і белага хлеба, шмат вельмі смачнага печыва, добрыя, з густам аформленыя сталовая і рэстаран. Трошкі зрабілася не па сабе, што па малако выстройваецца ладная чарга. Некалі ў кожным двары была карова, а то і дзве. Патомныя пастухі Вінцусь і Тодар ганялі на пашу вялізныя чароды. Цяпер не ўбачыў ніводнай кароўкі, на світанні не пачуў ніводнага пеўня. Мястэчка імкліва расце і набліжаецца да статуса горада. Зусім нядаўна ў цэнтры хораша адбудаваны чатырохпавярховы дом з балконамі, нават на першым паверсе для ахвяраў афганскай трагедыі.
Збудавалі ў Глуску вялікі і зручны кінатэатр. Відаць, нейкі наезджы занадта адукаваны ідэолаг назваў яго «ОРИОН». А што гэта значыць, у каго ні пытаўся, ніхто не ведае. I я не ўстанавіў, ці то ў гонар міфалагічнага волата-паляўнічага, забітага стралою Артэміды, ці ў гонар экватарыяльнага сузор'я назвалі глускі кінатэатр. Некаму вельмі карцела ахрысціць гэтую «кропку культуры», каб нават назва не нагадвала нічога свайго, роднага. Шкада толькі, што адзіны клуб амаль бяздзейнічае ў старой, недагледжанай і халоднай будыніне.
Хаджу па мястэчку і нічога не пазнаю, нібыта трапіў у нейкі чужы гарадок. На рагу былой Хлебапахарскай вуліцы дабудоўваецца вялікі казенны дом. Пытаюся, што тут будзе. Кантора райспажыўсаюза. Напэўна, і яна патрэбна. Заходжу ў магазін «Сельхозпродукты». У нейкіх пасудзінах, падобных на ванны, поўна буйных сліў-венгерак. Але яны не сінія, а белыя ад плесні. Пытаюся, чаму іх так згнаілі. «А ў нас няма халадзільнікаў і складаў з адпаведнай тэмпературай»,— адказала маладая абыякавая прадаўшчыца. А на кантору ёсць і сродкі і матэрыял.
Чацвёра сутак хадзіў і шукаў прыкметы мястэчка майго маленства і юнацтва. Ускраінныя вулачкі засталіся яшчэ некранутымі: дажываюць свой век паточаныя шашалем, з парэпанымі ўчарнелымі сценамі хаціны па вокны ўрослыя ў зямлю, нават мох пасівеў на дахах. Я гляджу на іх, як на даўніх знаёмых, кіўком галавы вітаю іх, успамінаю, хто тут жыў, часам, згінаючыся, заходжу ўсярэдзіну. Сям-там дажываюць век мае нямоглыя сучаснікі, у некаторых нашчадкі чакаюць уходзін у новыя мураванкі або дабудоўваюць побач прасторныя дамы.
Парадавала чыстая, хоць і абмялелая Пціч. Як прававерны індус не абмінае Ганга, так я не ўтрымаўся, каб не акунуцца ў павольную плынь і не ўспомніць сваё маленства і юнацтва. Хвалюе і цешыць мяне аптымізм у наш даволі змрочны час, заўзятая працавітасць маіх новых, амаль не знаёмых землякоў. Старое, архаічнае мястэчка знікае імкліва і бясследна, жыве новы, сучасны Глуск, варты статуса горада.
Супярэчлівыя пачуцці хвалююць і радуюць мяне. Мабыць, таму так марудна і доўга пісаліся гэтыя старонкі. Мне цяжка было развітацца з далёкім палескім гняздом маіх продкаў і прыняць у сэрца новы, сучасны Глуск. Гэта адначасова — элегія і мажорная песня, у якой
Смыліць, як на сэрцы насечка,
Кожны шчымлівы радок:
Мястэчка, мястэчка, мястэчка —
Навек дарагі гарадок.
1989—1991 гг.
Post Skriptum
Паважаны мой чытач!
Задумваліся, выношваліся і пісаліся, рыхтаваліся да друку гэтыя старонкі да Жнівеньскай рэвалюцыі.
Калі б не перамагла дэмакратыя і праўда, вы гэтую элегію не прачыталі б ніколі. Паўтарыліся б тыя жахі, пра якія я толькі ледзь-ледзь прыгадаў, а нас, напэўна, зноў бы «заручылі» з няволяю новенькія наручнікі.
Дык усе сумленныя — з'яднаемся разам, будзем непахісныя, цвёрдыя і пільныя: яшчэ не ўсе небяспекі мінавалі.
*ганэф – злодзей (яўр.)
*шлімазул – недарэка (яўр.)
1 8 «Полымя» № 2
Достарыңызбен бөлісу: |